epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Пташнікаў

Пагоня

1
2
3
4
5


Усяму жывому на зямлі

 

1

 

Жоўты бераг ля Віліі не кожнуго зіму заносіла снегам. Бывалі зімы, што ён так і стаяў голы - высокі, стромы, светлы ад жоўтага пяску, які толькі змярзаўся, беручыся грудай і пакрываўся белым, аж сінім інеем. Але і сіні іней, і пляйстры рэдкага белага снегу змятаў, як гальніком, шалёны халодны вецер з-за Віліі, заходзячы з поўначы, з Жызнавы, і бераг стаяў голы і быў відаць аж здалёку.

Яго падмывала тут, на павароце, Вілія, гонячы крутую чорную ваду і не замярзаючы нават зімой у вялікія маразы; задмывала кожную вясну і летам у паводкі, аж пакуль сёлетняй вясной зусім не падмыла карэнне ў старасвецкай сасны, што стаяла ў яго на краі, тоўстай, у два абхваты, рагатай, жоўтай і смалістай, якой канчаліся Ліпнікі - сасновы векавечны лес, які, ахінаючы вёскі, ішоў адгэтуль, ад Віліі, здавалася, на край свету.

Упаўшы з берага верхам у ваду, сасна сваімі двума дзідаватымі раламі ўтварыла пад сабой адумыслую пячору, нязвыклую для вока.

Летась снегу на Жоўтым беразе не было ўсю зіму. А сёлета зіма пачалася ранняя, калючая; маразы як узяліся позняй восенню, так і пяклі, не адпускаючы, і адразу з маразамі пайшоў снег сухі, сыпучы, густы. Яго гнала і гнала і днём і ўначы паўночным ветрам на Вілію і на Ліпнікі, заносячы ўсё на свеце. У кароткія адлігі снег злягаўся, пасля адразу хапалі маразы, і яго зноў гнала з-за Віліі, з поля ад Жызнавы.

Пячору пад злеглай сасной зверху засыпала снегам, зраўняўшы з зямлёй.

Адзінец - немалады ўжо, шасцігадовы лось, падагнуўшы пярэднія ногі, увесь змакрэлы і аблеплены ледзяшамі, ссунуўся з Жоўтага берага на каленях каля самай пячоры да пролабкі ля берага ў Віліі і, апусціўшы гарачую пысу ў чорную ледзяную ваду, стаў смактаць, задыхаючыся, сапучы і раз за разам паварочваючы галаву з цяжкімі прыледзянелымі рагамі назад, у бок Ямскага.

Недзе там, адстаўшы ад яго, засталіся ваўкі. Гайня... Падавалі толькі здалёку голас, падвываючы. Ён вадзіў іх цэлы дзень кругамі па Ямскім і, адарваўшыся ля Пагурка, прыйшоў у Ліпнікі, на Жоўты бераг да Віліі.

Халодная вада апякла ледзяной гарачынёй і рот, і горла, і ўсё нутро, калола ў зубы і совала нечым вострым аж у галаву пад цяжкія рогі - ніяк сёлета іх не скіне, - і ён чуў, што ад вады слабее, раптоўна, у якую долю часу. Выматаны за дзень - зрушылі яго тры ўзвярэжаныя ад голаду ваўкі ў маладым сосніку пад Ямскім усходам сонца, дзе ён ціха гломзаў мерзлыя калючыя і крохкія сасновыя вяршкі з пупышкамі, якія востра пахлі смалой і вясною, і, не даўшы нават спыніцца на крок, каб перавесці дух, гналі і гналі, насядаючы, па Ямскім лесе. Ён круціў іх па балоце і старасвецкім ельніку, выбег, каб адарвацца аж на поле да вёскі, пад Леснікі, але і яны - трое - выбеглі за ім... Ён тады рвануў праз голы малады бярэзнік і праз дарогу, каб звярнуць у Ліпнікі - старасвецкі сасновы лес, што пасля Ямскага цягнуўся ўдоўж Віліі. Трое натапыраных ваўкоў, - ён добра іх разгледзеў: два старыя, вопытныя, трэці меншы, малады яшчэ - пераярак - аставаўся ўсё ззаду ў іх, - кінуліся за ім, следам і па полі, і па бярэзніку і не адпускалі аж да Каралінскай пасекі, пакуль добра не звечарэла. На Каралінскай пасецы дарогу ім усім перагарадзілі леспрамгасаўскія машыны, гружоныя дрэвам - аж дзве. Цямнелася, і яны ішлі з уключанымі фарамі, рассякаючы марозную туманную цемень вострым калючым агнём. Ён, Адзінец, смела скочыў паміж машын праз дарогу, а ваўкі спалохаліся і адсталі.

Ён бег і бег у Ліпнікі да Віліі, пачуўшы, што адарваўся, што за ім ніхто ззаду не хакае і не перагыркваецца, што ззаду ціха. Уратавалі на гэты раз машыны і людзі...

Галодны цэлы дзень і саслабелы, ён цяпер, пасля вады з Віліі, зусім саслаб і не мог падняцца з калень. Апёршыся на іх, ён круціўся і круціўся на адным месцы, перабіраючы заднімі нагамі, пакуль не апёрся ў халоднай вадзе сваім гарбатым носам аб ільдзіну і не адштурхнуўся, выпрастаўшы пярэднія ногі, засопшы і напусціўшы пад сябе белай пары з ноздраў. Жменька пары пасля яго так і павісла з краю над Віліёй, як палоска туману.

Пярэднія ногі цяпер дрыжэлі ў каленях і не хацелі яго трымаць - падкошваліся. Не трэба было піць; пасля вады ён кожны раз слабеў, але, калі быў галодны, яму страшэнна хацелася піць і ён усягды прыпадаў да крыніцы, да ракі, да лужыны ў балоце...

У рацэ проці яго трэснуў лёд і зашваргатала на павароце вада...

Ён аж страпянуўся ўвесь, атросшыся ад вады і ледзяшоў, што віселі на ім, павярнуўся носам на ўсход у бок Ямскага, адкуль прыбег, стаяў, натапырыўшы свае вялікія вушы, і слухаў. Адарвацца ад пагоні ён адарваўся, але добра ведаў, што ваўкі так лёгка яго не пакінуць.

Сцямнелася, і ў чыстым чорна-сінім небе загарэліся ядраныя начныя зоркі - ён згледзеў іх спачатку ля берага ў вадзе, дзе нядаўна піў, тады далёка ў небе на другім баку Віліі - за Жызнавой.

Над Ямскім, адкуль ён прыбег, узышла круглая чырвоная поўня, нейкая ўся ціхая, як мёртвая, і замглёная сінім сяйвом.

Не шваргатала, змоўкла на якую хвіліну рака і ўсюль на зямлі зрабілася ціха: ні гуку, ні скрыпу, ні трэску, толькі, калі добра павесці вушамі, можна было пачуць, як далёка за лесам, дзе ўзышла поўня, гудзелі машыны.

Поўня паменшала, пабялела, зрабілася ядранай і засвяціла, як удзень сонца. Паціснуў мароз, з ноздраў густа пайшла пара - клубкамі, мокрую спіну сцяло холадам. На рацэ пачаў страляць лёд; стрэлы пачуліся і высака на беразе ў лесе - на дрэвах лопалася кара. Такога марозу не было ўжо шмат зім...

Супакоіўшыся, ён успомніў і пазнаў гэта месца. І пячору пад вывараццю... Доўга яшчэ стаяў і слухаў, круцячыся на месцы і натапырваючыся ва ўсе бакі, тады адчуў, што яго зусім агарнула слабасць і морыць сон. Ён прайшоў берагам уперад і спыніўся ля самай пячоры. Снегу ў ёй не было, на дне цямнелася голая зямля, і адтуль пахла пяском і мохам. Ён помніў сюды ход і адразу, нават не нагнуўшы галавы, зайшоў усярэдзіну, схаваўшыся ўвесь. Крануў толькі рагамі ў гары дзіду - з рагоў упала пад ногі свежая сасновая галінка. Ён прынёс яе з сабой, яна зачапілася недзе ў лесе ў сосніку, калі ён бег. Пачуў, што хочацца есці. Падняў губамі абынелую галінку са змерзлага зверху жоўтага пяску... Галінка хруснула ў зубах, і ён адразу крутнуўся на нагах і павярнуўся галавой да выхаду. Пад нагамі перамяшаўся з рэдкім снегам прамёрзлы жоўты сухі пясок.

Ён доўга яшчэ таптаўся па грудаватым пяску, тады пайшоў да самага выхаду, выставіўшы з-пад снежнага брыля, што ляжаў на вывараці тоўстым пластом, рогі і, натапырыўшы вушы, замёр на месцы...

Доўга стаяў і слухаў.

Ад поўні ўсё наўкола: і лес, і Вілія, і далёкае поле за ёй сталі сінія, пасля сінеча згусцела, заіскрылася ў вачах у розныя колеры і зрабілася зялёнай.

Ад зялёных іскраў ён заплюшчыў вочы...

І тады ўсё наўкола зрабілася зялёным... Летнім...

Лес высака, на беразе, лазнякі, якія цягнуліся ўдоўж Віліі, пятляючы разам з ёй па лузе, і луг - шырокі, разлёгся за Віліёй аж да Жызнавы... Поўня стала чырвоная-чырвоная і адбілася ў Віліі ля лазнякоў ранішнім крывавым сонцам... Над Віліёй павіс вузенькімі палоскамі цёплы летні туманок - было відаць нават, як ён кратаецца, паўзучы ў ніцыя, яшчэ сонныя пасля начы ціхія лазнякі. Зашваргатала на павароце рака і аціхла. З-пад вузенькай палоскі туману на сярэдзіну яе выплылі дзікія качкі - вывадак: старая шэрая натапыраная качка і жменька маленькіх цёмна-жоўтых рухавых камячкоў.

Ён, бывалы ўжо, вопытны лось, прывёў у тую зялёную летнюю раніцу да Віліі на вадапой сваю ласіху з маленькім ласяняткам-самачкай, чырвоным, як сонца на ўсходзе, - толькі яшчэ, паявіўшыся на свет, стала бегаць круга маці-ласіхі, баючыся адскочыць воддаль.

Сюды з Ліпнікаў на вадапой яны хадзілі часта - кожны раз, калі былі дзе блізка адгэтуль.

Ён прывёў іх на стромы бераг, стаў на самым краі за сасной і глядзеў на раку, на лозы, на сонца...

Сонца толькі ўзышло, было чырвонае, і неба чырвонае, і туман над Віліёй і лозы чырвоныя. І сама ласіха і малое ля яе былі чырвоныя, і сышлі яны з высокага берага ў чырвоны туман... Нават машка і камары над імі былі чырвоныя...

Далёка бачыць ён, як і ўсе ласі, не мог, але шорах, шум галін, трэск сухога сучча ў лесе, голас жаўны ці, не дай бог, крокі чалавека ці ваўка ён чуў здалёку - за якую паўвярсту.

Гэтай раніцай вуха лавіла ўсё, як заўсёды. На душы было трывожна, але на рацэ пад сіняй палоскай туману плавала дзікая качка з малымі качанятамі...

Значыць, на Жоўтым беразе ціха...

Ён стаяў на беразе, як стаіць вартавы, сцеражучы сваё самае дарагое, што меў... Ласіха падштурхнула пысай малое - яно ссунулася па пяску з берага ўніз - і, падымаючы высокія зграбныя ногі, пайшла, нагнуўшыся над ім, да Віліі.

Ля ракі ласіха стала на калені, маленькае ласянятка рабіла ўсё, што і яна, і яны абое, нагнуўшы галовы, зафорскалі, п'ючы ваду. Якраз проці качак.

Старая качка раптам павярнула ад іх і павяла свой вывадак - жоўтую жменьку - пад чырвоную палоску туману ў зялёны вербалоз...

І тады з таго берага, дзе схавалася дзікая качка з вывадкам, трэснуў стрэл.

Адзін, і адразу за ім другі...

У ласіхі ўздрыгнулі, падскочыўшы, заднія ногі; яна падняла яшчэ ўгару галаву і павярнула назад, як усё роўна хацела паглядзець яму ў вочы: куды ты прывёў - і адразу ткнулася ёй у раку, схаваўшы пад ваду і падняўшы пырскі. Сама цяжка, як нехаця, лягла на мокры жвір ля берага.

Малое ляжала ля яе на бачку і дробненька перабірала ножкамі - хацела яшчэ ўстаць. Даставала галоўкай яе пляча, як усягды, калі яны клаліся ўсе трое спаць у густой траве ці ў верасе - маленькае пасярод. Ноччу яно варочала галоўкай - то яму на плячо, то ёй, мацеры... Пасля яно супакоілася - падсунуўшыся, паклала галоўку мацеры пад вымя і больш не краталася.

Страляў чалавек вопытны - не хацеў пакідаць малое адно: пашкадаваў - загіне ці зарэжуць ваўкі.

Ён, бывалы, вопытны лось, застыў на месцы і доўга яшчэ стаяў нерухома, гледзячы зверху ўніз на бераг - на ласіху і цялятка, - ніяк не могучы зразумець, што зрабілася... Пасля ўлавіў носам пах дыму ад пораху, праціўны і едкі, і ўспомніў, што пачуў жа, як трэснулі стрэлы, і яго адразу абдало ўсяго холадам - сухім і гарачым. Ён крутнуўся на месцы і, задзёршы галаву, - паклаў на шыю рогі, - рвануў з месца з такой сілай, што з-пад ног паляцеў яму далёка наперад пасечаны капытамі верас і мох...

Ён бег напралом праз малады сасоннік туды, адкуль яны сёння ўсе трое прыйшлі да Віліі - бег на Каралінскую пасеку, думаючы, што там, адкуль яны прыйшлі, знойдзе іх, каго пакінуў ляжаць на беразе Віліі. Яны там - трэба толькі бегчы і бегчы...

І ён бегаў па лесе і па пасецы, секучы капытамі сівец, іван-чай, бруснічнік і верас. Бегаў цэлы дзень, бегаў круг за кругам, пакуль сам ля балота не ўпаў ад знямогі на зямлю і не ўткнуўся гарбатым носам у халодны мокры мох...

І назаўтра, і пасля ўсё лета ён калясіў па Ліпніках і па Каралінскай пасецы, шукаючы ласіху з цялём, выходзіў на Жоўты бераг, стаяў, не баючыся, на тым месцы, дзе пачуў два стрэлы, і глядзеў з гары на ціхую шырокую бліскучую Вілію.

У затоках ля яе ўсягды плавалі дзікія качкі і хадзілі берагам даўганосыя бацяны, воддаль іх на лузе рыкала рассыпаная чарнабурая і перапялёстая скаціна. І каровы і цяляты. Ён падыходзіў блізка да іх.

Кончылася трывожнае лета, пачаўся верасень, зажаўцела бярозамі Каралінская пасека, зацягнулася павуцінай, зацерушылася буйным пухам іван-чаю, засінела ад пераспелых дурніц на высокім куп'і ля балота і запахла ўсё наўкола багуном. Ад яго аж зрывала нос і кружылася галава.

Па ўсіх Ліпніках зарыкалі ласі - пачаўся гон. На Каралінскай пасецы пад жоўтымі бярозамі загрукалі капыты, топчучы іван-чай і перамешваючы яго з сівой зямлёй; затрашчалі рогі, падаючы адломанымі кавалкамі на ўзараную капытамі, як плугамі, зямлю, і заскрыпеў, гнучыся і валячыся на зямлю абломаны малады бярэзнік пад гарачыя, страшныя ў сваёй сіле ногі захмялелых і ненатоленых самцоў.

Прырода брала сваё, і ён рынуўся ў бой за самку, што ціха стаяла воддаль на голай пасецы пасярод старых пнёў і іван-чаю. Яна была падобна на ласіху, што засталася ляжаць з цялём ля Віліі...

ЁН Хацеў пачаць усё спачатку.

Яго атакавалі аж два маладзейшыя самцы і, падняўшы на рогі, скінулі ў балотца ў канцы пасекі - у багуннік і дурнічнік. ЁН чмякнуўся ў мох і твань...

І на другі год ён хацеў пачаць усё спачатку. Але яму на Каралінскай пасецы маладзейшыя толькі адламалі кавалак рога...

На трэці год гон збіраўся аж у Ямскім, далёка ад Ліпнікаў - цэлы месяц там рыкалі ласі кожны дзень, падаючы зазыўны голас. Але ён ужо туды не пайшоў, астаўся ў Ліпніках, дзе паявіўся на свет, дзе гэтулькі жыў і дзе ў яго была аднойчы і ласіха і малое.

І ён астаўся адзін. Адзінцом...

...Пачуліся раптам два стрэлы - адзін і за ім адразу другі, моцныя, густыя. Блізка, недзе над самай галавой. Ён, уздрыгнуўшы, - затрашчала сцятая лёдам, як яловай карыной, скура на карку і на спіне, аж пад ногі пасыпаліся друзалкі лёду, - нагнуўся ўперад, намерыўшыся рвануць з месца з-пад снежнай навіссі на волю - на ядраны калючы начны мароз. Але вуха, злавіўшы стрэлы, адразу адрозніла іх ад тых, якія ён чуў тады на беразе, і ён астаўся на месцы, толькі адплюшчыў шырака вочы.

За гэты час, пакуль ён, суцішыўшыся і аддыхаўшыся пасля пагоні, прымгнуў быў вочы, задрамаўшы на які кароткі міг, паднялася вышэй поўня, свяціла з-за ракі з поля, збіраючыся схавацца за вяршаліны цёмных сосен, і снег наўкола зрабіўся шэры і бліскучы, як усё роўна закамянеў.

Поўя глядзела здалёку-здалёку, з цёмна-сіняга халоднага прастору, якраз яму ў вочы; збоку на пясчанай сцяне пячоры ляжаў ядраны калючы сіні іней...

І праз які міг там, дзе поўня ўжо зачапілася за цёмны край сасновага лесу, якраз пад ёй завылі ваўкі - падалі яркі прастуджаны голас. Нема і злосна.

А ён думаў, што адарваўся ад іх - хоць на ноч...

Ваўкі не адсталі.

Цяпер ён страпянуўся ўвесь; ногі самі пачалі біць пад сабой сухі грудаваты жоўты пясок, перамешваючы яго са снегам і друзалкамі лёду, што насыпаліся са скуры з бакоў.

Ён ніколі не палохаўся воўчых галасоў, ніколі ў яго ад іх не стыла кроў у жылах.

Ён адразу закіпеў увесь, рвануўшы з пячоры, закруціўся па беразе, задзёршы высака галаву і раздзімаючы ноздры.

Ваўкі былі блізка: у чыстым ядраным сухім начным лясным паветры ён пачуў рэдзенькую тухлую псіну - злавіў носам.

Ён напяўся, каб падняцца з берага на горку, туды, адкуль нядаўна прыбег, але, адразу паслізнуўшыся, споўз назад і рвануў берагам з месца з усёй сілы: выйдзе ля ракі на заснежаны луг, там, у канцы яго, дзе рака паварочвае да лесу, заверне ў Ліпнікі - адхоністы бераг лесу там канчаецца: балота.

Павярнуўшы галаву назад, ён убачыў, як яго даганяе поўня - бяжыць услед угары за цёмнымі вярхамі сосен, - і зноў пачуў воўчыя галасы: высокі прарэзлівы, нізкі-нізкі хрыплы ад прастуды і дзяркаценькі з пярэбрахам - зусім малады.

На лузе ногі правальваліся ў снег аж па бруха.

 

2

 

Мурлахапая бегла першая - яна была ўжо трохгадовая вопытная ваўчыца. Калі яны ўсе трое: Мурлахапы - пяцігадовы воўк, важак, яна - Мурлахапая і іхні першынец, гадавалы ваўчок-пераярок Мурлахапенькі, спыніўшыся перад дарогай, па якой ішлі гружоныя дрэвам машыны з запаленымі агнямі, згубілі лася, Мурлахапая, звярэючы, не знаходзіла сабе месца. А машыны, ракочучы маторамі, скрыпучы дрэвам і бразгаючы жалезнымі ланцугамі, як назло, былі спыніліся на дарозе якраз перад імі, і ім; усім траім: Мурлахапаму, Мурлахапай і Мурлахапенькаму давялося залегчы ў снег ля дарогі - ткнуцца ў старыя пад'ялеўцавыя кусты. Перабягаць дарогу пры машынах яны збаяліся.

Цяпер машыны былі ўжо далёка, зніклі з воч за аблепленымі снегам соснамі, толькі чуваць быў іхні рокат і вісеў над дарогай праціўны смурод ад дыму і бензіну, і яна, Мурлахапая, першая ўскочыла з-за пад'ялеўцавага куста, перабегла дарогу і пачала мітусіцца, нюхаючы снег і паветра, пакуль не набегла ўперадзе між сосен на ласіны след.

Узышла поўня і як усё роўна пасыпала на стары зляжалы снег бялейшага свежага сняжку - і наперадзе добра было відаць. Мурлахапая і бегла цяпер па следзе першая, замяніўшы Мурлахапага - дагэтуль, да дарогі, першы бег ён, - і, калі губляла след, яна круцілася кружка па снезе: лепш за яго, Мурлахапага, чула жывёлу. Збіўшыся са следу, усе трое спыняліся і хуценька вадзілі насамі, ловячы паветра. Яна першая пазнавала пах. Пасля ўжо і Мурлахапы лавіў той пах, але яна была першая. Ён, ведаючы гэта, давяраў усягды ёй, бо часта быў без яе, як без носа.

Мурлахапая бегла памалу, апускаючы галаву на снег і пасля задзіраючы яе высака ўгару, бегла неяк бачком. Так яна пачала бегаць пасля таго, як яе летась паранілі паляўнічыя, стрэліўшы па пярэдніх лапатках. Выжыла, толькі стала бегаць бачком. І часцей хавацца за дрэвы. Стане, прыціснецца да камля, тады высоўвае з-за яго асцярожна галаву.

Але цяпер гналі наперад голад і мароз.

З Жоўтага берага па снезе па ласіных слядах яны ссунуліся, згрудзіўшыся ў кучу адразу ўсе трое - Мурлахапая, Мурлахапы і Мурлахапенькі, той скаціўся бурдой. І ў пячору пад вывараць убеглі кучай усе трое і сталі нюхаць, круцячы галовамі, ласіны дух і сляды. Мурлахапая і тут была жвавейшай і першая, скочыўшы ў кут пячоры, схапіла са снегу - ужо тыдзень, як у яе нічога не было ў жываце - тры змерзлыя друзалкі ласінага калу і глынула іх адразу, не пажваўшы, некуды глыбака, як здалося ёй, не ў сваю сярэдзіну. Пачула толькі, як там, у пустым перахлябістым нутры запякло вострым калючым холадам. Мурлахапы хацеў выхапіць у яе мерзлыя друзалкі з-пад носа, і яны пачалі гырчэць адно на аднаго.

Лось у пячоры толькі што быў - яны чулі гэта па паху. Яны спазніліся і цяпер, дзеручы ад ярасці лапамі перамерзлы сыпучы пясок, што востра пах ласінай мачой, закруціліся па пячоры, забегалі і сунуліся адразу да выхаду, наткнуўшыся на Мурлахапенькага, які, схварэлы і знясілены і бегатнёй і ад голаду, загарадзіў ім выхад. Сціснуўшы з бакоў, яны выпхнулі яго з пячоры на снег.

Зноў сталі на след - знайшлі яго хутка ў глыбокай, раскапанай ласінымі нагамі гурбе. Зноў павяла Мурлахапая. За ёй бег Мурлахапы, адставаў пасля пячоры - не трэба было доўга ў ёй быць - і ў яго апаў азарт і воля, забыўся і на голад, - не мог ніяк перайсці на воўчы галоп, тупаў трушком. Добра, што ад яго не адставаў далёка Мурлахапенькі - ён пачынаў яе, Мурлахапую, трывожыць: слабенькі зусім ад голаду.

Ласіны след вёў па глыбокім, па самыя воўчыя вушы, снезе. Яго сюды, на лог да ракі, нанесла з поля столькі, што трэба было скакаць цераз гурбы. Лось па гурбах азначыў ім дарогу, і яны, пылячы снегам, пусціліся па ёй усё шпарчэй і шпарчэй - уваходзілі ў ранейшы азарт і спрыт. Калі Мурлахапая азіралася, бачыла, як адстае далёка Мурлахапенькі. Знясільвае на вачах. Яна, як толькі выйдуць з глыбокага снегу, пусціць першага па следзе Мурлахапага - памяняецца з ім, - а сама стане ў хвост - падструніць пераярка: бедалага...

Пераярак на белым снезе, пад белай поўняй здаваўся ёй распластаным маленькім чорным ваўчаняткам. Ваўчанятка далела і гублялася з воч.

У канцы логу лось крута павярнуў улева - высокі стромы бераг тут канчаўся і пачынаўся стары сасновы лес. Але на ўзлеску ў дробным сосніку было намецена столькі снегу, што ім і тут усім траім давялося падскокваць угару, уздымаючы пылам сыпучы снег - бегчы толькі галопам. Мурлахапая спынілася першая, закруціўшыся на месцы і падмятаючы хвастом снег: чакала Мурлахапага. Прыйшла яго чарга вясці пагоню. За час, калі зрушылі лася, яны з Мурлахапым мяняліся ў гайні ўжо разы чатыры: па такім снезе марыліся і выматваліся - і яна і ён, Мурлахапы.

Мурлахапы, хакаючы, забег ёй наперад, а яна, прапусціўшы пераярка, стала ў пагоні ззаду: адпачне - пярэдняму па такім снезе сігаць і сігаць не даюць ногі: баляць і цісне ўнутры задышка, аж душыць. А ёй яшчэ пячэ вострым холадам усярэдзіне - у жываце - ад змерзлага на лёд, ласінага каўцюка.

Мурлахапы, мінуўшы дробны соснік, пабег наперадзе як след: адпачыў ззаду, згаладалы - больш дзесяці дзён і начэй не было ў роце нічога: ні мышы, ні цецерука, змерзлага пад снегам, ні кавалка вяроўкі з калгаснай канюшні - пабег, пачуўшы блізка лася. Сігаў і сігаў навыцяжку між тоўстых сосен, абсыпаных снегам; на яго з-за дрэў свяціла ядраная поўня, і ён, натапыраны, расцягнуты ў скачку з разяўленай пашчай і нізка апушчаным на снег хвастом, як падмятаў за сабой, здаваўся часам бела-сінім, як магутны і дзікі старасвецкі прывід, тут, у векавечным лесе ля пракаветнай ракі Віліі...

Мурлахапая тады верыла і яму і ягонай сіле; верыла, што яны ўратуюцца ад голаду і не дадуць у глум свайго пераярка.

Яна бегла за ім, падганяючы - штурхала мордай пад хвост, і ёй так было шкода яго - аж шчымела сэрца...

Ён нарадзіўся нягеглы і жыць астаўся таму, што быў нягеглы. Тое лета ў яе, Мурлахапай, у нары пад Ліпнікамі ля імшары пад старой яловай вывараткай паявілася на свет аж чацвёра ваўчанят - тры самачкі і ён, ваўчок. З першага дня ён кволіўся і не лез з нары на волю. Самачкі толькі і поўзалі па імху, па багунніку, грызучы прынесеныя Мурлахапым косці і шыі адна адной. А ён сядзеў у нары, і нават косці яму трэба было заносіць туды. Выцягнеш за шкірку з нары на мох - ён зноў назад у нару. Гэта яго і ўратавала...

Недзе праз месяц, калі яны з Мурлахапым, кінуўшы малых адных, пайшлі ў здабыткі, ля нары каля вывараткі паявіліся людзі: дзве жанчыны. Яны былі з доўгімі палкамі з нечым бліскучым на канцах і вадзілі імі па соснах, шорхаючы і засыпаючы ўсё дробнай карой: і мох, і багун, і ягаднік, і іхнюю нару. Лес запах смалой, аж вырывала ад таго паху нутро.

Тыя дзве жанчыны і забралі траіх самачак - паклалі ў вёдры і паняслі з лесу ў вёску. Яна, Мурлахапая, бачыла гэта на свае вочы - бегала круга іх, жанчын, калі вярнулася да нары, але яны совалі ў яе бок дзвюма рагацінамі з белымі бліскучымі жалезнымі канцамі.

Зямля пасля іх запахла людзьмі, смалой і жалезам...

І забалела воўчая сэрца ў ваўчыцы-маці...

Яна, Мурлахапая, кружачы соснікам, бегала і бегала наўкола жанчын, якія ішлі да вёскі; выбегла аж на поле да гумнаў, - не падбягаючы блізка да тых жанчын, у якіх у руках бразгалі вёдры з яе ваўчанятамі і на плячах ляжалі доўгія палкі з жалезнымі наканечнікамі. Яна бегала і бегала ў той дзень круга вёскі, соваючыся то да хат, то блізка падыходзячы да скаціны, што рассыпалася ля гумнаў па полі, пакуль на яе не сталі цюкаць людзі і не пачалі брахаць сабакі.

Яна яшчэ два дні і дзве начы бегала каля вёскі, тады, вярнуўшыся да логава, знайшла там у нары свайго чацвёртага - ваўчка.

Яны з Мурлахапым забралі яго і сышлі з Ліпнікаў на Пагурак пад Ямскае - далей ад людзей.

...Канчаліся Ліпнікі. Яны беглі цяпер па ласіных слядах якраз там, дзе некалі было логава, адкуль людзі забралі іхніх ваўчанят і паняслі ў вёску.

 

3

 

На Пагурак бег і Адзінец. Ён чуў за сабой блізка ваўкоў: яхкалі і скуголілі; чуў яшчэ, што слабее, гэта, мусіць, пасля пячоры: пастаяўшы, не можа доўга ісці ў галоп. Ад дыхавіцы распірае бакі, грукае ў грудзях сэрца, спыняючыся і заміраючы, - тады вядзе ў бакі галава. Хоць бы не вісела над ёй, недзе над самымі рагамі вялікая круглая і ядраная белая поўня... Падскокваючы, ён, здаецца, дастае да яе, - можа зачапіцца і зламаць рогі...

Пад ядранай поўняй снег на зямлі быў аж сіні; з-пад ног ён узлятаў, рассыпаючыся на дробныя бліскучыя іскры.

Калі Адзінец пачуў, што раптам лёгка стала бегчы, што пацвярдзела пад нагамі, - пазнаў, што выбег на Белую дарогу - блізка да вёскі. Па ёй і летам і зімой вялізныя чорныя машыны вазілі дрэва. Часта яны і стаялі тут нават уначы на дарозе сярод лесу і снегу, гудзелі, бразгалі жалезам і стукалі дзверцамі, моцна, як стралялі на ўвесь лес...

Машын на дарозе цяпер не было. І ён злавіў сябе на тым, што выбег на дарогу да вёскі не так сабе, што яго пагнаў страх... Трэба шукаць ратунку ў вёсцы...

У вёску ззаду за ім ваўкі не кінуцца.

Але калі ён, прабегшы па цвёрдай Белай дарозе, звярнуў на поле і выскачыў аж на загуменне - паказаліся цёмныя хаты і запахла з хлявоў скацінай, - спыніўся як укопаны.

У вёску да людзей ён не пабяжыць. У вёску ён ужо быў раз пабег. Тады стаяла позняя восень, яшчэ не было на зямлі снегу і пёк нагалец мароз. І тады яго, маладога яшчэ лася, паднялі ваўкі ў тым жа Ямскім, у пушчы. Раніцай. І ён пабег на поле, на цвёрдую, як капыты, зямлю ад марозу. Падбег па зялёнай заінелай руні да самай вёскі - ваўкі па голым полі за ім не пайшлі, адсталі - і выскачыў на лог да белага бярэзніку, дзе з піламі і тапарамі мітусіліся людзі - рэзалі дрэва. Ён спыніўся ля іх зусім блізка і соп, змарыўшыся і пераводзячы дух.

Людзі, іх было трое мужчын, з бліскучымі ад сонца тапарамі ў руках акружылі яго і сталі раптам ціснуць да ракі: на лёд, куды ж яшчэ... Зганялі з логу на той самы лёд, якога ён цярпець не мог, на якім ён ніколі не мог стаяць: распаўзаліся, слізгаючы, ногі пад ягоным цяжкім целам. На лёдзе ён заўсёды падаў.

Ён здагадаўся адразу, што значыць для яго лёд пад нагамі на рацэ і тапары ў руках у людзей. Але, змораны і задыханы, несамахоць даў сябе сагнаць з логу, з высокага берага на чысты-чысты лёд у рацэ - на ім нават адбівалася сонца і сцёбала па вачах, - а там, паслізнуўшыся з берага, праехаў на капытах да сярэдзіны шырокай гэтым месцам ракі і грукнуўся з усяго маху грудзьмі аб лёд. Праламаў яго - лёд, відаць, быў падмыты крыніцай, - і, цвёрда стаўшы на дне на ногі, выскачыў на бераг на другім баку ракі і рвануў у голы альшэўнік і разгаты лазняк, пераплецены сухім хмелем, як вяроўкамі. Ён бег і рваў іх на кавалкі мокрымі пасля ракі грудзьмі. Доўга тады вісеў у яго на рагах сухі хмель, акруціўшыся ля іх, як аборы...

У вёсцы цяпер брахалі сабакі. У вёску ён, Адзінец, не пабег. Звярнуў на загуменні па цвёрдай уезджанай дарозе ўздоўж пунь. Выбег да доўгіх, чорных на снезе, хлявоў - да калгаснай фермы. У кароўніку - ён пазнаў па паху скаціны - загрукалі рагамі ў сцяну каровы; у далейшым будынку - пад лес - заірзаў конь: яго, лася, пачула жывёла, а можа, чула здалёку ваўкоў...

За фермай ён сігануў цераз вясковую дарогу і рвануў на поле, пад бярэзнік - бег на Пагурак, пад Ямскае. Тут ён ведаў добра ўсе хады і выхады. За Пагуркам - Ямскае, там... Не падвялі б толькі ногі.

Але клікала яго цяпер не воля, а бяда.

З поля, з гары, быў здзёрты ветрам снег, і беглася лёгка пасля гурбаў у лесе. Каб толькі не ціснула зверху на галаву поўня... Як усё роўна яна ляжыць на самых рагах і галава ад яе робіцца цяжкая-цяжкая... Чуць нясеш...

Яму на якую хвіліну здалося, што пагоні больш няма, што ваўкі адарваліся ад яго, не пайшлі да вёскі. Але на горцы за дарогай ён убачыў, што яны не адсталі. Бягуць за ім і зусім блізка. Усе трое. І яны пайшлі праз ферму. Па яго следзе.

Суха і горка зрабілася ў роце. Нагінаючы галаву, ён на бягу пачаў абвіслымі ўздутымі губамі хапаць з-пад ног халодны снег.

Пагурак - выспа між вёсак, балот і дзвюх рэчак. Ён паволі падымаецца з поля за вёскай і ідзе пад Ямскае, канчаючыся там спадзістым адхілам, парослым бярэзнікам, альшэўнікам, сасняком і рабінамі, як адумысла для ласёў: падыходзь і жуй. За ім Ямскае - пушча з балотамі і лагамі ля лукатак ракі. З Ямскага можна пайсці на Палік - аж на край зямлі.

Адзінец любіў Пагурак асабліва ўвосень, калі цвіў сіні верас і пад ім густа вылазілі з зямлі падасінавікі і баравікі - не ступіць - нагінайся толькі і лаві губамі; калі пачыналі чырванець на ім тры старыя высокія - аж у неба - асіны; калі яны, дрыжачы лісцем, шапталі на вуха сваю ціхую журботу, ад якой павявала сном, лагодай і няскончанасцю свету і жыцця...

Пазней, калі толькі яшчэ пачыналіся першыя лёгкія маразы, - чырванелі рабіны - адны ягады, каб дзе лісцінка на іх; жаўцелі, асыпаючы лісце, бярозы; сееўся, адцвіўшы, іван-чай і плыла ў паветры павуціна, блішчэўшы ніцямі на сонцы і густа чапляючыся за рогі, за нос, лезла ў ноздры - толькі храпі і форскай, не дыхнуць...

На Пагурак ён любіў хадзіць са сваёй ласіхай да таго, як у іх паявілася на свет сваё першае і апошняе цялятка. Яны стаялі пад асінамі, цёрлі адно аднаму галовамі шыі і плечы, пасля самі цёрліся бакамі аб старасвецкія камляватыя шэрыя, аблепленыя зялёным мохам асіны.

У іх былі два звабныя месцы ў гэтым баку: Пагурак пад Ямскім і Жоўты бераг за Ліпнікамі ля Віліі...

...На Пагурку цяпер было па калена снегу, як і ў Ліпніках, адкуль ён прыбег.

На Пагурку недалёка ад старых голых і разгатых асін ён і пачуў, як завылі ззаду ваўкі. Нават пераярак падаў свой тоненькі галасок.

Пасля адразу ваўкі завылі і спераду, моцна, голасна, настырна. І з бакоў - з гаўканнем і гыркам. Ён здагадаўся, што абложаны...

Ваўкі, відаць, даўно сачылі за ім, ведалі ўсе яго хады, а сёння трое пайшло ў пагоню, астатнія абклалі яго на Пагурку - чакалі, што ён прыбяжыць сюды: ляглі ў засаду.

Ён абабег каля трох асін. Трэба, адбіўшыся ад прышлых, тых, што ў засадзе, рвануць з Пагурка ўніз на балота, а там, на роўным, адарвацца ад іх... Прышлых ён не баяўся...

Траіх ваўкоў, што ішлі за ім пагоняй, ён убачыў адразу ўсіх. Яны мітусіліся за крокаў дзесяць ад яго і шчэрылі белыя ад снегу і поўні зубы...

Тыя, што за асінамі, прышлыя, яшчэ не чулі яго паху, баяліся блізка падступіцца, а гэтыя, што ганялі цэлы дзень, добра пачулі ягоны пах поту і вантроб, сталі нахабныя, яны самыя небяспечныя і ад іх трэба пазбавіцца. Даць бой...

Ён яшчэ раз абабег каля трох асін. І прышлыя ваўкі раптам пасмялелі: вылазілі і вылазілі, як усё роўна адкуль з-пад снегу. Падымалі галовы, стукалі зубамі, мялі хвастамі снег. Збегліся, як з усёй зямлі...

Трое з пагоні ўжо стаялі перад самым яго носам. І поўня з-за асін свяціла якраз на іх, як удзень сонца, і ўсюды было бела і ціха...

Ён тады прыціснуўся задам да самай старой і шырокай асіны - не змогуць рвануць зубамі адтуль, падняў ад зямлі пярэднюю правую нагу і адставіў назад - падрыхтаваўся для ўдару: біў ён нагой напавал, і нагнуў чуць-чуць уніз галаву, выставіўшы ўперад рогі.

Трое ваўкоў краталіся перад ім - ваўчыца і воўк упобачкі і ззаду за імі пераярак. Тады пераярак таўхануў ззаду ваўчыцу, і яна, прыпаўшы жыватом да зямлі, тузанулася ўперад два разы - абдурвала, пасля разагнула раптоўна ногі і скочыла, лучаючы яму пад падбародак, каб учапіцца зубамі ў горла...

Адзінец у які момант апусціў яшчэ ніжэй галаву, падчапіў ваўчыцу ўсю на рогі, страсануў, пачуўшы, што яна цяжкая, і перакінуў, раздзёртую, цераз сябе. Пачуў, як на спіну яму закапала цёплая кроў і разам з ваўчыцай зляцелі ў яго з галавы рогі.

Але ён падняў угару галаву больш, чым трэба было... І не паспеў у час апусціць, каб прыкрыцца - якую долю секунды аднялі ў яго рогі, прытармазіўшы, тыя рогі, якія ратавалі яго не раз, каб якраз цяпер зляцець у яго з галавы, - і яму, падскочыўшы, у горла мёртвай хваткай учапіўся зубамі стары воўк, павіс і цягнуў галаву да зямлі. Адзінец пачуў, як у яго па шыі і па назе пацякла яго, ласіная, гарачая кроў... У вачах адразу не памутнела, ён убачыў яшчэ, як спераду да яго падскочыў пераярак і задраў угару галаву. Адзінец тыцнуў яму пярэдняй нагой пад жывот, і той адляцеў з-пад нагі далёка ўбок і чмякнуўся за пад'ялеўцавы куст у снег. Распластаўся і заціх...

Адзінец замалаціў яшчэ пярэднімі нагамі, перабіраючы імі па чырвоным пад сабой снезе... Але воўк вісеў пад шыяй і яго ні дастаць, ні зняць нагамі не было як...

Горла раптам разануў страшэннай сілы боль. Падкасіліся адразу і заднія і пярэднія ногі. Белы снег у вачах зрабіўся зялёным, наплыло аднекуль здалёку-здалёку лета, калі ад стрэлаў не падняліся з зямлі ля Віліі на Жоўтым беразе ласіха з малым цяляткам...

Ён, слабеючы, апусціўся спачатку пярэднімі нагамі на калені... Пасля раптам пачуў, што падае ўніз з высокага Жоўтага берага. Упаў і лёг ля ракі побач з ласіхай і маленькім цяляткам на зялёную летнюю траву на беразе...

Здалося яшчэ, што высака з гары, з-за чорных старасвецкіх асін яму на галаву ўпала белая-белая цяжкая поўня і прыціснула яе да зямлі...

 

4

 

Мурлахапы, увесь ад галавы да хваста абліты ласінай крывёю, пачуў, як яго адразу адштурхнулі ад лася, што ляжаў цяпер на чырвоным снезе. Лася і відаць не было: на тым месцы краталася, здавалася, адна шэра-бурая пачварына: гыркала, стагнала, сапла, адбягала, прыбягала, кідалася, кусала сама сябе. Разяўленыя раты, зубы, вушы, лапы, кіпці, хвасты - усё калыхалася, знікала і паяўлялася зноў.

Запахла кроўю, потам і ласіным калам...

Мурлахапага адштурхнуў ад лася і не падпускаў стары воўк з прышлай чортведама адкуль зграі. Мурлахапы раптам пазнаў яго, таго старога ваўка. Рыжы ўвесь, толькі цераз спіну ад шыі да хваста - добра відаць пры святле поўні - чорная шырокая паласа, як прыкрыты ён чым.

Гарбаты нос, сівыя валасы ля носа і ля вушэй, доўгія, як усё роўна зачасаны назад. Падняў левую пярэднюю лапу - яна ўся ад кіпцюроў да лапаткі была аброслая доўгай-доўгай рыжай шорсткай шчэццю. Шчэць кудлацілася, абвівала нагу, і нага была як усё роўна ў струхнелым кавалку палена. Па вачах, жоўтых, з чырвонымі крывінкамі, па нейкім далёкім-далёкім, але не забытым даўнейшым паху ён пазнаў... свайго...

Тады ў вялікі лясны пажар гарэла Каралінская пасека. Шалёны вецер гнаў агонь ад Віліі ў Ліпнікі - полымя ішло аж верх лесу. Іхняе воўчае логава было на пасецы сярод высокіх сасновых сухіх пнёў, схаванае ад воч іван-чаем і густой лясной мятліцай і пыхнула адразу, як сярнічка. Загарэліся і сухія сасновыя смаляныя пні. Ваўчыца-маці стала хапаць іх, ваўчанят, зубамі і лапамі... Двое ў іх гняздзе тады згарэла, а яго, Мурлахапага, і ягонага брата з чорнай плямай праз усю спіну выхапіла з агню ваўчыца-маці, справілася. Аднаго, пасля другога. Толькі другі абгарэў. Абгарэла пярэдняя лапа, уся... Доўга не зажывала, пасля, калі яна зацягнулася, на ёй пачалі расці шчаціністыя валасы. Раслі густа, круціліся, цягаліся па зямлі і на нагу праціўна было глядзець.

Пасля пажару яны згубіліся. І ніколі дагэтуль не сустракаліся. Але цяпер Мурлахапы яго пазнаў. Той глядзеў на яго, Мурлахапага, стоячы нос у нос, тады, падкінуўшы яго галаву ўдарам носа пад шчэлепы, учапіўся ў горла. Адразу, моцна, востра і балюча. Бо горла ў яго, Мурлахапага, было ў ласінай крыві, і сам ён быў у крыві, густой, з замёрзлымі друзалкамі.

Мурлахапы тузануўся, але дарма. Яго ціснулі клыкамі за горла намертва, не адпускаючы.

Што ж ты робіш, ты ж з аднаго гнязда, ад адной маці-ваўчыцы? Ты ж і не сышоў нікуды далёка, як нарадзіўся,так жыў і жывеш недзе тут, у Ліпніках ці Ямскім. Што ж ты рэжаш свайго, не пазнаўшы. Свайго ж...

А да лася ўсё спаўзалася і спаўзалася прышлая зграя... Мурлахапы страпянуўся і сам учарэпіўся клыкамі свайму прышламу брату збоку за шыю.

Яны, счапіўшыся, пакаціліся ў самую зграю...

Мурлахапы пачуў, як у яго гарыць агнём усё цела: спіна, жывот, ногі, але ён не адпускаў сваіх зубоў, раз'ярыўшыся яшчэ больш.

Яны качаліся нядоўга - да падыходу новай зграі. Яшчэ больш галоднай і злоснай, якая, не падступіўшыся яшчэ да лася, накінулася на іх, скрываўленах і распластаных на снезе...

...Загарэлася раптам у іх перад вачыма вялікім пажарам Каралінская пасека, і яны абое, і Мурлахапы і яго брат, задыхнуліся і згарэлі ў агні... Там, здалося, далёка ў маленстве, на пасецы, сярод іван-чаю, рабінкі і смаляных пнёў. Як усё роўна іх і не было на свеце.

 

5

 

Яму, Мурлахапенькаму, клюнула ў вока варона. Ён адплюшчыў вочы і глядзеў на яе: стаяла над ім - чорная дзюба і чорная галава, шэрыя плечкі і грудзі. Убачыў яшчэ, што кончылася ноч і пачынала днець.

Варона падумала недзе, што ён нежывы, і дзюбнула другі раз - глыбака, аж забалела яму ў галаве.

Ён тузануўся пасля доўгага непрытомнага сну і пачуў, што ажыў, жыве, толькі прымёрз голымі кішкамі да снегу.

Варона адскочыла, каркнуўшы нема з перапуду, і тады зашумела ўсё наўкола. Са снегу з граем узляталі вароны, што былі заслалі, здалося, увесь Пагурак - сядзелі адна ля адной. Палахлівыя падымаліся з зямлі і, галяшачы, кружыліся над старымі асінамі, смялейшыя пераляталі з месца на самім Пагурку, то агаляючы, то хаваючы з воч чырвоны ад крыві снег.

Гарэла на ўсходзе чырванню раніца; сонца яшчэ не было відаць, толькі воблакі ад яго высака ў небе, цяжкія, чорныя, былі падпалены густа чырвоным скрываўленым агнём. Усходам сонца яшчэ горш пёк мароз. Нізка над зямлёй за камлямі старых асін вісела зблеклая поўня, але яшчэ белая і насцярожаная ад начы. Недзе ў ціхай раніцы далёка загудзелі машыны.

Праз якую хвіліну з-за калючага яловага лесу паказалася сонца. Узышло гарбатае, прыплюснутае, як паявілася на свет маладое ласяня. Засвяціла на высокія асіны, якія абляпілі вароны. Вароны ад сонца парабіліся чырвоныя, як агонь.

Заіскрыўся іней на елках, на чорных вольхах, на двух недалёкіх, абсыпаных снегам стагах на балоце.

І над усім гэтым насілася з крыкам чорнае вараннё.

Мурлахапенькі тузануўся яшчэ раз, каб устаць, але пад жыватом затрашчаў цененька лядок і пачырванеў снег - пайшла кроў. Нагнуўшы галаву, ён пачаў лізаць рану на жываце.

Зверху пасыпаўся іней - дробненькімі сняжынкамі. І снег на зямлі, і іней на дрэвах, і густы туман угары, і лёгенькія хмаркі, што плылі хуценька, як уцякаючы адсюль - усё было белае-белае і падсвечанае чырвоным сонцам. Вароны пачалі трывожна мітусіцца, несціхана галяшачы апускаліся да зямлі; махаючы крыллем, хапалі са снегу ў дзюбы чырвоныя, акрываўленыя друзалкі і падымаліся ў лёт.

Калі ён, Мурлахапенькі, сабраўшы сілы, адарваўся ад зямлі і зірнуў з-за куста на Пагурак пад старыя асіны, убачыў чырвоную ад крыві паласу снегу і чырвоныя, раскіданыя ўсюды косці... Па касцях скакалі вароны, і ў самым куце ля асін краталіся худыя-худыя ваўкі. Трое. Яго ад іх аж страсанула...

Пад'ялеўцавы куст, за якім ён, Мурлахапенькі, цяпер ляжаў, куды яго адкінуў нагой лось, парваўшы яму жывот і выпусціўшы кішкі, быў на самым краі Пагурка - на спадзіне. Унізе быў лог, рака і вольная дарога ў Ямскае.

Ён падумаў, што адужэе і зможа яшчэ падацца туды.

Кульнуўшыся цераз сябе, ён скаціўся з Пагурка па шэрані ўніз на лог, дзе стаялі два прысыпаныя белым снегам стагі.

З гары, з Пагурка, ад трох старых высокіх асін, аблепленых вараннём, у яго бок ужо глядзелі разяўленыя воўчыя морды, прыхопленыя ранішнім белым інеем. На іх ад сонца ляжала чырвонае сяйво.

 

1999


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая