epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Цырк

Здаўна ўжо Андрэй Зорка выбіраўся ў губернскі горад да свайго сябрука — Міхалкі Гурчыка. Змалку яшчэ памятаў добра Андрэй, як з Міхалкам у зрэбных кашулінках на вуліцы вёскі босымі ножкамі разам снег убівалі, бабы ляпілі; падкасаўшыся, разам скацінку ў поле ганялі, цэўкі і стрэлкі з вяршынак маладых сасонак выразалі, з вугальчыкаў па каменнях стралялі, дзецюкамі — за баронамі праз адзін шнур цягаліся, на ігрышчах у качарэжніку разам адстайвалі, ласа паглядаючы на гулякаў, а падцягнуліся яшчэ (аднагодкамі былі), ужо складна і да сахі браліся; толькі ў сілу сталі брацца, ажно і не агледзеліся, як скончылася іх сяброўства: Міхалку здалі ў салдаты, Андрэй-ільготнік астаўся дома гаспадарыць.

Шмат з таго часу вады ўплыло, а сябрукі тыкеля разы са два спаткаліся. Першы раз — Міхалка прыязджаў на вяселле старшага брата (ох, і пагулялі ж тады!), а другі раз — ужо стражнікам. Стражнікам, бо Міхалка, скончыўшы службу ў войску, варочацца дадому не захацеў і астаўся па сваёй ахвоце стражнікам у горадзе.

Не раз Міхалка слаў пісулькі да свайго сябрука Андрэя, просячы яго, каб ткі выбраўся даведацца сваяка, бо мучыла, прызнаваўся гарадскі служака, яго нуда па сваіх.

Вось урэшце і выбраўся Андрэй. Восень была; дарога дрэнная; ехаў Зорка дзень, ехаў ноч, а над раніцай ледзь дабраўся да мэты. 

Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, успамінаючы даўно мінулае, пражытае. Праз увесь дзень цягаліся разам па горадзе, а Андрэй не мог надзівіцца тым усялякім навінам, аб якіх, седзячы ў вёсцы, і не снілася чалавеку. Але Міхалка надумаў паказаць Андрэю яшчэ большыя дзівы і вечарам завёў яго ў цырк. I праўда: гэткае, што там давялося ўбачыць Зорку, у яго цеснай галаве і памясціцца не магло.

Аграмадная будыніна. Агні гараць, быццам сонцы свецяць.

Музыка рэжа ў велізарныя дуды. Народу — гібель. Пасярод будыніны — круг; высыпаны чыстым пяском. I вось на гэты круг выйшаў увесь у чорным нейкі чалавек, сам чорны, як смоўж, з бізунамі пад пахай; за ім высыпала грамада яго прыслужнікаў у бліскучых адзежынах, і зараз жа на гэты самы круг віхром уляцеў табун, як малако, белых коней. Ляснуў бізуном той чарнамазы (мусіць-то, камандзер?) адзін раз, і ўсе коні сталі дыбка, ляснуў другі раз —- коні апусціліся на каленцы, і зноў засвісцеў бізун — і рынуліся ўсе коні берагам круга ў такую скочку, што здавалася, жыватамі зямлю даставалі!

Намуштраваўшы ўсяляк, што ажно пара з беднай жывёлы пайшла, камандзер махануў бізуном, прыслужнікі расступіліся, і ўвесь табун з такім самым імпэтам, як быў прыляцеў тады, счэзнуў быццам у нейкай браме, прыкрытай чырвоным сукном.

А той смоўж зноў стаў ляскаць бізуном, і як бач вылецеў на круг сівы ў яблыкі жарабец, быццам з табурэтам мест сядла на спіне, на каторым стаяў маладзенькі хлопец.

Музыка гудзела; бізун ляскаў, а падростак, стаючы на расшалелым кані, то прысядаў, то ўскакваў, то куляўся, кідаўся на ўсе бакі, ажно пакуль і ён, змораны, цяжка дыхаючы, пад свіст бізуна не счэз у той самай чырвонай браме.

Ізноў музыка гудзела, ізноў ляскаў бізун, а на круг выляталі ўсё новыя і новыя то мужчыны, то дзяўчаты — скакалі, круціліся, куляліся і гінулі за чырвоным сукном.

Урэшце нагналі цэлую грамаду звяроў: і сланоў, і медзвядзёў, і сабак, і налпаў, і казлоў, і ваўкоў, і якіх там толькі не было! Усё гэта скакала, вешалася, качалася... А бізун свісцеў і ляскаў, ляскаў і свісцеў...

Колькі гэтага было,— Андрэй і ўспомніць не мог. Выйшаў з цырка, як здурнеўшы. Міхалка, будучы пэўны, што надта дагадзіў сябруку, стаў расхваліваць цырк і дапытваць Зорку, як яму спадабаліся гэтыя штукі, але Зорка ішоў злосны, хмурны, адно толькі слова і адказваў: «Здзек! Здзек! Здзек!»

Вярнуўшыся на кватэру, Міхалка стаў частаваць сябрука вячэрай, але той і не дакрануўся да яе. Лёг, скорчыўся, кажух на галаву нацягнуў і стараўся скарэй забыцца, заснуць...

Перад вачамі Андрэя Зоркі гараць агні... У вушах грыміць музыка, б’юць у бубны... У галаве ўсё круціцца, шуміць... На вялікі, пасыпаны чыстым белым пяском круг выступае, як смоўж, чорны велізарны чалавек з грамадой у бліскучых адзежынах прыслужнікаў сваіх, і ўсе яны, як адзін, круцяць і ляскаюць доўгімі-доўгімі бізунамі...

3-пад брамы, завешанай, як кроў, чырвоным сукном, стаў сыпаць народ: дзеці і сталыя, падросткі і старцы, а за імі сунецца цэлая чарада рознага звяр’я. Уся гэта жывая грамада лётае, круціцца, куляецца, падае, устае, ізноў падае, урэшце ўсе змораныя, спацелыя прыпадаюць на каленцы... А бізуны свісцяць і ляскаюць... «Здзек!»— крычыць Андрэй з вышак, дзе ён сядзіць у цырку... «Здзек...» — як адзін голас, адзываецца,

ускакваючы з кален, жывая грамада... Бізуны хутка падымаюцца ўгару, але дзіва: не свіснулі, не ляснулі яны, а быццам завесіліся ўгары, а пасля схіснуліся і... счэзлі. Белы чысты пясок на кругу стаў жаўцець, штораз болей жаўцець, урэшце чырванець, усё больш чырванець, ажно пакуль не зрабіўся так чырвоны, як тая засланка на варотах... «Здзек...» — раўнула яшчэ раз жывая грамада такім страшэнным голасам, што сцены велізарнай будыніны задрыжалі. А народ і звяр’ё з гмаху пачалі сыпаць на вуліцу; ажно тут Міхалка стаіць, растапырыўшы рукі, пасярод вуліцы і стрымлівае гэту грамаду... Андрэй, замахнуўшыся, кінуўся да яго з крыкам: «Міхалка, ты?!»

-Я,— адазваўся Міхалка, стоячы над самым Андрэем.— Прачніся, братка, папраўся,— надта нечага стогнеш,— мо баліць што?

Андрэй падняўся, працёр кулаком вочы, паглядзеў кругом, глянуў на Міхалку. «А праўда,— адказвае,— мусіцьто, я дрэнна ляжаў, страхі нейкія мучылі мяне»,— і, перавярнуўшыся на другі бок, ціха і смачна заснуў...



Крыніца: bookmate.com