epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Хлеб

3 народнага апавядання

Стаў ганяць стараста Пранука ажно ў павятовы го-рад адбываць там нейкія павіннасці. «Ах, каб з вас духі павыганяла!» — замармытаў пад нос Пранук, але ткі, хоцькі-няхоцькі, закінуўшы на плечы торбу з хлебам, пацягнуўся.

Раніцай — халадком — ісці было нішто, але пад паўдня стала прыпякаць, ногі пачалі млець, а тут яшчэ вяровачка ад торбы з хлебам муляе плечы Пранука. А ў дарозе, вядомая рэч, зразу зусім не чутно цяжару, а прайдзі толькі далей, дык і хунт пудам здаецца!

Перакідваў Пранук торбачку з аднаго пляча на другое, перакідваў, дый так нічога: рэжа!

— Вось каб цябе ліха! — стаў наракаць Пранук,— Сам чуць цягнуся, а тут яшчэ і хлеб нясі...

— Не ты мяне нясеш, а я цябе нясу,— адзываецца хлеб з торбы.

Забыўся Пранук і на дзіва, што хлеб загаварыў, толькі яшчэ горш узлаваўся:

— Дык ты гэтак?! Мала таго што на плячах маіх ляжыш,— яшчэ агрызацца ўздумаў? Вось жа паглядзім, хто каго нясе! — дый бразь торбу з хлебам аб зямлю, а сам ажно ходу са злосці падбавіў.

Ішоў Пранук, ішоў доўга; але штораз часцей садзіўся спачываць, штораз часцей уздыхаў, штораз часцей сплёвываў і, не прыждаўшы яшчэ вечара, вельмі ўсцешыўся, угледзеўшы здалёку на дарозе карчму.

Зайшоў, дастаў капшук, вытрас з яго апошнюю за-латоўку, што з дому ўзяў, каб было чым хлеб свой падкрасіць у дарозе, ды аддаў яе цяпер на хлеб і, ласа сухі яго грызучы, дагадаўся ўрэшце, хто каго нёс: ці ён — хлеб, ці хлеб — яго.



Крыніца: bookmate.com