Прыгнаныя з усіх старон гасударства дактары і шаптуны ўжо лічылі, што толькі некалькі гадзін аставалася жыць іхняму цару цароў — Султану. Ніякай надзеі на ратунак не было: надышла апошняя ноч жыцця яго.
Ажно пад поўнач да канаючага Султана прыляцеў, як шалёны, з пляшкай нейкага зелля першы яго міністар і, прыпаўшы на адно калена перад хворым, крыкнуў:
— Выпі, пане наш, гэтае зелле і будзеш здароў!
Султан выпіў і назаўтрае ўстаў здаровым.
Цешыўся, але не дзівіўся народ, што першы міністар вылечыў Султана, бо каму ж і быць найразумнейшым, калі не першаму міністру?
Султан, клікнуўшы да сябе збаўцу свайго ад смерці, міласціва кіўнуў яму галавой і кажа:
— За тое, што выратаваў ты мяне ад смерці, даю табе маёнтак на паўмільёна рублёў.
— О, цар цароў! Ласка твая вялікая,— адказаў першы міністар,— але не я заслужыў яе, бо лякарства гэтае даў мне мой памошнік!
— Памошнік? — здзівіўшыся, пытае Султан.— Клікні ж яго да мяне. Але як ты падаў мне лякарства, так і назначаная награда няхай будзе пры табе.
Прыйшоў міністраў памошнік і, сагнуўшы калені, кажа:
— О, пане мой! Заслуга не мая: зелле даў мне мой | сакратар.
— Калі даў гэткага добрага зелля твой сакратар, то твая вялікая заслуга, што ўмееш падбіраць сабе такіх разумных людзей, і за гэта даю табе сто тысяч рублёў, а сакратару выдай 50 тысяч наградных.
За колькі гадзін убягае шчаслівы сакратар да Султана і, пакаціўшыся яму ў ногі, кажа:
— О, сонца маіх вачэй! За такую вялікую ласку жыццё я сваё гатоў аддаць, але не я заслужыў яе, бо лякарства даў мне сгаршы мой лёкай.
— Добра,— адказаў Султан,— свае грошы вазьмі і
карыстай з маёй ласкі, а касіру майму прыкажы даць лёкаю твайму 10 тысяч рублёў.
Ускорасці ізноў убягае сакратар да Султана і кажа:
— Лёкай мой прызнаўся, што зелле гэнае даў яму кухар.
— Даць і кухару,— кажа Султан,— наградных тысячу рублёў.
Кухар, атрымаўшы грошы, пабег да міністра, кінуўся яму ў ногі і, як на споведзі, прызнаўся, што лякарства не ён зрабіў, а даў яму крамнік, дзе ён усё купляе.
Пачуўшы гэта ад міністра, Султан пераслаў крамніку сто рублёў.
Да слёз разжалены ад такой ласкі, крамнік пабег у Султанавы палац і шчыра выказаў, што лякарства гэнае даў яму знаёмы шавец, каторы прыходзіць да яго крамкі купляць цыбулю і хлеб. Зрабілі даклад Султану, а той па сваёй міласці вялікай даў прыказ паслаць шаўцу гасцінца: адзежы і боты.
Бясконца цешыўся шавец з адзежыны, але боты былі старыя, і латаць ён іх не хацеў; апроч таго, яго грызла сумленне за незаслужаную награду, бо лякарства тое даў яму знаёмы негр-жабрак, каторы ніякае апраткі не меў; і вось гэты шавец аддаў жабраку старыя боты...
I ходзіць цяпер збаўца Султанава жыцця хоць голы, але ў ботах...