epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Важная фіга

Ахвярую добрым свякроўкам

 

- А што, каб цябе паляруш, мая ты кветачка, каб табе дух заняло, мая ты ягадка, - усціхла, нябось, спакарнела!! Не шкодзіць, не шкодзіць!! Але што я бяды набралася, пакуль гэтага, мае вы кветачкі, дабілася; што я стыду, злосці і слёз глынула!! Матачцы боскай, мае вы ягадкі, іх афяроўваю. Бо як жа ж! Падумайце самі: гэткае, шануючы бога і людзей, шчанё, што яшчэ і малако на губах не абсохла, будзе пад мой нос - свякроўін нос, - мае вы кветачкі, фігу падтыкаць?! Няма што казаць: усцешыў мяне сынок, усцешыў - чаго на старасць прычакалася! А ўсё, бывала, прыставаў да мяне: мамка, мамка, вазьму я Агатку: хоць маладая, але не бедная; цялушка, дзве авечкі, парасё і трыццаць рублёў пасагу дадуць, і дзяўчына гладкая, як качалачка, гаспадарная і рупная... «Бяры, кажу, сынок, мая ягадка, хоць і Агатку - па мне што? Не я, а ты, Сымонка-дзіцятка, будзеш з ёй жыць: я ўжо старая, нядужая і вады вам не замучу». Рупная? Праўда, што рупная, парупілася матчын нос, мае вы кветачкі, фігай падціраць! А спытайцеся, за што? Вось, паслухайце, мае вы ягадкі.

Спачатку, - як толькі Агата ўзяла ўсю хатнюю гаспадарку ў свае лапы, - ішло і ціха, і складна - от ведама, як спачатку. Раніцай, бывала, прыставіўшы абед, пабяжыць каровы падаіць, свінням замяшаць; ну і падыдзеш да прыпечка па-даўнейшаму, мае вы кветачкі, гаршкі паправіць, пераставіць, - у каторы солі падсыпеш, у каторы вадзіцы падальеш... Прыбяжыць Агата, угледзіць і зараз, мае вы ягадкі, на мяне накінецца: «Нашто, мамка, чапаеш? Нашто груцу перасаліла? Нашто квас, як памыі, вадой развяла?» - і пойдзе, і пойдзе сыпаць! А то, часам, сынок як выйдзе з сахой ды замарудзіць на полудзень, так зараз яна, Агата значыцца, мае вы ягадкі, тыц у печ - скварку выцягне, стравы чабохне ў міску: «На, кажа, мамка, з'еш крыху, старая ты, можа млосна зрабіцца... а я паляту з спарышамі к Сымону на поле». - «Што ж ты, кажу, нявестачка, каб цябе трасца, мая ты ягадка, такая ўважная на маю старасць, а там Сымонка спрацаваны, галодны, як воўк, чакае. Абыдуся без тваёй ласкі». Ды бразь ёй міску пад нос!.. Праўда, першыя дні, бывала, нічога не адкажа і пабяжыць; але іншым разам здаралася ізноў прыпазніцца Сымону на полі... Наліўшы спарышы, і не гледзячы, не чакаючы ўжо на мяне, паляціць... Чакаю я, чакаю, мае вы ягадкі, аж злосць ужо мяне добра забірае, і як толькі на парозе пакажацца нявестка, ну і дам ёй тады дыхту! Бо як жа, мае вы ягадкі, кінуць галодную старую матку, а самой ляцець з ядой перш да мужа; мо там і стравы сама нацурболіцца, а ты хоць зубы на паліцу кладзі. Ну і тыцкнула я ёй раз фігу пад нос - адну-аднюсенькую, а яна, мае вы ягадкі, мах па фізе; і то, жалься божа, якая там была фіга?! А ёй тады другую, трэцюю, аж і яна мне тыц пад нос фігу, ды якую? Махнула я па фізе - дый не папала, а што махне яна, то якраз урэжа. Як пайшлі гэтак мы частавацца, мае вы ягадкі, фігамі, дык аж пакуль не вярнуўся Сымонка і не расцягнуў нас. З таго часу, мае вы ягадкі, амаль не кожны дзень пайшлі фігі, аж рукі сабе паадбівалі: то за яду, то за печ, то за промешку, - ды мала за што, ведама, жыўшы ў адной хаце.

Не змагла сцярпець я гэтай паняверкі, дай, думаю, схаджу да земскага - пажалюся... Праўда, ісці прыйшлося далёка - вёрст васемнаццаць, але неяк зацягнулася, і ўсё, як мае быць, расказала яму.

«Ну, - кажа, выслухаўшы мяне, земскі, - во што я табе скажу: па судах цягацца табе няма чаго, дый грошы трэба, а я і так раду дам: не лезь да печы, а лепш на печ, сядзі ды прадзі і не перашкаджай працаваць маладым; з гутаркі тваёй бачу, што яны табе, старой, хлеба не пашкадуюць». - «Добра, кажу, паночку, мая ягадка, хай і так будзе, але толькі як жа будзе з гэтымі фігамі; я па яе не пападу: баба вёрткая, а яна мае фігі таўчэ ды таўчэ?» - «Добра, - падумаўшы, кажа земскі, - і на гэта дам раду: давай руку!»

Узяў гэта ён маю правую руку, мае вы кветачкі, круціў, круціў мае кастлявыя пальцы, думала, што ўжо хіба паламае іх, але сагнуў неяк-такі ў кулак і пытае:

«Што гэта?»

Калі гляну: ягадкі мае, фіга! ды і то не адна, а дзве велізарныя фігі з аднаго кулака злажыў, даліпан, фігі. Я і кажу: «Фігі, панок, мая ты кветачка».

«Ну то і добра, - кажа. - Нясі ж ты гэтыя фігі дадому і падаткні нявестцы пад нос: скажы, што земскі прыслаў. Няхай пасмее ўдарыць па фігах земскага! Але помні сабе, што толькі па гэтых фігах калі ўдарыць, то падавай у суд, а як раскруціш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе ізноў таўчэ табе пальцы, - я бараніць не буду».

Пайшла я. Іду, паглядаю ўсё на рукі; як гляну на фігі земскага, гэткага-то пана, аж уцеха, мае вы ягадкі, бярэ. Праўда, спачатку балелі пальцы, гэтак пакручанымі несці і невыгода вялікая, але пасля скрэплі яны, і кулак неяк-такі данесла дахаты. Уваходжу, - бачу: нявестка каля печы круціцца, Сымонка хамут абшывае, дзве кумы сядзяць - гукаюць. Я барджэй да нявесткі. Так і так, кажу: «Земскі табе, мая ты ягадка, гасцінец прыслаў - фічкі са дзве! Папрабуй жа ўдарыць па земскага фізе!» Ды тыц ёй кулак пад нос... Праўда, збялела яна, як палатно, аж губы задрыжалі, але ўдарыць - не ўдарыла. Я і давай ёй тыкаць раз-пораз. Падбег Сымонка бараніць, - я і яму тыц; умяшаліся кумы - наце і вам! «Папрабуйце, кажу, зняважыць земскага фігу!» Кумы драпанулі, разбрахалі па вёсцы, - пачаў збірацца народ і з пашанасцю аглядаць важныя фігі, я і іх пачаставала. Іншы зарагатаў, іншы абідзеўся, але крануць не пасмелі!

Толькі, мае вы кветачкі, нядоўга я цешылася: частуючы як мага суседзяў, зачапілася, каб яго агонь, за тапчан, - грымнула, і фігі раскруціліся!

З таго часу не лезу я ў вочы маладым, але і нявестка баіцца мяне, як агню, - каб ізноў не пайшла да земскага, мае вы ягадкі, па фігі.


1909