epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Вяселле

Давялося ўдаве каршунісе (мужа нядаўна Паўлюк забіў суком на сметніку: надта ўжо з курыцай завёўся!) дачку замуж аддаваць. А паміж каршуноў (гэтак ужо вядзецца), каб гонару сям’і сваёй не зняважыць, толькі паміж сабой і бяруцца. Вось і каршуніха, як прыстала на ганорную матку, нагледзеўшы лоўкага, маладога каршунка, стала рыхтавацца да вяселля.

Дачка і кажа: «Замуж, мамка, пайду,— спірацца няма чаго: такая ўжо доля наша дзявочая, але вяселле спраў як мае быць».

Добра: вяселле — дык вяселле. Хай пацешыцца да-чушка паміж сваіх елак! Дый сама каршуніха не ад таго; дарма, што мужавы костачкі яшчэ не пагнілі.

Каго ж прасіць на вяселле? Старая каршуніха і стала вылічаць.

— Перш-наперш,— кажа яна,— салавейку: ён, калі завядзе, ажно за сэрца хапае,— так яно і трэба на вяселлі! Пару галубкоў: для прыкладу, як маюць жыць маладыя. Сароку — канешне трэба: па ўсёй ваколіцы разнясе, якое важнае было вяселле. Удота...

— Мамка,— перапыніла маладая,— я памятаю, як ты яшчэ малую мяне накарміла раз удотамі,— надта смярдзючыя яны...

— Маўчы, дурная! — прыкрыкнула на дачку каршуніха.— Маладая ты — не ведаеш яшчэ, як на свеце жыць! Смярдзючы ўдог — то праўда; але калі прыбярэцца дый нашугіырыцца, дык іншаму здаецца, што і трэба яму смярдзець: ад важнасці, значыцца. Прасіць і цецерука: у яго такая гутарка, што ніхто яе не разбярэ; вось і будуць думаць, што надта нешта разумнае! У музыкі клікнем дзятла з жаўной: хай у барабаны таўкуць. Дразда — падсвістваць, бач, майстар. Бухайлу, хоць аддае балотам, але да дуды складзен. На цымбалах добра рэжа бусел, але з ім нам не варта займацца: праз лад ужо насаты. 3 нас і так будзе; хай малады з сваёй стараны прымчыць.

Слухаючы гэтых праектаў, маладая з радасці ажно з сука на сук стала скакаць.

Толькі, як прыйшлося выбраць пасланца па госці, аніяк не маглі прыдумаць, каго б тут назначыць. Урэшце згадзіліся на сініцу: надта ўжо дасужая — ці трэба, ці не трэба — усюды дападзе, усюды загляне дый набрахаць хоць што можа!

I праўда: зрання наказалі, ды йшчэ поўдня не мінула, а яна ўжо назад з дакладам прыпёрла.

— Так і так,— кажа,— усюды была, усіх абляцела, з усімі гаварыла, усе іх гутаркі падслухала, усе іх думкі выведала. Надта ўжо ўсцешыліся і шлюць падзяку за такі вялікі гонар і неспадзяваную ласку вашай міласці, толькі баяцца...

— Чаго? — насупіўшыся, пытае каршуніха.— Казала ім, як я табе прыказывала?

— А як жа, казала, ваша міласць, усё казала! — для пакоры падняўшы хвост уверх, адказвае сініца.— Казала, што ваша міласць і ўсе вашай міласці сваякі з вялікай сваёй ласкі да пас, дробязі, у дзень вяселля панадзяюць мяккія рукавіцы на свае капцюры, дык, калі і выйдзе якая звадка (ведама, на вяселлі), ніякай крыўды быць не можа. Але ведама — дурныя! Чаго яны не выдумаюць?! Хо-чуць...

— Чаго хочуць? — перапыніла каршуніха.

— I казаць не адважуся...— зноў падняўшы хвосцік, адказвае сініца.

— Ну! — налягала старая.

— Хочуць, каб ваша міласць і ўсе, каторыя будуць на вяселлі, з роду вашай міласці, на той час панадзявалі мяшэчкі на свае шаноўныя глюгі, ды і то баяцца...

— I так баяцца? Якая ж яшчэ трасца ім патрэбна?— злосна спытала каршуніха.

— Я ж і кажу: дурныя! Хоць на ўсялякія шальмоўствы, нябось, розуму хапае. Кожны з іх не такі, то сякі, а ткі мае на сваёй душы грашок. Я вашай міласці ўсю праўду выкажу. Вось хоць бы цецярук? Ці ж гэта выпадае на ўвесь бор — гэткі-то бор, гэтак балабаніць?! Ведама, бор — борам, каго толькі там не бывае, а ён балабане, балабане дый яшчэ падшыкне! Або сарока? Вядомая брахуха! Брэша, абы брахаць, а іншаму можа здавацца і вунь што... Салавейка, дрозд нават панавучваліся такія рэчы свістаць, што не асмелюся і сказаць вашай міласці... Дый усе яны, бабры — дабры, а хоць пашпарты і маюць, усё ж ткі баяцца, што як з дому скрануцца, пакуль дападуць пад апеку вашай міласці, каб часам у дарозе...

— Годзе! — крыкнула каршуніха.— Можаш адпраўляцца.

А ткі каршуніха справіла вяселле сваёй дачцэ як мае быць! I ці дасцё веры: былі там цецярук, дрозд, усе другія, толькі не ў гасцях, а... на скаварадзе!



Крыніца: bookmate.com