epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Няўдалы дэбют

З Вадзімам у апошні час адбываецца нешта дзіўнае. Стаў ён нейкі разгублены, задуменны. Пачнеш яму што-небудзь расказваць, ён глядзіць на цябе і нібы слухае, а думкі яго блукаюць недзе далёка, і нічагусенькі ён не чуе.

Было б яшчэ паўбяды, калі б ён паводзіў сябе так у адносінах да мяне, дык і на ўроках ён не лепшы. Вось хоць бы і сёння на хіміі. Іван Паўлавіч тлумачыў хімічны склад вады, а пасля, каб праверыць, як засвоены матэрыял, выклікаў Вадзіма і пытае:

— Скажы, Жураўскі, што трэба зрабіць, каб атрымаць ваду?

— Трэба адкруціць кран,— кажа Вадзім.

У класе ажно шыбы зазвінелі ад рогату, а Вадзім стаіць і хоць бы што.

— Ты што, Жураўскі, жартаваць надумаў?

— Ды не, Іван Паўлавіч, я сур?ёзна,— спакойна адказвае Вадзім.

— Ну, калі сур?ёзна, дык дай мне свой дзённік.

Вадзім схапіў падручнік хіміі, што ляжаў на парце, і падаў настаўніку.

— А гэта яшчэ што? — абурыўся Іван Паўлавіч.

— У яго тэмпература,— заспяшаўся я на дапамогу Вадзіму.— З галавой нешта.

Іван Паўлавіч уважліва з-пад акуляраў паглядзеў на Вадзіма і, аддаўшы яму падручнік, сказаў:

— Сядай, а на перапынку Маеўскі — гэта значыцца я — адвядзе цябе дадому.

Калі Вадзім сеў побач са мной, я проста ўскіпеў:

— Ты што, звар?яцеў? Толькі месяц, як пачаўся навучальны год, а ты — «адкруціць кран».

— Эт, адчапіся! — адмахнуўся ад мяне Вадзім.— Нічога ты не разумееш,— уздыхнуў ён і адвярнуўся да акна.

«Што з ім сталася? — думаў я, седзячы побач.— Сябруем мы ўжо чацвёрты год, а гэткім, як цяпер, я яго яшчэ ніколі не бачыў. Можа, ён і сапраўды захварэў? — устрывожыўся я.— А можа, якую таямніцу ад мяне хавае? Толькі ж паміж намі сакрэтаў ніколі не было. Аднак трэба нешта рабіць. Калі я сапраўдны друг Вадзіма, я мушу тэрмінова выкрыць прычыну яго дзіўных паводзін».

— Сёння я прыйду да цябе і будзем разам рыхтаваць урокі. Чуеш? — сказаў я, калі празвінеў званок на перапынак.— А зараз ідзі дадому, а то яшчэ адну двойку схопіш.

— Лепш я да цябе прыйду,— сказаў Вадзім.

— Добра,— згадзіўся я.— Толькі глядзі не пазніся. Каб роўна ў чатыры быў у мяне,— строга папярэдзіў я.

Вярнуўшыся са школы і паабедаўшы, я пачаў чакаць Вадзіма. А каб дарэмна не марнаваць час, узяўся паўтараць англійскую мову. За заняткам час бег непрыкметна, а калі я нарэшце глянуў на гадзіннік, дык убачыў, што чатыры даўно ўжо мінула і малая стрэлка набліжаецца да пяці. Чакаць далей не выпадала. Урокаў на заўтра было багата, і трэба было з імі спяшацца. Я схапіў патрэбныя падручнікі і сшыткі і пайшоў да Вадзіма.

Узбегшы на трэці паверх, я спыніўся і хацеў было націснуць на гузічак званка, калі заўважыў, што дзверы ў кватэру Жураўскіх прыадчынены. Я ўвайшоў у калідор і пачуў раптам голас Вадзіма.

Ён гаварыў з некім горача, узнёсла. Я затаіў подых, спыніўся і зазірнуў у пакой. Вадзім стаяў перад люстрам, энергічна размахваў рукой, калмаціў сваю чупрыну і нараспеў, як гэта звычайна робяць паэты, чытаў верш, трымаючы перад вачыма сшытак.

«Што гэта ён? У артысты меціць, ці што?» — падумаў я, назіраючы крадкам за Вадзімам.

— Не, тут нешта не тое,— прамовіў Вадзім і, схапіўшы са стала аловак, пачаў нешта мармытаць сабе пад нос і запісваць у сшытак.— Не, усё гэта не тое.

«А можа, ён красворд разгадвае? Ён жа як возьмецца за той красворд, дык яго ніякая сіла не адцягне»,— падумаў я.

— Вядома, не тое,— сказаў я, уваходзячы ў пакой.— Замест таго каб красворд разгадваць, лепш бы за алгебру ўзяўся.

— Красворд! — іранічна ўсміхнуўся Вадзім.— Я рыфму шукаю, а ён— «красворд».

— Якую яшчэ рыфму? — здзівіўся я.— Ты што, у вершы ўдарыўся? Надумаўся стаць паэтам? — запытаў я.

— Так, хачу стаць паэтам! — адказаў Вадзім, змераўшы мяне з галавы да ног ганарыстым позіркам.

— Летась, здаецца, ты хацеў стаць фігурыстам і праз гэтыя свае канькі ледзь на другі год не застаўся, а цяпер, значыцца, у вершы ўдарыўся.

— А што? Паэту на алгебру, на хімію ці на геаграфію напляваць. Трэніруйся сабе ў рыфмах ды страчы вершы. Лёгкая, цікавая гэта штука — пісаць вершы,— летуценна ўсміхнуўся Вадзім.— Асабліва, калі ў цябе талент ёсць і прыходзіць натхненне. Вось як сёння ў мяне. З самага ранку гэтае натхненне захапіла мяне. Прачнуўся, а ў галаве адны толькі рыфмы. Так і чую, як яны мітусяцца, на волю просяцца, на паперу. Таму і з хіміяй недарэчна атрымалася, не да яе мне было. Разумееш?

— Разумею, разумею, толькі скажы, што з урокамі будзе? Ты думаеш іх сёння вучыць? — запытаў я Вадзіма.

— Не магу, браток, сёння, не магу. Галава занята вершамі, для ўрокаў у ёй зараз няма месца,— адказаў Вадзім і зноў пачаў мармытаць пад нос нейкія словы.

— Ну, рыфмуй, рыфмуй. Паглядзім, што ты будзеш рабіць, калі заўтра да дошкі настаўнік цябе пакліча,— сказаў я.— Ды не забудзься, што ў панядзелак трэба здаць сачыненне на тэму «Як я правёў летнія канікулы».

— Што мне тое сачыненне? — усміхнуўся Вадзім.— Ды я цэлую паэму табе магу напісаць пра гэтыя самыя летнія канікулы. Не верыш? Вось сяду сёння і настрачу. Усе ад зайздрасці пазелянеюць, калі Ніна Адамаўна пачне чытаць яе ды расхвальваць.

— Ну, страчы, страчы, а я пайшоў урокі рабіць, бо і так праз цябе шмат часу змарнаваў.

Назаўтра я ў школу не пайшоў: да мяне зноў прычапілася мая злашчасная ангіна. А ў нядзелю ўвечары да мяне з'явіўся Вадзім. Твар яго ззяў, нібы гузік на кіцелі сувораўца. Забыўшыся нават прывітацца, ён спыніўся на парозе пакоя, дастаў з кішэні сшытак і абвясціў:

— Маё сачыненне гатова. Я напісаў яго вершамі. Садзіся і слухай.

І Вадзім, ускалмаціўшы і без таго сваю калматую чупрыну і прыняўшы адпаведную позу, пачаў:

 

Адпачываў я — лепш не трэба,

Выдатна я адпачываў.

Пад сонцам, што смаліла з неба,

На Чорным моры загараў.

Я плаваў ў шторм і ў непагоду

З дэльфінамі ўпераганкі...

 

— Пачакай, пачакай! — перапыніў я Вадзіма.— На якім гэта Чорным моры ты загараў, калі ўлетку адпачываў у піянерскім лагеры «Зубронак»?

— Дзіўны ты чалавек, Косцік. Я ж не звычайны чалавек. Я — паэт, і мая фантазія можа занесці мяне ў любы куток зямлі. Нават на Венеру. І наогул, не перапыняй мяне, калі ласка. Я гэтага не люблю,— незадаволена заўважыў Вадзім.

— Ну, валяй, валяй,— сказаў я і даў сабе слова цярпліва даслухаць да канца Вадзімаву паэму.

Аднак, калі ён адкашляўся і зноў пачаў нараспеў чытаць яе і дайшоў да радкоў:

 

Я ў джунглях быў,

Хадзіў на тыгра.

З мядзведзем белым сябраваў...—

 

я ўжо не вытрымаў:

— Ой, ой, трымайце мяне! — зарагатаў я.— Што гэта ты вярзеш? Дзе ты вычытаў, што белыя мядзведзі жывуць у джунглях? Яны ж жыхары Арктыкі, а не Афрыкі. Каб Зоя Сямёнаўна прачытала гэту тваю паэму, яна паставіла б табе па геаграфіі двойку. А ты кажаш, што паэту напляваць на геаграфію!

— Дык што, далей не чытаць? — счакаўшы нейкую хвіліну, упаўшым голасам запытаў Вадзім.

— Схавай ты гэту сваю паэму ды бярыся за сачыненне, бо з ёю ты набярэшся такога клопату, што пасля і сам будзеш не рады,— параіў я.

— А калі ж я цяпер паспею напісаць тое сачыненне? Заўтра раніцай яго трэба здаць Ніне Адамаўне, а зараз ужо дзесятая гадзіна,— уздыхнуў Вадзім, засоўваючы ў кішэню сшытак.

— Паспееш. Да раніцы вунь колькі часу. Цэлая ноч наперадзе,— сказаў я.

Вадзім паглядзеў на мяне, а пасля запытаў:

— А ты ўжо напісаў?

— Вядома напісаў.

— А ў школу ты заўтра пойдзеш?

— Не, не пайду. Доктар не дазволіў.

— Слухай, Косцік, будзь сябрам, дай мне на гэты вечар тваё сачыненне. Для арыентацыі, так сказаць, для прыкладу,— папрасіў Вадзім.

— Не ўздумай толькі спісваць, бо Ніна Адамаўна адразу зловіць, і тады не толькі табе, але і мне не мінаваць двойкі,— папярэдзіў я, аддаючы Вадзіму сшытак.— Ды глядзі, прынясі заўтра.

— Прынясу, прынясу. Са школы забягу да цябе і аддам,— узрадавана прамовіў Вадзім і пабег дадому.

У панядзелак Вадзім да мяне не прыйшоў. Не з’явіўся ён і ў аўторак. А ў сераду я сам пайшоў у школу. У гэты дзень якраз у нас была беларуская мова, і я сказаў Вадзіму, каб ён аддаў мой сшытак. Вадзім пачаў корпацца ў партфелі, а пасля пляснуў сябе па лбе і ўсклікнуў:

— Вось разява! Я забыўся яго дома.

— А што ж я цяпер скажу Ніне Адамаўне, калі яна папросіць, каб я аддаў ёй сваё сачыненне?

— Скажы, што забыўся дома,— параіў Вадзім.

— А можа, лепш сказаць, што сшытак я пакінуў у цябе, калі мы разам рабілі ўрокі? — сказаў я.

— Ты што, ашалеў?! — спалохана ўсклікнуў Вадзім.— Яна ж можа падумаць, што я спісаў у цябе.

— Чаму ж гэта яна падумае, калі сачыненні ў нас зусім розныя. Мы ж адпачывалі ў розных месцах — я на леснічоўцы ў дзядулі, а ты ў піянерскім лагеры,— заўважыў я.

Нашу гаворку абарваў школьны званок. Перапынак скончыўся, і ў клас увайшла Ніна Адамаўна. Убачыўшы мяне, яна запытала:

— Бечык, ты, вядома, напісаў сачыненне пра свае канікулы?

— Напісаў, Ніна Адамаўна. Толькі я заспяшаўся і забыў яго дома,— схлусіў я.

— Як гэта — забыў? На цябе, Бечык, гэта зусім непадобна. Заўтра абавязкова прынясі,— папярэдзіла яна.

Пасля абеду я пайшоў да Вадзіма, каб узяць свой сшытак. Вадзім пачаў корпацца ў стале, палез чамусьці пад ложак, а пасля, запінаючыся, пачаў тлумачыць:

— Твой сшытак, Косцік... Я сам не ведаю, як гэта здарылася... Ты толькі не сварыся... Я нават не ведаю...

— Кажы нарэшце, куды ты падзеў маё сачыненне? — злосна запытаў я.— Што ты цягнеш?

— Ну, як бы табе гэта сказаць,— ізноў пачаў Вадзім.— Твой сшытак... Ну, я яго згубіў... Толькі ты не сярдуй... Ён знойдзецца, чэснае піянерскае...

— Ты хлусіш! — абурана ўсклікнуў я.— Калі ты зараз жа не скажаш, куды падзеў мой сшытак, я заўтра пра ўсё раскажу настаўніцы.

— Не губі мяне, Косцік!—узмаліўся Вадзім.— Зараз я раскажу табе ўсё, што здарылася.

Аказваецца, сачыненне сваё Вадзім напісаць не паспеў і, баючыся чарговай двойкі, аддаў Ніне Адамаўне мой сшытак, замяніўшы на ім вокладку, на якой стаяла маё прозвішча.

— Ты — друг і павінен выручыць мяне,— уздыхнуўшы, закончыў сваё прызнанне Вадзім.

— Ніякі я табе больш не друг! — гнеўна закрычаў я.— Заўтра пра ўсё гэта ты сам раскажаш у класе.

Вадзім аж збялеў, пачуўшы гэта.

— Друг называецца! Замест таго каб дапамагчы ў бядзе, ты капаеш мне яму. Я...

— Ну, ведаеш, гэта ўжо нахабства. Я даў табе свой сшытак, паверыў табе, а ты...

— Не выдавай мяне, Косцік. Я аддам табе ўсё, што ты пажадаеш. Ну, хочаш, калекцыю марак аддам? Хочаш? — умольна, пазіраючы мне ў вочы, запытаў ён.

— Адчапіся ад мяне са сваёй калекцыяй. Я не спекулянт, каб...

— Ну, добра! — ні то з пагрозай, ні то з адчаем усклікнуў Вадзім і, падбегшы да стала, пачаў у гневе шкуматаць і кідаць на падлогу свае сшыткі і падручнікі.

— Усё! Усё! Не пайду больш у школу! І наогул мне нічога не трэба. Ідзі! Данасі! Ты мяне больш ніколі не ўбачыш. Ніколі! — захлынаючыся ад роспачы і слёз, крычаў Вадзім.

Гэтай сцэны я ўжо сцярпець не мог. Я падбег да Вадзіма, схапіў яго за рукі і, хвалюючыся, сказаў:

— Супакойся, Вадзім. Ліха з ім, з гэтым сачыненнем... Я напішу сёння новае. Я нікому не скажу пра гэты злашчасны сшытак. Нікому!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 234-240
Крыніца: скан