epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Вучоны бык

Павёў Язэп бычка-трацячка на рынак прадаваць; на дарозе спатыкае салдатаў; тыя і пытаюцца Язэпа:

— Куды, старча, бычка вядзеш?

— На торг прадаваць вяду,— кажа Язэп,— такі нейкі няўдалы, наравісты ўдаўся, што рады даць не магу.

— Эх, дурны ты, землячок,— кажуць салдаты,— што ж ты возьмеш за гэткую злыбіну? Аддай лепш нам яго на навуку ў горад на які год, дык, прынамсі, апасля жмені сатры грошы згорнеш.

Падумаў, пачухаў патыліцу Язэп,— падумаў — згадзіўся і аддаў бычка на навуку салдатам, а сам вярнуўся дадому.

Мінуў год; пайшоў Язэп у горад па свайго быка.

Дапытаўся салдатаў, каторым аддаў сваю жывёлу на навуку, прыходзе да іх і пытае:

— Ну, землячкі, як мой падласы? Чы добра навучыўся?

— Ах, каб ты ведаў,— кажуць яны,— якой бяды набраліся мы з ім! Спярша — як спярша: брыкаўся, тузаўся, бадаўся,— але неяк далі рады — угаманіўся; толькі як прыйшло ўжо да самай навукі, то так стаў скора браць усё ў свой бычачы розум, што аж рогі паадпадалі, шэрсць выпаўзла, стаў хадзіць на дзвюх нагах, словам, зусім падабнюсенькі стаўся да чалавека, а які разумны, аж дзіва!

— Ну, я яму скора выганю гэты розум з галавы, кажа Язэп,— толькі вядзіце мяне ў хлеў, дзе ён стаіць!

— Звар’яцеў ты, чалавеча, чы што? — кажуць салдаты.

— Праўда, чакаў ён цябе, але жыць болей з намі не захацеў: дагадзіць яму не маглі патрапіць, перабраўся ён цяпер на сваю кватэру і, чутно, папаў у вялікія чыноўнікі.

— Пакажыце тыкеля,— просіць Язэп,— дзе ён жыве, а я ўжо сам дам рады — нябось, пастронкі моцныя ўзяў.

Салдаты завялі Язэпа, паказалі дом, куды ісці, а самі ўцяклі. Язэп, убачыўшы на дварэ нейкага чалавека, пытае, дзе тут жыве бык?

— Не бык,— адказвае той,— а Быкаў; вунь у тыя дзверы ідзі.

Раскруціўшы пастронак і прыгатаваўшы пугу, смела Язэп адчыняе адны, другія дзверы і апынуўся ў вялікім пакоі, дзе ўбачыў абедаўшага за сталом пана.

— Табе чаго? — пытае той.

Язэп, падміргваючы адным вокам, зарагатаў і кажа:

— Іш ты, Падласы, які ласун! Нябось, не спазнаў гаспадара?

— Вон пайшоў! — крыкнуў пан, выскачыўшы з-за стала.

— Быську-быську,— стаў усцішваць Язэп разгневанага пана, але той рынуўся на яго з кулакамі.

Язэп, доўга не чакаючы, закінуў на пана пастронак, зацягнуў яго ды давай акладаць пугай...

Немаведама, чым бы гэта скончылася, каб не збегліся на крык людзі і не абаранілі пана.



Крыніца: bookmate.com