epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Сакатушка

Складна жылі перапялёсценькая Сакатушка з сваім, як агонь, чырвоным пеўнем — Дзярыгорлам. Складпа жылі, а з гэткага складнага жыцця — так ужо вядзецца адзін крок да клопату.

Вось адной неяк імглістай раніцы падгледзеў Дзярыгорла, што ў шыпшынніку каля каменя яго перапялёсценькая прызапасіла кучачку яечак. Колькі там было гэтых яечак — хто іх ведае, але кучка ладная, і ўсё адно ў адно: жаўтаваценькія, з тупаватымі пяткамі. Дзярыгорла і кажа Сакатушцы: «Пара было б заняцца імі: сесці дый пагрэць, мо што выйдзе...» — «Сесці — села б,— адказвае перапялёсценькая,— але часу шкада (надта ўжо дасужая была!): маладая яшчэ я, сіл хапае, яшчэ з адну такую кучку нанесла б. Пад восень прыдаліся б. Хоць то праўда, ночы доўгія, халаднаватыя, моладзь выходзіць нягеглая, але выкачала б неяк; усё ж ткі з сваімі лепш зімаваць, як з чужымі; а тут за матэрыялам на лушпіны трэба далёка лётаць: за ток — на жвіровую гару; за млын — да вапеннай печы. Папрасіла б зязюлястую сесці — нянька хоць куды,— але тая сваімі занялася, а на іншых здацца — маладыя яшчэ, няздары, вецер у галаве, гатовы недаседзець,— боязна...»

— Дык як бу-у-дзе? — на ўвесь садок, дзе рос побач з іншымі кветкамі шыпшыннік, закрычаў Дзярыгорла.

— Ціха! — перапыніла яго Сакатушка.— Не крычы: пачуе гаспадыня — увесь скарб наш забярэ; прагавітая, нябось: за кавалак медзі гатова ўсю нашу надзею зніштожыць! Паслухай лепш маёй рады, Дзярыгорлачка,— ласючыся, стала ўмаўляць Сакатушка,— што маеш цягацца за бараду з гэным суседнім чорным Кукарэкам — было б яшчэ за каго, а го самыя смяцюшкі, недаросткі,— сядзь сам, а я займуся сваёй работай. Толькі глядзі: пакуль не вярнуся падмяніць, з гнязда не злазь, бо прыкрыць не патрапіш і ўвесь наш заход прападзе марна. Яды мо неяк прымчу, дый седзячы не многа яе і трэба.

Няўсмак прыйшоўся гэты праект Дзярыгорлу, але чаго не зробіш для радні. Праціснуўся, бядак, праз калючае галлё шыпшынніку і, насупіўшыся, з павагай рассеўся на гняздзе. Сакатушка, увокал агледзеўшы, паправіла сухія лісточкі каля гнязда, абаткнула яго сіўчыкам і, пакруціўшы галоўкай, памчалася на суседнія гароды.

Першы дзень скора праляцеў Дзярыгорлу; на другі — з самай раніцы млосна рабілася, але неяк дацягнуў да канца; надышоў і трэці дзень, Дзярыгорла маніўся ўжо злазіць, пашукаць яды, але нешта аслабеў зусім — ногі памлелі і не выпрастаць, дый, праўду кажучы, баяўся папсаваць справу і, хоць грэбень абвіс, барада пабялела,— астаўсяткі сядзець...

Пад канец другога тыдня дзеці, збіраючы кветкі ў садочку, дагледзелі ў шыпшынніку Дзярыгорлу і выцягнулі адубеўшага за ногі.

А Сакатушкі як няма, так няма. Што з ёй стала? Мо ястраб задзёр? Мо дзе заблудзіла? Мо... э-э, ды хто там згадае гэтых Сакатушак?!.



Крыніца: bookmate.com