epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Рабы

(Перароблена з Каляды)

Нават і радзіўся не зусім так, як найбольш родзяцца,— прымерам, у якім-колечы кутку дый цэлай кучай; не, радзіўся, як і прыналежыць іхняму роду, у велізарных, аздобных мурах, на чыстай, як пярына, мяккай саломе і то адзін-адным.

Велізарная, тоўстая, сытая, паважная матка яшчэ і не адсаплася добра, калі ўжо першы піск дзіцяці ўстрывожыў увесь свінарнік.

Па ўсіх загародках, каторыя пароблены былі абапал доўгага калідора і дзе жылі то далейшая, то бліжэйшая радня або хоць і зусім чужыя, але таксама з важнейшага роду,- пайшоў вялікі неспакой.

Рохкнуў першым, высунуўшы з саломы лыч, стары рабы кнур, за ім адазваліся ў суседніх загародках кармнякі; адтуль рохканне перадавалася і шырылася далей і далей,— яшчэ момант — і ўзняўся такі гармідар, што, хоць гэта была самая поўнач, ачнуўся нават вартаўнік, каторы смачна хроп на бруднай тухлай саломе ў цеснай баковачцы, прыбудаванай да свінарніка. Падняўся Марцін, працёр кулакамі вочы, пацягнуўся і, нашчупаўшы на ляжанцы сернікі, запаліў ліхтарню, адчыніў дзверы на калідор і стаў абходзіць па чародзі ўсе загарадкі, падымаючы агонь уверх. Натрапіўшы нарэшце на прычыну трывогі —радзіны, затрымаўся Марцін, абвёў ліхтарняй усю загарадку, зважна прыглядаючыся дый мармочучы нешта сабе пад нос, сплюнуў, завярнуўся і пайшоў будзіць аканома.

Не рад, відаць, быў пан аканом а гэткай пары вылазіць з цёплай пасцелі; доўгі час круціў ён сваімі нашупыранымі, як у таракана, жоўтымі вусамі, але што ж ты зробіш: на тое служба! — устаў, апрануўся і пацягнуўся будзіць ахмістрыню.

Падышоўшы пад акно, стаў спярша далікатна барабаніць па ім костачкай зложанага ў кручок пальца, пасля — ляпаць усёй пяцярнёй, урэшце, як пачаў пражыць кулаком у аконную раму, дык праз нейкія паўгадзінкі выпаўзла-такі з пярыны тоўстая, прысадзістая ахмістрыня і, даведаўшыся, у чым справа, валюхаючыся, як качка, пайшла ў пякарню, дзе сваімі пухлымі, чырвонымі кулакамі як бач падняла на ногі дзвёх дзевак — спадручніц сваіх, і гэтак грамадой сунуліся на месца важнага здарэння.

Віднець ужо пачынала, калі яшчэ агонь, мігочучы, пералятаў то з свінарніка ў пякарню, то з пякарні ў свінарнік; толькі днём, калі камісар па дакладу аканома і ахмістрыні ўпісаў у кнігі, што гэткага то чысла, месяца і года ад такіх то бацькоў радзіўся рабы парсючок, ды занумараваў яго,— усе супакоіліся. Толькі дзеўкам праз нейкі яшчэ час трэба было насіць маладой матцы асобную, лепшую яду, ахмістрыні — выдаваць на гэты корм іншую прымешку, а Марціну — часцей змяняць падсцілку. Але ўскорасці ўсё наладзілася, і жыццё заплыло сваім звычаем.

Гадаваўся Рабы наўздзіў: і ў рост яго гнала, і сыць брала непамерна; але бо, праўду кажучы, і яды яму было не на-брацца: сваю мерку спітлюе дый пачынае сквірчэць — усё яму падбаўляй ды падбаўляй, а чаго ўжо сам не ўбярэ, дык хоць выверне з пасудзіны, абы другі не пажывіўся. Калі ж, бывала, выпушчалі свінскую моладзь на волю — крыху пабрыкаць, ніводзін, як Рабы, не вышукае так скора слабейшага месца ў паркане, і хоць сам таўстават, а такі праз невялічкую шчыліну і то выціснецца з выгану ды першы ўб’ецца ў шкоду; але, калі прыйдзе які страх, першы і драпане адтуль,— дык ані калок, ані пуга ні разу не дакрануліся да яго далікатнага цела! Забяруцца, бывала, свінні ў сажалку пакупацца,— усе павылазяць адтуль мурзатыя, укачаўшыся ў балота, а наш Рабы — хоць разам валяў-ся — выйдзе, страханецца, дзе паскрабецца і зноў чысты, гладкі, быццам і не быў там.

Час у выгодзе скора ляціць. Мінуў год, зляцеў другі, і не агледзеўся наш Рабы, як разбухаўся ўжо так, што і з хлева вылазіць не хоча; сядзіць на адным месцы і дзень і ноч, сапе, храпе, лыпае заплыўшымі салам маленькімі сваімі вочкамі дый цяжка ўздыхае, гледзячы на яду: змёў бы, здаецца, усё, а як прыйдзецца — лізне раз, другі, і хоць ты што — не лезе!

Гневаўся цяпер Рабы і на падрастаючую моладзь — падсвінкаў: лётаюць, пішчаць, крычаць, дурэюць ліха ведае чаго! От, сядзелі б, як сядзіць ён — спакойна, важна, і не перашкаджалі б іншым драмаць. Злаваў Рабы і на непарадкі, якія час ад часу бывалі ў свінарніку: находзяць нейкія людзі — і то хоць бы свае, а то чужыя; цягаюцца па загарадках, турбуюць такіх, як ён — Рабы, важных свіней; падымаецца, разумеецца, на ўсю будыніну такі стра-шэнны гармідар, што ажно жутка слухаць. Але ўскорасці ўсё супакойвалася — супакойваўся і Рабы і толькі дзівіўся, нашто і каму патрэбны гэтыя здзекі.

Ажно прыйшлі ўрэшце гэтыя самыя людзі і да яго

Рабога; прыйшлі зараня — яшчэ прыцемна, з ліхтарняй, святло каторай так і рэзала заспаныя вочы парсюка.

Стаў рохкаць нездаволены Рабы і ўжо думаў падняцца з гнязда, каб ткі добра напудзіць няпрошаных гасцей, калі пачуў, як нейкі велізарны цяжар прываліў яго, а заднія абедзве нагі быццам ушчаміліся. Гэткай знявагі не мог сцярпець Рабы і толькі што хацеў разінуцца ды крыкнуць так, каб ажно ўсе браты пачулі яго крыўду, як тут жа нейкая пятля моцна сцягнула і заціснула яму лыч. Цяпер ён мог толькі ўжо сквірчэць; а тым часам цяжары валіліся на яго з усіх старон, прыдушвалі яго, выкручвалі яму ногі, цягнулі за вушы... і раптам пачуў Рабы, як нешта халод-нае, слізкае ўпіваецца яму ў грудзі... Задрыжэў Рабы са страху, а пасля і ад страшэннага болю, бо тое, што спярша выдалася яму халодным, цяпер пякло ў грудзях жывым агнём, ды разам бухнуў гэты агонь у галаву і разляцеўся па ўсім целе...

Што прыйдзецца расставацца калі-колечы з жыццём нават і свінскаму роду, аб гэтым Рабы чуў і ведаў, але аб смерці ніколі не думаў. «На гэта будзе часу,— пацяшаў сябе Рабы,— калі смерць стане падхадзіць». I вось цяпер зразумеў ён, што гэта смерць і не думала надыходзіць, а наляцела — наляцела так неўспадзеўкі, як толькі можа налятаць яна адна. I не аб гэтай смерці думаў ужо Рабы, бо ведаў добра, што яе ўсё роўна не міне: праз агнём праёжаны мозг віхрам пралятала ўсё мінулае яго жыццё. Стараўся Рабы ўспомніць, што зрабіў ён праз час гэтага жыцця добрага і благога. Благога? Ці ж ён каму зрабіў што благое? Не — гэтага не мог Рабы аб сабе сказаць. А добрага — што ж? — спяшаўся, слабеючы ўжо, успомніць бядак. Ага: праз усё сваё жыццё нікому благога нічога не зрабіў, ну і... смачна еў, смачна піў, смачна спаў. Ці ж мала яшчэ гэтага? I, з успакоіўшымся ўжо сумленнем, апошні раз захроп Рабенькі і... даўся.



Крыніца: bookmate.com