I прыйшоў чалавек да Бога свайго і кажа:
— Божа! Забяры ад мяне Бяду, Слязу і Хваробу, а дай мне Волю, Шчасце і Здароўе.
Бог і кажа:
— Добра, чалавеча, будзе так, як ты жадаеш.
I стаў жыць чалавек без Бяды, без Слязы, без Хваробы, а — вольны, шчаслівы і здаровы. Ажно прыходзе Смерць і кажа:
— Чалавеча, паміраць пара.
Чалавек, калі жыў з Бядой, Слязой і Хваробай, не раз сам жадаў і рад быў са Смерці, але цяпер жаль яму стала жыцця.
I пайшоў чалавек да Бога свайго і кажа:
— Нашто ты, Божа, хочаш адбіраць у мяне тое, што сам дараваў? Забяры ад мяне Смерць.
Бог і кажа:
— Добра, чалавеча, будзе так, як ты жадаеш.
Ішлі вякі, ляцеў час.
I прыходзе чалавек да Бога свайго і кажа:
— Божа, усё я зведаў, усяго зазнаў, адна только рэч нязнаная мне асталася.
Бог і кажа:
— Чаго ж ты, чалавеча, хочаш?
— Смерці,— адказвае чалавек.
I Бог даў чалавеку Смерць.