epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адлёт птушак

Яшчэ не ўспее агаліцца зямля, асыпацца ліст на дрэве, яшчэ ярка грэе сонца, а ўжо не чутно галасоў птушак, і саміх іх мала відаць.

Ужо з серпня (аўгуста) месяца пачынаюць птушкі пакідаць наш край і вылятаюць у цёплую старану. Першыя падымаюць трывогу буслы. Незадоўга да адлёту збіраюцца яны ў кучы дзе-небудзь на лузе, ходзяць цэлы дзень чарадамі або стаяць па цэлых гадзінах, усё роўна як радзяцца яны прад далёкай дарогай, ці кружацца высока ў небе. Праз некалькі дзён яны прападаюць, выбіраюцца ў вырай.

Нахмурылася неба, веюць халодныя ветры, сыплецца дробны дожджык. Вясёлыя спрытныя ластаўкі нізка лётаюць над зямлёю і ловяць мошак. Гадзіны праходзяць, на дварэ халадзее, прападаюць мошкі; нечага есці ластавачкам. Вось і яны выбіраюцца ў дарогу. У палавіне верасня (сенцябра) іх ужо не ўгледзіш. Ранні адлёт іх азначае раннюю зіму.

Поле ўжо апусцела. Кончана работа серпа, пачынаюць капаць картофлі. Далёка дзесьці ў небе плаўна нясецца крык жураўлёў. Прыслухіваешся, падымаеш вочы ўгору, шукаеш чародку жураўлёў. Вось марсканула ў небе чорная палоска. Высока-высока ляцяць жураўлі, пастроіўшыся вуглом у два няроўныя радочкі, і кідаюць на зямлю свой звонкі, працяжны і нудны крык. Глядзіш на жураўліны ключ, пакуль ён не схаваецца з вачэй. І нейкі жаль агортвае душу, усё роўна як праводзіш у далёкую старану дарагога чалавека. З якою радасцю сустракаеш птушак вясною, з такім жалем праважаеш іх увосень, як ляцяць яны ў вырай. І памалу ўсе птушкі, каторыя прыляцелі к нам вясною, зноў пакінулі нас на ўсю зіму.

Куды ж вылятаюць нашы птушкі і дзе яны праводзяць зіму?

А ляцяць яны далёка, у паўднёвыя староны, у тыя староны, каторыя ляжаць на поўдзень, дзе зімы сусім не бывае. Але не ўсе птушкі, што пакідаюць нас на зіму, злятаюцца ў адно месца. Некаторыя з іх, так называемыя зерняедныя, астаюцца ў паўднеўных расейскіх губернях, дзе яны могуць знайсці сабе корм, і жывуць там да тых пор, покі ў нас стаіць зіма. Другія, кузулькаедныя, каторыя кормяцца кузулькамі (усякімі мошкамі, мухамі, камарамі), ляцяць надта далёка, дзе зімы ніколі не бывае.

Многа бяды і гора прыходзіцца выцерпець нашым мілым птушкам у далёкай дарозе, покі заляцяць яны на зімовыя кватэры. Некаторым прыходзіцца пералятаць моры, і многа іх прападае ў дарозе ад буры і ўсякіх небяспечнасцей як ад чалавека, так і ад драпежных птушак.

У выраі нашы птушкі гнёздаў не ўюць і песень не спяваюць. Віць свае гнёзды і вывадзіць дзетак яны прылятаюць на сваю родзіну. А родзіна-бацькаўшчына іх тут, у нас.

І так робіцца з году ў год: як толькі зіма з яе завеямі, марозамі і снягамі зноў зменіцца цёплымі днямі вясны, пакінуўшыя нас увосень птушкі зноў варочаюцца назад.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5