epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Жывы нябожчык

Колькі гадоў мінула з таго часу — не ўспомню. I цяпер, і тады валасы мае былі белыя... толькі цяпер яны белыя, як той на згон зімы брудны, прырыжэўшы снег, а тады яны былі белыя, як добра вытрапаны лён. Вочы мае цяпер, як тая вада вапенная; тады былі, як васількі ў жыце. Так мне і прозвішча далі — Васілёк. (Хрышчонае імя маё — Максім.) Паненка мяне так празвала — Васільком... Добрая была паненка. Бывала, як толькі ўгледзе, што нябожчык татка мой, адкінуўшы полы бравэркі, хопіцца за паясніцу, каб адперазаць дзягу, дык зараз яна — паненка— цап мяне за руку ды набок, да сябе прыцягне. «Не бі,— кажа,— Мацей (бацьку майго Мацеем звалі), не бі! Малы ён, хударлявы — каго тут біць?!» I бацька слухаў яе. Паненка, не ведаю за што, любіла мяне. «Вучыся,— бывала, кажа,— Васілёк, вучыся — пад старасць як знойдзеш». Вучыла яна мяне чытаць і пісаць; страху да яе ніякага не меў, а не раз і з бядой сваёй дзяліўся — бо маткі маёй ужо не было на гэтым свеце.

Гэтак ішлі гады за гадамі. 3 смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка; чытаў — як рэпу грыз; як напішу— хоць хто прачытае, і шмат ужо пацехі з мяне меў мой бацька: памагу ў гаспадарцы (бацька мой вёў усю панскую гаспадарку), і дагледжу, і запішу.

Але... зрабілася нешта такое, чаго ніхто з нас не мог зразумець. Адной цёмнай ночкі разбудзіў мяне татка і кажа: «Расчухайся, Максім, і добра слухай, што я табе буду казаць: ты ўжо, дзякаваць Богу, не маленькі, да гаспадаркі прылажыўся, парадкі тутэйшыя добра ведаеш, дык от што запамятай сабе добра: пан, паніч, Змітрок і я зараз едзем... куды — не пытайся і сам языка не распушчай! Глядзі, пакуль хаця адзін з нас каторы не вернецца сюды,— пільнуй і слухай паненкі, пільнуй двара і гаспадаркі, пільнуй і глядзі панскага ўсяго дабра, чаго сам ведаць не будзеш — райся старога Тадора — ён не здрадзе, глядзі на ўсё і пільнуй, як стары сабака будкі! Не паслухаеш бацькаўскага слова — вярнуся,— не пагляджу на твой мох пад носам,— дзве скуры спушчу... не вярнуся— з таго свету пракляну!..» Бацька, сказаўшы гэта, глыбока ўздыхнуў, быццам пасля цяжкай работы, слезы заблішчалі ў яго вачах, ён адвярнуўся ад мяне.

— Будзь здароў, сынку,— шапнуў ужо на парозе.— Няхай Пан Езус мае над табой апеку.— Сказаў і выйшаў з хаты.

Я так спужаўся, што забыўся і языка: стаю, трасуся, нейкі жаль сціснуў сэрца. А слезы так і падплываюць да вачэй...

3 таго часу не відзеў болей я бацькі свайго: прыйшлі весці, што недзе галаву злажыў сваю разам з панам і мала-дым панічом. Змітрок таксама прапаў без весці.

Я і Тодар так і асталіся жыць у двары пры паненцы.

Шлі гады за гадамі. Ужо і ў паненчыных валасах заблішчала серабро. Дзеля мяне — жыццё было добрае: уся гаспадарка была на маіх руках і добра ручыла, пенсію браў добрую; яды — па вушы і пашанаванне меў. Не раз, бывала, паненка на гарбату, на вячэру клікне да сябе: сядзем, гаворым, раімся, а на астатак падчас доўгіх зімовых вечароў і ў карты — у дурня — паіграем. Любіла паненка гэтага дурня, і не раз смеху мелі з яго — аж бакі ўрывалі.

Былі дзве дзяўчыны пры пакоях: Параска і Тэкля. Сядзем мы ў дурня гуляць з паненкай, а яна кліча гэтых дзяўчат і кажа: «Ну, Васілёк, калі ты прайграеш — то будзе дурань Тэклі, калі я — Параскі». Пачынаем гуляць, а дзяўчаты, вылупіўшы вочы, пільнуюць, каторая дурня возьме. Прайграю я — ну, кажу, Тэкля, узяла ты вялікага дурня! Прайграе паненка — ну, кажа, Парасачка, ты дурань!.. Перш ціха, пасля лічаць, каторая больш набрала дурняў; а пасля ўжо і сварка ў іх (а мы аж кіснем са смеху), потым бачым і слёзы, і давай яны нас прасіць, каб іграць кінулі, бо надта шмат дурняў набраліся!

Вось гэтак жылі мы... Меж працы і клопатаў мелі часам і смеху і жартаў трохі. Толькі гэта аднаго дня пад вечар прылятае, як шалёная, да мяне Тэкля ды як загалосе: «Па дохтара! Па дохтара! Паненка памірае!!»

Як я даставіў гэтага доктара — не помню... Шмат я іх пасля гэтага перацягаў, але, дай Божа ім доўгі век, з таго свету вярнулі паненку... Але якую? — і не пазнаць! Ані яна складна што скажа, ані ў яе памяці, ані якой рупнасці да гаспадаркі... адна толькі ахвота асталася да дурня ў карты, і то без усялякіх даўнейшых жартаў... от толькі мы ўдваёх. I то — ігра, каб ітра, а то жалься Божа! Нічога не помніць, толькі кідае картамі! Іншы раз у рабочы час пасылае па мяне ісці гуляць у карты. Як тут не паслухаць? Але бачу я, што ад гэтых гульняў гаспадарка пачынае кульгаць... Я і так і сяк прабаваў выкручвацца— нічога не памагае! Так мне гэта надаела, што і сказаць не патраплю!

Добра не скажу, на каторым гаду паненчынай хваробы, у самую Пятроўку, калі грукала і бліскала на небе, а на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі,— прысылае паненка па мяне, каб зараз ішоў у дурня гуляць.

Не сцярпеў — грэшны я чалавек,— узлаваўся. «Досыць,— кажу,— мяне дурнем рабіць! Не мая гаспадарка, а чужая! Здаць мне яе трэба — каб людзі не смяяліся,— не пайду! Скажы, што мяне не знайшоў».

— Паненка ўсю дворню пагоне шукаць,— кажа зафрасаваны пасланец.

— Калі так, то скажы, што я памёр! — са злосці крыкнуў я.

Спацелы, змораны, сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі і разбітае замокла — вярнуўся дадому і толькі стаў запісваць у кнігу работнікаў, як прыбягае Параска з крыкам: «Паненка ідзе тваё цела наведаць!» — «Што брэшаш?»— вылупіўшы вочы, пытаю. «Даліпан ідзе! Гэты дурны Апанас сказаў ёй, што ты памёр, і што мы ні наўгаварвалі — нікога не слухае: усіх гоне ад сябе...»

Што тут рабіць, думаю... злосць яшчэ горшая схапіла мяне: раз з гэтым скончыць! Выправіў Параску, высунуў сярод хаты тапчан, заслаў яго гунькай, палажыў падуш-ку і лёг, выцягнуўшыся, а сам з-пад вока паглядаю, што будзе.

Праўда: уходзе паненка сама адна; глянула на мяне, уздыхнула цяжка, на калены стала, перажагналася і давай пацеры гаварыць:

— За душачку змарлую... За душачку змарлую...—

Забылася, відаць, як завуся, бо ўсё прамеж сябе шэпча: «Як жа яго? Як жа яго?»

А я з тапчана падказваю: «Васілёк...» — «Не... не... не Васілёк...— забыўшыся, што з нябожчыкам спор вядзе, кажа паненка.— Гэта дзеля мяне ён Васілёк, а дзеля Бога іначай... не ўспомню... але не Васілёк...»

 

— Максім,— ізноў падказваю з тапчана.

— Ага, ага, Максім, Максім,— узрадавалася паненка ды ізноў:— За душачку змарлую Максіма анёл панскі...— ды давай усе гэтыя пацеры адпраўляць...

I стыдна, і жутка мне неяк зрабілася, але і прыдумаць не магу, як з бяды вылезці! Устаць? — горш будзе: спужаць магу... Жутка, але то так жутка стала, што здалося, і напраўду ўжо я пябожчык, і першай прыйшла наведаць мяне тая, з каторай век свой пражыў і ад каторай век свой крыўды не зазнаў... Не то што жутка, але чую ўжо, як рукі і ногі халадзеюць, як бы паміраю... Тым часам паненка ўстала, перажагналася, падышла яшчэ бліжэй да мяне, пацалавала ў мой мокры ад поту, халодны лоб... «Хутка спаткаемся, Васілёчак»,— шапнула і... ціханька — на цыпачках— выйшла...

 

Не злез, а зваліўся я з тапчана... толькі гэта і помню.

 

Сонца высока ўжо ўзнялося, калі я прачнуўся і аж спужаўся, успомніўшы, што сена разбітае на пожні засталося, хацеў усхапіцца — куды там! Ані павярнуся... На шчасце, Тодар увайшоў. Я да яго: «Братка, родненькі, скажы, што са мною — устаць не магу — памажы... там сена разбітае счарнее...» — «Добра, добра,— кажа,— от з’еш перш, што я прынёс, ды выпі, тады аб сене пагамонім...»

Ледзь на пяты дзень, калі ўжо я мог сядзець на ложку, даведаўся аб сене: звезлі яго... тры тыдні таму назад, а я праляжаў чатыры тыдні без памяці ў гарачцы...

Паненка? Паненку ў дзесяць дзён, як прыходзіла па мне— нябожчыку — пацеры гаварыць, адвезлі на могілкі!..

Бедная, бедная мая ты панначка! Можа, там табе няма з кім і ў карты паіграць?

Вечны табе пакой!

А я — нябожчык — жыву ды жыву...

3 таго часу ўжо не Васільком сталі мяне клікаць, а жывым нябожчыкам...



Крыніца: bookmate.com