Жоўтага пясочку —
Ды і таго мала —
Меў наш дзед па бацьку;
Зваўся ён Завала.
Ліхая хацінка
Саломаю крыта,
Ліхая адрынка
Ды адно карыта;
3 крадзенага лесу
Лава, стол у хаце,
Міска і дзве лыжкі
Вось і ўсё багацце!
Праўда, у аборы,
Як каза, кароўка
3 голаду рыкала.
Звалася Чарноўка.
Сваёй гаспадаркі
Не любіў Завала,
Так і з ёй карысці
Меў саўсім ён мала.
3 стрэльбачкай на плечах
Ды у зубах з люлькай
Кожны дзень спаткацца
Маглі б вы з дзядулькай.
Саўсім яшчэ цёмна,—
Так не раз бывала,
Дзед ужо ў лесе —
Яшчэ пушча спала...
Гэтакага лесу
Нам ужо не бачыць,
Бо каморнік штодня
3 жыдам яго значаць;
На шнуры лес рэжуць,
Нумары стаўляюць...
Колькі пнёў у лесе
Яны пасчытаюць?!
I от з таго часу,
Як лічыць пачалі,
Звер і птушкі нават —
Тыя замаўчалі...
I не дзіва, брацця:
Цяпер наш Рыгорка
Кожны пень абліча
3 любога прыгорка. ...
Казаў: спала — пушча.
Толькі дзед Завала,
Як у сад знаёмы,
Цягне там, бывала.
Пакуль пройдзе выган
Ды шнурамі поле,
Моліцца і боскай
Аддаецца волі;
А як толькі ступіць
На край лесу цёмны,—
Гоц праз пні, калоды,
Як той непрытомны!
Бо у пушчы сцежак
Ні дарог не будзе;
Хто не знае лесу,
Той, як бач, заблудзе!
Ні Завале сцежак,
Ні дарог не трэба.
Стрэльбачку на плечы,
Люльку, кусок хлеба...
Тут сасна-таўстуха,
Дуб зараз пузаты,
Там — часаў з павалы
Упорку да хаты;
Скора будуць ёлкі
Тры зараз зламаны,
Далей — корч рагаты,
Добра дзеду знаны:
Дзесяць год мінула —
Пахаваў старуху,
Калядамі потым
Тут забіў маруху.
За карчом жа скора
Будзе там палянка,—
Некалі стаяла
Тут чыясь зямлянка;
Драбняк за палянкай
Цягне яшчэ з гоні,
Тут, загнаўшы летась,
З’елі ваўкі коні.
Потым бор высокі —
Сасна у сасонку!..
Слухае дзед вухам
У адну старонку:
Нібы нехта шэпча,
Нібы хтось смяецца,
Нібы сціха плача —
Так усё здаецца...
Дзед на гэты шэпты,
Крадучыся ціха,
Стаў бліжэй падходзіць
Не баіцца ліха!
Выйшаў на паляну
Стары дзед Завала,
Туды-сюды глянуў —
Чуць тады світала;
Праз палянку рэчка
Бяжыць, шуміць, плача;
Дзед па пнёх праз рэчку
На другі бок скача;
А там пень дубовы
Ростам з чалавека —
Выпалена сэрца,
Стаіць, як калека.
У дзюпле рассеўшысь,
Як у сваёй хаце,
Стаў вымаць дзядуля
Тут сваё багацце:
Порах, шрот, пістоны
I кавалак хлеба,
Стрэльбачку паставіў,
Глянуў ён на неба:
Там — высока недзе —
Хмаркі, як каточкі,
То як вол лабаты
Або нібы бочкі...
Змяняюцца хмаркі:
То з іх лось рагаты,
То з іх птах вялікі,
То шнурамі хаты...
А ужо і пушча
Стала прабуджацца,—
Некамусь ды трэба
Першым адазвацца.
Аж тут калі плёхне
У віры пры рэчцы:
Шчупаку паснедаць
Нехта пападзецца!
Потым на балоце
На сасне-старушцы
Глушэц заіграўся,
Як смалой на пужцы.
Хіба што глухі ён,
Бо, каб прыслухаўся,
Сваёй песні пэўне
Сам бы застыдаўся!
Гэтакую песню
Першы дрозд-спявака
Прыняў за знявагу
Свайго брата-птаха:
На шчыт елкі сеўшы,
Стаў свістаць, смяяцца,
Што той песняй можа
3 салаўём раўняцца.
Цецярук хоць сватам
Глушцовым лічыўся,
Але з стыду, злосці
I ён расхадзіўся:
Шыкнуў ды стаў лаяць
Як мага ён свата,—
Не меў ён ляпшога
Да лаянкі хвата.
Гаспадар у лесе —
Дзяцел наш насаты —
Не любіў, каб сварка
Выхадзіла з хаты.
Як абухам, грукнуў
У сухую елку.
Каб уцішыць сварку,
Каб не было згелку,
Памачніцы-жоўны
Тут жа затрашчэлі,—
Дзятлаву каманду,
Відаць, зразумелі.
I, як макам сеяў,
Так прыціхла пушча,
Толькі рэхам недзе
Адазвалась гушча...
Доўга дзяцел слухаў,
Наставіўшы вуха,—
Зляцеў пасля ў кузню
I стаў каваць глуха.
Як бы на каманду
Пушча заіграла:
Песні, шум і гоман,—
Слухаў дзед Завала...
Павіднела лепей
Ужо на паляне,—
Змерыўся дзед вокам,
Стрэльба дзе дастане;
Рука затраслася,
Як у цэль ён змерыў,
Але б яшчэ трапіў
У добрага звера.
Сядзіць і чакае,
У свет глядзіць далёкі;
Бач, ляціць і заяц, Белы, касавокі;
Толькі што займацца
Гэтакай скацінай,
Чалавек раз знаўся
3 лепшаю звярынай!
Зморшчыўся і плюнуў
Знехаця Завала:
Нспрывычны біць ён
Што бы ні папала!
I стаў зноў чакаць ён...
Сонца паднялося...
Выстраліць сягоння
Дзеду не прыйшлося!
Але і спяшацца
Не было да кога:
У хаце не пакінуў
Нічога мілога...
I з дзюпла дзед вылез,
Лёг на сонцы грэцца,
Уздыхнуў, успомніў,
Як яму жывецца...
Слезіна па твары
Скацілася з вока,—
Ой, бо тыя думкі
Ляцелі далёка...
Вельмі, ох, любіў ён
Думачкі думаці,
Праўду ад няпраўды
Дзяліць, разбіраці...
Любіў з дзікай пушчай
Гэтым падзяліцца,—
Са сваймі, з людзямі,
Не мог неяк зжыцца.
Зашумеў бор цёмны...
Хто шум той пазнае?
Чы ветрык павеяў,
Чы хтось паклікае?..
Ёсць у гэтым шуме
Доля і нядоля,
Енкі ёсць, што кажуць,
Злая дзе няволя...
Ёсць у гэтым шуме
Плач як бы сіроткі
I крык нейкі ціхі,
Страшны і кароткі...
Даўно было гэта.
Хадзіць чуткі сталі,
Аб вялікай волі
Ўсе заталкавалі.
Многа гаварылі,
Што загляне сонца
(Толькі памажэце!)
У ваша ваконца.
Народ йшоў у пушчу
Па долю другую,—
Пайшоў і Завала
Шукаць яснасць тую.
I пайшла ўзрастаці
Магіла к магіле...
Ваўкі з груганамі
Костачкі дзялілі.
Свайго свой пужаўся
У сваёй старонцы...
I, хоць паднялося,
Не прыгрэла сонца!
Калі там вярнуўся
Дзядуля дадому?
I як там дабраўся?
Не знама нікому.
Адно з таго часу,
Калі хто пытаўся,
Дзе гэта дзядуля
Так доўга бадзяўся?
— А, сачыў магілкі,—
Так ім дзед гавора,—
Дзе касцей звярыных,
Як пяску у моры.
Пятая дзе пушча,
Сем балот як пройдзеш,—
Калі справядлівы,—
Там іх тады знойдзеш.
Кожны звер чы птушка,
Калі смерць пачуе,
Цягнецца і там жа
Днюе і начуе.
Там ёсць і бальніцы,
Калі хвор каторы,
Гнёзды пухам сланы
I выгодны норы.
Бацяны за бабак,
Фельчарам — ласіца,
Дохтарам — сам вожык,
Служкаю — сініца;
Пестуны за нянек,
Лось — дзеля парадку,
Бабры пры будове,
А дзік каля статку;
Мядзведзь за сядзелку,
Крукі за спявакаў;
Свірна воўк пільнуе,
Каб не было браку;
Свежага ліс мяса
Туды дастаўляе;
Рысамаха млекам
Кублы налівае.
Зерне носяць птушкі,
Чаплі цягнуць рыбу,
Галубкі — вадзіцу —
У сваю сялібу;
Удод у засекі
Насыпае бобу,
А сарока зелля
На кожну хваробу;
3 барсукамі выдры
У стог сена носяць,
Казлы на хаўтурах
3 жонкамі галосяць.
Старшынёю — ястраб;
Пасланцы — вавёркі
Лётаюць, пільнуюць
Ад зоркі да зоркі.
Кожны звер ці птушка —
Там яны пры чыне —
Мусіць працаваці,
Аж пакуль не згіне.
Адной не прымаюць
Толькі там зязюлькі,
Што сірот кідае,
Зараклася люлькі.
Ёсць яшчэ будынак
Там зусім асобны,
Добра збудаваны,
Цёплы і аздобны;
Стыдна і прызнацца,
Каго там хаваюць
У такой выгодзе
I бяды не знаюць:
Без зубоў сабаку
I каня-калеку!
За век службы людзям
Тут знайшлі апеку...
Гэтак любіў баяць
Стары дзед Завала,—
Можа, многа праўды,
Можа, зусім мала?..
Ішоў год за годам,
Ішоў чарадою,—
Дзед штодзень у лесе
Летняю парою.
Завале без пушчы,
Пушчы без Завалы —
Як бы не ўсе дома,
Як бы чагось мала!
Адны песні пелі,
Адны думкі мелі,
Друг дружка без слова
Добра разумелі;
Аж так і дапелісь
Да канца пустога:
Ой, не строіць жартаў
Пушча, знаць, з нікога!
Адной штось нядзелькі
(Была, помню, бура:
Па высокім небе
Хмура йшлі за хмурай),
Як пабрыў дзядуля
У свой лес знаёмы,
Так больш не папаўся
На вочы нікому.
Што з ім, бедным, стала?
Трудна адгадаці:
У беларускай пушчы
Гэта, брат, не ў хаце!
Мо пярун агністы
Яго абязвечыў,
Можа, звер пашчупаў
Косткі чалавечай?!
А можа, дастаўся
Ў той будынак з байкі,
Дзе коні-калекі,
Без зубоў сабакі?..