epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Загародка на ваколіцу

І
ІІ


І

Аглядчык вагонаў Пятро Лосік блукаў вакол млына, спадзяючыся разжыцца кулём вобмешкі: часам прадаюць калгасныя шафёры, калі мелюць субар для жывёлы. Але малола падсобная гаспадарка маслазавода. У гэтых не дакупішся — самі сцягнуць, калі што не так ляжыць. Маслазавод завёў свіную кашару, прадае сала і мяса сваім рабочым.

Млын знаёмы Пятру змалку. Непадалёк ад яго, на пясчаным пагорку была школа, куды ён бегаў пяць гадоў, пакуль не пабудавалі новую школу ў цэнтры мястэчка.

Здаецца, млын спрадвеку стаіць на гэтым месцы. Раней над ім узвышалася высокая, з чатырма адводамі-дратамі труба. Гучна чахкала паравая машына, і чорная труба выпускала ў неба цёмна-шэрыя клубы дыму. Цяпер млын працуе ад электрычнасці.

У гэтым месцы наогул была засяроджана ці не ўся мясцовая прамысловасць. Адначасна з уздыхамі паравіка чуўся пранізлівы віскат: рэзала дошкі піла-цыркулярка. Была яшчэ парня: з доўгіх, распараных кавалкаў дубу спатнелыя, у адных сарочках дзядзькі гнулі вобад на колы.

На месцы парні, пілы-цыркуляркі цяпер мэблевы камбінат, які вырабляе шкапы, табурэткі, нават абцягнутыя каляровай матэрыяй мяккія канапкі.

Новыя завознікі не пад’язджаюць. Дзень прапаў марна. Лосік рушыў дадому.

Насупраць старой школы размаўляюць, размахваючы рукамі, чацвёра мужчын. Яны знаёмыя, але Пятро толькі кіўнуў галавой, хочучы прайсці міма.

Але не ўдалося не зачапіцца за кампанію — аклікнуў Мікалай Прахарэнка, шафёр «хуткай дапамогі».

У купцы мужчын акрамя Мікалая і Івана Лізюка, дырэктара мэблевага камбіната, двое прыезджых, якія ў мястэчку даўно не жывуць. Чорны, як грак, Міша Галосны, сувязіст з Гомеля, Пятру непрыемны, а з Васілём Бабоўкам, тоўстым, распаўнелым, што яшчэ хлапчуком падаўся ў Ленінград, адносіны ў Пятра заўсёды былі самыя прыязныя.

— Пойдзем вып’ем,— вітаючыся за руку з Пятром, сказаў Мікалай.— У маю хату. Вот хлопцаў сустрэў. Мы ж разам вучыліся. Калі яшчэ пабачымся?

— Мне заўтра на дзяжурства,— стаў адмаўляцца Пятро.

Галосны зарагатаў:

— Дык то заўтра. Да заўтра можна мора гарэлкі выпіць. Ты стрэлачнікам робіш?

«У цябе вып’еш,— падумаў пра Галоснага Пятро.— Снегу леташняга не дапросішся».

Услых сказаў:

— Ад Гомеля да Жыткавіч няма ніводнага стрэлачніка. Дыспетчар адзін усіх замяняе. Сядзіць у кабінеце, націскае на кнопкі. Ты ж па сувязі ў Гомеле служыш. Павінен ведаць...

Шыракаплечы, з ледзь прыкметнай рудаватай шчэццю на белым, зусім не кранутым загарам твары, Васіль Бабоўка, відаць, спалохаўся, што кампанія распадзецца.

— Перастаньце, хлопцы,— Васіль сціснуў Пятрову руку абедзюма сваімі.— Не паспелі сабрацца, а ўжо сварымся. Я пяць гадоў тут быў. Хаджу па вуліцах і плакаць хочацца. За тры дні не сустрэў ніводнай знаёмай мардасіны. Цяпер я вас проста так не выпушчу...

— Пойдзем да мяне,— зноў сказаў Мікалай.— Гарэлка ёсць, і закуску знойдзем. Хіба што мінеральнай вады трэба купіць. Ці ліманаду. Каб запіваць гарэлку.

Пятро падумаў, што да Мікалая варта схадзіць. Некалі яны таварышавалі. А ён з таго часу, як Мікалай аддзяліўся ад бацькі, стаў жыць у другім канцы мястэчка, ніколі парог яго дома не пераступіў. Тым болей што Мікалая напаткала бяда...

— Я прыйду,— сказаў Пятро.— Забягу да жонкі. На пошту. Скажу, каб не пазнілася з работы. Не будзе каму карову пусціць у двор.

— Твая жонка яшчэ робіць? — спытаў Лізюк.

— Да пенсіі год астаўся. Хоча даработаць.

Лосік падаўся на пошту. Увогуле ён не любіць бавіць час з людзьмі, далёкімі ад сябе. Але тут прыйдзецца. Мікалай не так сабе заве ў госці.

Пошта, праўдзівей, тэлефонная станцыя, радыёвузел, некаторыя іншыя службы сувязі, размешчаны ў вялікім, падобным на стадолу драўляным доме са шматлікімі прыбудоўкамі. Нішто не паказвае, што менавіта ў такім будынку павінна знаходзіцца тэлефонная станцыя. Раней тут размяшчалася шавецкая арцель.

Жонка Лосіка працуе тэлефаністкай. Раздабрэлая, мажная, з белымі, нібы пух, валасамі, яна сядзіць на табурэціку ў вузкім, абклееным бляклымі шпалерамі пакоі з адным акном, імкліва выхопліваючы, устаўляючы ў медныя лункі зноў шматлікія шнуры з бліскучымі наканечнікамі. Пятро не ведае, як знаходзіць жонка на чорнай пластмасавай дошцы патрэбныя лункі, як адрознівае адзін ад другога патрабавальныя галасы, што нібы чмялі звіняць у тэлефоннай трубцы, як наогул трывае ў гэтым бясконцым тлуме. Ён шкадуе жонку, стараецца перакласці пабольш дамашняй работы на сябе.

— Не баўся,— сказала жонка, выбраўшы хвілінку ў сваёй няспыннай прамове з кліентамі.— Не пі многа. Табе заўтра на дзяжурства.

Непадалёк ад пошты сядзіба Івана Лізюка. Вуліца тут наўсцяж пясчаная, затое заўсёды сухая. Лізюк адбудаваў дом з размахам — цэлая хароміна. Вокны шырачэзныя, зашклёная веранда, мезанін. У такім доме, відаць, пакояў восем. Нездарма Лізюк дырэктар мэблевага камбіната.

Але, з другога боку, чалавек Лізюк не благі. Нос не дзярэ. Калі ў Пятра памерла маці і трэба было вырабіць дубовы крыж, ён пайшоў на камбінат. Лізюк адразу загадаў выпісаць нарад, і да поўдня крыж быў гатовы.

Мінуўшы Лізюкоў дом, правальваючыся туфлямі ў сыпучы пясок, Лосік нос у нос сутыкаецца з Лявонам Бяганскім. Чарнатвары, неахайна апрануты Лявон трохі прыдуркаваты, і меней за ўсё Пятро хацеў бы з ім цяпер запыняцца. Але ад Лявона не адчэпішся. За год ён мяняе два ці тры месца работы, месяцаў некалькі зусім не працуе, блукаючы ў гэты час па мястэчку і ўступаючы ў размову з кожным, каго ні сустрэне.

— Куды ідзеш? — пытае Бяганскі.

Пачуўшы адказ, з хвіліну думае.

— Хана твайму Мікалаю! — заяўляе рашуча.— Рак у паследняй стадыі. Метастазы пайшлі па ўсім целе. Яго таму з дыспансера выпісалі. Болей месяца не пражыве...

— Я чуў — ён падлячыўся...

— Пабачыш, што будзе цераз месяц. Я табе точна гавару.

Сказаўшы апошнія словы, Лявон спакойна пабрыў сваёй дарогай.

Пятру ніякавата. У маладыя гады ён сябраваў з Мікалаем. Так здарылася, што пазней іхнія дарогі разышліся, хоць ён і Мікалай ні разу між сабой не пасварыліся. Мікалаеў бацька прыехаў з іншага раёна, рабіў у калгасе, купіў старую, напаўразваленую хатку — яна стаяла на ўзмежку з Пятровым агародам.

Да вайны мястэчка мела небагата садоў. У іхнім канцы вуліцы невялікі садок — тры яблыні-пепінкі, груша, некалькі слівін — быў толькі ў Пятра. Можа, таму ягонай дружбы дамагаліся многія хлопцы з вуліцы. Мікалай таксама стаў прыходзіць да Пятра, як толькі прыехаў у мястэчка. Усіх здзіўляў яго незвычайна высокі рост. Ён так хутка рос, што рукі вылазілі з рукавоў нават у новых сарочках, а штаны здаваліся заўсёды кароткімі, пашытымі нібыта на недаростка.

Мікалай быў ціхмяны, бяскрыўдны. Боек, шумных гульняў не любіў, хадзіў заўсёды з кнігай. Гоніць пасвіць карову, цёлку — і людзей не бачыць, бо нос уваткнуты ў кнігу. З кнігай Мікалай уставаў, клаўся спаць, але вялікіх поспехаў у навуцы не паказваў, вучыўся не лепей за Пятра. Гэтак жа, як ён, на сямігодцы супакоіўся.

У іхнім садку пры самай сцяне суседскай хаты расла высокая, з раскідзістай кронай хвоя. Бацька пасадзіў яе, калі быў малады, і за ягонае жыццё яна такая вымахала. Пятро цяпер разумее бацьку. Ён хварэў на сухоты і, мабыць, лічыў, што хвоя ва ўласным садку будзе спрыяць выздараўленню.

Хвоя як бы перапыніла дружбу з Мікалаем. У сорак другім годзе, у акупацыю, калі Пятру і Мікалаю было па семнаццаць гадоў, іх абодвух запісалі для адпраўкі ў Германію. Гэта было летам, у ліпені месяцы. Мікалай прыйшоў да Пятра, выняў з кішэні загорнуты ў насавую хустачку пакунак.

— Тут мае дакументы,— сказаў.— Давай твае і мае закапаем разам. Пад хвояй. Там сухая зямля. Можа, вернемся ты ці я...

У іх не было яшчэ пашпартоў, іншых важных дакументаў, а толькі пасведчанні аб сканчэнні сямігодкі, членскія кніжачкі Асаавіяхіма, МОПРа.

Яны знайшлі картонную скрыначку, абгарнулі паперы рыззём, лахманамі, закапалі...

Пятро, аднак, не паехаў у Германію. Яго выратавала суседка, немка Гертруда Базылевіч, і гэта асобная гісторыя. Шкада, што гэту гісторыю ён ніколі не расказваў Мікалаю...

У дваццатым годзе прыбрыў у мястэчка невядомы тут чалавек Антон Базылевіч. Не адзін з’явіўся, а з жонкай-немкай, якую знайшоў, калі быў у палоне ў Германіі. Антон быў хваравіты, зеленаваты з твару: у акопах, на фронце, атруціўся газамі, а ўжо потым трапіў у палон.

Немка, як гаварылі, рабіла разам з Антонам парабчанкай у памешчыка. Таму выйшла замуж за палоннага і згадзілася ехаць з ім на яго радзіму — у краіну, дзе адбылася рэвалюцыя.

За мястэчка Базылевіч здолеў зачапіцца. Меў у руках рамяство: умеў стрыгчы і галіць.

Калі Пятро падрос, ён ахвотна запыняўся каля пафарбаванага ў зялёны колер буданчыка цырульні, што стаяла па правы бок пыльнай местачковай плошчы, у блізкім суседстве з разлеглым хлявом пажарнай каманды. Базылевіч быў блізкім суседам, і гэта як бы давала Пятру права таўчыся каля цырульні, назіраючы, як спрытна палясквае бліскучымі ножніцамі апрануты ў белы халат цырульнік, як стрыжэ адну кучматую галаву за другой, скідае на падлогу русявыя, чарнявыя, сівыя патлы чужых валос, затым змятае іх венікам у кут.

Некаторыя кліенты, пастрыгшыся, яшчэ і галіліся. І гэтую работу Базылевіч выконваў з няменшым бляскам: за лічаныя імгненні наводзіў брытву на раменным пасе, хутка і старанна намыльваў кліенту твар, затым ледзь-ледзь прытыкаючыся худымі, тонкімі пальцамі да намыленай шчакі, падбароддзя, імкліва слізгаў па іх брытвай.

Хата Базылевіча стаяла перад загародкай на ваколіцу. Пятру падабалася само месца, і летнім часам ён прыбягаў сюды бадай кожны дзень. Сядзеў на жардзяным плоце, якім праход на ваколіцу быў адгароджаны ад вуліцы, і назіраў, што робіцца на цырульнікавай сядзібе.

Па агародзе з лазовым кошыкам у руках звычайна бегала базылевічава жонка, таўставатая, няскладная з выгляду, але надзвычай увішная і працавітая. Гэта яна сама, без чыёй-небудзь дапамогі, капаючы адной рыдлёўкай, узадрала кавалак удзірванелай балацянкі пад агарод. Немка добра агарод даглядала і не горш іншых суседак вырошчвала на балацянцы радыску, гуркі, памідоры.

Русявая, даўганогая, з далікатным тонкім тварыкам Ліза, старэйшая дачка цырульніка, была падобна на бацьку. Пятро з ёй разам вучыўся і наколькі дазвалялі жорсткія ўмовы хлапечай талакі нават сябраваў.

Восенню ваколіцу залівала вада, зімой на разлеглым лёдавым прасторы каталася на каньках-дзеравяшках хлапечая талака. Ваколіца, праходы да якой калгас загароджваў, каб ашчадзіць траву ад патравы, не пераставала вабіць Пятра і летам.

Ён асабліва любіў месца, дзе стаяла загародка. Тут быў сухі, засеяны далікатным белым пясочкам дол, які, відаць, утварыўся з глею. У шуле плота, складзенага з тоўстых бярвенняў — ім быў агароджан процілеглы базылевічаву двор,— вяліся чорныя шэршні. Кожны з іх пагрозліва гудзеў, перш чым нырнуць у сваю бяздонную дзірку.

Іншы раз Ліза выходзіла са двара, садзілася поруч з Пятром на жэрдкі загарадкі, і яны абое дзівіліся, як сонечным поўднем трымціць над зялёным долам ваколіцы сіняватае марыва смугі, як носяцца, трывожна кігікаючы кнігаўкі, што якраз гэтай парой пераводзяць сваё малое птаства ў іншае месца.

Седзячы на жардзінах, дрыгаючы ў паветры нагамі, было прыемна глядзець на далёкі лес, які нібы падковай агінаў разлеглую лугавіну. Навальніца заўсёды прыходзіла з боку лесу. Спачатку хмары згушчаліся над далёкімі дубамі, пускалі са сваіх глыбінь сярэбраныя стрэлы-зігзагі, грымелі грымотамі, затым паволі насоўваліся на мястэчка.

Маці не любіла, калі Ліза доўга адсутнічала.

— Лізе! — крычала яна.— Ком гер!..

У трыццаць сёмым годзе Базылевіча арыштавалі. Можа, якраз за тое, што прывёз з Германіі жонку.

Пятру было шкада Лізы. Ён зрабіў ёй канькі-дзеравяшкі, але яна ні разу не выйшла на лёд, бо не мела добрых чаравікаў.

Пра гэтыя канькі, відаць, успомніла Лізіна маці, калі ратавала Пятра ад Германіі. Яна ў акупацыю высокіх пасад не займала, працавала на станцыі табельшчыцай, але яна была немка і добра гаварыла па-нямецку. Каму трэба, Лізіна маці давяла, што Пятро ў сям’і кармілец, трымае на руках старую маці, хворую сястру. Перад самай адпраўкай Пятра са спіскаў выкраслілі...

Мікалая тым часам у Германію пагналі. Пачынаючы з гэтага моманту, між ім і Пятром як бы прабегла чорная кошка. Мікалай не ведаў пра Лізу, яе маці, не ведаў, што дзеля свайго выбаўлення ад Германіі сам Пятро нічога не рабіў.

Калі восенню сорак трэцяга года фронт стаў прыбліжацца да мястэчка, Гертруда разам з дзецьмі паехала ў Германію. Відаць, не спадзявалася спаткацца з мужам. Ён сапраўды не вярнуўся.

А Пятро пайшоў у армію. Выкапаў пад хвояй скрыначку з дакументамі, свае ўзяў з сабой, Мікалаевы прыткнуў пад бэльку.

Мікалай і Пятро вярнуліся ў мястэчка ледзь не адначасова: праз год пасля сканчэння вайны. Мікалай пасля Германіі працаваў на шахтах у Данбасе, Пятро лячыўся ў шпіталі: у самым канцы вайны яго цяжка параніла.

Пятро ўладкаваўся на станцыю: пабыўшы два месяцы практыкантам, заняў пасаду стрэлачніка. Мікалай скончыў шафёрскія курсы. Шафёры леспрамгаса па тым часе добра зараблялі. Але ён у леспрамгас не пайшоў, за доўгім рублём не пагнаўся. Стаў вадзіць бальнічную «хуткую дапамогу».

 

ІІ

Гаспадарлівы чалавек Мікалай Прахарэнка, хоць усё жыццё кніжкі чытае. Хата агледжана, прасторная — на тры ці чатыры пакоі,— добрая забудова на двары.

Стол застаўлены выпіўкай, закускай, хоць гасцей ніхто не чакаў. Сама б пажыць Мікалаю: дзяцей ён, як і Пятро, пагадаваў, разляцеліся дзеці...

У застоллі тон задае Бабоўка. Яго шыракаваты, белы, з рудымі, малапрыкметнымі канапацінкамі твар проста ззяе ад задавальнення. Пятро бачыць: Бабоўка шчыра радуецца, што сустрэўся са знаёмымі хлопцамі, з якімі разам рос і вучыўся, хоць ні з кім з тых, хто сядзіць за сталом, ён не таварышаваў. Можа, з адным Лізюком. Бо і ён, і Лізюк яшчэ да вайны паехалі ў рамесніцкія вучылішчы, пад акупацыяй не былі.

Васіль бясконца расказвае пра сваё жыццё. У Ленінградзе мае другую кватэру, бо першую размяняў: па пакою пакінуў былой жонцы і двум сынам, якія паспелі пажаніцца. Сам ён таксама ажаніўся. Другі раз. Узяў маладую жонку, у якой была свая кватэра.

Васіль пра ўсё расказвае так, нібы справа гэтая самая звычайная. Нават фатаграфію маладой жонкі пускае па руках: стаіць ля легкавой машыны даволі прыгожая, з такім жа, як у Васіля, шыракаватым тварам жанчына, смела пазірае на белы свет.

У Пятра цьмяна, з глыбіні памяці прабіваецца ўспамін: штосьці падобнае ўжо было ў сям’і Бабоўкі. Тут, у мястэчку. Яго дзед, мужчына відны, з магутнай паставай, да таго, як арганізаваліся калгасы, трымаў млын, той самы, вакол якога цяпер часта шастае Пятро. Млынар узяў у прымы зяця, бацьку Васіля, але гады праз тры выгнаў. Па мястэчку ў тыя гады нават газета хадзіла, перадавалася з рук у рукі. У газеце падрабязна распісвалася, як кулак, гэта значыць, Васілёў дзед, расправіўся са сваім батраком — у такой ролі выступаў тады Васілёў бацька. Мужчыны чыталі і рагаталі.

Рогат меў пад сабой падставу: дачка млынара кідала прыязным вокам на многіх мужчын. Праз год у сям'ю млынара прыйшоў новы зяць і таксама доўга не пратрымаўся, хоць млын і перастаў быць уласнасцю старога Бабоўкі...

Захоплены сабой, Васіль спявае, як сыты, асенні шпак. Выхваляецца дачай, якую мае пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, рыбай, якую ловіць у азёрах і рэках, а потым вяліць, сушыць, спажывае з півам.

З Васілёвага апавядання вынікае, што жыццё падобна да райскага саду, і з яго патрэбна ўзяць паболей уцехі, задавальнення...

Пятро верыць і не верыць. Памятае Бабоўку схуднелым, змізарнелым хлопцам, якім прыехаў ён да дзеда, перажыўшы ленінградскую блакаду. Гэта было якраз у той год, калі Пятро вярнуўся з арміі. Аднойчы яны пілі з Васілём піва ў станцыйным буфеце. Васіль расказваў пра блакаду страшныя рэчы.

Дзед ягоны і пры немцах быў млынаром. Вадзіў дружбу з мясцовым начальствам, нямецкімі салдатамі, паліцэйскімі. Часта наладжваў з імі пагулянкі. Праўда, у палітыку не лез, людзям не шкодзіў і яго не зачапілі.

Зрэшты, Васіль харошы чалавек. Душэўны, прыязны. Не ў прыклад Галоснаму, які, седзячы за сталом, таксама пахваляецца сваім жыццём.

Васіль блакаду перанёс, а Галосны ад арміі выкруціўся. Не пасаромеўся сяброў-таварышаў, з якімі разам вучыўся і якія пасля вызвалення мястэчка, пайшлі на фронт. З хітрай, з заграбушчымі рукамі сям’і Галосны. Бацькі пазалацілі каму трэба руку, і Міша разам з братам, які таксама падлягаў прызыву, уладкаваўся ахоўваць вайсковы кабель. Так да кабелю і прыкіпеў: пасля вайны астаўся служыць у сувязі.

Пагулянка кончылася тым, чым мусіла кончыцца. Выпілі і разышліся...

Пятрова хата стаіць на ваколіцы, непадалёк ад таго месца, дзе некалі жыла Ліза Базылевіч. Пятро, калі быў у арміі, у Германіі, песціў надзею сустрэць Лізу. Але дзе ты сустрэнеш!.. Ліза з Германіі так і не вярнулася, і ён нічога пра яе не ведае.

Ваколіца пасля вайны стала высыхаць, на ёй адна за другой пралеглі тры новыя вуліцы. На астатняй зямлі саўгас сее жыта, ячмень, пшаніцу.

Пятро жыве звычайна. Акрамя службы мае гаспадарку: карову, двух падсвінкаў, курэй, гусей. Падгадаваўшы, аднаго падсвінка здае на заготпункт, малако таксама патрохі здае. Жыве ён няблага, не горш, можа, за таго самага Бабоўку, але і мітрэнгі хапае. З ранняй вясны пачынае думаць Пятро, дзе накасіць сена, як, на чым прывезці, колькі заплаціць?..

Праз тыдзень, ходзячы каля млына, Лосік спатыкае Лізюка.

— Бачыў, які Бабоўка! — выгуквае Іван, вітаючыся з Пятром за руку.— Пенсія на носе, а ён жаніцца. Узяў маладую. Галоўнае — дарослых сыноў не пасаромеўся...

— У іх сям’я такая,— сказаў Пятро.— Маці тры разы замуж выходзіла. Можа, нават чатыры. Два сыны, дачка — усе ад розных мужоў...

— Пры чым тут сям’я? Ты хоць раз на курорце быў? Ён кожны год ездзіць. Ля мора жыве і да мора ездзіць.

Лосік пра курорты не думае. Даўно, як толькі ажаніўся, у яго забалела прастрэленая нага. Ён тады напісаў заяву ў рабачком і дабіўся пуцёўку. Бясплатную. Але пакуль дабіваўся, настала лета, трэба было думаць пра сена карове. Боль у назе тым часам стаў сціхаць. Лосік паспрабаваў перапісаць пуцёўку на жонку, але ў рабачкоме не дазволілі. Так яна і прапала.

— Можа, ён лячыцца ездзіць,— сказаў Лосік.— Лечыць страўнік ці яшчэ што...

— Здаровы ён, як конь. Хіба ты не бачыў? Кожны год едзе на поўдзень у адзін і той жа месяц — у верасні. Называецца — бархатны сезон. На цёплым месцы сядзіць Бабоўка, таму і ездзіць.

Пятро ніколькі не зайздросціць Бабоўку. Праз два гады ён пойдзе на пенсію. Тады нагуляецца. Будзе час. Збярэ грошай і купіць веласіпед. Карову Лосік збываць не збіраецца,— трэба памагаць замужнім дочкам,— а нага чым далей, тым болей баліць. Ён на веласіпедзе будзе ездзіць летам у лес на сенакос, а восенню — па зялёнкі.

У пачатку восені Лосік узяў водпуск. Жонцы водпуску не далі, і ён адзін усе тры тыдні капаў на пралёце бульбу, тачкай вазіў у двор мяхі.

Перад сканчэннем водпуску Лосік пачуў, што памёр Мікалай Прахарэнка...

Ён у той жа дзень пайшоў на могілкі. Але на пахаванне спазніўся: убачыў насыпаны грудок жаўтапёсу, драўляны абеліск, на якім было напісана прозвішча Мікалая і даты ягонага жыцця.

Быў сонечны, асенні дзень. У ціхім задуменні стаялі на могілках старыя, разлапістыя хвоі. Лосік цяпер толькі зразумеў, чаму Мікалай запрасіў яго на пачастунак. Прадчуваў смерць і хацеў развітацца са школьнымі таварышамі. З ім таксама. Зла на яго не меў...

Пятро ішоў дадому і ў думках дакараў сябе, што так і не расказаў Мікалаю пра Лізу, яе маці, пра сваё выбаўленне ад нямецкай няволі. Зрэшты, ён цяпер разумее прычыну. У акупацыю яны з Мікалаем былі патрыётамі: чыталі савецкую газету, лістоўкі, і Пятру, відаць, было проста непрыемна расказваць, што на дапамогу яму прыйшла немка...

Каля млына Пятро запыніўся. Яму раптам успомнілася, што даўно-даўно, у часы напаўзабытага дзяцінства, на гэтым месцы стаялі два ветракі. Яны весела махалі падобнымі на вялікія грабяні крыламі і былі відаць здалёк. Даўно няма ветракоў, але вобраз іх час ад часу чамусьці ўсплывае ў памяці, нараджаючы то радасныя, то маркотныя ўспаміны...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. Літ., 1983. - с. 446-456
Крыніца: скан