У кожны міг, у кожны час
Душою, сэрцам я між вас,
Браты мае, байцы-сябры,
Зямлі святой багатыры!
Вялік прастор, шырок прасцяг —
На сотні міль пралёг ваш шлях.
На тым шляху і ўдоўж, і ўшыр
Бурліць смяротны бой, як вір.
Тэўтон-бандыт, фашыст-удаў
Бандытаў полчышчы нагнаў.
Ды пад навалай чорнай цьмы
Галоў сваіх не хілім мы.
І ўсё, што ў нас святога есць —
Радзіма, воля, слава, чэсць, —
Мы пранясём праз гром, агонь,
Варожых сіл раскрышым бронь.
Другіх дарог нам больш няма,
Сыноў жа цьмы агорне цьма.
Байцы-сыны, сябры, браты!
Мы выпаўнім наш доўг святы
І над раскутаю зямлёй
Узыдзем яснаю зарой.
Няхай вам свецяць сонца, дзень,
А ворагаў агорне цень!
2/Х 1941