epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ад усяго сэрца

Дарагі правадыр! Мы святкуем трыццаты

Беларускай Савецкай Рэспублікі год.

І, тваёю любоўю сагрэты і ўзняты,

Прывітанне сваё ў дзень вялікага свята

Шле ад сэрца табе беларускі народ.

 

Урачыста гучаць над шырокім прасцягам

Словы нашай любві і падзякі табе.

Ты прымі, правадыр, іх, як нашу прысягу, –

Мы ідэям тваім, бальшавіцкаму сцягу,

        Будзем вернымі ў працы і ў барацьбе.

 

Шчасце нашай краіны бярэ свой пачатак

Ад вячыстых дэкрэтаў народных свабод,

Калі залпам з «Аўроры» над ладам праклятым,

Разарваўшы кайданы, разбурыўшы краты,

Грымнуў слаўны навекі семнаццаты год.

 

Перад тым пад блакітамі роднага неба

Не знаходзіў прыстанку сабе чалавек.

Ліў ён пот, арашаючы панскую глебу,

Сам жа часта не меў і куска свайго хлеба,

        Хоць змагаўся з праклятай нядоляю век.

 

На заводах і фабрыках траціў ён сілы,

Паміраў у акопах сусветнай вайны,

Яго волю і долю ярмом паланілі,

Рабавалі набыткі і працу глумілі

Фабрыканты, банкіры, князі і паны.

 

Мы ніколі дзяржаўнасці нашай не мелі,

Нас хацелі вякамі ў няволі трымаць,

Каб заўсёды мы ў горы і ў цемры гібелі,

Каб і песень вясёлых спяваць мы не смелі,

        Каб і роднага слова было не чуваць.

 

Ды не здрадзіла людзям глыбокая вера:

Рэвалюцыя змыла нядолю навек.

Наступіла з Кастрычнікам новая эра,

За здзяйсненне ідэй камунізма – наперад

Рушыў мужна працоўны змагар-чалавек.

 

З гэтай слаўнае даты на вечныя годы

Перайшлі да народа багацці зямлі:

Незлічоныя, шчодрыя скарбы прыроды,

Невычэрпныя нетры і плынныя воды,

        Руднікі і заводы, сады і палі.

 

Зруйнаваўшы дашчэнту парадкі старыя,

Векапомны Кастрычнік зыначыў наш лёс:

Ён збудзіў, разняволіў народы Расіі,

Ён да творчасці сілы узняў маладыя

І сапраўдную волю і шчасце прынёс.

 

Гэта мудрая партыя, Ленін і Сталін,

Гэта рускі рабочы, праслаўлены клас,

Нашых лепшых людзей на змаганне паднялі;

Поплеч з імі па-брацку мы ў шэрагі сталі –

        І яны прывялі к перамозе ўсіх нас.

 

Родны Сталін! У кожнай жыццёвай прыгодзе

Адчувалі мы так жа тады, як цяпер,

Твой заўсёдашні клопат аб нашым народзе;

Мудры Ленін і ты ў васемнаццатым годзе

Утварылі на радасць нам БССР.

 

Першы раз Беларусь наша стала дзяржавай;

На сцягу яе золатам вышыты герб,

Ён абвіты калоссем, абвеяны славай –

Сімвал нашых законаў і нашага права,

        Сімвал працы і еднасці –молат і серп.

 

І калі на краіну нахлынулі орды

Інтэрвентаў нямецкіх і польскіх паноў,

Беларускі народ, непакорны і горды,

Быў у бітвах за край непахісны і цвёрды,

Бо на подзвігі ты і натхняў нас і вёў.

 

Не забудзем мы век, як на фронце Заходнім,

Пад тваім правадырствам, у бурах баёў,

Гартаваная помстай і гневам народным

Выганяла Чырвоная Армія збродных

        І наймітаў Антанты і польскіх паноў.

 

Гандляры і прадажнікі нашай Радзімы

Беларусь капіталу хацелі прадаць.

Нас вучылі змагацца бязлітасна з імі

Мудры Ленін і ты, правадыр наш любімы,

І грудзьмі за рэспубліку працы стаяць.

 

Нашу вернасць і сталасць у бітвах суровых

Ты засведчыў высокай увагай тваёй;

І мы помнім аб нас твае цёплыя словы,

Іх у час аднаўлення і ў годы будовы

        Апраўдаць мы імкнуліся працай сваёй.

 

Закіпела работа на родных прасторах,

Мы краіну з руін падымаць пачалі,

Разам з Леніным ты, правадыр ясназоры,

Нам паказваў шляхі, нашу працу прыспорваў

У фабрычным цаху, на сялянскай раллі.

 

Як ад нас адышоў светлы геній планеты,

Ты прысягу даваў над вялікай труной

Непахісна здзяйсняць Ільіча запаветы,

Непахісна ісці да вялікае мэты, –

        І мы ў сэрцах сваіх прысягалі з табой.

 

Пад разгорнутым ленінскай партыі сцягам

Ты сабраў яе верных і мужных сыноў;

Горда ўзняўшы яго над Радзімы прасцягам,

На пагібель двурушнікам, юдам-бадзягам

Ты на подзвіг працоўны народы павёў.

 

Для магутнае сацыялізма дзяржавы

Працаваў наш народ – сам зямлі гаспадар.

Ты натхняў нас тварыць гераічныя справы,

Стала праца між нас справай доблесці, славы

        На вачах стаў мяняцца зямлі нашай твар.

 

Ад лазовых лапцей і ад шэрае світкі

Беларусь вызваляцца навек пачала,

Памнажаліся творчае працы здабыткі,

Моц рэспублікі нашай расла ўвачавідкі, –

Твая мудрасць да шчасця народ прывяла.

 

Перамогі народаў і іхняе права,

Прыдабытыя працаю і барацьбой,

Як узор для ўсяго чалавецтва яскравы,

У вялікім законе Савецкай дзяржавы

        Запісаў ты навекі сваёю рукой.

 

Канстытуцыяй Сталінскай хартыю гэту

Называе народ наш, удзячны табе.

Да працоўных вялікай любоўю сагрэта,

Яна ў песнях народа савецкіх апета,

Яна ўслаўлена ў вершах натхнёных паэта,

Яна – яркі маяк для народаў сусвету,

Яна доказ, што намі дасягнута мэта

На вялікай будоўлі ў цяжкой барацьбе.

 

Толькі ў казцы дзівоснай магло тое стацца,

        Што наяве збылося на нашай зямлі:

Як здзяйснялі мы нашае права на працу,

Узрасталі на пустках заводы-палацы,

Пяцігодак героі на працы раслі.

 

На спрадвечным балоце, між цёмнага лесу,

Дзе начамі свяцілі адны светлякі,

Загарэлася багна агнямі Белдрэса:

Электрычнасць на службе людскіх інтарэсаў

Сілай рухала новых заводаў станкі.

 

Многа тысяч машын найвышэйшае маркі

        Гомсельмаш выпрацоўваў для вёскі штогод.

Ад рабочага класа сялянству падаркі,

Што саху выжывалі з яго гаспадаркі,

Прысылаў безупынна асілак-завод.

 

Абнавіўшы старога Бабруйска аблічча,

Над Бярозаю вырас лясны камбінат;

Для будоўлі цэмент вырабляючы, Крычаў

Будаўніцтва рэсурсы нашмат павялічыў;

Магілёў упрыгожваў шаўкамі дзяўчат.

 

Не шкадуючы сіл, працавалі мы ўдарна,

        І была нам яскравая мэта відна:

Развітаўшыся з доляй гаротнаю, марнай,

Беларусь не была больш адсталай, аграрнай,

А краінай індустрыі стала яна.

 

Ты быў з намі, калі мы калгасы стваралі,

Выпаўняючы Леніна мудры наказ.

Мы з мяжой палыновай тады трактарамі

І сялянскае гора навек зааралі,

Ліквідуючы зграю кулацтва, як клас.

 

Як мы права сваё на асвету здзяйснялі,

        Пеляна непісьменнасці спала з вачэй,

Нібы сонца, нам промні навукі заззялі;

Дзесяць тысяч мы школ для дзяцей збудавалі,

Мова родная ў іх загучэла званчэй.

 

Збудавалі працоўных руплівыя рукі

Акадэміі гмахі, універсітэт,

Там дзядоў непісьменных шчаслівыя ўнукі

Штурмавалі заўзята вяршыні навукі,

Каб стары перайначыць па-новаму свет.

 

Тваім клопатам чулым былі мы сагрэты,

        І раслі ў нас культуры савецкай майстры:

Неслі гушчам працоўным здабыткі асветы

Аграномы, артысты, музыкі, паэты,

Інжынеры, настаўнікі і дактары.

 

Але ў сэрцы глыбока жыла ў нас турбота,

Што шчаслівы не ўвесь беларускі народ:

Бо мільёны стагналі пад панскім прыгнётам,

Бо іх права было там растоптана ботам,

І з надзеяй яны пазіралі на ўсход.

 

Добрым сэрцам сваім наша гора адчуў ты,

        Слаўны рыцар свабоды і праўды людской;

Час прышоў, і мінуліся вязняў пакуты,

З паднявольных братоў зняў жалезныя путы

Назаўсёды ты цвёрдай, рашучай рукой.

 

Загаіўшы народа балючыя раны,

Назаўсёды ягоны ты вырашыў лёс:

У адзінай Савецкай дзяржаве зʼяднаны

Ён табе і душою і сэрцам адданы,

З найглыбейшай любоўю падзяку прынёс.

 

Па шляху нашым светлым мы крочылі шпарка,

        Сэрцы цешыла плённая праца людзей.

Разгарэлася сонца вясны нашай ярка,

Багацела культура, расла гаспадарка,

Стала лепей нам жыць, стала жыць весялей.

 

Ды ударыў набат, загрымелі гарматы,

Вораг працу зʼеднаную нашу спыніў,

Гарады запалалі, заводы і хаты,

У патоках крыві гінуў скарб наш багаты,

Дым заслаў небасхіл над прасторамі ніў.

 

Вораг прагнуў зрабіць нас сваімі рабамі,

        Каб зямлю дарагую ад нас адабраць

І святло пагасіць, што Кастрычнік над намі

Запаліў на вякі залатымі агнямі,

І свабодны наш дух ланцугамі скаваць.

 

І тады, як фашысты гразілі нам смерцю,

Калі нашы сялібы знішчалі звяры,

Да нас словы твае даражэйшыя ў свеце

Даляцелі і ўзрушылі нашыя сэрцы

Сваім клічам: «Браты мае, сёстры, сябры!»

 

Не скарыліся мы, выйшлі ў бой грамадою,

        Так ты нам наказаў, так змагацца вучыў,

Не схіляцца на дол перад чорнай ардою,

І, паслаўшы на бой, нас бацькоўскай рукою

Слаўным Ленінскім сцягам усіх асяніў.

 

Слаўны Ленінскі сцяг, што маяк прамяністы,

Гартаваў і яднаў, вёў да мэты адной;

У Айчыннай вайне нас вялі камуністы

З непахіснай душой, з думай палкай, агністай,

Гартаваныя моцнаю воляй тваёй.

 

Мы пайшлі на франты, мужна ўзняўшы галовы,

        За савецкі наш край, за савецкі наш дом,

Сталі поплеч з братамі мы ў бітвах суровых...

Загулі навакол і бары і дубровы,

І стары і малы стаў адважным байцом.

 

Не прымусілі нас у пакоры схіліцца,

Не прыгнуць да зямлі дзікім ветрам дубоў,

Невычэрпны ў народзе геройства крыніцы.

Біўся ўпарта наш Мінск, слаўны горад-сталіца,

Гомель катаў знішчаў, нішчыў іх Магілёў.

 

«За Радзіму на бой!» – кліч адзіны быў чутны,

        Ён з палёў уставаў, узлятаў з гарадоў;

Грозна ўзняўся народ пад звяздой пяцікутнай –

Не здаваўся наш Брэст, як той волат магутны,

Нішчыў танкі ў лясах партызан Бумажкоў.

 

Правадыр! Па твайму баявому загаду

Узняліся народы савецкія ўсе.

Мы стаялі насмерць пад Масквой, Ленінградам,

Білі лютых звяроў каля сцен Сталінграда

І ламалі хрыбет ім на Курскай дузе.

 

Узрасло шмат герояў, адважных і смелых,

        Шмат праслаўленых беларускіх сыноў:

Дрозд – герой-адмірал, неўміручы Гастэла,

Смалячкоў ля Невы на палях зледзянелых

І Даватар з дружынай арлоў-казакоў.

 

Наша помста па пушчах агнямі шугала:

За пралітую кроў, за пакуты ад ран

На фашыстаў народная армія ўстала,

Як адзін чалавек, а было іх нямала –

Трыста сорак іх тысяч было партызан.

 

Ракаталі лясы пад раскатамі грому,

        То змагаўся народ у цяжкой барацьбе.

Зналі мы – паланіць нас не ўдасца нікому:

Працавалі ў падполлі абкомы, райкомы,

Кожны дзень у баі нас вяла КП(б)Б.

 

У часіны, калі непагода стаяла,

Перайшоўшы драты, загарожы вайны,

Што маланка, шугаў цераз хмары-навалы,

Далятаў у лясы мужны голас Купалы:

– Рэжце гітлераў скрозь, партызаны-арлы!

 

Не давалі фашыстам жыцця ні хвіліны,

        Мы на варце былі кожны момант і час,

Мы былі гартаваны пачуццем адзіным,

Што баронім усе нашу маці-айчыну,

Што да роднай Масквы шлях ляжыць цераз нас.

 

Мы знішчалі варожага войска калоны,

Рвалі танкі, скідалі машыны ў равы,

Адбівалі гарматы, снарады, патроны

І спускалі старчма пад адхон эшалоны,

Каб не даць ім прайсці да сталіцы Масквы.

 

Па загаду твайму, партызанскія сілы

        Абвясцілі фашыстам на рэйках вайну:

Паўзрывалі масты, рэйкі толам скрышылі,

Рух саставаў па ўсёй Беларусі спынілі,

Зруйнаваўшы чыгунку нашчэнт не адну.

 

Адбівалі ў баях ад варожай нягоды

Мы сяло за сялом, за раёнам раён.

Там належала ўсё партызану-народу,

Па-ранейшаму там, як і ў мірныя годы,

Быў адзінаю сілай савецкі закон.

 

Кат ад злосці шалеў усё болей і болей,

        Ён дывізіі слаў партызанаў караць,

Біў старых і малых, моладзь гнаў у няволю,

Нашы вёскі паліў. Ды імкнення да волі

Ён ніколі не мог у народзе зламаць.

 

Дарма вораг і здраднікаў зброд дамагаўся

Разлучыць нас з братамі. Не вышла таго!

Іх адкінуў народ, бо на справе дазнаўся,

Што ў савецкай сямʼі ён узрос і узняўся,

Што ў савецкай сямʼі толькі месца яго.

 

Кат паліў, а ў грудзях нашых – гневу пажары,

        І з народа ўставаў за героем герой.

Наш Заслонаў, як леў партызанскае кары,

Насцігаў акупантаў і нішчыў ударам, –

Ярка слава яго, як зара над зямлёй!

 

Дарагі правадыр! Бацька родны наш Сталін!

Нас ад гібелі ты ўратаваў і збярог,

І ў часы, калі буры над намі шугалі,

Моцна верылі мы, кожнай хвіляй чакалі,

Што ты прыдзеш да нас са святлом перамог.

 

Кожнай раніцай мы паглядалі да ўсходу,

        У той бок, адкуль сонца свабоды ідзе,

Зналі – прыдуць адтуль і прагоняць нягоду.

Дзякуй рускім братам, дзякуй братнім народам,

Што не кінулі нас у нядолі-бядзе.

 

І прышла да нас доўгачаканая радасць –

Дзень жаданага свята на нашай зямлі.

Быццам гром веснавы, загула кананада:

Па твайму, правадыр, баявому загаду

Тры франты Беларускія ў наступ пайшлі.

 

То браты к нам ішлі з гор аснежаных, сініх,

        З Енісейскай тайгі, з падмаскоўных палёў –

Сваіх лепшых сыноў пасылала Расія;

І нішто не магло затрымаць гэтай сілы,

Гэтых армій, авеяных славай баёў.

 

Бо ішлі з тваім імем у сэрцы героі,

Воблік Леніна ззяў на сцягах агнявых,

Бо народа любоў ім свяціла зарою,

Бо краіна уся пераможную зброю

Днём і ноччу нястомна кавала для іх.

 

Сакрушальным разбіты быў вораг ударам;

        Ён канаў у бабруйскім і мінскім катлах,

Захлынуўшыся полымем, дымам пажараў,

І развеяны намі, як чорная хмара,

Ён канчаў свой бясслаўны, пагібельны шлях.

 

Тут наўсцяж акупанты зямлю дратавалі,

Нат птушыныя моўклі над ёй галасы;

Яна плуга чакала – гарматы аралі,

Яна зерня чакала – свінцом засявалі,

Высякалі чужынцы сады і лясы.

 

Тут усё было знішчана: школы і хаты;

        Лютаваў, гаспадарыў разбэшчаны зброд;

Былі стайні, засценкі, казармы салдатаў

У тэатрах, музеях, дзе скарбаў багата

Да вайны мы збіралі рупліва штогод.

 

Супынялі байцы свой упэўнены поступ

І здымалі пілоткі ля чорных дратоў,

Ля жахлівых равоў, ля вялізных пагостаў

Трасцянца і Азарыч, дзе звалі да помсты

Сотні тысяч замучаных нашых братоў.

 

І паўсюды, дзе наша праходзіла войска,

        Адраджаліся нівы, ўздыхалі лягчэй;

Абуджаліся зноў, ажываючы, вёскі,

І ад песень шчаслівых ішлі адгалоскі,

І знікалі гаротныя слёзы з вачэй.

 

Сцяг над Мінскам узняўся зарою барвовай;

Не забудзе ніколі удзячны народ

Тых сустрэч на шляхах, на руінах суровых

І загаду твайго векапомныя словы,

Абвясціўшыя нам вызвалення прыход...

 

І тады, ў пераможны і радасны ранак,

        Калі рэха салютаў гайдала сцягі,

Пакляліся мы: будуць загоены раны,

Не шкадуючы рук, адбудуем старанна

Беларусь нашу родную, Мінск дарагі!

 

Мы ўзяліся за працу з вялікім уздымам,

І састаў за саставам спяшылі да нас

З грузам дужых машын, з трактарамі стальнымі;

Слаў жалеза Урал – кузня нашай Радзімы,

Нафту – слаўны Баку, вугаль – мужны Данбас.

 

Загулі, заспявалі Белдрэса турбіны,

        Запылалі агні, рассяваючы змрок,

Азараючы сёлы, шляхі і даліны,

Ажыўляючы зноўку заводы краіны,

Даючы Магілёву і Віцебску ток.

 

На Сельмаш паплылі зноў у Гомель па Сожы,

Па Бярозе – ў бабруйскі лясны камбінат

Горы гонкага лесу, сасны і бярозы,

Каб краіну сваю як хутчэй упрыгожыць,

Збудаваць сотні тысяч разбураных хат.

 

Узнімаем з руінаў мы нашу сталіцу,

        Аздабляем свой горад вянкамі садоў;

Ён па плану павінен такім адрадзіцца,

Каб уся Беларусь ім магла ганарыцца,

Каб ён стаў прыгажэйшым сярод гарадоў.

 

Пабудуем палацы ля сквераў і паркаў,

Дзе каштаны і ліпы цвісці будуць век;

Азарым электрычнымі сонцамі ярка

Плошчаў шыр і мастоў перакінутых аркі,

Каб прыгожа і хораша жыў чалавек.

 

Тут за светлыя годы савецкай улады

Узгадованы партыяй бальшавікоў,

На вяршыні культуры народнай узняты,

Ушанованы годнасцю лаўрэатаў

Шмат артыстаў, пісьменнікаў і мастакоў

 

Тут працуюць ізноў акадэмія, школы,

Інстытуты, тэатры, універсітэт.

Тут сталіца, якая сабрала наўкола

Гарады беларускія, вёскі і сёлы,

Праслаўляючы імя тваё на ўвесь свет.

 

На будову прышлі маладыя атрады,

        Партызаны, байцы з нашых сёл, гарадоў;

Іх вучылі заводы Масквы, Сталінграда

Нашых сонечных цэхаў узводзіць грамады,

Разумець працавітую мову станкоў.

 

Мы нястомна расцім індустрыю краіны, –

Дзе калісь векавыя шумелі бары,

Два гіганты ўзняліся над Свіслаччу сіняй,

Будуць з мінскаю маркаю аўтамашыны,

Будуць з мінскаю маркай у нас трактары.

 

Яны пойдуць гасцінцамі, пойдуць палямі

        Памагаць небывалы расціць ураджай,

Каб бязмежныя нівы гулі каласамі,

Каб заможнасць навек падружылася з намі

І, як сонца, ляжаў на стале каравай.

 

Каб на землях былой Беларусі Заходняй

За калгасам калгас нараджаўся і рос

Згодна мары людской, згодна мары народнай;

І драпежнік-кулак сваёй дзейнасцю шкоднай

Не супыніць наш рух наступальны і рост.

 

Ты нам шчодра памог пасля цяжкае страты,

        Што нанеслі вайны навальнічныя дні, –

Перайшлі мы з зямлянак у новыя хаты,

Дзе ізноў загучала «Жывіце багата» –

Наша песня калгасная, як да вайны.

 

Мы багаты цяпер залатымі палямі,

Неабдымным раздоллем мурожных лугоў,

Чорным золатам – торфам, густымі садамі,

Белавежскаю пушчай, лясамі-барамі,

Што, як мора, шумяць ад павеву вятроў.

 

Мы па плану твайму узбагацім краіну, –

        Дзе сягоння шумяць лазнякі і чарот,

Кок-сагыз і пшаніца, ячмень, канюшына

Закрасуюць наўсцяж па Палескай нізіне,

На бяскрайніх прасторах спрадвечных балот.

 

Люба сэрцу вясною на нашых прасторах,

Калі росныя травы пакрыюць лугі,

Выйдуць статкі на пашу, і ў сініх азёрах

Адабʼюцца вярхі меднастволага бору,

І глыбокія скібы узнімуць плугі.

 

Люба сэрцу і летам, калі залаціцца

        І купаецца сонца ў блакіце ільноў,

Каласяцца жыты, даспявае пшаніца

І ад чэрвеньскіх цёплых дажджоў і зарніцаў

Наліваецца завязь цяністых садоў.

 

А яшчэ весялей, калі восень з дарамі

Заязджае на кожны калгасны наш двор,

І абозы бясконцым патокам шляхамі

З хлебам новым духмяным плывуць пад сцягамі,

Што зліваюцца з полымем лісцяў і зор.

 

На ўвесь свет баявая гучыць наша слава,

        Беларусь сярод нацый сусветных цяпер

Мае ўсімі прызнанае роўнае права;

Тваім геніем нашая ўзнята дзяржава –

Неадʼемная частка СССР.

 

На нарадах, дзе справы рашаюць краіны

З усіх частак зямлі, як свет белы вялік,

Фронт трымаюць за мір, фронт трымаюць адзіны

Прадстаўнік СССР, прадстаўнік Украіны,

Беларусі Савецкае прадстаўнік.

 

Як яны выступаюць – у залі нібыта

        Узнікае руінаў і попел і пыл,

Кроў сыноў, што ў змаганні з фашызмам пралілі

Слова тых, голас тых, што не ўстануць з нябыту

Што да пільнасці клічуць з братэрскіх магіл.

 

І выразна відаць – як яны выступаюць,

Калі кідаюць словы падпальшчыку ў твар, –

Што не чырвань падпальшчыку твар залівае

І не сорам таксама, – яго ён не мае, –

А пякучая кроў незлічоных ахвяр.

 

Там краіны народнае дэмакратыі

        Разам з намі ідуць, дарагі правадыр.

Сілы міру ўзначальваючы баявыя,

Там здзяйсняе наказы твае дарагія

Слаўны Молатаў наш у змаганні за мір.

 

Жыць мы хочам у працы, тварыць у спакоі,

Не баімся пагрозаў падпальшчыкаў тых,

А палезуць – сухімі трымаем набоі,

Цвёрда знаем, што пекла іх атамнай зброі

Стане пеклам смяротным для іх жа саміх.

 

Яшчэ ўчора над намі гула навальніца:

        Аднаўляем мы край, зруйнаваны вайной.

Беларусь мірнай працай сваёй ганарыцца,

І ніхто ў нашым краі пагроз не баіцца,

Знаюць хай – беларус цяпер іншы, не той.

 

Трыццаць год красавання савецкай улады

Перайначылі долю былую яго.

Беларус свайму лёсу жыццёваму рады,

Ён выконвае роднага ўраду загады,

Як загады уласнага сэрца свайго.

 

Ён пазбыўся нядолі былой назаўсёды,

        Развітаўся ён з цемрай мінулай даўно,

Мужны, храбры ў хвіліны цяжкое прыгоды,

Верны партыі, сталінскай дружбе народаў,

З рускім братам сваім ён заўжды заадно.

 

Ён не гнецца даўно на паноў у прымусе,

Ён працуе з уздымам, жыцця гаспадар,

На магутных заводах, у полі і ў лузе

Ён цяпер, як і ўсе у Савецкім Саюзе,

Будаўнік камунізма, за шчасце змагар.

 

Камунізм! Мы не знаем яснейшае мэты,

        З дзён Кастрычніка свеціць народам яна,

І няўхільна наперад праз зімы і леты,

Сонцам будучыні чалавечай сагрэты,

Да яе ўсе дарогі вядуць, як адна.

 

Камунізма нястомнымі барацьбітамі

Будзем мы у штодзённай рабоце сваёй,

Раны цяжкай вайны мы залечым з братамі,

Што ў змаганні і ў працы заўжды былі з намі,

Адбудуем свой край, зруйнаваны вайной.

 

Дарагі правадыр! Сталін, бацька любімы!

        Мы табе прысягаем, што днём і ўначы

Так жа будзем ісці, як дагэтуль ішлі мы,

Берагчы, быццам вока, здабыткі Радзімы –

Заваёвы Кастрычніцкіх дзён берагчы.

 

Прысягаем табе – не баяцца нягодаў,

Памятаць, што рыхтуюць напады на нас,

Што нам трэба мацнець і дужэць з кожным годам,

Мацаваць нашу Армію, дружбу народаў,

Нашай партыі кожны выконваць наказ.

 

Па-стаханаўску мы працаваць прысягаем,

        Соцспаборніцтва шырыць, герояў рады,

Лета кожнае буйным страчаць ураджаем,

Дабрабыт свой, культуру ўздымаць абяцаем,

Рухаць нашу навуку наперад заўжды.

 

Бацька родны! Будзь пэўны: мы здзейснім прысягу,

Маем сілу ў руках мы, каб здзейсніць яе,

Маем сэрцы, адданыя нашаму сцягу,

Маем вочы – у іх ты чытаеш адвагу,

З нашых спраў пазнаеш, што сыны мы твае.

 

Так, сыны мы твае! Прысягаем аддана

Справе велічнай партыі бальшавікоў,

Што табой, разам з Леніным, узгадавана;

Славім партыю мы – слава ёй і пашана! –

Славім мудрае партыі правадыроў.

 

Бацька родны! Ты ў працы спакою не знаеш,

Светлы дзень камунізма ты бачыш з Крэмля,

Сваёй працай прыход ты яго набліжаеш,

А мы знаем, што першы ты нас прывітаеш

З камунізмам, якога чакае зямля.

 

Ты – настаўнік народаў, зямлі красаванне,

        Дык жыві нам на радасць, не лічачы год,

Нібы сонца само, нібы яснае ранне.

Дык прымі, дарагі правадыр, прывітанне,

Што складае табе беларускі народ.

 

Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк.

 

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4