epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Пташнікаў

Тартак

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


Памяці маці

 

1

 

У галаве круціцца, здаецца, усё на свеце. Можа, гэта ад цяжкой хады...

На загоне ля лесу - на ямах - Наста наступіла на стары, шырокі, як лапаць, халодны казляк. Стала свежа ў нагрэтую ў пяску і паколатую аб іржышча нагу.

Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад'язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной, і Наста ішла па старым, прыбітым скацінай і калясьмі загоне. На загоне яшчэ было знаць старое ржышча: сівое і пачарнелае, яно ляжала на цвёрдай зямлі, як парассыпаная з ахапка дробная салома, і па ім пайшлі ўжо расці падбярозка і пырнік. За падбярозку чапляліся босыя, збітыя аб каменне ногі, і трэба было трымаць у дзве рукі мех, бо можна паляцець носам у зямлю. Рассыплеш усё на свеце...

Мех ляжаў на спіне: цяжкі і слізкі, ён спаўзаў і спаўзаў, і Наста тады чаплялася пальцамі ля завязкі за абрублены канец і падносіла, адпусціўшы рукі, пад падбародак кулакі - прыціскаючы іх галавой да грудзей. Пасля, калі млелі пальцы і шыя, Наста спынялася, нагіналася ўперад і паддавала мех вышэй на плечы.

Паддаўшы, кожны раз стаяла, каб аддыхацца.

Мех быў новы, з суравога палатна, дастала сёння з шафарні - трапіў пад рукі, - у ім толькі раз вазілі малоць, і цяпер, калі яна паддавала сабе на плечы, з яго яшчэ церушылася мука. Жыта яна насыпала як закінуць самой - падняла з зямлі мех, апіраючы яго на сасну, што расла ля ямы, - насыпала, баючыся, каб хаця, божа барані, хапіла, бо немец загадаў знесці па тры пуды з хаты, каб хаця не трэба было ісці другі раз. Бо трэба будзе зноў прасіць вартавых, уласаўцаў, каб тыя пусцілі да ям. Уласаўцы стаялі аж трое на дзядзінцы, на старых даўнейшых могілках, - могілак Наста ўжо не помніць, адно званне ад іх асталося, стаялі ля чорненькага і доўгенькага кулямёта і не хацелі пускаць у лес. Наста бачыла, што з вёскі да іх перад ёй падышоў быў яшчэ адзін уласавец - маленькі, кругленькі, як дзіцянё, - сказаў, мусіць, каб прапусцілі, бо сівы немец гаварыў у вёсцы, што пусцяць да ям...

Уласаўцы доўга не пускалі. Пыталіся ўсё, дзе схавана і што... І ад каго яна хавала жыта... Яна сказала: «ад бандытаў», бо несхаванае парасцягвалі б, а дзе б яна тады ўзяла што, калі б, як цяпер, спатрэбілася...

Тады яны, памацаўшы яе новы мех, перакінуты цераз руку, пусцілі. Адняслі свой чорны кулямёт з могілак далей, на поле, за ямы, ёй, Насце, наперад, - баяліся, каб яна не збегла, ці што?..

Жыта было закопана ў старым куфры, які ўсягды стаяў у іх дома ў кутку ў сенцах. Яго завязлі да ям ноччу, перад самай блакадай, калі ўжо ў Камене стралялі немцы, пасля прывязлі ў мяхах жыта з шафарні. Куфар закапалі ў старой яме ад бульбы, апусціўшы аж на дно, - яма ўжо асыпалася, але была яшчэ глыбокая. Навярнулі зямлі, ссунуўшы берагі ў яме, пасля наклалі роўна дзёрну, прытапталі нагамі і зверху нацерушылі сасновых іголак. Куфар знайсці было цяжка - уся зямля парыта і прытаптана, увесь бор, - і куфар не знайшлі, уцалеў.

Наста доўга яго адкопвала адна; змаглася, забалела сярэдзіна і рукі. Закопваць было лягчэй, і закопвалі ўдваіх - памог Махорка.

Жыта ў мех яна насыпала бляшанкай, што ляжала разам з жытам у куфры. Бляшанка была ад патронаў, доўгенькая, на дзве добрыя пядзі, і вузенькая. Зробленая з цынку, яна блішчала ўся, як вядро, калі яго вышаруеш вехцем з пяском. Бляшанку пакінулі ў хаце лунінцы: яны прыйшлі з-пад Лагойска і стаялі перад самай блакадай два тыдні ў вёсцы. Ужо калі ў Камене былі немцы, лунінцам ноччу скінулі з самалёта за ямамі на пасецы парашут. Лунінцы расклалі былі аж тры агні, вялікія, як сухія ламы ўсё роўна палілі дзе ў лесе, - агні былі відаць з вёскі. Парашут, казалі, знясло ветрам з пасекі, і ён зачапіўся за сасну ля дарогі. Лунінцы гаварылі тады, што парашут «няўдачны»: пагнуты былі скрыначкі з патронамі. Пагнутых скрыначак было многа, і лунінцы, прынёсшы іх да Насты ў хату, - у яе стаяла аж пяць чалавек, - адкрывалі ў іх вечкі далатом і малатком, бралі пасля патроны і адзін за адным перабіралі ў пальцах. У кожнага лунінца стаяла скрыначка на каленях. Чатыры скрыначкі былі пагнутыя, і лунінцы, папрасіўшы рыдлёўкі, зарылі іх разам з патронамі ў зямлю ля плота на мяжы. З пятай толькі высыпалі патроны на стол і падзялілі, а скрыначку пакінулі ў кутку на лаве за сталом.

У тую раніцу, чуць свет, лунінцы пайшлі з вёскі, забыўшыся на скрыначку, ці, можа, яна ім і не трэба была. Наста адразу схінула яе з воч: пасудзіна - можна было ссыпаць у яе стоўчаныя крупы і, калі не пашкадаваць, можна зрабіць аж дзве таркі дзёрці бульбу - выйшла б...

Насыпаючы жыта, яна ўсё баялася, каб не забыцца і не ўзяць бляшанкі з сабой у мех. Яна, здаецца, зарыла яе напасля ў куфры глыбока ў жыта...

Кончыўся доўгі загон, і Наста пайшла дарогай, ступаючы ў гарачы пясок аж па костачкі. Сонца цяпер зайшло якраз спераду, біла ў вочы, і яна залівалася потам. Было горача, прыліпалі да плячэй мокрая палатняная сарочка і нажутка; здавалася, коўзаючыся за плячыма, ад поту намакаў мех. З'ехала з галавы хустка, рассыпаліся валасы, згубіўся недзе, калі насыпала жыта, ражок старога грэбеня, зубы на чатыры (дагэтуль ён яшчэ тырчаў у валасах, было чуваць).

Сонца стаяла якраз на паўдні - высака ўгары над самай вёскай. Ад яго гарэла галава і смылелі шчокі; трэскаліся сухія вусны, і сох у роце язык, рабіўся шорсткі, не павярнуць. Балела над мехам плячо, цягнула ўніз, і давілі пад горла рукі, сціснутыя ў кулакі, - займала дыхаць.

«Паспець бы... Гэтулькі з куфрам мэнчылася...» Аднекуль пахла гарам, едкім, смярдзючым - аж блажыла. Мусіць, на сухім балоце ля грэблі загарэўся торф.

Пасярод вёскі, ля Махоркі на гародах, стралялі - густа, як палкай хто вадзіў па плоце.

«Маўчалі дагэтуль. З раніцы...» - Яна падняла на гарод вочы, глянула спадылба. Ад сонца ўсюды было сіне, як ад дыму, і на гародах нічога не было відаць.

На могілках на дзядзінцы ляжала каменне - крушнямі; сюды панаганяла з вясны, яшчэ ў паводкі, пяску, і цяжка было ступаць: вязлі ногі.

Ля Боганчыка, пры ўваходзе ў вуліцу, былі расцягнуты платы - іх немаведама на што расцягалі ўласаўцы, і жудасна было глядзець на голы без плота гарод: адразу за ім быў відаць Выганчык, дзе гарэў торф.

Вуліцай, здавалася, лягчэй ісці - цвярдзей было нагам ля самага плота па ўбітай зямлі. Вуліца была пустая, толькі пасярод вёскі, ля Махоркі, хадзілі людзі - па адным. Уласаўцы разышліся па дварах. Было відаць, як яны, паскідаўшы з сябе верхняе, мыліся ў Боганчыка на двары - чалавек пяць. З коміна ў Боганчыка пахла смаллю на ўсю вуліцу...

Наста ішла ля плота - ля сваёй хаты - і не зайшлася. Калі падышла да хлева і пачула, як запахла старым сенам і гноем, ёй стала цяжка дыхаць і горача зрабілася ўваччу. На двары нікога не было відаць: ні дзяцей, ні ўласаўцаў, і яна падумала, што дзеці - Іра і Валодзя - недзе ў хаце. Сядзяць, двоечка, на сенніку на падлозе, напужаныя, - там, дзе яна кінула іх, пайшоўшы з хаты і сказаўшы, каб яны не ўставалі з падлогі. На двор былі зачынены на закрутку вароты, ля варыўні параскіданы з вярсты дровы - іх, мусіць, параскідалі, калі яна была ля ям, - і ўсюды было пуста і ціха.

Яна прыхінулася да свайго плота на другі бок вуліцы, апусціўшы мех зверху на жэрдкі, адсапнецца хоць...

І раніцай, калі іх з Карчаватак прыгналі ў вёску немцы, на двары было ціха і пуста. Паснулі на возе дзеці: не спалі ў лесе ўсю ноч, лежачы пад калясьмі на зямлі; усю ноч без сціханага немцы стралялі па лесе з кулямётаў, і над галовамі ляцелі кулі з агнём...

Прыехаўшы на двор, яна загнала Буланчыка ў хлеў, кінула нераспрэжанага, і пазаносіла на руках у хату дзяцей - паклала на ложак на разгоеную салому. Села сама на маленькім услончыку ля ложка і глядзела на іх, не зводзячы вачэй. Падумала пасля, што трэба падпаліць, мусіць, у печы, бо, прачнуўшыся, дзеці захочуць есці... Яна ўстала, пачула, што не служаць рукі, каб наліць у гаршчок вады...

Зноў пачалі страляць - з хаты цяжка было пазнаць дзе, мусіць, у тым канцы. Пасля раптам на вуліцы, ля Боганчыка, нехта загаласіў на ўвесь голас, як мог...

Яна адчыніла дзверы - піхнула іх рукой у сенцы. Плакалі і ля Боганчыка, і ў вёсцы на вуліцы - мусіць, ля Панка: прымаўляла Паніха.

Пасля Наста пачула, як ляпнулі вароты і на двары ля сцяны задугаў нагамі нехта чужы. Дзверы ў хату шырока расчыніў уласавец; высокі, ішоў сагнуўшыся і несучы ў руках вінтоўку. Адапхнуў Насту прыкладам назад, калі яна падышла да дзвярэй.

- Трі душі? - папытаўся ён з парога, гледзячы на ложак, дзе спалі дзеці. - Всем до едіного... В деревню... Выході, мать... - сказаў ён пасля неяк цішэй. - Выході, не стой...

Яна падбегла да ложка да дзяцей, пасля да куфра, не помнячы чаго: хацела, мусіць, адчыніць, каб што ўзяць...

- Нічего не брать... Выході... - уласавец цяпер паказваў і галавой і вінтоўкай у дзверы.

Яна схапіла на рукі маленькую Іру. Валодзя, згледзеўшы ўласаўца, саскочыў з ложка і выбег за ёй на двор. Сонны, ногі ў яго чапляліся за парог і ў хаце і ў сеначках...

У вёсцы стаяў крык: плакалі, усё роўна як вязлі каго хаваць на могілкі.

Яна не стрывала, заплакала сама на ўвесь двор.

Падумала была раптам, стаўшы на двары: як гэта - нічога не браць з сабой? Усё ж перад вачыма... У парозе суднік з пасудай, відаць праз расчыненыя дзверы, ля студні вісіць з вадою вядро... Нічога не браць?.. На смерць пагоняць. Усёй вёскай. З малымі...

На руках прачнулася Іра і зайшлася; Наста стала ўсцішаць яе. Згледзела, што на руцэ вісіць белы ручнік... Невядома, чаму яна ўзяла яго - мусіць, схапіла замест хусткі...

Ля варот заплакаў Валодзя...

- Ма-а-мка... Я жыць хачу!.. Я жыць хачу!..

Яна нагнулася да яго - ён схапіў яе за нажутку, за рукавы ля лакцей, і пацалаваў у шчаку. Ён не цалаваў яе ніколі, і яна не помніць, ці цалавала калі яго, як ён падрос: яны да гэтага дома не прывыклі...

Тады яна зноў загаласіла на ўвесь двор...

- А зязюлькі мае-е...

Убачыла пасля, як адбегся ад варот высокі ўласавец з вінтоўкай і, дастаўшы з кішэні белую хустачку, стаў выціраць вочы: заплакаў.

Ля Міронавай хаты яна стала з маленькай Ірай на руках наперадзе ўсіх. За ёй былі людзі, сагнаныя з усёй вёскі. З аднаго боку, ля самых Махоркавых варот на двор, - бабы з дзецьмі: занялі ўсю вуліцу; з другога, ля хаты, ля сцяны, - мужчыны: жменька. Мужчыны стаялі адзін ля аднаго, перамешаныя: і вялікія і малыя, што абламаны зверху частакол. Ніхто ўжо не плакаў: не плакаць загадалі крыкам - хліпалі толькі бабы.

Стала ціха, нібы мор выкаціў усю вёску, і было чуваць, як далёка за лесам, над якім гарэла агнём сонца, страляюць і страляюць без сціханага - гэта недзе на Дзвінасе, куды адступілі партызаны. На другім баку вуліцы ля дубоў стаялі на зямлі два ценкія і доўгія чорныя кулямёты, настаўленыя на людзей, і высака на тыне сядзелі ўласаўцы адзін ля аднаго з вінтоўкамі ў руках - не знімалі з плячэй.

Калі з хаты ад Махоркі выйшаў немец, стала яшчэ больш ціха: ніхто не хліпаў.

Наста пачула, як у яе падкасіліся ногі і стукнула ў галаву. Галава закружылася-закружылася, і Наста, баючыся, каб не ўпусціць з рук Іру, аперлася на некага плячом - не помніць, на каго. Да яе збоку - да нагі прыціснуўся Валодзя, усё роўна як бы прыціскаўся некалі, калі быў маленькі: толькі вучыўся хадзіць.

Немец стаў пад дубам ля тыну між двума чорнымі кулямётамі. Стары, у яго былі сівыя скроні, аж блішчалі здалёку. Блішчалі і высокія боты на нагах, і сам ён увесь блішчаў на сонцы: арол на галаве, крыжык на грудзях, гузікі і спронжка наверсе на жываце.

Наперад яму адразу забег уласавец, высокі, ценкі і чорны, і засунуў рукі з бакоў пад дзягу. Загаварыў, слухаючы немца і гледзячы пад хату на людзей. Насце здалося, што ён прыліп вачыма да яе адной. Яна не чула, як гаварыў немец, - угледзела толькі, як кратаюцца яго чырвоныя сківіцы: яна стала слухаць уласаўца.

- После того... - загаварыў ўласавец, спатыкаючыся, нібыта хто яму перабіваў, - как возле вашей деревні.... нас обстреляла банда в колічестве ста человек... вы все подлегаете расстрелу... деревню следует сжечь...

Наста пачула, як у яе з рук ссунулася Іра і прыціснулася да калень, учарэпіўшыся рукамі за спадніцу, - мусіць, у яе, Насты, абвялі былі рукі... Стала неяк зусім ціха ззаду, дзе стаялі людзі, было чуваць толькі, як нехта дыхае за плячыма: дзьме холадам у патыліцу. Аціхлі нават на тыне ўласаўцы з вінтоўкамі. Наста ўбачыла, што іх цяпер за тынам была поўна аселіца, аж да ракі - панаходзілі раптам аднекуль.

Цёмна стала ўваччу, і закруцілася ў галаве. Яна цяпер не ўсё чула, што гаварыў уласавец.

- ...как вне всякіх сомненій доказано... вы все содействовалі партізанам...

Пасля яна, схамянуўшыся, нагнулася і падняла на рукі Іру... Пачула, што хаваецца за яе Валодзя... Стала горача, не было чым дыхаць, усё роўна як душылі, узяўшы за горла... «Каб толькі не спалілі дзяцей... - падумала яна. - Толькі не дзяцей... Закінуць бы іх куды за тын ля хаты з вачэй... За тынам высокі бульбеўнік... Распаўзліся б...» Тады падумала, што не ўстоіць, возьме пабяжыць і сама... Пабяжыць гародамі... У Карчаваткі. Не будуць жа страляць у яе. У яе ж на руках маленькая Іра...

Яна пачула, што ўсё яшчэ гаворыць уласавец, не страляюць, і нагнулася ўперад.

- ...Немецкіе власті решают... - усё гэтак жа спатыкаўся ўласавец... Дастаўшы рукі з-пад дзягі, ён паказаў на ўсіх пад хату: - Все крестьяне должны за два часа собрать і отвезті трі тонны хлеба в местную комендатуру... В Красное... Еслі же завтра к двенадцаті, - Наста ўбачыла, як сівы немец глядзеў на руку, на гадзіннік, - не будет із комендатуры документа, всё пойдет дымом... І все будут до едіного...

Яна толькі пасля ўжо здагадалася, пра што гаворыць уласавец, і падумала, што, пакуль ён гаворыць, не будуць страляць у людзей... І пакуль у вёсцы будуць зносіць жыта, усё яшчэ не стануць страляць...

Яна раптам успомніла, што ў яе дома пустая шафарня ў сенцах, што яна, Наста, не можа прынясці ні каліва, бо дзе возьме...

Падумала, што праз яе могуць спаліць вёску...

Яна ступіла і выйшла наперад з Ірай на руках - да тыну, дзе стаялі два чорныя кулямёты і немец з уласаўцам. Згледзела адразу, як яны двое ўтаропіліся на яе, пасля зірнулі адзін на аднаго і кораценька перагаварыліся - «вэр, вэр...».

Калі яна загаварыла, пачула, што голас у яе моцны і рэзкі - яна аж крычыць - і што язык сухі, як трэска, і не гнецца...

Немец з уласаўцам зноў кораценька перагаварыліся - «вэр, вэр...». «Большевік...» Уласавец зноў засунуў рукі пад дзягу на жываце і зыбнуўся на нагах.

- ...Пускай хоть сосед... - пачула яна, як сказаў ён, прыціскаючы на кожным слове.

Яна загаварыла зноў, паказваючы рукой на лес да могілак: закопана... Немец з уласаўцам гаварылі цяпер доўга - «вэр, вэр, вэр...». Пасля ўласавец кораценька і злосна буркнуў ёй:

- Пустім і в лес...

Яна яшчэ сказала, што ўсюды каравулы, што не даюць выйсці з двара... Яны ёй ужо нічога не адказалі; махнуў толькі немец рукой, паказваючы ў грумаду, тады крыкнуў некуды на двор. Адтуль адразу выбег уласавец і пайшоў у канец вёскі - да могілак...

Пакуль яна прывалакла ногі ад тыну да хаты, пад хатай ужо не было людзей...

...Ад свайго плота цяжка было адысціся: здавалася, пацяжэў мех - яго насыпалі аж пад самую завязку. Яна ўжо не бедавала, што баляць плечы; сагнулася, як старая баба, і глядзела толькі на сцежку пад ногі і на вуліцу перад сабой. На пяску на сцежцы знаць былі сляды ад нямецкіх ботаў: у дзірачкі ад цвікоў. На ўпыленай крапіве і падарожніку ля плота валяліся доўгія белыя акуркі ад папярос, адзін яшчэ тлеў сінім дымам, і ля яго абгарэла рудая трава - відаць, нядаўна ішоў немец. Яна падумала, што немцы не апасаюцца: у такую суш можна падаткнуць агню, і ўся вёска пойдзе дымам.

Ля Панка быў абернуты на вуліцу плот, і трэба было, нямогучы, падымаць высака ногі - пераступаць жэрдкі. Жардзё ў плоце было зацярушана жоўтым пер'ем. Пер'е ляжала кучкамі і зверху на траве ля плота, і на пяску на вуліцы - відаць, рваў яго нехта з курыцы жменяй.

У вёсцы была зацярушана пер'ем уся Скарбовая аселіца, усё роўна як сюды зносілі курэй з усіх двароў. Наста згледзела, што на аселіцы пад раку гарыць агонь і ля яго кратаюцца ўласаўцы. Нехта там разбіваў тапаром на дровы, мусіць, вароты: аб сухую дошку ядрана бразгаў кручок. Ад агню пахла смаллю, аж зрывала нос...

«І не паапрагаюцца... Не паразрывае... Усё жывое пажорлі...» - падумала яна. Пасля падумала, што больш нікога не бачыць з мяхамі, усё роўна як ёй адной карціць скарэй накарміць немцаў. Здагадалася, што, мусіць, усе ўжо даўно пазносілі шклункі: шмат у каго жыта знайшлося дома, а не - то адзін у аднаго пазычалі: «Згары яны, гэтыя тры пуды...»

Калі яна ўбачыла здалёку Міронаву хату, высокую, з саламянай страхой, вышэйшую за ўсе хаты ў вёсцы, і старыя дубы, што раслі напроць, на другі бок вуліцы, у яе затрасліся ногі...

Падышоўшы з мехам на плячах да Міронавых варот, Наста згледзела, што яны адчынены, і падумала, што іх не змагла б ужо адчыніць сама: мех адняў рукі.

На двары ў Махоркі былі немцы - чалавек сем. Поркаліся ля Міронавага свіронка за дрывотняй ля самай студні. Два немцы стаялі, узяўшы рукі ў кішэні; трэці, расставіўшы ногі, апёрся задам на ручку ад рыдлёўкі - рыдлёўка была ўторкнута ў трасочнік на дрывотні; чацвёрты, сагнуўшыся, стаяў па калені ў яме - даставаў адтуль, недзе з-пад ног, белыя вялікія Міронавы талеркі і ставіў адну на адну. Галава ў яго вісела, кратаючыся, ля самай зямлі, была ўся лысая і блішчала здалёку на сонцы, як талерка.

Другія стаялі воддаль і, гледзячы ў яму, курылі...

Ужо на самым двары Наста ўбачыла, што ля свіронка на зямлі стаялі поўныя, насыпаныя жытам мяхі. Ля мяхоў тырчаў, як пень, Іван Боганчык, а ля самага тыну, пад свіронкам, стаяў немец - стары, сівы, той, што гаварыў на вуліцы перад усімі, - яна пазнала. За ім ззаду згрудзіліся ўласаўцы - чалавек дзесяць.

Наста падумала, што трэба ісці з мехам да свіронка. Убачыла пасля, што там цесна, не павярнуцца за ўласаўцамі, і стала ля варот. Стаяла, паддаючы сабе мех на плечы.

Тады стары немец павярнуўся да яе. За ім павярнулі галовы да варот і ўласаўцы.

Немцаў яна ўжо не баялася. Падышла да сівога, пастаяла; перакруціўшы рукі цераз галаву, скінула з пляча мех яму пад ногі. Немец адступіўся, стаў і глядзеў на мех. Махнуў быў рукой ля ног, паказваючы нешта Боганчыку. Боганчык падскочыў да яго з-пад свіронка, падняў яе, Насцін, мех і панёс перад сабой да мяхоў, што стаялі ля тыну. Яна пайшла за Боганчыкам; пачула, што ззаду ішоў і немец. Боганчык расхінуў нечы шырокі з пасцілкі ў палосы мех, насыпаны ў калена, а яна, падняўшы з зямлі перад сабой сваю ношку, перакуліла яе яму ў мяшок... Пачула, што задыхаецца - парвецца сэрца - і што з ілба пацёк руччом у вочы пот. Выцершыся, яна ўзялася рукамі за рагі ў мяху і пацягнула ўверх. У чужы мяшок, як дома ў шафарню, пасыпалася, шапочучы, зерне; запахла жытам, што на таку ў гумне.

Калі яна зноў тузанула мех за рагі, пачула, што не хоча высыпацца ўсё жыта - зашумела, як аб што бляшанае... Яна тузанула за рагі з усёй сілы. На босыя ногі пасыпаліся зярняты, і сцебануў па лытках завязкамі мех; выпусціў з рук мяшок Боганчык і адхінуўся да тыну, што напужаны...

Зірнуўшы на чужы мех, што поўны стаяў цяпер ля яе, яна згледзела: зверху на жыце ляжыць белая цынкавая бляшанка ад патронаў - уверх дном - і блішчыць на сонцы на ўвесь двор. З-пад бляшанкі з меха сыпаліся памалу на зямлю зярняты, паўзлі, як мурашкі.

Цёмна раптам стала ў вачах... Наста ступіла была назад, мусіць, каб не паваліцца, бо падкасіліся ногі...

Убачыла, што праз дым, як разам з ёй адступіўся быў ад меха немец, тады падбег, схапіў бляшанку, перакруціў яе дагары і клікнуў немцаў з дрывотніка. Тыя збегліся адразу - усе сямёра. Падбеглі ад тыну ўласаўцы. Сівы немец падаў бляшанку лысаму... Пасля немцы сталі перадаваць яе з рук у рукі. Сівы немец нагнуўся быў яшчэ да меха, зачэрпнуў рукой жыта і клікнуў лысага - «вэр-вэр...». Да меха падышлі немцы і сталі перасыпаць жыта са жмені ў жменю.

Пасля яны пасталі ўсе, апусціўшы рукі, і глядзелі на яе - і немцы і ўласаўцы. Ёй стала раптам холадна, бы правалілася куды пад лёд у ваду, і яна падумала адразу: спаляць вёску...

Пачула была толькі, як сівы немец, паказваючы на жыта, сказаў кораценька: гут, гут... Яна здагадалася: застрэляць... Усярэдзіне нешта абарвалася, пасля яна, Наста, неяк абмякла ўся... Абмяклі ногі, не трымаюць яе, лезуць, як у балота...

Падумала: няўжо тут, адразу? І калі сівы немец, махнуў рукой, паказваючы, каб яна ішла да варот, яна падумала: застрэляць ля тыну і будуць страляць ззаду, у плечы...

Яна ішла да варот памалу-памалу - трэба было адрываць ногі ад зямлі... І сама не помніць, як павярнула на вуліцы ля тыну ў свой канец вёскі і памалу пайшла па сцежцы, чапляючыся нагамі за каменне. На двары ў Мірона было ціха - немцы маўчалі. Яны будуць страляць на вуліцы: недзе ідуць ззаду. Пасля на двары ў Мірона зазвінела бляшанка: бразнула ля свірна на каменне - яе выпусцілі з рук.

Наста пачула, як яе нешта тузанула спераду за руку... Яна спатыкнулася і ўбачыла: прыступіла мех - не помніла, што забрала і нясе яго на руцэ перад сабой...

Яна падумала, што жывая яшчэ, і, стаўшы, азірнулася. Ззаду ніхто не ішоў.

Пачула пасля, як яе аж трасе ўсю - схапіла стужа...

Дома ў хаце не было дзяцей: за сталом - стол стаяў у куце ля акна ад гароду - сядзелі ўласаўцы, апёршыся на грудзі... Наста не бачыла, што яны елі... Не згледзеўшы дзяцей, яна закрычала на ўсю хату. Уласавец, што быў бліжэй да акна ў гарод, паказаў пальцам у шыбіну... У гародзе пад прызбай сядзеў Валодзя з Ірай - трымаў яе на прыпале. Іра, звесіўшы ў яго з калень босыя ногі, махала імі, дастаючы пад прызбай сухі пясок.

Тады Наста апусцілася на ложак - села з краю на голую салому і глядзела ў акно за рэчку на пусты і гарачы ад сонца Выганчык. Не чула, як да яе гаварылі, - мусіць, была аглохла. Згледзела пасля, як падышоў да ложка ўласавец, узяў ў яе з рук мех і кінуў на лаву, што стаяла ля сцяны пад акном ад гароду. Мяшок ссунуўся адразу на падлогу. Тады Наста раптам успомніла, што ляжала пад лавай, і аж падскочыла...

Пачула, што рагочуць уласаўцы: павылазілі з-за стала, ходзяць па хаце, гавораць да яе. Яна ўстала з ложка, з саломы, і стаяла, узяўшыся рукамі за брыж.

- Што гэта ў цябе, матка? - яна ўбачыла, як уласавец, той, што паказваў ёй пальцам у шыбіну на дзяцей, паказваў цяпер пад лаву, дзе ляжаў мех.

- Ме-ех... - сказала яна ціха, не пазнаўшы сябе, і падумала, што ўласавец паказвае зусім не на мяшок.

- А за мехам, матка, што ў цябе? - уласавец прысеў і паказваў пальцам зноў пад лаву. Усё адзін гаварыў; другія глядзелі на яго і на яе і маўчалі.

Ёй зноў стала горача ўсёй... Яна не магла павярнуць языком. Падумала, што зноў праз яе спаляць і хату і ўсю вёску. За бляшанку не сталі, а за гэта не прапусцяць...

- Што гэта, матка, мыдла? - уласавец яшчэ больш сагнуўся і глядзеў цяпер, адвярнуўшыся на хату, на яе, Насту.

Тады яна сказала:

- Мыдла, дзеткі, мыдла...

- Га-га-га... - уласаўцы зарагаталі ўсе разам, а той, што паказваў пад лаву, устаў, падышоў да яе і паляпаў па плячы, моцна, аж забалела.

Яна ніяк не магла дагадацца, чаму яны рагочуць. Вадзіла толькі языком па вуснах і чула, што вусны сухія, патрэскаліся.

Пад лавай ляжаў тол, цэлая кучка. Як склалі яго лунінцы, прынёсшы ў хату парашут, так тол і ляжаў. Забыліся забраць... Яна хацела яго прыняць з вачэй, закапаць у гародчыку пад прызбай, але забылася. І цяпер ён ляжаў, складзены роўненька ў ладнай кучцы, - адзін кавалак прыліп да падлогі воддаль, ледзь не ля самага стала, ля ножкі... Жоўты і гладкі, як аскоблены, ён быў падобны якраз на кавалак сырога мыла, якое куплялі да вайны ў вёсцы ў краме...

- Га-га-га... Маладзец матка... - рагаталі і рагаталі на ўсю хату ўласаўцы.

Пасля яна пачула, як расчыніліся дзверы - рыпелі доўга, не сціхаючы: іх адчынялі памалу, на ўсе рукі, як хто з возам ехаў у хату. Ад яе адбегліся ўласаўцы, пахапалі вінтоўкі, што стаялі ля куфра, і выцягнуліся пасярод хаты.

Парог пераступіў яшчэ адзін уласавец - ніжэйшы за ўсіх, у пілотцы. Зірнуўшы на яго, яна ўбачыла неяк, што ў таго былі вялікія светлыя бровы. Дзвярэй ён не зачыніў і, выйшаўшы на хату, махнуў нечым белым - паказаў у парог. Уласаўцы, пабраўшы ў рукі вінтоўкі, усе да аднаго выскачылі за дзверы.

Калі ўласавец у пілотцы астаўся ў хаце адзін, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткі, тонкія, з воўны, і трымаў ён іх за пульсэтку, сціснуўшы ў кулаку. На яе, Насту, ён не падымаў вачэй; зрабіў круг па хаце, тады зняў з пляча вінтоўку і пайшоў сеў на лаву ля акна ў гарод, падкорчыўшы ногі, - боты дасталі якраз да меха. Пад лавай загрукала - Наста здагадалася, што ён пасунуў нагамі кучку толу. Пасля ён круціў вачмі па хаце: у кутку над сталом па сцяне, дзе віселі сапсаваныя старыя ходзікі, не ішлі; пад ложкам, ля печы і ў парозе пад суднікам - доўга глядзеў туды.

- Все вы бандіты... - загаварыў ён раптам паволі, як п'яны, - ледзь варочаў языком. - Вас всех надо перестрелять... Вон і вон... Солома еще на полу... Чугун с мясом полный... Партізаны недавно жралі... - ён паказаў вачыма на падлогу ля куфра і ў парог у качарэжнік; пасля ўзяў паклаў на калені вінтоўку, доўга глядзеў на яе, тады пачаў церці пальцамі.

Наста хацела сказаць, што ля куфра яна клала нанач дзяцей, калі пачалі страляць з Сушкава па вёсцы немцы, - ад таго не мецена яшчэ ў хаце, - і не магла. Глянула была на ўласаўца - ён быў выгалены, чысты і злосны - і сядзела на ложку, не могучы крануцца: у гаршку на прыпечку стаяла мяса, якое яна паставіла была нанач у печ варыць лунінцам, а тыя додніцай тады сабраліся і пайшлі не еўшы... Здагадалася цяпер, што ўласаўцы дасталі былі самі гаршчок з печы, і за сталом яны елі мяса - косці яшчэ ляжаць на абрусе, жоўтыя, як падплятанкі.

- Да что с вамі чікаться... - уласавец крануўся ўвесь і, закінуўшы адну на адну, пасунуў далей пад лаву ногі. Пад лавай зноў ціха грукнула. Уласавец быў нагнуўся і зірнуў на свае боты...

Яна сядзела як нежывая...

Пасля ён узяў паклаў на рог стала белыя пальчаткі з воўны. Дастаў з кішэні з фрэнча клубочак нітак, невялічкі, з макаўку, такіх жа белых і з воўны, як і пальчаткі. Паклікаў яе, Насту, - яна злезла з ложка і падышла да яго - і падаў клубочак у рукі, паказаўшы на стол:

- Заделать... і быстро...

Яна ўзяла ў рукі са стала пальчаткі і ўбачыла, што яны новыя і ў адной недароблены вялікі палец... Адразу ўспомніла, што ў яе ляжалі ў куфры ў прыскрынку пруткі. Падышла да куфра, падняла века, адчыніла вечка ў прыскрынку. Знайшла пруткі, узяла пальчатку без вялікага пальца, другую паклала на стол і села ля акна ад вуліцы проці ўласаўца.

Падумала: у каго гэта ў вёсцы былі белыя авечкі? У Махоркі ці не?..

Пруткі калолі ў пальцы, у пупышкі, былі вострыя, і яна ніяк не магла спачатку лучыць у вочка. Убачыла, што дрыжаць рукі; не са страху - яна ўжо не баялася - а, мусіць, ад таго, што нясла цяжкі мех: як жылы расцягнула ўсё роўна.

Калі ўласавец зноў, круцячы на каленях вінтоўку, сказаў: «Вы все бандіты...» - яна падумала: «Пракалоўся б ты на гэтыя пруткі...» - і тузанула за нітку.

Беленькі клубочак падскочыў на стале, пасля покнуў на падлогу і пакаціўся ўласаўцу пад ногі - пад лаву...

Уласавец нагнуўся, каб дастаць клубочак, заскроб па падлозе нагамі і зачапіўся за мех.

Пад лавай загрукалі кавалкі толу, моцна, на ўсю хату, - рассыпалася ад нагі ўся кучка...

Наста пачула, як бразнулі, зазвінеўшы аб стол, пруткі - вываліліся з рук.

Уласавец спачатку ўвесь збялеў, што мел; сядзеў, нагнуўшыся, і глядзеў на яе вялікімі, як не ў чалавека, вачыма. Пасля, мусіць, здумеўся, бо яна, баба, не баіцца толу, сядзіць, як сядзела, ля стала, і схапіўся абедзвюма рукамі за вінтоўку, якая ляжала ў яго на каленях. Насце здалося цяпер, што вінтоўка ў яго ўся белая, аж блішчыць, і крывая, як сагнутая...

Пасля ўласавец пачаў памалу-памалу ўставаць з лавы, не зводзячы з яе, Насты, вачэй, і маўчаў. Чуваць было толькі, як ён сапе. Яна падумала, што ён возьме адразу і застрэліць яе. Ніхто не згледзіць і не пачуе...

Калі цяпер бразнула клямка, Наста адразу адвярнулася на хату. Пачула, як на шчоках выступіў халодны пот... У хату ўвайшлі яшчэ два ўласаўцы з Боганчыкам - не тыя, што былі раней. Сталі ля парога, не падыходзілі да стала. Боганчык прытаіўся ззаду за імі, як хаваўся за плечы.

Трэба было ехаць у Краснае... Ёй, Насце... Кідаць дзяцей і ехаць. Бо ў яе быў конь. Усе ў вёсцы, у каго ёсць коні, паедуць.

Боганчык пасля ўласаўцаў сказаў, што ўсяго ў вёсцы асталося сямёра коней, што і ён сам паедзе, бо і ў яго астаўся цэлы жарабок, што нічога страшнага няма - з'ездзяць і вернуцца... Далёка тут тое Краснае...

Яна тады заплакала: у яе ж дзеці... Нагнулася і паказала рукой у акно ў гарод...

Уласаўцы сказалі, што скарэй вернешся з Краснага, калі астаюцца дзеці... Трэба было кідаць дзяцей...

Наста сядзела ля стала з пруткамі ў руках і не магла ўстаць...

Уласавец, што разбурыў нагамі пад лавай кучку толу і падымаў на яе, Насту, вінтоўку, першы пайшоў з хаты, як баючыся, забраўшы са стала пальчаткі...

 

2

 

На грэблі калыша і падкідае калёсы...

Буланчык з кароткай грывай, падстрыжанай «авечымі» ножніцамі, б'е ў хамут; у ямах напінаецца, аж рыпяць гужы, і храпе, наглытаўшыся пылу. А балючы які... Дакраніся пугаўём - са скуры лезе.

«Напужаная жывёла...»

Наста, апёршыся рукамі на ляжэйку, спаўзае з воза з мяхоў і, выпусціўшы з рук лейцы, доўга стаіць у пяску - не можа адагнуцца. Пясок пад нагамі гарачы, шорсткі і клейкі - здалося, зваліўся са скавародкі на падлогу ў парозе ля печы блін з непадсяванай ячнай мукі і ліпне да босых пят. А можа, яшчэ не абсохлі ногі, калі яна ўрабіла іх у гразь, падпіхаючы ў рацэ ля спаленага маста калёсы?

«Так звяло ногі... У каленях...»

Наста ехала самая апошняя, астаўшыся ззаду, і калі злезла з воза, Буланчык быў стаў, пасля, падвярнуўшы галаву, даў у хамут і, пачуўшы, мусіць, што палягчэла, пайшоў за возам - махаў галавой ад сляпнёў і хроп. Ёй трэба было цяпер даганяць калёсы, бо ні да каго другога не падсядзеш пад'ехаць: усе наперадзе.

Нылі суставы, балелі, калі разгіналіся, у каленях ногі. Наста спяшалася, валюхаючыся, што качка.

«Чорт бы не ўзяў Буланчыка. Не такая я і грамазда. Пашкадавала... Конская матка не здохла...»

Ісці па ямах босай было мякка і прыступна. Грэбля за гэты тыдзень, як уцяклі ў Карчаваткі, высахла і патрэскалася, што цэгла, - стала на такой пагодзе, што ўдзень збіты скацінай Выганчык за ракой на сонцы рабіўся белы і дрыжаў; нямецкія машыны перацерлі на грэблі сухі ў грудках торф на муку, і вецер пазасыпаў ямы і трэшчыны пад нагамі.

З-пад калёс падымаўся руды пыл і поўз грэбляй назад пад вёску - да маста.

Няма чым дыхаць, пяршыць у горле, і Наста, узяўшы за ражок паркалёвую белую хустку ў чорныя кропачкі, што вісела на шыі, выцірае ад поту шчокі і сухія, патрэсканыя, аж баляць, вусны. Ражок хусткі ўвачавідкі рудзее, бы гэта яна, Наста, тупае не за возам па грэблі, а дома ля чалесніка ў калядніцу, калі печ ад смалякоў з Карчаватак як юхта і да яе не падступіцца...

Баліць на правай назе костачка, што раз усё горш - узялася струпам.

«Кроў запяклася... - думае яна. - Згінь ты, благое... Усё гэта ў рацэ... Ля маста... Такі быў мост... Суткі гарэў... Перад самай вайной яго рабочыя рабілі - стаялі ў вёсцы. Яшчэ жоўты быў, не счарнеў. Смалой ад яго пахла... Партызаны яго падпалілі, нанасіўшы саломы, як адступалі. А немцы, калі трэба было ехаць, дык яны паставілі машыны на беразе - Петрусіха старая бачыла, з вёскі яна нікуды не кранулася ўцякаць, - высыпалі, што мышы на ток, на буй, нават доўга не стаялі. Пераскочылі, не падкасваючыся, адзін за адным разбалабашаную раку, што куры, - рака ў пагоду зусім перасохла - і адразу на страху да Петрусіхі: хата яе была з прыходу самая першая. І тапары ў іх, і пілы... Раскідалі па бярне і перацягалі на плячах да ракі. Ды што хату шкадаваць. Немцы ўсё могуць пусціць дымам... Сталі ў вёсцы надоўга. На Палік надта не сунешся. Туды дзень і ноч ішлі: і «Дзядзя Коля», і «Дзядзя Вася», і катоўцы, і «Барба» - не спомніш усіх. Грыміць і грыміць за Дзвінасой... А мост немцы жалезнымі крукамі збівалі. І не немцы, уласаўцы. Колькі там тых немцаў - жменя. Аб крукі і нагу недзе пакалечыла. Но-о-гі... Ці прынясуць яны назад у вёску. Да дзяцей... О-хо-хо...»

Яна дагнала Буланчыка пасярод грэблі, узлезла, нямогучы, на мяхі і адвярнула яго ад канавы: Буланчык быў сышоў з тору на сцежку і зачапіўся за старую падпорыну ад тэлефоннага слупа. Нізкая падпорына нагнулася над канавай, ездзячы, яе абдзёрлі восямі, а цяпер пашчапалі кулі, як хто тупым тапаром, - на крапіве ляжаць свежыя трэскі.

«Стралялі немцы ўвесь дзень з могілак, калі ля Каменскага броду прарвалі абарону ў кутузаўцаў... »

Наста помніць, як яна тады прыбегла дамоў з Карчаватак... Павалілася на двары пад прызбу і ляжала ні жывая ні мёртвая. Трашчала недзе на гародах, пад раку, хоць вушы затыкай, дзе акапаліся кутузаўцы: немцы пайшлі былі крыніцамі, што паабапал грэблі, да аселіцы. Над галавой над шчытамі ў хлеве, дзе былі пазатыканы гарохаўем дзіркі, шастала і шастала, кораценька і суха: шась! шась! - бы хто там, як злодзей, рваў струкі з сухога гарохаўя. «Кулі... - здагадалася тады яна. - Хлеў жа мог загарэцца... Але з могілак і з грэблі стралялі ў вёску, мусіць, не тымі, што гараць на ляту...»

Яна ўспомніла, як, прыгнуўшыся на дрывотні ля варыўні, з-за вугла страляў з аўтамата кутузавец, малады зусім. Бачыла яго твар, але не помніць ужо, забылася. Забылася, чаго і прыходзіла з Карчаватак дамоў: мусіць, па бляшанку з-пад малака і па кашулі маленькай Іры, якія не ўхапілі з сабой... Мучыліся без іх у балоце: змяніць дзіця не было ў што. «Галава... - падумала яна, - на дзяцей забывацца стала... А пра тое, што каза скакала на плечы кутузаўцу, - помніць. Як затрашчыць той сваім аўтаматам - яна яму на спіну. Козы, глядзі, каб на іх дохлае, стрэлу дзяркатага не выносяць... Таму кутузавец, відаць, і страляў так рэдзенька: чыркне, тады казу зганяе з плеч і мацюгае на ўвесь двор...»

Падводы расцягнуліся па грэблі, падняўшы пыл, і цяжка было разгледзець, хто за кім едзе. Пярэдні, Іван Боганчык, падбіраўся ўжо да мастка, што быў у другім канцы грэблі. Боганчыка можна пазнаць па жарабку. Жарабок у яго добры, нават з гружоным возам не сцішае хады.

Сама горш ззаду: глытаеш пыл, як гар які. Каб не балелі ногі, саскочыла б зноў і пайшла б сцежкай ля крыніцы, пакуль мінецца грэбля...

Наста чапляе лейцы за пугаўё і запіхае яго пад мех. Буланчык, пачуўшы, зноў даў у хамут, захроп. Мокры ўвесь, пачарнеў; ад яго запахла потам.

На Кур'янаўшчыне, далёка над лесам, што быў аж сіні ад смугі, гудзелі самалёты. Набліжаліся ажно сюды, да грэблі, і тады над полем і могілкамі віселі, што каршуны; калі рабілі паварот, раўлі, аж замірала ўсё ўсярэдзіне. Пасля хаваліся з воч, і ў самым кутку на Кур'янаўшчыне падала на лес чырвонае полымя, як хто кідаў там зверху галавешкі з агнём.

Наста пачула, як у яе пахаладзела за плячыма...

«Дзвінасу немцы паляць... - уздыхнула яна. - З самалётаў...»

Стаяла густая духата - здавалася, самлела ўсё на зямлі за дзень. Сонца паўзло на захад, распаранае, як у лазні, у смузе: на яго нават можна было глядзець, не захінаючыся рукавом. Яно скора паверне за раку, на Карчаваткі. Там адвячоркам, дзе яшчэ ўчора яны былі ўсёй вёскай, закурыцца туман, белы, як сырадой, і ляжа на ягаднік і на мох у балоце раса. Забляе бакас, і будуць ныць камары - вісець хмарамі над купінамі. Збегчы б туды зноў з дзяцьмі - Іру на рукі, Валодзя сам пабяжыць са шклуначкам пад пахай, - паваліцца пад куст і не ўставаць, пакуль не аціхне страляніна... Дык жа і там не было ратунку. Знайшлі немцы, калі пайшлі балотам з-пад Камена.

Тады яна надумала, што ў Карчаватках у балоце можна было б абмыць з вачэй пыл, бо за ім свету не відаць, - а ён падымаецца і падымаецца з дарогі ад пярэдніх падвод і вісіць над калёсамі, як хмара.

Схаваліся самалёты; у тым баку, дзе сыпаўся з гары агонь, падняўся чорны слуп дыму і стаў распаўзацца на ўсё неба над лесам.

Даг-даг-даг-даг... - закудахкаў раптам ззаду кулямёт, як старая курыца, недзе на тым баку вёскі, за гумнамі ля лесу, дзе раніцай рылі акопы ўласаўцы, і захлопалі стрэлы. Водгаласкі пайшлі за лагі на імшары - у Карчаваткі.

«Не ўцерпелі да начы... Лесу баяцца... А можа, хто ўцёк з вёскі? Дзе ты цяпер уцячэш... Ля кожнага вугла ўласавец...»

Зноў стала ціха; тахкалі толькі па ямах калёсы, хроп Буланчык, і рэзалася ў некага аб атосу кола, мусіць, у Сяргеішынага Алёшы.

Яны мінулі грэблю і падымаліся на гару да могілак. Пад'язджалі да школы, ад якой, было відаць здалёку, асталося вялікае белае каменне і пагнутая рудая бляха - ляжала на зямлі. Школу ўчора пад вечар спалілі немцы. На пустым двары, што парос палыном і ля платоў жоўтым на цвеце дзівасілам, стаяў адзін зруб над студняй са стрэшкай. Ад студні на ўвесь двор расцягнулася вытаптаная белая сцежка і хавалася недзе пад лістамі пагнутай бляхі ля ганка.

На гары Насце добра былі відаць усе падводчыкі.

Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым, у яблыкі жарабку, якога ён, ужо як паявіліся партызаны, прывёў ноччу «з-за ракі» - «збамбіў» - і шкадаваў, што роднага бацьку: хаваў і ад паліцыі і ад партызанаў. Калі даводзілася ўжо, прыціскалі, сам ездзіў на ім. І сёння паехаў сам. І нікому б, відаць, не ўступіў яго ніколі.

Боганчык сядзеў высака на мяхах і, падняўшы руку, махаў над галавой дубцом - паганяў. Яго чорная барада была відаць аж здалёку.

За Боганчыкам, нокаючы на маленькага гнядога Сібірака, рассеўшыся на возе, кратаў плячыма валасаты Мірон Махорка-Карашкі ў чорнай сарочцы; за ім на сваіх доўгіх разводах соўгаўся Валодзя Панок - ківаецца здалёку яго сівая галава; Панка дагнала на рабой кабыле Таня Паляншчынка - усё нешта крычала яму, папраўляючы ў дзве рукі сваю доўгую касу; за Таняй, звесіўшы галаву ў вялікай чорнай кепцы, ехаў стары Янук Тваюмаць; на шостым возе ляжаў ніц, галавой у перадок, і ні на кога не глядзеў Сяргеішын хлапец Алёша. Дзіця яшчэ зусім, дзесяты год яму, ці што. Наста добра не помніць ужо... За яго возам, паклаўшы галаву аж на мяхі, і тупаў Буланчык. Адвесіў губу, форскаў, здавалася - хоча перагрызці на калёсах мех: дастаць зярняты.

«Хай гломзае... Каб толькі не аставаўся ззаду...»

Наста паправіла над мехам пугаўё, яно было сагнулася, і маглі сашмыкнуцца лейцы, і сашчапіла на каленях рукі.

Балела спіна; гарэла, бы хто яе пасыпаў прыскам, збітая костачка, і дрыжала ўсё ўсярэдзіне. У горле станавіўся камяк, і тады блажыла...

Халаднела, мусіць, ад поту за плячыма, нажутка, муляў на грудзях гузік - яна адшпіліла яго і дыхала, як пасля чаду выйшаўшы з хаты на двор, - глытала і глытала з дарогі пыл, аж пакуль не папярхнулася.

Калі прайшла блага, зноў заныла ўсярэдзіне... Каб ступала сваімі нагамі, а не вёз на мяхах Буланчык, далей школы ўжо не кранулася б... Не змагла б...

З гары, ад могілак, відаць, калі глядзіш назад, Дальва: як сівыя каровы ў гарачыню ля ракі ў кустах, збіліся ў кучы хаты, перамяшаліся... І вялікія і малыя. І каровы і цяляты... Пасля Наста бачыць толькі сваю: з саламянай высокай чорнай страхой хату ў канцы вёскі. Варывенькі і хлева з-за хаты не відаць. Не відаць і Боганчыкавага двара, хоць ён і побач. Тырчыць толькі ў тым баку асвер над яе, Насцінай, студняй... Пасля і ён апусціўся ўніз і схаваўся за варыўнёй: палезлі па ваду. Дзеці, мусіць...

На дарозе каменне. Па ім ляскаюць і скрыгочуць колы. Трасе цяжкія ад мяхоў калёсы, кідае па цвёрдых калдобінах. Баліць галава, аж сціскаеш зубы. І зноў блага. Гэта ад гару: яго цягне з балота на дарогу, аж сюды да школы; гарам пахла і праз усю грэблю ад самага маста. Гарыць сухі торф на лагу ў канцы вёскі ля ракі. За кустамі ў тым баку сіне ад дыму. І неба там, за Дальвай, сіняе, толькі далёка за лесам, над Карчаваткамі, відаць шэрае воблака - вісіць на адным месцы, што прывязанае.

«Дым... У Камене гарыць...»

Калі доўга глядзіш у той бок з-пад рукава нажуткі, мітусіцца ўваччу. Сонца над лесам рудое ад пылу, густое, пацямнела. Пыл ля самай зямлі белы, што дым ад сырых дроў.

На гары ля школы пахне ячменем - сухой саломай, як увосень у гумне ад малатарні. Ён і не паспеў яшчэ на нечых шнурах - жыта нават не налілося - згарэў на сонцы: пажаўцеў, ля дарогі пасох. Выгарала на дарозе трава. З-пад яе, калі ступае конь, падымаецца пыл вышэй калёс.

Форскае і форскае Буланчык. Увесь чорны, змок. Пад набераткамі на спіне ў яго - жоўтая пена...

Наста выцірае шчокі мокрым рукавом нажуткі - яны аж смыляць на сонцы...

«Скура гарыць. Як пры агні... Захлынешся...»

На гары ля школы па калені пяску. Перасыпаецца пад нагамі ў каня, што попел. Ад пылу не відаць пярэдніх падвод - згубіўся з вачэй Боганчык, як скрозь сіта свіціцца палатняная спіна старога Янука...

Зноў наліпла на шчокі пылу, як ля малатарні. Павядзеш рукой - даланя шорсткая, што тарка. Ад пяску не сціснуць зубоў; суха ў роце, язык - што дубовая карына.

Наста камячыць рукаво нажуткі і выцірае вусны. Рукаво салёнае, аж горкае...

Ацяклі ногі - як перавесіла цераз ляжэйку на грэблі, дык і не падымала, - сталі што чужыя, здранцвелі, і баліць, ломіць спіна, нізка, у самым крыжы. Хочацца выпрастацца, лёгшы на мяхі, як дзе на мяжы, пажынаўшы дзень не адгінаючыся... Уціснуць галаву куды ў плот: у крапіву і дзяды, каб нічога не чуць...

Даг-даг-даг-даг... - як хто спопаразку кулаком дома ў дзверы, застукаў у канцы вёскі кулямёт. Там, дзе гарэў за ракой торф.

Жык... Жык... - засвісцела збоку ўдоўж дарогі, як хто хлыснуў тонкай пугай па сухой траве... Жык... Жык... На пажарышчы з-пад бляхі падняўся попел і чырвоныя іскры. Буланчык напяўся ўвесь, даў у хамут, хочучы, мусіць, выскачыць з аглабень, тады выцягнуў галаву, дастаючы аж да Алёшавых ног на возе, і прыціснуў вушы - схаваў пад грыву.

Даг-даг-даг-даг... - стукала цяпер на грэблі ля маста. Там, калі яны ехалі, Наста помніць, тырчаў з ямы доўгі чорны кулямёт, увесь ў дзірках, пры ім стаяў на каленях уласавец, другі мыў у рацэ рукі. Стукала і на ферме ля пуні і ля Боганчыкавага хлева, які быў далёка ад хаты, пад самым лесам.

Жык-жык... Цыў-цыў... - цяпер ужо шумела над галавой і лопала недзе на Кур'янаўшчыне ля саду і ў кустах на могілках. У ячмені ля самай дарогі закруціўся рэдзенькі пыл.

Дрыжыць Буланчык, храпе і рвецца з аглабень. Не відаць ні Боганчыка, ні старога Янука. Блішчаць толькі ўперадзе вышараваныя аб пясок колы пад калясьмі ў Сяргеішынага Алёшы.

«Пагналі коней...» - здагадалася Наста. Нагнуўшыся ў перадок, яна выцягнула з-пад меха пугаўё і, ухапіўшыся за лейцы, пачала тузаць іх у дзве рукі. Буланчык не пабег, захроп, бы хто яго стаў душыць: упёрся ў Алёшавы калёсы.

- Паганяй, рыштант! - Наста закрычала як толькі магла і папярхнулася. - Смерці захацеў!.. - Яна тузала і тузала за лейцы, але Буланчык не бег і не мінаў Алёшавы калёсы. Уперадзе ў пыле ўсё блішчэлі на сонцы вышараваныя колы...

«Забіла...» - неяк адразу падумала яна і зжахнулася. Тады саскочыла з мяхоў і, спатыкаючыся, пабегла да Алёшавага воза. Ухапіўшыся рукой за ляжэйку, пачула, што яна мяккая ад пылу; пылу набралася на мяхі, на калошы і на босыя кароткія Алёшавы ногі. Чуваць было пад рукамі: яны мокрыя і слізкія...

«Забіла...» - зноў падумала яна і закрычала: - Яну-ук!.. - Клікала Янука, ён быў бліжэй. Уперадзе ніхто не азваўся. Жык-жык... - скакаў толькі пыл ля дарогі ў ячмені.

Пачуўшы яе ля аглабень, Алёшаў конь сышоў з дарогі і стаў. Яна тады ўхапілася за лейцы. Там жа, дзе за школай падводы, лагчына...

Алёшаў конь яе не слухаў, ступаў па пяску, напяўшыся, і стрыг вушамі, косячыся на поле ў ячмень...

Яна зноў зірнула на воз, аглянуўшыся, і паверыла сама сабе, што ўжо няма жывога Сяргеішынага хлапца. Перад вачыма ўсплыла ўся вёска: доўгая вуліца, поўная народу, і Сяргеіха са сваімі закручанымі ў белыя палатняныя полачкі блізнюкамі. Яе гоняць два ўласаўцы, спацелі, пазнімалі з галоў пілоткі... Гоняць да Міронавай хаты, у грумаду...

- Алёша-а!.. - закрычала яна, баючыся, сама не ведаючы чаго.

Алёша ляжаў, як ляжаць нежывыя...

Тады яна схапіла яго за ногі і пачала тармасіць у абедзве рукі.

Алёша кратаўся - увесь... Яна страпянулася была і схавала пад нажутку рукі, а Алёша ўсё тросся на калёсах: іх падкідала на каменні.

Алёшаў конь раптам пабег. Сам. Пабегла і яна ля воза, ухапіўшыся за ляжэйку. Займала дыхаць, здавалася - павалішся ў пясок пад калёсы...

Ціў... Ціў... - ціўкала высака над галавой, пасля змоўкла. Стала ціха і ў канцы вёскі, дзе гарэў торф, і ззаду ля маста, і ў ячмені на Кур'янаўшчыне. Бег конь, бегла і яна ля калёс, учапіўшыся за ляжэйку.

Тут было з горкі, і конь бег, колькі яму хацелася, пасля таркануўся на месцы, аж хамут палез яму на галаву, і пайшоў, чапляючы нагу за нагу: Алёшаў воз быў цяжкі, цяжэйшы, чым у яе, Насты.

Яна азірнулася і ўбачыла, што Буланчык ступае, як і ступаў, паклаўшы галаву на Алёшавы мяхі.

«Бег ззаду...» - падзівілася яна.

Наперадзе ў пыле былі відаць калёсы старога Янука.

- Яну-у-ук!.. - закрычала яна на ўсё поле. Тады падумала, што забылася: крычы не крычы, Янук не пачуе: глухі. Але Янук раптам спыніўся і павярнуўся на возе: мусіць, сам хацеў паглядзець, што робіцца ззаду...

Дагнаўшы Януковы калёсы, Алёшаў конь спыніўся, стаяў і дрыжаў. Пасля падструніўся і застагнаў...

Наста баялася цяпер глядзець на мяхі, дзе ляжаў Алёша. Падбегшы да Янука, яна схапіла яго за рукі і заплакала.

Янук замычаў, адсоўваючыся далей ад яе на возе.

- Забіла... Забіла... Алёшу забіла!.. - закрычала тады яна, аглядаючыся назад.

Янук зірнуў на воз, дзе ляжаў Алёша, і памалу, як баючыся, ссунуўся з мяхоў. Паказаў Насце: сціхні ты!.. Сцягнуў са сваёй доўгай, як сліва, галавы чорную кепку, пажмакаў у руках і паклаў на мех, дзе сядзеў сам. Тады памалу падыбаў да Алёшавага воза. За ім пайшла і Наста.

Калі, падышоўшы да Алёшавага воза, Янук спыніўся, стала ціха, і было чуваць, як ля дарогі ў ячмені шастае конік.

Наста апусціла рукі і не дыхала ззаду за плячыма ў старога Янука. Шырокая белая зрэбная кашуля на яго худых плячах была ўся мокрая, пацямнела. Янук стаяў ля калёс і не кратаўся. Пасля зыбнуўся на нагах, падняў руку і пачаў выціраць з твару пот, як жагнаўся.

Яна тады падышла да самых калёс, стала побач...

Калі цяпер падняла вочы, убачыла, што Алёша ляжыць ніц на мяхах, а пад галавой у яго ахапак зайцавага гароху, укошанага недзе, мусіць, на мяжы ў аселіцы... Гарох яшчэ не высах, цвіце сіненькім агеньчыкам... Ёй тады сціснула горла...

Янук зноў затупаў ля воза, пасля павярнуўся і ўтаропіўся на яе. Вочы яго, блакітныя, што ў дзіцяці, глыбока запалі, сталі вільготныя і глядзелі балюча-балюча... Ён паднёс руку да грудзей і схаваў даланёй чорныя гузікі ў кашулі. Здавалася, што яго раптам моцна ўкалолі. Хацеў нешта сказаць і не мог - дрыжала толькі ніжняя вусна, - тады нагнуўся над калясьмі:

- Ёска... Тваю маць...

Ён пагладзіў Алёшу сваёй доўгай рукой па галаве - рука яго зусім не слухала, - тады замычаў. Наста ніколі не чула, каб Янук так мычаў: як жывёла, якой нешта баліць. Янук пачаў кратаць Алёшу за плечы. Пасля ўзяў пад грудзі, хочучы, мусіць, падняць на рукі...

- Ёска... Ёска... Тваю маць...

Алёша выслізнуў у яго з рук і ўпаў на мяхі...

- Гэ-э-эй!.. Чаго астаўбуніліся? - клікаў знізу ад логу Боганчык. - Паганяйце... Здурнелі, ці што? Чаго спёрліся?..

Наста ўбачыла, што Боганчык звярнуў свайго жарабка з дарогі. Крычыць, не злазячы з воза. Далёка ўжо наперадзе, ля самага логу. Відаць, паганяў свайго шкадаванага, не глядзеў, калі пачалі страляць.

- Ёска... Ёска... - мычаў ля калёс Янук...

- Іван!.. Сюды!.. Мужчыны!.. Хлапца забіла... - Наста адвярнулася ад калёс і памахала пярэднім рукой. Пасля адышлася на дарогу, наперад каню, і стала махаць хусткай, зняўшы з шыі і сціснуўшы яе ў кулаку. Калі раптам на ўвесь голас замычаў ззаду ля воза Янук, яна адвярнулася, і яе ўсю аж страсанула... На калёсах, падкорчыўшы пад сябе ногі, сядзеў Алёша і цёр кулакамі вочы... Яго стрыжаная галава блішчала ад поту і была чырвоная, што рак.

- Спаў... Задаўлю!..

Наста падбегла да воза і схапіла сухі лазовы дубец, якім Алёша паганяў каня. Дубец быў зламаны, адваліўся ля самай рукі: яго, мусіць, зламаў, хаваючы пад сябе, Алёша.

- Шчаня!.. Каб збіў, збіў на порхаўку. Гэта ж падумаць, - яна махала хусткай, змятаючы з мяхоў пыл.

Алёша, мусіць, успомніўшы, дзе ён, схапіўся дзвюма рукамі за лейцы. Конь яго застагнаў і таргануў хамут: яму цяжка было скрануць з месца воз.

...За Алёшавымі калясьмі пайшоў, асцярожна ступаючы па каменні, стары Янук. Атрасаў з падала кашулі пясок і паказваў дзясны - усміхаўся.

Буланчык сам не крануўся за падводай, і Наста вярнулася да свайго воза.

- Гэта ж падумаць-падумаць... Так заснуць... Сэрца хацела парвацца... - яна падняла лейцы з дарогі. Буланчык наравіўся, і яго трэба было паганяць. - Гэта ж падумаць... - яна тузала за лейцы, спаганяючы злосць, тады пачула, што дрыжаць ногі. Спыніла каня і палезла на мяхі.

«Шчаня... - падумала яна зноў пра Алёшу. - Нацягаўся і спаў як забіты: закалыхала на грэблі. Не звёў вачэй і ён усю ноч са старымі разам. Малыя цяпер што старыя...»

Наста пачула, што і сама як спіць: галава цяжкая, хоць ты яе падпірай, і ўваччу некуды едзе ўніз і поле з ячменем і дарога... Яна тады выпрасталася на мяхах і ўхапілася рукамі за ляжэйку.

- Наста! Настуля!.. - клікаў Боганчык з логу. Было відаць, як ён адышоўся ад воза. - Паганяй... Таню параніла...

Наста саскочыла з калёс.

Наперадзе на дарозе стаялі ўсе падводы.

 

3

 

Таня ўжо аж на грэблі апомнілася, што не зачыніла ў хаце дзвярэй. І ў хаце і ў сеначках. У сеначках яны бразнулі аб сцяну - і прыстылі: кожны раз завальваліся за вушак; а ў хаце як раз'ехаліся, калі Таня піхнула іх, бегучы з двара, так недзе і стаяць. Чорныя, старыя, на дзве палавіны. Адна палавіна адчыняецца аж да новай лавы ля стала, якую зрабілі партызаны, - зімой летась доўга стаялі, іх было многа, і ім не хапала месца сядзець, - другая, калі яе адхінуць, закрывае ў парозе суднік з міскамі. Дзверы ў хаце цяжкія, Таня іх стала адчыняць сама ўжо, як падрасла.

Маці недзе ляжыць у запечку на ложку пад кажухом. Пад галавой у яе дзве падушкі, каб было вышэй. Яе трасе, а дзверы насцеж. І з вуліцы ўсё недзе відаць...

«Так забыцца... Як малая ўсё роўна. Хоць бы маці накрычала... Дык ляжыць і плача...»

Таня пачынае злаваць і тады тузае за лейцы кабылу. Але ўспамінае пасля, як у маці дрыжаць плечы, калі яна плача, і ёй шкода яе - аж сціскаецца нешта ў грудзях. Маці яшчэ ўчора раніцай была зусім нядужая і не хацела ехаць з вёскі ў Карчаваткі, гнала яе, Таню, адну. Разбудзіла додніцай - толькі яшчэ віднелася. Падышла да парога: там было свяжэй, расхінула дзверы і стаяла, прываліўшыся да вушака.

- Уставай, дачка, не ляніся... - гаварыла яна, нямогучы. - Карову прагані. Янук трубіць. Не магу на нагах стаяць ані. Галава вядзе. Кроў з рота пайшла. Мне ўжо лягчэй, не бойся... Уставай, дачка, чапурыся. І слухай, што Панкі робяць. Пойдзеш з усімі, я адна дома астануся... Дыхаць не дае ніяк. Колькі сталі ў плячах...

На дварэ было ўжо відна. Прагнаўшы скаціну, ля варот яшчэ стаялі людзі, гледзячы ўслед старому Януку. Янук, ідучы сярод вуліцы па пяску, дзе курэўся пыл, трубіў у доўгую трубу з бяросты - гаманіў на ўсю вёску.

З начы за лесам ля Камена было ціха, і людзі натапырыліся з самай раніцы: ніхто не хацеў ісці ў хату. У кожнага на двары нехта быў: папраўляў вароты, скрыпеў асверам. Недзе рэзалі дровы, у Панка, мусіць, - піла звінела на ўсю вёску. Людзі між сабой не гаварылі, і было неяк надта ціха. У некага рана пахла з коміна дымам. Гарэлі смалякі, і дым добра быў чуваць на дварэ.

Ці не пажар дзе? - людзі падымалі галовы і пазіралі на вуліцу.

Толькі Янук трубіў, не сціхаючы, ля лесу - сёння ён пагнаў кароў за Карчаваткі на пасеку. Адтуль, дзе схавалася скаціна, ішлі ў вёску партызаны - былі ўжо блізка ля Боганчыкавай хаты, заняўшы ўсю вуліцу.

Таня бачыла іх з двара, ідучы ў хату. Выгнаўшы карову, яна нават не прыткнулася ля варот: маці недзе і стаіць у парозе ля вушака, не адышоўшыся. Не дойдзе сама да ложка. І чаго ўставала... Магла клікнуць яе, Таню. Яна, Таня, не так ужо моцна спіць і сама прачнулася б, калі б Янук затрубіў ля хаты. Янук у кожнага ля варот трубіць - будзіць... Трэба скарэй завесці маці да ложка, каб лягла, і падаць ёй пад галаву падушкі. Яна тады як сядзіць усё роўна, і яе не блажыць...

З двара было чуваць, як кашляе ў хаце ў парозе маці...

Таня была ўжо ля самых сеначак, калі далёка над лесам, у тым канцы вёскі, якраз пад загуменне, узляцела ракета. Чырвоная і яркая, што мак. Вісела над пустымі азяродамі ў Панка на гародзе і, калі падала, доўга яшчэ блішчала, як шкляная. Таня бачыла ракету першы раз.

Стала раптам ціха, як у вушку. Не бразгалі на вуліцы вёдры, у Панка на дрывотні сціхла піла. Нават маці не было чуваць у сеначках. Толькі тахкала ў грудзях: тах, тах, тах...

Тады за вёскай, на загуменні, загрымела моцна і не сціхаючы - здалося, зусім блізка, бы ў Панка ў хаце звалілася што са сцяны на падлогу ці перасоўвалі лавы.

А-а-а-а... - захлебястала за лесам у канцы вёскі і за ракой на могілках.

Ускочыла над Панковымі азяродамі і пагасла яшчэ адна чырвоная ракета; нехта нема закрычаў на вуліцы, пасля там заплакалі дзеці.

- Што ж гэта, дачушка? Дзе-е-е ты-ы?.. - маці, нямогучы, лавіла рукамі вушак у сеначках: ішла на двор.

- Ма-ама... - як нешта адарвалася ў Тані ўсярэдзіне - яна загаласіла, бегучы да маці.

Каб не падхапіла яе пад паху, яна б упала на жвір ля парога, дзе стаяла дзежачка з вадой.

У хаце маці прывалілася на лаву ля стала, дыхала з сябе, выціраючы рукой мокрыя шчокі, і глядзела праз акно ў гарод.

- Чыё гэта на загуменні гарыць, дачушка?.. Агонь над нейчай страхой ускочыў. Дзе ж гэта? Што ж гэта будзе, дачка? Не плач, дачка, не плач... Не трэба плакаць. Нядужа я зусім, але мне лепш, не блажыць. Бяжы, дачка, запрагай кабылу. Калёсы на гародзе. Сена з ляжэек скінеш пад паветку. Глядзі, што людзі робяць. Панка клікні, паможа. А я буду вузлы збіраць. Не плач, дачка, не плач, ты ўжо не малая. Што міру - то і бабіну сыну. Будзем, як і ўсе... Бяжы, дачка... - Маці ўстала з лавы і, кашляючы, пайшла да печы, дзе стаяў ложак. - Дыхаць займае. Чохаўка напала... Бяжы...

Таня ніяк не магла адарваць локці ад падаконніка. На двары ля хлева замахаў крыллямі, выцягнуўшы шыю, чырвоны Панкоў певень - крычаў. Яна яго не пачула. Павярнулася пасля і глядзела, як маці ўзяла за рагі пасцілку з ложка і стала вытрасаць на хаце ад пылу.

«Падушкі будзе звязваць...»

Стралялі, здавалася, недзе блізка: у канцы вёскі і за грэбляй ля могілак. Таня ніколі не чула, каб так блізка стралялі. Яе схапіў холад: ляскалі зубы, усё ў хаце, здавалася, было халоднае, што зімой на дварэ. Яна бачыла праз акно, як ля маста за аселіцай ходзяць партызаны...

На ложку ўжо ляжалі звязаныя ў рудую пасцілку падушкі.

- Глядзі тады ў хаце, дачка... Збяры ўсё з судніка ў абрус. А я пайду Панка клікну, запражэ... - Маці, узяўшыся за грудзі, ішла да парога.

Тады Тані стала горача, бы на яе лінулі вару.

«Маці паваліцца можа...» - падумала яна і закрычала:

- Ма-ма!..

- Запрагай тады, дачка, сама і пад'едзь да ганка. Я лахманы яшчэ з куфра збяру. Нічога ж не схавалі дагэтуль, апушчэнства наша. На вачах усё... Не баўся, дачка...

Маці падышла да куфра, што стаяў ля акна ад гароду, і падняла века.

Таня кулем вылецела ў сенцы: там на шафарні ляжала збруя. Несучы яе перад сабой у гарод, дзе стаялі калёсы, яна думала, што ў іх жа новая дуга, якую даў зімой Панок, калі зламалі старую, возячы дровы. Дуга тоўстая, сукаватая, на яе не надзенеш гуж, трэба браць аглабню пад паху. А хто пасля паможа засупоніць хамут?..

Яна ўгледзела з двара, што ў Панка конь ужо быў запрэжаны - стаяў ля ганка - і на возе ляжалі хатулі. Самі Панкі ўсе сядзелі, мусіць, у хаце, на двары нікога не было: ні самога Панка, ні Паніхі з дзяцьмі. Таня ўбачыла яшчэ, што людзі ўжо едуць загуменнем: недалёка ад сваёй пуні, ля дзікай грушы, паганяў каня Мірон Махорка, на возе сядзелі бабы ў белых хустках. Аж навыскачку гнаў гародамі свайго жарабка Боганчык: на калёсах ён быў удвух з бацькам. Бацька - без кепкі, і з калёс блішчыць яго лысая галава...

Таня падумала, што людзі з начы яшчэ пазапрагаліся, а ім ніхто не сказаў...

Калі яна адчыніла ў хлеў дзверы, праз акно ў сцяне - маленькую шыбіну - засвяціла чырвонае, што жар у печы, сонца: якраз у вочы.

«Усходзіць...» - падумала яна і закрылася рукой - нічога не бачыла: ні курэй, што скакалі пад ногі з куросні і хлопалі крыллямі, ні кабылы, што заржала ў кутку, дзе стаялі яслі...

У хлеве было страшней, як у хаце: здавалася, стралялі над галавой, нібыта дзеці, сабраўшыся з вёскі, білі па страсе па драніцы каменнем... Кабыла хмылілася і доўга не давала надзець аброць. Таня гладзіла яе ля самых вушэй, там, дзе была белая ясачка пад грывай. Кабыла тады скочыла да дзвярэй, ледзь не вырваўшыся з рук, і спопаразку стала ў парозе. Упёрлася, задзёрла галаву і не пайшла на двор. Таня ўзяла за цуглі - кабыла падняла яшчэ вышэй галаву, падымаючы ад зямлі Таню. Пасля захрапла, адсела назад. Пад нагамі ў яе затрашчалі рэзгіні, з галавы зляцела аброць і чмякнула на гной; забразджалі цуглі. Перакуліўшы яслі, яна ўскочыла ў загарадку, дзе стаяла карова, і павярнулася задам да дзвярэй...

- Ма-ама!.. - закрычала на ўвесь двор Таня. Падняўшы аброць, яна хацела была бегчы да варот, але Панка на двары не было: ён паганяў каня на вуліцы, аж ля самай фермы - паехаў на загуменне.

У канцы вёскі была аціхла страляніна, тады пачалі страляць за ракой і ля могілак - з Сушкава.

«Адны мы дома... - падумала яна, і ёй яшчэ горш стала страшна. - Немцы ўжо ў Сушкаве...»

Убачыўшы ля варот на вуліцы Юзюка, яна злякнулася, як немаведама чаго. Юзюка яна адразу не пазнала: бачыла даўна, вясной, калі сеялі на загуменні бульбу. Ён як усё роўна недзе быў дзеўся з вёскі: ні знай ні ведай куды.

Юзюк ішоў па двары спавагі, як стары. Яго босыя ногі былі мокрыя ад расы, і на іх паналіпала пяску. Ішоў, ні разу не азірнуўшыся за раку на Выганчык, дзе стралялі. Яго нястрыжаныя валасы рассыпаліся на галаве на рад і закрывалі вушы. Рукі ён усунуў у кішэні, бы хаваў ад людзей. Глядзеў на Таню што чужы, насупіўшыся і спадылба, як не пазнаваў. Вочы ў яго былі вялікія і бегалі: з Тані - на гарод, дзе стаялі калёсы, з гароду - на яе, Таню.

- Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? - ён узяў аброць у Тані з рук, а яна стаяла і нічога не магла сказаць. Адкручвала толькі павадок, які быў закруціўся ў яе за руку.

- У хлеве... - пасля як апомнілася яна.

- А матка дзе?

- У хаце...

Ён нічога не сказаў, крутнуўся толькі на нагах, і ёй падумалася, што ў яго шырокія плечы і ходзіць ён па двары як усё роўна мужчына... Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаваткі.

Стала ціха, і ёй здалося яшчэ, што пашырэў двор; яна ўбачыла, як блішчыць на падарожніку і ў гародчыку на высокім бацвінні раса. У гародчык праз дзіркі ў паркане палезлі куры.

«У агуркі... Завязь дзяўбаць... - падумала яна. - Цяпер буду ведаць, якія памаўзлівыя...»

- Акы-ыш!.. - закрычала была яна, але куры яе не пачулі: ішлі баразной між град, клюючы бацвінне. Яно было высокае і краталася ў іх над галовамі.

Яна ўбачыла яшчэ, што на небе ні воблака - яно, як і ўчора, чыстае з самай раніцы. Сонца яшчэ над лесам, чырвонае і не грэе. Недзе за вёскай, у Камене, мусіць, нешта гарыць - угару слупам падняўся чорны дым. На вуліцы ля Панка бегалі і пішчалі курчаты, маленькія, жоўценькія. Адны, без квактухі. Ля маста, мусіць, у Махоркі ў гародзе, рыкала цяля.

Тады зноў пачалі страляць: і ў канцы вёскі і за ракой на могілках - ля Сушкава.

На ганак выйшла маці, несучы перад сабой дзве падушкі, звязаныя рудой пасцілкай; паклала іх на зямлю, села на парог і стала глядзець на яе, Таню, падпёршы рукой галаву. Глядзела і плакала.

Юзюк вывеў на двор кабылу - кабыла ішла за ім, дрыжучы і хмылячыся; з-пад грывы ў яе блішчалі вочы; у зубах краталіся і бразгалі цуглі.

- Здарова, матка!.. - загаманіў Юзюк адразу на ўвесь двор.

- А дзеткі... Адкуль жа ты, сынок? - маці падымалася з парога. - А што ж гэта робіцца? Гэта ж кінуць-рынуць усё... Гэта ж бегчы нітведама куды...

- Нічога, матка. Мы ціхачом... Карчаваткі блізка... - Юзюк паказваў зубы, смяяўся.

- А вашы, сын? Паехалі, мусіць, калі прыбег... Толькі мы адны і хворыя і апушчоныя... - маці стаяла на нагах.

- Нашых ужо чорт не возьме. Калёсы грымелі на загуменні, аж немцы папужаліся і - назад, за раку... Як мышы - тыц, тыц у кусты... Сам відзіў.

- Не трэба так, сын... У вашай жа маці малыя...

- І малыя і старыя далі драйлозы... Дагонім. Не плач, матка... - Ён вёў кабылу на павадку далёка ад сябе, баючыся, каб яна не наступіла на босыя ногі, тая грызла цуглі, секучы падковамі зямлю ля ганка. І зноў Таня падумала, што Юзюк як мужчына. Падумала яшчэ, што ён усё лета босы, а вялікі ўжо; што і на вечарынкі прыходзіў босы - абуць, відаць, не было чаго добрага, а лапці не хацеў насіць.

Кабыла рвалася з аглабень, і Таня ўчапілася ў дзве рукі за аброць ля цугляў. Юзюк, задраўшы нагу і ўпёршыся ступнёй у белыя клешчы ад хамута, што меў сілы цягнуў за супонь. Шырокая чорная супонь з сырамцу - ад яе яшчэ пахла - уядалася яму ў пальцы: яны аж пасінелі. З-пад босай ступні ў яго церусіўся на траву пясок.

- Таня...

- Га?

- Дзе матка?

- У хаце. Па хатуль пайшла. Пакуль вынесе, нямогучы...

- Таня...

Яна маўчала, учапіўшыся рукамі за аброць: кабыла аж са скуры лезла.

- Таня... На Палік пайдзём... Супонь чортава... Сырызна... Не сцягнеш... Таня...

Яна маўчала. Не думала, што ён скажа такое.

- Дугу яшчэ знайшлі!.. - ён ужо аж кіпеў. У яго пачырванелі і рукі і твар: наліліся крывёю. - Таня! Я сумысля... Па цябе... На Палік усе ідуць. Немцы прыйдуць - нойдуць і Карчаваткі... Таня! - Ён быў памаўчаў. - Мы з табой будзем, удваіх... Не бойся... Маці пакінем з нашымі... Старых не зачэпяць...

З Сушкава немцы стралялі не сціхаючы, і ён аж крычаў на ўвесь гарод, не могучы засупоніць хамут. Яна маўчала; чула толькі, як гараць шчокі, бы хто надаваў па іх, і думала:

«Што ж гэта... Што ён гаворыць? Кінуць матку?»

- Таня... З Карчаватак тады пойдзем... калі хочаш... Яшчэ дагонім усіх. А матка будзе з нашымі, я ж кажу...

- Наліха яно мне куды ісці... - Таня і сама не ведала, як у яе гэта зляцела з языка.

Ён быў сціх, паглядзеў на яе спадылба вялікімі вачыма і закрычаў пасля зноў, паказваючы рукой за раку на могілкі:

- Чуеш?

Таню адпусціла злосць. Захацелася плакаць.

- Дацямна яшчэ будзем аж за Дзвінасой... Таня...

Пасля ёй ужо здавалася, што Юзюк нічога не гаворыць, толькі кліча: Таня... Таня... Ніхто такім голасам яе ніколі не зваў...

Сціхла раптам у Сушкаве страляніна; было яшчэ чуваць, як па лесе ідуць адгалоскі. Біла нагамі кабыла, соп, змарыўшыся, Юзюк. Пасля, адвярнуўшыся ад хамута, ён каторы ўжо раз як шапнуў усё роўна:

- Таня...

Яна больш не падымала на яго вачэй: баялася.

Ён маўчаў, стоячы ля аглабні пад самай паветкай, і не кратаўся, мусіць, глядзеў на яе, Таню, спадылба.

У вёсцы было ціха. За ракой, дзе нядаўна стралялі, кігікала, як шалёная, кнігаўка, і за гумном, у сасонніку, ляскаталі па карэнні калёсы.

Біла аб зямлю падковамі кабыла, дастаючы наверх белую, маленькую, што боб, маладую бульбу. Калі ёй адпусцілі павады, сціхла і павярнулася пад паветку да сена, падцялежыўшы калёсы.

Далёка ў лесе зарыкала скаціна, і зноў стала ціха. Пасля за грэбляй, у тым баку, дзе могілкі, нешта заныла, як пад зямлёй. Заныла і сціхла. Тады зазвінела, што пчала, і раптам, ужо над самай грэбляй ля маста, загудзела на ўсю вёску.

Таня ўгледзела «раму», калі тая была над Панковай хатай. «Рама» ляцела нізка, дастаючы да стрэх, як і ўчора надвечар. Праляцела над самай вуліцай і, скрывіўшыся, заварочвалася ля лесу над ямамі, дзе хавалі на зіму бульбу і дзе ўсходам сонца, калі Янук гнаў у поле скаціну, хадзілі з рыдлёўкамі партызаны - капалі акопы. Назад ляцела зноў над вуліцай, яшчэ ніжэй. Чорная і дзіравая, як старая засланка ад печы, яна махала крыллямі. У канцы вёскі адразу схавалася з вачэй, звалілася некуды, як падбіты груган, за лес і там доўга ныла, не сціхаючы.

Тады ў тым баку, далёка, мусіць, аж у самым Камене за ракой, глуха бухнула, як што цяжкое дзе боўтнула ў ваду; пасля прашумела над загуменнем, як бусел ляцеў на сасну, што стаяла на бульбянішчы ля лесу, і грымнула на самых ямах. У хаце, было чуваць, дробненька зазвінелі вокны.

- Та-аня!.. - закрычаў Юзюк, і яна адскочыла ад калёс. Рванула ў аглобнях кабыла, Юзюк, ухапіўшыся за лейцы, падвярнуў яе пад паветку, зусім падцялежыўшы калёсы: - Матку бяжы бяры! Матку!..

Калі Таня перавалілася ў хату цераз парог - ударыла, што перуном, мусіць, ля варыўні на бульбе. Здалося, у сцяну ад Панковага двара. Задрыжалі вокны. Са столі аднекуль на падлогу пасыпаўся пясок.

- Та-аня!.. - крычаў на гародзе Юзюк.

Калі яны выйшлі з маці на двор, над вёскай зноў зараўла «рама».

 

Таня глядзела з калёс на дарогу... Тут, дзе яны падымаюцца на гару да школы, кабыле па калені пяску, і яна ідзе як бы па балоце ў Карчаватках - напінаецца што мага. Ля ячменю, дзе ўбітая сцежка, утаптана ў пясок трава. Дарогу тут здрабяжылі і коні і людзі: знаць падковы і сляды ад ботаў. Сляды ў маленькія ямачкі ад цвікоў: нямецкія.

Тады Таня зноў падумала, што яна пакінула дома расчыненую хату і што маці, нямогучы, устане з ложка і пойдзе зачыняць дзверы. Каб жа яна, зачыніўшы, адразу вярнулася на ложак... А то возьме гальнік і будзе мясці ганак. На яго кожную раніцу скачуць куры, наносяць пяску. Замятай толькі за імі, стой з гальніком у руках і не адыходзься, калі не прагоніш з двара на гарод у бульбу, дзе яны капаюцца пад каліўем...

Выгнаўшы курэй з сеначак, маці кожную раніцу мяце двор ад ганка да варот... Нават каменьчыкі падсоўвае граблямі пасля веніка. Так яна падмятала і сцежку на вуліцы ля свайго плота - да цвёрдай зямлі. Ступаеш тады па ёй, а яна халодная, як з-пад лёду вясной.

Сёння, калі яны вярнуліся з Карчаватак, на двары было аж бела ад пер'я - у іх вяліся адны белыя куры... Пер'е было ў крыві, мокрае яшчэ, папрыліпала да падарожніку. Валяліся і выкінутыя з варыўні пад прызбу пабітыя паўцагелкі і знятыя з шастка з гары венікі - былі растрэсены па ўсім двары... Маленькія венікі, што маці навязала, каб хвастацца зімой у Панка ў лазні, якую ён скідаў летась у гародзе ля рэчкі. Венікі і не высахлі добра - бярозавае лісце пахла на ўвесь двор.

Ля варыўні яшчэ пачалі рыць уласаўцы яму, доўгую, роўную з парканам. Мусіць, акоп рабілі ці шукалі чаго. Навярнулі жоўтага пяску цэлую гару, бы яго вазілі ўвесь дзень з-пад лесу ад ям, каб засыпаць гразь на двары ля хлева.

Маці, нямогучы, сабрала на двары з-пад ног венікі і, абышоўшы яму па пяску аж ля плота, укінула іх у варыўню праз парог. Маці такая...

Калі пачынаюць ззаду, ля маста, страляць, Таня, седзячы, нагінаецца да мяхоў, аж баліць паясніца. Бачыць тады, як кабыла рассыпае заднімі нагамі на дарозе пясок, - пяску на гары ля школы па калені, і яго высака падкідаюць, круцячыся, колы, на самыя ляжэйкі. Ёй тады страшна - нібы валішся з калёс... Яна выпускае з рук лейцы і хапаецца за мяхі... Доўга кідае з боку на бок...

Калі робіцца ціха, не страляюць, Таня адгінаецца, спаўзае ў перадок і ссоўвае з мяхоў ногі: памлелі. Кабыла махае хвастом, дастае аж да калень. Хвост у яе мяккі, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, і тады хочацца пацерабіць іх аб ляжэйку. Але нагам лёгка, яны не ныюць, і Таня папраўляе сваю доўгую касу: каса раскруцілася і з'ехала на шыю.

«Цяжкая... Трэба было дзве заплясці і акруціць ля галавы. Дзве не спаўзалі б...»

Паправіўшы касу, закруціўшы тужэй і прыкалоўшы дзвюма шпількамі з белага дроту, яна глядзіць назад на грэблю: там жа стралялі. Але на дарозе пыл, падымаецца, паўзе на ячмень. Відаць адзін Янукоў конь; далёка за ім едуць Сяргеішын Алёша і Наста. Саміх іх за пылам не ўгледзіш, чуваць толькі, як ляскочуць ззаду калёсы.

«Асталіся як...» - думае Таня, і ёй тады яшчэ горш страшна. Калі ўсе блізка, яна не баіцца, а так здаецца, што адна на дарозе. Алёшы зусім не відаць на возе. Наста толькі махае ля яго калёс хусткай.

Таня падымаецца на возе на калені.

«Дзе Алёша?.. Вярнуўся ў вёску... - здагадваецца яна. - Наста, мусіць, вярнула. Узяла сабе падводу, а самога вярнула. Ён жа ім не раўня. Дзіця яшчэ зусім, каб нанач ехаць аж у Краснае... Наста добрая...»

Калі Таня думае, што Алёша вярнуўся, ёй тады хочацца плакаць. Яна зноў устае на возе на калені і глядзіць назад, у вёску. Але іхняй хаты адгэтуль не відаць...

Тані і самой хочацца вярнуцца. Папрасіла б Янука, хай бы ўзяў кабылу. Кабыла паслухмяная. Прывязаў бы за аброць да сваіх калёс, ішла б... Янук, відаць, не паслухае. Наста паслухала б, але яна не возьме тры падводы. Можа, Боганчыка дагнаць? Не-е... Яго яна не любіць. Ніколі б не стала і прасіць. Яна з ім і ў вёсцы не гаварыла... Панка каб...

Алёша недзе ўжо дома... Перабег грэблю, абмінуў ля маста ўласаўцаў і - у вёсцы. У вёску ўласаўцы пускаюць. Сёння ўсіх пусцілі, хто варочаўся з Карчаватак...

Яна зноў глядзіць назад на дарогу - Алёшы на калёсах не відаць. Тады яна думае, каб узяць і пабегчы самой... Ссунуцца ціха з мяхоў і - на грэблю, як Алёша.

Але дома стане крычаць маці...

Таня раптам падумала, чаму маці гнала яе ў падводчыкі, калі Махорка з уласаўцамі прыйшлі на двор браць кабылу. Ледзь стаіць сама ад плачу, а яе гладзіць па галаве і шэпча:

- Едзь, дачка, едзь... Я адна буду мэнчыцца...

Баіцца маці нечага... Хіба яна, Таня, не схавалася б ад уласаўцаў у хлеве, каб у Германію не пагналі? Другі раз яе ўжо не папёрлі б у вёску да Міронавай хаты... Не ў хлеве, дык у бульбеўніку на гародзе схавалася б. Бульбеўнік вялікі, свіней з яго не відаць, калі ўлезуць у бульбу...

Алёша недзе дома... Бяжыць на двор вулачкай ля паркана і смяецца, паказваючы зубы, як і яго брат, Юзюк. Маці яшчэ з-за парога накрычыць на Алёшу, што ён аблыхаў з раніцы, як сабака, усю вёску - як толькі галава ў яго на карку асталася і як толькі зямля яго носіць... Што ён без бацькі зусім адбіўся ад рук, не стыкаецца дома, і што яму, неслуху, трэба даваць і даваць лупцоўку, колькі ўлезе, і ён яе некалі схлапоча, не міне... Пасля яна пагоніць яго за калыску - калыхаць блізнюкоў, а сама, правячыся, пойдзе да печы і стане бразгаць пасудай на лаўцы ля прыпечка. Алёша будзе маўчаць у парозе, натапырыўшыся, як шашок, і сапці носам; тады, калі маці «астыне», ён адыдзецца ад ложка, што стаіць у іх ля акна ад гароду, прыхінецца ціха да брыжа і пачне кратаць адной рукой калыску. Скрып, скрып... - заскрыпіць прывязаны вяроўкай да бэлькі канец сухой бярозавай жэрдкі, а Алёша будзе спадылба глядзець у парог, дзе маці, і зусім не слухаць, як плачуць у калысцы блізнюкі, пакуль маці зноў не закрычыць на яго, каб ганяў мух. Тады ён пачне ганяць мух - памахае рукой, засунуўшы пад пасцілку, і, калі сціхнуць блізнюкі, адвернецца; не будзе глядзець ні на маці, ні на калыску. Прыліпне да акна, праз якое відаць загуменне, дзе ля пунь сцірты саломы і за дарогай жоўты пясок, і стане ўглядацца туды, успамінаючы, мусіць, учарашнія гулі. Пасля засмяецца ціха, угнуўшы плечы і паказаўшы зубы. Тады ён зусім падобны на свайго Юзюка.

Таня кожны раз заставала Алёшу ля калыскі, калі хадзіла да Сяргеіхі. І сама калыхала блізнюкоў. Нават адхінала пасцілку і глядзела на іх. Ляжаць у глыбокай калысцы намітуські - сюды галава - туды галава, у палатняных полачках, спавітыя чырвонымі паясамі з кутасамі, і кратаюць вусенкамі: смокчуць суслы з белай анучкі...

Алёша, калі смяецца, - выліты Юзюк...

Ля дарогі над ячменем мітусяцца ў пыле белыя матылі, як хто іх перасыпае, і лятуць ззаду за калясьмі. Яны ляцелі кучкай аж з вёскі з аселіцы: пырхалі і садзіліся на гразь, ля маста, калі піла ў рацэ кабыла.

Таня глядзіць на матылёў, і ёй хочацца саскочыць з воза і палавіць іх у жменю: махаць рукой, сціскаючы пальцы ў кулак, і прыгаворваць:

 

Матыль, матыль, дай мукі,

А я табе маку...

 

Яна гэтак лавіла матылёў, калі была такая, як Алёша. Цяпер ёй пайшоў пятнаццаты...

Матылі на гары астаюцца ззаду - мітусяцца недзе аж ля Алёшавых калёс.

Алёша ўжо дома...

Таня думае пасля, дзе ж цяпер яго брат, Юзюк. Недзе ўжо ля Дзвінасы... Адтуль яшчэ далёка да Паліка...

Ляскочуць наперадзе ў некага калёсы. За Кур'янаўскім садам гудзяць і гудзяць ад палудня самалёты. Храпе кабыла, скрыпіць пад мяхамі задняе кола, рэжацца аб загваздку. З меха аднекуль на руку пырснула жыта, дробненькае, сухое, аж счарнела: залеташняе, мусіць. З дзіркі, ці што? Крычыць, махаючы рукамі, на сваёй падводзе Боганчык. Зноў страляюць уласаўцы ля маста.

Калі блізка пад'язджаеш да ячменю, сыплецца на твар чорная мошка, дробная, што мак, лучае ў вочы, і тады пячэ пад павечкамі...

Таня трэ вочы кулакамі, а калі адплюшчвае, пад павечкамі яшчэ горш рэжа і баліць...

Та-та-та... - стукае несціхана ля маста кулямёт, якраз як і тады, калі яна вяла маці пад пахі з хаты на двор пад паветку, а Панковым гародам беглі па бульбе на аселіцу да маста партызаны...

Стала холадна, як ноччу пад раніцу ў Карчаватках у балоце, калі не было дзе сесці, бо ўсюды чвякала вада...

Таня сціснулася на возе ў камяк, падкорчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Бачыла цяпер перад сабой толькі, як махае хвастом кабыла; а калі варочала галавой, каб зірнуць, дзе страляюць, ёй былі відаць на Алёшавых калёсах адны мяхі.

Янука старога з Настай зусім не ўгледзіш за пылам.

Цыў... - свішча над дарогай, якраз як тады, калі яны ехалі па загуменні і Юзюк бег ля калёс, паганяючы кабылу.

«Дзе цяпер Юзюк?..»

Та-та-та... - здаецца, страляюць зусім блізка ў ячмені і на двары ля школы.

Застрыгла вушамі кабыла і, напяўшыся, скочыла ў ячмень. Таня пачула, як у яе зачапілі ля нагі сена. Яно зашапацела, што сухая трава на купіне на балоце...

Яна адсунулася на возе ўзад і яшчэ больш нагнулася, апёршыся рукамі на мяхі. Пайшла навыцяжку кабыла па ячмені, якраз там, дзе падымаўся пыл, - як сумысля.

Закрычаў нехта ўперадзе на дарозе... Здалося, як усё роўна на двары пад паветкай Юзюк... Ён забягаўся па яе... І што гэта ён казаў? Каб яна кінула матку? Ён і яшчэ ёй гаварыў... Яна помніць што... Ёй яшчэ ніхто такога не гаварыў... Яна і не думала ніколі, што такое гавораць... І каб хто, а то Юзюк, Алёшаў брат, тоўсты, як лантух, лабаты і босы... І глядзіць ён спадылба, і ў хаце ў іх двое блізнюкоў...

Пыл падымаўся цяпер ля самых калёс; пабегла кабыла, мусіць, па загонах: кідала з боку на бок...

Тады закрычала на ўсю дарогу Наста...

Калі ля маста перасталі страляць, на гары ля школы стала ціха. Лескаталі толькі дробненька калёсы, дзе ехаў Панок; ззаду нікога не было чуваць. Падняўшы галаву, Таня ўбачыла, што кабыла ідзе дарогай за Панковымі разводамі; яна тады аглянулася: ля Алёшавых калёс стаяла з Януком Наста.

«Чаго яны пасталі?..»

Яна хацела крыкнуць ім, што Алёша недзе дома, хай не дзівяцца, калі не згледзелі, як ён збег; хацела нават падняцца, каб стаць на калені. Тады пачула, што пад нагамі мокра... Лапнула рукамі па мяхах - рукі былі ў крыві.

Яна адсунулася на край воза да ляжэйкі. Забалела-забалела ля калена нага - запякло, што агнём... Аднекуль зноў узяліся і заслалі свет матылі... Белыя, мітусяцца перад вачыма: уверх-уніз, уверх-уніз...

Пасля ёй здалося, што яна, убегшы ў хату з гароду, дзе астаўся пад паветкай Юзюк, паслізнулася на падлозе і ўдарылася аб парог... Зазвінела ў галаве.

Выпусціўшы з рук лейцы, яна адвалілася на мяхі.

 

4

 

- Што будзем рабіць з дзяцьмі, мужчыны?..

Таня пачула Настулін голас як адкуль здалёку; тады ля самага воза на ўсё поле загаманіў Махорка, а яна ляжала, адплюшчыўшы вочы і сцішыўшыся, як вінаватая. Было горача, хацелася піць, у роце перасохла, што ад палу, калі доўга ляжыш хворая, але яна не папрасіла - баялася клікнуць Насту...

Якая цяжкая нага...

Нагу перавязалі, сціснуўшы як мага, падалом ад Настулінай кашулі. Падол Наста адрывала, стаўшы ў пясок на калені за калясьмі, каб не глядзелі мужчыны. Пасля высыпалі з Танінага белага кужэльнага мяшка на дарогу жыта, раздзёрлі па шве мех і ўкруцілі ім, што ручніком, нагу. Укручвалі Наста з Панком. Крыві цяпер не відаць і не баліць нага, толькі цяжкая. І - совае ў калена, як хто гарачым прутком, выняўшы з агню.

- Што будзем рабіць з дзяцьмі, Іван? - гэта голас Насты. Яна стаіць пасярод дарогі. Насту абступілі мужчыны, топчуцца ля яе, Таніных, калёс: Боганчык, Махорка і Валодзя Панок. Янук адзін сядзіць, сагнуўшыся на калёсах і насунуўшы на галаву кепку...

- З якімі дзяцьмі?

Гэта Боганчык. Асіп, кашляе. Таня яго зусім не пазнае, хоць, падняўшыся, бачыць зблізку Боганчыкаў спалены на сонцы шырокі чырвоны нос і чорную бараду.

- З Таняй... З Алёшам... Што глядзіш у зямлю?

«Алёша?..» Таня вышэй падымаецца на возе, каб паглядзець, дзе ён; на яе крычыць Наста, але Таня бачыць Алёшу: той сядзіць на сваіх калёсах што цвік, натапырыўся, скрывіў галаву і слухае, што гавораць уперадзе. Тады яна зноў кладзецца на мяхі - на яе крычыць і крычыць Наста, - але цяпер нізка пад галаву і не відаць, што робіцца на дарозе.

Чаго яны ўсе сышліся?

- Таня?.. Дзеці?.. - зноў захліпаецца Боганчык. - Ды я ў пятнаццаць... - ён сіпіць, і калі Таня падымае галаву, бачыць, як ён стукае сабе кулаком у грудзі.

- Ціха... Ціха... - гэта зноў гаворыць Наста. Падняла ў руцэ хустку і махае на Боганчыка, бы хочучы адагнаць яго ад сябе, як жывёлу.

«Чаму яна адна з ім гаворыць?»

- Дзіця-я... З-за пазухі валіцца...

- Пры дзецях? Паўважайся тады мяне, старой, Іван... У Тані ж нага. Рана...

«Рана!.. Яе завязалі, каб не ішла кроў. Змярцвела ўся нага...»

- Р-а-а-на... Аб ляжэйку абдзёрла... - сіпіць усё Боганчык.

«Ага. Не рана. Аб ляжэйку абдзёрла... Чаму яны тады не даюць устаць? Як хочацца піць...»

- Што будзем рабіць, мужчыны? Чаго вы ў рот вады набралі?

Мужчыны маўчаць; сціхае і Наста, пасля ўжо гаворыць:

- Праз цябе, Іван. Хай бы Таня дома з маткай аставалася. Ты яе выпер... Не церабі барады...

- Я? Я выпер? Значыць, я? - зноў на Насту махае пугаўём Боганчык. - А што? Адзін за ўсю вёску галаву панясу? Адзін? За ўсіх вас? Добранькія ўсе... Дома б асталіся... А Івана аднаго ў Краснае, каб яго там... асвяжылі... Не-е...

- Што будзем рабіць? - Наста пытаецца ўжо ў некага другога, адвярнуўшыся ад Боганчыка.

- Ехаць трэб-ба... - заікаецца Панок і кашляе.

- Не начаваць жа тут... Улупяць, брат, - пясочак пасыплецца...

- Не да смеху, Махорка... - зноў кашляе Панок, закрываючыся рукой.

- Х-хе... Х-хе...

- Мужчыны, мужчыны...

- Не шумі, Наста... Сама знаеш. Куды адашлём дзяцей?.. У вёску?.. Дзякуй, што вырвалі. Хоць двое.

- Што ты гаворыш, Пан? Там жа і твае... Там жа і мае...

- Тое і гавару...

- Што ж мы стаім, мужчыны? - Наста зноў пытаецца, падыходзячы то да аднаго, то да другога.

Цяпер ужо ніхто ёй нічога не гаворыць. Пачакаўшы, махнуў Махорка рукой, на якой не было двух пальцаў, недзе ў сябе ля носа:

- А нам, татарам, усіраўно: ці водка, ці пулямёт... Ліжба з ног ш-шыбала...

- А дзеці? Вы што гэта ўсе сягоння, Мірон?

- Чорт іх не возьме. З'ездзяць і вернуцца. На нашых вачах. Што я ім, скажы - звер?.. У мяне ў самога дзеці...

Тады доўга заікаўся, кашляючы, Панок - гаварыў нешта Насце на вуха. Таня зірнула на яго - ён скроб пальцамі сівую патыліцу, ківаў галавой і ўсё глядзеў за гару, дзе была вёска.

- Чаму яны па нас с-стралялі? - спытаўся ён пасля неяк ціха і немаведама ў каго; тады пачаў хадзіць па дарозе ўзад-уперад.

- Таму, што вёску яны ўсё роўна спаляць... І яны ведаюць, што ты паедзеш і пад стрэлам хоць чорту ў ляпу, бо дзеці твае там, у іх у зубах.

- Што ты гаворыш, Мірон?

- Тое і гавару, Наста. У Людвінове падумаем. Па дарозе... Калі што якое, там можна астацца. У Людвінова немцы не пойдуць. У лесе...

- А вёска тады?.. Спаляць жа. Спаляць. Думаеце, мне адной хочацца накарміць немцаў...

- А ў мяне што, Наста, - не дзеці дома? І мае, Наста, там... Што, не відзіла, як зганялі? Згоняць і яшчэ раз, не цяжка... І ты ім верыш? Усё роўна спаляць. Гэтулькі іх ля грэблі палажылі...

- Тады лепш з дзецьмі гарэць... Вы што гэта ўсе як згаварыліся... Нікуды я не крануся. Ні ў Людвінова, ні... Ты што гэта, Мірон?..

- Яна не паедзе! Хто ты? - Боганчык падскочыў да Насты. - Вярніся... Хай вёска дымам ідзе праз цябе... Што? Іван вам адзін галаву павязе, яна яму не дорага... За ўсю вёску... - Боганчык зусім ахрып, крычучы.

Да яго падбег Панок: баяўся крыку - усё пазіраў назад на дарогу і на лог, адкуль нядаўна стралялі.

- Сціхні... Я цябе знаю... - зашаптаў ён, як зашыпеў, пачакаўшы, запытаўся мацней, зноў немаведама ў каго: - Чаму яны па нас с-с-стралялі?..

- А што, калі ты, Пан, не жыта здаваць немцам вязеш, а вінтовачкі пад мяхамі? Наста скрыначку новенькую з патронамі, а ты вінтовачкі... Дай вам толькі выехаць на гару... Выедзеце...

- Не да смеху, Мірон. Чаму ты цвёрда не скажаш?

- А нам, татарам, Наста, што... Мы вырваліся... Ім, вун, - паказаў ён рукой назад на грэблю, - хто астаўся...

Яна зноў паглядзела, утаропіўшыся на яго, і адышла спопаразку да Таніных калёс. Мірон адразу змоўк, пасля сказаў, гледзячы ў пясок пад ногі:

- Ты чула, Наста, што я дзецям не воўк, ні аднаму, ні другому... І мае ў вёсцы, Наста, асталіся, знаеш...

Ён цяпер стаяў на дарозе воддаль ад усіх, усё роўна як сабраўся куды пайсці. На яго чорную сарочку наліпла пылу, пыл ляжаў у яго на лбе, на шырокіх чырвоных шчоках, на плячах і спераду на рукавах, бы Мірон нядаўна выйшаў з пуні, дзе, не адгінаючыся, увесь дзень падаваў снапы на ферме ў малатарню, як да вайны. Доўга глядзеў, як і Боганчык, сабе пад ногі, пасля закратаў плячыма, бы хацеў страсці пыл, і сказаў, зірнуўшы спадылба на Боганчыка:

- Ты, Іван, не кіпі. І я цябе знаю... Паедзем у Людвінова... Там і рэшым, што рабіць. Не стаяць жа на дарозе.

Тады пайшоў, цягнучы ногі па пяску, да сваіх калёс, цяжкі і сагнуты. Таня яго ўжо не бачыла: каб угледзець, трэба было падымацца на возе.

Затупалі па дарозе ногі, як цапы на таку: людзі пайшлі да сваіх коней. У галавах недзе стукаў пугаўём па ляжэйцы Янук, уперадзе кашляў Панок, моцна, доўга, пасля пляваў. Ніхто ні да каго больш не гаварыў. Некага клікнуў быў сваім пісклявым голасам Алёша, адзін раз: яна, Таня, бачыла, як ён хацеў устаць на мяхах, закрываючыся даланёй ад сонца, ажно да яго падбегла Наста і замахала рукамі...

Уперадзе, аж на самым лагу, ля могілак, загрукацелі па каменні Боганчыкавы калёсы. Таня пачула, як дала ў хамут кабыла, захрапла і сышла з дарогі зноў аж на ячмень.

«Цяжка ў пяску... Кабыла знае... - падумала Таня і, падняўшыся на локаць і прыпёршыся плячом да ляжэйкі, стала шукаць рукамі лейцы. - Упусці толькі...»

Лейцаў яна не знайшла; глянуўшы на дарогу, убачыла, што ля калёс валюхаецца Наста - аж з подбегам зводзіць набок, у ячмень, кабылу. Лейцы з дубцом былі ў яе ў руках. Пасля Таня ўгледзела, як у Насты на плячы матаецца хустка - здаецца, спаўзе і ўпадзе ў пясок кабыле пад ногі.

Кідае з боку на бок па загонах калёсы; локаць ссоўваецца з мяха - не ўстанеш.

- Хустка!.. - крычыць Таня, але Наста не чуе, верне за аброць кабылу ў самы ячмень.

Зноў ніяк не ўстанеш: не падагнеш калень...

Таня тады хапаецца абедзвюма рукамі за ляжэйку, каб павярнуцца на бок...

Калі яна паднялася на мяхах, пачула, як хрумшчыць пад коламі жвір... Па драбінках і па руках сцёбалі шорсткім асцём каласы...

Пад'язджалі да самага логу - спускаліся з гары да могілак, што ля Сушкава: дарога паварочвала на лог адразу за імі. Ехалі воз за возам - падводы выцягнуліся ў адзін шнур ля ячменю, звярнуўшы з пяску, як каму саступіўшы.

З гары пабегла кабыла; хамут лез ёй на галаву, біў па вушах; білі яшчэ ззаду па каленях дошкі ў калёсах.

Таня ляжала бачком на мяху, узяўшыся рукамі за ляжэйку, і глядзела на пярэдні падводы. Тады паварочвала галаву і шукала здалёку вачыма Алёшу - яго нідзе не было. Усе пасля як пахаваліся куды: ні Боганчыка наперадзе, ні Махоркі.

Яна падцягнулася ў перадок і, натужыўшыся, села, звесіўшы з ляжэйкі ногі... Акручаная мехам нага была цяжкая, бы да яе падвязалі камень, цягнула ўніз і смылела пад аборамі.

Таня і цяпер нікога не ўгледзела і спалохалася. Крыкнула б, калі б не кашлянула ў ячмені Наста, - Наста ўсё яшчэ вяла кабылу за аброць. Прыхінулася да хамута, не відаць яе, толькі хустка ўсё матаецца на плячы, не зваліцца долкі.

«Чаму яна кінула Буланчыка?..»

Але Буланчык ішоў ззаду за Алёшавымі калясьмі сам, як прывязаны. Можа, Алёша ўзяў яго за повад?

- Наста...

Наста маўчыць, не пачула зноў, перхае толькі ад пылу...

Таня думае, што толькі адна яе кабыла баіцца пуду. Павярнуўшыся, Таня садзіцца бачком на мяхах і глядзіць уперад на дарогу, але зноў нікога не бачыць. Махнулася, паказаўшыся з-за пляча ў Насты, сівая Панкова галава і схавалася. З ячменю ля калёс пырхнулі вераб'і, доўга білі крыллямі па асці, тады абляцелі падводы і падаліся на Сушкава - жменькай...

Зрабілася неяк адразу ціха. Не шашчэў пад калясьмі жвір; не падкідала на ляжайцы балючую нагу.

Падводы сталі. Тарканулася пярэдняя, а за ёй і ўсе, адна за адной, як увязлі ў пясок. Белы Янукоў конь успёрся з галавой аж на мяхі. Глядзеў адным вокам з-пад грывы на яе, Таню, грыз зялёныя ад пены цуглі і дыхаў халадком за шыю.

Калі моцна закашляў уперадзе Панок, Таня, апёршыся на рукі, паднялася, каб угледзець яго: кашляе недзе як не на сваіх калёсах. Панка яна не ўбачыла...

Там, дзе дарога, ведучы з Сушкава на гару, паварочвала ля могілак на лог, куды ім трэба было ехаць, якраз там, дзе стаяў да вайны маяк, паднялася кучка белага пылу, маленькая, з ахапак. Пыл быў густы, доўга стаяў над дарогай на адным месцы, пасля адразу стаў брацца ў клубы, што дым, калыхацца, расці і, падымаючыся ўгару, папоўз сюды, да іх. Ехаў з-за могілак немаведама хто па самым пяску на гару. Тут, на гары, усягды пяску па калені, і летам, калі вазілі з Кур'янаўшчыны снапы, за падводамі доўга цягнуўся ззаду пыл, падымаючыся ля самай грэблі вышэй альшэўніку. Калі на яго свяціла сонца, ён рабіўся што бурыя тулягі на небе і быў відаць аж з вёскі.

Мінуўшы могілкі, белае воблака расцягнулася і, як жывое, пабегла дарогай.

Таня ўбачыла, што мужчыны сыходзіліся ў кучку да Панковага воза. Махорка і той кінуў сваю падводу - стаіць ля Панковых калёс, узяўшыся за ляжэйку. Панок сядзеў на мяхах як укопаны, закрываючы рукою рот, - відаць, кашляў, але яго не было чуваць. Пасля Панок неяк затросся ўвесь на калёсах, і Таня пачула, як ён кашляе, моцна, прарэзліва, мусіць, павярнуў у гэты бок, да яе, галаву. Ёй здалося, што нехта кашляе і ўперадзе, на Боганчыкавай падводзе і на абмежку ля дарогі, дзе некалі стаяў маяк, а цяпер ляжала на зямлі ў рудой траве сухое белае палена; кашляе і аж ля Сушкава на дарозе...

Ля самых падвод воблака паднялося ўровень са старымі елкамі на могілках, засланіўшы ўсё на свеце: і дарогу, і Сушкава, і абмежак, дзе стаяў некалі маяк... З-пад пылу, як з-пад вялікай сівой пасцілкі, якую маці вешала ў таку, калі веяла жыта, каб яно не пырскала ў сцірту саломы, адзін за адным сталі выскокваць маленькія чорныя матацыклы, як вялікія брухатыя мышы. Адзін, другі, трэці...

Матацыклаў было многа - Таня іх не злічыла, - і на іх былі немцы: у зялёным, у касках, па два, па тры на кожным. Матацыклы нясло як шалёным ветрам дарогай у вёску, і немцам не было ніякай бяды да таго, што на дарозе абоз; ніводзін не павярнуў галавы сюды, у ячмень... Яны сядзелі ўсе як прывязаныя, з чырвонымі тварамі і белымі ад пылу плячыма, і глядзелі перад сабой на грэблю...

Таня пачула, як у горла лезе пыл, што ад сухога палыну. Яна закрыла рот рукамі, але пыл усё роўна лез у горла, не даючы дыхаць. Запахла гарам, нібы абняслі каля падводы паленую гуму. Кружылася галава, стала тузаць. Схапіў кашаль, але кашлю яна не чула: гудзела ў вушах ад грукату і трэску на дарозе.

Яна не магла дыхаць гарам ад гумы і старалася закрыць рот, але тады кашаль спіраў у грудзях, здавалася, задушыць, і млелі рукі. Яна апускала іх - зноў смярдзела паленая гума... Калі Тані здалося, што яна захлынаецца - ад натугі забалела ў горле і цёмна стала ўваччу, - яе вырвала: на мяхі і на дарогу...

Трэск на гары раптам сціх, бы хто адагнаў яго за ячмень на грэблю. Стракатала цяпер ля маста, усё роўна як ехалі там на парожніх калёсах на жалезным ходзе.

Ля могілак радзеў пыл, падымаўся ўгару і, закрываючы сонца, поўз хмарай на Сушкава. На саміх могілках сталі відаць чорныя дрэвы; могілкі былі што вялікая, абгарэлая на пажары хата. Успомнілася, як перад самай вайной гарэла іхняя вёска, той канец, дзе жыве Алёша. Гарэла ўсю ноч, і калі раніцай Таня ўцякла з хаты паглядзець на пажар - яе не пускала маці, - агню, што бушаваў ноччу, перакінуўшыся аж на загуменне, на пуні, не было. Падымаўся толькі з зямлі белы дым, як пара, засцілаючы і вуліцу і гароды, і праз яго была відаць чорная абгарэлая Алёшава хата. Далей Алёшавай хаты Таня не пайшла: праціўна пахла гарам ад гарэлай бульбы... Пахла яшчэ смаллю - блажыла тады і трэба было затыкаць нос. Казалі, што згарэла ў хлеўчыку Сяргеішына карова - не далі рады выгнаць уначы на двор, - і ўсе хадзілі глядзець на яе. Таня не пайшла: трэба было лезці ў самы гар...

- Паганяйце!.. Што гніды прыціснулі?.. - крычыць аднекуль Боганчык.

Таня бачыць Боганчыка. Ён, седзячы на мяхах, паганяе свайго сівога ў яблыкі жарабка, падцялежыўся, верне з дарогі на абмежак: там дзірван, цвёрда...

Кабыла звярнула за Панковым возам сама; сышла з дарогі ў ячмень Наста і чакала Буланчыка.

- Паганяй! Наста... - крычыць зноў здалёку Боганчык. Таня бачыць, як Наста ззаду папраўляе на Буланчыку хамут. Тады памалу ўзлазіць на калёсы на мяхі: змарылася... Цяпер яны паедуць, калі так крычыць Боганчык і ўзлезла на калёсы Наста.

- Паганяйце!.. Не валаводзьцеся... - ужо і яшчэ нехта крычаў уперадзе, памагаў Боганчыку.

Пасля Таня ўбачыла, як дарогай ад Сушкава пёрся матацыкл, такі ж малы і з каляскай, што і пярэднія. Мінуў, аб'ехаўшы ячменем, Боганчыка, які стаў пасярод дарогі, і сыпануў з-пад сябе жарствы Тані аж на воз. Тарганулася ў аглобнях кабыла, выцягнула ўперад галаву і схавала пад грывай вушы...

- Што стаіш?.. У штаны напусціў?.. - крычаў наперадзе на Боганчыка Махорка. Таня тузанула за лейцы, каб дагнаць Панка. Матацыкл быў шмыгнуў з дарогі ў ячмень ля самага Насцінага воза, падскочыў на загоне і кратаўся зноў у іх наперадзе. Здавалася, ён і не мінаў падвод.

Абагнаўшы Боганчыка, матацыкл стаў недалёка ад яго - наперадзе. Пасля, памалу пад'язджаючы, як сунучыся ўсё роўна, перагарадзіў яму дарогу. Заірзаў Боганчыкаў жарабок, відаць, падцяты цуглямі. Падводы зноў наехалі адна на адну, спрудзіліся і пасталі.

Таня ўбачыла, як саскочыў з воза, што мячык, Боганчык, як ссунуўся з мяхоў Махорка... Толькі Панок злазіў памалу, трымаючыся за ляжэйку, усё роўна што баяўся выпусціць з рук...

Матацыкл поўз на гару па пяску, як збіты на ляту жук, гонячы перад сабой мужчын. Спыніўся якраз ля яе, Таніных, калёс; сталі, збіўшыся ў кучу, мужчыны. Таня ўбачыла, як махае ёй рукою ззаду Наста, каб яна, Таня, лягла, не паказвалася са сваёй нагой на вочы. Але яе як сагнуў хто ў крук на калёсах. Яна толькі ўціснула галаву ў плечы...

Аж цяпер, калі ля воза ў пяску тросся матацыкл, яна ўбачыла, што ў ім былі два немцы. У таго, што ажаргаў сядло і ўзяў у дзве рукі руль, была высокая фуражка з вузкім белым арлом і бліскучым чорным брылём - сядзела на галаве што вялікая качка, задзёршы ўверх шыю і хвост; на брылі ляжалі белыя, бліскучыя, туга звітыя тоўстыя аборы. З-пад яго глядзелі на падводы прыплюшчаныя вочы. Шчокі ў немца былі бурыя, загарэлі, мусіць, ад сонца; між іх усё роўна як вісеў доўгі, што ў Янука, нос. Таня ўгледзела яшчэ, што ў немца на грудзях нечым поўна набіты дзве кішэні, аж трашчаць; знізу да адной прышпілены крыжык - чорны, а па беражках бліскучы, белы; другі крыжык вісеў ля самай шыі пад гузікам, цьмяны, як павук прыляпіўся ў запечку да сцяны. На руках у немца былі белыя пальчаткі, і ён стрэпаў сябе кончыкамі пальцаў па штанах.

У перадку, у калясцы, дзе сядзеў другі немец, ляжала белая скрыначка, з якой паўзла наверх лента з жоўтымі бліскучымі патронамі. На калясцы спераду тырчаў, што кавалак доўгага жалезнага прута, кулямёт. Таня якраз такі бачыла ў партызан. Толькі скрыначка ў іх была не белая, а цёмная, як каска на галаве ў немца, які сядзеў у калясцы. Такую скрыначку Таня нават брала ў рукі і падымала - пераносіла з парога ў запечак, як мыла падлогу ў Петрусіхі з Вандзяй. Вандзін брат перайшоў з Даўгынава з паліцыі ў партызаны з такім кулямётам і скрыначкай; прынёс яе да Петрусіхі ў хату, калі партызаны прывезлі яго ў вёску разам з маткай і Вандзяй.

Скрыначка ў немца была пашарпана, і на ёй стаялі нямецкія літары, як і на касцы.

Таня ўбачыла, што немец з каляскі зусім не глядзеў на падводы. На грудзях у яго вісеў маленькі чорны аўтамат - пад ім блішчэла спронжка і белыя гузікі; ззаду на дзязе - аж два зялёныя кацялкі з вечкамі. На доўгай шыі было тоўста накручана бінту. Бінт быў у свежай крыві, яна выступала на ім плямамі. На абедзвюх руках у яго было гэтак жа, як і на шыі, накручана тоўста бінту - краталіся толькі кароценькія кончыкі пальцаў.

Немец у фуражцы з аборамі на брылі саскочыў з матацыкла на дарогу, што з каня, і стаў атрасаць абедзвюма рукамі пыл з фрэнча - у тым месцы, дзе ў яго на шырокай дзязе вісеў маленькі пісталет. Пісталета відаць не было, блішчала толькі на сонцы жоўтая скура. Глядзеў, зыбаючыся, на свае бліскучыя вялікія боты - да іх прыліпаў пясок - і на шырокія штаны-галіфэ, якія надзьмуліся ля калень, растапырыліся і абвіслі на самыя халявы, бы ў калашыны яму, як у торбачкі, насыпалі пяску.

- Что за дурацкій обоз? - загаварыў ён, падняўшы галаву. Голас у яго быў дзяркаты. Таня ўбачыла, як уздрыгнуў Боганчык і закруцілі галовамі мужчыны - глядзелі адзін на аднаго. - Что за дурацкій обоз? - ляпаў ён рукой па жоўтай дзязе, усё страсаючы пыл, і тыцкаў пальцам ледзь не ў грудзі Боганчыку: стаяў зусім блізка ля мужчын. Боганчыка ён, мусіць, угледзеў першага ўперадзе на падводзе, запомніў па барадзе і цяпер выбраў з грумады.

Боганчык маўчаў; хацеў нешта сказаць - у яго дрыжаў падбародак - і не мог.

- Как стоішь, сволочь?.. - Таня ўбачыла, як немец махнуў рукой у белай пальчатцы аднекуль знізу і ўдарыў Боганчыку пад шчэлепы. Убачыла яшчэ, як схапіўся ў дзве рукі за бараду Боганчык і адскочыў назад, да самых яе калёс, упёршыся паясніцай у ляжэйку; як немец пачаў тады шорхаць рукой аб руку - чысціў ад пылу белыя пальчаткі.

Ззаду за ім у калясцы бразнула жалеза. Калі Таня зірнула туды, убачыла, як да іх павярнуўся немец, той, што сядзеў, гледзячы ўсё на дарогу, і наставіў на мужчын аўтамат.

- Кто грамотный? Выйдет... пускай... - сказаў тады немец у белых пальчатках, неяк цішэй і ўсё роўна як без злосці.

Ніхто не крануўся. Мужчыны нават не варочалі галовамі адзін да аднаго. Тады немец зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

- Ты...

Таня ўбачыла, як адлучыўся ад усіх Боганчык і неяк бачком, як сляпы, ступіў да немца. Стаў, выцягнуўшыся і задзёршы ўверх бараду, аж з'ехала на патыліцу яго замусоленая чорная кепка і на вуха высыпаліся валасы. Таня глядзела з воза на яго збоку, і ёй здалося, што ў Боганчыка даўгі, загнуты ўверх нос, - перш каб і пытаўся хто, яна не помніла, які ў яго нос, - і тоўстыя шчокі: надзьмуліся, як папухлі. Было відаць яшчэ, як у яго на скроні высыпаў пот, буйны, што град, аж пісяга пацякла на шчаку, і зрабілася чырвонае вуха, як палавінка ад бурака-рэпкі. І лыпала, лыпала вока, дробненька і часта - хавалася за павечкам.

Таня пачула, як пад рукамі сталі раптам халодныя ляжэйкі; пасля зрабілася холадна ўсёй, бы хто лінуў за плечы вады са студні.

Немец быў вышэйшы за Боганчыка і стаяў цяпер нагнуўшыся над ім - глядзеў зверху, з-пад брыля. Адну руку зачапіў пальцамі за жоўтую дзягу, другой - даланёю - шорхаў па жоўтай кабуры. Тады зноў наставіў Боганчыку палец у грудзі:

- Кто такой?

- Бог-ган... - моцна азваўся Боганчык, нібыта немец быў глухі, мог яго не пачуць, і стаяў ні жывы ні мёртвы.

- Какая дурацкая фамілія... Почему дрожішь?..

- Рукі трасуцца... - голас у Боганчыка яшчэ больш задрыжаў.

- Шапку, свінья... - немец нагнуўся над Боганчыкам яшчэ ніжэй. Выцягнуў шыю, зашыпеў: - Желаешь, чтобы с головой слетела? Что на телегах?..

- Нарыхтоўка... Нарыхтоўка... У раён вязём... Сабралі... З усёй вёскі... Самі... Бумага ёсць... - язык у Боганчыка бы ў што ўпіраўся ў роце.

Немец прыняў пальцы з кабуры і абедзвюма рукамі падняў уверх за бліскучы брыль фуражку на галаве; другі немец забразгаў у калясцы кацялкамі.

- Что за дурацкая бумага?

Белая пальчатка паднялася аж да Боганчыкавай галавы, як на навязі, чакаючы.

Тады Боганчык хуценька скамкаў кепку, якую цяпер трымаў у руцэ, прыціснуўшы да сцягна, запхнуў яе ў кішаню ў штаны і палез пад паху - пад шэры паношаны картовы пінжак, які, расхрыстаны, спаўзаў у яго з плеч.

Паперка была белая і маленькая, складзеная, мусіць, у некалькі столак. Таня не бачыла яе дагэтуль, ведала толькі, што паперу вязе Боганчык, хоць ён і паказваў яе ўжо раз - яшчэ ў вёсцы, ля Петрусіхі, калі збіраліся выязджаць і вазы абходзілі два немцы, мацаючы рукамі мяхі, усё роўна што шукалі чаго.

Белая пальчатка ўзяла паперыну з рук у Боганчыка, разгарнула яе, як рак клюшнямі, і паднясла да бліскучага брыля. Патрымала ля яго, пасля вярнула Боганчыку і, павісшы ля самай яго галавы, чакала, пакуль ён пакладзе яе ў кішаню пад пахай. Тады раптам апусцілася ўніз і, падскочыўшы ўверх, ударыла Боганчыку па шчацэ.

- Скотіна... Это реквізіровано нашімі солдатамі... - Белая пальчатка ўжо зноў счышчала пыл з жоўтай кабуры.

Боганчык стаў белы, што ячмень ля дарогі...

Тарганулася была яе, Таніна, кабыла, успёрлася Панку на воз. Таня схапілася за лейцы - ёй было здалося, што на яе зірнулі з-пад брыля прыплюшчаныя вочы... Яна стала шукаць Насту. Наста стаяла ўперадзе ля Панковых калёс, узяўшы за аброць кабылу.

- Я с тобой поговорю... - Белая пальчатка адшпільвала кабуру. - Обманывать? Бандіт...

Боганчык раптам закрычаў на ўвесь голас - аж тарганулася ў аглабнях кабыла...

- Я не бандзіт!.. Не бандзіт я!.. Яны ўсе скажуць... - махнуў ён рукой назад. - Немцы мяне старшым паставілі, яны ўсе скажуць... - Боганчык кратаўся ўвесь з галавы да ног, стаў ніжэйшы, як уехаў на дарозе ў зямлю. Застагнаў пасля і сціх, гледзячы на пальчатку, якая даставала маленькі чорны пісталет з жоўтай кабуры. Пасля зноў закрычаў, ухапіўшыся рукамі за лейцы на Таніным возе. Таня чула, як ён часта дыхае - сапе - і трэцца паясніцай аб ляжэйку...

Белая пальчатка хуценька дастала пісталет, як вышчалукнула са стручка фасоліну, сціснула і паднясла да Боганчыка, да самых грудзей.

Боганчык як стаяў, так і сеў на дарогу на калені...

Таня баялася глядзець на яго... Калі яна зірнула на Панковы калёсы, убачыла, як прыціснулася да кабылы Наста.

Немец адступіўся назад, да самага матацыкла, і, выцягнуўшы доўгую руку, наставіў цяпер пісталет якраз у галаву Боганчыку...

- Знаем мы, кто вы такіе... Но ты, скотіна, отвечаешь за обоз... Встать! - крыкнуў ён, аж падскочыла ў яго на галаве качка з задзёртым хвастом. Белая пальчатка ў той жа раз спрытна сунула пісталет у кабуру - Таня ледзь згледзела - і зноў махнулася ўгары. Плясь... пачулася на дарозе. Тады махнулася другая: чвяк... чвяк... - як у што мокрае... Тані здалося, што гэта курыца, ускочыўшы ў іх дома на двары на плот, біла крыллямі. Боганчык, упёршыся зноў паясніцай у яе, Таніны, калёсы, стагнаў, стоячы, моцна, што конь; махаў рукамі ў сябе ля носа: бараніўся; тады асунуўся зноў на калені на дарогу, у пясок. Галава ў яго не служыла - упала, як макаўка на зламанай дудцы, на плячо.

- Встать!.. - зноў падскочыла на галаве ў немца качка з задзёртым хвастом.

Устаць Боганчыку памог Махорка - падхапіў пад пахі: быў бліжэй за ўсіх ля яго.

Таня пачула, як ёй стала горача. Апіраючыся рукамі на мяхі, яна чула, што і мяхі гарачыя, бы іх вынялі дома з запечка, куды клалі нанач сушыць. Зноў запахла з дарогі ад матацыкла паленай гумай і пачало блажыць...

Тады яна лягла на мяхі. Адгэтуль зусім не было відаць немца на дарозе: яго заступіў Боганчык. Яна чула толькі прарэзлівы голас:

- Поедете по шоссе... В лесу могут быть бандіты!..

Калі Таня зноў паднялася на локці, немца ля калёс не было: ён адступіўся да жоўтага каменя на дарозе, што ляжаў цяпер ззаду ў яго ля самых ног, - стаяў, сцягваючы з рук белыя пальчаткі і плюючы на дарогу.

Яна была падумала: «Дзе ж Боганчык?» Тады ўбачыла, як той бяжыць да сваёй падводы пасярод дарогі па пяску, раскідае ногі, сагнуўся і дастае рукамі аж да зямлі. У руцэ ў яго чорная кепка, круглая, як скавародка, і, здаецца, цяжкая: Боганчык ледзь махае рукой. Закраталіся ля сваіх вазоў мужчыны; зафыркалі коні, бразгаючы цуглямі.

- Бяры лейцы... дзяўчына... За Панком пускай, не аставайся!.. - крычала здалёку Наста са свайго, мусіць, воза. Таня яе не бачыла, не даваў Алёшаў конь.

Калі Наста сціхла, было чуваць, як на дарозе бразгалі кацялкі, што парожнія міскі дома на судніку, калі зачыняеш дзверы. Немец з завязанай шыяй праехаў і зноў таркануўся ў пяску - стаў якраз ля Януковых калёс. Высокі немец пайшоў за матацыклам, павярнуўшыся неяк бачком - сачыў усё за Боганчыкам. Падышоўшы да матацыкла, крыкнуў на забінтаванага немца - той пералазіў з сядла назад у каляску, бразгаючы кацялкамі, - і зноў растапырыў на пяску ногі. На Боганчыка ён ужо не глядзеў: сцягнуў з рук пальчаткі, заткнуў іх пад жоўтую дзягу і дастаў аднекуль - Таня не згледзела адкуль - маленькую пушачку. Выцягнуў з яе белую папяросу - Таня такой ніколі не бачыла, - панёс у рот і зноў стаў глядзець, павярнуўшы галаву, на дарогу, на Боганчыка: той нешта крычаў мужчынам, засупоньваючы хамут.

Тады Таня пачула, як ззаду на возе замычаў Янук, моцна, як мычаў у вёсцы на вуліцы, калі хацеў, каб яго пачулі здалёку.

Таню як хто падхапіў на возе: Янук, пагнаўшы каня і звярнуўшы на пясок, аб'язджаў яе, мінаў. Яна не ведала, што рабіць: наперадзе яшчэ стаялі ўсе падводы. Калі белы Янукоў конь спыніўся, захропшы, пасярод дарогі, Таня ўбачыла, як Янук заёрзаўся на возе, выставіўшы ўперад руку - да немца. Немец стаяў цяпер ля самага яго воза і, не спускаючы з Янука вачэй, прыкурваў маленькую папяроску ад бліскучай жоўценькай машынкі. Таня здагадалася: Янук паказвае, каб той падышоў да яго - да воза. Немец адно круціў памалу галавою, сціснуўшы вуснамі папяросу, - глядзеў то на Янука, то на дарогу - на Боганчыка. Пасля ўтаропіўся на аднаго Янука і, узяўшы пальцамі з рота папяросу, лыпаў і лыпаў вачыма - не ведаў, мусіць, чаго той ад яго хоча. Янук тады стаў зноў мычэць і пыкаць вуснамі, падымаючы і апускаючы за брыль кепку на галаве, нібы хацеў яе зняць і не рашаўся. Пасля выразна, як успомніўшы раптам што, сказаў, паказваючы пальцам на кішаню на грудзях у немца, пад якой вісеў крыжык:

- Курыць... Т-т-тваю м-маць...

Тады зноў мычаў - доўга, з натугай, нават не гаварыў «тваю маць». Пыкаў ротам і гладзіў сябе рукой па грудзях, як малы; яго схаваныя глыбока пад ілбом вочы пабольшалі і заблішчалі, расцягнуўся і стаў доўгі, на ўсе шчокі, бяззубы, пусты рот; загнуўся ўніз сухі і тонкі нос, што дзюба ў старога каршуна. Янук, здавалася, ссунецца зараз з мяхоў на дарогу - так нагнуўся ўперад.

Немец тады выцягнуўся ўвесь, адразу зрабіўся яшчэ больш высокі і тонкі, як усохся на сонцы. Шчокі ў яго сталі чырвоныя, што жар, з ілба апусціліся чорныя бровы на самую пераносіцу - закрылі вочы.

- На меня... твою мать?.. - зашыпеў ён, выцягнуўшы шыю аж да Януковых калёс, дзе Янук ківаў галавою, гладзячы сябе па грудзях. Рука без пальчаткі адразу выхапіла з жоўтай кабуры пісталет - як з агню - і падымалася памаленьку-памаленьку... І ніхто не бачыў: ні Наста, ні мужчыны.

«Заб'е Янука... Боганчыка не забіў, а Янука заб'е...» - падумала раптам Таня.

Калі яна ўсхапілася з калёс, пачула толькі, што кальнула ў балючую нагу...

Саскочыўшы на дарогу, яна не помніла, як апынулася ля Янука.

Упёршыся яму плячыма ў калені, яна растапырыла рукі, хаваючы яго ад немца, і закрычала. Пачула, як яе моцна ўдарыў па руцэ немец, што пераламаў усё роўна, і ступіла балючай нагой. Помніла, што валіцца на пясок - хоць не ўдарыцца.

Недзе далёка паганяў каня Панок і тукаў матацыкл, глуха, як вожык.

Ёй было здалося, што яна ляжыць дома на палатках, паклаўшы балючую нагу на пяколак, на самае гарачае месца. Спячы можна, але нагі не кранеш, каб адсунуць да сцяны, на лучыну: змярцвела.

Калі яна адплюшчыла вочы, пазнала, што ляжыць ля Януковых калёс у пяску; пасля ўбачыла, як нізка над дарогай, над самым ячменем, ляцеў каршун, памалу, ледзь кратаў крыллямі. З грудзей у яго сыпалася пер'е...

Над ёй, нагнуўшыся, мычаў Янук. За ім была відаць Наста.

 

5

 

У лагчыне, за Сушкавам, дзе скрыжоўваліся, ідучы полем па пяску, дарогі, стаяў не так даўно крыж - Боганчык яшчэ помніць. Цяпер крыжа няма, згніў ад зямлі, абваліўся, і яго спалілі пастухі; растуць толькі на тым месцы тры елкі, нізкія, разгатыя, з тонкімі сукамі, і ляжыць пад імі адно каменне - шэрая крушня.

У лагчыне было горача, хоць сонца, знізіўшыся, стаяла ўжо над самымі могілкамі, што асталіся ззаду, на гары. Не лескаталі калёсы - тут быў пясок, храплі толькі ад пылу коні, і рэзалася ў некага ціха жалеза аб жалеза: кола аб загваздку.

Седзячы на мяхах у самым перадку, Боганчык бачыў, як за садам, ля сажалкі, у тым баку, дзе была вёска, курэлася балота: высахла, калі яго абкасілі, і цяпер занялося агнём. Здалёку былі відаць на балоце пад лесам стагі.

Лес быў сіні ад густой смугі. За ім, якраз на Карчаваткі, падымаліся высака ўгару бурыя тулягі - былі што сціснутыя вялікія кулакі...

Ад сонца тулягі гусцелі і рабіліся чырвоныя - здавалася, кулакі сцяліся і набеглі кроўю. Далёка ў тым баку пачуліся глухія выбухі: бух-бух... бух-бух... Пасля тулягі пачалі распаўзацца па небе, усё роўна як іх пагнала ветрам. Было чуваць, як недзе там гудзеў самалёт, аж звінеў.

Тады Боганчыку раптам здалося, што ён у доце пад Красным, у байніцы ля кулямёта... Байніца глыбокая, і калі, паклаўшы рукі на халодны выступ з цэменту - ён выслізганы і блішчыць, што сцёрты камень, - глядзіш, падпёршы кулакамі падбародак, у вузкую і доўгую шчэлку - у вачах шэра, як вечарам увосень, калі скора пачне цямнець. Гэта рака. І глядзіш на яе зверху ўніз: дот высака над берагам, на самым высокім месцы ля Краснага - ля ракі.

Прымасціўшыся ля кулямёта, бачыш у маленькае акенца ў шчытку белую шашу, што ідзе з лесу ў Краснае, спускаючыся з гары да маста. Гэта ўжо за ракой, на другім зрытым беразе - калі рабілі ля маста насып, адтуль бралі пясок.

Краснае стаяла за ракой Дзвінасой - воддаль. Праз яго ішлі накрыж дзве шашы: Крайск - Барысава (з захаду на ўсход, ад блізкай некалі граніцы) і Докшыцы - Мінск, цераз Бегамля - гэта з поўначы, з Віцебска на поўдзень.

За Дзвінасой ля Краснага былі доты - уехалі ў зямлю на самым беразе, як вялікія шэрыя валуны.

Па левы бок шашы, што ішла з Крайска, яны былі відаць адразу за ракой, аж тры: ля маста - шырокі і лабаты; на выгане на гарушцы - белы і круглы, што вялікае яйка; і далёка ля лесу, пад самым Тартаком, дзе ўжо хавалася з воч рака, - блішчаў жоўтай плямкай як згледзець...

У Краснае яны ўсе - мужчыны з Дальвы - прыйшлі тыдзень назад па павестках: у ваенкамат. З Краснага ўсіх адразу пагналі на Барысава. Яго ж, Боганчыка, адлучылі - ён быў у фінскую кулямётчыкам і павялі з пятнаццаццю чалавекамі назад, на Докшыцы, - у часць...

Праз два дні яны занялі доты пад Красным: у Докшыцах і Бегамлі былі ўжо немцы.

Над самай байніцай знадворку, дзе яна роўна, як пад шнур, з усіх бакоў абкладзена дзерняком, на траве вісяць кроплі расы. Густа, адна ля адной; збіраюцца, як хто чапляе іх на нітку, тады капаюць уніз на пясок. Пасля зноў блішчаць зверху на траве, што выціснутыя з зямлі, і зноў падаюць долкі. Знадворку пахне свежай, вільготнай зямлёй, як усё роўна пахне пасля дажджу ралля...

Калі доўга стаіш, падкінуўшы пад локці на халодны выступ з цэменту складзены ў дзве столкі брызент, локці пачынаюць грэцца і ныць спаднізу. Здаецца тады, што апёрся дома на цёплы пяколак, прыйшоўшы з двара з холаду, падпёр рукамі галаву і стаіш, гледзячы на печ. І белая паласа - гэта не дарога за ракой, а пабеленая сцяна ля коміна; і ўнізе не шэрая вада, а печ з гліны, выерзаная, са смеццем і карой - сушыліся дровы - і закіданая ля сцяны рыззём і лахманамі, якіх даўно не насілі і якія падсцілалі пад бок, калі хто надумляўся лезці за комін спаць, прыйшоўшы халодны ўвосень вечарам з поля.

Узышло сонца, свяціла збоку, з-за Краснага, можна было пазнаць па вадзе; яна забліскала, што луска на рыбе. Пачакаўшы, на вадзе лягла шырокая і цяжкая жоўтая паласа ад туляга; пад ёй задрыжаў выцягнуты чырвоны круг сонца - неба было відаць у вадзе, ля самага дота. Над байніцай на траве налілася сукравіцай раса.

Было ціха, і, можа, таму так ядрана пачуўся аж тут, пад зямлёй, рокат, усё роўна як завялі дзе блізка трактар... За ракой, на шашы ля лесу, паказаліся танкі...

Страсанула дот, на плечы са столі пасыпаліся дробненькія кавалачкі гліны. На Дзвінасе, мусіць, узарвалі мост.

Боганчык помніў толькі, як, выцягнуўшыся ў дзвярах, высокі і тонкі, у шырокай брызентавай накідцы капітан, той, што вёў іх на Докшыцы, скамандаваў: «Агонь!» Пасля яшчэ доўга крычаў: «Агонь!..» - падымаючы і апускаючы руку, нібы хочучы скінуць з сябе накідку, якую з начы не знімаў з плеч і якая цяпер яму стала цесная і замінала.

Здрыганулася зямля, захадзіла хадуном у рацэ вада, як закіпеўшы: сталі біць саракапяткі. Глушыла, пярачы збоку, свая; бухала і справа, далей, на выгане, дзе быў другі дот, і аж ля самага возера, ля заставак, у сасонніку, недалёка ад Тартака. Гук адтуль ішоў як глыбака з-пад зямлі.

За ракой падняўся сухі пыл, схаваўшы ўсё з воч. Вецер гнаў яго сюды, на гэты бок, дзе стаяў дот...

- Агонь! - крычаў капітан. Яго ўжо не было ля дзвярэй, што вялі да выхаду. Ляжала толькі ў парозе на зямлі, як надзьмутая, зялёная брызентавая накідка, што ахапак свежай травы.

- Аго-о-нь!.. - чуваць было ззаду, глуха і сіпата. - Го... го... - здавалася, што крычаць толькі яму аднаму, Боганчыку, і ён ціснуў з усёй сілы вялікімі пальцамі на шурпатую гашэтку, баючыся, што пальцы возьмуць і саслізнуцца - мокрыя ад поту - і аціхне кулямёт. У прадаўгаватае вузкае акенца ў шчытку, як у цьмянае шкло, ён бачыў пад белай паласой на тым беразе два танкі. Яны сунуліся адзін воддаль другога, неяк бачком, з шашы на лажок, то паказваючыся, то хаваючыся ў дыме; пасля па той бок шашы зусім зніклі з воч. За ракой цяпер ад дыму нічога не было відаць; ззаду за плячамі несціхана стукала, усё роўна як глухія пад зямлёю дзверы: гах... гах...

Боганчык зноў чуў, як уядаецца ў вялікія пальцы, у мякіш, шурпатая гашэтка, але ў акенцы ў шчытку нічога ўжо не бачыў: усюды было шэра.

Калі ён пачуў, што яго схапіла за плячо рука і тармосіць, не адпускаючы, усё яшчэ не мог адарваць пальцаў ад гашэткі. Пальцы падпёрлі яе, выгнуліся, зрабіліся як пруты. Лента з жоўтымі патронамі паўзла і паўзла справа аднекуль з цемнаты, выгінаючыся, як змяя, якую ўзялі за галаву...

- ...мать!.. - пачуў ён над самым вухам; тады рука пацягнула яго за каўнер ад байніцы. - Прекратіть!..

Гэта крычаў на ўсё горла капітан - кулямёт змоўк, і чалавечы голас пад зямлёй аж рэзаў вушы. Капітан, топчучы нагамі разгоеную па падлозе накідку, паказваў рукой у байніцу:

- Ушлі вброд... Левых накрылі...

Тады стала ціха, і ў цішыні здалося, што звіняць сцены і звон лезе ў вушы. Як у зямлі, стукала пад ім, Боганчыкам, сэрца: ён цяпер апёрся грудзьмі на халодны цэмент ля кулямёта. Бачыў, як пастаяў быў у парозе капітан, пасля выцягнуўся, счысціў з грудзей пясок, - недзе наліп яму на дварэ: капітан, мусіць, поўз - і схаваўся за дзвярыма. Расцягнулася толькі на зямлі накідка, астаўшыся ляжаць назнайніцу.

Боганчык сядзеў ля кулямёта, чуючы, што ўпёрся плячом у нешта вострае і халоднае і пачынае стыць. Ён стыў, і яму рабілася лёгка, мог, як хацеў, кратаць рукамі і глядзець, не прыплюшчваючыся, праз акенца ў шчытку на той бераг, дзе вісеў пыл.

Ён як усё роўна збыў вялікую хваробу...

Перад вачыма застыла, не мітусілася бронзавая планка на казённіку. Вузенькая, доўгая, выслізганая пальцамі, яна цьмяна бліскала ад водсвету праз байніцу. Унізе пад ёй можна было ўгледзець маленькую зорачку і літары; па самай планцы рассыпаліся дробныя чорныя лічбы - ад двух да дваццаці шасці, - папрыліпалі да яе, як камары дома вечарам да бліскучай жоўтай клямкі на дзвярах у сеначках.

Ён памацаў за кожух - кожух быў гарачы, не даткнуцца. Ад яго пахла парай, што ад печы ў лазні, калі на каменне зверху лінеш вады.

Рука зачапілася за шчытком за ланцужок, які быў прычэплены да вінта, што закрываў адтуліну, куды лілі ваду. Ланцужок быў гарачы.

Захацелася піць - вады са студні. Яна халодная, як з лёдам, і пахне рашчынай, мусіць, ад зруба - зруб дома ў студні з клёну, - не такая цёплая і жоўтая, што прыносілі ўчора вечарам у бачках...

Адагнуўшыся, Боганчык пачаў счышчаць з сябе пясок і друзалачкі ад цэглы, што ўпіліся былі ў калені...

Пасля ён голымі рукамі счышчаў пясок з доўгіх, выгнутых і вышараваных знізу аб зямлю афарбаваных станін. Яны былі халодныя і мокрыя; халодны і ліпкі быў шчыток, з яго не счышчаўся пыл. Боганчык падумаў тады, што кулямёт змазаны і за яго браўся пыл і пясок; падумаў пасля, што кулямёт доўгі, на два мужчынскія крокі, і байніца глыбокая - глядзіш у яе, як у студню...

Калі знадворку пасвятлела - павярнулася, мусіць, сонца і коса свяціла на бераг пад самую байніцу. Боганчык успомніў, што бой быў доўгі і танкі ішлі доўга, і прайшло іх у раку, мусіць, многа...

У доце павіднела, і ён убачыў, прынікшы да байніцы, што на тым баку за ракой зялёны высокі бераг. Ад сонца яшчэ больш пабялела, стала як мел, белая шаша; за ёй на полі было відаць жыта...

Ён успомніў тады, што капітан загадаў: «От пулемета не отходіть і ждать команды...»

Было ціха і ад таго млосна. Не няслі есці і не прыносілі вады. Пахла дымам ад пораху; звінелі яшчэ гільзы, падалі самі з байніцы з-пад кулямёта на падлогу: не ўлежаліся. Збоку, недзе за Красным, чуваць былі глухія выбухі, як хто, нямогучы, тоўк у ступе - мусіць, на шашы, што вяла з Бегамля. Адтуль, адкуль былі ішлі танкі, з-за лесу папаўзлі самалёты. Здавалася, што ныюць пад столлю камары. Камароў у доце многа: яны чулі людзей і ціснуліся ў байніцу. Цяпер яны наганялі сон, і Боганчык, паклаўшы галаву на рукі, доўга цёр пальцамі вочы: каб не ліпліся...

Пасля палудня зноў пайшлі танкі. Яны ўжо не паказваліся на шашы, бралі лесам правей: міналі мост. Зноў дрыжалі сцены: біла саракапятка.

Боганчык зноў прынік да акенца ў шчытку... Дрыжалі пальцы, здавалася, - яны размяклі і ніяк не могуць знайсці шурпатую гашэтку... Але цьмяна бліскала справа лента і паўзла, падскокваючы, да шчытка... Калі ён адпускаў пальцы і падымаўся папраўляць ленту, чуў, як звіняць, сыплючыся з-пад кулямёта пад ногі, гільзы і ляскаюць гусеніцы за ракой на шашы зусім блізка. Ён тады зноў прыліпаў да слізкага жалеза...

Калі шашой пайшлі грузавыя машыны, ён ужо не страляў: не было вады.

Пасля знадворку ў байніцу сыпанула жарствы і там недзе ўдарыла, што перуном... З-за ракі немцы білі па доце...

Выскачыўшы з дота, Боганчык пачуў, што вецер дзьме берагам, якраз у твар. Халодны і калючы на захадзе сонца, ён суха шумеў пад нагамі ў траве; воддаль, на рацэ, дзе была затока, стагнаў на вадзе і свістаў у высокай асацэ і сітняку. Горкі ад дыму, сыры ад размешанага глею на пераправе, дзе прайшлі нямецкія танкі, укачаны ў жвір на беразе, вецер аж зрываў нос, і цяжка было пазнаць, адкуль нясе тарфяным гарам, - мусіць, з Краснага, дзе, відаць, падпалілі склады.

Боганчык бег берагам, пад вецер, і калі варочаў галавой - чуў, як падымаюцца дыбам валасы. Думаў тады, што не помніць, як вецер сарваў пілотку. Калі ж ён абмацаў сябе за паясніцу і знайшоў пілотку збоку пад дзягай, яму стала раптам трывожна; ён засопся і пачуў, што вязнуць, млеючы, на беразе ў пясок ногі.

- Ст-о-ой!.. Застрелю!.. - чуў ён, і яму здавалася, што крычаць зусім не на яго і недзе далёка, хоць пазнаў, што крычалі ззаду і гэта вецер зносіў голас. Яму яшчэ здавалася, што крычыць не капітан: той быў ціхі. Нават калі па доце з шашы білі немцы, ён, уваліўшыся ў дзверы, з забінтаванай рукой на почапцы, не крычаў. Сказаў зусім ціха, паклаўшы здаровую руку яму, Боганчыку, на плячо: «Подготовіться к круговой обороне...»

З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру і абклаўшы яго дзерняком.

Танкі цяпер ішлі ззаду: з Краснага - выганам. Паўзлі, адыходзячыся адзін ад аднаго, валюхаліся і вадзілі стваламі - уніз-уверх, уніз-уверх... Шырокія, плоскія... Аж тры... Паўзлі на дот...

Калі Боганчык быў ужо ў лагчыне, на гары ўдарыла саракапятка - ядрана, чыста, не так глуха, як сядзіш у доце пад зямлёй. Яе, мусіць, выкацілі наверх, паспелі. Па рацэ над вадой пайшлі водгаласкі, пакаціліся далёка за лес, дзе заходзіла сонца.

- Стой!.. - чуў ён, як крычаў недзе ўгары капітан, пасля пачуў, як затахкаў там кулямёт. Падумаў, што страляюць па ім, Боганчыку, каб забіць: над галавой цюмкалі кулі; але ўбачыў, як яны, што іскры, ляцелі над дотам за раку ў лес: кучкамі, бы іх хто сыпаў са жмені.

«Немцы б'юць... - падумаў ён тады. - З танкаў...»

З лагчыны танкаў ужо не было відаць, не было відаць і дота; тырчаў толькі на гары ля выгану гарбаты курган. Калі Боганчык схаваўся за насыпам, дзе дагэтуль быў мост, - яго, як пайшлі танкі, узарвалі сапёры - не было ўжо відаць і кургана...

За мастом, па той бок ракі за шашой, пачыналася поле, і вецер біў цяпер у грудзі, не даючы дыхаць, здавалася, ротам пойдзе кроў. Боганчык быў угледзеў, што павярнуў і бяжыць назад, пад Краснае: ад маста павярнула ўбок рака.

«На той бераг...» - стукнула яму ў галаву, і ён пачуў, што спалохаўся. Плаваць ён не ўмеў і бег берагам пад Краснае, дзе быў брод і дзе прайшлі нямецкія танкі.

Ззаду за насыпам білі з гармат і хлебясталі кулямёты.

Ён згледзеў, як гараць пад ветрам на пасёлку ў Красным хаты, без дыму, адным агнём, як сярнічкі. Вецер зносіў полымя на балота, дзе раўлі танкі, слаў па самай зямлі.

Боганчык, скочыўшы ў раку, убачыў яшчэ, як ля канавы, на выгане, гарэў танк, высокі, задзёрся перадком угару... Ад яго ішоў дым - чорны, як дзёгаць...

Калі сцямнела, ззаду за ракой занялося на ўсё неба зарыва: гарэла Краснае.

Боганчык доўга глядзеў на зарыва: бачыў, як яно гасла, спаўзаючы да самай зямлі, пасля дрыжала, выцягвалася ў доўгія скрываўленыя палосы, падымалася высока ў неба і зноў ападала - як кіпела ўсё роўна. Нядаўна яшчэ там былі чуваць выбухі, цяпер стала ціха.

Ціха было ўсюды: і на шашы, дзе ішлі танкі, і ў Красным, і на беразе ля маста.

Калі Боганчык падумаў, што ля дота ціха, яго было пацягнула назад, хацелася вярнуцца - устаць з зямлі і пабегчы да ракі... Тады ён успомніў, як крычаў капітан, і думаў, што не вернецца, бо няма куды: да берага дайшлі танкі... Яго пачынала браць стужа...

Ён быў ледзь не ўтапіўся ў рацэ, не лучыўшы ўброд. Да цела цяпер ліпла мокрая і цвёрдая, як луб, гімнасцёрка. Цёпла было толькі ў зад - ён сядзеў на купіне - і знізу ў выцягнутыя ногі. Ногі як усё роўна ляжалі ў нечым ліпкім і слізкім, што ў гразі.

Ён доўга сядзеў, не могучы ўстаць. Падумаў тады, што трэба хоць выкруціць, зняўшы з сябе, гімнасцёрку і штаны...

Пачуў, як па целе поўзаюць чорствыя мурашкі. Лапнуўшы рукой за шыю, намацаў пад пальцамі тоўстую, круглую канапліну... Паднёсшы да вачэй, убачыў, што раздушыў мурашку. Пазнаў толькі цяпер, што сядзеў не на купіне, а на муравейніку, шырокім і плоскім, як магіла.

Над вухам зазвінеў камар, цененька і нудна, як усё роўна быў адзін ва ўсім лесе.

Боганчык махнуў быў рукой ля вуха... Тады падняўся з муравейніка і пачаў счышчаць са штаноў мурашак. Падумаў, што ў лесе зусім цёмна, не відаць зямлі.

Калі ён ступіў, хруснулі ў нагах косці, што снег у мароз пад абуткам.

Яго зноў кінула ў стужу...

Ён падумаў, што загібее зусім, калі не зменіцца ў сухое; што можна налучыць на немцаў і тады ўсё роўна капцы...

І ён пайшоў лесам, прыглядаючыся: баяўся ткнуцца на дарогу, дзе вечарам ішлі танкі.

Ззаду, там, дзе быў пажар, зноў загрымела, як і ўдзень. Стаўшы, Боганчык аглянуўся яшчэ раз.

Білі з гармат, і снарады ляцелі ў гэты бок - на Краснае, Боганчык згледзеў іх. Чырвоныя, як жалеза з агню, яны мільгалі на чорным небе і знікалі адразу з воч. Бухала блізка за ракой - мусіць, на гэты бок Краснага, - ён не пазнаваў. Пабольшала зарыва, аж відна, здалося, стала ад яго ў лесе.

Боганчык надумаў, што па Красным б'юць нашы, што ў Красным немцы...

Пацягнула сырасцю, блізка недзе было балота: ён ішоў на Тартак, мінаючы шашу.

Выйшаўшы на ездавую дарогу, ён пабег, каб сагрэцца, па калдобах і па карэнні ў той бок, дзе зайшло сонца і дзе было ціха.

У тым баку быў дом...

Боганчык саскочыў з калёс і працёр вочы... Уперадзе, на гары ля дарогі, куды трэба было ехаць, ляжалі шэрыя валуны - аж тры - адзін ля аднаго, а яму было здалося, што там танкі... Валуны ляжалі тут здаўна, уехаўшы ў зямлю, высокія, гладкія, і здалёку блішчалі на сонцы.

Ён, пусціўшы аднаго жарабка, стаяў цяпер у нечай позняй бульбе на шнуры: пад нагамі з пяску толькі яшчэ вылазілі каліўцы бульбеўніку. Пасля сышоў на сцежку ля дарогі, дзе рос сухі, прытаптаны да зямлі сівец, дастаў з халявы круглы слізкі каменьчык, што рэзаў усю дарогу костачку. Згінаючыся, крануў пашчэнкам аб калена... Пачуў, што да зубоў не даткнуцца. Пачало блажыць.

«Закалыхала... Ля могілак калдобы... - падумаў ён. - Не трэба было сядзець на возе...»

Ззаду ўсе пазлазілі з калёс і цяпер, сышоўшыся ля Януковай падводы, ішлі кучай. Махорка з Настай на самым перадзе, упобачкі; за імі - Панок з Алёшам.

Алёша аставаўся ззаду, не спраўляўся з Панком і даганяў яго з подбегам. Пасля наперад усім зайшоў Пан, кашляў, сагнуўшыся і заклаўшы рукі за спіну, азіраўся ўсё назад, слухаў Махорку. Махорка, махаючы ў Насты пугаўём перад самым носам, гаманіў на чым свет стаіць.

Боганчыку не хацелася іх чакаць, і ён пайшоў памалу сцежкай, нага за нагу. Яны дагналі яго ў самай лагчыне ля логу.

- Што, брат, уцякаеш ад нас? Усё роўна як мы ва ўсім вінаваты... - Махорка смяяўся. Ён, недзе, выскаляў зубы з яго, Боганчыка, ад самых могілак, можна пазнаць. - Хрэн з ім... Было - сышло. Жывы астаўся? Астаўся. А нам, татарам... - Махорка зноў засмяяўся, тады сціх. Пасля ўжо сказаў: - Што маўчыш, як воўк у Спасаўку?

Махорка, можа, хацеў, каб і ён, Боганчык, выскаляўся разам з ім з таго, як яму прыстаўлялі ля могілак на дарозе наган? Махорка цяпер будзе смяяцца з яго ўсю дарогу; з'ездзіць у Краснае, вернецца ў вёску і там пачне расказваць, як ён, Боганчык, стаў на калені, дабаўляючы ад сябе чаго хочаш...

Боганчык пачуў, як яму стала горача, тады затрасліся рукі, і ён сказаў, не гледзячы на Махорку:

- А тое маўчу, што далей з вамі не еду... Ні ў Людвінова, ні за Людвінова. Лес вялікі, знайду і бліжэй прытулак...

Усе адразу сціхлі. Ішлі, падняўшы галовы, ззаду за ім - ён, азіраючыся, бачыў іх - тупалі нагамі па сцежцы, і было чуваць, як дыхалі. Нехта сцебануў па дарозе - па траве - пугай. Толькі Алёша астаўся, стаяў і чакаў падводы: яму, мусіць, балелі ногі.

- Як гэта, брат? - спытаўся ў яго пасля ўжо Махорка. - То на Насту крычаў, то ўжо сам не едзеш?..

Яны цяпер ішлі за ім воддаль, трое, як назіркам: Махорка, Панок і Настуля, не даганялі...

- А та-ак!.. - адказаў Боганчык, адвярнуўшыся, са злосцю.

Зноў усе маўчалі; сціх, апусціўшы галаву, Махорка - не смяяўся.

- А так... - сказаў Боганчык ім цяпер яшчэ раз, сам. - Не панясу падстаўляць галаву пад кулю... Можаце нясці свае... Га? - спытаўся ён пасля ў іх, бо яны ўсе маўчалі. Пачакаўшы, ён сказаў яшчэ: - І я, Махорка, быўшы на тваім месцы, не выскаляўся б... А каб табе прыставілі наган да галавы?.. Га?..

- А нам, татарам, усіраўно: наган ці... Ліжба з табой, брат, не ехаць адным торам, падоскі кавалак... Давялося толькі... - Махорка сказаў ціха, сабе пад нос, але ўсе пачулі і павярнулі да яго галовы.

- Падоска? Я падоска?.. - Боганчык стаў на сцежцы, адвярнуўся да іх і чакаў Махорку. У яго дрыжалі рукі, аж калаціліся, і ён схаваў іх у кішэні ў штаны. - Падоска?.. Якая?

- Нямецкая... Калі хочаш знаць - знай... - Махорка ўжо са злосцю махнуў галавой, нагнуўшыся ўперад.

- Нямецкая?.. - Боганчык не стрываў, страпянуўся ўвесь, пачуўшы, як сцебанулі па лбе, рассыпаўшыся, валасы. - А ты?.. Што б ты запеў, яшчэ раз гавару, каб да тваёй галавы прыставілі рульку?.. Татарская морда... Завыў бы... Ды я табе... - ён выняў рукі з кішэні і сціснуў кулакі.

- Не лёг бы, брат, на пясок... Не лёг... І не лягу... - буркнуў, як сам сабе, пад нос Махорка.

Боганчык не помніў, як учарэпіўся Махорку за грудзі - скамячыў ля шыі чорную кашулю і пачаў круціць. На кашулі выступіла вада - пот, і Боганчык пачуў, як пацякло па пальцах. Пырснулі на поле ў пясок з-пад рук белыя гузікі...

- Татарская морда...

Ён пачуў пасля, як яго нехта схапіў за валасы, збіўшы з патыліцы кепку, і цягне. Зазвінела ў галаве. Ён выпусціў з рук Махоркаву чорную кашулю і ўбачыў Насту. Яна, упёршыся рукамі яму і Махорку ў грудзі, распіхала іх, што мела сілы. Пасля закрычала:

- Што сунуўся, як бык? На свайго! На немца не сунуўся... Крычыш, што табе наган прыстаўлялі. Усім прыстаўлялі... Усёй вёсцы... А ты, Мірон... - яна прыняла руку ў Махоркі з грудзей, трымаючы цяпер аднаго яго, Боганчыка, за рукаво, і загаварыла цішэй: - А ты, Мірон, не паскудзь сябе... Не знаеш, з кім заводзішся?

Нагнуўшыся, яна падняла з дарогі кепку і, абіваючы ад пяску аб спадніцу, падала яму, Боганчыку.

- Цяпер смелы... - сказала яшчэ раз, задыхаючыся...

Боганчыку раптам зноў стала ўсяму горача; пачуў, што дрыжаць у каленях ногі.

- Падводы адны... - сказаў ён ціха. - Аж дзе ўжо коні... - і стаў біць сабе па калене кепкай, выбіваў ад пяску. Сказаў пасля са злосцю, каб не падумалі, што ён, Боганчык, хоча апраўдацца: - А мая галава мне... Ды да любой прыстаў, не так яшчэ затрасецца, каб на карку астацца. Як міленькая...

Тады ён згледзеў, як Наста стала спопаразку, павярнуўшыся да яго, ішла наперадзе, і падняла вочы, вялікія, шэрыя, што спелы лубін.

- Нешта ты, Іван, дорага ацаніў сваю галаву перад усімі... - сказала без злосці, як бы яму, Боганчыку, нічога благога не думала. - Другія, вунь, не вярнуліся, не прыбеглі адразу дамоў... Там, можа, - паказала яна рукой уперад на дарогу, - свае галовы паклалі, не прыняслі ў вёску пакантужаныя... - Яна памаўчала, выцерла са шчок пот і аддыхалася: - Нешта я ніколі не відзіла, каб цябе твая кантузія трасла, як ты ў вёсцы ачуўся, вярнуўшыся... І ніхто не скажа, не відзіў... І ад партызанаў выкруціўся... Кантузіяй... Бараду адпусціў. Пайшоў на хітрыкі... Ты ж маладзей за мяне. Штаны б злупіць...

- Злупі з яго, Настуля, злупі... - засмяяўся цяпер Панок і закашляўся. Панку цяжка было дыхаць у пыле, у яго аж хрыпела ў грудзях. - А так ён распышэў... У аднаго яго галава... А ў дзяцей нашых - не галовы?.. - Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў.

Боганчык яго не слухаў: Панок яшчэ... Трухля... Кашляе, харкае - дохля ніяк не возьме... Ён падумаў, што Наста гаворыць тое, пра што гавораць у вёсцы. Наста не баіцца, скажа ў вочы. Уся вёска тады пра яго языкамі меле, што ён такі-гэтакі... А што ім усім да таго, які ён? Канту-узія... С...кі ў іх ва ўсіх пакантужаны... Калі ў чалавека галава цэлая на плячах, калі ён яе на карку дамоў прынёс, дык усім не ўгадзіў, зарохкалі, што свінні. Трэба было прынясці галаву пад пахай, тады б усе супакоіліся...

Боганчык пачуў, як яго зноў усяго трасе. «Згараць да аднаго ў агні, - падумаў ён пра вёску, - а свайго не кінуць... Не-е...»

- А ты, Наста... - Боганчык ужо не мог змоўчаць, чаго пражэшся? Законная такая... Не помніш, як банку прынясла ад патронаў? Вёску маглі праз цябе спячы... Праз тваю разумную галаву. Ну, хай я ўцёк тады... Збег! А ты што знаеш? Га?! - ён не ўтрываў, закрычаў са злосці. Пачуў, што душыць кашуля, не дае дыхаць. Хапянуў рукой за каўнер - гузікі былі моцна ўшыты, не адскочыў ніводзін, тады пачаў іх адшпіляць усімі пальцамі. Чуў, што пальцы паслізлі, сашмыкваюцца і дрыжаць.

Ззаду, за грэбляй ля маста, затахкаў кулямёт, рэдка і глуха: здалёку.

Усе былі адвярнуліся назад, і Махорка загарадзіў цяпер яму, Боганчыку, дарогу.

- Ты Насты не чапай, брат... - сказаў ціха, працадзіўшы праз зубы. - Знайшоў на кім злосць спаганяць. Багамазіць на ўсё поле... Голас падняў... Ды яно, каб заціш... Чорт бы які з табой... - ён не дагаварыў і махнуў рукой, той, на якой не было двух пальцаў.

Яны спяшылі сцежкай, адно за адным, даганялі коней, каб павярнуць іх з Кур'янаўшчыны на Людвіноўскую дарогу.

Коней яны дагналі ў вілах, дзе дарогі сыходзіліся ў адну: з балота ад саду і з Кур'янаўшчыны ад Крыжа.

Боганчык, сеўшы на калёсы на мяхі, глядзеў цяпер на свежы пясок ля акопаў, якія парылі кутузаўцы ў самых вілах. Пясок быў накіданы ад могілак, адкуль ішлі немцы, ляжаў нават не зацярушаны, не схаваны ад вока. Відаць, не стрэлілі адгэтуль ні разу; капалі, бо была каманда капаць; пасля далі другую каманду, і акопы рылі ў другім месцы, можа, ужо ля самай Дзвінасы...

Ён бачыў, што ніхто не сеў ехаць, усе ішлі ззаду ля Януковай падводы, і чуў, як яны гаварылі між сабой, бы яго, Боганчыка, і не было на калёсах.

- ...Дык што будзем рабіць, мужчыны?

- Ага... Наста. І ты кажаш, каб астацца ў Людвінове?

- Праўда. У Людвінове ціха...

- А раптам немцы?

Ляскаталі калёсы, і Боганчык павярнуў галаву, але ззаду пачалі гаварыць цішэй.

- А Іван?.. - гэта папыталася Наста ў Махоркі.

- Жарабка не кіне... Я яго знаю... - Махорка гаварыў ціха, нічога не было чуваць.

- Ды ён кашулі сваёй баіцца.

- Кінь, Наста... - Махорка загаварыў мацней, зноў як сумысля. - Ён-то настойны і крычыць без сціханага пра сваю галаву... Але ж... Ды і совісь...

- ...збег...

Боганчык не пачуў, што яшчэ сказала Наста.

- Мала, Наста, што... - забубніў Махорка. - Дамоў прыбег... А з дому куды?

- Можа, Мірон, ён тады і кантужаны, калі так? У партызаны ж не ўзялі?

- У партызаны сілай не бяруць. А ўцячы - уцёк... З дотаў. З Дзвінасы. Зямля дыша. Людзі відзілі, як яшчэ шклункі на плячах валок. Нагроб недзе рыззя... На ўловы хадзіў, а ты думала - на фронт? Людзі, Наста, відзяць, не ўтоіш. Носіць жа чужыя латы. Адкуль? У Ваўкаўні, калі нямецкая «рама» над вёскай лётала, у зямлі поркаўся. Схоў рабіў, каб багацце схінуць... А яшчэ... мабілізавалі... Напінаецца. Хацеў бы, каб яго і не мабілізавалі. Хай ідзе немец...

- О-хо-хо... Што там у вёсцы? Знябудуцца, пакуль вернемся... Што гэта будзе?.. Мірон? Ты ж, можа, ведаеш? На свеце быў...

- Нічога, Наста, не будзе...

Боганчык ужо не чуў, пра што гаварылі: коні пайшлі з гары, логам, і людзі, пераймаючы падводы, чапляліся за ляжэйкі. Было чуваць толькі, як мычэў на возе Янук, паказваючы пугаўём на лес, на Людвінова. Ля яго воза махаў рукамі Махорка: спраўляўся ў Янука, як лучыць за руччом на Кур'янаўскі расцяроб.

Праехаўшы добры кавалак, яны спусціліся да ручча, знайшлі расцяроб і, звярнуўшы на яго, паехалі даўнейшай дарогай, каб не ехаць полем - не быць на відку.

У расцяробе стаяў цень. Пахла балотам сырая ў лагчыне зямля - прэла пад мохам і ягаднікам: яе не даставала сонца. Расцяробам ездзілі толькі летам, калі касілі лог ля ручча, аж пад самым Людвіновам.

Пад калясьмі шасцела старое белае асінавае лісце, ліпла на мокрыя ад зямлі колы. Расцяроб быў шырокі, на парку коней, і Боганчык сядзеў з краю на мяхах, выпрастаўшы ногі: яны балелі і, здавалася, ацяклі. Адлучыўшыся ад усіх, ён зноў глядзеў здалёку, як махае галавой, напінаючыся да самай зямлі, маленькі Махоркаў Сібірак. Здавалася, расцягнецца на дарозе, захрапе, і яго ўжо не падымеш...

«Пільнаваў бы лепш сваю падлу, чымся людзей языком мыць... - падумаў ён пра Махорку. - Узяў бы ды сам на перадавую... Дык не... Без пальцаў... Усе яны такія... Адны бязрукія, другія кашляюць. Ім павестак не прыняслі. Не далі формы, не заперлі ў доты... А то ўжо Боганчык збег, Боганчык уцёк... А ў фінскую хто ў снезе сябе памарозіў?.. Яны, можа? Ім і тады павестачак не прыслалі. Як у бога за пазухай... А якая розніца, ёсць у цябе пальцы ці не? Там у галаву страляюць... Ваюй за ўсякую сволач. Кладзіся пад танкі... А яны табе тады яшчэ жыцця не дадуць. Я з вамі разам не кашляў і пальцы ў малатарню не соваў... Героі... Наракаць толькі».

Пад калёсамі трэскалася сучча; колы мясілі мухаморы, што лезлі з пяску і з травы, белыя, як порхаўкі. І Боганчык падумаў: усё роўна падушаць усіх у вёсцы, як порхавак. Не сёння, то заўтра. Немцы - немцамі... Спасу, мусіць, не будзе. І так - нешта нейкае: не зачапілі адразу, сагнаўшы... Нарыхтоўку ўзялі. Хаця, завязеш, прыедзеш - яны і цябе з усімі да Махоркі ў хату і сярнічку пад страху ў салому... А Наста хоча яшчэ ўсім ратунак знайсці... Добра, што хоць самі вырваліся...

Боганчык чуў, як па нагах, па старых дзіравых ботах, шастае трава: вырасла на самай дарозе ў пояс, выветрала сухатой аж да зямлі і цяпер будзе гарэць, як сярнічка, падаткні толькі агню. Ён падумаў, што ўсё будзе такім летам гарэць, як сярнічка: трава, лес, салома на стрэхах... Салома сухая, сушэй за траву на дарозе.

Уехалі ў Людвіноўскі лес - пайшлі адны старыя елкі: гэта перад самай вёскай.

Боганчык падумаў, што ў Людвінове можна пераседзець усё на свеце. Каму яно трэба... Хутары на пасецы сярод лесу, хат дванаццаць, ці што - ён не помніць. Будаваліся людзі тут нядаўна, перад самай вайной. Людвінова далёка ад вёсак і ад шашы.

У лесе цень засцілаў дарогу. Пасвяжэла за плячыма, стаў часта храпці конь, хацеў піць: чуў, што вільготна пад нагамі.

У Людвінове можна будзе адсапнуцца, напаіць каня, бо такой гарачынёй збяёдаеш жывёлу...

Расцяроб пайшоў прамы, як пад шнур, і ўсе падводы былі відаць на дарозе. Ззаду паганялі, каб не адстаць ад яго, Боганчыка. Праз расцяроб ужо свіцілася поле; Людвінова было блізка.

Боганчык саскочыў з воза, каб ля лесу звярнуць жарабка адразу на загуменне - да студні, што ў канцы вёскі: не ехаць жа ім полем праз усе хутары... Закруціліся былі за канец дугі ля гужа лейцы, і ён, ідучы збоку ў каня, адкручваў іх аднымі канцамі пальцаў - не даставаў цераз аглабню. Пачуўшы свабоду, жарабок замахаў галавой, гонячы з грудзей сляпнёў, зафорскаў і, нагінаючыся да зямлі, стаў скубці ў выбоінах сухую смычку: быў галодны. Боганчык успомніў, што жарабок не кормлены з начы. Вярнуўшыся раніцай з Карчаватак, ён кінуў яго пад асверам на двары нераспрэжанага. Не адпяў нават, забыўся. Адтуль яго і забраў, не даўшы дома піць: нідзе не знайшоў вядра - ні ў хаце, ні ў сенцах, ні ў варыўні - зняслі ўласаўцы. У рацэ ля маста жарабок і не нагнуўся да вады: з ракі рэдка піў.

Праз лес ужо было відаць белае на сонцы поле. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома: з жыта ў расцяроб падзьмуў вецер. Тады ў тым баку, дзе было Людвінова, нехта закрычаў нема, што меў сілы, і затрашчалі стрэлы: кораценька, суха, як хто знянацку павёў па драбіне ў калёсах пугаўём. Ззаду па лесе пайшлі водгаласкі...

Жарабок натапырыў вушы і замахаў галавой - рассыпалася па шыі грыва, забразджалі цуглі, б'ючы па хамуце па клешчах, - пасля таргануўся, як укушаны, і рвануў дарогай на поле.

Боганчык, падаўшыся наперад, злавіў яго за лейцы, паспеў. Лейцы рэзалі рукі, былі шорсткія і гарачыя, што з печы. Ён бег, б'ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не зможа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад...

Учапіўшыся за ляжэйку, ён прабег і схапіўся за аглабню ля падпінка. Лейцы вышмыкнуліся з рук, і цяпер, трымаючыся за падпінак, ён хацеў злавіць каня за аброць.

Калі зноў пачалі трашчаць уперадзе стрэлы, глуха, што ў бочку, Боганчык быў ужо з калясьмі на полі ў жыце. Нагнуўшыся ўперад і ўзлёгшы на аглабню, ён схапіў каня за аброць і пацягнуў што меў сілы ўбок, каб звярнуць з дарогі. Жарабок спатыкнуўся, і Боганчык пачуў, як падкасіліся ногі - па іх, мусіць, дало аглабнёй - і ён паляцеў галавой у зямлю, у жыта. Убачыў, ужо лежачы, што лучыў на крушню камення. Падцялежыўшыся, нахінуліся да крушні і калёсы, і ссунуліся на ляжэйку верхнія мяхі. Жарабок як абваліўся, падкорчыўшы пярэднія ногі, так і ляжаў. Хроп, б'ючы галавой аб каменне: адграбаў ад сябе заднімі нагамі зямлю і стагнаў: не давалі ўстаць падцялежаныя калёсы з мяхамі.

З-пад сябе Боганчык угледзеў, што на поле выехаў Махорка - самога Махоркі не было відаць, матаў галавой толькі гняды Сібірак, за Сібіраком мігнулася сівая Панкова галава...

Тады Боганчык страпянуўся, падгробшы пад сябе локцямі каменне, устаў з крушні і закрычаў, махаючы ў лес рукамі:

- Назад!.. Назад!..

Але коні ішлі на поле, і за імі ківаліся людзі...

Ён схапіў жарабка за аброць - жарабок, апёршыся галавой яму на рукі, напяўся і ўстаў з зямлі - і павёў яго, аб'язджаючы крушню, наўскасяк цераз жыта да дарогі заварочваўся. Не згледзеў, калі паспелі акруціцца Махорка з Панком - яны пагналі коней назад у расцяроб, і ён, Боганчык, астаўся цяпер ззаду за ўсімі.

У расцяробе ля самага поля дарогу Панку загарадзіла Таня - ехала як усё роўна ім напярэймы, лежачы на возе; за ёй паганяў кабылу Янук Тваюмаць. Расцяроб ля самага поля быў вузкі - не размінуцца; аб'ехаць адзін аднаго спопаразку ніхто не змог, і яны сталі.

- Назад!.. Назад!.. - крычаў Боганчык цяпер ужо цераз усіх Тані і Януку. - Немцы ў Людвінове... - Пасля сціх і пабег наперад, да Панковых калёс, дзе сыходзіліся мужчыны. Янук толькі тупаў босымі нагамі ля сваіх калёс, баючыся адысціся, і паднялася на мяхах Таня - хацела злезці далоў.

Пастаўшы ля Панковых калёс, мужчыны маўчалі, гледзячы ўперад на поле. Тады Боганчык падумаў, што іх з Людвінова не відаць - яны схаваліся за лазой - і стралялі не ў іх. На полі ля дарогі, што ішла загуменнем ля самага Людвінова, расла лаза - кустамі. Праз лазу з расцяробу не было відаць і Людвінова.

Калі ён угледзеў агонь, яму здалося, што гарыць недзе зусім блізка: жыта на полі. Полымя ўскочыла адразу, як з зямлі, пад той канец Людвінова, дзе была студня - адна на ўсю вёску - і куды яны хацелі ехаць; лізнула лазу і палезла ўгару, рассыпаючы іскры.

Глянуўшы верх лазы, ён убачыў дым, чорны, густы, не праткнуў бы, здаецца, і пугаўём.

Боганчык быў страпянуўся і несамахоць прыціснуўся да калёс, стаўшы побач з Настай. Пачуў, можа, што не ляскалі калёсы і маўчалі людзі, як гудзе ў вёсцы агонь, бытта дзе блізка гарэлі бочкі з жывіцай... Аднекуль даляцеў ціхі звон на многа галасоў, што ўсё роўна пелі дзе далёка на полі ў жыце бабы... Песня была на адным тоне, лезла ў вушы як з-пад зямлі, і трэба было натапырыцца, каб яе пачуць.

Пасля Боганчыку здалося, што ные зямля: у яго пад нагамі, пад нагамі ў жарабка і ў людзей, і ля самай крушні камення, дзе ён быў упаў і счасаў локці...

- Назад! Галовы!.. - намогся крыкнуць ён зноў, ажно пачуў, што шэпча, не можа гаварыць, што яго не чуюць і ён нічога не чуе; толькі ные за лазой, дзе пажар, зямля... Ад таго, мусіць, і звініць увушшу...

Угары над Людвіновам расплылося белае воблака, што ад ветру, і ападала на лес. За лазой бушаваў агонь і мітусіўся ў вачах палосамі: знізу ўверх.

На поле папоўз дым, засцілаючы дарогу ля загумення. Не было ветру, і дым, спёрты, клаўся на зямлю, не хочучы ісці ў неба.

У Боганчыка звінела, не аціхала, у вушах, і ён падумаў, што возьме абваліцца, не ўстоіць на нагах...

- Наза-а-ад!.. Назад! На Завішына... За раку. Не стойце!.. - закрычаў ён зноў.

Затрашчаў за лазой у Людвінове, недзе ў самым канцы ля студні, кулямёт. Пок-пок... - чуваць былі пасля рэдкія стрэлы, усё роўна як лопаліся сухія порхаўкі пад нагамі на дарозе. Высока над галовамі, над лесам засвісталі кулі. Стралялі ў гэты бок - у расцяроб.

Ля калёс усе маўчалі; глядзелі, утаропіўшыся, на агонь, нібыта яго, Боганчыка, не чулі. Замычаў толькі ля калёс Янук, паказваючы рукамі ў кут, на поле, і сціх.

Тады Боганчык пачуў, як на дарозе, што ішла з шашы ў Людвінова і якой яны ля могілак яшчэ ля Сушкава збіраліся ехаць, загудзелі машыны. Гудзелі доўга і моцна, ішлі пад гару, ад іх стагнаў лес. Пасля машыны паказаліся на полі ў самым куце.

- Немцы!.. Назад!.. - зноў закрычаў Боганчык.

Убачыў пасля, як прыціснуліся адзін да аднаго ля калёс людзі, збіўшыся ў кучку, і ён астаўся адзін на дарозе, воддаль ад усіх...

Поле засцілаў дым аж да самага лесу...

 

6

 

Алёшу зноў вяла галава. Пад бокам рабіліся мяккія мяхі, што сена, і грэлі. Угары былі відаць сухія дзідаватыя яловыя лапкі, і Алёша падумаў, што мужчыны, абмінуўшы Людвінова, паехалі лесам на Завішына.

Калыхала на мяхах, ліпліся вочы, і яму здавалася, што ён дома, за хатай на качэлях...

За хатай, у гародзе пад раку, у іх усягды свяціла сонца, за хатай і паставілі качэлі. Укапалі слупы на згон зімы, калі яшчэ не адтала добра зямля ля прызбы і ямкі на дне трэба было дзяўбсці старым сагнутым ломам. Дзёўб ён, Алёша, дзе была мёрзлая груда і яе не брала рыдлёўка. Слупы прывязлі з-пад Карчаватак, зрэзаўшы адумысла сасну: аскаблілі на двары ля дрывотні, пакруцілі вялікім тэбалем, пазычыўшы ў Панка, дзіркі і, падняўшы слупы, апусцілі іх у гародзе ў ямы.

Апускалі ўсёй сям'ёй. Нават маці выйшла на гарод і ўзялася за рыдлёўку, але яе адвёў пад прызбу бацька і пасадзіў на калодачку. Мацеры цяжка, яна ўжо ледзь ходзіць. Не было на гародзе толькі Юзюка: павёз у Камена за раку кутузаўцаў. Кутузаўцы прыйшлі ноччу і доўга драгалі ў дзверы, пакуль ішла адчыняць маці. Іх было многа - пабралі коней з усёй вёскі.

Качэлі складалі на зямлі, уставілі вось у слупы - у дзіркі - і заклінавалі ў ёй дубовым кліннем палкі, да якіх была ўнізе прыбіта лавачка з яловай дошкі - ляжала на жалезных прантах. Лавачку вышчапіў бацька з калодкі, ачасаў тапаром і выгабліў старым Панковым габэлькам.

Апусціўшы слупы, іх абкідалі ў яме каменнем і зямлёй, абтапталі пасля, далі падпоркі, і Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кінуў дзеравяшкі пад прызбу.

Алёшу, калі ён узяўся рукамі за палкі, падпіхнуў бацька, упёршыся ў плечы. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгару ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Калі яго адкінула назад - заскрыпела над галавой вось: туга хадзіла ў дзірках, Алёша, каб не стаць, сагнуў у каленях ногі і сам падбіў лавачку...

Чуў пасля, як кратаюцца ў зямлі слупы, не памагаюць і падпоры, як бацька сказаў: «Ну-ну...» - і адышоўся далей пад прызбу; як зноў пачала на яго, Алёшу, крычаць маці, што ён зверне галаву.

У вачах мігнуўся гарод - чорная ралля ад хаты аж да логу - з паламаным з зімы плотам, аціснутым і паваленым ля град; апынулася пад нагамі вуліца з чужымі парасятамі, што рыліся пад парканам; закалыхаўся ўзад-уперад гародчык ад вуліцы з сукаватым бэзам і сівымі, стаптанымі курамі і палёгшымі на зямлю яшчэ з восені квятамі - марозам.

Блішчала ў акне сонца, біла ў вочы, калі ён згінаў калені і ляцеў да варыўні. Сонца зайшло з гароду, але ў ногі было холадна. У ногі холадна было і на зямлі: яна адтала яшчэ не глыбока. Ля прызбы пайшла расці толькі адна крапіва, чырвоная, што старое шчаўе летам на Выганчыку, і вылез на раллі ля мяжы, паказаўшы белае лісце, хрэн.

Усюды яшчэ была чорная пасля снегу зямля.

Чорная была і сырая сцяна ад гароду ў варыўні, і ўвесь канец вёскі здалёку быў чорны і пусты, усё роўна як яго вымела за зіму ветрам.

Алёшу здавалася: ён скача з самай верхняй перакладзіны ў салому ў вялікай калгаснай пуні, што да вайны стаяла ля лесу і якую, разрэзаўшы страху, разабралі людзі, перавёзшы на загуменне сабе на пуні.

Калі Алёша косіцца на двор, бачыць дрывотню і студню. Хлеўчыка не відаць, ён паказваецца толькі, як моцна падаб'еш лавачку. Відаць тады старая драніца на страсе; з краю, ад гароду, дзе цякло на парасят, ляжыць разасланая шэрая яловая кара, прыціснутая старым пашчапаным карытам, у якім перш давалі свінням. У тым кутку - пад вуглом ад гароду - нясліся куры.

Учора вечарам ля курынага гнязда на зямлі пад леташнім рудым лісцем ад дзядоўніку ён схаваў міну ад нямецкага мінамёта. Знайшоў яе на пасецы ля імшары - ля леташніх акопаў, якіх нарылі ўвосень, калі стаяў у вёсцы «Жалязняк». Па «Жалезняку» білі немцы з Сушкава, з мінамётаў. Міна ўехала ў зямлю, відаць была толькі пята з новымі чырвонымі жалезнымі крыльцамі. Пята высока тырчала з зямлі - на ўсе пальцы. На ёй было дванаццаць крыльцаў - Алёша доўга не мог злічыць, - і яны, мусіць, былі стальныя, бо, калі ён стрэпаў па іх ногцямі, яны звінелі. Пасярод пяты блішчаў жоўценькі капсуль, як начышчаны. У ім была ямка - вялікая, у яе лез кончык дубчыка. Пад крыльцамі на тонкім хвасце ў міны чарнелі дзіркі, як вымазаныя ў сажу, маленькія і круглыя, усё роўна што яе патачылі жукі. Ад зямлі дзіркі былі пазабіваны жоўтым пяском і чырвонай глінай. Пясок усох, не хацеў выкалупвацца, калі Алёша торкаў у дзіркі дубчыкам. Гліны накарэла і на самым хвасце між крыльцаў. Тырчала міна недалёка ад ямы, шырокай і мелкай; ля яе ўсё роўна што куры падралі зямлю.

Каб міна не кранулася адразу ў зямлі ад рукі, ён бы яе не зачапіў, пабаяўся б. А то яна лёгка пайшла з пяску, што моркавіна з грады, калі Алёша, сагнуўшыся, учапіўся рукой за крыльцы і пацягнуў уверх. Міна была лёгкая, яе можна было падняць у руцэ і нясці.

Алёша перанёс яе ў соснік, да ям, а з цямном, узяўшы ў падол, прынёс перад сабой дамоў і паклаў ля паркана ў дзядоўніку. У нядзелю ён пакажа яе Юзюку, і яны пойдуць глушыць рыбу ў Верх-возера.

На качэлях стала холадна: вецер ганяў ля плячэй сарочку; раз'ехаўся на грудзях замочак. Стары зусім, разнасіўся: маці да вайны купіла, калі ў вёсцы была лаўка. Маці пашыла тады сацінавую сарочку з замком і з кішэнькай на грудзях. Алёша знасіў ужо дзве сарочкі з адным замочкам: маці выпорвала замок са старой і ўшывала ў новую. Цяпер яна ўшыла замочак у сарочку з кужалю, якую пасля кіпяціла на двары ў вялікім гаршку ў мучанічніку разам з маткамі і насіла на грэблю мачыць у руду ў канаве...

Скрыпяць за хатай ад вуліцы вароты. Маці кліча з двара бацьку, мусіць, стоячы на ганку, - пайшла з-пад хаты, Алёша не агледзеў калі. Павярнуўшыся, ён глядзіць на двор, але праз паркан нічога не бачыць. Відаць толькі, як б'юцца на сасне, што на дзядзінцы ля фермы, бацяны: зганяюць адзін аднаго з голай бараны - яны толькі ўчора прыляцелі з балота, гняздо, можа, будуць рабіць сёлета. З лесу едуць на падводах партызаны, расцягнуліся ад ям аж у вёску. Гэтулькі падвод было, як вазілі талакой з лесу бярвенне Януку на новую хату, калі згарэла ў яго старая перад самай вайной у вялікі пажар...

Бацька, нічога не сказаўшы, пайшоў на двор, пасля зноў вярнуўся і крыкнуў здалёку праз паркан:

- Марш дамоў... Паставілі шыбеніцу... - Бацька быў нейкі інакшы. Ля ганка пагладзіў яго, Алёшу, па галаве і, гледзячы на загуменне, сказаў: - Бяжы да Насты. Гародам, дзе сушэй... Хай прыйдзе да нас. Не стой.

На гародах Алёша пачуў, як закрычала дома на ўсю хату маці. Аглянуўшыся, убачыў, што ходзіць па двары ля дрывотніка бацька.

Ногі ў дзеравяшках чапляліся за раллю, і Алёша, скінуўшы іх, пабег босы сцежкай, дзе ляжаў яшчэ латочынамі лёд. Да Насты было далёка.

Вярнуўшыся з вёскі, ён сядзеў у гародзе пад прызбай і чуў, як крычала, стогнучы, у хаце маці. Яго тады брала злосць на Насту: не можа нічым памагчы. Бегай толькі па яе босы гародамі, язык высалапіўшы... Цягнулася, чапляючы нагу за нагу па загароддзі, што нежывая, і ўсё правілася: печ праз яго кінула, не засланіўшы. Ён мінуў яе і пабег, хай сунецца, як качарга.

У хату ён пабаяўся пайсці. Бацькі на двары не было, і ён, адшчапіўшы ў гарод пад раку варотцы, зноў пайшоў да качэляў. Яны стаялі цяпер адны пад хатай, і ад іх пахла смалой. Ён прыхінуўся да слупа і доўга стаяў, гледзячы ў гарод за раку, дзе на Выганчыку ў альшэўніку ляжаў яшчэ снег.

Калі закрычала маці моцна і прарэзліва, ён кулём кінуўся ў сенцы, але ў хату яго не ўпусціла Наста: стала на парозе, мусіць, угледзела, як ён пабег з гароду, і выпхнула з сеначак.

Пасля прагнала з двара:

- Каб мае вочы цябе не відзілі... Гуляў не можа знайсці. Ад вуглоў не ступіць, як на прывязі...

Правячыся, яна вярнулася ў хату.

Алёша зноў пералез цераз плот і пайшоў пад прызбу.

За Выганчыкам, дзе ляжаў у кустах снег, на грэблі хаваліся падводы.

Партызаны паехалі аж цяпер, доўга нечага стаялі ў вёсцы.

Над Выганчыкам папаўзлі па небе хмары, рэдка, кучкамі, бы хто іх раскідаў сушыць. Схавалася сонца, пачарнела ў гародзе ралля. Зрабілася нудна. Алёша ўспомніў, што яму гэтак было нудна, калі бацька вазіў партызан пад Краснае... Здалося, ён і цяпер сядзіць і чакае яго з грэблі.

Кінула ў стужу, і Алёша зашпіліў аж уверх на замочак сарочку і схаваў рукі ў кішэні ў штаны. Убачыў, як ідзе ад ракі па плоце іхні рабы кот, памалу, круцячы галавой у бакі. Пасля кот сеў на жэрдцы і доўга глядзеў на яго, Алёшу.

Зноў у хаце закрычала маці... Алёша быў падскочыў, стукнуўшыся галавой у шалёўку. Пачуў пасля, што крычаць у хаце ценкім дзяркатым голасам, усё роўна як да іх прыйшла Паніха са сваім малым і яно заходзіцца ў яе на руках. Было чуваць яшчэ, як гаворыць Наста, моцна, на ўсю хату, мусіць, нечага да маці, пасля смяецца.

Яго зноў схапіла злосць на Насту: смяе-ецца...

Зноў зайшоўся нехта цененькім голасам у хаце, голас аж пераліваўся, і гаварыла маці. Ён адышоўся з-пад акна да плота, па якім ішоў ад ракі кот. Кот усё ніяк не мог дайсці да варыўні: доўга нечага глядзеў на мяжу ў леташнюю траву, паклаўшы на жэрдку выгнуты хвост, што серп. Ля варыўні яго, Алёшу, і знайшла Наста: падышла, не клікаўшы, мусіць, праз акно сачыла за ім.

- Ідзі сюды, шашок... - Наста смяялася, папраўляючы на галаве хустку. - У хаце аж двое жэўжыкаў... Бацян скінуў. Ідзі, маці звала. Авечка... Крывіцца яшчэ нечага на старую бабу... - Наста завярнулася і пайшла на двор.

Ён не стрываў, заплакаў, не ведаючы чаго, і пабег мяжой ля плота пад лог. Убачыў толькі, як скочыў з жэрдкі пад ногі кот, падняўшы дыбам на спіне поўсць, і над самай галавой закігікала кнігаўка - заляцела ад ракі з логу на гарод.

...Ён не спаў усю ноч, не заснуў і раніцай. Сонца свяціла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вісела маленькае старое люстэрка, і яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымі шпількамі, дастаючы аж на печы.

У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставіўшы ўперад лапы, і Алёша падумаў, што кот варожыць на холад. Чуў пасля, як скрыпіць у хаце ля матчынага ложка калыска на новых лейцах - іх віў нядаўна бацька, - падвешаная да бярозавай жэрдкі, якая прывязана пасярэдзіне да бэлькі. Калыска старая; ля дзірак, куды зацягнуты новыя лейцы, знаць чорныя плямы: некалі былі клапы, і іх выганялі агнём - лучынай.

Пасля ціха-ціха пачынала пець на ложку ля акна маці, мусіць, каб не разбудзіць яго, Алёшу.

 

Люлі... люлі... люля-ясі...

 

Маці пела паволі, цягнучы, як і кожны раз, калі садзілася шыць на машыне ці абразаць на вячэру бульбу. Гэтак яна пела і калі жала ў Кур'янаўшчыне. Згінаючыся, махала рукой, закладаючы серп, і пела.

Ён любіў, калі маці пела. Толькі маці кожны раз пела працяжныя песні, і яму рабілася нудна і хацелася плакаць.

Маці цяпер пела ля акна, як дзе далёка на полі. Яму здалося, што ціха на дварэ і ў хаце; ціха ўсюды, толькі чуваць песня.

 

...Пабіліся два Я-ясі.

За якую прычы-ыну?

За красную дзяўчы-ыну.

А дзе тая дзяўчы-ына?

Калода забі-іла.

А дзе тая кало-ода?

Чэрві патачы-ылі.

А дзе тыя чэ-эрві?

Куры паздзяўба-алі.

А дзе тыя ку-уры?

Каршуны падра-алі.

А дзе тыя каршу-уны?

За мора паляце-елі.

А дзе тое мо-ора?

Краскамі пара-асло...

 

Ён падняўся, апёршыся на локаць, убачыў, што маці ляжыць на ложку, накрыўшыся па шыю. Відаць толькі з-пад пасцілкі яе голая рука: маці ўзялася за бераг калыскі. Зыбае пад песню, а сама глядзіць угару, некуды ў столь, закінуўшы галаву.

 

А дзе тыя кра-аскі?

Дзевачкі парва-алі,

А дзе тыя дзе-еўкі?

Хлопцы замуж пабра-алі.

А дзе тыя хло-опцы?

На вайну забра-алі.

А дзе тая ва-айна?

Пасярод кучы...

Ехаў пан - растапта-аў...

Бег сабачка - пахлябта-аў...

 

Маці доўга пасля маўчыць, гледзячы ў столь і не прымаючы рукі з калыскі...

Тады прыходзіць з двара бацька - Алёша не чуе, калі ён адчыняе дзверы, - ідзе да калыскі, бярэцца рукой угары за лейцы, дзе яны перавязаны аборай па пасцілцы.

- Дзе гэта ўсю ноч гарэла? - маці пытаецца зноў ціха, усё роўна як пяе. - Якраз на ферму... На Карчаваткі недзе... Зарыва было на ўсё неба. У акно добра відаць...

- Даўгынава бралі... Жалязняк... - бацька падыходзіць да ложка бліжэй. - Юзюк яшчэ з падвод не вярнуўся...

Маці, не прымаючы рукі з калыскі, паварочваецца на хату, паклаўшы галаву на падушку ў другім месцы, і пачынае пець яшчэ цішэй:

 

...Люлі... люлі... люля-ясі...

 

Бацька, пастаяўшы, ідзе ў парог...

Сонца заходзіць, мусіць, за варыўню, за страху, не лезе ўжо ў вочы. Цямнее ў хаце; зноў пачынаюць зліпацца павечкі. Здаецца, Алёша сам у калысцы і яго калыша маці: з боку - на бок, з боку - на бок...

Калыска раптам становіцца, не чуваць трасаніны, мусіць, маці прыняла руку, кінуўшы калыхаць, і кліча - будзіць: пара праганяць у поле карову. Кліча моцна, на ўвесь голас...

 

Алёша адплюшчыў вочы і спопаразку падскочыў на мяхах...

Ля калёс апёрлася на ляжэйку Наста - будзіла.

Зайшло сонца. Калёсы стаялі ля ракі на чорным, парытым выгане. Здавалася, выган пааралі плугамі трактары: знаць сляды ад гусеніц. Глянуўшы ўперад, Алёша ўбачыў, што стаяць усе падводы.

Аднекуль пахла дымам - прыпаленымі сасновымі лапкамі; уперадзе, у альшэўніку, па каменні, мусіць, шваргатала рака.

Насту паклікалі мужчыны, і Алёша тады ссунуўся з мяхоў на зямлю, на сухую траву: калолася ў ногі.

Ля ракі ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўніку на беразе шапацела лісце. Пасля вецер падзьмуў у шчокі, баючыся, як на рану.

Там, дзе закацілася сонца, неба ля самай зямлі стала белае як снег; угары яно было сівое, што замурзанае, бы хто павёў па ім памялом, злазіўшы ў печ і падмёўшы попел. Высака над самай галавой жаўцела паласа, як раскручанае з трубы нявыбеленае палатно: угары на рэдкую смугу, мусіць, яшчэ свяціла сонца. Далёка на ўсходзе над лесам слалася чорная хмара, усё роўна як там збіралася на дождж.

Алёша адразу ўспомніў, дзе яны: ззаду за падводамі стаялі ліпы, заступаючы поле. Высокія, старыя, яны раслі пад канец Завішына ля саду, ён ведаў. Ля саду яшчэ была малочная; ён з бацькам перад вайной раз быў звазіў сюды малако: два бітоны на калёсах з драбінкамі. З дому сюды дванаццаць кіламетраў.

Малочная стаяла ля самай ракі - пабеленая знадворку, яна была відаць далёка з поля.

Цяпер малочнай не было. Там, дзе яна некалі стаяла, віўся па зямлі дым на ўсім двары, ціха, як вечарам на старым вогнішчы.

Глянуўшы пад сад, Алёша ўбачыў вёску - белыя печы. Яны тырчалі на гародах ля платоў неяк зусім блізка адна ля адной, і іх было многа.

Ён убачыў яшчэ, што ўсе падводчыкі зноў сышліся ў кучку ля Танінага воза і маўчаць, гледзячы на гароды.

У тым баку, дзе была вёска, - белыя печы, стаяла заціш: каб скрыпнулі вароты ці асвер. Ад саду на печы падаў доўгі шырокі цень; пачынала цямнець, і печы ад таго рабіліся яшчэ больш белыя, як пабеленыя перад святам.

Алёша падумаў, што Завішына спалілі і што нідзе не відаць людзей: ні душы.

- На той бок... У лес... Стаім на віду... - загаманіў Махорка, паказваючы пугаўём за раку.

Захроп уперадзе Боганчыкаў сівы, у яблыкі, жарабок, пачуўшы, мусіць, ваду, і забразгаў цуглямі. Заірзала Панкова кабыла, мінаючы Махоркавы калёсы і пручыся да ракі: была няпоеная. За кабылай пабег Панок.

Было чуваць, як крычаў Боганчык:

- Но-о... Падлы кавалак...

Боганчык крычаў, прысядаючы аж да зямлі, што ўсё роўна хапаўся за балючы жывот: цягнуў за лейцы. Пасля ўскуліўся на воз на мяхі... Алёша пачуў, як бултыхнуў у ваду пярэднімі нагамі жарабок і як зноў закрычаў Боганчык.

Жарабок задзёр галаву, пасля што ўваліўся ў яму. Схаваліся з вачэй калёсы; відаць быў толькі сам Боганчык, стаў на мяхах на ногі. Жарабок, чуваць было, захроп - піў, захлынаючыся, тады - Алёша ўбачыў - упёрся ў хамут і пайшоў на сярэдзіну ракі. Пасярод ракі вада заняла яму па бруха; схаваліся ў вадзе колы. Боганчык стаяў на мяхах, выціраючыся рукавом - шмараваў па чорнай барадзе. Дайшоўшы да берага, жарабок стаў і, нагнуўшы галаву, зноў пачаў піць...

- Брод шукайце... Пасталі, як дурні... Не відзілі, што ўскочыў... Мяхі падмачыла... Куды цяпер з мокрым. Брод глядзіце... - Боганчык, сагнуўшыся, круціў галавой - азіраўся.

- На старую вольху чаму не браў? Не ведаў, дзе брод? - Махорка цяпер гаварыў да Боганчыка цераз раку, махаючы пугаўём. - Штаны мог скінуць і сам прайсці памераць... Баяўся ў вадзе памачыць...

Было відаць, як Боганчык пачаў тузаць жарабка за лейцы, не даючы піць.

- Апражэшся, падла!.. - закрычаў ён немаведама на каго: на Махорку ці на жарабка.

Махорка, падкасаўшыся па калені, палез у раку, пайшоў наперадзе ў Сібірака, узяўшыся за аброць, наўскасяк на старую без верху вольху на тым беразе: мінаў яму, у якую ўскочыў з калясьмі Боганчык. Вада Махорку не дайшла да калень.

За Махоркам, выставіўшы белыя лыткі, павёў за грыву сваю кабылу Панок, не астаючыся ад воза. Азіраўся ўсё назад, баяўся, мусіць, што з'едуць мяхі.

- Што раты разявілі?.. Нянька трэба ўсю дарогу... - закамандаваў з ракі цяпер яму, Алёшу, Боганчык.

- Не кіпі... Астудзім. Вада халодная - пал як рукой здыме... - зноў схапіўся з ім Махорка.

- А ты што? Наняўся?.. Хопіць мяне падтыкаць усю дарогу... - Боганчык бубніў з ракі, як адкуль з ямы. - Я вам не Янук. Янука ўссадзілі на калёсы, дык яму... усё роўна, ці ў камендатуру, ці на могілкі пад Сушкава... А мяне ў пятлю не ўсадзіце... Не-е... Усё вёску бароніце... Баечкі ўсё гэта... С...ку падцёрці... Будзе з намі, што з Людвіновам... Не відзілі? Стаялі, вочы патарашчыўшы... Шчасце, што ў немцаў бельмы павылазілі - не згледзелі. Ад гэтых то мая паперка вас бы не закрыла...

- Кіне ён ці не... сквярціся са сваёй паперкай?.. Што гэта чалавек надумаў сабе?.. Ці сціхне ён ад маёй галавы?.. Усю дарогу... Адно і тое... Адно і тое... Астыў ужо. І пашчэнкі не баляць. Мала лупіў немец... Мала...

На Боганчыка правілася Наста.

- Ды ён... сама, баба, знаеш... - Мірон махаў рукамі пасярод ракі. - Жыта намачыў... Скуру сваю памачыў, каб не загарэлася... - Пасля ён загаварыў, аж заікаючыся, як Панок: - А вёска сух-хая, ты гэта ведаеш!..

- Не-е... Я вам не нябожчык, што вы мяне павезяцё на якія захочаце могілкі... - Боганчык, здалося, пацішэў. Учапіўшыся за падсядзёлак на спіне ў жарабка, ён ішоў па аглабні, каб скочыць на бераг: баяўся абмачыцца. - Каму яно, мокрае, здалося? Немцам?.. Яно ім і сухое так было трэба, калі яны ўсю вёску паліць былі сагналі... Байкі! Ямы ім трэба было, каб людзі адкрылі... Пуста ў вёсцы, хоць шаром пакаці...

- Дык, можа, і мне абярнуць воз у раку? Можа, і ўсім? - Махорка, нагнуўшыся, засіліў жменяй вады і плюхнуў сабе на шчокі: паласкаў. Лоб і шчокі ў яго былі аж чырвоныя. - Герой... Ён адзін немцаў збіраецца голадам марыць... Мы толькі кормім... Но-о... - як былі ў Махоркі ў руках пуга з лейцамі, так ён і сцебануў каню па спіне: і пугай і лейцамі... Пасля, адвярнуўшыся, крыкнуў яму, Алёшу: - Заснуў на беразе? Наста павядзе Таніну кабылу... За Панам... А ты пускай каня аднаго за Януком. Сам - на Буланчыка і пугай пад хвост. Ацямнеем у рацэ. І вярніце за мной. На сухую альшэвіну... Там беражніца ніжэй. Боганчык з ямы ніяк не вылезе. Зямлю зрываць трэба... Но-о...

Маленькі гняды Сібірак яго кідаўся ў бакі, было чуваць, як трашчаць аглобні.

- І не стойце ў рацэ... З берага паіце. Колы пасярэдзіне заносіць... Пясок гоніць... Не выедзеце... Паглядай, Пан, на Таню. Дзяўчына высака ляжыць на возе...

Махорка сціх, упёршыся рукамі ў мяхі - падпіхаў.

Алёша хацеў прывязаць каня за Януковы калёсы, за ляжэйку, але яму, адвярнуўшыся, махаў рукой Янук, паказваючы на яго, Алёшавага, каня. Алёша здагадаўся: конь пойдзе сам, не баіцца вады - старыя людзі коней у вёсцы зналі.

Калі Алёша сеў на Насціных калёсах на мяхі, Наста ішла ўжо берагам у раку, ведучы Таніну кабылу: учапілася адной рукой за аброць, другой падняла высака спадніцу - вышэй калень. Было відаць, як на возе, раскінуўшы рукі, мусіць, узяўшыся за ляжэйкі, калышацца разам з мяхамі Таня і падымае галаву ўверх: глядзіць, што робіцца на тым беразе.

Янук пагнаў каня, і Алёша, згледзеўшы, як адразу крануліся з месца Януковы калёсы, тузануў за лейцы: здалося, астанецца адзін на беразе. Буланчык сыпануў жвіру аж на мяхі, адсеў узад, і Алёша, сціснуўшы ў жмені лейцы, стаў круціць імі ўгары, як круціў кожны раз на свайго каня, калі той наравіўся.

За ракой, на тым беразе, раптам падняўся ўгару пыл, белы, як ад попелу, якраз проці Боганчыка. Тады там ударыла па зямлі, што скінутае з пня дрэва...

Ці-іў... - засвісцела ценка над галавой і сцебанула па альшэўніку на тым баку ракі ўсё роўна як пугай.

- Янука перайміце! - загаманіла ў рацэ Наста; пасля крычаў Махорка, цяжка было разабраць - што.

Алёша ўбачыў, як скочыў з месца Янукоў белы конь, мінуў Таніны калёсы і панёс Янука ў раку, туды, дзе быў ехаў Боганчык. Згледзеў пасля толькі, што Янук падняўся на возе на калені.

- Янука... Янука перайміце!.. - крычала ў рацэ Наста.

- Раз'язджайцеся, не стойце. На той бок... На той бок... - камандаваў Махорка.

Янука з калясьмі не было відаць з-за беражніцы. Алёша ўбачыў цяпер, як выехаў на той бераг з возам Боганчык і, седзячы на мяхах, гнаў свайго жарабка дарогай, недзе туды, дзе падняўся быў на полі белы пыл. Пасля згледзеў, што Махорка завярнуў у альшэўнік каня і бег назад да ракі.

Другі раз бухнула ў самай рацэ, злева, недалёка ад іх, ядрана, з трэскам, аж зазвінела ўвушшу. У тым месцы паднялася ўгару вада, як слуп.

«Немцы згледзелі...» - падумаў Алёша і ўбачыў, што вернуцца набок калёсы і сунуцца на ляжэйкі мяхі. Ён выпусціў з рук лейцы і злавіў ляжэйку; Буланчык, акруціўшыся, скакаў у аглобнях навыцяжку ў той бок, адкуль яны ехалі, пад сады.

Калі затрашчала пад калясьмі жэрдзе, Алёша падумаў, што Буланчык абярнуў нечы плот, і ўбачыў, што мінуў малочную і едзе аселіцай...

Белыя печы былі зусім блізка, за гародамі. Запахла гарэлай сажай...

Ззаду ў рацэ крычала яшчэ Наста. За альшэўнікам, у тым баку, дзе зайшло сонца, стралялі з кулямёта, доўга і часта... Мусіць, немцы згледзелі іх з шашы.

Здалося - гэта пад ім, Алёшам, тарахцяць, рассыпаючыся, калёсы.

Белыя печы зблізку былі цёмныя...

 

7

 

Алёша ўспомніў пасля, што Юзюк і прывёз тады Вандзю ў вёску на згон зімы, калі яны паставілі качэлі і «Жалязняк» браў гарнізон у Даўгынаве. Алёша яе доўга не спатыкаў у вёсцы; чуў, што яе з маткай партызаны паставілі да Петрусіхі ў хату, але на двары ў Петрусіхі ніколі чужых не бачыў. Юзюк расказваў, што ноччу конь, на якім ехала Вандзя з маткай, стаў сам ля Петрусіхі - партызаны і паказалі на яе хату.

Вандзя прыйшла з Таняй ад Палянскіх да іх на качэлі праз тыдзень. Пералезла першая цераз плот ад вуліцы і пабегла гародам пад прызбу. Алёша бачыў з двара ад варыўні праз старыя вароты, як яна адразу падкінула рукой пустую лавачку вышэй страхі. Пасля злавіла ў дзве рукі, ускочыла на яе і пачала падбіваць нагамі, памалу, азіраючыся ў бакі і гледзячы ўверх, што баялася ўсё роўна. Яна была ў белай сукенцы да калень і сівым, зробленым з воўны свэтары ў крывую палоску, якія насілі і ў іхняй вёсцы. Валасы ў Вандзі, здалося, былі русыя, пасля Алёша падумаў, што яны бялейшыя, падобныя на лён у ручайцы. Яна запляла іх у доўгую і тоўстую, як узяць у руку, касу і закінула за плечы. Каса падскоквала ў яе на спіне, калі Вандзя падбівала нагамі лавачку, і ляцела пасля ззаду за ёй, што доўгі хвост за вялікай страказой на лагу ля ракі. Твар у Вандзі быў круглы і таўставаты ў шчоках, белыя зубы, калі яна смяялася, былі відаць здалёку. Вочы, шэрыя і чыстыя, блішчалі, што ў дзіцяці.

Алёша не бачыў ніколі такой зграбнай дзеўчынёхі - у іхняй вёсцы не было. Успомніў, гледзячы на яе, як Юзюк гаварыў дома ў хаце, што прывёз Вандзю з Палянь, бо яе з маткай павінны былі забіць паліцаі. І цяпер, калі Вандзя вернецца дамоў, за раку ў Паляне, яе застрэляць...

Алёша падумаў зноў, што Вандзя прыгожая, і не верыў нават Юзюку: як гэта такую могуць застрэліць паліцаі з Даўгынава?..

На качэлях першы дзень яна доўга не была. Папрасіла ні з таго ні з сяго Таню, каб тая злавіла рукамі лавачку; скокнула на зямлю ў маленькіх чорных і стаптаных чаравічках, што каза ў збітых аб зямлю капытах; страсла з прыпала пясок і адышлася пад прызбу. Клікнула пасля Таню, і яны пабеглі з двара адна за адной.

Доўга пасля яе калыхалася яшчэ лавачка...

Вандзя да іх больш не хадзіла аж да лета.

Была якраз нядзеля, хмурная з самай раніцы, калі Вандзя прыйшла да іх другі раз. Прыйшла сама, без Тані. Бегла некуды вуліцай, згледзела яго, Алёшу, у гародзе пад прызбай і пералезла цераз плот з вуліцы, як вясной. У той жа сукенцы, без свэтара; каса ў яе была, як і перш, за плячыма.

- А бульбы табе не шкода? Аж чатыры гранкі здратавалі праз качэлі... - спыталася яна, што стары чалавек, стаўшы воддаль на пярэчцы ля хаты ў стаптаным бульбеўніку.

Алёша нічога не сказаў; паглядзеў быў на яе і азірнуўся на варотцы ля варыўні. У хаце заплакалі блізняты і запела маці.

- А я не пусціла б нікога ў гарод... Бульбу таптаць попусту... - сказала яна, памаўчала, тады спыталася неяк знянацку: - А можна... я пакалышуся?

Ён зноў нічога не сказаў.

Тады Вандзя падышла да яго, да прызбы, дзе ён сядзеў, нагнулася над ім - ён бачыў, як белая сукянёшка схавала яе калені, - і зноў загаварыла: а ні шманала нават, што ён маўчыць.

- А ў вас пад хатай хрэн парос. Лісце якое... І ў бульбе ў гранках расце. І канаторжнік пашалеў, і жычка з дзядамі... А вунь, у хрэне, куры нясуцца, - паказала яна пальцам на вугал пад хату і засмяялася. Памаўчала была зноў, пакруціла галавой, як шукаючы яшчэ чаго, тады павярнулася да вуліцы, да гародчыка. - Бэз ужо ў вас адцвіў. Адны дробненькія дудачкі асталіся. У вас многа бэзу ля хаты. І ў нас было многа бэзу ля хаты. Але хату нашу спалілі паліцаі. Прыехалі назаўтра і спалілі, як мы сюды ўцяклі, за раку. І бэз пагарэў. Не цвіў сёлета, маці хадзіла і відзіла...

- І маці не злавілі? - раптам спытаўся ён, падумаўшы пасля, што не ведае, як гэта ён узяў і спытаўся: зляцела з языка.

- Не-е... - пакруціла яна галавой. - Маці не баіцца. І я не баюся. Вазьму і схаджу дамоў. Я знаю, што паліцаі і мяне заб'юць, калі зловяць, а я не баюся... А ў вас і рабіна ў гародчыку ля плота расце. Ягады зялёныя яшчэ, пабурэлі толькі. А зімой яны смачныя, і іх клююць сарокі. Лятуць аж пад хату і сакочуць у гародчыку, што куры. І ў нас была рабіна, і на яе прыляталі сарокі. А курэй нашых усіх пабілі паліцаі, мама казала... А ў нас былі белыя куры. Усе да адной. І певень белы, вялікі і белы. Калі ішоў дождж, ён цягаў свой доўгі хвост па зямлі... - яна зарагатала. - Апусціць і цягне па мокрай траве... - Падумала была нечага, тады зноў сказала: - І ў нас нясліся куры пад хатай у траве. І певень іх вадзіў пад прызбу з хлева раніцай. А можа, маці маніла? Можа, куры жывыя, не пабілі іх паліцаі? Жывы-ыя... Жы-вы-ыя... - яна раптам узрадавалася. - І нясуцца недзе ў крапіве. І певень іх водзіць туды кожную раніцу. Мала што хата згарэла... А я схаджу і пагляджу сама. Я знаю, дзе наш дом. Трэба ісці на Сушкава, а там лесам, за раку. Нас вязлі ноччу, але я знаю. Схаджу і пагляджу. І ўсіх у вёсцы пагляджу, мала што паліцаі спалілі хату. - Яна азірнулася на вуліцу, усё роўна як баялася, што яе пачуюць, і сказала цішэй: - Трэба ісці на Сушкава і ў чэцвер... У чэцвер у Даўгынава будуць ісці людзі на базар...

Цяпер Алёша не мог сказаць і слова: гэтулькі многа яна гаварыла. Нагнулася зусім над ім: вочы ў яе былі шэрыя і бліскучыя і стаялі на адным месцы, калі глядзелі на яго.

Яму хацелася сказаць, каб яна не ішла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць паліцаі. За брата. Зловяць і заб'юць... Яны спалілі хату, заб'юць і яе. Але яна гаварыла і гаварыла без аддухі, і ён маўчаў.

Пасля яна адышлася і апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.

- А я ўсё роўна пакалышуся... - сказала - і адразу як падмяніў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапіўшыся рукамі за палкі, і крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:

- А ты падбі мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...

Калі высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлі краталіся слупы. Між зямлёй і слупамі былі ўжо ладныя ямкі, і туды сыпаўся перацёрты нагамі сухі пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухім дзёгцем, і цяпер, разагрэты і развэдзганы, ён цёк па слупе - пісяга была ўжо нізка ля зямлі: ля самай лавачкі...

- Сукенку глядзі!.. Запэцкаеш... Не падбівай!.. - паказаў ёй рукой на слуп Алёша.

- Хэ-хэ-хэ... - яна засмяялася моцна, недзе было чуваць аж у хаце, і закруціла галавой. Каса зляцела ў яе з плячэй і сцёбнула па слупе. - А я не баюся... І ўдваіх калыхацца не баюся... А ты маўчаў. Не хацеў мяне пускаць... Сазнайся... А на лавачцы можна стаць і ўдваіх. З аднаго і з другога боку. Удваіх лягчэй падбіваць...

Яна згінала ногі ў каленях, аж прысядаючы, і пасля з усёй сілы падбівала лавачку, падлятаючы вышэй страхі. Краталіся ў зямлі слупы, і падпоры, здавалася, выскачаць, і на Вандзю было боязна глядзець. А яна не сціхала:

- А я не баюся... І дамоў схаджу, не баюся. Гэта ты баішся... І немцаў я не баюся, а ты баішся... А мой брат цяпер партызан... І яго заб'юць паліцаі, калі зловяць. А яны яго не зловяць... І мяне не зловяць. І ты мяне цяпер не зловіш... - яна зноў памаўчала была. - А гэта праўда, што нам трэба было ўцякаць, калі брат перайшоў у партызаны? А я не хацела ехаць з дому...

Летучы разам з лавачкай, яна гнала перад сабой вецер, і Алёша пачуў, як яму робіцца холадна. Ён бачыў, як вецер задзірае Вандзіну белую сукенку вышэй калень, і не мог тады глядзець на Вандзю... А яна, прыціхшы, усё падбівала і падбівала нагамі.

Алёша тады закрычаў. Пачуў пасля, як ззаду стукае нехта ў шыбіну з хаты. Аглянуўся - апёршыся на падаконнік, ля акна стаяла маці і трасла пальцам.

Ён зноў тады закрычаў, не могучы злавіць лавачкі і не ведаючы, што рабіць...

- Баішся... Баі-ішся... - смяялася Вандзя. - Я-ткі знала...

Тады Алёша падумаў, што Вандзя можа зваліцца на каменне, якое ляжыць пад прызбай пад варыўнёй; можа зляцець і на плот ад вуліцы, якраз туды, дзе пралазяць і дзе выбіта нагамі бульба па пярэчцы...

- Паляціш!.. - ён падскочыў да слупа і хацеў злавіць лавачку. Яму ўдарыла па руцэ ля костачкі і счасала скуру...

Махнулася ў акне маці - пайшла на двор - з хаты ўсё відаць...

- Баі-ішся!.. - засмяялася зноў Вандзя, адкінуўшы галаву. Каса з-за плеч пераляцела ёй на грудзі і акруцілася ля шыі. Ён згледзеў пасля, як Вандзя, летучы ад вуліцы, ад плота назад да варыўні, аж прысеўшы на лавачцы, падбіла яшчэ нагамі, як на край варыўні, над страхой, з-за якой тырчаў асвер, узляцела ракета і павісла ўгары. Чырвоная і яркая, яна доўга стаяла ў хмурным небе, тады стала ападаць, як пераваліўшыся цераз што, і рассыпалася над варыўнёй на іскры. Яму здалося, што сцебанулі нечым калючым па веках...

Тады за гумнамі, на Карчаваткі, зайшоўся кулямёт, доўга і несціхана. Калі ён быў сціх, захлопалі стрэлы, часта, адзін за адным, як хто кідаў з вуліцы каменнем па варыўні па страсе.

- Дзеці... Марш дамоў... Знайшлі гулі... - загаварыла на двары маці, азіраючыся на вуліцу. - І нікуды не адыходзіцца ад вуглоў... - папраўляючы на галаве хустку, маці вярнулася ў сеначкі. За варыўнёй на Карчаватках аціхла, пасля там зноў пачалі страляць.

«Немцы ідуць з Даўгынава... - падумаў Алёша. - Праз Вілію...»

Калі ён глянуў пад прызбу на пярэчку, убачыў, што ў бульбеўніку ля варыўні ля камення сядзіць на каленях Вандзя. Адвярнулася ад яго, глядзіць праз плот на лог, папраўляючы ў дзве рукі касу. Маўчыць, кратаючы ўсё плячыма...

Ён здагадаўся, што яна звалілася на каменне, і падбег да яе.

На рог варыўні, на шэрыя і халодныя воблакі зноў выскачыла з-за лесу ракета. Зялёная і цьмяная, яна не даляцела ўгару да асвера і патухла над самай страхой... Тады адразу перасталі страляць.

 

Калі Алёша апёрся на локці на мяхах, убачыў, што цёмна і што яны стаяць у лесе.

Балела рука ля костачкі - ссунулася на ляжэйку, і ён адціснуў яе пад галавой. Ён пачуў, як гавораць недзе наперадзе мужчыны.

- Дзе гэта магло быць? - пытаўся ў некага Панок.

- Недзе на шашы... Відзіш, правей ад імшары, якраз на прагале...

- Чорт яго, Мірон, знае... І Тартак у тым баку... - гэта зноў гаварыў Панок.

- Тартак лявей, ты што?.. Вунь, дзе месяц узышоў, там Тартак...

- А ракеты якраз там і былі... Едзем... у божы свет... А раптам н-немцы?.. - Панок пачаў заікацца.

- А можа, гэта і не ракеты... У вас ужо ў каторага ў вачах...

- Ды не-е, Наста... Яшчэ не паслеплі. Хто гэта храпе там ззаду на ўвесь лес?

- Хлапец хроп... Не злазіць з воза...

- Спіць усю дарогу... Во сон напаў. Глядзі, баба, ваўкі з'ядуць у лесе... Вінавата будзеш... - Махорка быў засмяяўся...

- Сціхні, Мірон... - азвалася Наста. - А дзе Іван?

- Наперадзе. Вунь ля жарабка на дарозе.

- Кліч сюды. Чаго стаіш?..

- Яно, Наста, само сталася! І ў Боганчыка і ў нас. Сунься лесам чорту ў зубы. Ноч. Ракеты не дзеці пускаюць. Не сходзіш жа, не паглядзіш? Не стралялі, не было чуваць?

- Я не чула. І так ад стрэлу за дзень галаву адбіла... І калёсы барабаняць...

Пасля Наста клікнула Боганчыка. Той адразу азваўся - быў блізка наперадзе - ішоў да іх. Падышоўшы, паказаў рукой на прагал у лесе:

- Ракеты. Аж дзве. Відзілі? На шашы недзе...

На дарозе стала ціха, хроп толькі ўперадзе Махоркаў Сібірак - сышоў з дарогі і скуб з-пад ног траву.

Алёша ўбачыў, што ўперадзе над дарогай, якраз ля прагалу, за лесам узышоў месяц-поўня. Свяціў двума крывымі круглымі краямі, мусіць, з-за дрэва. Недзе ў тым баку за ім дрыжала ад агню неба, як ад далёкай бліскавіцы.

Алёша падумаў, што быў заснуў ля Завішына, калі пераехалі раку. Спаў і не бачыў ракет.

Нізка, над самымі калясьмі праляцеў кажан, шапочучы крыллем.

Усхадзіўся быў вецер, падзьмуў дарогай, адагнаў машкару, што ўсмоль лезла ў вочы, і зноў сціх.

Дарогу ззаду, адкуль яны ехалі, схаваў туман, падпоўз аж да самых вазоў, заслаўшы, як палатном, прагал у лесе.

Над прагалам дрыжала не сціхаючы неба. Ля месяца над самым лесам яно было жоўтае; вышэй стаяў вялікі белы круг: на вецер і на безгалоўе.

Лезла ў вочы машкара, ліпла на шчокі, заядала. Калі Алёша павёў рукой па нагах, пачуў, што рукі былі мокрыя. Падумаў, што галёнкі недзе ўсе ў крыві...

Тады Алёша згледзеў, як яго конь стаў мінаць Януковы калёсы - зафорскаў і, нагнуўшы галаву, даставаў сухую траву з канавы ля дарогі. Ззаду пайшоў і Настулін Буланчык.

- То чаго чакаць, мужчыны?

- Хай хоць трохі адсапнуцца коні, Наста... Думаеш, яны не галодныя?

- Віднець скора пачне, Мірон. Не справімся. Ты знаеш, што ты гаворыш!..

- У лесе, Наста, лягчэйшая дарога. А коні пілі ў рацэ. Пасля вады конь слабне. Пастануць, тады... А назад улегцы, пагонім...

- Машка заядае... Каму б гэта прыйшло ў галаву ўзяць з дому пасцілку на ногі.

- Асталіся жыць, Наста. Машка не страх цяпер.

- Асталі-іся... З вёскі выпусцілі, дык у рацэ пабілі б... Як гэта нікога не зачапіла...

- Бог яшчэ ёсць...

- Адапні, Пан, лепш каня... Бо-ог... - перадражніў яго Махорка. - Ты, Іван, што маўчыш?

- Пайду і я адапну жарабка. Коні, як і людзі, есці хочуць...

Алёша тады падумаў, што яму вунь як хочацца есці. Не помніць добра, калі еў. Мусіць, учора вечарам у Карчаватках...

- Ведаеш, Наста, - зноў загаварыў Махорка, бразгаючы ў кішэні крэсівам, - думаў, мусіць, закурыць. - Калі ехаць, то толькі лесам. На Тартак... Зблізку немцаў я не баюся. А на шашы як секануць здалёку. Ноч. Насунемся знянацку. А ў лесе ноччу яны сядзець не будуць...

- А калі парцізаны...

- Ты ўжо, Наста, і парцізан баішся...

- О-ха-ха... Парцізаны, парцізаны...

- А што б яны памаглі? Вёска ў ваўка ў зубах. Не вырвеш.

- Парцізанам лягчэй. Ёсць чым бараніцца...

- Цяжка, Наста, і парцізанам. Відзіла, колькі на Дзвінасу машын пёрла?..

- Сама, Мірон, знаю. Калі ж усярэдзіне ўсё трасецца. Дзеці дома...

Махорка ёй цяпер нічога не сказаў; змоўкла пасля і Наста.

Тады Алёша ўбачыў, што мужчыны сцішыліся і слухаюць, пастаўшы ля Януковага воза.

Гудзела недзе ў канцы прагалу над Тартаком, дзе цьмяна свяціла з-за лесу поўня. Гудзела глуха і густа, як усё роўна шумеў ад ветру за імшарай лес.

Пасля Алёшу здалося, што гудзе пад зямлёй і яна дрыжыць пад калясьмі, пад нагамі ў людзей і ў коней... Ён убачыў, як вярнуўся да Януковых калёс спераду Боганчык, як Панок нагнуўся нечага над Януком, які ляжаў ніц на мяхах.

Тады Алёша саскочыў на дарогу. Калолася ў босыя ногі - на дарозе былі сухі мох і дробненькія патрэсканыя сасновыя шышкі.

Над прагалам у лесе пасвятлела - падняўся вышэй месяц, і Алёша бачыў, што мужчыны стаяць, задзёршы галовы.

Угары, у зацягнутым чорнымі палосамі небе, ішлі самалёты. Ішлі з Тартака. Іх недзе было многа, бо ўгары стаяў цяжкі гул, што ад грому. Ад яго, здавалася, звінелі і лес, і дарога, і ўся зямля. Пасля гул зрабіўся глухі і працяжны, аціхаў далёка ўгары, і здавалася, што неба ад яго стала высокае-высокае...

Самалёты ляцелі на Дальву, у той бок, дзе на небе за лесам яшчэ стаяла зялёная зара... Доўга ў тым баку стагнала зямля.

Алёша пачуў, як яго хапілі дрыжыкі, не лучаў зуб на зуб. Ён прыціснуўся плячыма да меха на Януковых калёсах і зашпіліў аж уверх замочак у рубашцы.

Мужчыны доўга маўчалі ля калёс, гледзячы ў неба і круцячы галовамі ўслед за самалётамі...

- Нашы... - сказаў тады ціха Махорка. - Бамбіць лётаюць ноччы. Аж у Германію...

Усе былі закраталіся ля калёс, але маўчалі. Закашляў Панок і закрактаў, узлазячы на воз. Тады, апёршыся локцямі на Янукоў воз на ляжэйку, Боганчык засіпеў, гледзячы на дарогу ў туман:

- На-шы... Такія, як вунь ля Леснікоў былі... Забыліся... І агнёў панакладалі, чакаючы... Як скінулі цацку, аж стрэхі пазрывала. Акруціліся і яшчэ раз скінулі. Гэтыя каб скінулі...

- О-хо-хо... Што там дома... - забедавала Наста, завязваючы хустку, і Боганчык сціх. Завярнуўся пасля і пайшоў у альшэўнік. - І Буланчык мой не есць, апусціў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзеці?

- Не адыходзься далёка... - крыкнуў услед Боганчыку Махорка. - Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзіць на немцаў...

- Ты, Мірон, свайго і перад бядой не кідаеш...

- Мы яшчэ пажывём, Наста...

- Пажывё-ём...

Яны памаўчалі.

- Будзем кратацца, Іван. Адзін ад аднаго не ад'язджацца. Хай коні ідуць за калясьмі. І ты свайго жарабка не пры надта. А то - не дагнаць... - зноў загаварыў Махорка.

- Можаш заязджаць наперад... - буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.

- Не глядзі зверам, Іван. Ноч на дварэ. І ты гэта знаеш... - гаварыў і махаў пугаўём Махорка. - Ехаць будзем ціха. Калі што якое - не сядзець на калёсах. За дзяцьмі Наста будзе глядзець. Янук хай спіць... З яго драбін не вывалішся. І Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...

Алёша пайшоў назад за Настай - яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногі. Завярнулі на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхі, пад'ехалі адзін за адным да Януковых калёс.

- Усе там, ззаду? - загаманіў моцна Махорка. - Не аставацца...

Прагалам пайшлі адгалоскі.

- Не спі, сын... - Алёша пачуў, як яго клікнула Наста, і падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць ні рукі, ні ногі - нават языком не кранеш.

Конь, ідучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогі, і Алёша падумаў, што хочацца есці, не праходзіць голад.

Яны праехалі дарогай - уехалі ў самы прагал і зноў сталі. Боганчыка зусім схаваў з вачэй туман, і невядома было, што робіцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста - ішла да яго, Алёшавых, калёс, кінуўшы аднаго Буланчыка.

- Зноў наперадзе нешта, сын... - зашаптала яна. - Так бы не сталі. Не спі, глядзі... Помні, што я сказала...

Тады Насту клікнулі. Махорка, мусіць.

- Нехта стогне там, уперадзе... Не спі, сын... - Яна кінула ў яго на возе на мяхах дубец, якім паганяла яшчэ ля ракі Буланчыка, калі той не хацеў ісці ў ваду, і пакраталася наперад, мінаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусіць, спрасоння, лежачы на мяхах, і зноў стала ціха, нават не храплі коні. Было чуваць, як ідзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калі Наста схавалася за Танінымі калясьмі, Алёшу хапіла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу і дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркі на возе не было, не было і ля каня. Не відаць было нідзе і Боганчыка.

Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогі, у прагале стаяць мужчыны. Двое - Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль - прыхінуўся да сасны, як прыкарэў.

Яны падышлі з Настай да Панка.

- Скажы ты... - загаварыў Махорка да Насты, сціха, як шаптаў. - Не магло ж нам здацца... І мне і Івану... Чалавек стогне.

- Дзе чалавек? - Наста зайшла ім наперад і, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.

- Ды тут недзе недалёка... - паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногі. - Я ўжо і клікаў... Стагнаў быў, пасля сціх.

- І я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, - кашлянуў Панок.

- Які тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы... - загаманіў быў моцна Боганчык.

- Ціш... Сам жа чуў... - шыкаў на яго Махорка.

- Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калі што думаем. Ну і людзі...

- Адыдзі... - Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.

Усе тады як ураслі ў зямлю.

Нічога не было чуваць.

Выплыў з-за лесу месяц і вісеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамі і галавой, хмары. Павіднела. У тумане была знаць уперадзе дарога - ішла прагалам - і было відаць, як на моху ля ног ляжаць леташнія белыя сасновыя шышкі.

Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусіць, закрычала патрывожаная кнігаўка. Кнігавак, відаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалі жабы, моцна, на ўвесь лес - аж ішлі адгалоскі...

Алёша доўга глядзеў у прагал - у вачах ужо зрабілася аж два месяцы: адзін адбягаўся ад другога і каціўся па небе да самага лесу.

На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокі, разгаты, і ляжаў, як на чыстым абрусе.

Алёша пачуў, што холадна ў ногі. Пасля стала холадна за плячыма.

- Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы... - вылаяўся быў Боганчык і ступіў да Махоркі - невядома чаго.

- Што затросся, як спаліржаваны? А калі чалавек там? - крутнуўся да яго Махорка.

- Чалаве-е-к... - перадражніў Махорку Боганчык.

- Дык што? Мінаць чалавека? Чалавека я ніколі не мінаў... - Махорка адразу тады ўзлаваўся... Лапаў за кішэні ў штанах, як чаго там не знаходзячы.

- Не мінаў... А дзе дзенеш, падабраўшы? Хоць тата з таго свету - дзе дзенеш? Сваіх поўныя калёсы. І хворых і здаровых. Стогнуць. Дзяўчына вун...

- Віш, бацька знайшоўся. Горлам браць... Не крычы. Чалавек стогне. У сасонніку, мусіць, - паказаў Махорка раптам зноў рукой у прагал.

- Ну і чорт з ім, хто дзе цяпер стогне. Зямля ўся стогне. Усіх не наслухаешся. У нас свае, вун... Вёска цэлая стогне...

- Ціш... - махнуў на яго рукой Махорка.

Тады Алёша пачуў, як збоку ля іх, на прагале ў сосніку, нехта стагнаў. Пасля закашляўся Панок, і зноў нічога не было чуваць.

Калі яны прыйшлі за Махоркам у соснік, Алёшу здалося, што ў высокай белай мятліцы ляжыць, выцягнуўшы ногі, конь - чорны, задам да іх. Конь быў адразу застагнаў, тады пачаў храпсці недзе пад сябе ў густую траву... Здавалася, нават не пачуў, як падышлі людзі...

- Ло-ось... - загаманіў Махорка. - Ідзіце бліжэй... Са спіны толькі... Ля ног не стойце... Не стойце... Ён нагой аглабню сячэ. Адступіся, хлапец, не лезь усмоль... Чаго ты тут?.. Сядзеў бы на калёсах. Пазбягаліся ўсе...

Алёша тады адышоўся ад Махоркі і стаў ззаду за Настай.

Махорка ступіў да лася, нагнуўся і глядзеў недзе ў траву, дзе кашляў лось...

Лось быў кароткі і тоўсты, але здаваўся вялікім - каб устаў, зраўняўся б з Буланчыкам. У яго была шырокая і кароткая шыя, і на ёй расла маленькая грыва. Галава ў лася была доўгая, вузкая, з гарбом ля храп і з вялікім бліскучым вокам, якое глядзела некуды ўверх - на месяц. Ніжняя губа ў яго абвісла, як мокрая ануча; вушы, круглыя і шыракаватыя, што ў каровы, натапырыліся і стаялі.

Лось быў не чорны, як здалося спачатку. Толькі на спіне ў яго ішла чорная паласа, вузкая, на руку; ногі і галава ў яго былі бурыя, а сам ён увесь цяпер, зблізку, здаваўся шэрым і бліскучым, бы ўсё роўна ў расе... Можа, што на яго свяціў месяц...

Рогі Алёша згледзеў пасля ўжо: яны, чорныя і вялікія, што саначкі, ляжалі ў белай траве, усё роўна як асобна ад галавы. Краталіся разам з галавой толькі, калі лось кашляў, і тады паролі зямлю...

- Падбілі... - зноў загаманіў на ўвесь соснік Махорка. - Уся шыя пасечана... Аж мяса павыпірала... Крыві пад ім чорная лужына ў траве. І з храп кроў цячэ. Не падыходзьце... Падурнелі?.. Адступіцеся!..

Лось захроп і пачаў круціць галавой... Угару з-пад рагоў паляцела зямля. Пасля сцішыўся і стаў часта дыхаць, ажно хадзіў у яго хадуном жывот.

- Не падыходзь, Наста! - крыкнуў цяпер Панок.

Мужчыны самі адышліся далей, і Панок пацягнуў Насту назад за руку.

Лось раптам падагнуў пад сябе пярэднія ногі, крутнуўся на бок, падняўшы галаву з рагамі, і ўстаў на заднія. Пярэднія ў яго былі цяпер сагнуты, і ён, дрыжучы, апіраўся на калені. Пастаяўшы на каленях, ён задзёр яшчэ вышэй галаву, паклаўшы на спіну рогі, што дзве шырокія лапаты, і зарыкаў. Моцна, як толькі мог, - прагалам далёка пайшлі адгалоскі; балюча і жаласна, што карова, калі ад яе адсаджваюць цяля; пасля ціха, задыхаючыся і круцячы галавой у бакі... Тады раптам асеў, грукнуўшы грудзьмі на карэнне і ўдарыўшы пысай аб зямлю, і сціх, лежачы на жываце і на падкорчаных пярэдніх нагах. Пасля ўсхапіўся зноў на заднія ногі і скочыў уперад, дзе не было людзей, - неяк піхнуў сябе аднымі заднімі нагамі, пярэднія ў яго былі сагнуты ў каленях і цягнуліся па зямлі, і адразу ўпаў на траву ў свежым месцы і стаў біць нагамі па зямлі. З-пад яго паляцеў мокры мох і дзёран, тады сыпанула шорсткім жвірам...

Пасля лось зноў стаў на заднія ногі і, ужо не могучы падняць ад зямлі пярэднія, пачаў круціцца на адным месцы, як ушчаміўшы ў што галаву. Абваліўшыся на зямлю, ён качаўся з боку на бок і страсаўся, як ад вады, - з-пад яго зноў паляцела зямля і пырскі ад крыві. Біў заднімі нагамі, рвучы з карэннем малады соснік і рыючы ля сябе яму. Ён ляжаў ужо на адным баку, не пераварочваючыся, і біў нагамі толькі ля сябе пад бокам... Памалу - ногі ў яго дрыжалі і выпростваліся, як ад сутаргі... Пасля ён зноў рвануўся з зямлі, хочучы ўстаць на ногі, і ссунуўся ў яму, якую вырыў нагамі збоку... Застагнаў ціха і цяжка, што чалавек.

Адразу стала ціха; не грукала зямля, і было чуваць, як у лася з рагоў сыплецца на траву жвір - шапоча - і кратаецца высокая белая мятліца ля задніх ног...

Мужчыны доўга маўчалі, стоячы, тады Махорка сказаў, нібы сам сабе:

- Во і смерць, Наста... Падбілі!.. Баі на Паліку пачаліся. З Паліка лось. Каля нас іх цяпер няма...

Пацямнела на прагале: на месяц насунулася краем чорная хмара - конь з нагамі і галавой, пашырэла, распаўзлася ў бакі.

Ля чорнага на зямлі лася відаць быў жоўты пясок, цьмяны, рассыпаны; здавалася, было чуваць, што пясок сыры і халодны. Запахла свежай зямлёй, як пахнуць дома ля лесу ямы, дзе хаваюць на зіму бульбу.

Алёшу схапілі дрыжыкі, ён пачуў, што яму холадна ўсяму і коле ў плечы; пасля пачуў, як у яго ляскаюць зубы.

Наста была ўзяла яго за руку.

...Калі яго на калёсах пачало кідаць з боку на бок і зноў сталі зліпацца вочы, яму здалося, што ён дома пад хатай на качэлях. У бульбеўніку ля варыўні, седзячы на каленях, зарагатала Вандзя, моцна, на ўвесь гарод. Яна нават не ўдарылася аб каменне - смяецца.

Калі ён адплюшчваў вочы і падымаў галаву, чуў, як глуха стукалі на карэнні калёсы.

 

8

 

Далёка ззаду, у тым баку, дзе яны мінулі прагал, зарыкаў лось, моцна, на ўвесь лес.

Апёршыся на локці, Панок усцягнуў на мяхі ногі.

Зноў зарыкаў ззаду лось, і Панок, натапырыўшыся, слухаў. Спаць не хацелася. Але калі ён слухаў, лася нідзе чуваць не было - ляскалі толькі калёсы і хроп конь.

Тады Панок падумаў, што лось недзе цяпер і не рыкаў, што рык стаіць у яго, Панка, у вушах, усю дарогу: ці спіць, ці не спіць - яшчэ з Карчаватак, ад учарашняга.

...У Карчаватках раніцай ён баяўся класці агонь, хоць у Лазе стаяў туман, як дым. Сюды, у Карчаваткі, у Лазу, яны перайшлі ўчора вечарам, як сталі блізка ззаду страляць - мінулі кладкі і крыніцу ўсім канцом вёскі...

У яго, у Панка, дзеці спалі на стажар'і, якое ён зрабіў вечарам на купіне, насекшы і насцяліўшы высака, у калена, лазы, - спалі трое пад адным кажухом, накрыўшыся з галовамі... Чацвёрты, Ваня, быў у Веркі на руках, абкручаны вялікай пяньковай Верчынай хусткай разам з падушачкай - падушачка была падкладзена яму пад плечы. Мякчэй дзіцяці, і не так мярцвеюць калені - патрымай усю ноч, калышучы і баючыся, каб яно не нарабіла крыку... Панок сам браў хлапца ноччу на рукі, калі той плакаў: змаглася была Верка...

Верка сядзіць з краю на стажар'і з хлапцом на каленях, апусціла галаву, як спіць. На грудзях у яе адхінулася нажутка - з-пад нажуткі відаць бутэлечка з малаком, поўная, аж у рыльца, і соска. Жоўтая, вялікая, даваенная яшчэ; расцягнутая, з шырокай пракушанай дзіркай, яна тырчыць з-пад пахі, як палец...

Верка хавае бутэлечку пад пахай і ўдзень і ноччу: грэе малако.

Туман халодны, сыры, нават зблізку відаць, як ён вісіць угары над стажар'ем. Дыхаеш - здаецца, аж ліпка ад яго ўсярэдзіне, і пачынае тузаць кашаль. Панок тады прысядае і, схапіўшыся за лоб, сціскае рукой галаву... Пасля падносіць другую руку - кулак - да рота, як рабіў ён кожны раз дома ў хаце, калі спалі дзеці і яго біў кашаль. Глянуўшы спадылба, бачыць, як натапырылася на стажар'і ля дзяцей Верка, падняла галаву і глядзіць то на яго, то на калені, на дзіця; пасля азіраецца ў бакі. Панок бачыць тады, як адыходзяцца ад іх людзі, ціснуцца ў лазу.

Кашаль б'е без сціханага, аж совае ў горла нечым вострым і сухім, што ражном; не дае дыхаць: душыць; пасля спірае ля горла, падняўшы ўсё з сярэдзіны... Робіцца цёмна ў вачах, і баліць, здаецца, расшчэпіцца, галава... Баляць плечы, высака ля шыі... Панку здаецца, што ён захліпаецца... Тады яму падварочвае пад грудзі, і ён адкрывае рот, нагнуўшыся ў рудую асаку.

Калі яго перастае тузаць, ён усё яшчэ сядзіць, прыгнуўшыся ў траве...

У Карчаватках ціха. З вёскі страляць перасталі, як развіднела. Узышло сонца. Далёка за лесам яно халоднае і чырвонае; ад яго чырванее на лазе і на траве раса. Там, дзе яно ўзышло, папоўз угару руды туман. Ён густы, і за ім хаваецца сонца; пасля яно выбягае і зноў коціцца над лесам у Дальву... Угары відаць краёк чыстага неба, і Панок думае, што будзе ўдзень горача...

Устаючы, ён бачыць, як растаптаў нагамі ценкі стары сасновы пень. З-пад ног скача машка, яе што насыпаў хто на траву, не баіцца і халоднай расы. Ступіш - з-пад нагі як пырскі ўсё роўна. Машка лезе ў рот; ён, Панок, мусіць, папярхнуўся быў, дыхнуўшы машкой, калі яго гэтак хапіў кашаль...

На крыніцы, адкуль яны вечарам прыйшлі сюды, у Лазу, турчэлі жабы, моцна, на ўсе Карчаваткі; пасля ціхлі, як давіліся. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката; падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. За лесам, мусіць, на загуменні ля Дальвы, кукарэкаў певень - хрыпата і рэдка.

У вочы ўсмоль лезлі камары, жоўтыя, худыя...

Бліснула сонца, здалося, што стала цёпла ў плечы... Запахла з-пад ног гразёю балота...

Панок агледзеў у багунніку ля гнілога белага бярозавага пня, дзе сушэй, чарнічнік. Чорных ягад яшчэ не было... Высокі пень пакляваў дзяцел, і на ягадніку ляжалі белыя камочкі гнілога дрэва.

Пень трэба будзе ўзяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк.

Ад крэсіва загарэўся цэр - ад першага разу, пасля затлеўся бярозавы гніляк, калі Панок скаціў на яго прычарнелы кавалак цэру, маленькі, з гарошыну.

Пасля Панок паклаў на бяросту жменьку сівога моху, што трымаў даўна ў руцэ - мох адышоў і зрабіўся вільготны, - і, прысеўшы, доўга дзьмуў у гніляк, прыціскаючы зверху пальцамі мох. Засіпела полымя. Запахла дымам, як ад яловых дроў, і смаллю: падгарэлі, мусіць, ад полымя на руцэ валасы... Тады паклаў гніляк бліжэй да елкі і ўскінуў наверх сухіх яловых лапак і папараці...

Аднекуль дыхнула халодным ветрам; агонь лізнуў на зямлі зялёны мох; мох пачарнеў адразу. Прыгнала раптам туман, што з усяго балота. У лазе стала сіне і цёмна, людзі хадзілі, што ўсё роўна за павучыннем. Туман хаваў з вачэй стажар'е з дзяцьмі і Верку, слаўся пад ногі на траву і ягаднік. Было відаць нават, як раса ад туману кладзецца зверху на рукі, што халодны пыл... Чуваць было, як з лазы пачалі капаць кроплі вады ў балота, што ў раку...

Яловыя лапкі не браліся гарэць, і Панок, стаўшы на калені, - калені адразу зрабіліся мокрыя, - падзьмуў падыспад у бярозавы гніляк. Дым адагнала ўбок, і з-пад яго паказалася жоўтае полымя - дыхнула ў шчокі.

Тады Панок адагнуўся і ўгледзеў унізе ля купіны ў вадзе самога сябе. Вада шырака блішчала ў траве, як шкло, і ў яе было нацярушана ля самай купіны з краю сасновага рудога шылля. З-пад шылля з ціхай вады глядзеў на Панка чалавек з перагнутым носам і вялікімі вушамі. Высака на галаве ў яго, на самай патыліцы, ляжала кепка з пакамечаным брылём, і з-пад яго тырчалі сівыя валасы, аж белыя. Белыя валасы былі відаць і ля вушэй на скронях. Мусіць, ссівеў ён ужо зусім за гэтыя дні, калі белыя валасы відаць з вады...

Ён пачуў, як бразнула вядром ззаду Верка - хадзіла даіць карову. Аглянуўшыся, убачыў, што дзіця ляжыць разам з усімі на стажар'і на падушачцы. Верка стаіць ля яго, нагнуўшыся. У адной руцэ ў яе вядро з малаком - знаць зверху на вядры белыя пырскі, у другой - саганок. Невялікі, чорны, у якім варылі дома зацірку на вячэру. Ён не згледзеў, калі Верка пайшла даіць карову, кінуўшы дзіця і нічога яму, Панку, не сказаўшы... Дзіця не спала ноччу, будзе доўга цяпер спаць, а Верка згатуе ячную зацірку на малацэ. Калі ўскіпіць малако, яна адліе ў бутэлечку і ў жбаночак малому, тады насыпле ў саганок мукі з белай крамнай наўлечкі. Зацірку зварыць на адным малацэ. Дома яны ніколі на адным малацэ заціркі не варылі, бялілі толькі малаком.

Ён пачуў, што яму хочацца есці, і падумаў, што не лезуць у рот сухары і ад іх яшчэ горшы кашаль.

Ціха замычэла ля кладак у альшэўніку іхняя карова: пачула дым і людзей - вуглы. Глянуўшы з Лазы на кладкі, Панок убачыў, што карова стаіць навязаная на повад у дробным альшэўніку, - падласая, відаць здалёку, - махае хвастом і, задраўшы галаву, глядзіць у Лазу, дзе людзі...

У Карчаватках у Лазе толькі ў іх адных карова. Кароў усе пакідалі ля падвод на бары, калі ззаду пачалі страляць. Адзін ён прывёў карову сюды. У іх жа малое на руках... А ў Веркі зарвала малако. Пабыло і зарвала. Як у Даўгынаве «Жалязняк» браў другі раз гарнізон - ад таго...

Ён не помніў, як перайшла карова цераз кладкі і цераз крыніцу. У Карчаваткі ў балота ніколі не пускаўся ніводзін пастух - здаўна.

Саганок стаяў ля агню, уехаўшы ў мох. Быў накрыты вялікай патэльняй - патэльню з саганком, мусіць, нясла цераз крыніцу ў хатулі за плячыма Верка.

«Няскора ўскіпіць малако на такіх дрывах...»

Тапор ляжаў ля стажар'я ў галавах, і Панок, нагнуўшыся, асцярожна падняў яго, каб не разбудзіць дзяцей. Стары, яго ўжо раз накладалі ў кузні, з чорным у смале тапарышчам, - Панок сек перад самай блакадай жэрдзе ў сосніку, думаў ставіць ад рэчкі ў гародзе новы плот, - тапор быў цяжкі і адцягваў руку. Калі Панок, замахнуўшыся, секануў па елцы ля камля па сухіх суках, тапор зазвінеў, і па лесе пайшлі адгалоскі. Панок тады ўзяў тапор ля самага абуха...

- Здурнелі Панкі... Што яны робяць... - загаманіў нехта за імі ў Лазе. Мужчына. Голасу Панок не пазнаў. Ён не ведаў, дзе цяпер у Лазе хто быў... Лаза вялікая, а многа хто пайшоў учора, калі пачалі ззаду страляць, адразу цераз усё балота на Баркі.

Ад стажар'я была відаць адна Сяргеіха з дзяцьмі - выбрала месца блізка ля іх.

У Сяргеіхі спалі ўсе покатам, накрыўшыся пасцілкамі. Калі Панок зірнуў цяпер у той бок, дзе зноў зарыкала карова, угледзеў, што многа дзе кратаецца лаза, і пачуў, што людзі гавораць адзін да аднаго шэптам: не ўсе ўчора пайшлі адразу на Баркі...

Нечага баяцца: дыму з вёскі ніхто не згледзіць, усюды туман. Агонь раскладзены пад самай елкай, дым ідзе ўгару па дрэве, хаваючыся ў лапках. Трэба толькі схадзіць прывясці і навязаць бліжэй карову, а то будзе рыкаць увесь час, гледзячы на стажар'е, дзе Верка, і будуць наракаць людзі ўсёй вёскай...

- Верка... - сказаў ён, паказаўшы на кладкі...

- Схадзі сам... На зямлю выдаі... Няма ж у нас больш у што даіць... Не выдаіш, то яна будзе нудзіцца і нудзіцца... І тапор вазьмі... Там дзе і лапак насячэш. Мне цяжка адысціся. Малы ўсё кратаецца. Хоць ты пабудзі вазьмі каторага, каб ганяў камароў... Ныюць і ныюць, галодныя, людзей пачуўшы. Ідзі здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная...

Верка гаварыла моцна, на ўвесь голас, як дома; здавалася, яна нічога не баіцца: ні таго, што з вёскі могуць згледзець дым, ні таго, што рыкае карова... Пасля Веркі ў Лазе пачалі гаманіць і людзі; уставалі. Бразнула блізка ў некага вядро; кашлянулі...

Тады Панка зноў хапіў кашаль.

Нагнуўшыся да зямлі, да самай травы, ён убачыў, як з-пад ног папаўзла ў траву гадзюка - уцякала... Ён доўга глядзеў у той бок, дзе кратаўся круглец, тады зірнуў пад сябе. Пачуў, што зайшло ў ногі: быў абуты ў лапці, і ногі змоклі да калень.

У ногі холадна было ўсю ноч, намоклыя аборы рэзалі костачкі, і ён пераабуваўся аж два разы, перакручваючы анучы сушэйшым хвастом на пальцы... Мусіць, ён прастыў з начы, бо памінутне б'е кашаль. Перш так не біў.

Ля Лазы на голым месцы быў высокі круглец, за калені, і, здавалася, аж гнуўся ад расы. Панок пачуў, як стала свежа ў галёнкі - нанава моклі штаны і ліплі да цела. Ля альшэўніку, на сушэйшым, дзе тырчала нізкае куп'ё, расла дробненькая балотная папараць і ценкае зялёнае трысцё. Пад ім на кароткім белым моху ляжаў леташні высівераны сівы хвошч і шапацеў пад нагамі.

Туман падняўся ўгару, з-за яго цяпер свяціла вялікае круглае сонца; зверху сыпалася дробная, што пыл, імжа, як увосень.

У дробным альшэўніку, дзе стаяла карова, цвіла трава-рабінка - на высокіх дудках тырчалі жоўтыя квяты - і пахла на ўсё балота.

Карова за ноч здрабяжыла нагамі пад сабой усё на свеце - рэзалі недзе камары - і стаяла цяпер у гразі, што дома на двары ля хлева, калі яе дажджом рана прыганялі з поля.

Повад быў шорсткі і цвёрды, стаяў, як прут, - яго была ўтаптала нагамі ў гразь карова, - і высморгваўся з рук, калі карова матала галавой. Панок акруціў яго каля рукі, заціснуўшы канец у жмені. Повад быў са старога леташняга павіванага пастронка; карова, тузаючыся, надарвала яго - лопнула адна столка.

Калі затрашчала ўперадзе ў альшэўніку, як ад перуна, і выслізнуў з рук повад, Панок скочыў уперад і, злавіўшы яго за самы канец на зямлі ў траве, паляцеў локцямі ў ваду... Пачуў, што цягнецца па зямлі і нешта цвёрдае ўпёрлася спаднізу ў жывот...

«Тапор... Быў падаткнуты пад дзягу...»

Яго адпусціла, і ён пачуў, што ляжыць на зямлі.

Ён ускочыў адразу на калені і ўбачыў, што карова павалілася на пярэднія ногі і падкорчыла пад сябе галаву: ля капыта ў яе акруціўся пастронак.

Стаўшы на ногі, Панок перацягнуў пад дзягай з жывата за спіну тапор і выпусціў з рукі пастронак. Карова не ўставала, ляжала, падагнуўшы пад сябе пярэднія ногі...

Тады зноў бухнула за альшэўнікам, сюды, бліжэй, пад самую Лазу, і засакатаў кулямёт на бары ля Крыніцы, дзе яны пакідалі ўчора падводы...

Зарыкала, лежачы, карова, глуха - пад сябе ў гразь. Закрычалі ў Лазе бабы, і загаласілі ў некага дзеці - не іхнія, ён пазнаў бы, - беглі далей цераз балота.

Ён зірнуў у той бок, дзе было іхняе стажар'е, і ўбачыў, як ядрана гарыць у кустах агонь - угарэліся недзе яловыя сукі, і над елкай ідзе высока ўгару дым: стаіць слупам, схіліўшыся на вёску...

- Карова!.. Валодзя!.. - закрычала яму здалёку Верка. - Я адна спраўлюся з дзяцьмі...

Верка тушыла агонь: раскідала пад елкай галавешкі, мусіць, выліўшы на агонь малако з саганка. Па Лазе цяпер папоўз густы сівы дым, як пара; сагнуўся, парваўшыся пасярэдзіне, высокі белы слуп, што вісеў угары над елкай...

- Карову лаві!.. - пачуў Панок, як зноў крыкнула яму Верка. Закінуўшы за спіну хатуль, яна падняла са стажар'я перад сабой на руках малога. Да яе ціснуліся, ускочыўшы спрасоння, дзяўчаткі. Маленькая зусім, не відаць з травы...

Пасля Верка крыкнула яму, каб ён кідаў карову - «Чорт з ёй!..» - і даганяў іх. Усе бягуць на Баркі.

Ён убачыў, як Верка з дзяцьмі і з хатулём на плячах схавалася ў лазе...

За крыніцай у бары зайшоўся кулямёт, хлебястаў без сціханага на ўсе Карчаваткі. Па лесе, па лазе і альшэўніку, пайшлі адгалоскі, далёка, аж у кут, дзе ў рудым тумане бегла на балота ўслед за людзьмі сонца.

Пасля Панок пачуў, што страляюць і на Барках, і за Карчаваткамі на пасецы, і ззаду за Кладкамі - ля вёскі на загуменні.

Біла заднімі нагамі па гразі карова, не могучы ўстаць, і яго пярыў кашаль...

Ударыла цяпер ужо далей, недзе на Барках, моцна, як громам... Ён падумаў, што рвуцца снарады, бо з вёскі згледзелі дым...

Панок адпусціў повад - карова ўстала на ногі і, падвярнуўшы пад сябе галаву, пацягнула яго, Панка, у альшэўнік - назад. Ён, упёршыся ў зямлю нагамі, не пусціў яе, пасля забег наперад і, узяўшы за рогі, павярнуў на Кладкі. Схапіўшы пасля за павадок ля самых рагоў, ён павёў карову цераз зашыек Кладкамі, учапіўшыся за рогі і прыціснуўшыся ёй да шыі. Карова матала галавой: яе ніколі так не бралі - за рогі і за шыю... На чыстым, дзе рос круглец, яна гразла за калені, падкідаючы нагамі гразь і кожны раз збіраючыся скакаць. На Кладках было цвярдзей пад нагамі - лучалася карэнне - і карова, скокнуўшы, страсанулася, атрасаючы з сябе халодную гразь. Панок пачуў, як яму заляпіла вочы...

Калі цяпер на бары ля крыніцы зайшоўся кулямёт - высака ўгары засвісталі кулі, заныўшы, як авадні.

Немцы стралялі з бору ўдоўж па балоце - згледзелі людзей... Трэба бегчы за ўсімі на Баркі, туды немцы не сунуцца цераз усё балота... Там жа наперадзе, на Барках, Верка адна з дзяцьмі. Карову можна навязаць тут, на Кладках, бо ненавязаная яна збяжыць. Толькі навязаная яна будзе рыкаць увесь час, гледзячы на Баркі, дзе людзі, і сюды прыйдуць немцы...

Угледзеўшы здалёку сіні дымок над вогнішчам пад елкай - тлеў, адкаціўшыся ад агню, мусіць, канец бярозавага гніляка, Панок здумеўся: будзе галоднае дзіця. Прыйдзецца даваць сухар з анучкі, размачыўшы і пажвакаўшы ў роце, а яно, галоднае, стане крычаць на чым свет стаіць, як крычала ўчора звечара...

За Кладкамі пайшоў рэдзенькі ценкі бярэзнік з дробным жоўтым лісцем і кароценькі чырвоны вербалоз - сцяліўся па зямлі. Травы тут не было: яе глушыў мох. Белы, даўгі, ён высака падняўся ад зямлі, усё роўна як вісеў на ценкім, пераплеценым журавінніку, зачапіўшыся галоўкамі, і ногі пад ім правальваліся ў балота аж на той свет. Панок ступаў, лучаючы на купіны, і, калі ехалі ў зямлю ногі, апіраўся рукамі карове на шыю... Думаў, што карова ідзе смялей за яго, бо лепш чуе, дзе цвярдзей.

Шумела высака ўгары і глуха біла за Баркамі на пасецы. Снарады ляцелі аднекуль здалёку, не з вёскі, мусіць...

За Кладкамі на бары стралялі кораценька і рэдка - з аўтаматаў. Пераціхала, тады білі з вінтовак, ядрана, як усё роўна секлі тапарамі па дрэве.

Лесам, мусіць, пайшлі немцы... На Баркі яны не дойдуць па такім балоце...

Калі Панок праваліўся раптам па самыя грудзі, убачыў адразу, што белага моху на балоце не было, скончыўся; наперадзе блішчала ад сонца вада, пасыпаная дробным лісцем. Наўкола зашыпела зялёная гразь - палезла з-пад вады з балота; з-пад яе выскоквалі вялікія сінія бурбалкі і лопаліся... Стала холадна ў ногі, аж закалола... Адна рука ў яго ляжала на нечым цвёрдым - ён агледзеўся, што на шыі ў каровы... Каровы не было відаць - тырчала толькі з гразі задзёртая ўгару галава з мокрымі рагамі. На рагах ляжаў повад, увесь у зялёнай гразі.

Баючыся, каб не захлынуцца, Панок ухапіўся карове за шыю дзвюма рукамі; тады пачуў, што лучыў нагамі на нешта цвёрдае - стаіць, як на кладцы. Згледзеў уперадзе перад сабой сасонку з сухім верхам і зялёнай лапкай, што расла ля самай зямлі. Убачыў ля сасонкі высокую чорную купіну. Ля яе быў паабдзіраны мох, і Панок па сівым пяску пазнаў, што наперадзе суха... Ён, мусіць, уваліўся ў старую крыніцу...

Карова, задраўшы ўверх галаву, раптам зарыкала моцна і жаласна, як да цяляці...

Панка тады аж падкінула. Ступіўшы наперад, ён пачуў, што ідзе па цвёрдым, і гразь займае толькі да грудзей. Повад у яго быў у руках, і калі зноў, задраўшы галаву, зарыкала карова, ён замахнуўся і сцебануў ёй па галаве. Раз, другі... З-пад павадка ў вочы паляцела ліпкая, густая і халодная гразь. Убачыўшы, як, боўтаючы пад сабой у гразі нагамі, пайшла карова, ён зноў стаў біць яе па галаве. Пасля, калі з гразі паказалася спіна, біў па спіне - сцёбаў мокрым павадком.

Ступіўшы на цвёрдае ля сасонкі з зялёнай лапкай, ён пазнаў, што кончылася балота, і ўбачыў, што адгэтуль ішла імшарына аж да самых Баркоў, куды пабеглі людзі.

Ля сасонкі з-пад мокрага сіпаку тырчаў востры шэры валун. Стаўшы на яго, Панок цягнуў карову за повад, пакуль яна, перабіраючы нагамі ў гразі, не ўпёрлася галавой у купіну. Тады ён зноў даставаў і сцёбаў ёй павадком па спіне, бо карова не магла ўзлезці на сухое. Увесь у ліпкай гразі, ён ёрзаў нагамі па камені і махаў рукой, у якой быў павадок, аж пакуль не схапіў кашаль...

Ужо на Барках, у ельніку, Панок падумаў, што карова, мусіць, адсапнулася, пакуль яго біў кашаль, і вылезла сама ля каменя на сухое. Карове няма цаны...

У ельніку ён згледзеў людзей. Збіўшыся ў кучу, яны ціснуліся назад, пад балота, і наперадзе была Верка з малым на руках - нясла, прыціснуўшы да грудзей, як ад каго хаваючы. Дзяцей не было відаць...

Калі, натапырыўшыся на людзей, зарыкала карова, ён страпянуўся, падумаўшы, што карова пазнала Верку, бо глядзіць уперад, задзёршы галаву і ліжучы языком па носе... Ён хацеў крыкнуць здалёку Верцы, чаму яны ідуць назад, але ўбачыў раптам, што ўсе пасталі і стаяць, згледзеўшы яго... Ціснуцца адзін да аднаго, збіваючыся яшчэ больш у кучку... Пад балота бегла толькі адна Верка, трымаючы перад сабой малога - хавала яго некуды пад паху, закрываючы падушачкай... З галавы ў яе з'ехала на плечы белая хустка, і рассыпаліся валасы. Яна нешта ціха крычала яму, азіраючыся назад, але ён нічога не чуў.

Калі, сунуўшыся да Веркі, зноў зарыкала карова, блізка, за Баркамі на пасецы, чырканулі кароценька з аўтамата, усё роўна што там зламалі сухое дрэва...

«Немцы... - страсанула яго. - Ідуць з пасекі...»

Тады ён пачуў, што на руках у Веркі плача, аж заходзіцца малы, і ўбачыў, што яна цісне яго пад паху, каб хаця не было чуваць крыку.

Зноў замычэла карова, нюхаючы пад сабой зямлю і цягнучы ў яго з рук повад - рвалася да Веркі.

- Вало-о-дзя! - крыкнула Верка; было зусім ужо блізка да яе, і ён пачуў. - Людзі... - яна паказвала назад.

Стралялі цяпер бліжэй, недзе ля Кладак.

Панок неяк тады адразу падумаў: перастраляюць усіх у балоце... Усю вёску...

Зноў зарыкала карова, і загаманіла да яго, Панка, Верка...

Ён выпусціў з рук павадок і забег наперад карове.

Тапор быў ззаду, ссунуўся аж за спіну, і Панок выцягваў яго з-пад дзягі абедзвюма рукамі.

Карова кратала вушамі, натапырыўшыся, задзірала галаву і глядзела ўперад, дзе былі людзі. Ён убачыў быў яе вока, цёмнае, вялікае, і рогі, закручаныя наперад...

Ён ударыў абухом паміж рог - з усёй сілы...

Карова асела на пярэднія ногі, як спатыкнуўшыся, тады ўскочыла і пачала круціцца на адным месцы, што сляпая.

Другі раз ён зноў лучаў паміж рог...

Пасля стаяў, трымаючы тапор у руцэ, і чуў, што тапарышча ўсё ў буграх ад смалы - нядаўна сек жэрдзе загарадзіць плот, каб у гарод ад ракі не лазіла скаціна. Карова ляжала ля яго на баку, выпучыўшы жывот, руды ад гразі і ў дробным зялёным лісці, што было насыпана на вадзе на крыніцы.

Ззаду за ім, за плячыма, стаяла Верка з малым на руках; воддаль былі людзі - уся вёска: ён убачыў іх, азірнуўшыся.

Тады яго хапіў кашаль; тапор вываліўся з рук і грукнуў аб цвёрдую зямлю ля каровы - ля галавы...

 

Стала холадна, і Панок падцягнуў вышэй ногі.

Уперадзе была белая дарога, як зацярушаная густа інеем увосень, калі іней кладзецца на сухую груду. Конь ступаў па пяску - не грукаў нагамі; шапатаў пад коламі жвір, дзе цвярдзей, і трашчаў, насыпаўшыся ў колы.

Дарога гэтым месцам была прамая, і далёка было відаць. На ёй на якіх паўганей наперадзе краталіся дзве падводы: Боганчык з Махоркам. Ён, Панок, быў астаўся ад іх яшчэ на прагале, усё ззаду гаманіла Наста, клікала - не ад'едзешся.

Калі калёсы ўз'ехалі на пясок, здалося - нікога паблізу няма: не лескаталі ўперадзе колы, не гаварылі адзін да аднаго людзі. Хроп і форскаў недалёка, мусіць, Насцін Буланчык.

Месяц, круглы і жоўты, што ячны блін з вялікай скаварады, стаяў цяпер за плячыма над самай зямлёй. З воза здавалася, што ён бег ззаду ўздагон - ад адной сасны да другой. У небе над галавой пагусцелі зоркі, сталі чырвоныя; аказаліся дразды - у тым баку, дзе на небе стаяла блеклая зеленаватая зара, паварочваючыся ўвесь час і заходзячы ім наперад - на Тартак. Хутка возьмецца на додніцу.

Затахкалі былі колы, лучыўшы на карэнне, і па лесе пайшло глухое рэха - па зямлі. Недзе далёка, як злавіць вухам, крычала сава: доўга і выразна, што чалавек.

Па спіне пайшоў холад, адсырэла кашуля на плячах і ў паясніцы, здубелі ў руках лейцы, настылі мяхі, як усё роўна доўга ляжалі зімой у маразы на таку. Панок азірнуўся назад, на воз, шукаючы, чым акрыцца. У Карчаватках, у Лазе, дзе начавалі на стажар'і дзеці, астаўся кажух, жоўты, доўгі, летась пашыты з новых аўчын...

Калі зноў далёка наперадзе закрычала сава, ён натапырыўся і доўга слухаў. Здагадаўся пасля, што гэта выюць ваўкі... Якраз недзе ў Тартаку, куды трэба ехаць. Ваўкі на додніцы ходзяць да вады, мусіць, на самую Дзвінасу, і гэта аказваюцца маладыя. Сёлета рана тады вывеліся ваўкі: дома за Карчаваткамі іх усягды можна пачуць пазней - жнівом.

Ён зноў аглянуўся назад: на белай дарозе былі відаць падводы. Таня ляжала, скорчыўшыся, на мяхах; Янук сядзеў, нагнуўшы галаву, недзе драмаў; Алёшы здалёку не было відаць зусім. Ззаду за сваімі калясьмі краталася Наста.

Ніхто недзе не пачуў, як завылі ваўкі. Панок хацеў клікнуць Насту, але падумаў, што наробіць гоману... Ваўкі кідаюцца цяпер на людзей - тыя, што пакаштавалі чалавечыны. Прыходзяць у вёску і бяруць дзяцей. Трэба будзе сказаць Верцы, каб ніколі не пускала з дому малых. Тады ён падумаў, што недзе крычыць на ўсю хату хлапец без малака - з анучкай у роце.

Стаіць парожняя бутэлечка з жоўтай вялікай соскай на лаўцы ў парозе пад суднікам... Змаглася, мусіць, зусім і Верка... Яна чуць прыйшла была з вёскі ад Махоркі. Каб ён, Панок, не падхапіў яе пад паху на двары - абвалілася б з малым: не стаяла на нагах...

Пасля ён быў падумаў, што карову памогуць купіць людзі. Скінуцца і памогуць, бо без каровы не выжывуць дзеці. Хаця людзі не могуць скінуцца, бо ні ў каго ж другога няма каровы. Не ў адных іх... Мала што ў Веркі дзіця. У Сяргеіхі вунь двое...

Не трэба было біць карову - усё роўна ўсіх знайшлі немцы.

Яму зноў здалося, што ён пачуў, як зарыкала карова, - наперадзе, дзе былі азваліся ваўкі.

Зліпаліся вочы, і ён доўга цёр іх пальцамі, пакуль не забалелі; тады цёр далонямі шчокі і лоб. Далоні былі шорсткія ад гразі. Мусіць, не абмыў рукі, калі ля Завішына цягнуў з ракі за аглабню Януковы калёсы... Ля берага была гразь аж да калень. Цяпер яна падсмягла на калашынах і адставала вільготнымі камячкамі, калі ён вадзіў па каленях рукой. Ад мокрых штаноў намок зверху мех, і на яго наліпла гразі.

Гразь на штанах, мусіць, яшчэ з Карчаватак. Падсохла на сонцы за дзень, пасля зноў адмякла ў рацэ, калі цягалі калёсы...

Дарога пайшла гарой. Пахла сырым жвірам і глінай, свежа і востра, аж зашчымелі дзясны. Так пахнуў жвір, калі ён, Панок, з Веркай капалі ноччу ў сосніку за Дальвай яму, каб схаваць у зямлю шафарню. Перад самымі немцамі ўжо, як адступалі партызаны на Дзвінасу.

На гары пацямнела дарога, над галавой не было відаць неба: яго закрывалі сосны - вярхамі. Стала цёмна - месяц схаваўся за гарой. У тым баку былі пачуліся выбухі, як таўклі ўсё роўна дзе ў ступе: вух-вух, вух-вух... Цяжкія, глухія, яны доўга не сціхалі, і ад іх, здавалася, дрыжала зямля.

Панок падумаў, што гэта чуваць аднекуль здалёку, можа, фронт: у лесе далёка чуваць.

Дарога доўга спускалася ўніз - у лагчыну. Паабапал дарогі цяпер пайшла імшара з дробным соснікам і бярэзнікам: шырокая, як толькі яе можна было ўгледзець у цемнаце. Над імшарай стаяў туман і вісеў нізка месяц. Чырвона-чорны, як абгарэлы, ён зусім не свяціў, здавалася - вісеў толькі над зямлёй, як для прыліку.

Зноў завылі ваўкі, недзе зусім блізка наперадзе.

Панок павярнуўся тады на мяхах, звесіўшы ногі з ляжэйкі на другі бок калёс, і стаў слухаць. Нідзе нічога не было чуваць; ляскалі толькі па карэнні ззаду колы.

Дарога ўсё спускалася ніжэй і ніжэй, як куды да ракі. Імшарыны збоку ўжо не было відаць: яе схаваў з вачэй туман. Адразу стала сыра; зрабілася цяжка дыхаць. Зачвякаў па гразі капытамі конь, пабялелі шыны на колах - сталі блішчаць.

Дарога ля імшары зноў пайшла прамая, і ўперадзе паявіліся падводы - сунуліся ў тумане, як дзве чорныя капы сена.

Нідзе не чуваць было ні голасу - здавалася, усе паснулі, забыўшыся на ўсё на свеце. Панок падумаў, што на возе калыша і самі ліпнуцца вочы.

Злезшы з мяхоў, ён, сагнуўшыся - балела спіна, - пайшоў ззаду за калясьмі, ступаючы босымі нагамі па мокрай траве. Пачуў, што холадна ў ногі, як усё роўна ідзе раніцай увосень на лог лавіць каня, а ўжо выпаў іней, пабяліўшы Зурэчча. Усходзіць сонца, у Дальве паляць у печах, і дым з комінаў падымаецца слупамі ўгару, пасля ападае адтуль на зямлю і сцелецца ля ракі на аселіцах. Ціха, скрыпяць толькі ў вёсцы асверы і вароты - людзі, устаўшы, бяруць ваду... На лагу, у самым кутку, дзе начавалі начлежнікі, дыміць яшчэ вогнішча, і ў тумане грукаюць нагамі спутаныя коні.

У плячах зноў забалела, і Панок пачуў, што не можа ісці: саслабеў.

Учапіўшыся за ляжэйку, ён падскочыў і сеў на мяхі, задыхаючыся.

На калёсах яго схапіў кашаль: пачаў біць суха і калюча, як рваў што ўсярэдзіне. Горача стала ў грудзях, як ад агню.

Адкашляўшыся, ён доўга сядзеў на мяхах, падпёршы рукой галаву, і глядзеў на дарогу.

Пачарнеў лес; стаў белы, як снег, туман на дарозе. Паніжэлі ўгары над лесам зоркі; ружавела ўперадзе на ўсходзе зара. Цемната пачала радзець, рабіцца шэрай, цярусячыся перад вачыма, як сухі сівы пыл. Адгукнуліся дразды: пішчалі ад холаду.

Панок падумаў, што пад раніцу засне, не ўтрывае: пад раніцу ён кожны раз засынаў дома, і яго доўга тады будзіла Верка. Будзіла ісці глядзець нарад да Махоркі пад хату...

Калі ён успомніў Верку, яго страсанула ўсяго і падвярнула пад грудзі. Пасля ціха ныла ўсярэдзіне, кідала ў дрыжыкі, і ён ніяк не мог сціснуць зубоў.

Засынаючы ўжо, ён пачуў, як недзе далёка гудзе, і доўга слухаў, не ведаючы, дзе гэта можа быць. Гудзела роўна і часта: гур... гур... гур... Аціхала, пасля пачынала зноў, усё роўна як бразгаючы ланцугамі... Так бразгаў дома трактар, ідучы раніцай з фермы ў Кур'янаўшчыну на поле ля самай хаты - Панок да яго прывык. Трактар ішоў вуліцай ля плота, адно кола вышэй, па самай мяжы, другое - вялікае задняе кола ў бліскучыя, вышараваныя аб пясок зубы - кацілася ніжэй, пасярод вуліцы, пакідаючы пасля сябе чорныя ямкі. За трактарам падскоквалі тры вялікія плугі з бліскучымі, як зубы на коле, лемяхамі, затоптваючы ямкі, і беглі дзеці. Калі трактар ехаў ля самай хаты, у вокнах ад вуліцы звінелі неакітаваныя шыбы, і ён, Панок, збіраўся тады кожны раз купіць кіту і ўсё не мог нідзе апытаць. Так і зімавалі тыя гады неакітаваныя вокны - абтыкалі сторжкай. Ён падумаў, што і сёлета трэба будзе абтыкаць вокны пакулай - ад вуліцы і ад загумення, адкуль зімой часта заходзіць вецер і тады выстуджвае хату, як пуню... І пакулы добрай дома няма - трэба, каб Верка адкінула яе ўвосень, як будзе часаць на грэбні лён на кужаль. Малы змерзне, калі не агледзець акон. Трэба будзе добра набіць мяленнем падаконнікі і падняць іх вышэй - закрыць усе ніжнія шыбы ад ветру...

Калі зноў забразгала недзе блізка, Панок аж здрыгануўся на возе. Уперадзе, не там, дзе была зара, а правей, на Краснае, мусіць, на шашы, гудзелі без сціхання машыны. Угледзеўшыся, Панок убачыў, што там мітусіцца неба: па ім ходзяць белыя палосы.

«Немцы!..» - падумаў ён і глянуў уперад на дарогу. У белым тумане адна ля адной калыхаліся дзве падводы.

- Іва-ан! - клікнуў ён, пасунуўшыся на возе ўперад. У тым баку, дзе загудзела, высака ўгару падняліся дзве доўгія белыя палосы і перабеглі па небе з аднаго боку дарогі на другі. Пасля там зноў забразгала, глуха, як у яме.

- Бо-оган!.. - Панок зноў клікнуў і, павярнуўшыся, ссунуў ногі ў перадок на самыя аглобні.

Ніхто не адгукаўся: пайшло толькі па лесе рэха.

«Паснулі... - падумаў Панок і, саскочыўшы з калёс, забег наперад каню. - Падурнелі...»

Уперадзе з-за лесу зноў выскачыла белая паласа - яркая і бліскучая, як са шкла. Зусім блізка.

- Бо-оган!.. - крыкнуў Панок яшчэ раз, бегучы ўперад па дарозе, і закашляўся...

На вазах ніхто не спаў - ні Махорка, ні Боганчык; і, забегшы наперад каню, Панок згледзеў, што яны стаяць на дарозе адзін ля аднаго: і Махорка і Боганчык. Боганчык трымаў за аброць жарабка. Лагчына ў гэтым месцы зусім высахла, і ад белага пяску пад нагамі было аж відна: Панок бачыў усё, што робіцца наперадзе.

Ён здзівіўся, убачыўшы, што ні Махорка, ні Боганчык не глядзелі ўперад, дзе нядаўна ўскочыла была белая паласа. Яны стаялі, адвярнуўшыся, і было відаць нават, як утаропіліся абодва назад, недзе на імшару, адкуль нядаўна выехалі. Панок тады адвярнуўся і сам, не дайшоўшы да іх, і глянуў на імшару...

На імшары рос ніжэйшы соснік, і над ёй было відаць далей цёмнае на захадзе неба. Далёка, там, дзе яно канчалася, Панок убачыў белую зару, цьмяную, як схаваную за лесам. Над ёй дрыжаў акравак бурага неба; пасля сышоўся, паменшаў, стаў густы і чырвоны.

Панок раптам пачуў, што заікаецца... Хоча клікнуць Махорку і не можа...

Пасля яго ціха клікнуў сам Махорка, як усё роўна не пазнаў:

- Гэта ты, Пан? Там нешта ёсць... - і, як успомніўшы што, сказаў: - Тут табе і Краснае... Ехаць трэба скарэй на Пунішча, пакуль не развіднела і ціха на дарозе. Адно цяпер, што можна зрабіць... Ад Дальвы, відаць, асталося ўсё, што ў нас на калёсах... Дзе Наста? Не кліч яе. Не трэба, каб відзіла...

- Дальва ў тым баку... Якраз будзе на імшару... - у Панка ляскалі зубы, і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца.

- Хто яго ведае, Пан. Не крычы толькі... Вёсак-то ў тым баку другіх няма, але ніхто пэўна не скажа: ні ты, ні я... - Махорка гаварыў неяк зусім ціха, ніколі ён так не гаварыў. - Дзяцей не будзі. Хай спяць. Вучыць цябе трэба, ці што?

Наста прыйшла наперад сама. Плакала - выцірала хусткай вочы і глядзела пасля доўга на яе, павесіўшы на руках: шукала, мусіць, сухога месца. Падышоўшы да самых Махоркавых калёс, прашаптала: «А дзеткі ж мае...» - і прыхінулася спінай да ляжэйкі. Глядзела, апусціўшы рукі, на зарыва над імшарай - не зводзіла вачэй, як чакала чаго.

Пры ёй аціхлі былі і мужчыны, пасля Махорка сказаў, як сам сабе:

- Што там такое можа быць? Зарыва не зарыва... Зарыва было б чырвонае... А то белае, як днём. Неба, мусіць, пад'яснілася...

Пачуўшы Махорку, Наста загаласіла, і Панок убачыў, як да яе падскочыў Боганчык. Але Наста не сціхала.

- Не лезьце да мяне... - адмахнулася яна ад Боганчыка. - А дзеткі ж мае... Хай бы я вас выправіла... А я ж вас сама кінула... А ці ж мне трэба было ехаць...

- Сціхні, Наста... У тым жа баку Людвінова. З Людвінова, можа, і відаць, калі гэта зарыва. З Дальвы, каб і хацеў, то адгэтуль нічога не ўвідзіў бы. Далёка... І Дальва яшчэ ў лагчыне стаіць, помні...

- Ты хаваеш усё ад мяне, Махорка... І ты, Пан... - павярнулася Наста да яго, Панка. - Дальва ў тым баку... А дзеткі мае...

- Не дзеці, дык мы астанёмся жыць. Не мы - дык дзеці... Не свае - чужыя. Нехта астанецца. Усе не згараць... - Махорка выпрастаўся ўвесь, голас у яго стаў сухі, як лучына з печы. - Змарылася ты проста, бабай будучы... І я дзяціны бацька. Ты думаеш, і мне не баліць? Нічога з імі не будзе. З'ездзім - і вернемся...

- Што вы мяне, старую бабу, дурной робіце? А нашто ж я глядзела на гэта зарыва...

Наста плакала не сціхаючы.

Панок пачуў, як на дарозе раптам стала суха і холадна, як у мароз. Зарыва над імшарай пасвятлела, зрабілася зусім белае. Патух угары над ім акравак неба. Храплі ззаду коні, трашчалі ў некага ў калёсах аглобні.

Панок убачыў, што ўсе зноў збіліся на дарозе ў кучку - стаяць блізка адзін ля аднаго, нават чуваць, што вільготныя ад расы. Пасля яго было ўсяго сцяло, і сам ён зрабіўся сухі і халодны: рэж - не заплача. Ён падумаў, што не верыць, каб гэта гарэла Дальва. А што Махорка гаворыць ехаць на Пунішча, дык ужо яму і верыць... Махорка старэйшы за ўсіх іх тут, не беручы Янука, але што - у Махоркі другія вочы, чым у яго, Панка? А што на тым Пунішчы, каб прыйшлося?.. Уваскрэснеш?.. Пунішча - балота. Вярсты чатыры ў баку ад дарогі, пад самым Тартаком. Некалі яго касілі, там нават стаялі старыя пуні, і ў іх клалі сена. Цяпер туды ў сухое лета можна недзе нават ехаць. Якія тады на Пунішчы ў чорта сховы? Хаця з Пунішча можна пайсці балотам на Палік - туды адступаюць партызаны. Перайсці толькі трэба Яськаву жылу па кладках... А дзеці тады... А коні... Апошнія ж з вёскі...

Панок зноў падумаў, што Дальву не маглі так адразу спаліць. Махорка занадта ўжо бярэцца камандаваць: то на Тартак, то на Пунішча. Слухай толькі. Ён хацеў быў сказаць Махорку, каб той не рабіў наперад вэрхалу, але маўчаў Боганчык. Стаяў і маўчаў - каб слова сказаў перак Махорку. А Боганчык не дурны...

Панку зноў зрабілася холадна і схапіў кашаль: даканае сёння. Наперадзе над самай дарогай яшчэ раз мігнуліся белыя палосы. У цёмным небе яны былі аж сінія. Залязгала жалеза, як дзе ля кузні.

- Мы думаем што ці не? - пачуў пасля Панок, як закрычаў у яго над вухам Махорка. - Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Самі не хочаце жывымі астацца, то дзеці на возе... Давідна трэба выскачыць з імшары. Як мух, перадушаць, дай ім толькі згледзець...

Тады яны адразу ўсе загаварылі: і Панок, і Наста, і Боганчык. Ехаць, ехаць хутчэй з імшары. На чыстым далёка відаць...

Калі крануліся пярэднія падводы, Панок стаяў яшчэ з Настай і глядзеў на зарыва. Яно было ціхае і роўнае, каб дзе здрыганулася - як бы там угарэлася што на ўсю ноч. Угары над зарывам зноў пачырванеў акравак неба...

Наста плакала. Выціраючыся хусткай, не слухала яго, Панка.

На дарозе ржаў Буланчык - крануўся сам за падводамі.

Пасля яны пайшлі ля Таніных калёс, пачуўшы, што стогне на возе Таня.

Было холадна і свежа, звінелі над вухам камары. Ехалі ўсё яшчэ імшарай, і з яе цягнула на дарогу сырасцю. Уперадзе па карэнні тахкалі калёсы, і здавалася тады Панку, што ён дома позна ўвечары на двары... Верка падаіла карову, вярнуўшыся з цямном з поля... Ціха і свежа на дрывотні ля студні, пахнуць з гародчыка мокрыя ад расы агуркі і кроп... Далёка на грэблі ляскочуць па калдобінах калёсы - мужчыны едуць з Кур'янаўшчыны - звозяць сена.

Зашчымела глыбока ўсярэдзіне... Панок падумаў, забыўшыся на зарыва, што недзе спяць на падлозе дома дзеці з Веркай, падсцяліўшы пад сябе сеннікі з ложка. Галодныя, можа, калі не зварылі вечарам заціркі...

Над лесам, выплыўшы з туману, стаяў месяц: мяккі і ціхі, ён быў цяпер белы, што малако, і, мусіць, ад таго зрабілася зялёнае неба з дробненькімі зоркамі. Іх было нямнога ўгары, над самай галавой; яны былі вострыя і дрыжалі, што ў калядніцу ад марозу.

На дарозе ззаду было відна, як удзень. Добра відаць была Алёшава падвода і сам Алёша: раскінуўшы рукі на мяхах, ён спаў - галавой уперад, да каня.

Панок падумаў: каб хаця не зваліўся, глядзець яшчэ за ім трэба - спіць і спіць усю дарогу, як на бяду...

Наперадзе нехта з мужчын курыў, мусіць, Боганчык: бліснуў быў агонь, што іскра, і пасля запахла дымам ад самасаду.

Яму зноў здалося, што ён дома зімой за сталом ля акна ў першай хаце. Устаў яшчэ додніцай разам з Веркай. Яна ўсягды рана ўставала зімой, раней за ўсіх у сваім канцы вёскі. Устане і топчацца ў парозе ля печы з вілачнікам у руках...

У хату зайшліся мужчыны - конюхі. Пусцілі коней адных ля плота да рэчкі паіць, а самі забегліся пагрэцца: на дварэ мароз - не патыкайся.

Хукаюць у рукі, пазнімаўшы рукавіцы; закурылі; у хаце поўна дыму - вісіць у парозе пад столлю, пасля цягнецца да чалесніка і ідзе ў комін: рэдзенькі і белы ад агню з печы.

...Стала зноў холадна за плячыма. Панок убачыў, як Наста паправіла на грудзях нажутку, абцягнуўшы ля шыі. Было сыра, аж мокра ад туману, і пахла аднекуль вялая трава: асака і рабінка, як з учарашняга пакосу, - мусіць, недзе ля дарогі было стаптана балота.

Усюды была раса: ляжала на мяхах - яны былі вільготныя, што ўсё роўна адсырэлі, - і блішчала ад месяца на ляжэйках дробненькімі кропелькамі, як мак. Панок убачыў, як блішчыць на спіне ў Танінай кабылы мокрая пільсць; падумаў, што коні не абсохлі яшчэ ад поту, які цёк з іх удзень пісягамі...

Занылі над галавой камары, хлынулі з балота. На твар сыпанула дробненькая і калючая халодная машка, што імжа, - лезла ў вочы, і трэба было бараніцца.

Камары кусалі праз сарочку за плечы - калолі, як іголкамі; тады пачынала свярбець спіна аж да паясніцы...

Наста паправіла хустку, абвязаўшы тужэй ля шыі і насунуўшы спераду на лоб да самых вачэй. Пасля абцягнула рукавы ў нажутцы; нажутка ў яе была старая, з кароткімі рукавамі, і не было куды схаваць рук.

На зямлі пад Танінымі калясьмі бразнула аб нешта цвёрдае атоса - звалілася з восі - і звінела, падскокваючы па карэнні.

Панок забег наперад кабыле, чапляючыся за сухое ламачча і за яловыя лапкі, што сцёбалі па каленях.

Калі стала кабыла, ён пачуў, як плача Таня - яна ляжала на баку, падкорчыўшы пад сябе здаровую нагу, і ціха хліпала, шморгаючы носам... Да яе загаварыла Наста:

- Што стогнеш?.. Баліць?

- Б-баліць... - Таня зашморгала носам яшчэ горш.

- Я табе зараз усыплю... - Наста нагнулася над калясьмі. - Балі-іць... Ёсць там чаму балець... Пацярпі... Ты ж не відзіла, што там за рана... А я відзіла. Адлежала нагу, дык і баліць. І не хныч... Не маленькая... Давай памагу легчы на другі бок... Давай рукі...

Лёгшы на другі бок і апёршыся на локаць, Таня зноў захліпала:

- А што я буду рабіць, калі вярнуся... Матка хворая-я...

Падняўшы на руках, Наста падцягнула яе яшчэ назад, паклаўшы вышэй на мех галаву.

- Бяры лейцы і трымайся за ляжэйку. Хоць адной рукой... Звалішся пад колы, тады... Ад камароў бараніся... А то аб'ядуць... - не сціхала ля калёс Наста.

- Піць... - прасіла Таня. - Блага... - Лейцы яна не хацела браць.

- Дзе я табе вазьму піць?.. - Наста ўзяла лейцы, завязала іх за ляжэйку. - Пацярпі. Скора ўжо Краснае. Дамоў едучы, у калёсах ляжаш. На сена...

- Холадна. Накрыйце... - прасіла Таня.

- Цярпі, дачка. Сагрэешся, зараз паедзем... - усё супакойвала яе Наста.

Панок тады выпусціў з рук цуглі, за якія трымаў кабылу, і падышоў да калёс. Доўга не мог узяць Таню пад пахі, пакуль не памагла Наста. Падумаў, што ў Тані, мусіць, пал - гарачая галава. Узяўшы пад пахі, ён падцягнуў Таню яшчэ вышэй на мяхі. Хацеў быў паправіць на галаве касу: каса расплялася і чаплялася за рукі. Пасля, нічога не кажучы Насце, падняў на калёсах у перадку верхні мех і, намацаўшы адной рукой завязку, тузануў за хвасты. На ляжэйку, на мяхі і яму, Панку, на грудзі хлынула жыта, пырскаючы ў вочы. Ён пачуў, як яно пасыпалася на зямлю - на ногі. Убачыў, як павярнула галаву кабыла - пачула зярняты.

Парожні мех ён узяў у дзве рукі за рагі і страсануў аж два разы, выбіваючы ад пылу. Тады асцярожна накрыў Таню па самую шыю - мех быў даўгі і шырокі.

Пайшла раптам сама Таніна кабыла - ён, мусіць, няўмысля крануў за лейцы. Наперадзе, куды яны ехалі, зайшоўся кулямёт, моцна, на ўвесь лес. Пайшло рэха - аж разлягалася зямля. Панок павярнуў у той бок галаву - на неба над лесам ускочылі дзве ракеты. Белыя і халодныя, яны доўга стаялі на адным месцы, пакуль адразу не патухлі.

- Каб хоць хвіліну пабыло спакойна... - пачуў ён, як да яго загаварыла Наста, і ўбачыў, што яна зноў ідзе побач з ім. Падумаў, што да сваіх калёс яна цяпер не пойдзе, будзе з дзяцьмі.

- І я з табой пакратаюся... Весялей... - сказаў ён. - І не вер ты нікому. Будзем жыць... Дзяўчыне толькі цяжка. Трэба ж было...

Уперадзе яшчэ раз замітусілася ад агню неба. Недзе зусім блізка.

На дарозе зноў заірзаў Буланчык.

 

9

 

Янук ляжаў ніц на мяхах ад самага Завішына і глядзеў уперад на дарогу.

Балелі ногі і плечы, аж калола ў лапаткі, і ён думаў, што зусім саслаб і цяпер пасля ракі не злезе з воза да самага Краснага.

Даўно ўжо зайшло сонца за ракой ля Завішына - за лес. Там, дзе было Людвінова, угары стаяў слуп рудога дыму, чарнеючы і распаўзаючыся па небе, што хмара ад ветру.

За ракой над полем вісела сівая, як попел, смуга і дрыжала, мусіць, што яго, Янука, падкідала на калёсах. Смуга паднялася з перасохлай за дзень зямлі і будзе вісець, пакуль не сцямнее. Тады яна запахне мокрым балотам ад ракі і ападзе з расой на зямлю.

Янук падумаў, што ўсюды, мусіць, стала ціха...

У такую пару вечарам, як заходзіць сонца, летам часта ціха. І калі з цямном едзеш з Карчаватак на ферму, здаецца, вымерла ўсё на свеце...

У вёсцы з комінаў ідзе дым, і за ракой на Выганчыку ляжыць туман. Там, дзе заходзіць сонца, над лесам, чырванее неба, што агонь. Янук любіў слухаць тады, як у лесе стукаюць па карэнні калёсы і далёка ідзе рэха...

Пасля, як ён заснуў вясной на прызбе, калі яшчэ ляжаў снег, ён пачуў, што ўсюды стала ціха: і ў хаце, і ў вёсцы, і ў Карчаватках на полі...

У яго тады быў ужо сын, Піліп; цяпер у яго ўжо ёсць унук, Колечка.

Ён, Янук, чуў пасля толькі, калі грымеў гром і гудзеў на ферме трактар. Бывала, яму здавалася, што ён чуе, як стукае пад рукамі тапор, калі сек дровы, і бразгае клямка, калі зачыняў, грукаючы, цяжкія дзверы ў сенцах...

Але ён не чуў стуку, калі тапор быў у чужых руках і хто чужы прыходзіў на двор браць ваду са студні і ляпаў пад дзвярыма клямкай... Тады ён здагадаўся, што помніць толькі, як стукае пад рукамі тапор і бразгае клямка...

Ён чуў яшчэ, калі блізка стралялі...

Стала шарэць, і ля дуплаватых старых бяроз, што абступілі ў лесе з двух бакоў дарогу, таўкла мак машка. Ля зямлі на маладым ляшчэўніку на лісці ляжаў пыл; пыл ляжаў і на галлі - яно было сівое, што ад моху.

Пад ляшчэўнікам у канаве ля самай дарогі рос густы зайцаў гарох - цвіў сінім агнём - і дасыхала зблочаная тупой касой трава. Запахла сенам, што ў вёсцы пад восень, калі ідзеш вечарам ля пунь на загуменні...

Калыхала па калдобах калёсы; зрабілася цяжкая галава, не падымеш; спадыспаду ад мяхоў грэла ў сцёгны і ў жывот. Замахаў уперадзе хвастом конь, ганяючы вецер.

Янук глядзеў на дарогу, на жоўты пясок, які рассыпаўся пад нагамі ў каня, і яму здалося, што ён едзе лесам з поля з-пад Карчаватак у Дальву да вялікай калгаснай пуні, якая стаіць ля лесу за фермай. Пуню доўга будавалі, накрылі толькі за гады два перад вайной.

Ён ляжыць на возе высака на снапах. Пад бок лучыў парубень, цвёрды, слізкі - чуваць рукой, - і ад яго баляць скабы. Доўгія жытнія снапы слаба звязаны перавясламі - відаць, жаў нехта нядужымі рукамі, і калі іх уціснулі добра парубнём, яны пазадзіралі ўгару камлі, і Янук ляжыць на возе ўсё роўна як дзе ў яме. Колецца сухая салома, калі кратаеш за лейцы, кіруючы каня, і пахне жыта ў каласах пад парубнём. Зярняты цёмныя, бліскучыя - высахлі на сонцы, і іх у каласах як набіта. Каласы даўгія і тоўстыя; з іх, бывае, пырскае жыта - само: мусіць, моцна ўціснулі воз, і цяпер злягаецца пад старым сасновым патрэсканым парубнём, цвёрдая і тоўстая, як дубцы, жытняя салома. Жыта парасло на полі пад Карчаваткамі... На поле далёка ездзіць - яно аж за чатыры вярсты, за лесам - і звозіць жыта брыгадзір паслаў адразу ўсе падводы. Хмурылася, на Дзвінасе ішлі дажджы, і снапы звозілі з-пад Карчаватак другі ўжо дзень ад рання да самага цямна.

У той вечар яны выехалі, з-пад Карчаватак, калі ўжо зайшло сонца. Расцягнуліся па лесе падводы адна за адной - не злічыш. Відаць, як далёка наперадзе ідуць, сабраўшыся ў грумаду і пусціўшы адных коней, мужчыны - ён пазнае здалёку Махорку і Панка - махаюць адзін аднаму рукамі. Мужчыны кураць, чуваць дым ад папярос, і тады хочацца курыць; чуваць яшчэ, як пахне пылам - ён падняўся ад пярэдніх падвод і вісіць, рэдзенькі і мяккі, над дарогай. Калі не пахне пылам - гэта як з'едуць на траву ў лагчыну, - чуваць, як цягне з лесу з імшар мокрым мохам і грыбамі... Грыбоў тут ніхто не збірае, яны паасоўваліся на мох, пасохлі і ад таго пахнуць на ўвесь лес, усё роўна як дома, калі, паклаўшы іх сушыць у печ, рана заложаць юшку.

Цямнеецца. Чуваць, як халаднее ў лесе; здаецца, адразу пахаладнелі доўгія чорныя воблакі на далёкім краі неба; астылі, паядранелі імшары, што адсюль, ад дарогі, ідуць далёка лесам аж у самыя Карчаваткі. На імшарах пацямнела трава, натапырылася - расла. Яе яшчэ не кранулі касой: на балоце многа вады.

Халодныя ўжо на возе пад рукой снапы, вільготныя, як адсырэлі... Наперадзе разышліся мужчыны, падпіхаюць вазы на гару за мастком. На гару коні і самі ўсцягваюць вазы, але мужчыны кожны раз падпіхаюць калёсы, каб коні не ішлі навыцяжку. Мужчыны пасля зноў сыдуцца ў кучу і будуць курыць, гамонячы недзе на ўвесь лес.

Кладучы вазы, Янук натрудзіў за дзень рукі, і яны балелі цяпер, аж ламалі. Ныла ўсё цела, размякшы ад сонца, як у лазні. Добра, што, прывёзшы снапы да пуні, можна будзе адразу адпрагчыся і пайсці дамоў. Абярнуць воз у дзвярах памогуць мужчыны, а снапы прыкладаць будуць бабы - па нараду... Сцірты ў новай пуні высокія, але бабы не надта спрацаваліся. Прыкладуць снапы, тады пасядуць на таку ці выйдуць на траву на двор і чакаюць, пакуль вернуцца падводы з-пад Карчаватак.

Янук бачыў, як яны пелі кожны раз, пасеўшы на траве і панацягваўшы на вочы хусткі ад сонца, але песень не чуў...

Да пуні яны прыехалі ў той вечар, як ужо сцямнела, і дамоў ён ішоў, калі ў вёсцы гарэлі агні. Ішоў цераз ферму, дзе даілі яшчэ даяркі кароў - хадзілі з вёдрамі: запазніўся пастух. З вёскі з комінаў пахла дымам і падгарэлай бульбай. Захацелася есці. Едучы на возе, ён цёр пальцамі ў жмені каласы і сыпаў жыта ў рот. Яно было сухое, трашчала на зубах; ён чуў яшчэ, што яно салодкае, як цукар, мусіць, ад таго, што маладое.

Калі ён адчыніў дома ў хату дзверы, убачыў, што над сталом на покуце гарыць паднятая вышэй на дроце лямпа і ў хаце бела ад агню. Белыя ад глінкі сцены, на стале белы надзежнік, і на яго насыпана вараная бульба. З бульбы ідзе ўгару пад лямпу белая пара. Пасярод стала стаіць вялікая міска кіслага малака. На рагу стала - цёмны гладыш - гэта каб, сеўшы вячэраць, не ўставаць і не ісці ў парог да судніка па малако - не перабіваць яду. Пасля Янук згледзеў, што на куфры, які стаяў побач са сталом ля сцяны ад вуліцы, на белым абрусе ляжала пачатая буханка хлеба. Яе ўсю накрылі зверху белым абрусам, відаць толькі пачаты край - быў павернуты на хату.

Калі вячэраюць з хлебам, у іх тады кожны раз астаецца бульба, і яе, абразаную і вараную, выкідаюць свінням у сенцы ў карыта, дзе ляжыць халодная, пасечаная раніцай яшчэ секачом, паранка.

Усе былі дома: Піліп, вярнуўшыся з работы - араў у Кур'янаўшчыне, - сядзеў, памыўшыся ўжо, на ложку ля куфра; ля стала стаяла Волька - клала на надзежнік лыжкі; пасярод хаты сядзеў на падлозе маленькі Колечка ў белай кашульцы. Калі расчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў ён, Янук, Колечка пачаў, седзячы, зыбацца і махаць рукамі. Піліп быў, мусіць, загаварыў да Волькі, і на Колечку ніхто не глядзеў. Янук тады ўзяў выставіў Колечку пугаўё - тоўстае, пад'ялоўцавае, аблупленае ад кары... Колечка адразу стаў рачком, падняўся пасля на ногі, ззыбнуўся і... пайшоў да яго, Янука. Хутка-хутка, перастаўляючы крывыя тоўстыя ножкі і валюхаючыся з боку на бок, што качанё... Яго, мусіць, адразу тады згледзелі і Піліп і Волька - кінуліся ўсе на хату: Піліп з ложка, Волька ад стала... Колечка не дайшоў да белага пугаўя - яно, мусіць, было выстаўлена надта здалёку, - выцягнуў уперад ручкі і паляцеў ніц на падлогу... Ён, Янук, не паспеў яго злавіць: позна сагнуўся.

Колечку на рукі падхапіла сама Волька; пасля, гладзячы па галаве, аддала Піліпу. Колечка заплюшчыў вочы і адкрываў шырака рот - былі відаць два верхнія белыя зубы - плакаў недзе на ўсю хату, ударыўшыся.

Янук нагнуўся, каб падняць белае пугаўё, якое выпусціў быў з рук. Калі ён глянуў пасля на Вольку, яна смяялася і нешта паказвала рукамі яму, Януку. Ён такога яшчэ ніколі не бачыў, такое яму паказвалі першы раз... Тады яна ўзяла зноў на рукі Колечку, забрала ў Піліпа, і Піліп пачаў смяяцца сам, гледзячы на яго, Янука. Калі Піліп паказаў сам рукамі, Янук здагадаўся адразу: яму паказваюць, што Колечка пайшоў першы раз. Пайшоў, угледзеўшы ў руках у яго, Янука, белае пугаўё...

 

Месяц свяціў якраз у вочы, вісеў уперадзе над лесам - над дарогай, і ўсюды было відна, як удзень.

Янук тады павярнуўся і лёг на другі бок. Паднізам цяпер былі халодныя мяхі, і Янук пачуў, што стала холадна ў ногі; пасля холад хапіў яго ўсяго. Сагнуўшы ногі ў каленях, ён абціснуў ля галёнак шырокія калошы. Калошы былі вільготныя, у гразі, і ліплі да цела.

Паправіўшыся на мяхах і падклаўшы пад галаву рукі, ён доўга не мог сагрэцца. Трэба было абуцца ў дарогу ў новыя лапці - дастаць з гары з хаты. Там вісіць яшчэ ля коміна на шастку адна пара - лычаная. Хоць і шкода глуміць на пустое лычаныя лапці: іх надоўга хопіць, калі пойдуць касіць на балота.

Янук любіў плясці лапці з лык, любіў і драць лыкі... Хадзіў адзін, не беручы нават з сабой Піліпа. Ішоў у самую касьбу, пасярод лета. Касьбой сама лепш вышчалукваліся ліповыя пруткі з кары; рабіліся слізкія, пускалі сок, што выспявалі ўсё роўна. У лыкі ён ішоў у нядзелю. Выбіраў, каб была пагода. Абуваў тады лапці з белымі анучамі, вастрыў аж два нажы, седзячы на ўслончыку на двары ля студні пад парканам: спачатку напільнікам, пасля круціў, слімачачы, на старым, плоскім, сточаным бруску і вадзіў па цвёрдым карбарунку... Нажы пасля карбарунка былі што брытва.

Браў з сабой палудзень: хлеба, два ці тры маладыя пасоленыя гуркі і бутэльку салодкага малака. Палудзень клаў у вялікую торбу з суравога палатна, каб можна было тады нясці ў торбе дамоў лыкі. Выходзіў з дому з самай раніцы: ісці было далёка. Пералезшы цераз плот, ён падаваўся да бярэзніку за вёскай праз бульбу, абмакаючы ў расе па калені.

Раса была і ў Карчаватках, у пушчы за балотам, стаяла ўвесь дзень, і Янук мок, як на дажджы.

Малады ліпняк у пушчы рос разам з ляшчэўнікам, і да яго за ляшчэўнікам было не падступіцца. Затое ў ляшчэўніку ліпняк высокі, ценкі, прамы і без сукоў, хоць рэж на вудоўі. І на ім не наліпала дробненькага шэрага шорсткага моху, што рос на ліпняку, які лучаўся на сухім, у бары, - сцяліўся па зямлі, пускаючы атожылкі. На лыкі такі ліпняк Янук не чапаў.

Ён рэзаў дубцы і браў іх, не цярэбячы, пад паху, тады адносіў да старой яловай вывараткі, дзе паклаў торбу. Нацягаўшы дубцоў, садзіўся на вываратку і церабіў іх, гладка зразаючы сухія сучкі і галінкі і баючыся, каб не зачапіць зверху кару. Ацярэбленыя дубцы складаў роўненька ля ног у кучу. Калі куча была вялікая і балелі ад нажа рукі, Янук тады курыў, седзячы на вываратцы і адганяючы даланёй камароў, якія лезлі ў вочы.

Пасля ён клаў нажы далёка ад сябе на вываратку, браў у рукі дубец, раскусваў кару ў камлі зубамі, даставаў пальцамі з кары наверх белы прут, падкладаў пад яго вялікі палец і сморгаў. Белы лёгкі ліповы прут выскокваў, як чорт са скуры, падлятаў угару і валіўся на зямлю ў ягаднік за вывараткай. Прут быў слізкі ад соку; сок цёк па пальцах і капаў на штаны, на калені. Мяккія, у трубачках, лыкі, яшчэ з лісцем зверху, дзе не пахадзіў нож, Янук складаў з другога боку адно ля аднаго.

Тоўсты прут з камля цяжка было высмаргнуць; тады Янук браў дубец пад паху і вышчалукваў прут дзвюма рукамі, як шчапаў усё роўна лучыну. Ад пруткоў чырванелі пальцы, смылелі агнём - тады ён зноў сядзеў і курыў, ганяючы камароў.

Высмаргаўшы ўсе дубцы, браў з кучы лыка і, вывернуўшы яго назнайніцу, круціў на пальцах у кружок. Кружкі ён кідаў пад ногі і кожны раз, кідаючы свежы, доўга глядзеў на іх. З тоўстых дубцоў выходзілі вялікія кружкі; з сукаватых лыкі былі ўсе ў дзірках: фальчывыя. Петлі на кружках ён засморгваў спачатку ў пальцах, пасля стаў зубамі: хутчэй. Чуў, як пахнуць лыкі: квасам і ўчыненым хлебам, калі яго ставілі раніцай, вытапіўшы ў печы, ля прыпечка ў дзяжы і знімалі надзежнік. На языку вывернутае лыка было салодкае і кіслае, што саладуха... Тады Януку хацелася піць...

Калі ля ног назбірвалася цэлая куча беленькіх кружкоў, Янук адсоўваў іх нагой да вывараткі, пасля ўжо кідаў у торбу. Дома, калі лыкі ачарсцвеюць, ён будзе скручваць іх у вялікія кругі, са скавараду, і вешаць на гары на шастку пад страхой - каб сохлі. Навешае поўны шасток кругоў, ходзячы ў лыкі цэлае лета, а тады будзе мачыць сухія кругі ў кубельцы і плясці лапці. І сабе і Піліпу. Волька лычаных не носіць, ён ёй спляце з абор, з пянькі.

Лыка пахла саладухай і лежачы ў торбе.

Ён нёс торбу за плячыма, накінуўшы почапкай на доўгі яловы сук, які адрэзаў нажом ад вывараткі. Сук муляў плячо, нібыта Янук ішоў Карчаваткамі - балотам - з касой на плячы. Ішоў па густой траве - трава даставала аж за калені, і на ёй блішчала раса, - што ўсё роўна таптаў мяжу - доўгую, цераз усё балота, ад лесу да лесу.

Калі Янук падыходзіў у Карчаватках да крыніцы, торба за плячыма стала цяжкая, што камень.

Ступаючы на кладку, ён спатыкнуўся і выпусціў яловы сук...

Торба чмякнула ў гразь і развязалася. З яе вываліўся няз'едзены палудзень - гуркі з хлебам; ляжалі наверсе, і пасыпаліся лыкі - белыя кружкі пакаціліся ля ног, хаваючыся на балоце ў траве...

 

Блішчала адным краем у перадку - у Янука ў галавах - вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Спаднізу з меха пахла ўгрэтае жыта, як на таку са сцірты; пад локцямі ляжала сена з аселіцы, і ад яго аддавала кмінам, як ад хлеба. Балела падвернутае плячо, на якое апёрся, лежачы, і холадна было ў ногі.

Хацелася спаць, балелі вочы, і балела галава. На мяхах было цвёрда, усё роўна што ён, Янук, ляжаў на возе на дрывах. Ад таго рабілася яшчэ больш холадна. Ён думаў злезці з калёс, каб сагрэцца, ідучы за канём; хацеў падняцца на руках і не змог. Не краталіся рукі.

Хроп конь, з храп у яго ішла белая пара, як на марозе, і ўсюды было бела: і дарога, і лес, і падводы хаваліся ў тумане. Туман ляжаў на зямлі, як зімой гурбы, і тады здавалася, што трэцца на дарозе пад коламі не жвір, а скрыпіць убіты нагамі крохкі снег, як пад санямі. Скрыпіць ядрана, на ўвесь лес - аж рэжа ўвушшу, бо паціснуў нанач мароз, як і той раз зімой, калі Янук вазіў партызан у Рагозіна. Што мароз возьмецца, тады было відаць яшчэ пасля паўдня, як яны збіраліся выязджаць з вёскі - сем падвод. Сонца ўжо было знізілася над грэбляй і стала чырвонае, што жар, - Янук яшчэ такога не помніў; улёгся вецер, аціхла, і шчыпала за шчокі. Каўнер - чорную аўчыну, - як Янук яшчэ выйшаў з цёплай хаты на двор, адразу схапіў іней, дробненькі, што мука. Да цугляў прыстывалі пальцы, не ўзяцца за аброць.

Абапал грэблі стаяў белы альшэўнік, і на ім нарос іней. Ён сыпаўся і сыпаўся з гары на дарогу, на каня, на снег - рэдкі, дробны і белы, аж зіхацеў.

Уперадзе была відаць доўгая белая дарога - падымалася за грэбляй на гару і блішчала на сонцы...

Калі яны мінулі Сушкава, дарога пайшла полем; пад палазамі пачаў скрыпець снег - браў мароз. Сонца пабольшала, пасінела, як ад холаду, і асела ў густую цёмную смугу. Пад ім пачырванела ля самай зямлі неба - шырокай доўгай паласой.

Аб'інеў конь, стаў зусім белы, аб'інелі дуга і набераткі: з храп у каня ішла пара і бегла ўперадзе па дарозе: конь трухаў, апусціўшы галаву. Ззаду за развалкамі краталіся партызаны - пяцёра - усе ў белых халатах. Калі партызаны сядзелі ў хаце ля стала, Янук іх добра разгледзеў, кожнага ў твар, а тут не мог нікога пазнаць: халаты ў іх былі з башлыкамі, і яны панацягвалі башлыкі аж на вочы, хаваючыся ад марозу, і зрабіліся ўсе падобныя адзін на аднаго. І халаты ў іх былі як адны ўсё роўна - пашытыя з абрусоў. У аднаго толькі, самага меншага, быў рудаваты - з кужалю. Партызаны былі ўсе абутыя ў боты, толькі самы меншы быў у чорных валёнках, мусіць, камандзір іхні, ці што, бо часта ўсё нешта загадваў. Башлык у яго быў падняты вышэй, аж на галаву, аб'інелі бровы і валасы, што высыпаліся з-пад шапкі.

Янук сядзеў у перадку, ля яго збоку на сене ляжалі вінтоўкі і аўтамат, кароценькі зусім, з вузкім чорным ражком. Аўтамат быў таго, меншага, што ў чорных валёнках. Вінтоўкі ляжалі рулькамі ўзад, у сена, і Янук бачыў, як пабялелі затворы, усё роўна што іх выбелілі глінкай. Затворы былі белыя ў вінтоўках яшчэ тады, калі вінтоўкі ўняслі ў хату з двара і яны ляжалі на куфры.

Ззаду ў развалках у сене ляжаў брызентавы хатуль. У ім было закручана нешта цяжкае і тупое, што кавадла з кузні. Кладучы на сані, хатуль падымалі ў вёсцы на вуліцы з зямлі аж трое партызан, і імі камандаваў нізенькі ў валёнках. На сена ў задку ў санях партызаны не садзіліся: прымошчваліся збоку - па двое, трэці станавіўся на палазкі.

З вёскі партызаны ўзялі сем падвод, і цяпер падводы даганялі абоз, які падымаўся на полі з лагчыны і паварочваў на гары ў той бок, дзе заходзіла сонца - на Рагозіна.

Падвод наперадзе было не злічыць - занялі ўсю дарогу цераз поле... Янук не ведаў добра, хто паехаў з вёскі, пазнаваў толькі здалёку Панковага каня і Боганчыкавага жарабка - задніх.

Было ціха, без ветру, і калі Янук аглядаўся назад, бачыў, як у Дальве ўгару падымаўся з комінаў дым - па ўсёй вёсцы. У маразы людзі рана падтаплялі печы, падкідваючы пасля на галавешкі дровы, аж пакуль не натоплівалі хаты на ўсю ноч.

Пахла дымам, дым лез у нос, і Янук чуў, што ў некага тапілі альховымі дрыўмі. Ён пазнаваў па дыме, якімі дрыўмі хто топіць у печы. Пазнаваў сасну, елку, бярозу. Нядаўна ў Дальве пачалі тапіць у печах вольхай, возячы яе з Карчаватак з балота. На балоце перад вайной пасох стары альшэўнік, і зімой у маразы яго тралявалі на дровы, складаючы ў вёрсты пад хлявамі і варывенькамі. Вольха была сухая, як цэр, яе лёгка было скідаць з камля і не трэба было пераразаць на кавалкі: валячыся, яна ламалася сама.

Альховыя дровы гарэлі ціха, не пырскалі, як елка, і ад іх было больш духу. Дым ад іх быў мяккі, не такі востры, як ад яловых, і чуваць быў здалёку: пахнуў усё роўна што пахне торф, калі гарыць на Выганчыку, ці трава, калі яе паляць вясной на балоце.

Вечарэла. На захадзе, дзе хавалася сонца, пагусцела чырвонае неба, як набегла крывёю. Снег на полі зрабіўся сіні; калі ступаў конь, з-пад ног у яго разлятаўся ў бакі лёгкі іней, што пух. На полі ля дарогі тырчалі з глыбокага снегу дробныя бярозавыя дубцы: у мяцеліцу замяло бярэзнік, які быў уровень чалавека.

Над лесам у тым баку, дзе чырванела неба, ляцелі вароны - жменькай, памалу-памалу кратаючы крыллем. Ляцелі з поля пад Дальву - бліжэй да вёскі.

Янук пачуў, як гараць агнём калені - мароз браў праз двое палатняных штаноў - і мерзнуць ногі - не памагалі і акручаныя пад анучы Піліпавы суконкі, зробленыя са старой парванай жакеткі. Мерзлі шчокі, заходзіла ў пальцы праз двое рукавіц... Янук цёр шчокі і нос, цёр руку аб руку, тады зноў сядзеў, не кратаючыся, і глядзеў уперад...

Там, дзе зайшло сонца, далёка за полем у небе тырчала вострая і доўгая чорная дзіда ад касцёла. Касцёл быў у Альковічах, у гарнізоне, і Янук думаў, што партызаны едуць браць Альковічы, бо загадалі везці іх аж у Рагозіна.

Партызаны ехалі праз Дальву ўвесь дзень ад раніцы, і ўсё чужыя. Янук ніводнага не пазнаў, не пазнаваў і ніхто ў вёсцы. Пасля ехалі і свае, кутузаўцы; тады зноў чужыя. Гэтыя, якіх ён вёз, мусіць, былі апошнія і ехалі здалёку, бо ў іхняй Дальве мянялі коней, адпусціўшы дамоў першых падводчыкаў.

Калі Янук уз'ехаў на гару, партызаны селі па двое па баках, пяты, ніжэйшы, ускочыў зноў ззаду на палазкі і стаў крычаць, мусіць, нешта ўсім, бо махаў рукой. Варочаючы галавой, Янук бачыў, што ў таго з-пад белага башлыка ідзе пара, густая, як з лазні з дзвярэй.

На гары ўперадзе відаць была далёка расцёртая белая дарога, на ёй чорныя падводы і за Рагозінам чорная дзіда, вострая, што шыла. Неба над лесам аж пералівалася ад чырвані, рабілася як агонь - на вялікі мароз.

Начынала шарэць.

Пасля ў тым баку, дзе быў касцёл, сталі мільгаць агні і мітусіцца, як ад пажару, неба...

Янук згледзеў, як натапырыліся ззаду на санях партызаны і паўставалі на ногі. Яму здалося, што ён пачуў, як уперадзе пачалі страляць: бух-бух...

За Рагозінам над лесам пацямнела, атухаючы, неба.

 

Усхапіўшыся на мяхах, Янук убачыў, што стаяць калёсы. Віднелася. Аднекуль пахла дымам. На дарозе не было туману, і Янук згледзеў, што стаяць адна ля адной усе падводы. Мужчыны сышліся ў круг каля Міронавага воза, ля іх была і Наста - махала рукой. Янук здагадаўся: паказвае яму, Януку, каб сядзеў на калёсах, не ішоў да ўсіх. Скора паедуць...

Пасля Наста паказала, каб ён не разбудзіў дзяцей.

 

10

 

Махорку зноў сніўся пажар: гарэла Дальва...

Спачатку нехта моцна біў яму ў акно - у раму - кулаком. Акно было якраз у нагах ля ложка, і Махорка, спопаразку ўскочыўшы, хацеў адразу нагнуцца да шыбы, каб убачыць, хто быў на дварэ. Пасля ён згледзеў, што відна ў хаце ў парозе, усё роўна як тапілася ў печы. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Ад яго нават быў відаць цабэрак, што стаяў у парозе пад лаўкай, і надзежнік, які вісеў на цвіку побач з драўлянай салянкай.

На сцяне ў парозе над дзвярмі калыхаўся дробны разгаты цень ад бэзу ў гародчыку, што быў ад вуліцы.

- Гары-ым!.. - закрычалі на двары. Махорка не пазнаў хто. Ён саскочыў з ложка і падбег да акна ад вуліцы. Над усёй вёскай, ад ракі да загумення, угары было чырвонае неба; унізе, дзе былі відаць у акно чорныя хаты, падымалася белае, як палатно, полымя. Дрыжала, пералівалася, нагінаючыся вострым, нібы ў стозе сена, верхам на загуменне і, здавалася, лізала, што языком, зверху чорныя стрэхі. Махорка пачуў, што на дварэ стогне вецер, сцёбаючы бэзам па акне, і трашчыць столь, усё роўна як хто ходзіць па хаце...

Ён падбег у парог да печы, зняў вядро, якое вісела ля самага прыпечка на дроце, і ў парозе пад лаўкай выліў яшчэ з вядра, нагнуўшы, ваду ў цабэрак. Пасля ўспомніў, што ён жа ў адных сподніках... Паставіўшы вядро на падлогу, падбег у запечак, дзе на пяколку ляжалі штаны і рубашка.

Прачнулася жонка і бегала па хаце з кутка ў куток: не магла знайсці сярнічак запаліць лямпу. Ён крыкнуў, каб яна пабудзіла дзяцей і звязвала ўсё з куфра і з ложка ў пасцілкі. Выносіць на гародчык не трэба: падыдзе агонь - ён, Мірон, сам прыбяжыць з вёскі...

Калі ў хаце ля стала загарэлася лямпа, Махорка ўгледзеў, што па сцяне ў парозе ўсё роўна бегалі белыя палосы. Схапіўшы вядро, ён выскачыў у сенцы, стукнуўшыся галавой аб вушак.

На двары былі расчынены вароты, і, выбегшы на вуліцу, Махорка пачуў, як яго схапіў вецер і панёс да платоў пад гароды на загуменне. Вуліцай гнала пясок, дзёрла з зямлі і сцёбала па шчоках, што плёткамі ад надзежніка. Несла гар і дым, не было чым дыхаць, хоць захлыніся...

Махорка падумаў, што вуліцай не падбяжыш і блізка да агню, і, пераскочыўшы цераз плот, пабег гародамі па раллі. Вясна была сухая, і па гародах, дзе пасеялі бульбу, вецер гнаў пясок, як і на вуліцы, але тут можна было захінуцца за вуглы.

Махорка ўбачыў, што гарыць у тым канцы вёскі: гараць хаты з двух бакоў вуліцы, гараць пад раку лазні; агонь перакінуўся з ветрам на гумны, і заняліся пуні, якія стаялі на загуменні далёка ад вёскі.

Ён пазнаў, што гарыць Янук: агонь падымаўся ўгару і лізаў высокую чорную Янукову дзікую грушу; і Сяргеіха: яе хата стаяла воддаль ад вуліцы, на гародах...

Чуваць было здалёку, як трашчыць агонь, і, калі вецер зносіў полымя, відаць былі з агню на хаце ў Сяргеіхі чырвоныя латы... Крычалі людзі на ўсю вёску; было чуваць, як трашчыць і гудзе агонь.

Да Сяргеішынай хаты Махорка не падбег: са страхі гнала гародамі салому з агнём, і ад дыму не было як дыхаць. Пераскочыўшы цераз тын, Махорка спыніўся ў вулачцы - доўгай і шырокай, якая вяла з вуліцы да Сяргеішынай хаты і была абгароджана з двух бакоў высокім тынам. Вулачка была і па той бок вуліцы, пад раку: дзяліла вёску на два канцы...

У вулачцы ля Сяргеішынай студні стаяла пажарная, прывезеная з фермы, з доўгімі чырвонымі драўлянымі ручкамі. Ад пажарнай на двор да хаты цягнулася доўгая і чорная намоклая брызентавая кішка... Другая, таўсцейшая, была спушчана ў студню... Ля пажарнай не было людзей, і Махорка падумаў, што ў Сяргеіхі ў студні кончылася вада...

Калі яго пачалі тоўхаць у вулачцы людзі, ён убачыў, што ўсе з вёдрамі бягуць на вуліцу, і пабег з усімі, кашляючы ад дыму і чапляючыся парожнім вядром за тын.

Людзі з вёдрамі беглі на аселіцу - да ракі... На вуліцы дыхнула ў твар гарачым дымам ад саломы - Махорка адвярнуў галаву і захінуўся рукой. Убачыў на пяску ля тыну растрэсенае белае пер'е і нечыя звязаныя ў пасцілкі падушкі. Пад ногі трапіла белая вялікая міска - ляжала ўверх дном, і ён, паслізнуўшыся, чуць устаяў на нагах. Тады згледзеў на вуліцы ля Янука мужчын і падумаў, што там можна захлынуцца. Пасля пачуў, як крычалі мужчыны:

- Бусак бяры!.. Бусак!..

- Пасцілкі мачы!..

- Вёдры, вёдры парожныя!..

- Не круціся, маць тваю так!.. Згарыш...

- Дзяцей, дзяцей на аселіцу адвядзі... Што стала як укопаная... Не лезь у агонь, здурнела...

- Вады... Не стой разявіўшыся...

Бегучы аселіцай да ракі, Махорка пачуў, што вецер дзьме не ўздоўж вуліцы, а наўскос - з-за ракі на загуменне. Падумаў, што агонь можна не пусціць у свой канец вёскі за вулачку...

Да ракі ў лагчыну цягнула дым, ён вісеў у аселіцы, як туман, не баючыся ветру, і ад агню быў чырвоны, як гліна. Ад агню было відна далёка за ракой на Выганчыку і на лагах.

Гарэў увесь канец вёскі - начыста. Там, дзе паабапал вуліцы былі хаты, угару падымалася чырвонае полымя шырокімі языкамі, што пасцілкі... Калі рваў вецер, чырвоныя языкі даставалі адзін аднаго і слаліся на зямлю, як падмятаючы вуліцу.

Завярнуўшыся назад, Махорка падумаў, што трэба бегчы на вуліцу, туды, дзе крычаць мужчыны, бо там самы вялікі агонь пад Януковай дзічкай...

Ён убачыў, што зачэрпнуў адной гразі - чэрпаў з берага - і нясе ў вядры. Чуваць, як плюхаецца гразь, аж пырскі ліпнуць на шчокі... Ён выцер вочы чыстай рукой і згледзеў тады, як у канцы вулачкі займаўся агнём Сяргеішын свіран - гарэла страха. Свіран стаяў якраз упоперак да вулачкі, і агонь ад яго мог перайсці на Панкову хату - на другі канец вёскі...

Махорка пачуў, як яму адразу заняло дыхаць. Ён бег вулачкай да Сяргеіхі на двор як толькі мог, збіваючы з ног баб з вёдрамі ў руках. Крычаў, каб яны беглі за ім, і бабы - у вулачцы насілі ваду адны бабы - завярнуліся следам.

На двары ў Сяргеіхі ён кінуў вядро з гразёю пад прызбу і ўскочыў на вярсту дроў, што была складзена ўровень з тынам. Стоячы на дрывах, ён намацаў на страсе лату, якой была прыціснута салома. Па страсе ўгару было лёгка ісці, што па раллі на гародзе, і ён падымаўся на самы верх на адных нагах. На яго дыхнула гарачым дымам здалёку з вуліцы; здалося, гарыць рубашка. Ён тады стаў на калені, пасля лёг на страху ад двара - пад вецер. На страсе зверху тлела салома - не магла адразу заняцца агнём: злежалася. Калі рваў вецер, па саломе бегаў дробны агеньчык - з месца на месца.

- Вады!.. Пяску падайце!.. Пяску!.. - закрычаў Махорка і пачаў зграбаць голымі рукамі зверху са страхі салому з агнём і кідаць на гарод.

Вецер хапаў з-пад рук кавалкі моху і каціў іх з іскрамі па ўсёй страсе...

Тады Махорка, учарэпіўшыся рукамі за лату на вільчыку, каб не паляцець са страхі, стаў таптаць салому нагамі, там, дзе скакаў агонь.

Пачуў, што закасаліся па калені калошы ў штанах і пячэ ў лыткі.

- Вады!.. - крычаў ён і чуў, што на двары кашляў Панок: прыбеглі мужчыны.

Пасля ён убачыў, што яму з вулачкі з зямлі падаюць вядро з вадой. Ён не мог яго дастаць і крыкнуў, каб падалі, стаўшы на плот.

Не давала дыхаць, біў кашаль; на самай сярэдзіне на вільчыку занялася агнём салома: бралася гарэць страха.

Махорка бачыў, як у агні корчыцца і чарнее салома... Калі рваў вецер, ля ног, там, дзе скакала полымя, чырванела яма. Страха можа прагарэць, агонь возьме яе з сярэдзіны, і яна тады загарыцца адразу ўся. Вецер панясе іскры да Панка на двор... Зоймецца другі канец вёскі...

- Пасцілкі мачыце!.. - крыкнуў ён і папярхнуўся. Пасля крыкнуў, каб з зямлі лезлі людзі, бо адзін ён не дасць рады.

Але ніхто не лез на страху, кашляў толькі ўнізе ля плота Панок.

Тады Махорка, намацаўшы ніжэй на страсе латы, апусціўся і пачаў таптаць нагамі агонь у яміне. З ямы паляцелі іскры і салома з агнём.

Ён чуў, як паспякаў ногі, і баяўся, каб не зваліліся зусім чаравікі і не загарэліся штаны. Узварушаная салома займалася яшчэ больш, і ён крыкнуў, каб паставілі да страхі ад гароду драбіну і падавалі мокрыя пасцілкі, бо што думаюць сабе людзі... Але ніхто не ставіў у гародзе да страхі драбіну і не падаваў пасцілак, і Махорка зноў, ухапіўшыся рукамі за лату, таптаў нагамі страху ў тым месцы, дзе ў яме скакаў агонь. Пасля трэснула паднізам лата і сашмыкнуліся ногі... Не справіўшыся схапіцца за вітку, ён паляцеў у свіран... Зверху на галаву пасыпаліся іскры.

У свірне ён пачуў, як закрычаў на страсе Панок.

 

Панок крычаў над ім, над самай галавой: будзіў.

Калі Махорка адплюшчыў вочы, маленькі гняды Сібірак махаў кароткім хвастом і стукала, шаруючыся аб загваздку, кола.

Ён ускочыў на мяхах і сеў. Уперадзе на дарозе стаяў Боганчыкаў жарабок. Днела, і на клубах у жарабка былі знаць сівыя яблыкі. Сібірак, ткнуўшыся храпамі Боганчыку ў калёсы - у заднюю драбінку, стаў і зафорскаў, шукаючы між мяхоў зубамі траву.

- Спяць усе покатам... Дзень ужо, - загаварыў ззаду за калясьмі Панок, і Махорка спопаразку адвярнуўся. Не спаў жа ўсю дарогу, хацеў і не мог заснуць. Пад раніцу, мусіць, ужо, калі патухла над імшарай зарыва, самі зліпліся вочы.

Панок стаяў ззаду ля калёс і глядзеў на Махорку маленькімі вачыма. Яго не пазнаць было з начы. Ссівеў, аброс шчэццю, як белая мыш; уехалі вочы, зрабіліся вузенькія і слязіліся. Доўга глядзелі на Махорку, усё роўна як пыталіся: дзе ж дзецца; тады пачалі бегаць і ўтаропіліся далёка на дарогу. Махорка ўбачыў, што ўперадзе тырчыць Боганчык ля сваіх калёс і гэтаксама глядзіць перад сабой на дарогу; ля Таніных калёс стаяць адно ля аднаго Наста і Янук - каб варухнуліся.

Тады Махорка выразна пачуў, як уперадзе за лесам, мусіць, на самай шашы, загудзела: ціха і густа. Ён саскочыў з калёс і стаў збоку ля Панка. На зямлі здалося, што гудзіць не справа на шашы за лесам, а ўперадзе на дарозе - якраз у Тартаку. Счакаўшы, аціхла - чуваць было толькі, як бразгае цуглямі Сібірак, дастаючы ў Боганчыка на калёсах з-пад меха сена, і пішчыць у кустах ля дарогі спрасоння дрозд.

Махорку раптам страсанула ўсяго, сталі ляскаць зубы. Ён агледзеўся: стаялі на шырокай уезджанай дарозе, па якой перад вайной леспрамгасаўскія прычэпы вазілі да Краснага на Дзвінасу дрэва. Блізка быў Тартак. Ля дарогі на пасецы ляжалі старыя, даваенныя яшчэ, белыя бярозавыя дровы - метры. Нехта раскідаў зверху шліхту, а дровы не пабраў. Пад нагамі - Махорка згледзеў - на пяску былі сляды ад машыны. Не такія, як да вайны, калі ездзілі прычэпы...

Віднелася. Уперадзе над лесам занялася зара, увачавідкі схапіўшы край неба. Стала яшчэ больш холадна; на траве і на багунніку ля дарогі блішчала раса, як шкло, - вісела буйнымі, што гарох, кроплямі.

Аднекуль з пасекі прыгнала халодны вецер. Зашумела недзе ззаду асіна. Зноў рэдка і ядрана азваўся дрозд і сціх. Зафорскаў Сібірак, падняўшы над мяхамі галаву, - глядзеў уперад. З-пад цугляў у яго выехала жменя сена і ўпала на дарогу пад ногі.

Угары над галавой паявіліся высокія чорныя хмары, расцягнуліся і радзелі, расплываючыся па небе і ружавеючы ад зары, як ад агню. Запахла балотам, занылі над вухам камары; маленькія і цёмныя, яны плоймай лезлі ў вочы. На шчокі і на рукі сыпанула дробная, што блохі, машка.

Далёка ззаду засакатаў кулямёт. Стукаў доўга, без сціханага.

Зноў наляцеў вецер...

Адлучыўся ад сваіх калёс Боганчык і ішоў да іх з пугай у руцэ. Згледзеўшы Боганчыка, крануліся і Наста з Януком. Махорка ўбачыў пасля, як яму зайшоў наперад Панок і зноў глядзеў у вочы. Калі прыйшла Наста, Панок доўга глядзеў і ёй у вочы, тады сказаў:

- Куды ж дзецца? І на Пунішча не праскочыш, - і закашляўся.

Усе, як і перш, стаялі і маўчалі, гледзячы ўперад на дарогу. Боганчык, апёршыся спіной на ляжэйку яго, Махоркавых, калёс, палез з рукой у кішаню: мусіць, шукаў чаго закурыць. Пасля Махорка згледзеў, як той дастаў руку з кішані і, высыпаўшы са жмені нешта ў рот, пачаў жвакаць, паволі, нехаця. Апусціўшы руку і растапырыўшы пальцы, ён выціраў цяпер даланю аб штаны ля калена. Махорка ступіў да яго бліжэй і ўбачыў, як у Боганчыка ў цёмным куточку ля губ прыліпла жоўтае жытняе зерне. У куточках ля губ - у адным і другім - стаяла белая сліна, як пена. Махорка падумаў, што Боганчык жвакае жыта. Сыпле яго жменяй з кішані ў рот і жвакае, што конь. І еў недзе ўсю ноч... Махорка адвярнуўся. Убачыў, як Сібірак, адсеўшы назад, нагнуў галаву, хочучы дастаць з-пад ног сена, што звалілася ў Боганчыка з воза.

Махорка нагнуўся і падаў сена Сібіраку; яно было вільготнае і халоднае...

Калі наперадзе за лесам зноў загудзела, у Боганчыка наліліся кроўю вочы; ён утаропіўся на дарогу, жвакаў і глытаў жыта. Быў папярхнуўся і выцер рукой рот. Тады прабег па ўсіх вачыма і сказаў, як сам сабе:

- Такая чырвань на небе... Не на дабро гэта...

- Ніколі не бачыў. Прасыпаў кожную додніцу... Усё на свеце прасыпаў. Баіцца цяпер.

- А ты, бабай будучы, не лезь не ў сваё... - Боганчык адвярнуўся да Насты і раптам закрычаў: - Гэта вам не к дабру! Чуеце, што наперадзе? Чуеце? - Пасля ён схапіўся рукамі за кепку на галаве, выпусціўшы з рук пугаўё. - Бярыце, едзьце... Едзьце ваўку ў зубы. Хоць на Пунішча, хоць за Пунішча... У самае Краснае... Яны вас спяклі, а вы едзьце... - Ён падаў Панку кепку, выцягнуўшы руку. У кепцы на дне, Махорка згледзеў, ляжала белая паперына, складзеная ўдвая. Пажаўцела зверху - плямай - ад поту. Махорка падумаў, што трэба было б забраць паперу ў Боганчыка: той згубіць яе, калі так торкае ўсюды. Хаця, Боганчык можа збегчы і з паперай, напляваць яму на ўсіх: едзе і жвакае жыта, як жывёла... Махорка пачуў, што яму хочацца есці, хочацца напіцца, што ён зусім аслаб, доўга будучы без яды, і падумаў, што яму не прыйшло ў галаву адвязаць мех і награбсці ў кішэні жыта.

- Скаціна!.. - засіпеў ён, не сцярпеўшы і забегшы Боганчыку наперад. - Ён паперу ў зубы тыча... Крыку нарабіў на ўвесь лес, каб усе чулі. Хочаш, каб перастралялі здалёку, як шалёных сабак?.. Пачуў, што гудзіць наперадзе? Не ведаеш, куды едзеш... Ды я цябе... Пхне ўсё ў вантробы, як свінчо карэлае. З голаду баіцца памерці... А людзі?.. А дома што цяпер? Думаеш, сволач?..

Махорка пачуў, як яго ўсяго аж калоціць. Убачыў, што Боганчык скоранька надзеў на галаву кепку. Белая папера выехала з-пад кепкі, і палоска ад яе была відаць у Боганчыка на лбе пад брылём, як прыліпла там усё роўна. Вочы ў Боганчыка пасталі на адным месцы, зрабіліся вялікія, аж павылупляліся, і былі жоўтыя, як ад жаўтухі. Тады Махорка згледзеў, як у яго затрасліся губы ад злосці і ад іх адвалілася прыліплае жытняе зерне.

- Татарская мор-рда... - пырснуў слінай Боганчык. - Ты мяне не свалачы-ы... Смелы такі. Ведаем. Кожнаму свой качан дораг. А не дораг - то кладзі пад кола. І нікуды вязці не трэба. Ні ў Краснае, ні за Краснае. Пад кола - і канец.

- Пад ко-о-ола... - перадражніў яго Махорка.

- Пад кола. Што? Не чуеце, што наперадзе? Чакаюць. Па галаве пагладзяць. - Боганчык памаўчаў, паправіў кепку, схаваўшы са лба белы акравак паперыны, і зноў закрычаў на ўвесь голас: - Не ведаеце, хто яны? Не відзілі, стоячы ў імшары...

Махорка зноў пачуў, як яго страсанула, і ён ступіў да калёс, не ўстояў. Адскочыўся быў Боганчык, тады зноў падляцеў да яго. На барадзе ў яго ляжала жоўтае жытняе зерне: зноў выплыла з рота са слінай. У Боганчыка яго быў, відаць, повен рот - упіраўся язык, калі гаварыў.

Яны стаялі цяпер адзін ля аднаго - грудзі ў грудзі, і Махорка бачыў, як у Боганчыка трасецца барада і слязяцца вочы. Пачырванелі ад бяссоння, у куточках сабраўся і прыліп да павечак пыл.

Тады ззаду, блізка над вухам, закашляў Панок. Калі Махорка павярнуў галаву, згледзеў, як Панок падняў руку і хоча пакласці яму, Махорку, на плячо. Другой рукой ён заціскаў рот, мусіць, каб не было далёка чуваць кашлю. Пасля Панок стаў махаць рукой: паказваў - не трэба, Мірон. Свае ж людзі...

Наперадзе цяпер загудзела недзе зусім блізка, як усё роўна ў канцы імшары.

- Што ў катле варыцца... - уздыхнула Наста.

Яна стаяла збоку ля Панка. Перавязала на галаве хустку, туга акруціўшы рагі ля шыі. Чорная картовая спадніца ў яе была ўся пакамечаная, і да яе паналіпала сена і лісця ад канюшыны, дробнага, што зайцавай капусты. Наста пазірала ўсё назад, дзе махаў галавой Буланчык, ганяючы машку. Махорка падумаў, што там жа на калёсах дзеці.

- Што мы сабе думаем, мужчыны?

Цяпер усе глядзелі на Насту: што ёй сказаць?

- Як у катле варыцца, - зноў сказала яна. - Машыны...

- А раптам танкі?..

- А нам, татарам, Панок, ці танкі, ці...

- Добра, што на Тартак паехалі...

- Яшчэ не скачы, Наста...

- І што гэта ў іх там мігціць? Падскочыць агонь і мігціць.

- Ракеты, Наста...

- Коні піць хочуць...

- Хай адсапуцца...

- А дзеці ж мае...

- Не пазнаю цябе, Наста... Намарылася ты за ноч. У слёзы і ў слёзы...

- Дзяўчына стогне... Нагу трэба было б паглядзець.

- Пацярпіць. Што мы зробім...

- А ноч халодная. Пад дзень хоць ты было каню пад хвост лезь. Ляжу, гляжу на Сітца. Яно высака над галавой, а зуб на зуб не лучае...

- Сонца, Пан, скора ўзыдзе - пагрэешся...

- Дзяцей прастудзім голых...

- А камары сякуць, не глядзяць на холад.

- Пагода будзе...

- Ціш-ш... Не чуеце, як бразгае? На адным месцы.

- Каля Рудні недзе. На шашы. Там дарога на Белае.

- Ніхто не знае, дзе чыя смерць. У Белым ці ў гарэлым...

- А нам, татарам...

У канцы імшар, дзе доўга гудзела не сціхаючы, зноў замітусілася неба і зайшоўся кулямёт. Па імшарах пайшло рэха, нізка, па зямлі... Падзьмуў вецер.

Усе збіліся ў кучку каля Махоркі - стоўпіліся ля калёс. Маўчалі. Чуваць было, як махае хвастом конь - шапацела на мяхах сена.

- Дастоімся, што на дарозе пераціскаюць...

- Паедзем...

- Трэба пачакаць. Хай сціхне.

- А дзе Янук? Дзе стары?

- У кусты пайшоў. Не бойся, Пан. Са страху...

- Наста пашкадавала. Прывяла да калёс. Хай ба ляжаў на мяхах.

- Стары баіцца. Да людзей ціснецца, - пляскаў ротам Боганчык.

- А ты не баішся?

- А я нікуды не паеду. Сказаў - не паеду. Можаце браць паперу. І жарабка можаце браць.

- Ты што, Іван, упіраешся ўсю дарогу?.. - Махорка пачуў, як Боганчыка пачаў угаворваць Панок; Панку цяжка было гаварыць: не даваў кашаль.

- Што ехаць? А калі немцы не ў Белае, а з Белага ідуць?

- А табе што, не ўсё роўна куды?

- А тое, Мірон, што і яны на Тартак дарогу знаюць, не адзін ты. У іх на карты ўсё пананошана.

- Што, ты відзіў іхнія карты? Глядзеў?

- Людзі глядзелі. А вы самі не знаеце, куды едзеце.

- Дык што? Разбегчыся? А дзеці? А жывёла?..

- Што нам слухаць Боганчыка. Андрымоніць усю дарогу. Паганяй, Мірон.

- Ідзі, Наста, да калёс. Паедзем.

- А дзе Янук?

- Ідзе вунь... Не згубіцца. Як дома ўсё роўна. Устаў, на двор додніцай схадзіў...

- Паганяй, Іван. Жарабок з дарогі з'ехаў. Падцялежыўся...

- А ты мяне не гані. Я табе, можа, не Махорка, не яны... - Боганчык паказаў рукой на ўсіх. Усе яшчэ стаялі ля Махоркавых калёс, не адыходзіліся. - Я вам сказаў: не паеду. На Пунішча можна і адгэтуль лучыць. Белай імшарай пайшоўшы...

- Пра якое ён Пунішча гаворыць?

- Вярзе абы-што. Нібы ты яго, Наста, не знаеш...

Махорка ўбачыў, як Боганчык зноў злазіў з рукой у кішаню, дастаў у жмені жыта, задраў галаву і, высыпаўшы ў рот, пачаў жвакаць. На зубах у яго трашчалі зярняты. Сухое жыта сыпалася з рота яму на рубашку і пырскала пад ногі на зямлю.

Тады Махорка не стрываў, падскочыў да Боганчыка, і яны зноў сталі адзін ля аднаго - грудзі ў грудзі. Боганчык, было відаць, не чакаў. Перастаў жвакаць, раскрыў рот. На рубашку яму вывалілася ў камочках мокрае жыта.

- Паскуда!.. Ды я цябе... Бяжы... На ўсе чатыры стараны. Здохнеш, можа, дзе адзін скарэй... Жарэ, як свінчо... Апрагаецца. І шчэлепы не баляць. Мала немец біў па мордзе... Пісні яшчэ раз, што не паедзеш... Не будзе чым і жвакаць. Я табе не немец... Усе пакрышу... Смерці баіцца, а жарэ...

Боганчык быў адразу адступіўся назад, тады раптам збялеў увесь што палатно, і ў яго зноў затрасліся сківіцы. Вочы зрабіліся вялікія і белыя...

Махорка пачуў пасля, як яго моцна ўдарыў Боганчык па пашчэнках - знізу. Не згледзеў нават калі... Закруцілася ў галаве... Каб не падхапіў яго ззаду Панок, ён паляцеў бы дагары на зямлю...

Закрычала Наста.

Калі Махорка схапіў Боганчыка за грудзі, пачуў, што той абмяк увесь і рукі ў яго вісяць, як анучы. Вочы сталі маленькія і вузенькія - Боганчык заплюшчыўся: баяўся. У барадзе ў яго было поўна жыта...

Махорка тады адпусціў рукі; каб не глядзець ні на кога, адразу сагнуўся, падняў з зямлі лейцы і ўскінуў іх на мяхі.

Папраўляючы Сібіраку хамут, глянуў пасля ўперад на дарогу: Боганчык, апіраючыся на ляжэйку, узлазіў на калёсы.

- Паехалі!.. - крыкнуў Махорка. - Анучы кавалак. Рукі свае пэцкаць не хачу... Кусаецца, як гадыня...

Наста з Панком, аглядаючыся, пайшлі да сваіх калёс. На дарозе стаяў толькі Янук і ківаў сам сабе галавой.

За імшарай уперадзе зноў захлебястаў кулямёт.

На ўсходзе пасвятлела зара; павіднела ў лесе, і з калёс была відаць раса - далёка, аж за дарогай на імшары.

 

11

 

Шапочуць на сухім жвіры ў глыбокіх калдобах колы, і Алёшу здаецца тады, што маці вялікай рыдлёўкай сіляе ў хлеве на праціўні з ямы пясок...

У хлеве яшчэ з парога відаць новыя жоўтыя сасновыя круглякі: маці чыста падмяла гальніком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю і мятліцу на працівеньку. Працівеньку летась выбілі глінай, калі перасцілалі памост; уступіўшы босаму на яе, усягды было чуваць, як холадна ў ногі. Цяпер уся працівенька, ад памоста аж да дзвярэй, зацярушана сухой патрухай, і Алёша чуў толькі, што колецца спадыспаду ў ступні. Пасля маці загадала яму ўзяць у хлеве за тынам граблі і падсунуць патруху з праціўні да дзвярэй. Насыплецца пяску, тады куды яе дзець, на двор толькі вынесці пад хлеўчык у гразь; а так - карове падсцяліць будзе на раз.

Падмёўшы памост, маці сагнулася і пачала ўздзіраць рукамі танчэйшыя сасновыя круглякі і адносіць пад тын. Таўсцейшыя і сукаватыя яна каціла да тыну нагамі. Калі Алёша падмёў праціўню, маці паклікала яго, і яны, узяўшыся за канцы, пераносілі ўдваіх круглякі пад тын. Памост ляжаў высока ад зямлі, і пад ім хавалася нага аж па калена.

Носячы круглякі, маці спынялася пасярод хлева і доўга слухала, павярнуўшы галаву на двор: недзе на загуменні гудзела і гудзела не сціхаючы.

«Самалёты...» - падумаў Алёша і чуў, як шэпча сама сабе маці.

Памост яны паднялі з усіх легараў, пакінулі толькі два старыя круглякі ля сцяны ад двара, дзе стаялі рыдлёўкі: адна новая, на белай яловай ручцы, другая бліскучая, скапаная і пагнутая, асаджаная на канец вілачніка.

Калі Алёша ўзяў у рукі старую рыдлёўку з кароткай ручкай-вілачнікам і скочыў з круглякоў на зямлю пад памост, пачуў, як усюды смярдзіць мышамі, аж зрывае нос.

- У штых бяры адразу... Не калупайся зверху і не лезь да самай сцяны. Пясок пад прызбай у гародчыку асядзе... - загадала яму маці, і ён павярнуўся да яе. - Не адварочвайся і пясок адкідай на самую праціўню. На сярэдзіну...

Маці зноў сціхла і маўчала. Алёша цяпер глянуў на яе з-пад рукі - згледзела б, што ён адвярнуўся, зноў бы крычала - яна ўсё нешта шаптала сама сабе, бо ў яе краталіся вусны. Адвязала з галавы хустку - белая хустка ў кропачкі ляжала цяпер высака на сасновых кругляках ля тыну, - і ў яе на галаве раскручвалася з куклы каса і выязджалі чорныя шпількі. Алёша хацеў сказаць, што шпількі пагубляюцца ў пяску, але маці тады зноў будзе крычаць на яго, што ён толькі варочае галавой, а не капае... Пасля падумаў, што шпілек у маці многа, цэлая жменя ляжыць у прыскрынку ў куфры.

Зямля пад рыдлёўкай была мяккая і рэзалася на скрылі, пакуль не пачаў чэрпацца жоўты пясок. Ён быў сухі, як жвірак, і рассыпаўся, што соль, - далёка не адкінеш. Каб дастаць на праціўню, Алёша паварочваўся бокам, тады зноў бачыў маці: яна стаяла каля самага тыну па калені ў яміне.

Каса ў яе раскруцілася зусім і аб'ехала на шыю; на лбе, было відаць, выступіў пот. Маці ўгрэлася, выцірала лоб даланёй і вадзіла ёй па ручцы ў рыдлёўцы: мачыла, каб не соўгалася рука. Пасля нагіналася, станавілася нагой на рыдлёўку, падымала на ёй пясок і, выпрастаўшыся, кідала назад, на праціўню, неяк бокам, з-за вуха. Алёша згледзеў, што ў яе расшпіліўся ў нажутцы верхні гузік, зачырванеліся шчокі і шыя, нават рукі сталі чырвоныя па локці. Маці ўсягды гэтак чырванела, калі жала пад Карчаваткамі жыта, - Алёша хадзіў памагаць ёй зносіць снапы. Яна спяшаецца, нават не стане, каб адсапнуцца, і яму, Алёшу, загадвае, не адгінаючыся - глядзіць усё на рыдлёўку пад ногі. У вёсцы даўна ўжо ўсе пазарывалі ў зямлю куфры: і Панок, і Махорка. Наста закапала ў хлеве вялікую чорную капусную кадзь - Алёша бачыў - і скідала на тым месцы старое сена з бульбеўнікам.

На дварэ над фермай гудзелі самалёты; пасля пачало вухаць на Плавах, моцна і часта, аж уздрыгвала, здавалася, пад рыдлёўкай зямля.

- Дзе гэта, сын? - спыталася маці, гледзячы з-за пляча на праціўню.

Алёша выскачыў з ямы і, ступаючы ля сцяны па сасновых кругляках, падбег да дзвярэй. Вылезла з ямы маці. Падышоўшы да дзвярэй, яна аперлася побач на рыдлёўку, і яны стаялі цяпер адно ля аднаго і глядзелі праз дзверы за плот - на Плавы. Там памінутне грукала, што таўклі ў ступе. Было чуваць, як звінелі ў хаце ў вокнах шыбы і шашчэў, асыпаючыся ў яму на дно, пясок.

- У Тартаку дзе...

- Не, сын. На Красным... Тартак прама, на пасеку якраз... О-ха-ха...

Узышло сонца, паказалася з-за Плавоў, з-за рудога туляга, жоўтае, калючае. У гародчыку зашумела ад ветру рабіна - шастала галлём па плоце. Алёша пачуў, як яго ўсяго калоціць.

- Марш у яму... Настаяліся... - загадала маці. - Бандзіты... - правячыся, яна пайшла і ссунулася з берага ў яму. Раскруціўшы зусім касу і перакінуўшы яе на грудзі, яна зноў стала кідаць з ямы з-за вуха жоўты пясок. Алёша чуў, як бразгае, чапаючы каменне, у яе пад рукамі рыдлёўка, як стукаюць аб дошкі ў дзвярах камкі цвёрдай гліны; як маці дыхае і дыхае, моцна і цяжка; як яна зноў выцірае даланёй шчокі і лоб ад поту; як пасля кашляе доўга і рэдзенька - «праганяе перхаўку».

Ёй не дае нагінацца каса, з'язджае на вочы, і яна ловіць яе рукамі і хавае ля шыі пад нажутку, зашпіліўшы верхні гузік. Цяпер маці толькі згінаецца і адгінаецца: пускае рыдлёўку і з-за вуха і цераз сябе - цераз галаву. Нават пот не выцірае даланёй, і ён блішчыць у яе на лбе, выступіў кроплямі, што раса.

У маці рыдлёўка з доўгай ручкай, і Алёшу цесна ў яме. Ён прыціскаецца да берага і дзяўбе пад нагамі - ссякае гліну.

- У штых бяры, не дзюбай... І памногу не чэрпай. За табой усё назад асыпаецца... - зноў яму загадвае маці.

Горача стала ў яме. Алёша адгінаецца і, як маці, выцірае лоб.

На Плавах было сціхла, тады пачало бухаць зноў, усё роўна як пабліжэўшы.

- Не ляніся, сын. Я ўсё чую... Не ляніся. Астанёмся і голыя і галодныя... - зноў на яго крычыць маці. Яна ўжо стаіць у яме па пахі; ногі ў яе ўсе ў гліне; усё роўна як яна месіць яе на ферме ў збітым з дошак карыце на цэглу - перарабляць печ. Гліна паналіпла да калень, абсыхае і валіцца на зямлю дробнымі камячкамі.

Маці кашляе: «праганяе перхаўку», дыхае з сябе, што хворая, але не стане, каб адсапнуцца. Махае і махае рукамі, падымаючы рыдлёўку. На спіне ў яе ўжо змокла ад поту белая нажутка, пацямнела; на галаву ў валасы насыпалася пяску. Алёша зірнуў тады на складзеныя сасновыя круглякі ля тыну, дзе ляжала матчына белая ў кропачкі хустка. І на кругляках і на хустцы было поўна жоўтага пяску - панасыпала маці. Пясок насыпаўся і высака на сцяну - на павучынне.

- Не плюй на рукі... Мазалі ўскочаць... - маці была адагнулася і глянула на яго. Яна цяпер была ўся ў гліне: і нос і шчокі. Алёша пачуў, што ў яго ўжо гараць агнём далоні.

«Ад ручкі, - падумаў ён. - Каструбаватая, як палена».

Калі цяпер грукала на Плавах, здавалася - недзе зусім блізка, ля рэчкі. Дрыжала зямля. Маці ўзялася рукамі за бераг, як усё роўна баялася, каб не абрыўся. З кучы пяску, зверху, кацілася каменне і покала ў яму пад ногі.

- Не бойся, сын. Далё-ёка... Вылезь наверх і адгарні з берага пясок на сярэдзіну. У зямлі яно вунь як чуваць, ты скажы... Што за плотам усё адно бухаюць.

На двор нехта прыйшоў да студні па ваду: бразгала вядро на кручку, тады заскрыпеў асвер.

- Выскач, сын, прычыні дзверы. І не вылазь на двор укачаны ў гліну... - маці нават не адагнулася ад рыдлёўкі. Нажутка ў яе была ўжо ўся мокрая аж да паясніцы.

Саскочыўшы зноў на дно ў яму, Алёша пачуў, што холадна ў ногі. Пад глінай пайшоў жвір, руды і дробны, усё роўна як пасечаны, і калолася ў ступні.

Алёша ўжо ўвесь хаваўся ў зямлі - галава была роўна з памостам, і было цесна ў яме. У маці ліўся з ілба цурчом пот; яна памінутне тоўхалася ў плечы доўгай ручкай ад рыдлёўкі. Не слухала цяпер зусім, як грукала на Плавах.

Пасля яна раптам злякнулася, выпусціла з рук рыдлёўку і прыхінулася плячыма да беражніцы ў яме...

Захлебястала за вуліцай на ферме, стукала доўга, не сціхаючы, пасля загуло, цяжка, з перахліпамі.

- Бадай ты агнём пайшло... - маці выцерла даланёй пот на лбе і на шыі і зноў сагнулася: даставала рыдлёўку.

На ферме за вуліцай гудзеў трактар. Трактар не заводзіўся тры дні. Новы яшчэ быў зусім, нават колы блішчалі, а як прыгналі яго з Кур'янаўшчыны ў соснік за фермай - і не завядуць. А яго, як толькі сказалі, што пачалася вайна, сабраліся гнаць у сельсавет. А як пагоніш, калі ён не заводзіцца. Сёння завялі - мужчыны ўсю ноч ля яго не спалі: бразгала на ферме жалеза.

Трактар гналі з фермы ў вуліцу - хлебястала ўсё бліжэй і бліжэй, і пачала дрыжаць у яме беражніца.

- Аж вушы пазакладала... - маці зноў адагнулася ад рыдлёўкі.

Трактар раптам пацішэў, пасля заглох, недзе блізка, ля плота, мусіць, за вуліцай.

Стала адразу ціха, і было чуваць, як на варотах бразгае кручок і па двары дугаюць, не сціхаючы, нагамі. Пасля заскрыпеў асвер.

- Выскач, сын, паглядзі... - загадала маці. - Усё роўна цесна. Замінаеш толькі...

Алёша, стоячы на праціўні высака на пяску, падумаў, што ў маці шырокія ступні, і калі яна топчацца на месцы, убівае вільготны пясок і гліну, што плешча пранікам. На нагах у яе абцерлася сухая гліна, і Алёша ўбачыў, як у маці пачырванелі лыткі і на іх надуліся сінія жылы - вузламі. Пасля згледзеў, што і рукі ў яе чырвоныя, усё роўна як яна выняла іх зімой ля студні з вады і на іх гэтаксама набухлі сінія жылы, бугаркамі. Ён ніколі яшчэ не бачыў, каб у маці былі такія рукі - як пухліна на іх.

Ён падумаў, што жылы могуць лопнуць і ў маці з рук пацячэ кроў, і спалохаўся.

Як яны тады занясуць у хлеў з хаты куфар? Удваіх з бацькам не дасі рады. Куфар цяжкі, не падняць, хоць маці і павынімала з яго ўсё, нават прыскрынак апаражніла. Не станеш жа клікаць людзей. Маці не хоча, каб хто надта відзеў, дзе будзе закапаны куфар.

- Не стой. Як прырос усё роўна. Двор разнясуць. Паглядзі, можа, бацька каго прывёў... - маці зноў выцірала шыю дзвюма рукамі.

Алёша яшчэ з хлева згледзеў ваенных, траіх; яны тапталіся ля студні, разносячы па двары ботамі пясок. Боты ў іх былі сівыя ад пылу аж да калень. На плячах у аднаго была доўгая вінтоўка - бліскала на сонцы, калі ён нагінаўся над зрубам. Ваенныя бралі вядро адзін у аднаго з рук і пілі, змахваючы пасля рукамі з грудзей ваду.

Алёша падышоў да гародчыка і прыпёрся плячыма да частаколу. Ваенныя на яго нават не азірнуліся, як усё роўна яго не было на двары.

Пасля да студні прыбег з вуліцы яшчэ адзін ваенны, высокі, у пакамечанай і задранай ззаду гімнасцёрцы. На плечы ў яго набралася пылу. Нахіліўшы адной рукой вядро - вядро стаяла на зрубе, ён наліў вады спачатку ў шырокую, чорную з вечкам талерку - талерка ўсярэдзіне была белая, як міска, - закрыў вечка і тады сам крукам сагнуўся над вядром: зруб быў нізкі. Адагнуўшыся, ён зноў пабег на вуліцу, абагнаўшы ля хаты траіх, што перш прыйшлі да студні. З двара былі добра відаць з-за тыну яго шырокія плечы ў пыле і чорная галава - ківалася з боку на бок: ваенны быў без пілоткі. Алёша ўбачыў, што на вуліцы поўна пылу; пыл падымаўся вышэй тыну і поўз на гарод пад раку. За хатай моцна і глуха грукала - без сціханага... Здавалася, дрыжыць двор...

Алёша пабег ля хаты да варот.

Яму спачатку здалося, што калышацца ўся вуліца - ад плота да плота... Пасля ён падумаў, што яна ўся зялёная...

Ішлі ваенныя, заняўшы вуліцу ад іхняга аж да Панковага хлева. Ад варот цераз гароды пад рэчку было відаць, як яны спускаліся з грэблі да маста.

У вёсцы раптам стала ціха: не скрыпелі вароты, не ляскалі на ферме калёсы, не гаварылі на двары ў Панка. За туляг над Плавамі заехала сонца; над хатай і над хлевам стала сіва, як ад дыму. Здавалася, усё застыла, што ноччу. Толькі калыхалася ад плота да плота вуліца і грукала зямля: грук-грук, грук-грук... Над вуліцай падымаўся ўгару пыл, высака, роўна з тофелем, што рос у Панка ў гародчыку.

Ваенныя ішлі цяпер каля самых варот: з мокрымі ад поту плячамі, з зялёнымі мяшкамі на плячах і са скручанымі ў трубы сівымі суконнымі шынялямі; з вінтоўкамі і маленькімі зграбнымі рыдлёвачкамі пры боку; з зялёнымі каскамі і з зялёнымі кацялкамі.

Падышла маці з рыдлёўкай у руках, аперлася на ручку і глядзела на вуліцу праз адчыненыя вароты. Мокрая ўся, ва ўкачанай у пясок нажутцы, з нагамі ў гліне: як вылезла з ямы, так і прыйшла. Пасля страсанула ў руцэ хустку - схапіла з сабой, вылазячы з ямы: не паказвацца ж на вочы чужым людзям з голай галавой - і, прыхінуўшы да тыну рыдлёўку, завязала хустку на галаву. Пачакаўшы, пачала выціраць вочы.

«Плача...» - падумаў ён і аглянуўся. Маці плакала; глядзела ў зямлю, сабе пад ногі, і выціралася ражком хусткі.

- Адступаюць... На Бегамля... - сказала яна ціха, сама сабе, і сашчапіла на жываце рукі.

Ваенныя ішлі і ішлі, валілі валам: паказваліся з-за Панковага хлева, падыходзілі да іхніх расчыненых насцеж шырокіх варот, міналі тын, падымаліся на гару ля фермы, ля даўнейшых могліц, доўга калыхаліся на дзядзінцы пад соснамі і хаваліся ў сосніку ля бульбяных ям. Над дарогай ля лесу, як і ў вёсцы, падняўся пыл і цягнуўся на поле за ямы.

Калі ваенныя пераставалі ісці, ля Панковага хлева рабілася пуста - зганяла пыл, і было відаць, як на двары ў Панка стаяў ля варот сам Панок з Веркай і на плот лезлі дзеці.

Зноў выходзілі ваенныя з-за Панковага хлева і ішлі, падымаючы пыл і грукаючы нагамі. Было відаць зноў, як яны спускаліся з грэблі да маста - з гары ад школы...

Алёша хацеў выбегчы на вуліцу на лаўку, але на яго адразу глянула маці - перавяла ўсяго вачыма... Раптам аціхла, не грукала на вуліцы... Не калыхаліся ад плота да плота ваенныя. «Сталі...» - здагадаўся ён і ўбачыў, што яны ўсюды пасталі і стаяць: і на грэблі ля маста, і ля Панковага хлева, і аж ля лесу, ля ям...

Алёша падумаў, што ваенныя будуць прасіць малака і пабягуць зараз на двор. Але яны не беглі і не прасілі ў маці малака. Стаялі ля варот, пазадзіралі ўверх галовы, недзе туды, за вёску, на Панкоў тофель.

Тады Алёша пачуў, як угары, над Панковым тофелем, загудзела, моцна і густа, аж затросся, здалося, на вуліцы пыл. Пасля ад тофеля адлучыліся адразу тры самалёты. Яны ішлі нізка над вёскай - Алёша згледзеў, што ў іх было счэсана ззаду наперад крылле, - ішлі на сонца, туды, дзе грымела ўсю раніцу. Пачакаўшы, з-за тофеля вылецелі яшчэ тры самалёты. Самалёты ляцелі і над грэбляй і над загуменнем.

Прыхінулася да тыну маці, падхапіла яго, Алёшу, і прыціснула да сябе, да калень. Алёша чуў, як трасуцца ў яе ногі, і бачыў з-за тыну, што вуліца ўсё роўна краталася: ваенныя вадзілі галовамі за самалётамі, за тымі, што ляцелі з загумення.

Пасля самалёты сталі заварочвацца над самай фермай...

Алёша згледзеў праз тын, як закалыхалася зялёная вуліца - далёка, аж да Панковага хлева; пачуў, як на могілках нечым суха ўдарыла па зямлі, як маці зноў схапіла яго і прыціснула да сябе - недзе пад паху...

Не было чым дыхаць. Ад маці запахла цёплай нажуткай і зямлёй. Алёшу схапіў кашаль...

 

Ён пачуў, што ляжыць ніц на мяхах, падвярнуў пад сябе галаву, і яму не дае дыхаць. Ён падняў галаву - уваччу закалыхалася высокая зялёная трава ля дарогі; паднізам ціха загрукалі ў калдобінах калёсы. З цёплага меха, у тым месцы, дзе ляжала галава і выбілася ямка, запахла ўпараным ячменем, што стоўчанай груцай, і сырой травой - зайцавым гарохам і пырнікам. Зайцаў гарох вострымі стручкама паўпіваўся ў шчаку, і яна цяпер балела, як паколатая.

Пасля Алёшу раптам стала холадна; заляскалі зубы. Ён тады сеў, падкорчыўшы пад сябе ногі...

Здалося, што яны едуць назад: конь, махаючы хвастом, ідзе назад, і Янук, седзячы на калёсах, падпёршы рукамі галаву, глядзіць назад, туды, адкуль яны ехалі... Тады Алёша пакруціўся на возе. Лейцы даўна выехалі з-пад яго і зачапіліся за ляжэйку. А можа, Наста прывязала іх, падышоўшы?.. Ён хацеў крыкнуць Насце, чаму яны едуць назад, але яе нідзе не ўбачыў.

Пасля ён згледзеў, што мужчыны ўсе сядзелі на вазах. Падводы былі блізка адна ля адной, як і ўчора вечарам, калі выязджалі з вёскі. Пярэдні цяпер ехаў Махорка: абмінуў, мусіць, ноччу Боганчыкавага жарабка на сваім Сібіраку.

Развіднелася. Усюды было аж бела. Густы, стары, з павалам ельнік, праз які яны ехалі, здаваўся сівым, як ад інею; таўстыя, у абхват, елкі з камля былі шэрыя, што асіны.

Ля самай дарогі тырчалі высокія яловыя пні, упоравень з возам, старыя, тоўстыя; за іх чапляліся, абдзіраючы восямі, калёсы. Ля пнёў была відаць сівая зямля, кідаўся ў вочы белы балотны сіпак і блішчала вада - чыстая, здавалася, цвёрдая, што лёд; стаяла жоўтая, як салома, высокая, у рост чалавека, мятліца - кустамі. Над мятліцай вісеў туман, белы, як снег.

У калдобах трашчала старое сучча; колы коўзаліся па ім, і калёсы кідала з боку на бок.

Трасла дрыжыка, як трасца, Алёша соўгаўся на мяхах і не мог сагрэцца. Стала холадна ў рукі - у пальцы: яны пакрэплі і пачырванелі, як буракі. Ён хацеў саскочыць з калёс і пайсці збоку, узяўшыся за ляжэйку, як Панок, але на траве была раса, што іней. Каб узяў толькі ды сеў конна на каня, з яго дык пара ідзе... Але не дадуць мужчыны - накрычаць.

Хутчэй бы паказалася сонца - адубееш.

Лес кончыўся адразу - выехалі на лог, усё роўна як з пуні на двор. Стала яшчэ больш відна і холадна; далёка ўперадзе над лесам, за ракой, зрабілася белае-белае неба, аж сіняе, і ля самай зямлі лягла густая чырвоная паласа, доўгая, што выцягнулася. На яе не было як глядзець - рэзала ў вачах.

На разводы на мяхі ўзлез Панок; згорбіўся і закашляўся. Варушылася на возе, лежачы, Таня, круціў у руках лейцы Янук, што вузел усё роўна развязваў. З-за Панковага каня былі відаць Боганчыкавы плечы; Боганчык сядзеў у самым перадку і глядзеў на жарабка.

- Не аставацца... Паганяйце... Здалёку ўсё відаць... Як на далані... - закамандаваў спераду Махорка, ціха і хрыпата.

Алёша схапіў за лейцы, але коней не пагналі - ні Боганчык, ні Панок. Тады Алёша азірнуўся і ўбачыў, што Наста толькі цяпер выехала з лесу: змарыўся і астаецца Буланчык. Наста паганяе яго, ідучы ля аглабні, лейцамі...

Далёка ззаду пачуўся стрэл; па лесе пайшло рэха - зашумела; пачакаўшы, пачалі страляць густа, са звонам, усё роўна што сыпалі з кошыка бульбу ў парожнія калёсы.

- Не аставацца!.. Не трэба было даваць Буланчыку піць. Напіўся, відаць, у Брадку з лужыны... Намэнчышся цяпер... - Махорка саскочыў з калёс з лейцамі ў руках, аглядаўся памінутне назад.

Буланчык ішоў навыцяжку; было чуваць, як Наста сцёбае яго мокрымі лейцамі, калі ён даставаў траву.

Збоку, недзе ля Панковых калёс, азваўся ўзагнаны дзяркач. Зашыкала воддаль дзікая качка, мусіць, на малых - вяла недзе іх у лес у Брадок, там, дзе, не сціхаючы, краталася ніцая лаза. За ніцай лазой пад лесам у трысці стаяў бацян і глядзеў на людзей і на падводы - выцягнуты, натапыраны, гатовы адразу ўзляцець з зямлі.

Ля дарогі на сушэйшым пайшлі белая мятліца і крапіва, высокая, па самыя ляжэйкі, чаплялася і мачыла расой мяхі. На крапіве ляжала дробнае птушынае пер'е, намокла, папрыліпала да лісця.

Пад лесам і воддаль ад дарогі вісеў туман, падняўшыся ад зямлі. Турчэлі недзе далёка жабы; гудзеў дзікі голуб, ззаду, на Брадку, у тым баку, дзе нядаўна стралялі. Каркалі вароны, рэдка і ціха, - у тумане іх не было відаць. Аднекуль дыхнула праціўным гарам ад торфу - хоць захлыніся. Яго, мусіць, прынясло з туманам - недзе недалёка гарэў лес. Пасля запахла травой, сухой, цёплай і свежай, як хлебам-перапечкай.

Неба на ўсходзе стала жоўтае; высака ўгары зрабілася белае, як удзень. Уперадзе над самай дарогай зачырванеўся лес, і ў тым месцы на небе выскачылі хмаркі - у ружовыя і жоўтыя палосы. Далёка за елкамі паказаўся чырвоны бераг сонца, цьмяны, як уначы веташок: на яго можна было глядзець, не жмурачы вачэй. Здавалася, яно свеціць праз туман, як праз аснаваную жоўтую пражу. Пража мітусіцца, калышучыся, усё роўна як хто яе, зблэчаную, папраўляе рукамі.

Пасля сонца адразу выбегла на чыстае. Шырокае, сплюснутае, яно адскочыла ад зямлі і, жаўцеючы, стала дрыжаць і пералівацца, што жалеза агнём, калі яго дастануць у кузні з горна з-пад гарачага вуголля. Зніклі чырвоныя хмаркі, як згарэлі ўсё роўна. Елкі зрабіліся вострыя, што іголкі.

Уперадзе на дарозе нічога не было відаць ад сонца. Над логам папоўз угару туман; цяпер ён быў як разасланы збольшага на стале суравы абрус, што накрываў хлеб, вялікія круглыя буханкі. Пад ім ля дарогі загарэліся чырвоныя дудкі ад старога шчаўя - здавалася, і травы інакшай на лагу не было, адно шчаўе.

Ззаду над самым лесам вісеў месяц. Яны ўжо ад'ехалі логам далёка, і месяц быў добра відаць: белы, што глінка, пацямнеў толькі збоку, сціраўся.

Уперадзе цераз дарогу - над Боганчыкавымі калясьмі - пераляцела дзікая качка - памалу, чуць несла цяжкае валлё, выставіўшы ўперад, як падплятанку, дзюбу і ледзь кратаючы крыллем. Здавалася, сарвецца на зямлю.

У ніцай лазе крычаў і крычаў дзяркач. Недзе ў самым кутку над логам зноў глуха каркалі вароны, што ўвосень дома на загуменні.

Сонца паменшала, пабялела; зверху над ім ляглі, выцягнуўшыся, чорныя тулягі. На лагу было яшчэ больш холадна. Крэплі рукі - не бралі лейцаў - і шчыпала за вушы, як у мароз. З рота ішла пара і вісела над калясьмі, што кудзеля. Туман падымаўся высока, уровень з лесам, і рудзеў - палосамі.

Тарахцелі калёсы, і скрыпелі драбіны; чыркалі дразды на лагу ў альшэўніку, і шыпелі сіваваронкі ля дзвюх старых дуплаватых асін - мусіць, ля гнёздаў.

Моклі, дастаючы да травы, спушчаныя з ляжэйкі ногі; на іх наліпала халоднае насенне ад мятліцы, дробнае, што аўсюк.

Ззаду калёсы дагнаў Буланчык; выцягнуў шыю і даставаў з-пад меха зайцаў гарох, адвесіўшы губу і бразгаючы цуглямі. З-пад грывы, чорнай і мяккай, што воўна, глядзелі ў бакі вялікія і круглыя бліскучыя вочы. Збоку ля калёс па траве, узяўшыся рукой за ляжэйку, ішла Наста; другой рукой яна трымала паднятую вышай калень спадніцу. З-пад спадніцы ў яе была відаць белая палатняная кашуля - мокрая з самага нізу ад расы і з дробным насеннем ад мятліцы. Шчокі ў Насты былі чырвоныя, заружавеліся, што ля печы; яна выцірала рогам белай хусткі лоб: мусіць, угрэлася, паганяючы Буланчыка.

Алёшу было здалося, што пацяплела на возе. Запахла з дарогі з-пад ног у каня сухім сенам.

Канчаўся лог. Уперадзе блізка быў лес - здалёку былі відаць чырвоныя, што ад агню, сосны.

Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза - усё роўна як зграблі ў вал сухое сена і яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахіліліся старыя вольхі; з-за іх вытыркаліся востранькія елкі; відаць быў і белы дробны бярэзнік - за ракой. Там было балота.

Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлі духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскі.

Захацелася есці - бліноў з бульбы, якія маці пякла кожную раніцу, устаўшы такой парой.

Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусіць, ішоў гарой аж за Пунішча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву і цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палік. З Дальвы да Паліка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзілі.

Ля самай дарогі рос верас, высокі, стары і руды; чапляўся дудкамі за атосы - яны аж звінелі.

У каляінах быў пясок, сухі, жоўты і глыбокі; у яго хаваліся колы, і конь ішоў навыцяжку. Ехалі памалу.

На самай гары, справа, дзе недалёка ўнізе была рака, рос невысокі сасняк; над ім паказалася сонца і пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалі хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.

Мужчыны пазлазілі з вазоў і ішлі ля Боганчыкавых калёс. Пярэдні ішоў Махорка. З мяхоў злез і Янук, узяўся за ляжэйку і трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты - асталася.

З-пад калёс падымаўся пыл, мяккі, як з-пад падсітка, і лез у горла. Было чуваць, як ціха кашляе Панок: заціскаў, мусіць, рот.

Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару ішлі леспрамгасаўскія машыны з гружонымі прычэпамі.

Алёша пачуў, як яго кінула ў стужу. Стукалі зубы, і траслося ўсярэдзіне. Так у яго траслося ўсярэдзіне, калі зганялі ўчора ўсіх да Махоркі на вуліцу.

Наперадзе ля Боганчыкавых калёс ішлі мужчыны, ціха, як баючыся. Панок усё азіраўся назад.

Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснікам пыл, белы і рэдкі, як згледзець вокам.

Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў і падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснікам больш не было, і Алёша падумаў, што яму здалося.

Сонца біла ў вочы, і ад яго было ўсё жоўтае: і мяхі на калёсах, і пясок у каня пад нагамі, і мох на зямлі ў сосніку... Недзе над самай галавой застукаў дзяцел - мусіць, у гнілую сухастоіну - моцна, што страляў усё роўна. Над дарогай запырхалі сініцы.

Пасля зноў за соснікам загудзелі машыны. Алёша згледзеў, як сталі былі мужчыны, гаварылі, мусіць, тады зноў пайшлі кучкай - хутчэй, як спяшаліся куды.

Спускаліся з гары: конь пайшоў смялей, зусім не напінаючыся.

Зноў уперадзе над соснікам закурэўся белы пыл, ішоў з зямлі, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калі хто чужы ішоў у хату...

Сціх над галавой дзяцел - зляцеў.

- Мужчыны!.. Немцы!.. - закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката і сіпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...

Алёшу здалося, што закрычала маці.

Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.

 

12

 

Алёша згледзеў спачатку кароценькі аўтамат, які быў настаўлены якраз яму ў грудзі, блізка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце - кінулася ў вочы - была вышаравана, і блішчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпіла вялікая, чырвоная, з тоўстымі пальцамі рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок і ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...

Алёша толькі цяпер убачыў немца. Немец быў высокі, увесь у сівым сукне, што пацук. І на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сівая пілотка з сукна, ссунутая нізка, на самы лоб.

- Вэр, вэр!.. - пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, і згледзеў, што той стаіць з разяўленым ротам і ківае галавой - паказвае ісці ўперад. Зноў яго таўханулі пад паху, моцна, як усё роўна хацелі прасадзіць. Калі Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнуліся збоку бліскучыя боты і асталіся ззаду.

Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзін ля аднаго, падняўшы ўгару рукі, і глядзяць назад, на падводы. З аднаго і з другога боку ля іх блізка стаялі немцы з аўтаматамі ў руках: па двое. Алёша падумаў, што і яго гоняць да мужчын, не загадалі толькі падняць рукі.

Ён хацеў азірнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: «Вэр! Вэр!» - і Алёша ўбачыў толькі яго бліскучыя боты.

Пасля Алёша згледзеў, як да доўгіх Панковых развод падскочылі два немцы, тоўстыя, у пілотках, і пачалі торкаць аўтаматамі ў мяхі. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталі мацаць мяхі рукамі, кожны мех, і паказваць нешта адзін аднаму пальцамі.

Немцы былі і ля Таніных калёс - стаялі, сагнуўшыся ў крук над мяхамі, на якіх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Таніных калёс была Наста, прыбегла, кінуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала і махала рукамі - паказвала ўперад на дарогу - мусіць, на мужчын - і гаманіла, моцна, каб усе чулі. Алёша ўспомніў, што яна і ў вёсцы, у Махоркі ля тыну, калі падыходзіла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вуліцу.

Немцы былі і на самай гары, абступілі Буланчыка...

Больш Алёша не бачыў ні Насты, ні Тані на калёсах. Яго падагналі да мужчын і паставілі збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукі, вышэй за ўсіх, - закасаліся рукавы, і ў яго былі відаць белыя локці. Янук быў без кепкі: недзе, мусіць, згубіў ці пакінуў на возе; мокрыя сівыя валасы на галаве скруціліся ў каслаўкі і папрыліпалі да вушэй. Палатняная рубашка выехала з-пад паясніцы і даставала падалом да калень. Янук павярнуўся і глядзеў на Алёшу нейкімі балючымі вачыма, як шкадаваў усё роўна. Мужчыны, падняўшы рукі, стаялі ціха - ніхто не кратаўся. Алёша ўбачыў, як збялеў Панок; у яго памінутне падскаквалі ўгары плечы - яму цяжка было стаяць, задзёршы рукі: кашляў.

Немец, які прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялі ля мужчын, моцна і дзярката: «Вэр! Вэр!..» - і тыя суса кінуліся да Боганчыка і Махоркі і сталі мацаць далонямі па грудзях, па жываце, па штанах у паясніцы. Перамацалі пасля ўсяго Панка - ён стаяў і без аддухі кашляў; тады - Янука, чапляючыся рукамі за падол яго доўгай палатнянай рубашкі. Алёшу не кранулі...

Пасля немец у шырокай разношанай пілотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркі - Махорка стаяў пярэдні, - паказаў аўтаматам на дарогу і крыкнуў зноў моцна і дзярката: «Вэр-вэр!..» Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукі: той быў апусціў іх да самых плеч.

Мужчыны павярнуліся і пайшлі па пяску - па дарозе з гары, - Алёша чуць спраўляўся з імі.

Ззаду зноў загаманіла Наста: мусіць, нешта гаварыла немцам. Пасля крычала. Яе ўжо не было відаць з дарогі.

Алёшу стала ўсяму горача; пясок пад нагамі зрабіўся гарачы-гарачы...

Збоку ля мужчын, якраз ля Боганчыка і ля Махоркі, ішлі два немцы з аўтаматамі перад сабой і круцілі па баках галовамі; за Алёшам ззаду, чуць не наступаючы на пяты, ступаў немец у сівым пінжаку і сівой разношанай пілотцы, той, што гнаў яго да мужчын. Алёша глядзеў на дарогу пад ногі і бачыў яго бліскучыя боты. Калі немец забягаў Алёшу наперад, у яго быў відаць разрэзаны ззаду сівы суконны пінжак і высака, аж пад пахай, чорны пісталет. Было чуваць, як грукаюць па карэнні цяжкія боты, што калодкі, і шуршыць, перасыпаючыся, пясок на дарозе пад нагамі ў мужчын.

Боганчык увесь згорбіўся, угнуў шыю. Рукі ў яго былі задзёрты ўгару, адна вышэй, другая ніжэй, і ён часта згінаў галаву, даставаў шчакой да пляча: выціраўся. Мокрыя аж да калень калошы ў яго папрыліпалі да лытак; на калошы набралася пяску, і яны былі здалёку што яловая карына. Боганчык ступаў дробна і часта, маленькімі крокамі, зусім не падымаючы ног ад зямлі.

Алёша раптам падумаў, што іх вядуць страляць. Адвядуць з дарогі і пастраляюць...

Махорка ішоў пасярод дарогі, па самым пяску, - Алёша, ідучы ззаду, лучаў нагамі ў яго сляды - і то апускаў ніжэй, то падымаў угару рукі. Шырокія плечы ў яго хадзілі хадуном - Махорка часта дыхаў, як змарыўшыся. Аб'ехалі штаны, і на паясніцы была відаць белая палатняная кашуля - сабралася ў фалды. Махорка не варочаў галавой, як Боганчык, глядзеў перад сабой: блізка ішоў немец, наставіўшы аўтамат яму пад паху.

Панок увесь час кашляў; у яго аж пасінела шыя; немец, што ішоў збоку ў Махоркі, дагнаў быў Панка і парнуў яго два разы аўтаматам у спіну: не любіў, відаць, кашлю. Панок закашляўся яшчэ горш: яго пачало тузаць. Немец тады закрычаў. Панок не мог ісці - захлынаўся: пыл з-пад ног лез яму ў горла. Ён хацеў саступіць на сцежку, але на яго наставіў аўтамат немец. Тады Панок пачаў харкаць на дарогу - немец адскочыў ад яго і зноў закрычаў: «Вэр! Вэр!..»

Адзін Янук ішоў смела, ступаючы шырака, як па вуліцы. Алёша падумаў, што Янук вышэйшы за ўсіх, што ў яго не дрыжаць ні рукі, ні плечы. Янук толькі гудзеў сабе пад нос, не сціхаючы, як асва ў акне, заляцеўшы ў хату. На яго азіраліся пярэднія немцы, але не чапалі.

Калі быў зноў закашляўся Панок і, стаўшы, схапіў сябе рукамі за грудзі, яго, падскочыўшы, пачаў яшчэ больш тоўхаць у плечы аўтаматам немец, што калоў усё роўна. Сталі былі на хвіліну ўсе мужчыны, і Алёша ўбачыў, як, адвярнуўшыся, кіўнуў яму галавой Махорка. Алёша згледзеў быў яго вочы: вялікія і чырвоныя, што ўсё роўна набеглі кроўю, яны зірнулі аднекуль глыбака спадылба.

Алёша падумаў, што Махорка кліча падысці. Хоча, каб ён, Алёша, быў у яго на воку... Пасля, калі мужчыны зноў ішлі па пяску і перастаў кашляць Панок, Алёша зноў згледзеў, як яму кіўнуў галавой Махорка. Кіўнуў не азіраючыся.

«Паказвае, каб уцякаў, - падумаў Алёша. - Бо іх вядуць страляць, Махорка ведае...»

Алёшу раптам захацелася падбегчы да Махоркі і спытацца, што ён хацеў сказаць. Пасля захацелася ўчарэпіцца Махорку рукамі за штаны, як ён, Алёша, чапляўся за штаны бацьку, калі бацька гнаў яго ад сябе ў Карчаватках, згледзеўшы немцаў...

На дарозе ад мужчын пахла жытам і потам, як пахлі ўсё роўна кожны раз бацькавы штаны і рубашка на пяколку на печы, калі ён, Алёша, клаў іх нанач сушыць... Так пахла ад бацькі, жытам і потам, калі яны стаялі ўпобачкі ўчора ў вёсцы на вуліцы ля Махоркавай хаты...

Дарога сышла ў лагчыну; сюды, мусіць, нагнала дажджом з гары пяску, бо было не ступіць: ногі ўязджалі ў зямлю па калені.

Зноў запахла аднекуль дымам і сырым пяском...

Пасля Алёшу здалося, што пясок пасыпаўся на яго зверху, як дождж... Праваліліся некуды ногі, глыбака, да паясніцы... Зрабілася блага, стала цяжка дыхаць, зазвінела ў галаве...

Недзе крычала Наста - па лесе ішлі водгаласкі...

Спёрла ўсё ўсярэдзіне і стаяла пад грудзьмі.

Ён не хацеў ісці - аж самі рукі выцягнуліся ўперад і спружыліся. Пасля ён спружыўся ўвесь: і ногі, і шыя...

«Адвядуць» у лагчыне з дарогі і заб'юць...»

- Вэр! Вэр!.. - закрычаў ззаду немец, і Алёша пачуў, як яму сунулі ў плечы нечым вострым, аж засмылела адразу скура - мусіць, садралі. Пасля ён згледзеў, што ўпёрся нагамі ў зямлю і стаіць пасярод дарогі ў пяску. Зноў сталі, мужчыны, адвярнуўся Махорка і кіўнуў галавой.

- Не бойся, дурны... - сказаў пасля і зноў кіўнуў галавой: клікаў да сябе.

- Ёска... Ёска... Тваю маць... - замычэў Янук.

Алёша тады скочыў з месца і падбег да Махоркі, прыціснуўшыся яму да нагі. Немец у шырокай разношанай пілотцы падышоў за Алёшам да Махоркі і сунуў цяпер Махорку аўтаматам у плечы: «Вэр!..» - і зноў паказаў ісці наперад. Яго, Алёшу, не зачапіў.

Пад нагамі стала менш пяску; ён быў змешаны з сухой жоўтай сасновай ігліцай і калоў знізу ў ступні. Лучаліся трава і верас - высокі, сухі, ён дзёр дуддзём ногі ля костачак. З-за сосніку, з-за гары, біла ў вочы сонца; рэзалася пад павечкамі, як ад асця; горка было ў роце, высахла; хацелася піць.

Над соснікам, адкуль свяціла сонца, зноў падняўся пыл; сівы і густы, ён стаяў угары, спаўзаючы на дарогу. Забразгала недзе жалеза. Уперадзе як загаварылі. Ззаду заржаў конь, Боганчыкаў жарабок, - Алёша пазнаў.

У лагчыне, пад самай горкай, сівой ад моху, як ад пылу, тор ад калёс павярнуў управа: выводзіў на шырокую, раз'езджаную, жоўтую ад пяску дарогу, якая пачыналася ля шашы ў Пушчанцы і ішла ў самае Краснае.

Гэта была старая дарога цераз Тартак. Ёй здаўна ездзілі ў Краснае, калі не было яшчэ шашы. Шашу выбрукавалі перад вайной, і па старой дарозе хадзілі толькі леспрамгасаўскія прычэпы - вазілі дрэва. На дарозе былі яшчэ знаць павыбіваныя машынамі ямы; глыбокія, па калена, яны параслі падарожнікам і мятліцай і засыпаліся сасновым шыллём. У ямах раслі казлякі, старыя, што рэшаты, счарнелыя зверху ад пылу, - па іх было слізка ступаць.

Алёша ішоў якраз каляінай.

На шырокай дарозе іх павярнулі і павялі да шашы - назад. Алёша згледзеў, як пераглянуліся былі мужчыны - Махорка з Панком; тады на іх глядзеў - скоса, з-пад рукі Боганчык.

«Чаму яны нічога не гавораць? - падумаў Алёша. - Адвядуць усіх і пастраляюць...»

Яму захацелася бегчы. Скочыць у соснік і - бегчы. Рукі толькі трэба выставіць уперад, не забыцца, каб схаваць вочы, не высадзіць...

Ён успомніў, што яму хацелася бегчы, калі ўчора зганялі ўсіх да Махоркі на вуліцу. Пераскочыць на вуліцы ля Панка цераз тын і пабегчы мяжой на загуменне да пуні. Але ля пуні на загуменні хадзілі ўласаўцы...

«Як доўга гоняць... І чаму маўчаць мужчыны?»

Калі яны выйшлі з сосніку на пасеку, Алёша зноў убачыў немцаў. Яны стаялі і сядзелі на зямлі, згрудзіўшыся і заняўшы ўсю дарогу і пасеку, - мусіць, ішлі былі з шашы на Тартак. Насустрач. Над дарогай - над немцамі - падымаўся пыл; яна зрабілася шэрая ад канавы да канавы. Алёша азірнуўся - ён ішоў цяпер спераду з Махоркам - і ззаду на дарозе былі немцы. Рассыпаўшыся, выходзілі з лесу.

- Вэр! Вэр!.. - немец у разношанай пілотцы забег наперад і паказаў, каб яны сталі. Выпусціўшы з рук аўтамат - аўтамат калыхаўся ў яго спераду на жываце, - ён замахаў рукамі і пабег насустрач немцам, што былі на пасецы на дарозе.

Немцы на дарозе сталі адразу ўставаць; пярэднія схлынулі з яе набок да канавы, як са страху.

Тады на дарозе паказалася чорная - аж блішчала - легкавая машына; доўга ківалася па калдобах, тарканулася была на месцы ля немца ў разношанай пілотцы - было відаць, як выпрастаўся немец, - бліснула дзверцамі і памалу ехала насустрач. За ёю бег, махаючы рукамі і аўтаматам спераду на жываце, немец у разношанай пілотцы. Алёша пачуў, як затупалі збоку ля іх двое немцаў, якія былі сціхлі, чакаючы машыны.

Легкавая машына была як усё роўна «эмка», што прыязджала да вайны ў вёску пасля пажару і стаяла ля Махоркі на вуліцы ўвесь дзень. Такая ж чорная і пакатая...

Пад'ехаўшы, яна стала наперадзе, далекавата ад мужчын, і зноў бліснула дзверцамі. Яе дагнаў немец у разношанай пілотцы, выпрастаўся, пасля схапіўся рукамі за дзверцы і трымаў.

З машыны вылез немец і махнуў рукой - загадваў падвесці мужчын. Калі яны падышлі да машыны блізка, як на хату, і сталі, Алёша ўбачыў, што немец, які вылез з машыны і стаяў на дарозе, саставіўшы ногі, маленькі і зусім малады, усё роўна што іхні Юзюк.

Пасля немец ступіў да іх бліжэй і зноў стаў, саставіўшы ногі. Падняў быў да паясніцы руку і апусціў яе зноў уніз - адшпіліў кабуру. Немец, што стаяў збоку ля Панка, сунуў яму аўтаматам у лапаткі, паказваў вышай падняць рукі. Панок закашляўся.

Тады немец, які вылез з машыны, ступіў яшчэ бліжэй да іх і зноў саставіў ногі. Ён быў увесь у сівым, як і той, у разношанай пілотцы, што стаяў цяпер ззаду яго, узяўшыся за аўтамат на жываце. На галаве ў немца ляжала шырокая круглая фуражка з сівога сукна з чорным, бліскучым спушчаным брылём - на самыя вочы. На фуражцы - на кантах - былі беленькія вузенькія палоскі; на самім брылі ляжалі скручаныя ўдвая тоўстыя белыя аборы; над імі прыкарэлі два бліскучыя матылі: адзін вялікі, з расцягнутымі доўгімі крыллямі, другі зусім малы - здохлы. Белыя аборы былі і на сівым каўняры ў пінжаку; над локцем на рукаве быў такі ж самы здохлы матыль, як на фуражцы, толькі цямнейшы, нібы ў што ўмазаны; здохлы матыль быў у немца і на грудзях. Ніжэй локця на рукаве на чорным прыплюшчаным квадраціку ў яго прыліплі дзве бліскучыя літары: SD.

З легкавой машыны вылезлі яшчэ два немцы ў чорных пінжаках - з белымі матылямі і чорнымі, як вугаль, крыжыкамі на грудзях - выцягнутыя, падпяразаныя шырокімі дзягамі, і сталі воддаль, гледзячы на мужчын. Адзін, з двума чорнымі крыжыкамі на кішані, быў у акулярах і з убінтаванай рукой - трымаў яе на жываце. Другі немец у чорным пінжаку занёс рукі назад на паясніцу і расставіў ногі. Алёша ўбачыў, што ўсе чатыры немцы, якія стаялі цяпер спераду, глядзяць на аднаго Боганчыка: Боганчык калаціўся ўвесь, і ў яго над галавой хадзілі хадуном рукі.

Малады немец у сівым, што стаяў наперадзе, ступіў пасля яшчэ бліжэй да мужчын - да Боганчыка - і паказаў на яго пальцам:

- Бандіты?

Боганчык уздыхнуў, апускаючы ніжэй рукі.

Голас у немца быў ядраны, і гаварыў немец усё роўна як той, што біў Боганчыка на гары ля школы.

Мужчыны загаманілі ўсе адразу:

- Нарыхтоўку... тоўку...

Немец тады падняў галаву і ступіў яшчэ бліжэй да Боганчыка. Пасля загаварыў кораценька да немцаў, што стаялі ў яго ззаду: «Вэр!..» - перакладаў.

- Какую нарыхтовку?

- Хлеб... Жыта...

- У Краснае...

- Бумага ў нас...

Мужчыны зноў гаварылі ўсе разам.

- Кто імеет оружіе? - немец цяпер глядзеў на кожнага - пераводзіў вачыма з ног да галавы.

- Няма аружыя... Жыта ў нас...

- У Краснае...

- У нас бумага...

Цяпер малады немец загаварыў да немца ў разношанай пілотцы, тады сказаў нешта тым, што стаялі ззаду, пасля зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

- Кто імеет бумагу?

Боганчык забыўся нават, што стаіць, падняўшы рукі; схапіўся адразу за кепку на галаве, перавярнуў уверх і падаў немцу, выцягнуўшы руку. Кепка дрыжала разам з рукой.

- Что такое? - немец быў хіснуўся назад.

Тады Боганчык паднёс кепку да сябе, схапіў другой рукой паперу і падаў яе немцу, адну, без кепкі.

Немец хуценька ўзяў у Боганчыка з рукі паперыну, расклаў яе ў пальцах і прабег вачыма, усё роўна як не чытаў. Пасля падаў яе немцу ў акулярах і доўга нешта гаварыў, павярнуўшыся: «Вэр, вэр, вэр...» Немец у акулярах падаў паперыну другому немцу; той узяў яе ў рукі, паглядзеў толькі здалёку, пасля дастаў руку з-за спіны і паказаў на мужчын:

- Вэр!.. Вэр!..

- Можете опустіть рукі... - малады немец узяў паперыну ў немца ў чорным пінжаку і падаў Боганчыку. - Где віделі бандітов?

Мужчыны апусцілі рукі - Янук толькі яшчэ стаяў, задзёршы іх высака над галавой, тады апусціў і ён, гледзячы на мужчын, - і маўчалі. У Боганчыка зноў задрыжала рука, калі ён браў паперыну. Закашляўся Панок.

- Где бандіты? - немец цяпер глядзеў на Махорку; пасля паказаў на яго пальцам - ткнуў чуць не ў самыя грудзі: - Ты! Отвечай!

Немец чакаў.

- У нас у вёсцы немцы... - сказаў Махорка. - Былі парцізаны... стаялі ў вёсцы... Цяпер немцы стаяць... Жыта вязём... Нарыхтоўку...

- Поедете впереді... До самого Красного... Быстро!.. - малады немец паказаў рукой на дарогу на Тартак. - І еслі что... - немец падняў угару руку, пасля раптам махнуў у сябе перад носам пальцам, як што калупнуў. Паглядзеў быў яшчэ раз на Боганчыка, на яго чорную бараду, тады адразу крутнуўся на нагах - ззаду ў яго растапырыўся расстрыжаны надвая сівы пінжак, высака, да самай дзягі. Пасля стаў гаварыць моцна і доўга. Да яго адразу пад'ехала ціхенька чорная бліскучая машына - ад яе засмярдзела дымам, і немцы ў чорных пінжаках, сагнуўшыся, палезлі на сядзенне.

Легкавая машына выехала на сярэдзіну дарогі і, закалыхаўшыся ў старых каляінах, акруцілася і пасунулася назад, на шашу, ціха, як баючыся.

Запахла гарам; Алёша пачуў, як у яго найшло повен рот сліны.

Пасля яму зрабілася горача; падвярнула пад грудзі, закруцілася ў галаве, і ён стаў некуды валіцца, як у яму... Падумаў быў яшчэ, што, мусіць, паслізнуўся, узбіўшыся нагамі на казлякі на дарозе, і ўхапіўся абедзвюма рукамі Махорку за паясніцу - за белую кашулю, што выехала з-пад дзягі.

- Ёска!.. Ёска!.. Тваю маць!.. - закрычаў недзе ззаду за ім Янук.

 

13

 

Калі Махорка падняў Алёшу з зямлі - пад пахі, - пачуў, што сталі мокрыя рукі і ліпнуць адзін да аднаго пальцы.

Зірнуўшы на рукі, ён убачыў, што яны чырвоныя: у Алёшы з носа пайшла кроў.

Немцы, тыя, што гналі іх сюды, завярнулі ўжо на дарозе мужчын. Махорка пачуў, як яму раптам упёрся нехта ў плечы. Ён аглянуўся - немец, той, што падбягаў да машыны, стаяў і паказваў рукой ісці да мужчын.

«Павядуць» назад, да падвод, а тады пагоняць перад сабой...» - падумаў ён, і яго раптам схапіла дрыжыка - трасла ўсяго, не адпускаючы...

Калі ён узяў на дарозе Алёшу за руку, яму здалося, што яны ў Разанцы за Дальвай...

Было гэта сёлета на згон зімы ў вялікую адлігу, калі яны ездзілі ў Рагозіна.

Адліга тады стаяла два тыдні запар - паказвала на раннюю вясну. Схавалася было надаўга сонца, асунуліся на вёску хмары; густыя, чорныя, што летам, яны ляглі на самыя стрэхі. Сыпаўся дождж, касы, востры, з ветрам - ішоў круглымі суткамі. Пад вечар драбнеў, церусіўся, як праз падсітак, і тады ападаў туман. Густы - хоць ты пратыкай; сыры і халодны - аж не давала дыхаць, ён клаўся на зямлю, хаваючы з вачэй і хаты, і дрэвы, і дарогу, - еў снег. Усюды было сіва. Усе дні.

Раскіс на дарозе снег. Ногі правальваліся ў ваду да зямлі; вада была ў выбітых конскімі капытамі ямах і ў каляінах ад палазоў; шваргатала несціхана на полі ў барознах, што ўсё роўна ля грэблі ў крыніцы па каменні, кроіла на кавалкі на сцежках лёд, размываючы яго да чорнай зямлі, і гнала ззаду за саньмі шуму і гразь.

Абляглі ў альшэўніку пад Рагозінам гурбы, зрабіліся рудыя; пачарнела поле - латочынамі. Каркалі вароны, валюхаючыся па слізкай раллі.

Пасля адлігі ў той дзень раптоўна ўзяўся мароз. Вечарам, калі яны ўжо выехалі з Рагозіна, зайшоў з Карчаватак вецер, сухі, калючы. Пасыпаліся зверху крупы, дробненькія, мяккія, заносячы выбоіны на дарозе. Свежыя крупы былі белыя, як вата. Запахла снегам - прэснай і чыстай вільгаццю.

З поля яшчэ гнала дарогай у Разанку - у глыбокую, доўгую лагчыну за Дальвай - ваду; чуваць было, як яна булькае на лагу і хлюпае пад нагамі ў каня. З-пад капытоў у яго аж у вочы Махорку - ён ішоў збоку ля аглабні - ляцелі халодныя пырскі і друзалкі мокрага, цвёрдага, што сухі гарох, лёду.

Цямнелася. Калі Махорка ўзбіваўся на цвёрдае, пад нагамі ў яго шапацеў снег, што жарства, падсыхаў на марозе; трашчаў ценкі лядок - у лужах сціналася вада. Вецер браў за шчокі. Намоклі па калені ногі ў старых, падшытых лямцам валёнках з парванымі заднікамі - другога ў ваду не было чаго абуць; рабілася холадна ў пальцы і ў пяты, і калі ён ступаў - чуў, як слізка ў валёнках нагам: пассоўваліся ў насы анучы, і ногі коўзаліся, што па гразі. У руках былі намоклыя, цвёрдыя, як луб, лейцы і рэзаліся ў голыя пальцы: рукавіцы Махорка згубіў яшчэ ў Рагозіне, мусіць, забыўся ў Янэчыка на двары, пад паветкай ля пуні, калі ўціскалі воз, - не помніць добра.

Храпе, цёпкаючыся ў вадзе, конь, б'е ў хамут і рве аглобні - могуць лопнуць акрутні, старыя ўжо, служылі цэлую зіму; верне, каб вылезці з каляіны, з вады на сухое - можа перакуліць воз, і трэба ўсю дарогу тузаць за лейцы. Чуваць, як пад вадой палазы дастаюць да самай зямлі і скрыгочуць па каменні, што свінні зубамі; аселі развалы, салома шуршыць і шапоча па снезе, аціраючыся з воза; задзёрся ўгару парубень, мусіць, ад'ехала вяроўка. Каню цяжка, не ў сілу, не трэба было класці такі воз - упоравень са страхой. Салома жытняя, збітая, ляжала ў пуні ў Янэчыка пластамі. Ад добрага жыта - бо слізгалася ў руках і блішчала. Пора ў шчаку, што дубцамі, калі спатыкаешся і ўпіраешся ў воз.

Стары Янэчык, выйшаўшы з хаты, прасіўся, каб не бралі многа, але на яго крыкнуў Сухаў, і Янэчык, адышоўшыся да ганка, стаяў і глядзеў, як уціскалі воз.

Сухаў - з «Барбы»; некалі, як толькі паявіліся партызаны, - немцы прыйшлі летам, а партызаны паявіліся ўвосень, - Сухаў з напарнікам - Махорка ўжо забыўся, як таго звалі, той даўно недзе дзеўся, і Сухаў пра яго не ўспамінаў - стаялі ў Дальве ў Боганчыка: і днявалі і начавалі. Іх звалі «штатнымі». Нечага, відаць, глядзелі - закапана, можа, дзе іхняе было што блізка. Пасля, як за Леснікамі стала ў лесе «Барба», Сухава ўжо ў вёсцы не было, ён прыязджаў толькі па падводы - ехаць у абоз. Сухаў быў невысокі, чорненькі; у чорным, падпяразаным дзягай кажуху - на дзязе ззаду кабура з пісталетам; у чорных валёнках і чорнай вялікай кубанцы з чырвонымі, пацямнелымі палосамі накрыж. За плячом ён насіў доўгую вінтоўку - сэвэтэ. Яна ў яго была яшчэ тады, калі ён паявіўся ў Дальве і стаў у Боганчыка.

Сухаў астаўся ў Рагозіне; сказаў - дагоніць іх у Дальве.

Храпе ззаду Боганчыкаў жарабок, блізка, за самым возам; чуваць, як мацюкаецца Боганчык - ідзе з гэтага боку, дзе і Махорка. За Боганчыкам едзе Сяргеішын Алёша - сядзіць на возе. У Алёшы кары з казой; на бабы пакладзены дошкі; воз у яго доўгі, яму цяжэй абярнуцца, і яго пасадзілі на воз яшчэ ў Рагозіне ў Янэчыка на двары: загібее ў вадзе.

У Разанцы зусім сцямнелася; усхадзіўся вецер, сыпаў і сыпаў крупамі і ныў збоку ў возе ў саломе; за Рагозінам, адкуль яны ехалі, пад'яснілася, пабялеўшы, неба. Было відаць, як па ім беглі хмары. Пасля там выехаў маладзічок, вузенькі, востры і чырвоны - што з агню. Нізка, ля самай зямлі.

Заблішчала ўперадзе на дарозе вада.

Далёка за Рагозінам - мусіць, у саміх Альковічах, дзе быў гарнізон, - застукаў кулямёт, глуха, што з-пад зямлі. Натапырыўся конь, задзёр галаву. Пасля ззаду рэдка і доўга стралялі з вінтовак - як і кожную ноч.

Пад нагамі пабольшала вады - спускаліся ў Разанку. Нахіліўся воз, пад вадой не было відаць следу, не пакіруеш. У Разанцы яшчэ не прарвала дарогу, вада ішла поверху, па лёдзе, разліваючыся шырака, на паўганей. Сплываючы пасля за дарогай у вузкі і чорны ручай, яна пёрлася як шалёная - вірам - і стагнала, што ў рацэ.

Махорка пусціў каня аднаго: конь стары, сам знойдзе дарогу. Ускінуўшы лейцы яму на спіну ля падсядзёлка, ён сышоў з дарогі і пайшоў пасля ззаду за возам.

Вада зайшла за калені, набегла ў валёнкі, халодная, як лёд. Закалола адразу ў пальцы.

- Но-о!.. Но-о!.. - крычаў Махорка, упёршыся ў воз ззаду ля вяровак; чуў, што аслаблі вяроўкі, адпусціліся, і баяўся, каб не выехала з-пад парубня салома... Хроп уперадзе конь, рваў сані; вада апала, не даставала да калень, і Махорка падумаў, што праехаў Разанку, што конь захроп, беручы пад гару. Трэба было ўзлезці на воз, пацягнуў бы конь, а то здурнеў - самахоць памачыў ногі. Стала холадна, падскочыла злосць; забегшы наперад, Махорка схапіў лейцы і замахнуўся з-за вуха... Але конь чапаў і чапаў, напяўшыся, аж скрыпелі гужы - ведама, сырамец, расцягваліся, - і трашчалі пад саломай аглобні - маглі лопнуць акрутні. Махорка зноў ускінуў лейцы каню на спіну.

Стралялі цяпер ужо бліжэй, у Рагозіне. Уверх ляцелі кулі, чырвоныя, як іскры, і гаслі аж тут, над Разанкай. Зрабілася зусім цёмна, схаваўся маладзік; пабольшаў вецер, заныў у возе ў саломе, усё роўна што дзе завылі ваўкі; падрабнелі крупы і секлі ў шчокі, як пяском.

- Мірон!.. - клікнуў раптам Боганчык, сіпата, усё роўна што захліпаўся.

Махорка тады аглянуўся назад - яго быў падхапіў вецер, чуць не скінуўшы з ног... Ззаду на дарозе чарнеў Боганчыкаў жарабок; ля яго бегаў сам Боганчык - з аднаго боку на другі. Бліснуў на вадзе агонь - мусіць, Боганчык быў з папяросай. Тады Махорка ўбачыў, як па снезе ля дарогі, абышоўшы Боганчыка з возам, ідзе Алёшаў конь, даганяе яго, Махорку. Цёпкае па вадзе, цягнучы за сабой аглобні...

- Мірон! - Боганчык крычаў цяпер аднекуль з-за воза: яго не было відаць.

Аббегшы Боганчыкавы сані, Махорка ўбачыў, што на дарозе ляжаў абернуты набок у самую прорву Алёшаў воз; відаць былі з-пад саломы кары з казой і вышараваныя белыя шыны на палазах. Вада, абмінаючы воз, хлынула ў бакі, і да яго было не падступіцца.

- Алёша!.. - крыкнуў зноў Боганчык. Ён стаяў цяпер ля сваіх саней ззаду, не адыходзіўся, як баяўся ўсё роўна вады.

Махорка толькі цяпер агледзеўся, што нідзе не відаць Алёшы.

«Прыціснула...» - падумаў ён.

Вада ля воза займала вышэй калень; чорная, з друзалкамі дробнага лёду, як насечанага.

- Алё-ёша!.. Цыган!.. - закрычаў Махорка і падумаў, што Алёшу не магло прыціснуць возам, бо ён сядзеў наверсе, яго недзе скінула ў самую прорву...

Усюды шумела вада: булькала ля перакуленых саней пад саломай і стагнала пад Рагозінам у глыбокай лагчыне...

Ламаўся лёд, ногі правальваліся на той свет - хоць бы на што аперціся...

Абышоўшы вобмацкам воз, Махорка пабег, коўзаючыся па лёдзе, ля самай прорвы ўніз, у Разанку...

Стагнала вада; вецер быў якраз у вочы; дубелі, не гнуліся ногі... Недзе ззаду ля вазоў нокаў Боганчык, паганяў жарабка: мусіць, выязджаў з вады.

- Алёша!.. Сукін сын... - закрычаў зноў Махорка і пачуў, як праваліўся пад лёд да паясніцы. - Хлапец!..

Займала дыхаць; гнала вада, збіваючы з ног...

Пасля Махорку здалося, што нехта ўчапіўся яму за кажух, ля паясніцы, моцна, як у дзве рукі... Ён аглянуўся і ўбачыў ззаду Алёшу...

- Цыган... Маць тваю так...

- Гэ-эй! Гэй! - гаманіў ззаду на дарозе Боганчык, і свісцеў у лагчыне вецер, нізка, над самай вадой.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Калі Махорку зноў таўханулі ззаду ў плечы, ён убачыў, што астаецца ад мужчын, не спраўляецца ісці. У Алёшы з носа цурчом лілася кроў, капаючы аж на дарогу ў пясок, і Алёша задзіраў угару галаву і спатыкаўся. Рука ў яго змокла, зрабілася мяккая і выслізвала - не ўзяцца.

- Легчы трэба... На зямлю... Што ж з табой рабіць?..

Алёша, папярхнуўшыся, закашляўся. Зрабіўся белы, як палатно.

Махорка, мусіць, быў стаў, бо ззаду яму зноў тарханулі ў плечы.

«Трэба данясці хлапца да вазоў. Узяць на рукі і нясці перад сабой. Не дойдзе...» - падумаў ён.

 

Махорка сядзеў цяпер на возе, звесіўшы ногі з ляжэйкі, а яму здавалася, што ён ідзе сцежкай, па якой ззаду паўзе гадзюка...

Цела зрабілася шорсткае, што ад асця; здавалася, на скуры высыпала сыпка. Між лапатак стаяў холад - там не высыхала мокрая рубашка. Траслося ўсё ўсярэдзіне, і вунь як не хацелася ехаць - хоць забі.

«Вот табе і Пунішча. Нават не справіліся даехаць. Што цяпер?..»

Адвярнуўшыся, Махорка зірнуў на Боганчыка. Той ішоў ля калёс, узяўшыся за ляжэйку, і глядзеў уперад.

Усе былі ля сваіх вазоў - загадалі немцы. Яны загадалі яшчэ не сыходзіцца ў кучу і не гаварыць адзін з адным. Пагоняць перад сабой праз Тартак. Шаша недзе перакапана... На шашы завалы... А тут, на дарозе, яны баяцца мін. І засады баяцца... Хаваюцца за плечы, як у Камене. У Камене яны аж два разы выганялі з вёскі людзей і пёрлі перад сабой на лог да Віліі, дзе на другім беразе былі партызанскія акопы. І старых і маладых...

На дарозе грукалі нагамі немцы, як усё роўна з сосніку, з гары, сыпалася каменне, - ішлі ззаду, услед за падводамі.

Над дарогай падняўся пыл - роўна з лесам, яна стала ўся сівая, як ад дыму. Немцы падымаліся з лагчыны на гару, і здавалася, што яны вылазяць з зямлі - галовамі. Ішла, відаць, рэгулярная часць - немцы варочаліся з вёсак у Краснае ці, можа, нанава хлынулі з-за Віліі шашой, каб праз Краснае і праз Лепель прарвацца на Палік...

На дарозе ад сонца блішчалі вінтоўкі і аўтаматы, як чорнае шкло. Блішчалі, што выпацканыя ў дзёгаць, чорныя прыклады - немцы няслі вінтоўкі стваламі ўніз: на канцах прыкладаў блішчала шырокая белая бляха. Блішчалі ўгары ў пыле штыкі - нажы - і чорныя скрыначкі на плячах у немцаў, мусіць, з патронамі; блішчалі каскі, вялікія, з чыгуны, у якіх дома вараць свінням бульбу, з загнутымі кароткімі брылямі над вачыма, з белымі, маленькімі, намаляванымі матылямі над вушмі; блішчалі плешкі ад балтоў на касках, белыя, што вышараваныя ў пяску; блішчалі на дзягах белыя кацялкі; блішчалі чорныя кулямёты з доўгімі і тупымі рулькамі ў вялікія дзіркі, бліскалі мінамёты за плячыма ў немцаў - маленькія, чорненькія, на жалезных падстаўках, вузкіх і доўгіх, што ўсё роўна на бляхах, на якіх дома ў печы сушылі баравікі і ячмень на крупы...

Махорку здалося, што блішчыць уся дарога... Ён падумаў, што гэта б'е з-за сосніку ў вочы сонца, не дае глядзець, і адвярнуўся...

Пад'язджалі да павароту, да старога раскіданага маста ў лагчыне. За мастом злева на імшарах было недзе Пунішча...

Дарога ішла лагчынай, паабапал дарогі воддаль раслі старыя рэдкія сосны; ля самай зямлі па сівым моху слаўся малады соснік і пад'ялевец.

На глыбокім, густым і дробным, як перасеяным на рэшата, жоўтым пяску на дарозе тырчалі што ўкапаныя сасновыя пні - чорныя смалякі, абдзёртыя восямі і вымазаныя ў дзёгаць, і раслі сасонкі, дробныя, жоўтыя: не ўсталі з зямлі.

З гары, калі ішоў дождж, відаць, гнала сюды пясок, да самага маста; конь правальваўся па калені, і Махорка звярнуў набок, на цвёрдае: на сівец і верас. Ля маста было свежа; над самым соснікам нізка стаяла сонца, і ён блішчаў увесь ад расы. Запахла балотам, гразёю і сырым бабком; зафорскаў конь, чуючы ваду, - хацеў піць.

За мастом дарога выводзіла на стары буй. Пачынаўся Тартак...

На гэтым месцы, выбітым і калясьмі і леспрамгасаўскімі прычэпамі, - тут вазілі да вайны ўвесь час лес да Дзвінасы, пад самае Краснае, - стаяў некалі тартак - лесапілка. Ля лесапілкі быў і млын. Лесапілкі даўно ўжо не стала, а малоць у млын вазіў яшчэ яго бацька, калі быў жывы, Махорка помніць.

На буі ўсюды было панакідана старога дрэва. Доўгае і кароткае, круглякі і пашчапанае, яно ляжала ля самай дарогі, паўязджала глыбака ў зямлю, пагніло, патрэскалася і парасло белым мохам, струпаватым і дробным, што кароста; пазасыпалася жоўтым пяском, які невядома адкуль браўся тут, - мусіць, яго панарывалі краты, точачы норы. Ад сасновага бярвення пааставаліся смаляныя асяродкі - тоўстыя і буграватыя, яны ляжалі на самай дарозе, усё роўна як яе хто вымасціў ад гразі, і драгка было ехаць. Ляскаталі калёсы - здавалася, парассыпаюцца драбіны; кідала з боку на бок, як на грэблі ля вёскі; аднекуль з меха пырскала ў вочы жыта: па зярняці.

Была відаць здалёку белая бяроста - цэлыя кучы, усё роўна як хто нассоўваў яе ды не даў рады забраць ці спаліць; ля бяросты ляжала ўпокат чорная, у белыя пісягі, з нарастамі губы і цэру, крывая, тоўстая, не абхапіць у камлі, бяроза. Сям-там блішчалі сосновыя намазгляватыя, без кары круглякі, не пагнілі і ляжалі ўнакат - у два-тры бярны, - дзе некалі, мусіць, былі высокія, не дастаць з зямлі рукой, шліхты. Пасля іх раскацілі людзі, рассунулі бомкамі і пусцілі ў гатар. Гатар рэзаў цвёрдую з камля, што камень, сасну, засыпаючыся чырвоным ад смалы, як акрываўленым, пілавіннем; крышыў на соль доўгімі і вузкімі, нацягнутымі, як струны, піламі сухія сукі, што ішлі ў дрэве ад самага сэрца; стукаў з натугай, як надрываючыся, калі людзі, упёршыся рукамі, пхнулі яму пад зубы дрэва; пасля ныў, як шалёны, калі аставаўся парожны, раскінуўшы на бакі шырокія, тонкія, белыя, як сыр, дошкі - усё, што асталося ад дрэва. Дошкі хапалі з-пад піл чорныя, у смале, чалавечыя рукі і адкідалі далёка ў шліхту, а з другога боку зноў пхнулі на цялежках па рэйках сасновы цвёрды камель пад самыя зубы, і зноў гатар засыпаўся пілавіннем, задыхаючыся...

Вецер гнаў пілавінне далёка на буй, ці, можа, яго адвозілі далей ад лесапілкі і ссыпалі, і яно ляжыць яшчэ хоць дзе і цяпер, не пагніло. Там, дзе былі сасновыя шліхты, на зямлі блішчыць смала. Яна некалі цякла з перарэзанага непадсочанага дрэва, капала і сохла. Цяпер смала - што журавіны на балоце, калі пачынаюць спець. Яе што насыпана, і яна ўсякая: і жоўтая, і чырвоная, і белая. Лучаюцца і вялікія друзалкі, з яйцо, і меншыя, з арэх.

Ля гнілога дрэва пусціўся расці маліннік. Густы і цёмны, ён слаўся па зямлі, хаваючы з вачэй трасочнік і сівое выпетранае пілавінне. Тырчаў кустамі белы сівец, насеяўся, і пайшоў у рост верас, высокі, сухі і разгаты - адны дудкі. Далей ад дарогі на буі відаць былі кунатыя зялёныя сасонкі - раслі памялом, і адскочыў высокі і гонкі бярэзнік - яго ўжо можна было рэзаць на венікі: мясці ў хаце.

Лес засцілаў і хаваў з вачэй здратаваную зямлю, хаваў першы тартак, які зрабілі тут, калі яшчэ ў хатах ляжалі халодныя, не ступіць босай нагой, з чырвонай гліны, убітай пранікам, падлогі; калі трэба было, паклаўшы на высокія сталюгі дрэва, выразаць рукамі дошку за дошкай...

Махорка помніць: як ён быў малы - на двары ля варыўні на сталюгах рэзалі дошкі. Пілавіння было цэлы двор - аж да ганка.

Праз некалькі гадоў ад тартака астанецца толькі званне; гэта месца: і лог у самы кут да ракі, і буй, і лес за мастом на гары - будуць зваць адно Тартаком, як завуць ужо і цяпер. Толькі доўга яшчэ будзе ляжаць ля дарогі вялікае белае каменне, пакуль не патрэскаецца, не абрасце мохам, не пачарнее і не ўедзе ў зямлю - навек. На ім зноў тады вырасце лес - падыдзе да самай дарогі, як і даўней...

На буі пахла смалой, густой, сасновай. Так пахла смала на падсочцы пад Карчаваткамі. Яна і цяпер яшчэ ляжала там у тарнітках - можна знайсці ля пнёў - застыла, цвёрдая, што камень, і бліскучая, як шкло.

Пах смалы быў сухі і горкі - хацелася кашляць. Здавалася, ён вісеў над дарогай ад учарашняга, калі пякло сонца, - вісеў у лесе, як у сценах, не баючыся халоднай начы і туману.

Немцы ішлі ззаду, услед за Насцінымі калясьмі, - ускруцілі пыл, ён падымаўся вышэй лесу, рабіўся руды ад сонца і поўз над соснікам у лагчыну на балота, - грукалі нагамі пасярод дарогі; саступалі з пяску набок, на траву, заходзячы наперад Буланчыку, агіналі калёсы, як усё роўна шырокай падковай, і зноў блішчалі на сонцы з галавы да ног, аж слеплі ад іх вочы...

Махорка падумаў, што недзе так немцы ішлі і за каменскімі бабамі, калі гналі іх да броду перад сабой...

Немцы, было відаць, ішлі ззаду з перарывам: валілі валам, тады дарога была пустая, стаяў толькі пыл; пасля зноў пачыналі ісці і ішлі без сканчонага.

Цяпер, калі Махорка азіраўся, бачыў, што пыл падымаецца аж за пасекай над лесам - ля шашы. Там раўлі машыны і глуха бразгала жалеза.

На шашы, мусіць, танкі, шашу недзе завалілі, і танкі пойдуць сюды, на Тартак...

- Паганяйце!.. - крыкнуў ён; яго ўсё яшчэ трасло: адпусціць, тады зноў схопіць, як голага...

«Мне ўжо, што зверу... трэба шукаць цёплага месца, каб дзе пагрэцца на сонцы», - падумаў ён.

Над дарогай праляцеў, цыльгікаючы, дзяцел - над самымі калясьмі; запахла аднекуль сырой зямлёй, аж зрывала нос.

Пасля на дарозе ззаду раптам зрабілася ціха, усё роўна што сталі былі і калёсы і немцы...

Калі Махорка пачуў, як стрэлілі - блізка і ядрана, аж рэха пайшло лагчынай, - не пазнаў адразу дзе: здалося, як усё роўна над вухам...

Ён спопаразку адвярнуўся: яны былі ўжо ў лагчыне - у самым Тартаку.

Ззаду за ўсімі махала і махала лейцамі Наста: астаўшыся, паганяла Буланчыка. За ёй усё яшчэ ішлі пярэднія немцы, блізка, падковай. Махорка падумаў быў адразу, што трэба было б памагчы Насце падапхнуць калёсы, бо Буланчыку цяжка па пяску. Пасля ён згледзеў, як становіцца ў пяску і Панкоў конь: пройдзе-пройдзе і стане. Панок сядзеў на возе, звесіўшы галаву. Не было на калёсах толькі Боганчыка. Пацямнела рабая Таніна кабыла - ад пылу.

Пасля адразу ад трэску зашумела ў галаве, і Махорка пачуў, як яго таўханулі знізу калёсы - рвануў, мусіць, Сібірак - і скінулі з воза. Ён, схапіўшыся за ляжэйку, ускочыў быў адразу на ногі...

Р-р-р... - трашчала ззаду на дарозе ля маста, як у агні. Над гарой, адкуль яны з'ехалі, падняўся густы пыл, засцілаючы соснік да самай зямлі. Пыл падымаўся кучкамі і на дарозе ля падвод: блізка ля Алёшавых калёс...

- На зямлю! Дзяцей на зямлю!.. - закрычаў Махорка, не чуючы самога сябе, і пабег, сагнуўшыся, назад ля падвод.

Убачыў быў, як кінула з рук лейцы Наста і пабегла яму насустрач. Страпянуўся на возе Панок: конь рвануў яго разводы з дарогі пад сосны. Панок тросся і кашляў, але яго не было чуваць.

- Дзяцей на зямлю!.. - закрычаў зноў Махорка і падумаў, што Наста яго не чуе: мінула Алёшавы калёсы і бяжыць воддаль ад вазоў наперад, сюды, да мужчын...

Махорка тады падбег да Таніных калёс і, схапіўшы Таню пад пахі, сцягнуў на пясок...

Таня ўчарэпілася яму за рукі і не пускала ад сябе...

- Не ўставай!.. - загадаў ён. - Аш-шалела...

Пасля, стоячы на каленях, убачыў, што Наста ўсё яшчэ бяжыць па пяску, схапіўшыся рукой за грудзі - задыхаецца.

- Кладзіся!.. Здурнела, маць тваю так!.. - замахаў ён на яе рукамі. - Заб'юць...

Наста ўсё бегла, мінуўшы Алёшавы калёсы, - бегла, мусіць, да Тані...

- Алёшу!.. Алёшу глядзі!.. - закрычаў ён зноў.

Але Наста бегла, не чула.

Тады ён згледзеў, што Алёша сядзіць усё на калёсах, не кратаўшыся, як прырос...

Падняўшыся з калень, Махорка пачуў, што яму стала ўсяму горача і круціцца ў галаве, усё роўна як чым яе ўдарылі...

Алёша сядзеў на калёсах, увесь жоўты, што агонь; вадзіў толькі галавой з боку ў бок... Пасля Махорка ўбачыў, што жоўтая стала зямля і мяхі... Падумаў, што гэта ў яго ўваччу.

Недзе блізка заржаў конь. Закрычаў Панок, як усё роўна наперадзе...

Махорка тады, бегучы, глянуў на дарогу і ўбачыў, як у лагчыну, сюды, дзе сталі падводы, хлынулі немцы. Беглі соснікам, прыгнуўшыся; сыпаліся дарогай адзін за адным, топчучы ўсё жывое пад нагамі; падалі пластам на зямлю ў пясок - клаліся аблогай...

Махорку раптам здалося, што з гары сыплюцца мышы... Усё роўна як хто касіў у тым баку на балоце ля маста і, размахнуўшыся касой, падкінуў з кургана ўверх мышынае гняздо... З гнязда рассыпаліся мышы; дробныя, сівыя, яны пішчалі, прыбітыя і парэзаныя, на чым свет стаіць, аж закладала вушы...

Махорка падумаў, што немцы лучылі на засаду, што партызаны зрабілі яе ля маста пад самым Красным, дзе іх зусім не чакалі. Немцы рынуліся ў лагчыну, бо па абозе з засады не стралялі - прапусцілі наперад... Яны хаваліся за людзей, як у Камене...

Махорка пачуў, як над галавой засвісталі кулі, кароценька і востра - цюў! цюў! - і білі па дарозе, па пяску, цвёрда і глуха, усё роўна як хто лупіў цапамі па кучы жыта на праціўні ў пуні. Застрыг вушамі і рвануўся з аглабень Алёшаў конь.

Па іх цяпер стралялі і ад маста, з лесу, з засады, і з балота, куды схлынулі з дарогі немцы... Яны цяпер, усе сямёра з падводамі, асталіся адны на дарозе... Трэба бегчы ўсім за паварот да маста - да партызан. Каб толькі Алёшу схапіць з воза...

- Кладзіся, дурная!.. - крыкнуў ён зноў Насце. Яна бегла якраз на яго, раскінуўшы рукі, усё роўна як хацела злавіць... Яму здалося, што ў яе чорныя вочы, як галавешкі, і вялікія-вялікія. Бегаюць і бегаюць, не ведаючы, за што ўчапіцца...

Ён як быў сагнуўшыся, дык і штурхнуў яе абедзвюма рукамі - у самую паясніцу... Яна расцягнулася была на траве, на белым сіўцы, выставіўшы ўперад рукі, тады раптам страпянулася ўся і, ускочыўшы, пабегла зноў наперад...

«Да Тані...» - падумаў Махорка і закрычаў:

- Назад! Назад да маста! Сам забяру дзяўчыну.

Наста бегла цяпер сагнуўшыся, як і ён, Махорка, не махала рукамі і, павярнуўшы галаву, глядзела адно, утаропіўшыся, на той бок дарогі, да маста, адкуль стралялі...

Пасля Махорка ўбачыў, як падняўся на заднія ногі Алёшаў конь - задзёрліся высака ўгару, аж стаймя, белыя аглобні - тады памалу-памалу пачаў асядаць на дарогу, усё роўна што баючыся ступіць на яе бліскучымі, вышараванымі аб пясок падковамі... Чмякнуўся пасля цяжка, што ссечанае дрэва, схаваўшы ў пясок галаву з вялікімі мокрымі вачыма... Зазвінела, лопнуўшы, атоса і стукнулася канцом па зямлі ля самых ног у Махоркі - спераду. У вочы пырснуў пясок.

Цяпер Махорка ўбачыў Алёшу высака на мяхах... Той сядзеў нагнуўшыся ўперад і, раскрыўшы рот, глядзеў на дарогу - на каня... У яго расшпілілася на грудзях чорная рубашка - раз'ехаўся замочак - і спаўзла з плячэй. Было відаць голае маленькае худое плячо - пачырванела збоку - Алёша, мусіць, адлежаў яго на мяхах, едучы ўсю дарогу.

Махорку зноў было здалося, што Алёша ўвесь жоўты...

- Далоў!.. Далоў, сукін сын... Адурнелі ўсе...

Махорка выпрастаўся ля самых калёс і ўбачыў, як з мяхоў кулем скаціўся на зямлю Алёша, нібыта Махорка яго лавіў і ён не хацеў дацца ў рукі...

- Назад, сукін сын!.. У Лажок, да маста... У Лажо-о-ок... Да ма-а-ста... На-аста!.. На Пунішча!..

Цюў, цюў... Кулі зачапілі мяхі ў Алёшы на возе, блізка, ля самых грудзей у Махоркі. Па шчацэ сцебанула жыта, усё роўна што пырснула з-пад цапоў у малатарні... Пасля ён пачуў, як яго ўдарыла ззаду нечым цяжкім і цвёрдым у плечы...

Затрашчала цяпер за мастом, на самай гары, адкуль яны ехалі, - за паваротам... Стралялі і адтуль, мусіць, удоўж па дарозе сюды, у лагчыну, куды беглі немцы...

Адняліся раптам ногі па самыя калені; Махорка хацеў быў учапіцца рукой за ляжэйку, але не слухала рука. Здалося, што дарогай пагнала жоўты пясок; пясок заняў аж па пахі, і ў ім мякка стаяць, што прыхінуўшыся на лагу да капы сырога сена. Горача стала ў плечы і мокра - гэта сена стаяла, складзенае ў капу ўсю ноч, угрэлася і гарыць...

Ён здагадаўся: па ім стралялі з балота немцы - якраз у спіну... На партызана падумалі: бегае па лесе ў чорным...

Падаючы, ён чуў, як дугала на дарозе, нібыта гналі ад маста ў лагчыну коней. Убачыў, што зноў бягуць немцы, азіраючыся і страляючы назад. Далёка, на самай гары за мастом, бушаваў агонь - высокае жоўтае полымя лізала соснік. За ім не было відаць неба.

Пасля Махорка ўбачыў, што гарыць і ля маста - гарыць лес; немцы ўсё бягуць яшчэ дарогай адтуль - заднія, мусіць, - падаюць, устаюць і зноў бягуць сюды, у лагчыну.

Ударыўшыся аб зямлю, ён пачуў, што захлынаецца ад пылу. Запахла гарам... Здалося, гарыць вёска - Сяргеішына хата і свіран - і бягуць з вёдрамі людзі...

Пасля ён убачыў угары белае неба, яно было гарачае-гарачае, як учора днём, калі зганялі ў вёсцы людзей. Горача стала ўсяму - знізу, ад зямлі. Разанула глыбака-глыбака ў плячах... Балюча зрабілася ў грудзях і мокра... Займала дыхаць...

Здрыганулася недзе падыспадам зямля, і стала адразу ціха.

З калёс з меха пасыпалася жыта - яму на рукі.

Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся на дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгім зернем.

«А нам, татарам...» - падумаў ён і яшчэ быў падняў руку...

 

14

 

Конь напінаецца ў аглобнях, усё роўна як у пастронках, калі ідзе гранкай, запрэжаны ў плуг. Завальваюцца колы ў выбітыя ямы на дарозе, і Панку зноў здаецца, што ён дома ў гародзе ад фермы ганяе гранкі...

Выскоквае плуг, ссоўваючы ў баразну разам з зямлёй мёрзлы чорны бульбеўнік, хоць крук ад ворчыка зачэплены аж на крайні зазубень, і тады трэба яму, Панку, ідучы баразной, трымаць ручкі адной рукой, а другой хапаць за тугую павіваную новую пяньковую лейчыну і цягнуць на сябе што ёсць сілы. Лейцы паўзуць на спіну - Панок быў зачапіў іх за шыю, і ён спыняе каня. Скідае лейцы з шыі і завязвае іх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкі, якую сам вычасаў учора тапаром, на дрывотні агабліў скоблямі і прапёк у ёй, нагрэўшы ў пячуры ў чырвоным вуголлі шыла, дзірку, каб асадзіць на пляскаты жалезны канец.

Ручка не выслізганая, за яе добра трымаць плуг, і Панок паклаў на яе даланю, падпёршы знізу, а пальцамі напінае лейцы. Каню цяжка ісці высокай гранкай: параконны плуг з шырокай паліцай лезе аж да жоўтага пяску, адкідаючы ў мелкую ад акучніка баразну шэрую густую раллю.

Трашчыць пад нагамі ў каня і пад дышлем у плузе каліўе мерзлага сухога бульбеўніку - яго не паспелі зжаць, схапіў мароз; стукае адно аб адно каменне - скочваецца з гранкі на дно ў баразну; лопае ззаду ў баразне крыллем певень - кліча курэй.

Пахне зямлёй і сухім авечым гноем, які не згніў за лета на гародзе пад ферму; пахне сырой глінай і свежым хрэнам, парэзаным у зямлі вострым нарогам, - гэта ля самай мяжы ад вуліцы.

Пахне бульбай на ўвесь гарод, як у варыўні з загарадкі...

Калі Панок на завароце пускае каня на мяжу ў лебяду і канаторжнік і, узяўшы ў руку пугаўё ля самага канца, счышчае ад гліны і пяску паліцу ў плузе, тады адгінаецца, каб перавясці дух і адкашляцца, - бачыць чорную гранку з бліскучай баразной на дне. Баразна блішчыць там, дзе ішоў палазок, - доўгая, ад віліцы аж да фермы, і ўся жоўтая ад паспешкі і сібіркі. Ля самых ног на чорнай раллі ляжаць, што дробная бульба, скручаныя ў кольцы белыя чэрві з жоўтымі галовамі - павыворваліся глыбака з зямлі, і іх клююць куры, кудакчучы на ўвесь гарод. Куры бягуць услед за плугам, даганяюць і дзяўбуць за канец - за вузел - белую вераўчаную пугу.

Додніцай быў мароз - ляжаў на траве іней, - і холадна ў баразне ў босыя ногі; на пырніку на гранках і на бульбеўніку блішчыць на сонцы раса, усё роўна што бітае шкло, якога панавозілі ў гарод з гноем за многа гадоў.

Узышло сонца, паднялося над соснікам; на чыстым небе яно аж пераліваецца, скача ўваччу, і чуваць, як пачынае грэць у спіну, усё роўна што стаіш ля чалесніка, калі топіцца ў печы.

За ракой, на Выганчыку ля грэблі, туман - падняўся ўгару роўна з альшэўнікам, і відаць, як з зямлі ад агню, дзе спалі ноччу начлежнікі, ідзе дым. Туман відаць і ля лесу на загуменні, дзе ляскочуць па дарозе калёсы.

Ціха, чуваць, як у тым канцы вёскі галяшыць певень; скрыпяць дзверы на загуменні ў некага ў пуні; з комінаў ідзе высака ўгару дым, слупам, што зімой у мароз. Неба рэдкае - днём будзе горача.

Загуменнем вядуць коней - людзі запрагаюцца выбіраць бульбу...

Спаўзае ў баразну конь, лезе наверх плуг - не памагае, што падымаеш яго ўверх за ручкі: глыбака пасеялі вясной бульбу, на пяску - баяліся, што будзе сухое лета. Горача робіцца ў плечы, яны макрэюць; ліпне да лапатак кашуля. Трэба было б паклікаць Верку вадзіць каня, але яна не спарадкавала яшчэ ў печы; пасля пабяжыць да Махоркі пазычыць мяхоў: прыйдуць з вёскі выбірачкі, каб не стаялі. Хаця, усё роўна трэба будзе ссыпаць бульбу ў кучу - накрыецца нанач бульбеўнікам, саломы можна будзе паднесці, калі пакажа на мароз... Ды і нашто яе ўсю вазіць неперабіраную на двор у варыўню... Назад у яму тады зноў вазі - насіся толькі з поўнымі мяхамі цераз парогі. Такой пагодай бульбу можна адразу вазіць і сыпаць у яму.

Пахне з двара з коміна гарэлым сасновым памялом - Верка выпаліла ў печы і садзіць хлеб. Вялікія, белыя і цяжкія буханкі, памечаныя пальцамі па краях, яна ссоўвае з шырокай, пасыпанай мукой лапаты на падмецены памялом дачыста под.

Выбірачак трэба будзе садзіць у палудні за стол; хлеб якраз спячэцца і астыне ў сенцах на шафарні, абліты зверху халоднай вадой.

Выбірачкі прыйшлі загуменнем; пралезлі ў плот, сагнуўшыся і адсунуўшы ля нізу, ля самай зямлі, жэрдку, - Наста наперадзе, другія за ёй; паскідалі з плячэй суконныя жакеткі і сачыкі: ведаюць наперад, што ўгрэюцца, - і сталі займаць гранкі, кідаючы ў барозны, яшчэ здалёку, новыя белыя каранёвыя кошыкі. Наста прынясла з сабой з дому на плячы мяшкі; пайшла баразной, скідаючы іх адзін за адным на гранку, каб пасля далёка не насіць у руках поўныя кошыкі; дастанецца і так: гранкі даўгія, ад фермы ад мяжы да самай вуліцы, - пастой, сагнуўшыся карчом увесь дзень, пагрэбай зямлі, што курыца...

Выйшла Верка з двума кошыкамі на руцэ - згледзела, мусіць, у акно выбірачак, пазносіла жэрдзе ад спрагі на мяжу ў гарод, загаманіла здалёку да Насты і паставіла кошыкі ў баразну ад вуліцы - будзе гнаць гранку адтуль, чаго яшчэ ісці гэтулькі, каб заняць ад фермы. Панок убачыў, што яна прынясла ў кошыку мяшкі, дастала, мусіць, новыя ў сенцах з шафарні. Можа, цяпер, калі Наста прыйшла са сваімі, яны абыдуцца, не трэба будзе ісці пазычаць да Махоркі.

Верка вытрасла з кошыка мяшкі на мяжу, ля самага акопа. Абмежак ад вуліцы быў увесь скапаны, яго парылі партызаны з «Жалезняка», калі стаялі двое сутак у вёсцы, а ў Сушкаве былі немцы. У вёску тады немцы не прыйшлі, не пусцілі партызаны.

Мяжа здалёку ўся чорная ад зямлі, здратаваная, налета яе ўжо не абаб'еш касой. Гарод іхні якраз на гары, проці маста, з яго відаць аж далёка на грэблю, і партызаны зрабілі ў ім дзот. На самай паспешцы ля мяжы - паспешка яшчэ не была скапана - вырылі яму глыбака, да гліны, нацягалі з-за плота з дзядзінца чосанага Боганчыкавага бярвення - Боганчык часаў бярвенне на свіран - і склалі дзот у два накаты. Тырчыць з зямлі ў гародзе, як бугор, жоўты зверху ад пяску; пясок высах, абсыпаўся, і відаць здалёку новае белае бярвенне. Партызаны былі нанасілі ў дзот саломы; салома, лежачы, адсырэла, і з дзота пахне цвіллю, што вясной з ямы, дзе ляжала не адкрываная ўсю зіму бульба.

Ля дзота Панок яшчэ не разганяў гранак: паспешка тут скапана ад вуліцы аж да палавіны гарода. Ад фермы можна будзе пасля раскінуць хвасты, выберацца мяшкоў шэсць на насенне, а астатняе дазбіраецца за плугам, як будзе пераворвацца ўвесь гарод, - пойдзе ў маленькую загарадку, свінням, у яму не павязуць. Калі будзе гэтак суха, як цяпер, гарод можна пабаранаваць; бульбы з-пад бараны свінні не наядуцца, мех-паўтара будзе, затое бараной збярэцца мёрзлы бульбеўнік - дуддзё - і пырнік. Спаліць яго можна пасля, як высахне; на двор жа не прынясеш, каб кінуць ля хлеўчыка пад ногі ў гразь. Пырнік перазімуе, а тады з гноем вясной зноў яго вязі на калёсах у гарод.

Ад фермы з гары конь ідзе гранкай, не завальвае ў баразну, і не трэба тузаць лейцамі. Паліца адкідае далёка, аж праз гранку ў баразну, раллю з бульбай і каменнем; не збіраецца ў кучу і не падпірае пад дышаль пырнік з бульбеўнікам; скрыгоча толькі па каменні ў зямлі нарог - трэба трымацца за ручкі: можа выскачыць наверх плуг, адсядай тады назад, тапчы бульбу. Калі едзеш ад фермы - баразна роўная, што пад шнур, і чыстая: ступаеш што па ўбітым гліняным таку, і чуваць, як спаднізу ад сырой зямлі холадна ў ногі. Чуваць яшчэ - падае ззаду на дно ў баразну бульба і каменне і лучае па костачках; трэба было ўссунуць што на ногі, хоць басанож.

Шваргочуць выбірачкі; доўга яшчэ будуць падымаць, сагнуўшыся ў гранках, адна да адной галовы, трасуць кошыкі, узяўшы за ручкі - падсяваюць бульбу, каб не насіць лішні пясок у мяшкі, і яна грукае ў сухіх каранёвых кошыках. За выбірачкамі ззаду сохне ўвачавідкі чорная ралля: бялее зверху, нібы яе хто пасыпаў дробна попелам праз пальцы. На падсохлай раллі відаць чырвоная бульба - асталася па бульбіне - і белае дробнае каменне, якога летам не было - павыворвалася спаднізу; капаюцца куры, грэбаюць нагамі свежы пясок, дзяўбуць белае карэнне ад пырніку, тады збягаюцца ў адно месца і кудахчуць на ўвесь гарод - не падзеляць чарвей.

Пасля зноў гамоняць і гамоняць выбірачкі, адагнуўшыся і носячы поўныя кошыкі высыпаць у мяшкі. Белыя высокія мяшкі стаяць на гранках ля плота, насыпаныя аж па завязку; яны не завязаныя, і з іх здалёку відаць чырвоная бульба, па кулаку. Мяшкі выбірачкі не завязваюць, іх завяжа сам Панок, калі перапражэ каня ў калёсы. Завязваць мяшкі трэба мужчынскія рукі; кожны мех, узяўшы за рагі, даводзіцца трасці, каб зляглася бульба і было за што зверху акруціць завязку, бо мяхі выбірачкі насыпаюць поўныя, хоць адсыпай; не ўсе і мяшкі з завязкамі - лазь тады з рукамі па кішэнях, шукай аборыну ці кавалак рубца ад падала старой кужэльнай кашулі...

Бульба тырчыць у мяшках вялікімі гузакамі, і мяшкі аж распаўзаюцца па швах: бульба вялікая, з прыгоршчы, сіськаватая; пад вуліцу, дзе ніжэй, яна зусім збуяла і ляжыць у гранках як карчы - на яе не ступіць нагой: спатыкаешся, што на каменні.

Ля вуліцы на мяжы, ля самага акопа, учапіўся ў плот ворчык, залез між жардзя - ні ўзад ні ўперад, і Панок, паклаўшы плуг набок, на паліцу, стаў на калені на мяжу ля плота. Хацеў быў клікнуць Верку - яна была блізка ад плота ў баразне, - каб яна адцягнула за лейцы назад каня - лезе, падла, наперад, траву ля плота знайшоў, што галодны, - як раптам пачуў: недзе далёка за хатай на балоце ціха і густа ляскоча, нібы хто пагнаў грэбляй у Кур'янаўшчыну калёсы на жалезным ходзе.

Панок адагнуўся і прыслухаўся - гудзела. Ён тады глянуў у гарод на выбірачак: у баразне стаяла Верка з бульбай у руках і глядзела на яго. Ён хацеў быў крыкнуць, чаго гэта яна стала і стаіць; махалі ў гранках рукамі, сагнуўшыся, выбірачкі - нічога не чулі, гамонячы. Ён падумаў тады, што, можа, яму здалося; пасля пачуў, як зноў за хатай дробненька і дзярката хлябешча, і ўскочыў на ногі. Згледзеў адразу, як, пастаўшы, паднялі галовы выбірачкі, пасля ўбачыў, як за хатай, над самым Выганчыкам за ракой, ляціць, скрывіўшыся, самалёт. Вялікі, чорны, у два крылы, што ў дзве шырокія дошкі, ён ляцеў якраз на ферму - на гарод. Калі ён быў ужо над самай аселіцай - кратаў рагатым крыллем, - Панок убачыў яшчэ два самалёты, а за імі воддаль і яшчэ тры. Яны ляцелі над самым соснікам за Боганчыкавым хлевам і вышэй, як гэты, што над аселіцай, - ад іх аж трашчала ўвушшу.

- Заходзяць ад лесу!.. - крыкнуў ён адразу і ўбачыў, што стаяць пасярод гарода выбірачкі, ніхто не кратаецца... Пазадзіралі толькі вышэй галовы: аж цяпер згледзелі самалёт, што ляцеў з-за рэчкі. Самалёт мінуў ужо хату і ляцеў над самай вуліцай - ля хваста ў яго выразна быў відаць жоўты крыж.

Панок хацеў быў крыкнуць выбірачкам у гарод, каб не надта задзіралі галовы, як яго схапіў раптам кашаль. Затупаў на мяжы па пяску конь, падняўшы пыл, таптаў лейцы з пастронкамі; пасля Панок пачуў, як на двары за тынам глуха трэснула, нібы хто стукнуў векам па пустой кадзі ля студні; тады захлопала на вуліцы ля паркана і па гародзе ля плота - па самай паспешцы. На паспешцы падняўся з зямлі ахапкам белы дым, усё роўна як там панаставілі новых мяшкоў з бульбай праз усю гранку; захліпала полымя - гарэла зямля і мёрзлы бульбеўнік.

Даг-даг-даг... - застукала над галавой, ядрана і сіпата. Фюр-р-р... Фюр-р-р... - засвісцела ценка і праціўна, і пачало покаць ва зямлю ля плота: пок, пок... Тузануў пастронкі конь, падкінуў плуг, але каня не пусціў ворчык.

- Ве-ерка!.. Дзеці ў хаце!.. - закрычаў Панок; пасля хацеў крыкнуць Насце, каб не стаялі бабы, клаліся ў барозны.

Калі ён глянуў на гарод, убачыў, што бегае ля Махоркавай пуні конь і там крычаць мужчыны, тады згледзеў, як пусціліся з гарода мяжой па паспешцы адна за адной выбірачкі - лезуць у плот у спрагу і бягуць загуменнем за ферму ў лазу.

Даг-даг-даг... - стукала ўжо над Боганчыкавым хлевам. Самалёты, што ляцелі над соснікам, павярнулі ад лесу і хлебясталі цяпер над самай вёскай; з доўгімі і шырокімі чорнымі крыллямі, яны, здавалася, зачэпяцца на двары за асвер.

- Верка! - крыкнуў зноў Панок і ўбачыў, што яна ўжо ў спразе - бяжыць на вуліцу. - Дзяцей вынось!

Пасля ён пабег сам у спрагу... Таркануўся быў на вуліцы на пяску, мусіць, хацеў, вярнуўшыся, падбегчы яшчэ да каня - конь тузаў ля плота пастронкі, - тады піхнуў ад сябе вароты - Верка была іх зачыніла за сабой - і ўскочыў на двор.

Даг-даг-даг... - хлебястала цяпер ужо недзе ў вёсцы. На загуменні падняўся ўгару сівы дым і калыхнулася полымя - белае днём, што сонца - Гарэла Махоркава пуня - снапы. Пасля Панок убачыў, як дым падняўся пасярод вёскі.

Ля самага акна на двары ён пачуў, як запахла дымам і есца ў вочы. Схапіў кашаль, не даючы бегчы.

Зноў загудзела над самым дваром.

Дзверы былі расчынены, і ён, учапіўшыся за вушак, крыкнуў у сенцы:

- Дзяцей!.. Дзяцей вынось... Ве-е-ерка!..

 

Калі Панок пачуў, як глуха застукалі па калдобах цяжкія з мяхамі разводы і яго валіць да ляжэйкі, здагадаўся: панёс конь.

Ён ухапіўся ў дзве рукі за лейцы, але яны вышмаргнуліся з пальцаў, абдзёршы да крыві скуру; тады, нагнуўшыся ўперад, ён акруціў лейцы каля рук: каля адной і каля другой аж у два разы. Конь напінаў лейцы, задзёршы галаву і выставіўшы ўперад шыю - усё роўна як падносіў пад нож, і Панок пачуў, што яго цягне лейцамі ў перадок: каню пад заднія ногі...

- Тыр-р-р... Скаціну маць!.. - закрычаў ён і закашляўся.

Конь, вывернуўшы з пяску на ўбітае, мінуў адразу Боганчыкавы калёсы, зачапіўся быў колам за заднюю вось, мінаючы Махорку, і цяпер пёр угалоп у лагчыну, куды сыпаліся немцы. Седзячы высака на мяхах, Панок бачыў, як немцы, бегучы, стралялі назад - да маста.

Жых... Жых... - зверху на спіну каню і на выцягнутыя рукі яму, Панку, сыпаліся сасновыя лапкі, дробныя, што пасечаныя тапаром, нібы хто церабіў уверсе соснік.

Ззаду ля маста стагнала ўсё на свеце; здавалася, недзе кіпіць вар у вялікім гаршку...

- Махо-орка!.. - клікнуў быў Панок і аглянуўся назад, але нікога не згледзеў: ні Махоркі, ні Боганчыка. Дарога была пустая, як хто вымеў. Конь браў рэдкім соснікам пад гару: трашчала пад коламі сучча, па вачах білі калючыя сасновыя лапкі, свісталі над галавой кулі, як хто махаў ценкай пугай: піць... піць...

Тах-тах-тах... - хлебястала недзе зусім блізка ў сосніку ля маста.

Панок быў раптам пачуў, што сунецца з мяхоў некуды назад, як у яму. Ён яшчэ больш учапіўся за лейцы і глянуў пад сябе: пад ім быў пусты мяшок.

«Развязаўся...» - падумаў Панок, пасля згледзеў, што мяшок усё роўна як парэзаны касой - доўга, на дзве пядзі, ля самай завязкі. Завязка, было відаць, заціснута на засмаржку.

«Куляй разанула...» - надумаў ён. Пасля падумаў, што куля зачапіла мех ля самага сцягна і што ён, Панок, не пачуў, як высыпалася ў дзірку жыта...

Уперадзе на гары быў відаць расцяроб; доўгі, чысты і жоўты ад пяску, ён вёў соснікам уніз, у імшару.

Панок адваліўся назад, у яму на возе, дзе ляжаў цяпер пад ім пусты мяшок, ухапіўся дзвюма рукамі за левую лейчыну, каб завярнуць каня ў расцяроб. Конь не слухаў: скакаў галопам, падкідаючы высака ўгару дугу і сыплючы калючым пяском і сухім мохам у вочы... Тады Панок упёрся нагамі ў драбінку ў разводах - у перадок - і, цягнучы за лейцы, адваліўся на калёсы аж на спіну.

Адзервянелі ногі, забалелі рукі ў лакцях, смылела, як пасыпаная прыскам, здзёртая лейцамі скура ля костачак...

Конь спачатку таркануўся на месцы, спатыкнуўшыся на пярэднія ногі, тады, падцяты лейцамі, рвануў убок, да расцяробу...

Падцялежыліся разводы, крута, стоячы на адным месцы; вывіхнуліся з-пад панараду цялежкі, бліснуўшы белымі шынамі, затрашчалі, ломячыся, аглобні...

Панок пачуў, як яго раптам падкінула ўгару, ударыўшы ў бок ляжэйкай; пасля ён усё роўна як паляцеў у яму разам з мяхамі і разводамі. Калі ён угледзеў на зямлі перад сабой цялежкі - новую жоўтую дубовую вось і бліскучыя, вышараваныя аб пясок шыны на колах, - падумаў, што саскочыў падгэрац і сагнуўся недзе шворан, што конь, акруціўшыся, зноў выбег на дарогу... Панок, падцягнуўшы пад сябе на пяску ногі, ускочыў з зямлі, каб не дацца каню; пацягне назад да маста, пад самыя стрэлы... Пачуў, як яго ўдарыла ззаду ў лапатку, моцна, што конь нагой... Разанула па шыі, як нажом, высака, ля самай галавы. За каўнер аднекуль цурчом пацякла гарачая вада, што вар... Падпёр над грудзі кашаль...

Ціў... ціў... - запішчала над галавой. У каня пад нагамі ля цялежак падняўся пылок - у сухім белым сіўцы і дробным верасе. Стралялі з балота... Немцы...

Заржаў конь, кораценька і глуха, як стогнучы, усё роўна што хацеў піць і ўгледзеў вядро...

Пасля Панок пачуў, што яго моцна тузанула за рукі; закруцілася ў галаве, павярнуліся дагары зямля і новыя цялежкі з дубовай жоўтай воссю і бліскучымі шынамі...

Ён чуў яшчэ, што сунецца і сунецца некуды па зямлі, мусіць, зноў расцяробам па імшары, бо пахла аднекуль кіслым белым мохам і журавінамі... Тады здалося, што ён уваліўся ў мох між куп'я... Мох высокі, роўна з соснікам... Адпусціў кашаль, і мякка-мякка ўсяму...

Мігнулася ўваччу Верка з малымі на руках; бегла з хаты, выносячы дзяцей у аселіцу, у альшэўнік да ракі. Над дваром, над самым асверам, махаў крыллем чорны, як збіты з дошак, самалёт з жоўтым крыжам ля хваста...

Панок быў пачуў яшчэ, як пасля запахла сухім пяском - пылам, - і падумаў, што конь цягне яго дарогай - дамоў, у вёску...

 

15

 

Януку, калі ён, апёршыся галавой на рукі, глядзеў з калёс назад на дарогу, дзе ішлі немцы, здавалася, што ён дома - у Дальве ля школы. Прываліўся, падышоўшы да варотцаў, да частаколу, а немцы ідуць і ідуць дарогай з лагчыны ад могілак - з Сушкава...

У школу яны былі пераехалі адразу пасля пажару - усёй сям'ёй: ён, Янук, сын Піліп з яго, Януковай, нявесткай і малым Колечкам; пераехалі без нічога, у чым стаялі.

Школа была за грэбляй, далекавата ад Дальвы, на гары ля могілак пад Сушкавам. Драўляная - бярвенне, шырокае і чэсанае, што плашкі, парабілася ўжо сівое; накрытая чырвонай бляхай - бляха была відаць здалёку: блішчала на сонцы; з вялікімі вокнамі - знізу аж уверх на ўсю сцяну; на высокім - па пояс - падмурку з шэрага абсечанага гладкага камення, школа даходзіла да самай дарогі, шырокай, убітай калясьмі, парослай вечна сівым ад пылу падарожнікам і старым высокім, па костачкі, дзядзеўнікам.

Школу абгарадзілі дробным і роўным, з-пад пілы, частаколам, шырока заняўшы паўдзядзінца на самай гары. У куце на двары, дзе рос палын, белы і высокі, па самыя пахі, стаяў хлеў, накрыты гонтай, - у ім складалі ў вёрсты на зіму дровы. За хлевам у палыне і канаторжніку былі ямы, дзе сушкоўцы хавалі бульбу, - там жаўцеўся стары пясок, перакапаны рыдлёўкамі і стаптаны нагамі на попел.

Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Сасновымі цалёўкамі быў абабіты і зруб, яго кожны раз аблівалі расплёханай вадой спераду, дзе стаўлялі вядро, і ад таго цалёўкі былі цвёрдыя і выслізганыя, як шкло.

Дзеці ў школу не хадзілі, і двор парос густой белай дзяцельніцай з дзядзеўнікам, хоць касі; распусціліся ля самага ганка белыя раманы, шырокія, з даланю; за студняй ля частаколу на мяжы набух цёмна-жоўтымі пупышкамі, як ад мёду, высокі і зялёны, малады дзівасіл.

Голыя, без травы, на двары былі толькі дзве сцежкі; сівыя ад пяску, убітыя босымі нагамі, што сырая гліна на таку, яны блішчалі цераз увесь двор ад школы да хлева, куды ўсю вясну бегалі дзеці, і да студні, адкуль насілі ваду.

На двары было пуста і горача; пуста было і на грэблі, і ў Кур'янаўшчыне. Пад самым Сушкавам, за дарогай, далёка над садам вісела маленькае сонца, бралася на паўдня. Хацелася ў Дальву: дамоў. Пайсці, сесці на двары на калодку пад парканам і глядзець здалёку на месца, дзе стаяла да пажару хата. Хата была з трысценем, а зусім мала заняла двара - адну чорную латочыну. На такой латочыне, здавалася, цяпер не зрубіш вялікай хаты. Хацелася яшчэ пайсці, узяўшы ў школе рыдлёўку, і капаць пажарышча - перасыпаць з месца на месца пясок і попел са шклом у тым куце, дзе стаяў куфар...

У Дальве было відаць белае пачэсанае бярвенне - ляжала ў некага на гародзе ў спаленым канцы вёскі: яго навазілі адразу пасля пажару.

Янук пайшоў бы ў вёску, каб не згледзеў, як у лагчыне ля Сушкава падняўся пыл. Калі Янук павярнуўся і глянуў на дарогу, немцы ўжо ішлі дзядзінцам - па траве. Пярэднія ехалі на веласіпедах; сядзелі на іх што на плоце, ажаргаўшы жэрдзе; заднія ішлі пехатой - кучкамі.

Янук доўга стаяў на двары, тады ўзяў падышоў да самых варотцаў і апёрся грудзьмі на частакол. Немцы на яго не глядзелі - ніводзін не павярнуў галавы. Ішлі запыленыя, як з млыну; Янук згледзеў, што ў тых, якія ехалі, ажаргаўшы высокія чорныя веласіпеды, за плячыма былі вінтоўкі, пазатыканыя белымі, скручанымі ў трубачку анучкамі.

Янук бачыў немцаў першы раз: у Дальве яны яшчэ ні разу не былі, хоць гаварылі, што яны ўжо занялі Краснае. Яму здалося, што ўсюды стала яшчэ горш ціха і ён зусім нічога не чуе. Ён стаяў і глядзеў, як яны труць нагамі траву на дзядзінцы, ідучы, і кураць. Кураць усе да аднаго, нават тыя, што едуць на веласіпедах. Дастаюць папяросы з маленькіх белых бліскучых пачкаў, кідаючы парожнія пачкі пад ногі, прыкурваюць, дымяць, усё роўна што пара ідзе ў іх з рота на марозе ў кожнага; здаецца, глытаюць і дым і пыл з-пад ног, пасля плююць у пясок і шпурляюць далёка ад сябе запалкі - аж на двор да школы.

Запахла з дарогі пылам - стаптанай нагамі сухой травой і дымам ад папярос. Дым пахнуў густа і мякка, і ад яго аж круціла ў носе...

Янук тады адшчапіў кручок у варотцах і выйшаў на дзядзінец. Стаяў спачатку ў канаторжніку ля самага частаколу, прыціснуўшыся, і глядзеў, як да варот паварочваюцца галовы ў пілотках - немцы пачалі глядзець на яго. Яму здалося, што яны пайшлі бліжэй, ля самага частаколу, і тады баяўся, каб не стапталі ногі.

Ён убачыў цяпер, што немцы ўсе ў жоўтых дзягах: і падпяразаны шырокімі жоўтымі дзягамі, і плечы ў іх пераматаны, што ў коней, жоўтымі набераткамі, і вінтоўкі ў іх кароткія і жоўтыя... Самі толькі сівыя ад пылу і ўсе дробныя і маладыя, маладзей за мужчын у вёсцы. Яны ўсё ішлі і ішлі без аддухі, пасля зноў ехалі на веласіпедах і курылі, кідаючы акуркі яму аж пад ногі.

Янук тады выйшаў на сцежку проці варот. Згледзеў адразу, што немцы абыходзяць яго. Ён тады стаў стукаць пальцам сабе ў грудзі, пасля выцягнуў руку:

- Т-тваю маць...

Немцы абыходзілі яго, азіраючыся і скалячы зубы: нешта гаварылі...

- Тваю м-маць... - запыкаў ён зноў вуснамі, здалося, аж сам пачуў, і паказваў пальцам на папяросы.

Немцы сталі яшчэ больш выскаляцца - што сабакі - і стукалі яго рукамі па плячы...

- Т-тваю маць... - пыкаў і пыкаў ён вуснамі.

Пасля ён убачыў, як да варот пад'ехалі два немцы на веласіпедах. Першы, маладзенькі і чорненькі, увесь у бліскучых гузіках спераду на грудзях, саскочыў з веласіпеда і скоранька паставіў яго ля частаколу - Янук падумаў адразу, што немец будзе нечага заходзіцца ў школу. Другі немец, такі ж малады, у галіфэ і бліскучых ботах - гузікаў на грудзях у яго было менш, - толькі саставіў нагу на зямлю: апёрся, трымаючыся рукамі за руль, што за рогі.

Пасля першы, што саскочыў з веласіпеда, падбег да яго, Янука, і паказаў рукой на галаву - у немца краталіся сківіцы, відаць, загаварыў. Тады зноў паказаў на галаву - адной і другой рукой.

Янук падумаў, што немец хоча, каб ён здзеў з галавы шлём, - у яго быў надзеты шлём з задзёртымі і зашпіленымі збоку на гузікі вушамі, з пупам наверсе і з цвёрдым брылём. Новы яшчэ шлём, Піліп прынёс яго летась зімой з фінскай вайны.

Янук хацеў здзець шлём - немцы не любяць, калі з імі стаіш у шапцы, - нават задзёр рукі, як пачуў, што шлём у яго раптам схапілі з галавы - рванулі, тузануўшы за валасы. Пасля немец, сціснуўшы ў жмені шлём, што мыш - тырчаў толькі адзін пуп: уперад, - панёс яго да варотцаў, усё роўна як нёс куды на двор. Падышоўшы да варотцаў, ён паклаў яго зверху на частаколіну пупам, выхапіў аднекуль, Янук не згледзеў адкуль, белы шырокі кінжал і секануў з-за вуха. Пуп адскочыў далёка на двор на траву, у канаторжнік, што галава ў курчаці з калодкі ў трэскі на дрывотні... Шлём упаў з варотцаў у дзядзеўнік ля Януковай босай нагі. Зверху, з растапыранай дзіркі, выехала белая вата.

 

Галава ў Янука сашмыкнулася з рук: ссунуліся, мусіць, з калень локці, самлеўшы, і ён кіўнуўся на возе, як спрасоння. Калі ён выпрастаўся, убачыў, што былі ўжо за мастом у лагчыне і што наперадзе пагналі коней - адна Таніна рабая кабыла стаіць на месцы ў самым пяску. Пасля ён убачыў, як бег нечага назад, кінуўшы каня, Махорка, і падумаў, што ён, Янук, ехаў, гледзячы ўвесь час у зямлю, і не ведае цяпер, што робіцца наперадзе. Махорка нешта крычаў, але не яму, бо не глядзеў на яго, - махаў усё рукамі некаму ззаду: мусіць, Насце. Махоркаў конь стаяў уперадзе пасярод дарогі, пад гарой - гроб пад сябе ўсімі чатырма нагамі пясок, што коўзаўся непадкаваны на лёдзе.

Тады Янук пачуў, як недзе далёка, што пад зямлёй, загрукаў гром - гром Янук чуў кожны раз - і ўбачыў уперадзе ў лагчыне поўны соснік немцаў - аж кішыць: бягуць ад маста некуды ў балота, мінаючы абоз. Янук хацеў быў саскочыць з калёс напярэймы Махорку, але пачуў, што не слухае зусім спіна ў самым крыжы і абвялі рукі - матаюцца, што цэп ля цапільна. Стала цяжка дыхаць, гнула ў крук, што пад сырой вязкай сена на балоце; зрабілася цёпла ў паясніцы, пасля яе сцяло як жалезным абручом... Запякло ў крыжы, нібы ён, Янук, лёг дома на голай печы на спіну.

Калі Махорка мінуў яго, Януковы, калёсы, Янук убачыў, як наперадзе коціцца з-пад гары, што бурда, ад сваіх калёс Іван Боганчык, кінуўшы жарабка. Коціцца ўніз дарогай пад самыя ногі Танінай кабыле, увесь у пяску, сівы, не пазнаць. Відаць толькі яго чорная валасатая галава і чорная барада - не ўкачаў у пясок, падымаў ад зямлі.

Янук павярнуў галаву, каб убачыць, дзе цяпер Махорка, - Махоркі ён не згледзеў; пасля зірнуў зноў уперад на дарогу - Боганчыка нідзе не было. Не было відаць і яго жарабка з возам - коўзаўся толькі па пяску на дарозе на адным месцы Махоркаў конь і стаяла рабая Таніна кабыла, не сышла з месца. Янук убачыў яшчэ, што яго конь падышоў да самых Таніных калёс і варочае ў бакі галавой. На калёсах уперадзе не было відаць Тані: яе, мусіць, схапіла далоў Наста - мігнулася была ўваччу, падбягаючы да воза... Тады ён падумаў, што ззаду ля маста страляюць, бо там грукае, як гром, і адтуль бягуць соснікам немцы; падумаў яшчэ, што страляюць і немцы з балота па дарозе, бо хмыліцца конь, гледзячы туды і хаваючы вушы пад грыву.

Янук зноў павярнуў галаву, каб убачыць, дзе Махорка, - той падбяжыць, паможа злезці з мяхоў, бо могуць забіць немцы, калі страляюць сюды з балота...

Запахла аднекуль дымам - сухімі сасновымі лапкамі. Закруцілася, аж зазвінела ў галаве, што зімой на печы ад чаду; пад грудзі падвярнула блага. Ён зусім не чуў ног...

Калі ён яшчэ раз аглянуўся да маста, згледзеў недалёка ад дарогі ў лагчыне ў траве Алёшу - мігнуўся ў вачах...

- Ёска... Ёска... Тваю маць... - замычаў ён, выцягнуўшы ўперад шыю...

Яму здалося раптам, што ён пачуў сябе, як і тады, даўней, калі яшчэ не спаў на сырой зямлі на прызбе... Ён глянуў быў на свае рукі... Яны, мусіць, адняліся, раз не служаць. Калі тое было, як ён заснуў на прызбе, а рукі адняліся аж цяпер. Яны былі што чужыя - цяжкія, доўгія, і ляжалі, здавалася, не на возе, а недзе далёка на зямлі.

Яму было здалося, што ён яшчэ раз убачыў Алёшу ў лагчыне. Падумаў тады, што Колечка яго недзе далёка, на Паліку. На Паліку і сын Піліп з яго, Януковай, нявесткай...

Пасля яму моцна стукнула ў галаву. Здалося, секанулі кінжалам зверху па цемені - адсеклі пуп у шлёме...

Стала холадна-холадна ўсяму...

Яму здалося яшчэ, што ён ідзе дамоў у Дальву з Карчаватак ззаду за санямі: вазілі цэлы дзень з балота сена, усёй вёскай.

Падводы расцягнуліся наперадзе па сушкоўскім баку - скрыпяць толькі па снезе гружоныя сані. Ён усё чуе, нібыта і не засынаў на халоднай прызбе, і пазнае, як скрыпяць развалы - ценка і лёгка: яны кароткія, на іх і пад парубень надта добра не ўскінеш, няма дзе акруціцца; кладучы воз, стаіш, як на пні... Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай, яны, звальваючыся з тору ў цалік, лезуць да зямлі і аж равуць па цвёрдай убітай дарозе, сунучы перад сабой камкі снегу... Трашчаць, як рассохшыся, кары з казой; трашчаць бабы, туга надзетыя на капылы, калі нахінаецца набок воз; трашчаць намарзні, сціснутыя з двух бакоў - знізу і зверху - вязамі; трашчаць аглобні з намёрзлымі пяньковымі акрутнямі, калі ўпіраюцца ў палазы і выгінаюцца на павароце; трашчаць вяроўкі пад вазамі - доўга былі распушчаны, на ўсе драбіны; трашчаць, намёрзшы, з сырамцу гужы ў хамуце: туга былі сцягнуты дугі; трашчыць у старым, у абхват, альшэўніку ля ракі мароз, лопаецца ўвачавідкі кара; трашчыць, здаецца, уся зямля, намёрзлая аж на тым свеце...

За вазамі не відаць коней; ідзе толькі ад іх пара, густая і белая, што дым ад саломы, і сцелецца па зямлі - па снезе. Пара ідзе і з ракі, у тым месцы, дзе крыніца; ідзе і ля берагоў з-пад лёду. Рака прамёрзла ў дно з самай восені, калі бралі нагалец маразы, і цяпер ад сонца на ёй цьмяна блішчыць здалёку лёд, шэры і халодны, што камень.

Вялікае, у два разы большае, як летам, чырвонае, што кроў на снезе, сонца доўга стаіць ля самай зямлі - над лесам за Дальвай, пасля расплываецца, заходзячы, у сінім і рэдкім, як раскалочаным, тулягу.

Усё адразу схапілася інеем: сталі халодныя вейкі, не даюць міргаць вачыма; каўнер у кажусе зрабіўся сівы, усё роўна што з белай аўчыны; пабялела сена на дарозе, што панацярушвалася з вазоў, - ляжала паблэчанае і прыбітае да зямлі конскімі, падкаванымі на гакі капытамі. Іней лёг і зверху на снег - падлятае з зямлі з-пад ног; ад яго збялеў стары голы альшэўнік за ракой, зрабіўся роўны і гонкі, хоць глядзі. Далёка за мастом відаць уся вёска, белая, што выфарбаваная. Дым ідзе з комінаў высока, аж у самае неба; каб глянуць на яго, трэба задзіраць уверх галаву. І дым белы, што снег.

Крышацца пад нагамі сырыя лазовыя дубцы - не даткніся; хрумсцяць панастывалыя друзалкі лёду, высечаныя на дарозе падковамі. Яны адлятаюць далёка з-пад ног, пакідаючы доўгі след на снезе.

Зайшло за Дальвай сонца, пакінуўшы на небе ядраныя чырвоныя палосы. Палосы сінеюць, тухнучы на вачах; ля лесу і на Выганчыку за ракой устае туман, густы, сіні. З сушкоўскага боку, з-за ракі, не стала відаць вёскі. Над Выганчыкам замахалі крыллем вароны; чорныя, дробныя, усё роўна як рассыпаныя па небе, яны ляцелі з-пад Кур'янаўшчыны, ціха, як удавіўшыся.

Скрыпяць сані, аж разлягаюцца... Цямнеецца. Уперадзе за падводамі далёка відаць белая дарога... У небе над сушкоўскім бокам - над лесам - замітусілася рэдкае Сітца.

Нанач ціснуў мароз, браўся на ўсю зіму - на ўвесь век...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Янук яшчэ чуў, як валіўся з воза: стукнуўся галавой...

 

16

 

Таню ля маста зноў пачало трасці... Зрабілася холадна ўсёй, як ноччу, калі яны станавіліся ў лесе, выехаўшы з ракі ля Завішына. Сонца паднялося, а яе трасе...

Яна падумала, што ноччу яе так не трасло. Ноччу, мусіць, яна спала: нічога не помніць. Помніць толькі, як да воза падбягалі немцы, выскачыўшы з лесу, як забралі былі і павялі мужчын... Ля калёс тады асталася адна Наста - стаяла, паклаўшы руку ёй на лоб.

Таня ўспомніла, што гэта было ўжо додніцай.

Калаціла, аж падкідала на возе. Змярцвела зусім балючая нага, торгала ніжэй калена, як хто соваў тупым ражном; стала цяжкая, не кранеш, бытта ляжала, прыціснутая чым зверху. Пякло што гарачым прыскам якраз у тым месцы, дзе нага была акручана лейцамі.

Холад браў нават спадыспаду за плечы; не сціснуць было зубоў; трасліся рукі, падскокваючы на мяхах, - рабіліся мяккія, што плёткі, не схопішся за ляжэйкі. Пасля ў плячах, адкуль ішла дрыжыка, рабілася раптам горача, як ад печы; гарачыня хапала адразу ўсю, даючы ў шчокі; пачыналі гарэць рукі, і зноў смылела зверху балючая нага. Калі Таня дыхала, чула, што ў роце суха і робіцца шорсткі язык - не павядзеш. Хацелася піць.

- Ва-ады... - прасіла яна, але не чула сябе: мусіць, горла сціснула сіпка.

Пасля яе зноў кідала ў стужу і пачынала трасці.

Рабілася ўсюды шэра, як цямнелася, толькі далёка відаць было сонца - жоўтая круглая пляма - дрыжала, расцягвалася, падскоквала высака ўгару... Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Да стала - да светача - падышла ад печы маці з доўгай лучынінай у руцэ - выцягнула з-за коміна. Узяла ў зубы канцом, расшчапіла, тады выняла, круцячы ў пальцах, агарак са светача і ўшчаміла яго ў доўгую - на ўсю хату - лучыніну. Новая лучыніна гарэла цьмяна і ціха, угараючыся ад агарка. Яна яшчэ не высахла, упарылася толькі за комінам, куды маці паклала яе раніцай сушыць, нашчапаўшы з сырых намазгляватых брускоў.

Пасля маці вярнулася да сцяны ў запечак, дзе ляжала на ложку Таня, і паклала ёй руку на лоб.

- Блузніць, бедная... Прастыла.

Маці стала нейкая зусім другая, пацямнела, нос у яе выцягнуўся і зачырванеліся шчокі, як у Насты. І рука - шырокая і халодная - чужая. У маці ўсягды была цёплая рука, нават калі маці паіла зімой ля студні карову без рукавіц. Маці не баялася холаду ў рукі - ад марозу яны рабіліся ў яе толькі чырвоныя, што буракі.

Пасля маці пайшла ў другую хату і прынясла кажух, новы, жоўты і доўгі, і ўкрыла ім Таню аж па галаву. Сцягнуўшы з печы з лучыны старую, вынашаную сівую суконную жакетку, ускінула на ногі.

- Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны...

І голас у маці, што ў чужога, усё роўна як у Насты.

Маці доўга пасля нідзе не чуваць. Круціцца ў галаве, як ад чаду, і ад холаду аж страсае... Грукае недзе далёка, мусіць, у сенцах. «Драбіна», - здагадваецца Таня. Маці ставіць драбіну ў сенцах да сцяны, палезе на гару па журавіны. Журавіны на гары ў начоўках - поўны начоўкі, аж з коптарам; журавіны насілі ўсю восень з Карчаватак. У начоўках яны выспелі, парабіліся чырвоныя і здалёку пахлі мохам і кіслёй. Таня набірала іх у місачку кожны раз, калі лазіла на гару развешваць на мароз мокрую бялізну.

Маці дастане з гары мёрзлых журавін і пакладзе іх - па ягадзіне - ёй, Тані, у вушы. Журавіны недзе мёрзлыя, што костачкі, яны не адразу адтануць у вушах.

Няма чым дыхаць - гэта з печы, з-за засланкі, пахне гарэлым хлебам, густа, аж захлынаешся. Маці нават юшку адчыніла, стаўшы ля коміна на ўслончык, а ўсё роўна пахне гарэлым хлебам і памялом на ўсю хату. Памяло недзе тлее; маці, мусіць, згубіла яго ў печы, падмятаючы под, і не згледзела...

Прынёсшы з гары журавін, маці дасць і пакаштаваць. Па адной будзе класці сама ёй у рот, бо яна, Таня, не можа падняць рукі - саслабла. Ад мёрзлых журавін будзе аж калоць у зубы...

Зноў доўга грукае недзе ў сенцах і на двары ля хлева. Маці доўга не ідзе ў хату, злезшы з гары. Тады Таня думае, што маці не лазіла на гару, - гэта Юзюк грукае на двары пад паветкай: прыбег запрагаць кабылу.

Юзюк недзе ўжо за Дзвінасой. Пайшоў з Карчаватак адзін, без яе, Тані. Як яна магла пайсці з Юзюком... Кінуць у балоце адну матку? Мала што ў балоце людзі. Яна не пайшла б з Юзюком, каб і маці пускала. Як гэта пайсці ўдваіх з Юэюком? Каб усе відзелі?.. І так на іх, мусіць, глядзелі, калі Юзюк прывёз іх у Карчаваткі. Каб хоць Юзюк быў ім свой, тады б, можа, Таня і пайшла з ім. А так ён ім ніякі не свой, маці ніколі не гаварыла. Свае ў вёсцы ходзяць адзін да аднаго, а да іх Юзюк ніколі не прыходзіў.

Каб і ісці давялося на Палік, дык у іх жа не было чаго і ўзяць з сабой. У вёсцы і сухары сушылі, і мілту малолі, а яны нічога не рабілі, нікуды не збіраючыся...

Юзюк недзе ўжо далёка, ля Паліка...

І чаго гэта ён па яе прыбег, каб ісці? Хіба ў вёсцы не было з кім?..

Яна тады пачынае думаць, які Юзюк, - зусім забылася, які ён. Помніць толькі, што ён босы і шырокі ў плячах. Пасля ўспамінае, што Юзюк жа выліты Алёша: лабаты, белы і валасы аж белыя. І нос гэткі, як у Алёшы, - шырокі і загнуты ўніз; і вачмі часта плюскае, і яны ў яго гэткія ж шэрыя, і ў зямлю ён усё глядзіць - пад ногі. Пасля яна ўспамінае, як ён глядзеў на яе на двары ля паветкі і шаптаў: Таня... Яна і сама не ведае, куды б дзелася тады ад такога, каб не трэба было ўцякаць з вёскі. Ёй і цяпер, калі ўспомніць пра тое, аж горача ў шчокі... Што будуць гаварыць, калі вернуцца ўсе дамоў, і Юзюк вернецца? Іх жа бачылі разам: і на загуменні - ён сядзеў у іх на калёсах, паганяў кабылу, і ў Карчаватках - памагаў яе, Танінай, матцы злазіць з калёс: браў пад пахі... Каб толькі прагнаў яго тады ад воза - ніхто не надаўміў, - яна і сама б ссадзіла матку. Гэта ж выдумаць: робіць такое на вачах усёй вёскі, як наўмысля... Здурэў, ці што... Яму, відаць, не першыня...

Яна была падумала, што ў Юзюка дужыя рукі, як у мужчыны: лёгка браў з калёс матку. Стаяў пасля ўпобачкі і атрасаў у яе з плячэй сівец. Наліха яно каму - сваю хай бы ішоў глядзеў матку, тая, можа, збедавалася, не ведаючы, дзе ён. Ён хацеў і ў яе, Тані, атрасці з плячэй сена, але яна не далася, адскочыла ад яго.

Тады ён пайшоў распрог кабылу - коні ва ўсіх былі распрэжаны - і прывязаў за лейцы да ляжэйкі, пакратаўшы перад носам у кабылы сена. Не адыходзіўся ад калёс, як дагадзіць збіраўся.

Пайшоў ад іх ён ціха, нічога не сказаўшы, - глядзеў усё здалёку на яе, Таню. Пры матцы - яна ўсё бачыла - хоць ты было згары... Каб збіў-збіў яго, дагнаўшы, на порхаўку... Раскірэка... Пабег на Палік, абы дома толькі не стыкацца...

Ёй зрабілася раптам нечага шкода-шкода... Толькі не Юзюка. Па ім яшчэ нудзі-і-цца...

Зноў загрукала недзе, як у сенцах... Маці зусім і не лазіла на гару па журавіны - яна пайшла ў гарод пад раку, стукнуўшы ля варыўні аб сцяну варотцамі, і жне ля мяжы бульбеўнік. І на дварэ ніякая не зіма, калі маці жне і ў хаце расчынена ад гарода акно...

Маці жне ля мяжы; адгінаючыся, падымае ўгару доўгі бульбеўнік і кладзе збоку на гранку. Бульбеўнік у гародзе высокі, парос роўна з малачаем - Тані добра відаць з ложка ў акно; відаць нават на зжатых гранках зялёная макрыца - густая, пашалела ў мокрых ад ракі барознах.

Маці махае і махае рукой, набіраючы з-пад сярпа поўную, як сціснуць, жменю каліўя, каб адкінуць яго ад сябе на гранку; трапеча, усё роўна як сохне ў вецер на плоце, у яе на галаве белая хустка.

Зноў грукае ў сенцах, моцна, аж дрыжаць сцены і звіняць у вокнах шыбы. Звініць у парозе на лаўцы пад суднікам парожняе, накрытае белай цадзілкай вядро.

Тані здаецца, што маці пяе ў гародзе ля плота. Працяжла, як дзе далёка за ракой на Выганчыку. Песня чуваць праз расчыненае акно. Пасля маці пяе ўсё мацней і мацней, аж заходзіцца, не сціхаючы ні на хвіліну. Здаецца, яна кінула ўсё на свеце, адно вядзе песню, нават рукамі не махае ў гародзе ля мяжы...

Здаецца пасля, што маці і не ў гародзе, а ў хаце ля акна ад вуліцы - сядзіць, нагнуўшы галаву над сталом, і, узяўшыся ўсімі пальцамі за іголку, махае і махае рукой - шые. Маці кожны раз, калі што шые, пяе.

Зноў дрыжаць у вокнах шыбы і звініць у парозе пад суднікам вядро. У хаце нудна-нудна, і ад таго калоціцца ўсё ўсярэдзіне.

Робіцца, бывае, ціха, тады шуміць толькі ў галаве, усё роўна як дзе над вухам перасыпаецца пясок - сыплецца і сыплецца без аддухі, што дождж.

Пасля пяюць далёка на полі пад Карчаваткамі, жнучы, усе бабы з вёскі - згінаюцца да зямлі з сярпамі ў руках...

З поля, з-пад Карчаватак, відаць Дальва: хаты стаяць адна ля адной, дробныя, шэрыя; стаяць недзе за гумнамі ў яме - тырчаць адны стрэхі.

На загуменні відаць Януковы дубы - высокія, цёмныя; аціхлі, як памлелі. За дубамі, у тым баку, недзе яе, Таніна, хата.

Ціха. Шапоча пад нагамі ржышча, колецца, абдзірае да крыві костачкі; за падол, калі нагнешся, набіраюцца дзяды і асцё; і пахне сухая зямля - пылам і ячнай саломай. Зямля ўся жоўтая ад ячменю - ад загумення да самых Карчаватак. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Гэта ржышча. А можа, бела ад таго, што ўгары шэрае неба, нібы перааранае ўвосень бульбянішча, - апусцілася нізка над загуменнем, як павісла... Хмары выцягнуліся ў даўгія вузкія палосы. Над загуменнем, пад Януковы дубы, палосы дробныя, што расцягнутыя.

Там, дзе драбнеюць палосы, пад'яснелася; хмары ў тым баку сталі жоўтыя, што аўсяная мякіна ў кучах; там недзе за імі сонца...

Шастае пад сярпом ссохлы, аж пакорчаны ў каласах, ячмень; трашчыць пад нагамі белае ржышча; шапоча салома, калі вяжаш перавяслам сноп; шашчыць, перасыпаецца сухі цёплы пясок, калі яго зачэпіш пад пырнікам пальцамі і сыпнеш па ржышчы... І зноў чуваць песня, нудная, ціхая, усё роўна як звініць увушшу... Пачынае яе нехта далёка ў кутку, пад самымі Карчаваткамі; пачынае адзін, адагнуўшыся, мусіць, і стаўшы на загоне - круціць перавясла, - бо чуваць аж здалёку; тады яму памагаюць усе бабы на загуменні. Не адгінаючыся ад зямлі, яны махаюць і махаюць рукамі, кідаючы жмені ў кучкі па ўсім полі, каб пасля пайсці за адзін раз павязаць іх у снапы. Кратаюцца ў ячмені белыя хусткі, кратаюцца рукі - здаецца, варушыцца ўсё загуменне ад вёскі, да Карчаватак. Баб на полі - што снапоў; заняўшы загоны, яны ідуць у канец, пад лес.

Бабы заціхаюць толькі ў самых лагах.

На полі тады робіцца пуста. Цёмныя палосы на небе выцягваюцца на ўсё загуменне; шарэе жоўты туляг над Януковымі дубамі, дзе было сонца... Чарнеюць у вёсцы стрэхі - хаваюцца з воч.

Грукнула зноў недзе зусім блізка, як усё роўна варотцы ля варыўні аб сцяну. Зноў зазвінела ў парозе ля судніка - мусіць, у хату, да яе, Тані, бегла маці.

 

Таня пачула, што ляжыць на зямлі. Было цвёрда, цвярдзей як на мяхах на возе, і калолася спадыспаду ў спіну і ў голыя рукі ля локцяў.

- Бярыся за мяне, дачка... За шыю...

Тані здалося, што над ёй загаварыла, нагнуўшыся, маці, - прыбегла з гароду з сярпом на плячы. Новы вялікі серп ківаецца ля галавы і блішчыць, мокры яшчэ ад бульбеўніку. Маці падхапіла яе пад пахі і загадвае Настуліным голасам:

- За шыю бяры... Не бойся...

Даг-даг-даг... - стукае недзе зусім блізка кулямёт, як і на гары ля школы, калі па іх стралялі з вёскі.

Таня варочае галавой, але нікога не бачыць: ні маці, ні Насты. Угары толькі адно неба ў доўгія чорныя палосы і жоўты туляг - далёка над лесам...

Даг-даг-даг... - зноў грукае нехта ў сенцах у дзверы: Юзюк, мусіць, з двара, каб яны з маці хутчэй ішлі з хаты.

Схаваўся раптам з вачэй жоўты туляг на небе, дзе было сонца, і Таня пачула, як яе нехта цягне, узяўшы пад пахі, па зямлі і баліць зацягнутая лейцамі нага.

- А-а-а! - крычыць яна і чуе, што толькі сіпіць.

- Цярпі, дачка... Лаві мяне за рукі...

Над ёй гаворыць Наста. Чуваць нават, як Наста цяжка дыхае, як сапе. Таня тады хапаецца абедзвюма рукамі за яе руку - за локаць...

- Не падымайся, дачка... Не чуеш, ці што?

Наста пачынае на яе крычаць; мусіць, яна, Таня, была паднялася, бо зноў забалела-забалела нага...

Таня тады заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула, убачыла над галавой высокі багуннік і верас. Яны краталіся, як ад ветру. Таня здагадалася, што яе цягне Наста ў лес з дарогі, дзе асталіся падводы. Яна падумала была, а дзе ж мужчыны, калі яе цягне Наста... Яна, мусіць, яшчэ раз паднялася, каб глянуць, дзе мужчыны, бо зноў загаварыла Наста:

- Не тузайся, дачка... Памагай мне... Мы з табой не пабяжым... Ні я, ні ты... Я ўжо як без ног...

Таня запыталася ў Насты, дзе ж мужчыны, але Наста, мусіць, не пачула: не сказала ні слова - цягнула толькі яе ўсё і цягнула па сіўцы і па сухой мятліцы немаведама куды.

Даг-даг-даг... - стагнала па лесе, не сціхаючы.

- Не тузайся... Гарыш уся, як агонь. Цярпі, дачка... Цярпі-і-і...

Тані зноў стала холадна ўсёй і мокра спадыспаду ў спіну. У вочы пырснула аднекуль вада. Зашасталі пад рукамі сухі бабок і альховае лісце; стала мякка, як на сене; запахла мохам і журавінамі. Уперадзе, у галавах, чвякала ў некага пад цяжкімі нагамі гразь, усё роўна што піла ваду кабыла.

Зноў загрукала ў парозе ў хаце - гэта ў маці з пляча зваліўся на падлогу серп.

Закрычала раптам Наста - на ўсё загуменне... Адагнуліся жнеі, пасталі на загонах, трымаючы ў руках сярпы, і глядзяць за Януковы дубы на туляг, за якім загарэлася чырвонае, як агонь, сонца і валіцца на вёску, што камень...

Таня пачула, як яе выпусціла з рук Наста.

Яна ўдарылася патыліцай аб нешта цвёрдае, як дома на двары аб ганак.

Адплюшчыўшы вочы, яна агледзела збоку немца. Ён быў усё роўна як Юзюк... У руках у яго тросся чорны аўтамат, крывы, што серп...

Яна хацела закрыцца рукамі...

 

17

 

Насце здавалася, што яна чуе, як у падвойныя вокны з двара б'е вецер, мякка, усё роўна што кужэльным мяшком. Чуваць нават, як ён шастае па сцяне па бярвенні, нібыта абмятае яе ад снегу сухім венікам з лісцем, венікаў Наста навязала яшчэ летам, калі адбывала поле, і яны ляжалі цяпер на хаце на гары ля коміна - цэлая куча. Вецер прадзімае падвойныя вокны - холадна ззаду ў плечы, холадна і на хаце, хоць рана заложана юшка. Трашчаць пад столлю бэлькі, бытта хто ходзіць па гары. Стукае ля студні аб сцяну ў варыўні асвер - сарваў вецер. Наста была ўшчаміла яго ў паркан, набіраючы нанач вады ў вёдры.

Калі аціхае вецер, чуваць, як шастае па шыбах дробны снег - пайшлі крупы. Яны нават відаць ад лямпы ў незамёрзлым чорным акне - лётаюць за шыбамі, белыя, дробныя, што мак, адскокваюць і сыплюцца на падаконнік з мяленнем, што прыбіты знадворку да акна. На падаконніку снегу цэлая горка - свежага, белага, як добры крухмал; пад ім блішчыць ад лямпы ценкі белы лёд - намёрз на мяленні...

Стукае на стале нямазаная швейная машына, калі круціш за ручку... Пасля Наста чуе, як стукае ў хлеве карова, мусіць, драбінай: холадна, і карова грэецца - шукае сена. Дагэтуль яна кожны раз з'ядае ўсё, што паложыш за драбіну, і, калі цісне на дварэ мароз, лезе тады з рагамі ў драбіну.

Карова грукае, не перастаючы, аж дзеці чуюць спрасоння - кратаюцца ў запечку на ложку, - і Наста думае, што трэба схадзіць у хлеў паглядзець: карова ж на цяленні...

Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа, аж пасля грамніц, нядаўна значыць пачала, але ўстае з-за стала, адсоўвае на сярэдзіну швейную машыну, каб вылезці, не зачапіцца, і ідзе ў парог. Дастае ў запечку са сцяны з цвіка кажух, уссоўвае на ногі цёплыя буркі, узяўшы з пяколка, выцягвае з-за коміна лучыну і бярэ з-пад лаўкі ў парозе парожняе вядро. Запаліўшы лучыну - раздзьмула ў пячуры на прыпечку вуголле, яна хавае яе ў вядро і, закрываючы зверху крылом кажуха ад ветру, ідзе на двор. У сенцах ля парога намяло снегу, і ён скрыпіць пад нагамі. Ліпнуць да белай ад марозу клямкі пальцы і смыляць, як ад чаго гарачага. Вецер, густы і востры, аж скідае ля ганка з ног, няма як дыхаць, захліпаешся; лыпнула і пагасла адразу на дварэ ў вядры лучына.

Наста вярнулася ў хату па сярнічкі - доўга мацала ў пячурцы пад рукавіцамі, пакуль знайшла карабок...

На двары снег быў па калені да самага хлева. Вецер гнаў яго з загумення і з гародаў праз платы на двор. Неба было светлае: стаяла якраз поўня. Ад свежага снегу зрабілася відна, і было відаць, як з лесу адна за адной ехалі падводы, чорныя на снезе, як жукі. За падводамі ззаду беглі людзі - па адным, па два, валюхаліся вуліцай ля самага тыну па гурбах. Пад санямі скрыпеў снег, ад скрыпу не было чуваць, як скуголіў у плоце ля студні вецер. Падвод было многа, і на кожнай сядзелі людзі ў белых халатах - поўны сані. Наста пазнала, што гэта партызаны.

Партызаны некуды спяшаюцца, калі не сталі ля варот. У яе ж толькі ў адной у вёсцы гарэў у хаце так позна агонь. Яна падумала, што партызаны недзе памерзлі, як карчы, на такім сіверы, бо едуць ад самай Дзвінасы, не зайшоўшы нікуды ў хату. А да Дзвінасы вёрст сем, добра яшчэ, што лесам, цішэй ад ветру.

У хлеве яна не паліла лучыны: баялася закінуць агню такім безгалоўем і шкадавала сярнічак. Расчыніла насцеж адны і другія дзверы - у хлеве было відна ад снегу, нават у куце ля драбіны на гнаі, дзе стаяла прывязаная на ланцугу карова. Наста пагладзіла яе па спіне, знайшла вобмацкам ланцуг - ён быў закруціўся за рогі - і абмацала драбіну. Драбіна была пустая. Струшанка ляжала ля сцяны ў каровы пад нагамі - шапацела, калі ступала па гнаі Наста. Наста падумала, што карова не галодная, калі не есць струшанкі; пайшла была за перагародку, за якой сядзелі куры і, чуючы яе, Насту, адгукаліся, кудахтаючы. За перагародкай стаяў ля ясляў Буланчык. Стрыножыўся, аб'інеў, стагнаў і не еў сена - яно ляжала ворахам у яслях роўна з берагамі. Буланчыка бралі ўчора ў падводы кутузаўцы...

Наста сціснула ў ахапак у яслях сена, перанесла яго карове за драбіну. Будзе есці і пасля каня, каб сагрэцца, калі пад раніцу вецер вышастае хлеў. Раздурылі, струшанка ўжо ёй не лезе...

Пасля яна пайшла наскубла са сцірты мурагу - ля сцяны ад двара - не многа, як узяць пад паху, і паклала Буланчыку ў яслі. Буланчык доўга стаяў, апусціўшы галаву, пасля стаў гломзаць, памалу, як нежывы. І не піў ён нешта вечарам зусім, памачыў толькі храпы. Трэба было яму вынесці вады з хаты... Загналі яго... Ніхто ж не скажа, куды на ім ездзілі па такім снезе, а ў каня языка няма... Яна пагладзіла Буланчыка па шыі - ад інею стала холадна ў рукі, пасля пайшла на праціўню, узяла з кадзі мех, у якім насілі запарваць карове мякіну, і накрыла яму спіну, там, дзе ляжаў падсядзёлак...

Буланчык пераступіў з нагі на нагу, пасля заржаў - ціха і ценка; з храп у яго, было відаць, ішла пара. Закудахталі куры, пачуўшы, бразнула ланцугом карова - рвала са сцяны крук. Сена з ясляў яна не зачапіла.

Наста да яе больш не падышла.

Калі яна варочалася з хлева, на вуліцы яшчэ ўсё ехалі партызаны. Яна пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Падумала: партызаны едуць у халатах. А што тыя халаты?.. Каб яны хоць грэлі на марозе... Яна падумала пасля, каб пайсці патушыць агонь, пакуль партызаны праедуць, але ж у яе гэтулькі швіва. Спаць жа не ляжаш: заўтра раніцай прыедуць кутузаўцы...

Яна вярнулася ў хату, узяўшы ў сенцах на засаўку дзверы. Павесіла ў запечку, зняўшы з плеч, кажух; сцягнула з ног буркі, астаўшыся ў суконных панчохах, падышла да стала, узяла абрус і завесіла ад вуліцы акно - не так будзе відаць агонь. Доўга стаяла ля ўслончыка, не хочучы лезці садзіцца за стол. Нізка над самым сталом цьмяна гарэла лямпа; праз шкляны магазын быў відаць вузенькі жоўты кнот і карасіна на дне - ці хопіць да раніцы. У хаце ўсюды было бела, як ад снегу: на стале, на лавах, на куфры і на ложку ля акна ляжалі абрусы. Цвёрдыя яшчэ, з новага зусім кужалю, у васьмінітовыя ўзоры, яны ляжалі ворахам, усё роўна як хто іх параскідаў. На стале і на лаве ля куфра яны былі ў кавалках - пакроены. На куфры адзін на адным былі складзены ўжо гатовыя халаты, шырокія, з рукавамі і вялікімі нязграбнымі, адтапыранымі башлыкамі - падобныя на людзей.

На стале пад самай лямпай ляжала белая крамная прушчына і блішчала швейная машына: блішчала беленькае, у дзіркі, кола; блішчала жоўтая драўляная ручка; аж пералівалася выслізганая пальцамі засоўка над чаўнаком...

Наста пачула, як ёй стала холадна ў ногі праз суконныя панчохі: стаяла на голай падлозе. Яна падумала, што ёй не хочацца ўжо лезці за стол: зліпаюцца павекі ад сну і баляць у лакцях рукі. Баляць яшчэ пальцы, пупушкі: падгінаеш імі мацерыю і абрусы, абрубліваючы, ціснеш, каб не выскоквалі з-пад ножкі ў машыне рубцы, - дзе яно дзенецца. Увесь тыдзень не вылазіла з-за машыны - дзяцей толькі карміла і скаціну.

Стукае сухая машына; нават чуваць, як цяжка круціць ручку. Калі яшчэ апаражніла маслёнку з маслам... А цяпер дзе дастанеш. Партызаны казалі і не прыняслі. А дзе яны возьмуць, хоць ты іх прасі ці не прасі.

Стукае машына і не цягне: лучыўся тоўсты рубец. Загні ўдвая кужаль, ды па шве... Каб хаця іголку не зламаць - апошняя.

Наста тады кідае ручку і, паклаўшы даланю зверху на кола, круціць даланёй.

Іголка пругкая, лезе ў рубец, нават не гнецца... Пад пальцам чуваць суравы, кастрывы кужаль - трапіўся партызанам пад рукі нечы благі абрус, ці, можа, яго хто прынёс сам, калі партызаны збіралі, прынёс не шкадуючы: не было чаго шкадаваць.

Рвецца верхняя нітка - рве іголка, не працягвае праз тоўсты рубец, хоць ты кідай і перашывай потым рукамі...

А гэтулькі яшчэ наперадзе швіва...

Сама горш уводзіць у вушка нітку пры агні, калі блішчыць усё на свеце. Іголка робіцца ценкая, і не відаць нідзе вушка; чуць зловіш яго вачыма.

Дрыжыць рука, калоціцца, натруджаная зусім, - ножніцы дык ужо і не сціснеш ёй, кроячы...

Стукае без аддухі машына, калі гоніш шво ў халаце па спіне зверху аж уніз; упіраецца іголка і дрыжыць стол, калі абрубліваеш падол адным махам, разагнаўшыся і ссоўваючы пакроеныя абрусы пад стол на падлогу. Нагінаешся пасля, каб прыняць іх з-пад ног, і чуеш, як вядзе галава, што ад чаду: пачынае балець.

Калі не стракоча ля вуха машына, чуваць тады, як кідаюцца на ложку ў запечку дзеці, - пассоўвалі з сябе нагамі да брыжа пасцілкі, - і зноў стукае ў хлеве карова. Пацягваецца на печы ля коміна котка - шастае лучынай. Гудзе ў коміне вецер, ганяе юшку, яна бразгае, што ўсё роўна парожняя скавародка на прыпечку, - і тады яшчэ горш холадна ўсёй ад акна. Хоць ты вазьмі ды перасядзь на хату, але на хаце трэба садзіцца на ўслончык, і тады будзе высака лямпа і не згледзіш пад ножкай у машыне рубца... Каб пайшоў толькі ў сенцы, знайшоў дроту апусціць ніжэй лямпу, але дзе ты яго ўпацёмку знойдзеш. Тырчыць недзе ў сцяне ля вушака кавалак почапкі ад вядра, але яна крывая, прастаць трэба - наробіш стуку і паўзбуджваеш дзяцей.

Зноў стракоча машына, рве з-пад пальцаў шво, чуць утрымаеш; стукае ў вокны вецер; пайшоў снег, вялікі, па атопку; на падаконніку ляжыць гурба - замуравала ўсю шыбіну.

Стукае ля студні асвер; забылася, не ўшчаміла яго ў паркан, калі была на двары; пачынае, усхадзіўшыся, ныць за акном у мяленні вецер - усё роўна што ваўкі выюць пад Карчаваткамі.

На вуліцы за гародчыкам зноў на снезе відаць сані, чуць кратаюцца...

За імі ідуць кучкай людзі.

Яна падумала, што занясло недзе зусім дарогу, не праехаць; што да раніцы гурбы будуць на вуліцы роўна са стрэхамі: не сціхае снег; што партызаны ўсё роўна сыплюцца і сыплюцца з лесу, некуды ім пільна трэба: гарнізон, мусіць, браць едуць у «Западную», калі ўсе ў белых халатах.

Бягуць па гурбах за саньмі па такім марозе, а што ў іх абута... Каб і вунь што было, усё роўна змокнуць ногі, а дзе тады абсушыцца. І што ў іх, у партызан, пад тымі халатамі... Кажушкі. Добра ж, калі новыя... У такое безгалоўе ні кажух, ні валёнкі не ўпасуць. Ваўкі і тыя ідуць з лесу бліжэй да будыніны. І ваўкоў прабірае наскрозь, а тут жа людзі, ёсць яшчэ зусім дзеці, на печы б сядзець...

Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю - чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Яна падышла да печы, накрыла дзяцей - усцягнула пасцілкі аж на галовы на аднаго і другога: малоцяць нагамі што ў цапы і дзень і ноч - і зноў вярнулася да стала. Ускінула на плечы пяньковую хустку; дастала з куфра, падняўшы века, каб пралезла ў прыскрынак рука, шпульку новых нітак, пасадзіла на машыну. Узяла падсунула да сябе новае скроенае рукаво, яно ляжала на самым версе.

Калі зноў застукала машына, Насце здалося, што забразгала ў сенцах клямка. Яна падумала, што гэта вецер - дзьме якраз у дзверы; тады пачула, як забарабанілі ў акно, моцна, на ўсю сілу.

Яна падбегла ў парог і, піхнуўшы ў сенцы дзверы, спыталася, як і кожны раз:

- Хто там?

- Сваі. Адкрой, хазяйка...

За дзвярыма ля самых сяней гаварылі мужчыны, топаючы нагамі, - здалося, іх повен двор.

Яна адцягнула засаўку - вецер вырваў з рук дзверы і бразнуў імі аб сцяну. У сенцы пагнала снег, аж у парог у хату. З плеч звалілася хустка, Наста чуць справілася падняць яе з-пад ног.

У хату павалілі партызаны... Яна стаяла ў парозе ля дзвярэй, не чуючы, што яны гаварылі, ідучы: яе ўсю калаціла. Пасля яна зайшла ім наперад і пайшла да стала, дзе стаяла машына і ляжалі на куфры пашытыя халаты.

А партызаны ішлі і ішлі: у белых халатах, у белых ад снегу валёнках, чапляліся ў дзвярах за вушак прыкладамі і стукалі галовамі ўверсе аб папярочку - дзверы ў хаце былі нізкія. Грукалі ў парозе нагамі - абівалі снег, каб не нанесці на хату да стала; счышчалі яго венікам з валёнак і з ботаў, перадаючы венік адзін аднаму ў рукі; сцягвалі з галоў белыя башлыкі і абкладалі іх на плячах; расшпільвалі аб'інелыя белыя каўняры, церлі рукавіцамі шчокі і насы, пасля знімалі рукавіцы, клалі на лавы, на стол і церлі шчокі пальцамі - памарозілі. Падыходзілі да стала і да куфра, мацалі рукамі кужаль; на куфры пассоўвалі ў адну кучу халаты і клалі на века белыя аўтаматы з вінтоўкамі - у цяпле на жалезе адразу выступіў іней.

Партызаны былі і ля ложка, і ля стала, і ля шафы, што стаяла ля сцяны ад гароду. Ім самім было ўжо цесна ў хаце, не павярнуцца, а яны ўсё ішлі і ішлі, стукаючы прыкладамі аб вушак у дзвярах.

Прасіліся пагрэцца, пыталіся, ці даўно ехалі падводы, пілі з вядра ля печы кружкай ваду і церлі без аддухі шчокі. Дзверы доўга стаялі расчыненыя, і ў хату аж на кут пад стол валіла белая пара.

У Насты не лучаў зуб на зуб; яна толькі схапіла хустку за рагі на грудзях...

А партызаны ўсё ішлі.

Яна прыціснулася ля стала да лавы - давала месца; зірнула, стоячы, у акно. На гародзе было бела ад снегу і ядрана: мусіць, свяціў месяц. У шыбы біў вецер - не сціхаў.

Яна тады пачула, як яе схапіла і пачало трасці...

Падумала: добра, што накрыла на ложку пасцілкамі дзяцей, - цяпер да іх не падступіцца...

А людзі ўсё ішлі.

Наста зноў убачыла ў акно, як відна ў гародзе; тады згледзела, што цямней робіцца ў хаце: канчаецца карасіна і тухне лямпа.

А людзі ўсё ішлі і ішлі з сяней без сканчонага, грукаючы нагамі ў парозе...

Яе трасло, не адпускала.

 

Калі Наста адплюшчыла вочы, усюды было ядрана, аж не давала глядзець. Сонца стаяла высака - бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну.

Яна падумала адразу, што не ведае, дзе ляжыць, - не помніць. Высака ўгары застыла белае ад дробненькіх воблакаў неба - было ўсё роўна як пажмаканае палатно.

Ёй было высака пад галаву, і яна бачыла зашыек, што вёў між лесу на балота, і край дарогі ля самага маста. Яны былі сівыя, як ад дыму...

Над самай галавой краталася жоўтая мятліца, бы на яе хто дыхаў. Усюды было ціха, і Наста падумала адразу, што аглохла. Доўга ляжала, адплюшчыўшы вочы і гледзячы ўгару... Пасля ёй здалося, што чуе, як нехта стогне. Тады зноў пачала слухаць, пакуль здагадалася, што стогне сама...

Калі яна доўга глядзела ўгару, у вачах пачыналі бегаць мурашкі, чорныя, дробныя, што мак, - усё роўна як сыпаліся адкуль зверху. Пасля яна пачула, што спадыспаду яе ўсю коле, як іголкамі, - і рукі, і ногі ў сцёгнах, і паясніцу - і падумала, што жывая.

Яна намаглася, хочучы ўстаць, і пачула, як яе тузанула балючая сутарга: за плечы. Плечы адразу забалелі - былі мокрыя, як у ліпкай раскалочанай гліне; стала цёмна ўваччу. Калі яна зноў кранула рукамі, каб устаць, яе адразу скруціла ўсю, і яна, перавярнуўшыся на жывот, закрычала як магла:

- Та-аня!..

Ёй было здалося, што яна згледзела Таню блізка ля сябе ў траве: ляжыць, адкінуўшы галаву, і ў яе расплецены косы...

Пасля яна пачула, што паўзе па траве, кратаецца, - служаць яшчэ рукі, - баляць толькі плечы, сталі горш мокнуць, і коле, аж совае ў шыю. Помніла, што трэба задзіраць галаву - абдзярэшся ў папараці аб ражны, - натужвалася, але ёй не давала падымацца шыя...

Тады яна падумала, што ніколі ўжо не ўстане з зямлі...

- Дзе-еці!.. - клікнула яна, спужаўшыся, што не ўбачыць дзяцей... Яны жывыя, і Іра, і Валодзя. Няпраўда, што гарэла Дальва. Ну і што, калі ноччу было відаць у тым баку зарыва?

Траслося ўсярэдзіне, не сціхала, пачынаючы гарэць агнём...

Яна чаплялася рукамі за сухі верас, абдзіраючы пальцы; чула, што лучала каленямі на вострыя сасновыя шышкі на цвёрдай зямлі, аж калола ў мазгі.

- Та-аня!.. - закрычала яна зноў і пачула, як ёй стала ўсёй горача. Верас зрабіўся высокі, як лес, і густы - не ўсадзіць рукі. Пачаўся соснік; балота асталося збоку.

Яна падумала, што згубіла Таню... Агледзеўшыся, убачыла, што ляжыць ля самай дарогі, - відаць з травы жоўты пясок і колы ад калёс: блішчаць шыны. Пахне дзёгцем. Яна, мусіць, прыпаўзла да маста.

Калі яна выпаўзла на дарогу да Януковых калёс, пачула, як усюды наліп пясок: на рукі, на нажутку, на спадніцу. Мусіць, яна ўся мокрая ад крыві, і кроў ідзе з-за плячэй, бо там, чуваць, усё зліплася. Каб гэта можна было акруціць плечы, уціснуўшы якім ручніком...

Яна спачатку ўзялася за кола абедзвюма рукамі - не думала, што можа адразу ўстаць. Стаяла пасля, учапіўшыся ў ляжэйку, а ў вачах круціліся зямля і пясок - белы ад сонца, як снег. Яна тады навалілася на калёсы - на мех, як ашчапіла была іх, - і ў яе адразу перавярнулася ўсё ў грудзях: на тым баку, за калясьмі, ляжаў на дарозе на самым пяску Янук. Ляжаў - галавой сюды, да Насты. У яго быў сіні лоб і заплюшчаны глыбака, як у ямах, вочы. З галавы звалілася кепка, і мокрыя сівыя валасы ўкачаліся ў пясок. Рот у яго быў скрыўлены, як і кожны раз, калі Янук пыкаў вуснамі: хоць што прасіў. Доўгая белая палатняная кашуля ў яго задзёрлася аж на грудзі; босыя, вымытыя ў расе ногі ён падагнуў пад сябе, прыціснуўшы імі лейцы, - усё роўна як не пускаючы аднаго каня. Ля ног у яго на пяску бегалі мурашкі.

Яна падумала, што забілі Янука. Дваіх забілі: Таню і Янука... Пасля злякнулася: а дзе ж мужчыны? Павярнуўшы, нямогучы, галаву, каб глянуць уперад на дарогу, яна ўбачыла на зямлі Янукову белую кабылу. Кабыла ляжала ў аглобнях, адкінуўшы галаву, як завалілася ўсё роўна ў баразне.

Наперадзе нікога не было відаць: ні Боганчыка з жарабком, ні Панка, ні самога Махоркі, ні іхніх вазоў... Вісеў толькі пыл над парытай, як зрэзанай чым, дарогай, і ўсюды было ціха.

Калі Наста адхінулася ад воза, на вочы ёй лучыўся мех, той, на які яна была аперлася. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку... Шырокая ад нажа дзірка была заткнута сенам, каб не сыпалася на дарогу з меха жыта...

Наста пачула раптам, як у яе зрабіліся цвёрдыя ногі, змярцвелі.

Яна была клікнула Махорку...

Махорка не адазваўся, і яна павяла каля сябе вачыма...

Махорка ляжаў нічком ля Алёшавых калёс, недалёка ад дарогі ў сіўцы. Здалёку быў увесь чорны і, здавалася, гарбаты.

- Мірон... - клікнула яна спопаразку і, выпусціўшы з рук ляжэйку, пайшла дарогай назад да маста - пераступала з нагі на нагу. Апомнілася, што ідзе, ужо ля Алёшавых калёс. За калёсы яна больш не бралася; стаяла на дарозе і глядзела здалёку на Махорку. Пасля яна ўбачыла, што ляжыць у аглобнях на пяску, проці Махоркі, выпучыўшы жывот, як аб'елася, рабая Таніна кабыла. Таніны калёсы былі перакулены, і з-пад іх не было відаць мяхоў...

І Алёшаў конь быў забіты: ляжаў на зямлі за калясьмі; калёсы былі перавернуты ўпоперак дарогі. На жоўтым пяску аж ля самай лагчыны біў галавой аб зямлю яе, Насцін, Буланчык, падымаючы ўгару і апускаючы белыя аглобні - яшчэ жыў...

- Дзеці! Дзеці!.. - зноў закрычала яна.

Яна ўжо мінула масток; ішла, перастаўляючы ногі, - ішла дамоў - і чула, што не можа ісці: слабее. Пастаіць і зноў ідзе, абыходзячы на дарозе забітых немцаў: яна баялася ступіць на кроў - на цёмныя мокрыя плямы на пяску.

Думала, ідучы, што ля маста, адкуль стралялі і куды загадваў бегчы Махорка, няма нідзе партызан - адны бітыя немцы па ўсім лагу і па дарозе. Каб былі дзе блізка партызаны, згледзелі б, што яна ідзе. Але дагэтуль, пакуль яна ляжала ў лагчыне без памяці, партызаны пайшлі недзе праз Пунішча на Палік, не сядзелі на месцы.

За мастом пачыналася гара. Стала горача, не было чым дыхаць. Яна была ўжо ўзышла на гару да палавіны - ішла дарогай назад, адкуль нядаўна ехалі...

Калі яна ўпала на гары на жвір, пачула, што сунецца ўніз, да маста ў лагчыну. У вачах стала голае карэнне ад сасны, сухое, чырвонае: вытыркалася з зямлі, дзе асыпаўся пясок...

Чуваць было, як недзе ззаду пачало несціхана бухаць - рваліся снарады. Ёй здалося пасля, што гэта б'е галавой аб зямлю Буланчык...

- Дзеці... Дзеці... - клікнула яна, перавярнуўшыся на плечы.

На яе пасыпаліся зверху зялёныя сасновыя іголкі.

Пасля яна пачула, што слепне. На вочы як усё роўна наліпла сухога павучыння: сцірай даланёй - не памагае. Загарэлася ўсё ўсярэдзіне...

 

18

 

Боганчык бег расцяробам з гары па сухой папараці і карчах, азіраючыся памінутне назад, туды, дзе была дарога, і чуў, што робіцца ціха - перастаюць страляць. Толькі яшчэ, бывае, доўга, аж, здаецца, заходзячыся, хлебястаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... Нямецкі - ён, Боганчык, пазнаваў.

Ён падумаў, што страляюць усё роўна як некаму ўдагонку... Мусіць, немцы адступілі за масток на шашу: там зноў было чуваць, як гудзяць машыны.

Ён спатыкаўся, чапляючыся нагамі за карэнне, нагінаўся, каб не паваліцца, да самай зямлі - чуў тады, як пахне з-пад ног падсохлае гэтым месцам у расцяробе балота: прэлай кіслёй і багульнікам... Даваенная лінія зарасла бярэзнікам уровень з чалавекам, і Боганчык думаў, што здалёку з гары недзе відаць, як кратаюцца кусты ў расцяробе. Ён хацеў збегчы з лініі, але паабапал быў густы ельнік - не ўткнуцца.

Ён бег, угрэўшыся, як у лазні, расшпіліў сарочку і хватаўся ў дзве рукі за грудзі. У грудзях было горача і суха, нібы там усё схапілася агнём; горка стала ў роце на языку... Ён, мусіць, дыхаў з сябе гарачынёй: высахлі і патрэскаліся вусны.

Гарэлі шчокі - накалоў аб яловыя лапкі; муляў ззаду за шыяй мокры і цвёрды, што карына, каўнер - рэзаў як тупым нажом...

Боганчык не помніў, дзе жарабок з калясьмі і дзе кепка... Чорт з імі. Жарабок быў скочыў з дарогі ў соснік... з калясьмі. Забілі недзе.

Калі ён каціўся з гары, здавалася, шчапаецца зямля: трашчала ўсё на свеце. Пасля, як ён ускочыў з дарогі і пабег расцяробам, пачуў, што страляюць ля маста і ззаду за паваротам. Ён падумаў, што ля маста трашчаць без сціханага аўтаматы, што партызаны недзе, чакаючы, прапусцілі немцаў за паварот і кашанулі адразу і збоку і ззаду ўдоўж па дарозе. Немцы не чакалі іх тут, пад самым гарнізонам, і ішлі, мусіць, без разведкі за абозам. Адбегшыся, ён падумаў, што трэба завярнуць пад Краснае, пад лог да ракі: у балота на Пунішча могуць адступіць партызаны; у лесе ж ля маста і на дарозе да самай шашы поўна немцаў... Ён пачуў пасля, што зноў страляюць у расцяробе, і пачаў памінутне азірацца...

Адразу аднекуль нахлынуў страх, схапіў усяго - затрасліся ў каленях ногі, падгіналіся, не даючы бегчы. Боганчык быў падумаў, што яго паранілі. Стукалі зубы; ён варочаў галавой і нічога не бачыў, бытта аслеп. Толькі выстаўляў уперад рукі, выцягваў далёка перад сабой, каб не прасадзіцца. Вывіхнуў, мусіць, у костачцы нагу, бо згледзеў, што кульгае; пасля пачуў, што не можа прыступіць - баліць у самым суставе. Доўга бег, кульгаючы, пасля боль у суставе прайшоў, толькі было горача ў назе ў боце, усё роўна як ён, Боганчык, парыў яе ў лазні ў цабэрку з гарачай вадой. Нага ў яго некалі балела... Падумаў быў, што, можа, гэта і не вывіх - разбалелася старая болька...

Калі ззаду аціхла страляніна, Боганчык стаў, пасля зноў бег, аж пакуль не кончыўся расцяроб у самай лагчыне. Збоку была сухая імшара з высокім мохам і ценкім дробным сасоннікам - сюды маглі адступіць партызаны, ідучы на Пунішча ў пушчу; наперадзе пачынаўся высокі стары соснік, свіціўся - блізка, мусіць, недзе была пасека.

Ён быў зноў стаў спопаразку: не ведаў, куды бегчы. Ён не хацеў нікуды сыходзіць з расцяробу: здавалася, каб расцяроб ішоў на край зямлі, ён, Боганчык, бег і бег бы па ім, не звярнуўшы. Расцяроб вёў з лесу на выспу пад Краснае, па ім можна было збегчы ад страляніны...

Боганчык стаяў, круцячы галавой, і чуў, як стукае сэрца - выскачыць з грудзей; пасля пачуў, што стукае ў галаве - у патыліцы - і звініць у вушах. Балелі вочы, не павярнуць, не глянуць, і трасліся ногі. Ён убачыў, што стаіць ля самай імшары, уехаўшы ў мох аж па калені. Пад нагамі была вада: рабілася холадна ў пальцы, зверху праз боты.

Боганчык стаў церці рукамі вочы - згледзеў, што чорныя пальцы: умазаў, калі бег праз гарэлы соснік на пасецы і адхінаў лапкі. Учарэпіўся быў за падол у рубашцы і, выцягнуўшы яе з-пад дзягі, стаў абціраць рукі. Рубашка была мокрая, хоць круці...

Пачуў яшчэ, што капае пот з барады на рукі, цёплы, як летняя вада; капае з броў на штаны - на калені; цячэ з валасоў ля вушэй за карак. Ён павёў даланёй па барадзе - на руцэ была чорная вада...

Яму тады захацелася піць.

Калі ўперадзе ў імшары рванула міна, трэснуўшы і зазвінеўшы блізка, нават быў відаць дым, Боганчык адразу падскочыў спопаразку і кінуўся бегчы ў рэдкі соснік, дзе свіцілася поле... Падумаў, што страляюць па ім: згледзелі. Падумаў яшчэ, што па ім, мусіць, і стралялі, калі ён бег расцяробам, - з гары добра відаць...

Боганчык пачуў, што зусім не можа бегчы, задыхаецца, схапіла хліпаўка, вострая, як колькі; совае ў грудзі, не дыхнеш. Ён зноў стаў.

Цяпер затрашчала ззаду, якраз дзе быў расцяроб. Угару там падняўся пыл; засмярдзела гарэлая сажа, як з коміна... Стала блага...

Ён пабег тады на гару - падымаўся, спатыкаючыся, - якраз туды, дзе свіціўся стары рэдкі соснік, - далей ад расцяробу.

Калі пачалі рвацца міны спераду па ўсім сосніку і загарэўся верас - закруціўся ля зямлі белы дым і было відаць полымя, - Боганчык падумаў, што страляюць не па ім: каму ён трэба. Немцы недзе адышлі з Тартака на шашу і цяпер адтуль страляюць у лес з мінамётаў, пускаючы міны ў той бок, дзе былі партызаны, - у белы свет, як у капейку...

Пасля Боганчык падумаў, што невядома: можа, сюды, пад Краснае, ідуць краем лесу партызаны - чаго ім лезці на Пунішча ў балота... Пойдуць берагам Дзвінасы пад самым носам у немцаў у пушчу, не збаяцца, калі не збаяліся сесці ля самага Краснага ў засаду.

Міны рваліся цяпер, здавалася, па ўсім лесе, і Боганчык падумаў яшчэ, што немцы не сунуцца зноў адразу дарогай, хоць партызаны даўно, можа, сышлі, - будуць абстрэльваць увесь лес з мінамётаў: і імшары, і пасеку на самай гары, і стары соснік пад логам ля Дзвінасы.

Ззаду за расцяробам, недзе, мусіць, на дарозе за мастом, зноў засакатаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... - нямецкі, стралялі разрыўнымі кулямі - і пачуліся стрэлы з вінтовак: пах! пах! Немцы будуць яшчэ лупіць і з кулямётаў па лесе ля дарогі - удоўж і ўпоперак...

Пасля на шашы зараўлі машыны, як ішлі ўсё роўна пад гару. Боганчык пачуў, што там забразгала жалеза, як у кузні...

«Танкі...» - падумаў ён.

Яго тады ўсяго страсанула: ён даўна не чуў, як бразгалі танкі.

«Магіла ў лесе... Пойдуць немцы. Абстраляюць і пойдуць...»

Калі Боганчык спатыкнуўся і пасля стаяў, каб прыслухацца, чуў, як стукае сэрца і турчаць недзе збоку на імшары жабы. Тады зноў лязгала жалеза: міны рваліся ззаду - мусіць, на дарозе ля мастка. Ён зноў бег - трушком: не давалі колькі; бег з гары ў лагчыну, дзе свіцілася поле. Пад нагамі шуршаў сухі сівы мох - нават не адсырэў за ноч, у лесе, мусіць, не было расы, - трашчала сучча, і грукала зямля, усё роўна як дзе глыбака была пустая. Пасля ён падумаў, што гэта зноў у яго стукае ў галаве.

Там, дзе перш свіцілася поле, ён раптам згледзеў дым, густы, сіні. Гарэў лес, а яму здавалася, што ў тым баку было поле...

Міны рваліся цяпер ззаду на гары, адкуль ён, Боганчык, збег сюды, уніз, у высокі, рэдкі сасновы лес, дзе бушаваў агонь...

Закашляўшыся, Боганчык адразу завярнуўся назад - не давала дыхаць - і бег, як толькі мог: уцякаў ад дыму.

Трашчала полымя пад самымі нагамі - гарэла сухое жоўтае сасновае верхаўё; гарэлі сасновыя карчы, роўна, ядрана, усё роўна як хто расклаў агні; сінелі, корчыліся на моху кара і верас, сінеў ад агню мох, беручыся ў чырвоны вугаль, - агонь ішоў па зямлі.

Боганчык ужо не бачыў дыму, чуў толькі, як густа пахне гарэлай смалой, і бег - бег назад і ніяк не мог выскачыць з дыму. Тады ён павярнуў лявей, каб выбегчы на імшары.

Калі ён лучаў на сівую рэдзенькую травіцу на буграх, куды не дайшоў агонь, бачыў, як беглі па зямлі шэранькія дробныя яшчаркі - уцякалі ад пажару. Яшчаркі баяліся выбегчы на чорную зямлю, дзе прайшоў агонь, - зямля, мусіць, была яшчэ гарачая, - і круціліся на месцы па траве, падымаючы галовы.

Рэдзенькую сухую травіцу на зямлі агонь лізаў, што карова языком...

«Магіла ў лесе...» - зноў цюкнула яму ў галаву.

Ён бег і думаў, што пачаў круціцца на адным месцы, як заблудзіўся. Горача было ўсяму - здавалася, гарэла на плячах рубашка; стукала ў галаву, як малатком, і ён пачуў, што валіцца з ног...

Ён упаў на нешта цвёрдае і вострае, ударыўшыся - згледзеў, што на крушню камення. Крушня была сырая і халодная, парасла зверху зялёным вільготным мохам, і яе абыходзіў агонь.

Боганчык падумаў, што ля крушні недзе блізка дарога, і зноў ускочыў з зямлі...

Калі ён выбег на чыстую пасеку, убачыў сонца - яно паднялося над самым лесам і, здавалася, сушыла ўсё на свеце. На пасецы на малінніку ля пнёў яшчэ блішчала на лісці раса, як вада пасля дажджу, і ўсюды пахла дымам, аж дзёрла ў горле. Дым спаўзаўся з лесу на пасеку і збіраўся ў кутках, як туман, засцілаючы ўсё з вачэй...

Пад ногі лучаліся старыя бярозавыя дровы-метры - некалі ляжалі тут у вёрстах. Сухая белая бяроста стаяла ворахам і трашчала, ломячыся, калі ён ступаў на яе. Ногі правальваліся глыбака, да калень, і выцягвалі наверх сухую жоўтую ў друзалках трухліну, што гнілое пілавінне.

Ён быў пераскочыў цераз свежую яму ад міны, неглыбокую, шырокую зверху і вузкую ўнізе, усё роўна як дзікі яе вырылі, шукаючы карэння. З ямы быў вывернуты пясок - у адзін бок; сыры, мяккі і жоўты, ён ляжаў у свежых друзалачках і бялеў зверху - сох на сонцы. Ля пяску на сіўцы валяліся дробныя чырвоныя трэскі. У яме ля берагоў была чорная зямля - у сажы.

Ён бег пасекай па чыстым і думаў, што бяжыць здурнеўшы... Як і тады, калі яго засталі дома ў вёсцы немцы, - ён прыйшоў быў з Карчаватак. Немцы ішлі тады з лесу, а ён глядзеў з хаты ў акно, думаў, што яны паявяцца з грэблі...

Згледзеўшы іх ля ям, ён выскачыў з двара, перакуліўся цераз тын і пабег вуліцай - пасярод - у другі канец вёскі... Па ім пачалі страляць з аўтаматаў, а ён бег і бег пасярод вуліцы... Каб хоць прыхінуўся дзе да вугла...

На пасецы ён зноў лучыў на лінію, угледзеўшы яе знянацку: мільгануў збоку чысты прагал...

Боганчык тады зноў пабег расцяробам з пасекі, туды, дзе ў прагале за лесам была відаць белая ад сонца зямля. Задыхаўся, хаўкаў, як рыба на пяску, і рваў на грудзях рубашку... Расцяроб быў узараны яшчэ да вайны; сухі, жоўты, аж белы пясок выпетраў на сонцы і перасыпаўся пад нагамі, як попел. Ногі лезлі, што ў свежы снег, коўзаліся, і ён баяўся, каб не спатыкнуца: абваліцца - не ўстане.

Пасля ён пачаў лучаць нагамі на траву - на сівец, што рос кусцікамі, як насаджаны рукамі. З сіўцом раслі зайцаў гарошак - сцяліўся па самай зямлі, па пяску; мучанічнік - спаўзаў на лінію з пасекі доўгімі вусамі з лісцем, што на бруснічніку; верас, сухі і ацярушаны, як стаптанае скацінай ржышча; мятліца - стаяла белая, што салома; высокая рабінка з пакручаным лісцем, што расце на пасеках на сухім пяску ля пнеў; і крапіва - зялёная, старая, як дзе пад вуглом: па дзве, па тры дудкі ў кучы.

Расцяроб у самым канцы шырэў - на яго, мусіць, выходзіла аднекуль дарога - і быў відаць далёка, ля самай ракі чысты лог. За логам, за ракой, пачыналася Краснае...

Боганчык пазнаў, што бяжыць якраз на выган - да млына...

На выгане за ракой быў відаць дот - ляжалі павыварочваныя з зямлі белыя груды... Немцы ўзарвалі ўсе доты ля Краснага. Узрывалі сёлета вясной, яшчэ маразамі, і было добра чуваць аж у Дальве...

Убачыўшы дот, Боганчык страпянуўся, і ў яго заныла ўсярэдзіне. Падкасіліся ногі...

Зноў засмярдзела дымам, як і дома ля грэблі. Пасля Боганчык убачыў, як далёка за ракой у Красным нешта гарэла - у тым баку ўсё было заслана дымам...

Ззаду ля маста застукаў кулямёт, кораценька і дзярката: а-а-у-у...

Пасля пачалі без аддухі страляць на імшарах, і далёка ішло рэха, аж у кут пад пушчу...

...Боганчыку было здалося спачатку, што яго ўдарыў заднімі ўкаванымі нагамі жарабок - у жывот пад дыхавіцу, адкінуўшы з хлева аж на памост на праціўні... Пасля ён пачуў, як разанула пад грудзьмі - што пілой...

Ён упаў на лініі ў пясок, адваліўшыся на спіну, як паслізнуўся, і адразу падняў галаву. Не давала глядзець - рэзаліся павечкі: вочы былі поўны пяску. Мігнула было адразу ў галаве, што ён не пачуў выбуху: затрашчала толькі спераду на зямлі, усё роўна што сухое ламачча, і яго, Боганчыка, таўханула нечым цвёрдым і гарачым пад грудзі...

Падняўшы галаву, ён згледзеў кішкі... Яны ляжалі збоку ля яго на пяску. Ён схапіў іх рукамі, нічога не помніўшы, і прыціснуў да сябе - да жывата... Пачуў, што яны гарачыя, як вар... Ён згледзеў яшчэ збоку ля сябе яму... З яе ішоў белы, як пара, дым - слаўся па дне...

Пасля яго тузанула ўсяго і скруціла, як у абаранку. Рэзала ў жываце і ціснула за горла, як усё роўна душыла вяроўкай.

Ён не мог уцярпець... - пакаціўся па зямлі, па пяску...

- Да-бі-іце... Дабі-іце... - ён яшчэ крычаў і чуў сам сябе.

Пасля ён яшчэ быў падняў галаву, корчачыся і апіраючыся на рукі, і ўбачыў, як заблішчаў і схаваўся з вачэй далёка ў канцы расцяробу за ракой на беразе белы дот... Пацямнеў і асыпаўся, як куча попелу...

 

19

 

Вецер гнаў у вочы дым з пяском - дзёр пясок з зямлі, з поля і сек у шчокі, як зімой у маразы, калі заходзіў з Карчаватак...

Алёша пачуў, што захлынаецца - няма чым дыхаць...

Дыму была поўна пасека ля вёскі: сівы, як пыл, і густы, ён вісеў у самым кутку над жытам ля дарогі і над соснікам на Пагурку, хаваючы яго з воч. Дымам зацягнула альшэўнік і вузкую жыліну на балоце на сушкоўскім баку, як туманам: ад яго было сіне і ля лесу пад Карчаваткамі і на ямах, як перад ноччу...

Алёша падумаў быў, што гарыць лес: зайшоў з-за вёскі вецер, і агонь коціць усе Карчаваткі...

Вецер шалеў: гнаў, не сціхаючы, з гары ад ям, ад вёскі, жарству; падымаў угару аж немаведама куды жоўты пыл і сухую чорную траву - змятаў з дарогі; віхор хапаў на полі ў ахапак жыта, здавалася, павырывае яго з зямлі і пагоніць у жыліну на сушкоўскі бок, што салому; не даваў ісці, становячыся слупам на дарозе наперадзе... Алёша тады нагінаўся і, падвярнуўшы галаву, закрываў у дзве рукі вочы. Чуў, што ногі лезуць на дарозе ў пясок аж да калень.

Шумеў лес, аж стагнаў на ямах за дарогай, нагіналіся сосны, і тады за імі ў прагалах было відаць высокае, цёмнае, што ўвосень, неба ў доўгіх белых, выцягнутых, як лейцы, палосах. Адгіналіся назад сосны, паволі, што баючыся, скрыпелі і трашчалі, як падсечаныя.

Смярдзела ўсюды гарам, як ад торфу, калі ён доўга гарыць - тыднямі...

З поля ад Пагурка добра быў відаць соснік ля ям перад самай вёскай... З-за сосніку раптам паваліў дым, белы, як вата; густы, усё роўна што ў камках, ён расцягваўся ад ветру ўдоўж дарогі да самага лесу, пасля ападаў на зямлю, на жыта.

Алёшу тады зрабілася раптам блага; ён быў пастаяў, гледзячы ў соснік за ямы, тады пусціўся бегчы пад гару - па пяску і па жыце. Бег і думаў: на дарозе нарасло жыта - сцёбае па шчоках, як хто павіванай пугай...

Пад гару ён не мог бегчы; станавіўся і, закрываючыся рукамі ад ветру, кашляў; пасля, аддыхаўшыся, зноў бег па жыце на гару да ям... Высахла ў роце, як ад палу; патрэскаліся вусны і зрабіліся салёныя, аж горкія; высахла на грудзях чорная рубашка са старым сапсаваным бліскучым замочкам - замочак раз'ехаўся зверху данізу. З рубашкі, калі Алёша датыкаўся да яе локцямі, адставала і адвальвалася камячкамі гразь - рудая, патрэсканая, што пацёртая яловая кара. Было горача ўсяму: смылела ад сонца галава; гарэла шыя; паапякаў, мусіць, скуру на носе - не дакрануцца пальцамі...

Ён быў падумаў, што не бачыць нідзе сонца - як схавалася куды.

Пасля яно паказалася з-за дыму - вісела высака ўгары, малое і белае-белае, не глянуць, вісела над самай вёскай - звярнула даўна з паўдня: усё роўна як была пара займаць на адвячорак у поле кароў...

Алёша пачуў, як яму раптам забалела ў калене нага - ударыў, калі Махорка зганяў яго з мяхоў з калёс. Балела паясніца, як усё роўна дзе яе зламаў; совала ў галаву, калі лучаў босай нагой на камень. Ён тады аж сціскаў зубы. На зубах трашчаў пясок...

Алёша бег на гару да ям; станавіўся, тады зноў бег... Бывала, яму здавалася, што ён бяжыць не жытам дамоў, да вёскі, па пяску, а балотам з Тартака на Пунішча...

На гары ля ям у сосніку было сіне ад дыму, і Алёша доўга цёр кулакамі вочы: нічога не бачыў, як заступіла. Пасля ён выбег з сосніку на поле, якраз там, дзе да вайны быў калгасны капец і дзе людзі з вёскі хавалі бульбу. Зямля ад капца ляжала буграмі, яе ніхто не зраўняў, і Алёша пазнаў гэта месца, узбіўшыся з нагамі...

За соснікам рваў яшчэ горшы вецер, сек па шчоках жарствой - гнаў яе, мусіць, дарогай з загумення - і нічога не было відаць...

Алёша быў, мусіць, закрычаў, бо пачуў, што папярхнуўся, і яму зноў падвярнула пад грудзі блага...

За соснікам, дзе стаяла вёска, усё было заслана дымам, як і ў кутку на пасецы пад Пагуркам, дзе расло жыта.

З зямлі ўсюды ішоў клубамі дым, буры і цяжкі, як дзёгаць; яго, здавалася, не браў і вецер. Дым ішоў высака ўгару - уровень з соснікам, бялеў, тады яго гнуў да зямлі вецер і гнаў дарогай да ям на жыта...

Алёша ўбачыў, як вецер з дымам гоніць іскры, маленькія, дробныя, што пясок, - падымае ўгару і сыпле тады на зямлю, як сее. Па зямлі ў тым месцы бегаў агонь. Агонь быў белы, як сонца, і ад яго калола ў вочы; здавалася яшчэ, што іскры лятуць усё роўна як з-пад зямлі...

Запахла гарэлай бульбай і сырой глінай. Зарваў быў вецер, і тады ўсё заслаў дым - нічога не пазнаць...

Алёша падбег да самых ям - да дарогі. Ямы былі старыя - асыпаліся, аб'ехалі... На жоўтым пяску на дне ў іх расла трава...

Перабегшы дарогу, ён быў аглянуўся: у кутку над лесам, недзе над Дзвінасой, у небе віселі чорныя, што вуголле, самалёты, як і ўчора надвечар... Там несціхана грукала - усё роўна як грымеў гром.

Тады Алёша адразу пазнаў сосны ля фермы на дзядзінцы. Яны раслі ля дарогі, што вяла з вёскі да ям... Вялікія, вышэй лесу, таўстыя, не ашчапіць і ўтраіх рукамі, падсечаныя тапарамі, у ямах і ў дуплах, дзве старыя сасны здаўна стаялі ў канцы вёскі, дзе некалі былі могілкі...

На большую былі ўсцягнулі барану для бацяноў, даўна, Алёша не помніць калі, вялікую, мусіць, нечую з гумна. Бацяны яе не зачапілі; яна ляжала ўгары на сасне - белая, выгарала на сонцы, нагнулася краямі ўніз, як пераламаная... Баяліся, каб яна не звалілася на галаву. Алёша пазнаў барану - згледзеў здалёку...

Тады ён згледзеў вуліцу... Белая ад пяску, яна ішла вёскай, як дарога ў полі...

У яго затрасліся ногі...

Ён пазнаў яшчэ, што стаіць ля Боганчыкавага плота на дзядзінцы. Плот абгарэў - быў ля самага хлева - пачарнела жэрдзе. Агонь гнала з двара па зямлі, і ля плота выкаціла сухую, прыбітую нагамі траву. Вецер сагнаў з яе чорны попел, і ля самай зямлі з пяску было відаць белае карэнне...

Пасля ён падумаў, што Юзюк недзе на Паліку... Юзюк астаўся жыць...

Над соснамі далёка-далёка ўгары краталіся воблакі - адно над адным - цяжкія, белыя, што гурбы, і, здавалася, халодныя; ніжэй іх віселі чорныя, што зямля, з жоўтымі краямі тулягі: паўзлі ў другі бок, за раку - за Дальву...

 

1967


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Янка Труцень