epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адшчапенец

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI


 

 

I

 

Смела і ўпэўнена, як нейкі важны адміністратар, ходзіць па полі вецер. Відаць, і яго захапіла ідэя калектывізацыі: ён вельмі гарліва сцірае ўсякія сляды і знакі індывідуальнай гаспадаркі — засыпае снегам вузенькія межы, дзе матляюцца голыя вярхі сухога быльніку, абагульняе загоны і цэлыя палеткі, бязжаласна трасе хірлявыя кусты па канцах шнуроў, як бы хочучы павырываць іх, каб не напаміналі яны аб граніцах. І з асабліваю заўзятасцю насядае ён на двор і сядзібу Пракопа Дубягі, наносячы туды цэлыя гурбы хрыбусткога снегу, пранятага ёмкім марозам. Ад Пракопавага плота засталіся адны толькі кончыкі колляў над замыславатымі карнізамі снягоў, а клуня па самую страху ўвайшла ў гурбы. І трудна сказаць, чаму так няласкаў вецер да дзядзькі Пракопа; ці то таму, што яго сядзіба крыху вытыркае з раду другіх сядзіб, тулячыся ў лагчынцы каля балота, што падступае амаль да самаё вёскі Затонне, ці можа і таму, што дзядзька Пракоп не надта горнецца да калектывізацыі.

Ужо месяцы са два, а можа і болей, як дзядзька Пракоп носіць у сабе гэты цяжкі калгасны клопат і гэтыя неадступныя думкі аб калгасе. Ды як і не думаць аб ім, калі ўсе і ўсюды толькі тое і робяць, што гавораць аб калектывізацыі, аб калгасах і чым далей, тым усё галасней і ўсё з большым запалам. Проста ў вушах гудзе ад гэтых гутарак.

Пракоп на двары тупае, пракідае сцежку ад клуні да хлява ды толькі пачмыхвае носам, каб прачысціць трохі ноздры-люхты ад насеўшага там пылу — ён толькі што дамалаціў апошні пасад грэчкі. Матлошыць вецер Пракопаву бараду і псуе работу яму: засыпае сцежку белымі струменьчыкамі дробнага, пухкага, як мука, снегу. Пракоп не зважае на гэта, упарта скробае лапатаю. Сказаць, не так і патрэбна яму гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надаедлівых думак. Але няма ад іх ратунку, свідруюць яны яму мозаг, не даюць спакою, і работа не клеіцца. Разгінаецца, выпроствае сваю крыху згорбленую спіну, трубіць пачырванелым носам у пальцы, на хаду зняўшы рукавіцу, ды глядзіць на пагорак, што за балотцам. На пагорку чуць рудзее пакручастая дарожка, як баразёнка, узораная плыўкімі палазамі, мястамі замеценая снегам, мястамі цямнеючы рудымі плямкамі конскага памёту. Маўклівая дарога, глуха і пуста на ёй.

«І што яно будзе? — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. І як гэта так? Ён больш не будзе гаспадаром на сваёй зямлі! Цяпер ён волен рабіць, што хоча, як хоча і калі хоча, а там брат, дудкі: рабі тое, што табе прыкажуць. Нават над сваім конікам не будзе ён гаспадаром!»

Пракоп утыкае ў снег лапату, ідзе ў хлеў. Своеасаблівы і так знаёмы Пракопу запах хлява і конскага стойла востра бʼе ў нос. Падласая карова з закарэлымі ад гною сцёгнамі і трацячка-цялушка стаяць з аднаго боку, а па другую руку, звесіўшы губу, як адстаўны штацкі чыноўнік, дрэмле над жолабам рахманы чырвоненькі конік. Скаціна лагодна, кожная на свой манер, вітае гаспадара простымі аднаскладовымі гукамі, што адпусціла скупая для іх прырода. Колькі хвілін Пракоп стаіць моўчкі, глядзіць на скаціну, як бы штось прыкідаючы ў сваім розуме, а потым гаворыць да цялушкі:

— Зробіш ты мяне, воўчае мяса, кулаком? А карысці з цябе — кот наплакаў. Прадаць цябе ці што? Ці ты ў калгас пойдзеш?

Цялушка, чакаючы гаспадара, каб ён пачухаў яе пад сківіцаю, што рабілася не раз, трасе галавою і выцягвае морду.

— Не хочаш у калгас? Ой, мусіць, пойдзеш — гаворыць Пракоп і чухае цялушку, а потым адразу абрывае гэтую сялянскую лірыку і дзелавіта падыходзіць да каня, глядзіць, як там у яго ў жолабе. Строгім голасам робіць вымову каню за яго нешляхетныя паводзіны: конь умудрыўся накласці ў жолаб таго, чаму быць там не палагаецца. Пракоп робіць у жолабе парадак і надае іншы характар свайму візіту ў хлеў, хоць асноўнаю прычынаю гэтага візіту было якраз жаданне палюбавацца на сваю жывёлу. Зрабіўшы парадак, яшчэ раз глядзіць на скаціну і выходзіць на двор. Работы няма там ніякай. Яго цягне на вуліцу паслухаць, што чуваць новага, што кажуць людзі. З раёна мелася прыехаць сёння нейкая брыгада. Будуць, кажуць, рабіць калектывізацыю. Пракоп уздыхае і сунецца на вуліцу, яшчэ раз глянуўшы на дарогу.

 

 

II

 

Густа лепяцца наабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі. У агародчыках каля хат за пасівелымі частаколамі намецены гурбы снегу. Маленькія шыбы шчыльна затканы марозам. Тоўстым пластом злёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Адбітак старасветчыны, убоства і акасцянеласці налажыў на іх глыбокі след. Але Пракоп прывык да гэтых малюнкаў свае вёскі, як прывыкае прусак да свае шчыліны. Ён не бачыць плесені заскарузлага ў сваёй архаічнасці вясковага жыцця.

Глуха і пуста на вуліцы, хіба толькі часамі прамільгне на ёй жаночая постаць з вёдрамі ды скрыпучым голасам зарыпіць журавель над прымітыўнаю студняю з трухлявым дзервяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Пустым, нібы вымершым здаецца і само Затонне. Але пад гэтымі прыгнутымі саламянымі стрэхамі, за заснежанымі шыбамі акон ідзе жыццё, вядуцца гарачыя дыскусіі, а часамі і ліквідацыя рухомай сялянскай маёмасці. Сям-там на задворках пылае агнём салома, а вецер разносіць гарэлы запах свіной шчэці. У гэтых ціхіх на погляд хатах на ўсе лады памінаецца калектывізацыя. Каля яе сканцэнтраваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейнасная агітацыя і за і супраць. Яна робіць людзей і шчырымі прыяцелямі і зацятымі ворагамі, падзяляючы іх на розныя катэгорыі.

Пацягнуўшы носам паветра, Пракоп падымае галаву. Яго погляд запыняецца на хаце Лявона Марыніча. З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, тарапліва, як бы яго ліхаманка трасе, плыве-бяжыць сіняваты дымок, а разам з ім расплываецца па паветры спакуслівы запах сакаўных скварак.

«Гуляе Марыніч, запускі робіць, — сам сабе думае Пракоп, — у калгас наважыўся запісацца».

Павярнуўшы галаву на другі канец вуліцы, дзе яна ўжо выходзіць у поле, ён бачыць — чалавек пасоўваецца сюды. Хто ж гэта? Пракоп прыглядаецца, пазнае. Да і пазнаць нятрудна: лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Пракоп зноў прачышчае нос, праводзіць рукою па вусах — рыхтуецца да гутаркі з Чыкілевічам. Чыкілевіч — абаротлівы, смякалісты чалавек, спрытны гаспадар, жыве наводшыбе, індывідуальна абложаны, з чым ён ніяк не можа пагадзіцца і лічыць, што з ім паступілі несправядліва.

— Дзень добры, таварыш Пракоп!

Чыкілевіч стараецца паказаць сябе савецкім чалавекам. Ён гарою стаіць за савецкую ўладу і часамі можа, дзе трэба, падпусціць на яе карысць агітацыі.

— Здароў! — каротка адказвае Пракоп.

Чыкілевіч адразу заўважае, што Пракоп чымся заклапочаны, не ў гумары.

— Што не весел, галаву павесіў? — пытае Чыкілевіч і вострымі, крыху насмешлівымі вачамі глядзіць на Пракопа. Пракоп, як і кожны селянін, дыпламат. Свае карты раскрывае не адразу.

— Цяпер, брат, невясёлых няма. Усім стала весела. Работу пакідалі. А Марыніч, дык той зараз цэлага япрука прыкончыць. Такое зажарвае смажэнне, што ўсіх тхароў з ваколіцы пасцягвае сюды... Пʼюць, гуляюць, як перад пустым канцом, прагульваюць і зводзяць гаспадаркі... Пагібель чуе народ, — не выдзержвае нарэшце тону Пракоп. Чыкілевіч таксама мяняе пазіцыю і заходзіць з другога боку.

— Цёмны, дурны народ! Ой, які цёмны! І чаго яму валаводзіцца? Запісваліся б у калгас.

— Ды некаторыя і пазапісваліся былі, але назад паадпісваліся.

— Бо дурні! — з жарам накідаецца Чыкілевіч. — Ну, чым жа кепска будзе ў калгасе? Ты ж пасудзі сам: грамада, гуртовая праца, прастор. Ні табе гэтых межаў, ні вузкіх загонаў, дзе і з канём павярнуцца нельга. Зямля ж, брат, вольнаю зʼявілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? А гуртам управіцца з ёю латвей. Што адзін чалавек, а што грамада! Вось табе прыклад. Ты адзін цупаеш цэпам, і рукі дрантвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца: і рукі лёгка ходзяць, і цэп сам падымаецца, проста як пад музыку, хоць у танцы ідзі. Так і ў калгасе. Да ці цапамі ж там малаціць будуць? Машын табе прышлюць, трактар пусцяць, а ты сабе хадзі ды пасвіствай.

— Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп, — а машына сама рабіць не будзе. І перш чым пусціць трактар, то трэба папацець. І што твой трактар? Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Ды яго ж хто-небудзь і вадзіць павінен, а мяне ці цябе на яго не пасадзіш. Ды па нашай зямлі, па камяніцы, ці пойдзе табе твой трактар? А паломіцца, вось тады і свішчы. А гною дасць ён табе? Рабіць жа грамадою з нашым народам — не многа ты наробіш. Адзін будзе працаваць, а дзесяць туляцца ад работы, як сабакі ад мух.

— Дысцыплінка, дысцыплінка, браце, павінна быць! Без гэтага нельга! — Чыкілевіч падымае палец і злёгку грозіць Пракопу, як настаўнік неразумнаму вучню, і пераходзіць ужо на такі спосаб абароны калгаса, каб яшчэ больш адштурхнуць ад яго Пракопа.

— Перш за ўсё патрэбна цвёрдая рука. Трэба пакамандаваць нашым братам, кожнага на работу паставіць ды прымусіць і зрабіць яе. А свае меркаванні і сваю волю прыдзецца ў кішэньку схаваць. Там, брат, не скажаш сабе: сёння зраблю гэта, а заўтра тое, або сёння даўжэй пасплю, а заўтра ўстану раней. Тут, брат, як па гудку на фабрыцы — загулі, і збірайся. І ўжо не паедзеш, куды табе зажадаецца. А калі такая патрэба здарыцца, то мусіш да начальства свайго пайсці. Начальствам жа можа быць і Кандрат Казей, бо хоць яго рукі да работы і не здатны, але язык яго ходзіць спрытна. Ну, што ж? работнік з яго хоць і няважны, а адміністратар з яго можа быць добры.

Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе.

Не горне яго калгас.

 

 

III

 

Андрэй, старшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Якраз у гэты дзень прыйшло ад яго пісьмо. Другі Пракопаў сын, Мікіта, сядзеў у хаце і чытаў матцы пісьмо. Між іншым, Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Ён ужо не раз казаў бацькам, што калгас мае ўсе перавагі над дробнаю гаспадаркаю. Вось аб гэтым у Тацяны і ў Мікіты і вялася гутарка. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Яшчэ да Андрэевага пісьма Тацяна выказвала Пракопу думку, што няма прычыны баяцца калгаса, бо калі чалавек будзе працаваць, то яму ўсюды можна жыць. Вось тут, на сваёй гаспадарцы, калі захварэе работнік, то ўся работа спыняецца. У калгасе ж зусім інакш. Там работа ніколі не спыніцца: захварэе дзесяць, а на работу стануць сотні. Ды і работаю там не будзе так душыцца чалавек. Праўда, гэтыя думкі выказваліся спачатку нясмела, асцярожна. Падаючы голас за калгас, маці пераважна кіравалася інтарэсамі меншага сына, якога яна дужа любіла і паважала. Мікіта ж быў, можна сказаць, чалавек адукаваны. Мала таго, што ён скончыў сямігодку, дык ён яшчэ процьму кніг прачытаў аб калгасным будаўніцтве. Цяпер жа, калі і Андрэй так цвёрда гаворыць пра калгас, яна стала больш актыўнаю яго старонніцаю.

— Пражылі мы сваё жыццё. Дзеці заступяць наша месца, — разважала Тацяна, — а раз яны хочуць жыць у калгасе, дык навошта станавіцца ім упоперак дарогі?

Але калі ў хату ўвайшоў Пракоп, то маці і сын адразу змоўклі. Пераступіўшы парог і спыніўшыся ў качарэжніку, Пракоп, скоса зірнуўшы на жонку і сына, ушчаміў пальцамі нос, як музыка кларнет, і дваякратна звонка затрубіў. Так ён рабіў кожны раз, калі быў чым-небудзь нездаволены або моцна заклапочаны. Не пазіраючы ні на кога і тупнуўшы разы са два, Пракоп моўчкі расперазаўся і зняў сярмягу. Некалькі хвілін у хаце панавала маўчанне. Пракоп адчуваў, што і ў сваёй уласнай хаце напірала на яго калгасная стыхія, выбівала грунт з-пад ног: ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў ён апоры ў сваім процікалгасным настроі. Але чым крапчэй напірала гэтая стыхія, тым з большаю сілаю і ўпартасцю адпіхаўся ён ад яе. Хоць яго аргументы блеклі, трацілі сілу ў яго ўласных вачах, але ён не здаваўся, ламаў галаву, шукаючы новых, прагавіта лавіў іх на вуліцы, на сходах і наогул дзе толькі можна злавіць.

— Апошнімі днямі цябе, Пракоп, і пазнаць няможна, — першая падала голас Тацяна, — ходзіш пануры, як асуджаны, або як бы на сабе зямлю носіш.

Гэтая прадмова была тою лішняю кропляю, што перапоўніла пасудзіну Пракопавых згрызот. Ён увесь ускіпеў і гатоў быў распрыжыцца ўсімі адзнакамі навальнічнай хмары, але раптам стрымаўся, сам не ведаючы як, і заместа маланак і громаў, гатовых вырынуць з яго, ён са спакойнаю насмешкаю адказаў:

— Няможна пазнаць? То мусібыць багатым буду.

Тацяна не спадзявалася такога спакойнага тону і наогул Пракопавага адказу, і гэты адказ збіў яе з тропу.

— Не вялікае шчасце быць цяпер багатым, — заўважыла яна.

Мікіта, баючыся, што бацькі пачнуць гарадзіць усякае глупства і Андрэева пісьмо можа выплысці з цэнтра ўвагі, палічыў патрэбным умяшацца ў іх гутарку.

— Андрэй пісьмо прыслаў, — звярнуўся ён да бацькі і паказаў гэтае пісьмо. Пракоп перавёў погляд на Мікіту, а потым на пісьмо.

— Што ж ён піша?

— А вось я пачытаю.

Мікіта разгарнуў пісьмо і стаў чытаць. Тацяна ціхенька ўходжвалася, каб не перашкаджаць чытанню, а Пракоп вастрэй наставіў левае вуха і слухаў уважна, гледзячы ў неазначаныя прасторы.

Андрэй паведамляў, што ён здаровы. Апісваў сваё жыццё ў Чырвонай Арміі, сваю вучобу, асабліва спыняючыся на вучобе агульнаасветнага характару, а ў заключэнне, пытаючыся, што робіцца ў іх вёсцы, рашуча трэбаваў ісці ў калгас. Калі Мікіта дайшоў да гэтага месца, то голас яго стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках і забіць асінавы кол у магілу індывідуальнай гаспадаркі, дзе людзі толькі гібеюць, а на іх целе расце шкодны грыб-кулак. Наш час — час разгорнутага наступлення па ўсім фронце на кулацкія элементы ў вёсцы і на нэпманскія ў горадзе. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — вось лозунг сённяшняга дня. Вы ж там павінны стаць піянерамі калгаснага будаўніцтва. Дык не слухайце кулацкіх правакацый, а першымі запісвайцеся ў калгас».

 

IV

Дачытаўшы апошні сказ, Мікіта выразліва паглядзеў на бацьку. Пракоп сядзеў нерухома. Андрэева пісьмо яшчэ больш прыгнула яго. Вось насланнё — як бы ўсе згаварыліся супраць яго і ціснуць з усіх бакоў! Але ж трэба нешта сказать, адгукнуцца на сынава пісьмо. Усміхнуўся недарэчнаю усмешкаю.

— Маладзец Андрэй: ведае чырвонаармейскую дысцыпліну!

Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак.

— Вось няхай толькі Андрэй са службы вернецца: яго старшынёю калгаса абяруць, — горача азваўся Мікіта. У ім гаварыла гордасць за брата і ў той жа час хацелася ўлагодзіць і бацьку.

— А цябе зробяць сакратаром, і будзеце бацькам камандаваць... А працаваць за вас хто будзе? — Пракоп двойчы затрубіў носам. Але тут не ўтрывала маці.

— Табе таксама ніхто не замінае быць сакратаром.

Пракоп з дакорам паглядзеў на жонку: навошта ж гэты глум з яго? Як ён можа быць сакратаром, калі ён непісьменны? Сярдзіта затрубіў носам, а маці сыпала далей:

— Ты ж думаеш — пісаць дык гэта не работа? Нябось трэба пасушыць галаву, покі навучышся. Ды ці знясе яшчэ твая галава, каб пісаць?

— Ды куды ўжо варта мая галава? — з крыўдаю ў голасе сказаў Пракоп. — Стараўся, працаваў, колькі хапала змогі, збіраў дабро, як крумчак косці...

— Хто ж кажа, што ты не працаваў? Працаваў ты многа.

— Многа ці мала, а падзяка адна.

І раптам, павысіўшы голас, зняважліва сказаў:

— Эх вы, калгаснікі! Батракамі захацелі быць!

У яго зʼявілася патрэба выказаць свае мыслі аб калгасе. Даўно ўжо карцела ў яго думка выступіць з прамоваю на сходзе, а цяпер якраз налучаецца зручны выпадак. Дык ці не сказаць яе цяпер? Па-першае, будзе практыка яму, а па-другое, праверыць моц свае прамовы. Каб наблізіць сваю ролю да ролі прамоўцы на сходзе, Пракоп кашлянуў, устаў.

— Таварышы! — праз меру громка пачаў Пракоп. Тацяна і Мікіта са здзіўленнем і страхам паднялі на Пракопа вочы. Пракоп зрабіў невялічкі перапынак і сказаў яшчэ раз:

— Таварышы!.. Вось вы тут кажаце — калгас, абагульненне, жывёлы, каб, значыцца, нічыё, калектыўна, ну, значыць, гуртам… леканструкцыя сельскай гаспадаркі…

— Рэканструкцыя! — паправіў бацьку Мікіта.

— Паправіў казе хвост! Гіцаль ты! Што ты не даеш мне слова сказаць?

— Што ты чаўпеш, Пракоп? — у тоне жончынага пытання чулася недаўменне.

Пракоп збіўся з нагі, нос яго пачырванеў, і мыслі вылецелі з галавы, як маладыя шпакі з дупла. Злосць апанавала яго: правальваецца ён з прамоваю.

— Вы слухайце, пустыя вашы галовы! Гэта я вам кажу, як сказаў бы я на сходзе! Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца з галавою ў букту, каб потым не бегаць, як кот з падсмаленным хвастом. А вы мне рот затыкаеце… Калі вы не хочаце слухаць мяне, дык я буду казаць гэтым глухім сценам, няхай хоць яны паслухаюць мяне! — з горыччу выгукнуў Пракоп.

— Дурны ты чалавек, што ты забраў сабе ў галаву? Да ты ж не ведаеш, ці табе лепш аднаму на гаспадарцы, ці з людзьмі ў калгасе. Няўжо ж гэта людзі ўсе дурныя, а ты адзін разумны? Проста глядзець на цябе моташна. Немаведама чаго згрызаецца чалавек. Жывуць жа людзі ў калгасе. І работаю так не душацца, і жывуць лепей. Не ты ж, калі на тое пайшло, жыць там будзеш, а дзеці твае. Перажылі мы ўжо, можна сказаць, свой век. Няхай дзеці жывуць. Не станавіся ты ім упоперак дарогі. Ці ліха сабе нажыць хочаш? Каго ты слухаеш?

— Класавых ворагаў, — заўважыў Мікіта. — Проста не хоча паварушыць мазгамі, упёрся і ўсе. Тут робіш тысячы работ, а там будзеш рабіць адну. Тут дрыжыш ты за свайго каня, каб яго не ўкралі ў цябе, а там хто будзе красці? На чорта ён патрэбен каму? Кожны стане на сваю работу і будзе ведаць адну справу, а не разрывацца, як тут, на кавалкі. Зямля дасць больш даходу — будуць абрабляць яе машынамі. Падвязуць мінеральных гнаёў… Да што тут казаць? Сляпому толькі не відна гэтага.

Мікіта трохі саромеўся, і прамова яго была не зусім гладкая, але ён гаварыў шчыра, з пракананнем.

Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. У хаце зноў стала ціха. Свая ж хата пазірала на Пракопа няветліва і негасцінна, як бы ён быў тут чужы і лішні. А можа і праўда ён тут чужы і непатрэбны?

Гутарка змоўкла.

Дый аб чым гаварыць?

Пракоп моцна задумаўся.

— Папалуднуйце, — парушыла цішыню Тацяна і стала засцілаць настольнік.

Пракоп падняўся і нічога не сказаў, выйшаў з хаты.

 

V

Затонская школа набіта бітком. Кажухі, сярмягі, шапкі і хусткі рознай формы і колеру стракацяць у вачах. Барадатыя і безбародыя, маладыя і старыя сядзяць і стаяць, дзе толькі можна, плячо ў плячо. Шуміць, гудзе сход, як разводдзе вясною. Настрой узняты; сёння на гэтым сходзе павінна так ці іначай скончыцца справа аб калгасе.

Старшыня сельсавета Мікалай Тур з суседняй вескі Крутагорʼе заметна хвалюецца. Па правую руку ад яго стаіць, разлажыўшы паперы, сакратар Міхайлік, наставіўшы буферам чуб, што прыдае сакратару значную долю заліхвацкасці. Побач з ім шыракаплечы, худашчавы і жылісты, нібы збіты з чыгуна, Мірон Брыль, брыгадзір, рабочы з завода. Шырокі твар яго спакойны, а погляд смелы, упэўнены. З другога боку яшчэ два чалавекі: худы, бледны настаўнік тутэйшай школы і пісьменнік Базыль Базылец. Гэта высокі, жывы, рухавы чалавек, гадоў пад трыццаць, у чорным кажусе з вялізным каўняром. Быстрыя шэрыя вочы то бегаюць па натоўпе, то па тварах членаў прэзідыума. Перад ім на стале запісная кніжка, куды ён не-не ды нешта запіша. Гэтая кніжка і запісы ў яе робяць відавочнае ўражанне на сход. Там нават перакідаюцца заўвагамі на гэты шчот, але, на шчасце, Базыль Базылец іх не чуе.

Пара б ужо і сход пачынаць, але там, за сталом, не надта спяшаюцца: у іх ужо ёсць сходаўская практыка — чым больш нагаворацца, нашумяцца да сходу, тым гладзей праходзіць сход. І тут таксама ўжыта тактыка старога Гіндэнбурга аб крэпасці нерваў.

Сход пачынае выказваць нецярплівасць — абрыдла ўжо так сядзець.

— Сход пачынаць! — заглушаючы шум грамады, чуецца голас з цёмнага кутка.

— Пачынаць! Пачынаць! — далучаюцца галасы.

Старшыня нахіляецца да Мірона Брыля, штось гаворыць, відаць, аб адчыненні сходу. Брыль моўчкі ківае галавою, як бы ўсё роўна яму, цяпер ці яшчэ пачакаць. Не спяшаючыся, падымаецца старшыня, перабірае паперачкі, збіраецца з думкамі, а потым звоніць. З пярэдніх радоў шум заціхае, і хваля гэтага заціхання паволі пераходзіць па ўсёй школе і нарэшце зусім глухне на задніх партах.

— Абвяшчаю сход адкрытым!

Абіраецца прэзідыум, запрашаецца туды некалькі асоб.

— Таварышы, — пачынае старшыня. Пракоп стаіць каля печы. Сэрца яго застукала мацней, як і ва ўсіх членаў сходу. «Нет і я магу сказаць, але што скажаш ты далей?» — думае сам сабе Пракоп.

— У нас сёння на павестцы стаіць пытанне аб калектывізацыі і бягучыя справы. Другіх пытанняў не будзе?

— Хопіць і гэта! — гудзе сход.

— Ужо пяць сходаў утапілі ў гэтай калектывізацыі, — чуецца сярдзіты голас.

— А табе што — часу няма? — хтось спакойна падае рэпліку з месца.

— Таварышы! — голас старшыні робіцца строгім, — давайце прыступім да справы і прашу спыніць гармідар — так ні да чога не дагаворымся. А дагаварыцца і вырашыць пытанне мы павінны. Вось тут хтось сказаў, што ўжо змарнована пяць сходаў. А хто ў гэтым вінаваты?.. Таварышы! Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — наша чарговая, баявая задача, і мы павінны выканаць яе на сто процантаў.

— У некаторых месцах яна зроблена на сто шэсць, як пісалася ў газетах, — з цёмнага кутка даносіцца нейчы насмешлівы голас.

— Чулі мы ўжо гэтыя вашы песні! Дакалгасімся да таго, што і шалудзівай авечкі не застанецца — вырываецца прарэзлівы жаночы голас.

— Да сціхнеце вы там! — грыміць з другой групы схода. — Што не даеце слова сказаць?

Падымаецца шум. Старшыня звоніць з усяе сілы. Парадак наладжваецца. Узрушаны і выведзены з раўнавагі старшыня грозна ўсчуньвае крыкуноў.

— Таварышы! ці мы сабраліся тут справу рабіць, ці кулацкіх падпявалаў слухаць? Іншыя меры прыму проці тых, хто зрывае работу схода!

— Правільна! — гудуць галасы з другога канца.

У гэтым гармідары старшыня, відаць, забыўся, што меўся яшчэ сказаць. Ён пацёр лоб і потым сказаў:

— Слова даецца таварышу Брылю, рабочаму з завода. Таварыш Брыль, тваё слова!

Шырокі і звязісты Брыль падымаецца і здаравеннымі мазолістымі кулакамі, парадкам працаваўшымі каля станка, упіраецца ў стол. Ён весела акідае вачамі шэрую сялянскую масу.

— Таварышы! — пачынае ён. Голас яго чысты, звонкі.

— Я думаю, таварышы сяляне, што нашаму старшыні не прыйдзецца зварачацца тут да строгіх мер: мы — людзі свае, а чужынцаў мы лёгка пазнаем.

Дык давайце пагамонім па-простаму, як гаворыцца, на чыстую.

Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у яго словах робяць на сялян добрае ўражанне.

— Не лішнім тут будзе запытацца, таварышы, — паніжаным прыяцельскім голасам гаворыць далей Брыль, — у чым сіла і моц нашай пралетарскай дзяржавы?

Як напрактыкаваны настаўнік, ён робіць ізноў кароткі перапынак, як бы даючы сходу падумаць.

«Куды ж гэта ён гне?» — думае сход, а Брыль зараз жа адказвае сам:

— Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Гэты саюз даў перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён вызваліў нас ад памешчыцкага гнёту, выпраг з ярма капіталізму. Ён жа абараніў нас ад навалы белых армій і іх саюзнікаў, замежнай буржуазіі, што ў смертнай хватцы спрабавала задушыць нас, каб ізноў вярнуць панаванне памешчыку і капіталісту. Нарэшце, гэты саюз зрабіў нас гаспадарамі на зямлі і на фабрыцы і будаўнікамі свайго ўласнага жыцця на аснове сацыялізму. І калі, таварышы, я чуў тут злосныя выкрыкі, недаверʼе, то гэтыя выкрыкі можна расцэньваць толькі як голас або свядомага ворага, які імкнецца расшчапіць наш саюз з працоўным сялянствам, або проста як голас неразумення і палітычнай несвядомасці.

— Правільна! — пацвярджаюць галасы з пярэдніх радоў. Сход слухае ўважна. Настрой яго мяняецца.

— Цяпер я пераходжу да асноўнага нашага пытання, да перабудовы нашай сельскай гаспадаркі на аснове калектывізацыі. Гэтая перабудова, таварышы, так вяліка і настолькі нова, што свет бачыць яе ўпершыню. Дык не дзіва, таварышы, што вы падыходзіце да яе з некаторым страхам і сумненнем. Але давайце разбярэмся, дойдзем да канца, каб прыняць правільнае рашэнне. Прыпусцім, таварышы, што каму-небудзь з вас прыходзіцца перарабляць той ці іншы свой будынак. Вось ён пачынае аглядаць яго, што падправіць і як. І аказваецца: страха сапрэла, латы спарахнелі, сцены пакрывіліся, бярвенні згнілі, падмуроўка збуцвела. Што ж ён тады будзе рабіць? — Прыклад, прыведзены Брылём, спадабаўся. Яму запляскалі, а з пярэдніх радоў гукнулі гусцей:

— Ламаць гнілы будынак і будаваць новы, крэпкі!

— Правільна, таварышы! У плане савецкага будаўніцтва, калі на нашых вачах гіблыя балоты абарачаюцца ва ўраджайныя землі, калі краіна пакрываецца сеццю электрастанцый і вынікаюць волаты-заводы, фабрыкі і цэлыя гарады, ваш будынак, ваша форма дробнай сельскай гаспадаркі ёсць гніль! Вашы гаспадаркі раскіданы, агароджаны межамі, а на гэтых межах і ў гэтых межах разам з палыном і быльніком будзе расці і гадавацца і тое дзікае зелле, што ўжо ў сілу свае прыроды імкнецца разарваць наш саюз — будзе расці кулак. Ваша гаспадарка, таварышы, у яе цяперашняй форме, адна недарэчнасць. Вы працуеце многа, а збіраеце мала. Жывяце ў душных і цесных хатах разам з жывёламі, у гразі, у брудзе, але вы не бачыце гэтага бруду — вы аблутаны павуццём старасветчыны і знаходзіцеся ў яе палоне. Наша задача, таварышы, задача партыі і савецкай улады — захаваць сілу чалавека, зрабіць палёгку ў яго рабоце, вызваліць яго з-пад улады зямлі, што так скупа аплачвае яго працу, наша задача — павялічыць яго прадукцыю, даўшы яму машыны. А гэта можам дабіцца толькі тады, калі мы дашчэнту зломім гнілы будынак цяперашняй гаспадаркі, а на яго месце паставім новы на падтрымку калектыву свабодных людзей.

Таварыш Брыль быў някепскі прамоўца. Ён вельмі прыгожа і трапна даў малюнак жыцця ў калектыве, не заплюшчваючы вачэй і на тыя труднасці, што неўнікнёна павінны быць на першых часах. І калі ён скончыў прамову, то яму дружна і доўга пляскалі. Нягоршым прамоўцам аказаўся і пісьменнік Базыль Базылец. Як пісьменнік, ён галоўным чынам спыніўся на культурным баку і пераважна апеляваў да жанчын, да іх гаротнай долі ў старой гаспадарцы. А калі ён спыніўся на дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, і ў імя дзяцей заклікаў бацькоў у калгас, то некаторыя больш мяккія натуры пусцілі слязу.

 

VI

Мікіта, седзячы ў першых радах і слухаючы прамовы, увесь гарэў. Мацней і шчырэй за ўсіх пляскаў ён прамоўцам, і радасць яго ўсё ўзрастала, у меру таго, як раставаў лёд недаверʼя ў сялянскіх сэрцах пад іскрамі гарачых слоў прамоўцаў. Павесялеў і прэзідыум: перамога выяўна хілілася ў яго бок.

Зусім іначай адчуваў сябе Пракоп. Перад сходам ён цешыў сябе надзеяй, што і сённяшні сход скончыцца так жа, як скончваліся і ранейшыя сходы: пагавораць, пакрычаць, можа хто і запішацца, а ў агуле справа наперад не пасунецца. Але калі з прамоваю выступіў гэты рабочы і захапіў сялян прастатою свае гутаркі і шчырасцю веры ў пераможнасць новых форм жыцця, то Пракопава надзея пагасла, і ён ціха сказаў свайму суседу, таўкануўшы яго локцем:

— Пазапісваюцца ўсе!

— Пазапісваюцца! — пацвердзіў сусед.

Пракоп слухае прамоўцу, а думкі яго ўжо пачынаюць вярцецца каля калгаса. Ён бачыць шырокае поле, нідзе ні межачкі, і яго палоска, што пад восень так добра даў гною, злілася, захлынулася ў суцэльнай заворанай лаве зямлі. Ён барануе паркаю калгасную зямлю, а за ім таксама за бараною ідзе Марыніч. Марыніч — хітры, гультаяваты чалавек, толькі від паказвае, што робіць, а сам пасмейваецца з Пракопа.

— Глядзі, Пракоп, як Міхайла сцябае твайго каня! Што значыць не свая ўласная скаціна!

Пракопа забірае злосць на Марыніча: сам папрагульваў усё сваё дабро ды яшчэ насміхаецца, што ён, Пракоп, захаваў сваю маёмасць і ў калгас прыйшоў, як маладая з заможнага дому ў сямʼю свайго мужа. Пракоп успамінае, што ён яшчэ не ў калгасе, шукае вачамі Марыніча. А Марыніч сядзіць сабе з выглядам нявіннага дзіцяці ды слухае. Пракоп упэўнены, што ён адзін з першых папрэцца ў калгас, і вялікая непрыязнь да яго шавеліцца ў Пракопавым сэрцы.

Мікіта часта назад аглядаецца — хочацца ведаць, як успрымае бацька словы гэтага слаўнага Брыля. Брыль у яго вачах робіцца героем. Але нічога не можа разгледзець Мікіта на бацькавым твары: Пракоп сядзіць ззаду каля сцяны, і твар яго відаць цьмяна.

Кончыліся прамовы. Старшыня зварачаецца да сходу, якія ў каго ёсць запытанні.

— Запытанняў няма?

— Няма.

— Хто хоча выказацца?

Сход маўчыць, а потым чуецца адзін голас, другі, а за ім хор галасоў гудзе:

— Чаго там выказвацца? Запісвацца і ўсё!

— Давайце запісвацца, — гаворыць старшыня, — але можа запішам пастанову?

— Гэта і будзе пастанова, калі пазапісваемся.

— Ну, хто першы?

Замінка. Ніхто не адважваецца выступаць першым. Падштурхоўваюць адзін аднаго, патроху жартуюць, пасмейваюцца. Нарэшце выпхнулі Амялляна Нічыпарука, матывуючы гэта тым, што Амяллянава рука лёгкая. Амяллян набіраецца смеласці, падыходзіць да стала і жорсткімі заскарузлымі пальцамі выводзіць сваё прозвішча.

— Ну, калгас, дык калгас! — кажа распісаўшыся. За ім смялей і дружней валіць народ. Каля стала робіцца чарга. І Марыныч у першых радах. Парог, што стаяў між сходам і калгасам, пяройдзены, людзі апынуліся на другім боку мяжы.

Мікіта з трывогаю назірае за бацькам. Пракоп падаецца наперад, запыняецца. Углядаецца ў пярэднія рады, у чаргу каля стала. Бачыць Марыніча. Пракоп хмурыцца, топчацца на месцы і незаметна падаецца ў дзверы. Яшчэ з большаю трывогаю глядзіць Мікіта на дзверы, што зачынілі бацьку на той бок сходу. Няма, не варочаецца бацька. Мікіта таксама падаецца да дзвярэй — дагнаць, вярнуць бацьку назад!

 

___________

Ужо трэція пеўні праспявалі на вёсцы. І які дзіўны, які далёкі і глухі голас іх! Гэта вясковыя гудкі і сірэны, што з глыбіні вякоў данеслі свой голас аж да гэтага часу і першабытнаю мераю мераюць вясковым людзям час і вяшчаюць аб зменах пагоды. Пашумлівае вецер у голым вецці бярозы, у вокны позірае бясконцая зімняя ноч, а там, за вёскаю, ляжаць бяскрайныя, амярцвелыя прасторы. Пракоп бычыць іх у сваіх мыслях, лежачы на палку каля печы. Дакучлівыя, невясёлыя думкі таўкуцца ў яго галаве, на сэрцы цяжка. Ад гэтага ніяк не можа заснуць Пракоп. Перабірае ў памяці падзеі сённяшняга дня і вечара. І які гэта доўгі, бясконца доўгі дзень!

Прыпамінае раніцу, спатканне і гутарку з Чыкілевічам. Чыкілевіч можа і рад быў бы пайсці ў калгас, ды яго не прымуць, бо ён пазбаўлены голасу. Можа і вышлюць яго. А што зробяць з ім, з Пракопам? Нешта гэты рабочы як бы ківаў на сваёй прамове. Пракоп у непакоі варушыцца пад дзяругаю. Мыслі яго ідуць на другое. Яму прыпамінаюцца і жончаныя словы — ці ты ліха сабе шукаеш? — І праўда: ці не шукае ён сабе ліха? Пракоп ціха ўздыхае. Адвечны круг сялянскага жыцця яму робіцца цесным. Падымаецца, садзіцца, звешвае ногі і думае. Яму штось трэба зрабіць, але што? Не ведае. Трэба знайсці нейкі выхад, на нешта адважыцца. Уваччу ўстае Мікіта. Як прасіў, як маліў, як дакараў бацьку, каб вярнуўся на сход! Але ён не вярнуўся, а хлопец плакаў ад крыўды.

Пракоп падымае галаву, пазірае праз цемень на тапчан, дзе спіць Мікіта. Мікіта спіць роўна і спакойна — што значыць моладасць: яе не бяруць так згрызоты, як забіраюць яны яго, старога. На патускнелыя ад гадоў і працы вочы набягаюць слёзы. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штось есць, грызе. І ён тут чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сямʼі, як пень тырчыць на іх дарозе.

Перад яго вачамі ўстаюць белыя прасторы за вёскай, халодныя, няласкавыя, і дарожка на пагорку з рудымі плямамі аб чымсьці напамінае яму.

Ён рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Адбірае адзежу, як бы ён збіраецца ў госці. Прачынаецца жонка, палохаецца, моўчкі глядзіць на Пракопа.

— Куды гэта строішся? — у жончыным голасе чутна трывога.

— Пайду ў сваю дарогу: нашы дарогі разыходзяцца.

— Пракоп! ды адумайся ты! Што ты забраў сабе ў голаву? — лямантуе Тацяна. — Ох, Божачкі!

— Глухім стаўся Бог для нас, і няма чаго ўспамінаць яго, — строга заўважае Пракоп.

— Тата! што з табою робіцца? Куды збіраешся?

Пракоп маўчыць. Адзяе кароткі кажушок, а наверх нацягвае доўгі, новы з шырокім каўняром. Становіцца перад абразамі, стаіць колькі хвілін, а потым насоўвае на вушы шапку, бярэ торбу з хлебам і палку.

Тацяна і Мікіта слупянеюць, а потым старая зрываецца з пасцелі, хапае Пракопа за руку. Пракоп адпіхае яе, вырывае руку. На дапамогу ёй бяжыць Мікіта. Пракоп замахваецца на іх палкаю.

— Прэч! — строга крычыць ён, а потым больш лагодным тонам гаворыць:

— Не замінайце мне, як не хачу замінаць і я вам. Цяпер ідзіце ў калгас: не буду стаяць вам упоперак дарогі. А я цяпер — бабыль і вольны чалавек. Аставайцеся здаровы, жывіце шчасліва.

І павярнуўся к парогу.

Жонка і сын кідаюцца зноў запыніць яго, але ён трасе на іх кіем і адганяе ад сябе.

— Не ўводзьце мяне ў злосць!

Скрыпнулі дзверы, адны і другія, разоў пару хрыбуснуў снег, і стала ціха.

Цёмная ноч ахапіла Пракопа з усіх бакоў, і прыгнутая постаць яго зараз жа знікла ў цемрадзі, не даходзячы да алешніку, дзе праходзіць дарога.

 

 

VII

Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на свет. Парадзеў, рассунуўся цяжкі, сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу, журботнага ў сваёй застылай паныласці.

Ніякай акрэсленай мэты ў Пракопа не было, калі ён наважыўся на гэтае самавыгнанне. Ён проста выказаў свой пратэст, абурэнне і крыўду ў форме гэтых старых традыцыйных прочак. Але чым далей адыходзіў ён ад свайго котлішча, тым з большаю сілаю ахаплялі і наступалі на яго гэтыя чужыя, халодныя прасторы, сярод якіх вастрэй адчувалася адзінота і сіроцтва на свеце, і тым ярчэй уставала ў вачах яго хата, гаспадарка, сваякі і суседзі і ўсё, з чым ён зжыўся за доўгія гады сялянскай працы.

Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Хто ён цяпер? Брадзяга, жабрак, бяздомнік! Але разам з гэтым была і нейкая асалода ў той жаласці і пакуце і ў гэтым бадзянні яго, няясным, як і гэты змрок. Праўда, яго ніхто не выганяў, ён сам захацеў так, гэта яго добрая воля. У яго ўласнай волі вярнуцца назад. Пракоп прыпыніўся, азірнуўся. Некалькі агоньчыкаў блішчэлі сям-там у парадзелым ранічным змроку… Было кароткае змаганне з самім сабою… Не, назад ён не вернецца — не скарыцца перад чужою воляю! І ён моцна пратрубіў носам і цвёрда заківаўся далей. У яго ёсць яшчэ сіла, ёсць прывыкшыя, прызвычаеныя да работы рукі. З імі ён не прападзе. З гэтымі думкамі ішоў ён наперад.

Быў у Затонні Пракоп, цяпер яго там няма. Затонская грамадскасць яшчэ і не ведала аб гэтым: час быў дужа ранні, а пасля такога важнага сходу спаць паклаліся позна. Толькі ў Пракопавай хаце свяціўся агонь. Тацяна і Мікіта адчувалі крыху сваю віну перад Пракопам, і не так было б ім цяжка, калі б ён проста памёр, як належыць кожнаму чалавеку. А то жывы, і няма яго. Кінуў дом і пайшоў, куды? невядома. Вернецца ён ці не, ці наложыць на сябе рукі — нічога невядома. Вось гэтая невядомасць і прыгнятала іх больш за ўсё.

— Што ж рабіць? — поўная бездапаможнасць чулася ў Тацяніным голасе.

Мікіта панура маўчаў, адчуваючы, што на ім цяпер ляжыць адказнасць, бо ён адзін мужчына ў хаце, ён галава. А ў гэтай галаве і ў маладым сэрцы мітусіўся заблытаны клубок мысляў і пачуццяў. З іх перапляцення выразней вылучаліся дзве процілеглыя плыні: жаласць да бацькі і абурэнне супраць яго тупой несвядомасці.

Накінуўшы на плечы кажушок, Тацяна ў непакоі выйшла на двор. Панурыя сцены нізкіх будынкаў, белая зямля, нахмуранае цёмнае неба і халодны змрок між імі таілі ў сабе няветлую цішыню і маўклівасць. З усходу падыхаў востры, калючы вецярок, штурхаючы па страсе сухім снегам, а з-пад балотца даносіўся няроўны перарывісты шум аголеных кустоў. Тацяна прыслухоўваецца да гэтых шолахаў і таемных шумаў ночы і ўглядаецца ў няясныя і зманлівыя контуры цёмных сілуэтаў, прымаючы іх часам за Пракопа.

І раптам яна ўся здрыганулася: каля прыгрэбніка пад чэзлаю вішняю стаіць нехта і памахвае рукою, як быццам бы падзывае да сябе Тацяну.

— Хто там? — аклікае перапалоханая Тацяна.

Чалавек маўчыць, але рукою махаць не перастае. Яшчэ большы страх забірае Тацяну. Яна баязліва азіраецца, як бы мяркуючы, ці паспее ў часе ўцячы ў хату ў выпадку, калі гэты невядомы чалавек — а можа і Пракоп — раптам рынецца на яе. Яна ўжо хацела пазваць Мікіту, але голас яе сарваўся, а ў гэты момант з-за вугла рвануўся вецер, і рука страшнага чалавека адарвалася ад яго і сама некалькі разоў закруцілася ў паветры.

— Тфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Тацяны, і страх яе рассеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі.

Страшны чалавек аказаўся даволі ёмкаю плашкаю, прыслоненаю да страхі, а яго рука — кусок рызмана, што нейкім спосабам зачапіўся за вішнёвую галінку і матляўся на ветры.

Перад Мікітавымі вачамі ўвесь час стаяў бацька ў розных постацях і момантах яшчэ так свежага часу. Адзін момант і адна постаць асабліва востра ўрэзалася ў памяць: адзеты, гатовы ў дарогу, з кіем у руцэ, без шапкі стаіць бацька тварам да абразоў. Мікіта сам падымае на іх вочы. Цэлы рад абразоў, крыху нахіленых. У цэнтры, скрозь слаба асветлены змрок, выглядае Мікалай Мірлікійскі. Пранізлівыя вочы пазіраюць упарта, куды б ты ні павярнуўся. Рука паднята, і пальцы зложаны для благаславення. З нянавісцю і з адценнем нейкага страху глядзіць на яго Мікіта. Яму робіцца крыўдна за бацьку, за яго пашану і веру ў гэтых ідалаў.

— Сукін ты сын! — ціха, але сярдзіта і выразна гаворыць Мікіта на св.[ятога] Мікалая. Трошачкі счакаўшы, дадае:

— Кулацкі рупар і падпявала!

У парыве злосці зрываецца і рашуча накіроўваецца да святых.

— Зліквідаваць як прадстаўнікоў кулацкага класа!

У хату ўваходзіць Тацяна. Мікіта запыняецца ў сваім парыве і свой намер расправіцца з багамі адкладае на болей зручны час.

— Што ж будзеш рабіць, сынок?

— Як развіднеецца, пайду ў сельсавет. Заявіць трэба. А там відаць будзе. Выясніцца.

«Малады, а ўсё ж такі разважае па-мужчынску», — сама сабе думае Тацяна і плача.

 

 

VIII

Новае жыццё пачынаў Пракоп, пачынаў бадзяннем і надзеяй на свае прывыкшыя да работы рукі.

І нямала прабадзяўся ён па свеце, і не надта соладка было яму гэтае бадзянне. Але затое ж Пракоп набыў пэўную жыццёвую практыку. Яго заскарузлы сялянскі розум змушан быў паварушыцца і пакіраваць мыслі крыху ў іншы бок, каб лаўчэй прыстасавацца да гэтага вандроўніцкага жыцця і не згінуць. Яго не пакідала думка знайсці сабе прыпынак на свеце, а на сваё вандроўніцтва ён глядзеў, як на часовую зʼяву. Але хоць свет і прасторны, ды чалавеку, сарваўшамуся з наседжанага месца, прастор гэты мала чаго дае. І калі Пракоп і не згортваў сваіх крылляў, то толькі таму, што на такое бадзянне ён наважыўся сам і зрабіў так, як знаходзіў лепш.

Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Прыходзілася паспрабаваць і жабрацкага і батрацкага хлеба. Ды не вельмі смачны такі хлеб, і не так ужо лёгка і ён даецца. Гэта вандроўніцтва і шуканне прыпынку паказала Пракопу, якое вялікае значэнне для чалавека ў жыцці мае рамяство. Калі б ён быў шаўцом або краўцом, сталяром ці слесарам, то і гора не ведаў бы. Але гэта ўсведамленне важнасці ў жыцці рамяства карысці Пракопу не давала, а пры цяперашнім стане рэчаў попыту на Пракопавы «прывыкшыя да работы рукі» сярод сялян амаль што не было. Асабліва трудна было яму ў першыя дні, калі ён яшчэ не асвойтаўся з сваёю новаю роляю вандроўніка. Перад ім паўстаў цэлы рад новых пытанняў, і трэба было знайсці на іх ясныя адказы. Сялянскім нутром ён адчуваў сваё ваганне па нейкіх крыжовых дарогах. Уся яго бяда ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Тым жа часам гэты стары грунт правальваўся пад яго нагамі. Гэта было ясна Пракопу. З кожным днём пераконваўся ён у тым, что патрэбна нейкая змена яго курсу. І сапраўды: хто з сялян возьме яго цяпер на работу? Навошта людзям гэты клопат, каб потым яшчэ папасціся ў бяду? І што ж выходзіць? Пракоп, трэба прызнацца, збег ад калгаса, але ўсюды, куды ён ні пойдзе, калгаса не ўнікнеш: грыміць і грыміць аб ім гутарка. Ліквідацыя дробных гаспадарак ідзе поўным ходам. Як ні круці, як ні мяркуй, а парасткі новага жыцця прабіваюцца буйна, густа, сакавіта.

Вандруючы ад сяла да сяла, Пракоп гэта бачыў, а свае пераходы скарачаў думкамі аб тым, што ж рабіць яму? Праўда, людзі давалі яму часовы прыпынак, прымалі, кармілі. Былі нават і такія, што і спачувалі яму. Але ж век так жыць не будзеш. Тулячыся, начуючы дзе-небудзь у кутку на саломе ці на гарошынах, гасцінна прынесеных гаспадаром, Пракоп цэлымі гадзінамі не спаў і разважаў, прапускаючы праз нажы самакрытыкі свае паводзіны, няяснасць і няпэўнасць свайго сацыяльнага стану. А да гэтага далучаліся і думкі аб пакінутай гаспадарцы, аб сямʼі і доме. Шкода было старога котлішча і цесных закуткаў ўласнага дворыка, дзе Пракоп так многа пакінуў свае працы, свайго жыцця. Варочаўся Пракоп у сваім логаве сярод цемры сялянскай хаты і мернага пахрапвання чужых людзей. Ноч, цемра, глухмень. Чуваць, як дзесь каля печы шалпочуцца ў шчылінах прусакі. Мерна і аднатонна падаюць каплі вады з акна і гулка шлёпаюцца аб сырую зямлю — бясплатная музыка на сон гаспадарам хаты. А Пракопавы думкі ідуць ды ідуць, нанізваючыся адна на другую, покі, нарэшце, незаметна для Пракопа адна з іх не запыніла на сабе яго ўвагі на адным з такіх яго начлегаў.

І сапраўды, гэта не кепская думка! Пракоп прыцішана трубіць носам і пачынае развіваць яе далей.

Як запраўскі філосаф, мяняючы сваю ранейшую сістэму светапогляду, прапускае яе праз сіта строгай крытыкі, так і Пракоп, лежачы на саломе, пачынае асуджаць цяпер метады свайго вандроўніцтва. Усе гэтыя метады няправільныя! Па-першае, ён часта заходзіў на хутары і наогул трымаўся больш тых элементаў, што варожа настроены да калектывізацыі. Не гаворачы ўжо аб тым, што такія паводзіны яго небяспечны, яны не даюць ніякіх вынікаў. Другая Пракопава памылка была ў тым, што ён шукаў сабе работы ў дробных гаспадарках, як бы на свеце няма саўгасаў і калгасаў. І трэцяя, можна сказаць, самая прыкрая яго памылка заключалася ў тым, што ён, проста сказаць, жабруе. Навошта ж яму ўсе гэтыя прыкрасці, калі можна ўзяць на сябе ролю дэлегата? Вось гэтая шчаслівая думка, што запыніла на сабе Пракопаву ўвагу. Але як да яе прыступіцца? А вось як: Пракоп дужа зацікаўлен калектывізацыяй, як і ўся тая грамада, адкуль родам сам Пракоп. Але ў іх ёсць некаторыя няпэўнасці, няяснасці ў сувязі з пераходам у калгас. Дык вось Пракопу і даручана абрэвізаваць ужо наладжаныя калгасы, азнаёміцца, прыглядзецца да іх, каб потым зрабіць належны даклад сваёй грамадзе. Ну, чым жа гэта кепская думка? Пракоп цалкам захапляецца ёю. Яна суліць яму процьму выгод. Як дэлегата, яго будуць шанаваць, карміць, і жабрацтва яго адпадзе само сабою. На правах дэлегата ён можа прабыць у калгасе тыдзень, а можа і болей, гледзячы, як прымуць. А прыняць яго павінны добра. Пабудзе некаторы час і падасца ў другі, у трэці. А можа і сапраўды надарыцца яму дзе што добрае? Не трэба толькі спаць у шапку, трэба адпаведны спрыт і рухавасць. І калі на справу паглядзець справядліва, то тут і машэнства няма ніякага. Бо сапраўды ж: ці не мог жа ён зусім шчыра азнаёміцца з калгаснаю справаю?

Захоплены гэтаю новаю ідэяю, Пракоп доўга не можа заснуць. Грамчэй і весялей трубіць ён носам, больш лагодна прыслухоўваецца да шалпатання прусакоў у шчылінах, да шлёпання капель з акна і ставіць гэта ў сувязь з адлігаю, што таксама яму на руку. Без вялікай злосці чухае валасатую грудзіну, намацвае там нейкага інтэрвента і душыць яго заскарузлым пальцам.

А назаўтра раненька накіроўваецца на новую дарогу, а ў дарозе абмяркоўвае сваю дэлегацкую ролю.

 

 

IX

Калгас «Хваля рэвалюцыі» заснаваўся не так даўно. Гады тры таму назад вярнуўся з Чырвонай Арміі ў свае Клінкі Максім Шахлевіч.

Клінкі была даволі вялікая вёска, але к часу Максімавага звароту з Чырвонай Арміі яна значна зменшылася: больш заможныя гаспадаркі выбраліся на пасёлкі, на хутары. Хоць у Клінках трохі і папрастарнела, але ўсё ж рэшта гаспадарак, цягнучы старое ярэмца земляробскай акасцянеласці, жыла бедна. Пабітая на вузкія шнуркі, параскіданая па розных мясцінах і разгароджаная межамі зямля скупа аплачвала працу на ёй. І зямля была не роўная: жоўты пясок, камяністыя ўзгоркі, сіняпёс, і толькі месцамі трапляліся кавалкі добрай зямлі. Лепшыя землі захапілі пасёлкаўцы і хутаране, а яшчэ лепшая зямля была пад панскім маёнткам, дзе заснаваўся цяпер саўгас «Чырвоны Шлях».

Беднасць і малазямелле змушала клінкоўцаў шукаць заработкі на старане або каля дому, калі яны трапляліся. Адны ішлі на чыгунку — а яна праходзіла тут непадалёку — рамонтнымі рабочымі, другія складалі кадры батракоў і служачых у заможнікаў-кулакоў. Максім Шахлевіч з пятнаццаці гадоў служыў у батраках і толькі за год да ваеннай службы кінуў сваё батрацтва і цэлае лета хадзіў з сястрою і старшым братам капаць торф на сваім жа балоце, заарэндаваным адным кааперацыйным таварыствам. Гаспадарка была ў іх невялікая, і з ёю спраўляўся бацька.

Максім быў самы вясёлы і самы рухавы не толькі ў сямʼі, але і ва ўсёй вёсцы хлопец. Ні беднасць, ні служба ў чужых людзей, ні цяжкая праца не зніжалі яго добрага гумару. Любіў ён і паспяваць, пасмяяцца і прыправіць жартамі сваю бойкую гутарку. За вясёлы характар і працавітасць яго любілі і шанавалі сярод клінкоўскай беднаты. Ён скончыў пачатковую школу. Вольнаю часінаю любіў пачытаць газету і кнігу. Наведваў сходы, уважліва слухаў даклады, асабліва прыезджых таварышоў. На ваеннай службе паступіў у комсамол і палітычна значна развіўся. З Чырвонай Арміі ён лёгка мог знайсці сабе службу ў горадзе. Але ў яго былі іншыя думкі.

— Не, — казаў ён, — на службу не хачу: пайду дамоў рабіць рэвалюцыю ў Клінках.

У Максіма быў ужо зложан шырокі план арганізацыі калгаса ў Клінках. Вярнуўшыся з арміі,ён зараз жа і прыступіў да работы. Сваю работу ён пачаў з арганізацыі камсамольскай ячэйкі. Нельга сказаць, каб гэта работа давалася яму лёгка. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю і анархічнасцю клінкоўскіх хлапцоў. Але патроху, памалу ён уцягнуў у работу найбольш жывых і актыўных з моладзі і сярод яе пачаў прапагандаваць ідэю залажыць у Клінках калгас, не чакаючы, покі гэту работу пачнуць рабіць за іх другія. Сваімі сіламі адчынілі хату-чытальню, пачалі праводзіць сходы, рабіць даклады, выпускаць насценную газету, дзе асвятлялася іх сялянскае жыццё, асуджаўся стары быт, прымітыўныя спосабы гаспадаркі і рэзка ставілі пытанне аб эксплуатацыі кулакамі клінкоўскай беднаты. Ва ўсёй гэтай справе насценгазета адыграла вялікую ролю. Заварушыліся пасёлкаўцы і кулакі на хутарах. Першая і значная прабоіна ў закасцянеласці сялянскага жыцця была зроблена. Класавая свядомасць клінкоўскай беднаты была абуджана. Яна цясней гуртавалася навокал ідэі калектывізацыі і рашуча рыхтавалася ў паход супроць мясцовых павукоў. Калі такім парадкам была прароблена папярэдняя работа, камсамольская ячэйка склікала агульны сход сялян. На сходзе пастаўлена пытанне аб арганізацыі ў Клінках калектыўнай гаспадаркі. Сход быў шумны і бурны. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся праціўнікі калектывізацыі. Але ўсё ж такі переважная большасць клінкоўцаў пастанавіла перайсці ў калгас.

Узрушаны і радасны Максім Шахлевіч пры гэтым сказаў: — Т.[аварышы]! Пачатак зроблены. Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня… Далоў усякія хістанні! Смялей наперад!

На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Як асаблівасць гэтай пастановы трэба адзначыць, што для «штаба» быў адведзены пустыр у полі збоку ад Клінкоў. На гэты пустыр у тую ж восень перавезлі будынкі шасці гаспадарак. Замест шасці клунь, шасці хат і столькі ж усялякіх іншых будынкаў пабудавалі адну прасторную клуню, накрылі яе новаю страхою, як залатым плашчом, свежай аржаной саломы. Выштукавалі адну абору, дзе можна было змясціць не менш як трыццаць кароў і гэтулькі ж цялят. Паставілі зухаваты свіронак, свінарнік і выстраілі тры дамы для шасці семʼяў, адвёўшы месца для калгаснай канторы і для дзіцячай пляцоўкі. І ўсё гэта было зроблена сваімі сіламі, сваімі майстрамі.

На пустым месцы, у полі вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай, цікавай і не для ўсіх яшчэ яснай формы маладога жыцця. Гэты пасёлак вырас па ініцыятыве клінкоўскай беднаты і складаў іх сапраўдную гордасць. Сюды, як да вогнішча ў халодную цёмную ноч, накіроўваліся думкі, імкненні і надзеі новых калгаснікаў. Сюды ж падымаліся і поўныя нянавісці вочы хутарчан і пасёлкаўцаў.

— Таварышы! аснова калгаса паложана, — казаў на адчыненні пасёлка Максім, — а цяпер прыступім да справы. Новая вясна чакае нас. У нас ёсць час, каб сустрэць яе ў поўнай зброі, па-бальшавіцку. Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі.

Новы калгас назвалі «Хваля рэвалюцыі».

Сюды, у гэты калгас, і дыбаў цяпер наш Пракоп Дубяга, неразумны вандроўнік, дэлегат-самазванец.

 

 

X

Нясмела і няўпэўнена ўваходзіў Пракоп у новы калгасны пасёлак «Хваля рэвалюцыі».

Даволі было кінуць гаспадарскім вокам на двор, на калгасныя будынкі, каб адчуць, што справа тут пастаўлена на цвёрды грунт, што чыясь моцная і разумная воля пракладае шырокую дарогу ў новы гаспадарскі дабрабыт.

Першае, што кінулася Пракопу ў вочы, быў узорны парадак і чыстата на дварэ і каля будынкаў. А гэтых будынкаў, дзеравяных і мураваных, малых і вялікіх, крытых саломаю, гонтамі і чарапіцаю, было тут многа. Спрактыкаванае вока старонняга гледача заўважыла, як шпарка рос гэты калгасны пасёлак, удасканальваючыся ў сваім будаўніцтве, з якою дбаласцю, стараннасцю і прадуманасцю абмяркоўвалася кожная будыніна, кожная драбніца ў ёй. А гэтыя новыя мураванкі, вырасшыя за апошні год, сведчылі аб поступе наперад калгаснікаў, аб іх замілаванні да новых форм жыцця. Снег у тую зіму быў глыбокі, і ўжо па адных толькі сцежках, пракіданых у снезе па розных кірунках прасторнага двара, па шырокіх пляцоўках, прачышчаных каля клуні і іншых будынкаў, па высокіх і роўных валах снегу можна было судзіць аб гэтым парадку.

Уражаны і здзіўлены Пракоп запыніўся, ступіўшы на тэрыторыю пасёлка, бегла акінуў поглядам калгасны двор і будынкі, як бы разважаючы, куды накіравацца і да каго тут звярнуцца.

Яго старамодная сялянская постаць у саматужнай шапцы з аўчыны, у доўгім памятым кажусе, збітая на адзін бок пасівелая і занядбалая барада, пануры, загрубелы, абветраны твар і глыбока запаўшыя вочы, у якіх адбіваўся смутак і непакой бяздомнага бадзягі, ніяк не стасаваліся з агульным тонам гэтага пасёлка і яго гаспадарамі, сям-там мільгаўшымі па белым фоне ў глыбі двара і каля будынкаў.

Пракопава дэлегацкая роля крыху замітусілася, адчуўшы трывогу і страх, і ўсё ніжэй і ніжэй стала апускацца на дно. Так бывае з непапсованымі ці, справядлівей, з мала напрактыкаванымі ў дробным ашуканстве натурамі, калі яны прабуюць звязаць надуманы фальш з праўдаю жыцця. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп тарапліва рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Маладая зграбная жанчына ў чырвоным кажушку, шчыльна і кунежна атуляўшым яе стройную фігуру, — відаць, спецыяльна на яе пашыты кажушок, — выйшла з дзвярэй хаты і жвава падалася па сцежцы ў бок новай будыніны.

— Пастойце! — махнуў Пракоп кіем.

Маладая жанчына спынілася, кінуўшы на Пракопа крыху здзіўленыя і трохі строгія шэрыя вочы. Можа б яны былі ласкавейшыя, каб яе зачапіў не Пракоп, а хто-небудзь малады і прыгожы.

— Будзьце ласкавы, мілая, скажыце, хто тут у вас начальства і дзе яго знайсці? — пачціва звярнуўся да яе Пракоп.

— Начальства ў нас няма. А калі хочаце пабачыць старшыню калгаса, то ён, напэўна, у канторы, — адказала маладая жанчына. Але, відаць, і самой ёй паказаўся сухім яе адказ, і яна ўжо лагодней дадала:

— Кантора унь там, у мураванцы… Хадзеце за мною, пакажу, — ужо зусім мякка загаварыла маладая жанчына.

«Ці добра зрабіў, што адразу запытаў пра начальства?» — думаў Пракоп, ідучы за маладою жанчынаю. «Трэба было б трохі разглядзецца і не пароць так гарачкі». Ён адчуў, што яго меркаванні і планы адносна яго дэлегацкай ролі адразу ж разыходзяцца з практыкаю. Але многа разважаць аб гэтым не прыйшлося: яны спыніліся каля дзвярэй канторы.

— А па якой жа вы справе? — пацікавілася на ўсякі выпадак маладая жанчына.

— Ды вось хачу паглядзець ваш калгас… Ад грамады я…

Гэты адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку, і ён нават асмеліўся запытаць:

— А хто такі сам старшыня калгаса?

— А ён мой муж, калі хочаце ведаць, Максім Шахлевіч, — горда адказала маладая жанчына.

— Муж ваш! — здзівіўся Пракоп, зірнуў на маладую жанчыну і з дасціпнасцю спрытнага кавалера заўважыў: — То добрую жонку мае старшыня вашага калгаса!

Жанчына ўсміхнулася, а Пракоп зазначыў сам сабе, што справы ён не папсаваў, а такая развязнасць дэлегацтву не шкодзіць.

Прасторная і светлая кантора, куды ўвайшоў Пракоп, была галоўным дзелавым штабам калгаса. Яна не зусім яшчэ была скончана, і пабеленыя мураваныя сцены выступалі тысячамі цагляных рэбер. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна, а насупраць іх змяшчаліся Сталін і Варашылаў, Чарвякоў і Галадзед. Каля сцяны пры ўваходзе стаяла самадзельная дзеравяная канапка, невялічкі кніжны шафік для канторскіх кніг і папак, дзе хавалася розная перапіска і запісы. Два сталы, пісьменны і звычайны, таксама самадзельнай работы калгасніцкіх майстраў, ды некалькі крэсел і складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Сама ж кантора зʼяўлялася часцю мураванага свірна з прасторным ацамантованым падвалам. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасніцкія прадукты: зярно, бульба і гародніна.

За пісьменным сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, комсамолец Грышка Гаруй. Ён быў дзелаводам і бухгалтарам. З аднаго і другога боку стала былі — старшыня калгаса Максім Шахлевіч і яго намеснік Кандрат Ваган. Правяралі канторскія кнігі. Справа гэта для іх новая.

— А ўсё ж такі, брат Грышка, не шкодзіць, я думаю, пабыць табе на бухгалтарскіх курсах. Калгас наш расце, справа ўскладняецца, — заключыў рэвізію кніг старшыня калгаса і дадаў:

— Гаруй, не гаруй!

На гэтай вясёлай і жартлівай яго прыказцы зʼявіўся на парозе канторы Пракоп.

 

 

XI

Усе трое паднялі вочы на Пракопа. У сваю чаргу Пракоп зірнуў на іх.

— Прабачайце, таварышы! — першы загаварыў Пракоп. — Хто тут старшыня калгаса?

— Я! — азваўся Максім і вокам вайсковага чалавека зірнуў на Пракопа.

— А сам хто будзеш? — запытаўся і ён.

— Дубяга Пракоп, з вёскі Затонне… Прыйшоў я да вас, таварышы, паглядзець, як будуеце вы калгас. У вас жа, бачу, можна павучыцца.

— Ага! ну, добра… Сядайце! — паказаў старшыня Пракопу на канапку.

Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між кален кій. Гэтую прывычку набыў ён за часы свайго вандроўніцтва.

— А вы самі калгаснік?

Пракоп трохі замяўся.

— Як вам сказаць? і калгаснік і не калгаснік… Мы толькі нядаўна пазапісваліся, а работы, сказаць, яшчэ няма ніякай. Людзі ў нас маласвядомыя, а справа яна цёмная, — як будзе, што будзе. Адны кажуць так, другія гэтак. Дык трэба хоць паглядзець, як людзі ў калгасах жывуць, каб ведаць, як да чаго прыступіцца.

Гаварыў Пракоп, і няёмка было яму пад поглядамі незнаёмых людзей, перад якімі, праўду сказаць, ён разыгрываў камедыю. А гэтыя людзі пазіралі на яго ўважна, і асабліва старшыня. І вочы ў яго вострыя і быстрыя, так, здаецца, і праніклі ў Пракопава нутро. Але твар яго добры, лоб шырокі, адкрыты, і ўсё аблічча яго хіліла да сябе. Пракоп пераводзіў свой зрок то на смуглы твар Вагана, то на ваяцкі Грышкаў чуб, то на адкрыты вясёлы твар старшыні.

— Ну, а самі ж вы як глядзіце на калгас? — проста запытаў старшыня.

— Па-мойму, калі б усе былі дружныя ды працавалі б так на калгас, як працуе кожны сам на сябе, то чаму ж? калгас — рэч добрая. Што адзін чалавек, а што грамада!

— А як вы арганізавалі свой калгас, самі ці вас хто з боку падпіхаў? — загуў басам Ваган.

— Да ўсё адно з другім злучылася. Маладыя дык тыя больш напіраюць. Вось і мой сын Мікіта, падлетак, мае да калгаса вялікую ахвоту. Другі сын, Андрэй, у Чырвонай Арміі, піша, каб не слухалі кулакоў і непрыменна ішлі ў калгас.

— А ваш сын у Чырвонай Арміі? — пацікавіўся старшыня.

— Служыць і такі ўжо заядлы калгаснік, што свет гатоў перавярнуць, а калгас яму давай.

— Значыцца, маладзец ваш сын, дзядзька Пракоп, — адобрыў Грышка Гаруй.

— Ну, што ж, таварышы, кончым канторскую работу. Паабедаем, накормім нашага госця, няхай ён трохі адпачне… Вы ж не надта спяшаецеся? — звярнуўся старшыня да Пракопа.

«Вось залаты чалавек», — падумаў Пракоп і далікатна сказаў:

— Вы аба мне не турбуйцеся, таварыш. А спяшацца мне некуды, так. Ды ў мяне і хлеб свой ёсць, — Пракоп палажыў руку на пазуху.

— У парадку азнаямлення з нашым калгасам вы павінны наведацца і ў нашу сталоўку. І месца для вас мы знойдзем.

Пракоп прагавіта глытаў сліну і яшчэ раз падумаў: «Золата, а не чалавек».

Старшыня ўзяў Пракопа пад сваю апеку і павёў яго ў сталоўку.

Для сталоўкі была пастаўлена спецыяльная хата, накрытая чарапіцаю, з двума прыгожымі ганкамі і прасторнымі верандамі і наогул мела выгляд даволі фарсістага дачнага будынка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняю: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду.

На сценах сталоўкі віселі надпісы, напамінаўшыя аб гігіене: «Мыйце рукі перад ядою», «Не пейце сырой вады», «Выцірайце ногі» і інш. У карыдорчыку стаяў бляшаны ўмывальнік, а пры ім віселі ручнікі. Каля парога ў сталоўцы была паслана мата з саломы — выціраць ногі. Адным словам, гігіена мела тут сваю адпаведную матэрыяльную базу, каб гэтыя надпісы не аставаліся пустымі напамінаннямі.

Пасярэдзіне стаяў даўгі стол на казлах. За гэтым сталом магло размясціцца чалавек дваццаць, а каля сцен, па адзін і па другі бок, малыя сталы: тры з аднаго боку і тры з другога. Такім чынам, зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорок, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць.

Гордасць і здавальненне свяціліся на твары старшыні, калі ён паказаў Пракопу сваю калгасніцкую сталоўку. Пракоп не знаходзіў адпаведных слоў выказаць сваё здзіўленне.

— І гэта ўсё зрабілі вы самі, сваімі сіламі? — дзівіўся ён.

Старшыня весела пасміхаўся, як бы ведаючы ўсе Пракопавы мыслі.

— Самі, дзядзька, самі. Трэба толькі ясным вокам убачыць новае жыццё ды ўсвядоміць сабе ўсю недарэчнасць старой дробнай гаспадаркі.

— А! брат ты мой! — ахаў Пракоп ды пачухваў патыліцу.

— Захочаш па-настаяшчаму — усё зробіш грамадою.

— Ну, як жа вы ўсё ж такі збудавалі гэты дом? Ды і не адзін гэты дом — у вас, бачу, шмат чаго пабудавана?

— Расказваць можна тут і доўга і коратка.

Я раскажу вам кароценька. Наш калгас не малы: у нас паўтары тысячы га зямлі, і народу ў нас не мала: семʼяў каля двухсот. Чаму пайшлі мы ў калгас? Таму, што зусім ясна ўсведамілі перавагу калектыўнай гаспадаркі над гаспадаркай індывідуальнай. Стаўшы на гэты шлях, мы і пайшлі дружна, як адзін. Пачалі мы з гэтага пасёлка. Майце на ўвазе, што тры гады таму назад тут было пустое месца. Вось мы і надумаліся залажыць тут ядро, фартэцыю нашага калгаса, яго штаб. Кінуліся гуртам, перанеслі сюды будынкі шасці гаспадароў, перакроілі іх ды зрабілі адну добрую клуню, тры дамы і іншыя патрэбныя пры іх будынкі. Справа пайшла. На сённяшні дзень мы тут маем сорак семʼяў. Навошта ж кожнай сямʼі, кожнай гаспадыні ў хаце траціць час, сілу на вазню каля печы? Падумалі, меркавалі і зрабілі адну кухню на ўсіх… Мая жонка стаяла летась за сваю кухню, а папробуй цяпер скажы ёй пра сваю кухню — яна табе чапялою ў нос суне.

Наш пасёлак зʼяўляецца тым асяродкам, каля якога і накшталт якога будуць расці новыя. У нас ужо ёсць такая праграма, шырокая праграма. Усе нашы калгаснікі бачаць, што мы — на правільным шляху, і дружна бяруцца за работу. А гэта самае важнае. Не думайце, што ўсё гэта лёгка даецца. І самае труднае — арганізаваць рабочую сілу, паставіць кожнага на сваё месца. А мы гэтага дабіліся, мы гэта зрабілі.

 

 

XII

Застаўшыся адзін у пакойчыку для «гасцей» і акінуўшы яго поглядам, Пракоп сам сабе падміргнуў, кіўнуў галавою.

— Вось табе і калга-а-с! — ціха і працягла сказаў ён сам сабе.

Гэты пакойчык змяшчаўся ў тым жа доме, дзе жыў і старшыня калгаса, і адгароджваўся ад яго кватэры светлымі і даволі прасторнымі сенямі, а за глухою сцяною жыла сямʼя калгасніка. Тры шырокія дзеравяныя тапчаны з саламянымі падушкамі і сяннікамі, засланымі коўдрамі сялянскага вырабу, служылі пасцеллю. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак чужым людзям, па той ці па іншай справе наведваўшым калгас.

У пакойчыку было цёпла, ціха, утульна. Пахла смалою свежага дрэва. Гэтая каморка, або «станцыя», як называў яе Пракоп, паказалася яму верхам чалавечага дабрабыту. Ён скінуў кажух, палажыў яго ў ногі на тапчан, і сам выцягнуўся ва ўсю даўжыню свайго стомленага і ацяжалелага пасля ёмкага абеду цела. «Добра жывуць, ядры іх качалку!» — пазайздросціў ён калгаснікам і пагладзіў тугі, як барабан, жывот. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Цяпер наш дэлегат выкалупліваў іх адтуль пруткаю саломінкаю і страляў імі аж у процілеглую сцяну. Такі ж самы абед елі і ўсе калгаснікі, так што Пракопавы меркаванні аб яго дэлегацкіх прывілеях адпадалі тут самі сабою. Гэты ёмкі абед наводзіў на Пракопа сон і спакой духа. У безмяцежным разважанні над праблемаю, што лепш, ці быць калгаснікам ці дэлегатам у справе азнаямлення з калгасам, ён і заснуў крэпкім сном.

Яшчэ адна прыемная неспадзяванка чакала Пракопа ў гэты дзень. Вечарам, пасля здаравецкага храпака, яму, як дэлегату, далікатна запрапанавалі паглядзець калгасніцкую лазню, а калі ў яго будзе ахвота, то і памыцца ў ёй. Пасланцом быў калгаснік, Пракопаў сусед па кватэры, Мікола Гнак.

Лазня таксама добры і дарагі пачастунак для госця, асабліва такога, як Пракоп, і хоць яна — установа і старасвецкая, тым не меней аўтарытэт яе высока стаіць і ў нашы дні. Сярод жа калгаснікаў лазненскія дні лічыліся чуць не святам.

— Ну, і малайцы ж вы: і лазню сваю маеце! — з захапленнем азваўся Пракоп.

— Як не мець у калгасе лазні? Папарышся ды памыешся — проста як бы ты другі раз на свет народзішся. На цэлы год здароўя прыбавіцца, — адказаў Мікола.

— Даўно ўжо ў калгасе?

— Тры гады.

— Ну, і скажы ж, браток: лепш вам у калгасе ці не?

Для Пракопа гэта было пякучае пытанне.

Мікола ўскінуў на Пракопа вочы, усміхнуўся.

— Дзіўны вы чалавек. Да што ж тут і пытацца? Калі б вы ведалі, як мы жылі раней і як сталі жыць цяпер, што мелі мы тады і што маем цяпер, то вам смешна было б пытацца аб гэтым. Да вы ж паглядзіце на нашы будынкі, на нашы кватэры ды на нашы машыны. Гэта ж нашы работнікі! А паглядзелі б вы на наша поле вясною, летам… Скажу вам проста: цяпер толькі і жыццё мы пабачылі, цяпер толькі і свет нам адчыніўся.

У гэтых гутарках незаметна прайшоў час і адлегласць да лазні. Праўда, яна была тут і недалёка, крыху наводшыбе за будынкамі пры лагчынцы, дзе прабівалася невялічкая крыніца-ручаёк. На гэтым ручайку выкапалі сажалку, аблажылі яе берагі каменнямі, дно прачысцілі і пабудавалі лазеньку, правёўшы трубы ў сажалку, адкуль і бралі ваду. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальнай, а ў другой мыліся і парыліся. Тут ужо мітусілася з дваццаць калгасніцкіх голых цел, пачырванелых ад пару і венікаў. Шум, жарты, вясёлыя выкрыкі поўнага задавалення поўнілі лазню. Сярод гэтых галышоў Пракоп угледзеў ваяцкі чуб комсамольца Гаруя, якога спаткаў ён у канторы.

Пракоп раздзеўся. Яму як дэлегату далі венік, пахучы як май. З венікам пад пахаю і з нагавіцамі і кашуляю ў руцэ пайшоў ён парыцца, мяркуючы, куды б латвей прыстроіць бялізну, каб яе найлепш праняло параю, бо ў бялізне за часы яго вандроўніцтва завялося нямала шасціногіх яго эксплуататараў. Павесіўшы яе над дзвярамі печы, дзе давалі пару, ён палез на палаткі.

— От дзе рай, браткі мае! А-а-х, як добра! — выгукнуў і пакрэхтваў ад задавалення Пракоп, грэючыся на палатках і няміласэрна хвошчучы сябе мяккім венікам. Гразь і бруд споўзвалі і сплывалі з яго гадамі нямытага цела.

— Паддай, паддай пары! — крычалі аматары папарыцца.

Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такога гарачага пару, якога нагналі цяпер калгаснікі, ён з непрывычкі мыцца ў лазні не мог перанесці.

— Дайце вам плечы пашарую, — запрапанаваў свае паслугі Мікола Гнак.

Пракоп падставіў спіну, а Мікола з заядласцю і спрытам запраўскага лазніка шараваў яму спіну і сцёгны.

— Ой, браток, і скуру з мяне спусціш!

— Нічога, нічога! — заспакойваў яго Мікола. — Каб помнілі нашу лазню.

— Ох, якая ж гэта слаўнота! — Слоў не знаходзіў Пракоп, каб выказаць сваё адчуванне і захапленне лазняю.

А калі ён выходзіў памыты з лазні, то казаў:

— Праўду гаварыў ты, браток: усё роўна як зноў ты на свет нарадзіўся: так лёгка, так добра, — ну, як бы табе дзесяць гадоў скінулі!

Мікола Гнак запрасіў Пракопа да сябе на чай пасля лазні ды заадно каб і паглядзеў ужо і на яго кватэру.

 

 

XIII

Першае, што ўсюды кідалася Пракопу ў вочы пры аглядзе калгаса, было — чыстата і парадак. Гэты парадак і гэта чыстата заўважаліся і ў кватэры Міколы Гнака, куды зайшоў Пракоп пасля лазні. Зграбная, увіхная гаспадыня, з падстрыжанымі цёмна-русымі валасамі, адзетая як бы трохі на гарадскі лад, ветліва сустрэла мужа і госця. І другое назіранне, якое спасцярог тут Пракоп, не магло не звярнуць на сябе яго ўвагі: і мужчыны і жанчыны, малыя і старыя калгаснікі ў гэтым калгасе рабілі ўражанне новай пароды людзей. Усе яны былі рухавыя, жывыя, гаворкія, ветлыя, вясёлыя і ў дадатак да ўсяго гэтага, выражаючыся груба — гладкія, падкормленыя і нейк па-свойму адзетыя. Не было той замкнёнасці, той панурасці і заклапочанасці, што зазвычай характарызуе насяленне старой вёскі.

Кватэра Міколы Гнака мела ў сабе тры асобныя каморы-пакойчыкі, выгадна злучаныя між сабою дзвярамі: прыхожая, якую б можна назваць і кухняю, бо тут стаяла звычайная вялікая печ і меліся некаторыя адзнакі ранейшых сялянскіх хат; далей ішоў другі пакой, агароджаны ад першага тоўстымі дошкамі, прасторны і светлы. Яго можна назваць і гасцінаю і сталоваю і, нарэшце, трэці пакой, таксама адгароджаны дошкамі, служыў спальняю. У кухні-прыхожай падлога была цагляная, а ў сталовай і ў спальні — дзеравяная. Шырокія дарожкі-даматканкі, паложаныя ў сталовай і ад сталовай у спальню, сведчылі аб тым, як дбаюць тут аб чыстаце і акуратнасці. Замест абразоў на сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячоў. Таксама не было тут і традыцыйных сялянскіх лавак уздоўж сцен. Іх замянялі канапа, простыя крэслы самадзельнага вырабу і некалькі акуратных табурэтаў. Насупраць уваходу стаяў стол, накрыты белым абрусам, а на стале ўжо весела пашумліваў самаварчык, ведучы сваю няўпынную гутарку. На падлозе каля стала забаўляліся дзеці. Іх было двое: малы хлопчык Пятрусь, гадкоў тры, і старшая пяцігадовая дзяўчынка Насця. На дзіцячым табурэціку ляжалі фігуркі жывёлін, выразаных з паперы Насцяю. Цяпер яна вырэзвала коніка, а Пятрусь уважна глядзеў і паяўленне новай жывёліны сустракаў радасным крыкам.

— Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала.

Здзіўлены і моцна ўражаны Пракоп нясмела сеў за стол у гэтай непрывычнай для сябе абстаноўцы. Яму ніколі ў жыцці не даводзілася піць чай з такою раскошаю, як тут. Ён недаўменна пазіраў на кватэру, на гаспадароў. З аднаго боку, як бы гэта і простыя сяляне, але ж гэта кватэра — проста-такі гарадская, панская! Ён стараўся звязаць у сваіх мыслях штось знаёмае для яго ў сялянскім быце, што бачыў ён тут, з тым, што пракладала сабе новую дарогу. І ўсё гэта ніяк не ўкладалася ў яго галаве.

— Скажыце, — не ўтрываў, нарэшце, ён, — ці ў вас усе так жывуць, як вы?

— А што? — Мікола прыкінуўся, што не зразумеў яго.

— Да проста мне не верыцца, што я на кватэры ў калгасніка: жывеце вы, як паны! Выбачайце мяне.

— Як людзі, вы хочаце сказаць? — паправіў яго Мікола: — так, жывём лепш, як жылі да калгаса.

— Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень? Ці можа гэта жонка ваша такая ўдалая гаспадыня?

— У нас парадак такі, адзін для ўсіх, — азвалася гаспадыня.

— І як дабіліся вы такога парадку?

— А вы чулі пра самакрытыку? — запытаў Пракопа гаспадар.

Ніякага рэальнага зместу не ўкладаў Пракоп у гэта слова. Ён моўчкі глядзеў на Міколу, баючыся паказацца невукам і чакаючы паяснення.

— Усім нам добра вядома, у якім брудзе жылі мы вякамі. Мы яго нават не заўважалі, лічачы, што для мужыка так і павінна быць. Цяпер жа, калі ўсё старое, што заядала нас, мы выкінулі на сметнік, перад намі паўстала пытанне: няўжо ж мы гэты спрадвечны бруд захаваем і надалей? Не: мы абʼявілі яму смяротны прыгавор. І не на словах, а на справе. А калі хто адставаў або мала зварачаў на гэта ўвагі, таго ўжо нашы жанчыны, наш калгасніцкі жаночы актыў, бралі на прыцэл. Ну, каму ж гэта хочацца папасціся на язык і за што? За неахайнасць? І навошта ж яна, калі можна жыць па-чалавечы, калі гэта і для вока прыемней і для твайго ж здароўя лепей?

— Праўда ваша, — пацвердзіў Пракоп, з шумам дапіваючы другую шклянку чаю. — Мяне яшчэ вось што цікавіць: на якім палажэнні жывяце вы ў калгасе — ці як гаспадары ці як рабочыя?

— І тое і другое. Гаспадары — паскольку калгас зʼяўляецца нашым, рабочыя — паскольку мы працуем на нашай агульнай гаспадарцы.

— Ну, а ці маюць калгаснікі сваю, асабістую маёмасць, ну, скажам, кароў, свіней? — дапытваўся Пракоп.

— Такога права ніхто з нас не пазбаўлен, — тлумачыў Мікола, — але вось цяпер сталася так, што гэтым правам ніхто ўжо не хоча карыстацца. Чаму? Да проста няма ніякага разрахунку! Нашто мне той лішні клопат хадзіць за кароваю, за свіннямі, мець для іх і памяшканне і корм, калі і малака і свініны, колькі мне трэба, дасць наш жа калгас? Яшчэ год таму назад сёй-той чапляўся за гэтыя рэшткі дробнай уласніцкай гаспадаркі, а потым пабачылі ўсю недарэчнасць і непатрэбнась іх і кінулі.

— А скажыце,як у вас размяркована работа?

— А размяркована яна так, што на кожную работу ставяцца найбольш адпаведныя калгаснікі. Агульнае наша правіла такое: ніводзін працаздольны калгаснік не павінен астацца без работы. Ёсць калгаснікі, што ходзяць пры машынах, другія даглядаюць скаціну, трэція — тыя ці іншыя майстры, чацвёртыя абслугоўваюць калгаснікаў… Да ці мала работы ў такой гаспадарцы?

— А хто ставіць на работу?

— Самі. Выбіраем праўленне сваё і яму даручаем распараджацца рабочымі рукамі, а ў некаторых выпадках склікаем агульныя сходы. Кожны з нас мае сваё цвёрдае заданне, і яго трэба зрабіць.

— І многа прыходзіцца працаваць? — дапытваўся Пракоп.

— Да працы-то хапае. Але якімі б ударнымі тэмпамі мы тут ні працавалі, усё ж, трэба вам сказаць, працуем мы процантаў на трыццаць меней, чым працуе гаспадар на сваёй уласнай дробнай гаспадарцы і процантаў на пяцьдзясят меней батрака, што працаваў раней у кулака.

— А куды вы дзеяце вольны час?

— Адпачываем, чытаем кнігі, газеты, слухаем даклады, лекцыі. Хто мае ахвоту і здольнасці, ідзе то ў музычны, то ў тэатральны гурток…

— Цікава! — круціў галавою Пракоп, адчуваючы, як розныя думкі вартуюць яго старую галаву, каб насесціся на яе, калі ён застаецца сам з сабою.

 

 

XIV

Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Пасля поўначы неба выяснілася, засеялася рознакаляровымі трапухкімі агенчыкамі-зорамі, дрыжачы і лагодна пераліваючыся мяккім вясёлкавым бляскам. Мільярды такіх жа агеньчыкаў адсвечваліся і ў сняжынках белага покрыва абмярцвелай зямлі, паныла і нерухома занямеўшай у маркотным ззянні месяца. А месяц ужо даўно зрушыў з палавіны свае дарогі і хіліўся да краю зямлі, абярнуўшы ў яе бок свае бліскучыя вострыя рожкі…

Гэты глыбокі спакой і тужліва змярцвелае ззянне месяца, зазіраўшага ў вокны Пракопавай «станцыі», наводзілі на яго маркоту і сум. Ён востра адчуў сваю адзіноту, сваю адарванасць ад людзей, сваё бадзянне ў дарогах, сваё дармаедства. Уражанні ўчарашняга дня выплывалі ў яго памяці жывымі звеннямі сапраўдных праяў тутэйшага калгасніцкага жыцця і клалі рэзкую граніцу паміж двума светамі сялянскага побыту. Тое, што бачыў Пракоп з першых жа дзён свайго далёкага няпоўнага азнаямлення з калгасам і з калгаснікамі, яго моцна здзівіла. У глыбінях свае свядомасці ён адчуваў, што калі б у калгасе ён знайшоў непарадкі, разбежнасці з гаспадарскімі запатрабаваннямі, то яму было б лягчэй на сэрцы. А ўсё гэта выплывала з яго прадузятай варожасці да калектывізацыі. Праўда, шмат чаго засталося для яго незразумелым. Для яго былі няяснымі тыя спружыны і ўся тая механіка, што прыводзіла ў рух жыццё ў гэтым калгасе. Ён успомніў свайго суседа па кватэры Міколу Гнака і гутарку з ім учора. Няўжо гэта ўсё праўда? Няўжо людзі так перарабіліся ў калгасе, што асабістая ўласнасць для іх не мае значэння, і яны так жа дбаюць аб калектыве, як некалі дбалі аб сваіх уласніцкіх інтарэсах? Ці шчаслівы яны тут і як мысляць яны сваё шчасце?

Такія пытанні балюча і востра ўставалі ў Пракопавай галаве, і ён думаў над тым, як знайсці тут праўдзівы адказ.

Яшчэ не развіднелася, але Пракоп, па прывычцы ўставаць рана, заснуць ужо не мог, спяшацца не было куды, і ён ляжаў, разважаючы аб праявах людскога жыцця. «Аднак жа калгаснікі не надта спяшаюцца ўставаць», — крытычна заўважыў ён сам сабе, бо ўжо пачынала развідняцца, а на калгасніцкім двары было яшчэ ціха. Не спяшаючыся, Пракоп адзеўся і ціха выйшаў на двор сустрэць новы дзень і аддаць падатак свайму старому звычаю — тупаць да дня на двары.

Бледна-яснае неба на ўсходзе святлела, расчышчаючы дарогу кароткаму дню. Насычанае крохкім, як шкло, марозам паветра чулліва лавіла ранічныя гукі на скрыпучым снезе і далёка кідала іх у прасторы. Мернае і як бы нясмелае паскрыпванне снегу пад нейчымі нагамі пачулася каля клуні, і чыясь постаць, постаць чалавека з ёмкім мяшком на плячах, выплыла з парадзелага змроку і пасунулася ўніз па вузенькай сцежачцы, тулячыся ў задворках між калгасных будынкаў. Пракоп зацікавіўся, перамяніў пазіцыю, каб яшчэ раз пабачыць гэту постаць і праверыць сваю здагадку, што гэта, напэўна, хто-небудзь з калгаснікаў цішком панёс калгаснае дабро. Але гэта постаць знікла, а Пракоп толькі крутнуў сам сабе галавою, упэўнены ў праўдзівасці свае здагадкі. Яшчэ прайшло некалькі хвілін цішыні, і калгас патроху пачаў абуджацца. Грукнулі дзверы ў адным, у другім месцы, пачуліся людскія галасы, і некалькі калгаснікаў паказаліся на двары. Потым заскрыпелі вароты ў клуні і, трошкі счакаўшы, сярдзіта зашамкала сячкарня вострымі нажамі, перасякаючы салому на дробныя шматочкі.

— Дзень добры, таварышы! — сказаў Пракоп, спыніўшыся на парозе клуні.

Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаваным ашэсткам. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Даволі ёмкая кучка сечкі, як невялічкі стажок, стаяла на таку, як відаць, загатаваная раней. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі, пасыпалі яе промешкаю, што тут жа стаяла ў дзервяной скрыні, нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам.

— Добра ідзе работа ў вас!.. — пахваліў сечкарэзку Пракоп.

— Наладзіліся, — адазваўся круцільшчык.

— Добра, добра! — яшчэ раз пахваліў Пракоп і сам узяўся за ашэстак, каб папрабаваць, як лёгка ходзіць кола.

Абхапіўшы пальцамі ашэстак, Пракоп налёг, крутануў раз, другі. Першыя некалькі колаваротаў патрабавалі намагання мускулаў, а потым, калі кола разгайдалася, яно ўжо само далучыла сілу інерцыі да сілы мускулаў рук і круцілася лёгка.

— Вось яно табе і тэхніка! — дагадліва азваўся Пракоп. Работа скончылася, і ён злёгку затрубіў носам, адвярнуўшыся, як чалавек далікатны, у бок ад сечкі.

— Ну, гэта ўсё ж такі саматужніцтва, — салідна заўважыў падаваўшы салому ў жолаб сячкарні, таксама прачысціўшы нос яшчэ старым сялянскім спосабам.

— Мы мяркуем прыладзіць маторчык, — важна дадаў ён.

— О! гэта ўжо будзе… дасягненне! — Пракоп быў здаволены, што знайшоў такое трапнае слова.

У кароткай дзелавой гутарцы ён даведаўся аб размеркаванні работы паміж калгаснікамі ў калгасе і аб яго ўнутраным распарадку. Важнейшыя пытанні калгасніцкага жыцця вырашаліся агульным сходам калгаснікаў. Гэта быў як бы маленькі зʼезд Саветаў. Кіруючым прынцыпам быў лозунг: ніводзін працаздольны калгаснік не павінен заставацца без работы. Работа ж павінна размяркоўвацца так, каб кожны работнік найбольш падыходзіў да яе і найболей адпавядаў свайму прызначэнню. Таксама браўся тут пад увагу і прынцып добраахвотнасці. Размеркаванне работы і прызначэнне на яе работнікаў даручалася праўленню калгаса.

— Ну, а калі б усе захацелі сечку рэзаць? — хітра падʼехаў Пракоп.

— А грамада што скажа? — адказаў Лапко, што падаваў салому.

— А самакрытыка нашто? — уставіў слова і круцільшчык Макрыня. — Ну, і грамадская дысцыпліна, — дадаў ён.

 

 

XV

Пракоп і яго новыя знаёмыя накіраваліся з клуні бліжэй да хлявоў. Па дарозе спыніліся каля спецыяльнага будыначка па суседству з хлявамі. Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Так прынамсі казаў Лапко. Але ў даным выпадку ім кіравала пераважна гордасць будаўніка і аўтара праекта гэтага будынка. Лапко ў калгасе — відная фігура, і ён у поўнай меры заслугоўвае таго, каб сказаць аб ім некалькі слоў.

Лапко быў вясковы муляр, але не муляр-прафесіянал, а муляр-мастак, бо ў сваёй творчасці ён унікаў штампаваных форм і спосабаў работы і стараўся даць што-небудзь новае, арыгінальнае як з боку рацыяналізацыі, так і з боку хараства. Калі яму здаралася быць у каго-небудзь на рабоце, злажыць там печ, склеп ці што, то перш чым прыступіць да работы, ён з усіх бакоў вымяркоўваў план, кіруючыся асаблівасцямі месца, абстаноўкі, характарам гаспадароў, іх густам і г.д. Усе ведалі гэтую асаблівасць выдатнага муляра, любілі яго і шанавалі, асабліва дзеці і гаспадыні. Яны ўносілі свае праекты, давалі дарады, а Лапко ўважна слухаў, рабіў свае папраўкі, даваў контпраекты, і ўсё гэта абмяркоўвалася разам, і калі ўжо даходзілі да агульнай згоды, тады толькі прыступаў ён да работы. А дзецям зверх праграмы ён вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі, казельчыкаў, баранчыкаў, парасятак, сабак, а ў апошнія часы шэдэўрам яго мастацтва была вылеплена з гліны фігура пана Пілсудскага з доўгімі вусамі і нагайкаю. Усе, хто пазіраў на гэтую фігуру, проста качаліся са смеху.Чым дасканалей выходзіла работа, тым меншую плату назначаў Лапко. Бывалі выпадкі, калі на гэтым грунце вынікалі самыя прыемнейшыя ў свеце спрэчкі. Проста яго ўпрошвалі набавіць цану, але Лапко не парушаў сваіх прынцыпаў.

— Добра яно вышла, ну і добра. Гэтым самым плата мне падвышаецца, — казаў у такіх разах Лапко.

Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, пабудаваны па праекце Лапко. І вельмі трудна аднесці яго да якой-небудзь пэўнай катэгорыі будынкаў. Гэта быў разам і склеп, дзе хавалася розная агародніна для жывёлы — рэдзька, бручка, буракі, бульба, — і кухня для гатавання стравы свінням і цялятам. Разам з тым Лапко ўмудрыўся выштукаваць тут і цэлы пакой, кватэру для галоўнай свінаркі Таклюсі Галынкі. Калі прыняць тут пад увагу некаторыя акалічнасці, як, скажам, наяўнасць таго факта, што Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзясятка, і той факт, што Таклюся была бяздзетная ўдава і таксама яшчэ жанчына-ягада, то стане зразумелым тое старанне, з якім Лапко змайстраваў гэты будынак і пакойчык для Таклюсі.

Большая часць Лапковага будынку, склеп, знаходзілася ў зямлі. Гэта была прасторная чатырохкантовая яма даўжынёю ў восем метраў і на чатыры метры шырыні. Сцены склепа былі абложаны каменнямі, моцна сцэментаванымі, а дно вымашчана цэглаю. Акуратнае скляпенне, як неба над зямлёю, звісала над ямаю. Зверху скляпенне было прысыпана зямлёю і абложана дзірваном, праўда, цяпер закрытым снегам. У вузейшай частцы, дзе скляпенне падымалася над долам, была зроблена вузенькая, доўгенькая аконная рама ў чатыры шкельцы. Акенца было зроблена так, што яго можна было лёгка вымаць, а пры патрэбе апускаць у спецыяльна зробленую шчыліну.

Калі трэба было складаць у склеп агародніну, то да акенца падʼязджалі фурманкі, акенца апускалася, ставіліся жалабы-латакі, і па гэтых жалабах скочвалася бульба і ўсякая гародніна ў свае адпаведныя сусекі. Каб папасці ў склеп, то трэба было зайсці ў кухню, адтуль вузенькім праходам, дзе, праўда, лёгка маглі размінуцца два чалавекі, спусціцца па ступеньках уніз і адчыніць шчыльныя дзверы, што аддзялялі склеп ад кухні.

— Гэта ўсё — штукарства яго, — паказаў Макрыня

Пракопу на Лапка. — Пабачце, як гэта ўсё спецыяльна зроблена.

— Можна было б зрабіць яшчэ лепей, — скромна заўважыў Лапко, — ды не было так вельмі калі разгортвацца.

Усе трое ўвайшлі ў кухню.

Кухня была прасторная і даволі светлая з цагляным памостам. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі — для награвання вады і для варкі бульбы. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім бляшаным каптуром. Каля сцяны стаяла вялізнае дзервяное карыта з паднятым крыху адным канцом.

У спушчаным канцы карыта была зроблена дзірка, заткнутая спецыяльным шпунтам на манер гарадскіх ваннаў. У карыце прамывалася бульба. А брудная вада сама вылівалася праз дзірку ў дне карыта і сцякала на двор: пад карытам у падлозе Лапко зрабіў зліў.

Пазіраў Пракоп на ўсе гэтыя дасканаласці, ківаў галавою і дзівіўся.

— І людзі ж у вас здольныя!

— Людзі як людзі, ды не было дзе і як праявіцца ім, — казаў задаволены Лапко, паказваючы Пракопу цікавыя рэчы і даючы тлумачэнні.

Але самым цікавым, прынамсі для Лапка, быў тут пакой для Таклюсі, бо яго афармленне найболей займала майстра і ўзяло ад яго, можна сказаць, львіную долю творчага энтузіязму. Таклюся, завязаўшы ў кружок чырвоную хустку канцамі на патыліцу, жывая, хударлявая, секла ў цэбры бульбу. Яна зірнула на Пракопа, а потым на Лапка. Гэты погляд глыбокіх цёмных вачэй казаў Лапку, што яна зразумела яго і нічога не мае супраць таго, каб паказаць дэлегату яе будуар, гаворачы моваю буржуазіі. Лапку ж было трохі няёмка ўводзіць чужога чалавека ў Таклюсін пакой. Але спакуса паказаць сваё майстэрства ўзяла верх над іншымі пачуццямі.

Таклюсін пакойчык быў зусім адгароджаны ад кухні. Адною сцяною яго служыў выступ, куды Лапко прапусціў душнік для награвання пакоя. Гэты выступ шчыльна ўпіраўся ў столь. Ёмкая дзервяная пераборка адгароджвала пакойчык з другога боку кухні. Угары, пасярэдзіне пераборкі, было зроблена акенца. У гэтай жа пераборцы былі і дзверы. Пакойчык быў сухі, цёплы, зусім прасторны для аднаго чалавека. Але затое ж якіх толькі пячурак, ямак, закарвашачкаў не нарабіў тут Лапко. Усё гэта дзеля таго, каб чалавеку сапраўды выгодна было тут размясціцца. І Таклюся ў поўнай меры была задаволена сваім пакойчыкам. А для Лапка гэта было самае галоўнае, бо хто ж гэтак аб ёй паклапоціцца?

 

 

XVI

 

У кухні кіпела дружная работа. Дзве Таклюсіны памочніцы раскладалі корм свінням, абмешвалі — каму чыстаю ячнаю, аўсянаю або грэцкаю мукою, каму промешкаю, а каму і мякінаю — у залежнасці ад свіных катэгорый, і борздзенька адносілі сваім выхаванцам. Выхаванцы ж іх, а было іх тут за трыста штук, падымалі такі гармідар, усё роўна як бы пад імі пачаўся «земляўздрыг», як называюць землятрасенне ў газеце «Савецкая Беларусь». Двое калгаснікаў, прыстаўленых за доглядам рагатай жывёлы, бралі са склепа буракі, каб падмацаваць дойных кароў. Сюды ж схадзіліся дойкі, тут жа парадкавалася малако і адпускалася поўная норма тым калгаснікам, што паздавалі свае каровы ў калгас. Лапко прыглядаўся да работы; як гаспадар, кідаў тут сваё вока, аб сім-тым распытваўся, што трохі здзівіла Пракопа.

Пазіраў Пракоп на гэтую, як называў ён, фабрыку, непасрэдна наглядаючы калгасную работу і знаёмячыся з яе арганізацыяй. Так, ён даведаўся, што калгас вызначыў цэлую групу калгаснікаў, брыгаду па часці абслугоўвання жывёлы, а на чале гэтай брыгады стаяў не хто іншы, як наш муляр Лапко. Такія ж брыгады былі вылучаны і для іншых работ, з якімі меў дачыненне калгас.

«А бадай што так і лепш», — падумаў сам сабе Пракоп і мімавольна на памяць яму ўсплылі словы яго Мікіты: «Тут ты робіш тысячы работ, а там будзеш рабіць адну». Пракоп незаметна ўздыхнуў, але спыніцца на гэтых думках цяпер не было калі: рабочая мітусня, жывое жыццё разбівалі яго думкі. У гэты ж час сюды прыйшоў і старшыня калгаса Максім Шахлевіч.

Ніводнага дня не прапускаў старшыня, калі ён быў дома, каб не абысці свой калгасны абход і асабліва паглядзець, як ідзе справа. Ніколі не мінаў ён у такіх разах гэтай кухні і хлявоў, каб сваім вокам паглядзець на жывёлу і асабліва на коней. Сам ён служыў у кавалерыі, прывык хадзіць за канём і ўмеў хадзіць, і калгасныя коні карысталіся асабліваю ўвагаю старшыні калгаса. Быў у яго тут улюбёны жарабок са спецыяльным прызначэннем множыць конскую пароду. Сяды-тады, каб не даць яму застаяцца, ён сядлаў яго і, як дасканалы кавалерыст, любіў віхрам пранесціся на сваім «Воране». Калгаснікі пазіралі тады на старшыню з захапленнем і гордасцю.

— Хоць карціну пішы, — казалі яны. — Няхай толькі сунуцца паны: пакажуць нашы малойцы па чым фунт сушанага ліха!

Калгаснікі любілі Шахлевіча, Шахлевіч любіў свой калгас. Галава яго была заўсёды поўна ўсякіх новых планаў, праектаў, як паставіць лепей калгас, як палегчыць працу чалавека і мець большы эфект, каб гэтым самым агітаваць за калектывізацыю суседнія вёскі. Сваю адданасць ідэі калектывізацыі ўмеў ён перадаць і сваім калгаснікам. Ён пашыраў і паглыбляў калгасніцкі актыў, уцягваючы яго ў грамадскую работу.

— Добрай раніцы, таварышы! — сказаў ён, увайшоўшы ў кухню, а з дзядзькам Пракопам павітаўся за руку.

— Ну, як падабаецца наша гаспадарка?

— Маёнтак! — у прастаце душы сказаў Пракоп.

— Не зусім ён маёнтак: у маёнтку пан сядзіць, — заўважыў старшыня.

— Розніца тая, што панам тут не пан, а калгаснікі, — паправіўся Пракоп.

— Ну, гэта яшчэ туды-сюды, — згадзіўся старшыня.

— Лепшай гаспадаркі, як у панскім маёнтку, таварыш не бачыў, — закінуў слова за Пракопа Лапко.

— А нашу жывёлу бачылі?

— Не, яшчэ не былі там, — адказаў за Пракопа ізноў Лапко, а потым дзелавіта далажыў: — Ведаеш, брат старшыня, аб чым я ўсё думаю?

— Ну?

— Тут трэба было б нешта прыдумаць з гэтаю вадою.

— А што?

— Да вось бачыш ты: ваду прыходзіцца цягаць у катлы саматугам: і цяжка, і гразь наносіцца, і часу забірае многа.

— Гэта ты праўду кажаш. І сам я аб гэтым думаў. Трубы трэба правесці?

— Так, трубы.

— Памяркуй да прыкінь, як і што. Зложыш свой праект…

— Праект у мяне гатовы.

— Тым лепей. Сёння ж разгледзім і рэзалюцыю наложым.

— Залаты ў вас чалавек Лапко, — заўважыў Пракоп.

— Мы яму прэмію выдамо, — адазваўся старшыня.

— Нашто мне тая прэмія: добра будзе, вось табе і прэмія.

— Не, брат, нідзе ты не дзенешся: прэміруем!

Уся гэтая гутарка адбылася па дарозе ад кухні ў хлявы.

Каля Пракопа, старшыні і Лапка сабралася цэлая грамада калгаснікаў. Было відаць, што яны не саромеліся паказаць чужому чалавеку сваю калгасную гаспадарку. Агляд пачалі са свіней.

Адбылася некаторая змена ў самым слове, якім абазначаліся свіныя хлявы. Свіны хлеў раней называўшыся свінушнікам, і ў гэтым слове гучэла некаторае адценне знявагі, а брудную хату параўноўвалі з свінушнікам. І сама свіння несправядліва была ў занядбанні. Было нават такое недарэчнае запытанне: якая самая няшчасная ў свеце істота? І на яго яшчэ больш недарэчны быў адказ: парася. Чаму? — У яго адна маці да і тая — свіння. Цяпер жа свінушнікаў няма, а ёсць свінарнікі — такі вынік павароту тварам да свінні. Сама свіння падвышана ў сваёй сацыяльнай кваліфікацыі, і яе далікатна называюць «свінаматкаю». І знімаюць з яе фатаграфіі. Адпаведна з гэтаю пашанаю да асобы свінні звернута ўвага і на яе памяшчэнне.

Хлеў, куды ўвайшлі калгаснікі, быў прасторны, чысты, з вокнамі. Дзеравяная пакатая падлога, шырокі праход між загарадак, кармушкі, прыстасаваныя так, каб свінні не залязалі туды з нагамі, — усё гэта сведчыла аб тым, што свінні былі ў найлепшым доглядзе. Свіней, не сёння-заўтра гатовых стаць свінаматкамі, пераводзілі ў аддзельныя загарадкі. У такіх жа загарадках змяшчаліся і свінні з парасятамі. Белыя, чыстыя, гладкія, аблепленыя харошанькімі парасяткамі, яны сапраўды станавілі найцікавейшае відовішча!

— Вось гэта — свінагадоўля дык але! — у шчырым захапленні казаў Пракоп.

І асабліва зварачаў увагу на сябе тут адзін кныр, сурʼёзны, важны, з даўжэразнымі, выгнутымі ікламі. Справядлівасць вымагае змяніць і яго назву — кныр больш адпаведным імем — свінататка. За яго сурʼёзны ваяцкі выгляд і за гэтыя крывыя, загнутыя, як панскія вусы, іклы камсамолец Гаруй даў яму гучнае імя: «Пан Іклінскі», а варожа настроеныя да польскіх фашыстаў калгаснікі называлі яго проста: «Пан Пілсудскі».

 

 

XVII

Увесь гэты дзень, за выключэннем перапынку на снеданне і абед, а снедаў і абедаў Пракоп у той жа сталоўцы, быў прызначан агляду калгаснай гаспадаркі. Аглядаючы гаспадарку, Пракоп забываў сваю самазваную ролю дэлегата і са ўсёю пільнасцю і ўважлівасцю знаёміўся з новымі формамі калгаснай работы, набыткам, маёмасцю і наогул з пастаноўкаю справы ў калгасе. Калі раней была біта яго супроцькалгасніцкая тэорыя, то ў яшчэ большай ступені біла яго цяпер калгасная практыка. І як ні стараўся Пракоп знайсці тут якую-небудзь нядбайнасць, упушчэнне, каб да чаго-небудзь прыдрацца, зачэпкі для гэтай прыдзіркі ён не знаходзіў. Нават той невядомы чалавек, якога бачыў Пракоп раніцою з мяшком на плячах, калгаснік, нёсшы калгаснае дабро, як меркаваў Пракоп, не меў ніякай вагі і не парушаў парадку ў цэлым.

Але ж Пракоп мог і памыліцца. А калі б гэта было і праўда, то гэта даводзіла б толькі, што прыватная ўласнасць падбівае чалавека на злачынства. Былі тут калгаснікі, меўшыя сваіх кароў. Такі калгаснік і можа незаконна тайком карыстацца грамадскім дабром. Пракопу ізноў прыпомніліся словы Мікіты: «Тут ты дрыжыш над сваім канём, каб яго не ўкралі, а там хто яго будзе красці?».

Такія думкі праплывалі ў Пракопавай галаве, калі ён аглядаў калгас, пастаўлены моцна на дзелавую нагу. Яму паказалі насенны фонд, ачышчаны машынаю, буйны і ядраны, важкі, як срэбра.

Апроч насеннага фонду, калгас меў у дастатковай меры хлеба ў зерні для свайго спажывання і для корму жывёлы. Пры гэтым Пракопу далі спраўку, што каля тысячы цэнтнераў зерня было здана дзяржаве праз кааперацыю, расказалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць, у той час калі ў індывідуальнай гаспадарцы ў лепшым выпадку збіралі пудоў сорак-пяцьдзясят. Зямля ж тут не дужа ўраджайная. Чым жа гэта тлумачыцца? Тым, што ў калгасе лепш ўраблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Калгаснікі-плужане і калгаснікі-трактарысты ўступалі ў сацспаборніцтва, пры гэтым не забывалася, што зямлю трэба ўлагодзіць таксама і гноем. Калі гной натуральны, штучны і попел. Калгасная практыка давяла, якое значэнне мае попел для павышэння ўраджайнасці. Вось чаму на попел звернута ўвага ў калгасе.

Пракопа павялі пад шалашок, ізаляваны ад будынкаў. У гэтым шалашку стаялі тры дзеравяныя шчыльна збітыя з дошак скрыні, спецыяльна зробленыя для ссыпання попелу. Пасярэдзіне скрыні зверху была зроблена дзірка з жалезным сітам для прасявання попелу. А каб зручней было выбіраць яго з скрыні, унізе зрабілі другую дзірку, і попел сам высыпаецца з скрынкі. І ўсё гэта прыдумалі і самі зрабілі майстры-калгаснікі.

Для складу машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадачых машын. Тое ж шанаванне калгаснай маёмасці асабліва выяўлялася тут у дбаласці да машын. Усе яны былі пастаўлены і зложаны так, каб не іржавелі і не псаваліся. А трактары, як нейкія высокакваліфікаваныя спецы, займалі самае лепшае месца, прыкрытыя посцілкамі, што яшчэ болей падкрэслівала іх вагу ў сельскай гаспадарцы. Пракоп многа чуў аб трактарах, але ніколі іх не бачыў. Аднак жа гэта не перашкаджала яму разносіць іх на ўсе застаўкі. І вось цяпер, калі ён стыкнуўся нос у нос з трактарам, то ён мімаволі адчуў перад ім некаторы страх, як бы гэта была не проста машына, а нейкая жывая істота, прыйшоўшая спецыяльна для таго, каб зрабіць рэвалюцыю ў гаспадарцы. Калгаснікі навочна паказалі Пракопу, колькі баразён праводзіць трактар за раз, колькі ён можа ўзараць поля і як узараць і расказалі яшчэ, якую наогул можна зрабіць работу трактарам. Калі ён усутыч азнаёміўся з трактарам, то ў яго нават не павярнуўся язык, каб запытаць, ці выгодная гэта машына. Доўга тупаў Пракоп каля трактара, аглядаў яго з усіх бакоў, стукаў па ім кулаком і не ведаў, як прыняць яго: як ворага ці як вернага саюзніка. І ўсё ж такі адышоў ён ад трактара з такім жа пачуццём, з якім адыходзіць пераможны ад свайго пераможцы.

— Ну, што скажаце? — запытаў Пракопа Шахлевіч, калі агляд быў скончаны.

Пракоп трошкі памаўчаў, таўкануў пальцам нос, як бы забараняючы яму затрубіць, паківаў галавою.

— А колькі ўсё гэта каштавала… вам? — Ён хацеў сказаць «дзяржаве», але не адважыўся сказаць так. У Пракопе сядзеў усё яшчэ стары Пракоп, асцярожны, падазроны, недаверлівы. Але, каб змякчыць крыху сваё запытанне, ён зараз жа дадаў:

— У такі калгас, як ваш, я пайшоў бы смела.

— Мы нікому не закрываем дарог у наш калгас, разумеецца, толькі не кулаку ці іншай сволачы, — адказаў старшыня. — Але паколькі ў вас зараджаецца свой калгас, то вы павінны быць там. Новым калгасам лягчэй будзе стаць на ногі: у іх будзе ўжо практыка калгасаў, арганізаваных раней. А таго, колькі калгас каштуе дзяржаве, вы не павінны баяцца: смею вас запэўніць, што наш калгас на сённяшні дзень нічога не вінен дзяржаве.

— Падведзены баланс якраз гаворыць пра тое, што наш калгас дае дзяржаве прыбытак, — заўважыў камсамолец Гаруй.

— Яно і правільна, — гаварыў далей старшыня, — фабрыка, калгас, школа, навуковыя ўстановы, войска — усё гэта адзін суцэльны арганізм пралетарскай дзяржавы, як ногі, рукі, жывот, галава ёсць непадзельныя часці чалавека.

— Такіх бы людзей нам, як вы тут, — паківаў галавою Пракоп.

— Людзі ўсюды ёсць. Адно толькі трэба: жывое жаданне, цвёрдая пераконанасць у перавазе калектыўнай формы гаспадаркі над старой, распыленай, дробнай. А рэшта ўсё… дадасца.

І старшыня энергічна махнуў рукою.

 

 

XVIII

Мінаўся другі дзень Пракопавага прабывання ў калгасе «Хваля рэвалюцыі». Шмат новага, цікавага для свайго разважання пабачыў ён тут, але далёка не ўсё яшчэ было ім агледжана, каб мець болей закончаны малюнак таго, як і чым жывуць калгаснікі, што яны робяць дома, скончыўшы калгасніцкую работу. Да гэтага часу ён меў дачыненне пераважна з адміністрацыяй калгаса, з людзьмі афіцыяльнымі. Тым жа часам некаторыя пытанні яго, узнікшыя ў ім раніцою, калі ён ляжаў яшчэ ў пасцелі, асталіся для яго не зусім ясныя. Вось чаму ў яго радзілася думка распытаць людзей збоку, паслухаць, што яны гавораць аб гэтым калгасе, як глядзяць на яго. Але яму зноў успомніўся Мікіта і яго перасцярогі — не надта слухаць такіх людзей, як Чыкілевіч, кулакоў: яны наогул ворагі калгаса. Але чаму ж не паслухаць, што гавораць і ворагі? Пракопа ж таксама лічуць ворагам калгаса? А хіба ён вораг? Пракоп трохі падумаў. Не — ён проста хоча ведаць праўду! Ды нарэшце ж можна слухаць усялякія гутаркі, але трэба мець і свой розум.

Бліжэйшаю сядзібаю, дзе можна было пагаварыць аб калгасе з пастароннімі людзьмі, быў пасёлак Высокі Дол. Тут жылі тыя заможнікі, што выселіліся з Клінкоў. Праўда, значная частка іх зямлі была прырэзана да калгаса, і цяпер яны трохі заняпалі. Некаторыя з іх за сваё шкодніцтва — яны востра агітавалі супраць калектывізацыі — былі высланы адгэтуль. Рэшта прысмірэла, пападжымала хвасты і сядзела ціха, спотайку сыкаючы на калгас, і то азіраючыся і прыслухоўваючыся, каб не чула няпэўнае вуха. Яны нічога не мелі цяпер супраць таго, каб іх прынялі ў калгас і нават заявы падавалі. Але калгас адмовіў ім наадрэз. Кулацкая заўзятасць іх звяла, і жылі яны ў трывозе, чакаючы з дня на дзень свае страшнае часіны: суцэльнай калектывізацыі.

У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што рассыпаецца жонка ў жніва. Бабура на скорую руку залажыў дзірку зверху печы куском іржавай бляхі і прымазаў глінаю, каб хоць дым не валіў на хату, а сам тайком пабег да Лапка.

Лапко і Бабура — старыя дружакі. Бабура таксама батрацкага роду. Рэвалюцыя паставіла яго на ногі. Яму далі зямлі. Ён завёў гаспадарку. Абжыўся трохі, моцна трымаючыся за зямлю. А потым пацягнуўся за заможнікамі і выбраўся з Клінкоў на Высокі Дол, і яго батрацкая прырода перарабілася ў кулацкую. Лапко шчыра шкадаваў яго, асабліва цяпер, калі дарога ў калгас была ўжо яму зачынена. Хоць яны і апынуліся на розных баках барыкад і паміж імі стаяла класавая рознасць, яны і цяпер, хоць і рэдка, сустракаліся, як прыяцелі. Гэтую прыязнь Лапка да Бабуры жывіла яшчэ адна акалічнасць. Таклюся Галынка была сястра Цімохава. І апроч усяго Лапко наогул быў чалавек лагодны, адзыўлівы на чужое гора.

Аб сваім жаданні пабываць на пасёлку паведаміў Пракоп Лапка, як чалавека, якому можна даверыцца. Лапко памеркаваў, падумаў. Сказаць праўду, ён трохі пабойваўся адкрыта хадзіць на пасёлак, але ён абяцаў Цімоху сёння вечарам зайсці да яго. Баяўся ж Лапко самакрытыкі: што гэта за сувязь калгасніка, да яшчэ брыгадзіра, з кулацкім пасёлкам? Пракоп жа мог паслужыць яму ў некаторай ступені шчытом ад самакрытыкі.

— А чаго ж вы хочаце пайсці туды? — запытаўся Лапко.

— Да проста так — хачу паглядзець і на некалгаснікаў, — ухілліва адказаў Пракоп.

— Ну, то калі хочаце, пойдзем разам, — запрапанаваў свае паслугі Лапко, — толькі ж пойдзем, як сцямнее, каб не надта бачылі тут… Ну, ведаеце, мала там што…

Яны зразумелі адзін аднаго і больш аб гэтым нічога не гаварылі, а вечарам, як добра змерклася, Лапко захваціў у мяшочак сваю мулярскую лапатку і малаток і ціхенька рушылі на пасёлак.

Праз паўгадзіны яны былі на пасёлку. Цімохава сядзіба стаяла на горцы каля кудзеркі, невялічкага кучаравага сасонніку. Непадалёку сям-там свяціліся агеньчыкі ў вокнах другіх пасялкоўцаў. Кудлаты сабака сустрэў іх злосным брэхам. Сам гаспадар выйшаў ім на спатканне і вельмі ветла паздароўкаўся з Лапком. Увайшлі ў цёмныя сенечкі. Цімох шырока расчыніў дзверы ў хату.

— Заходзьце ж, калі ласка.

— А гэта наш калгасны госць, — адрэкамендаваў Лапко Пракопа, калі яны ўсе трое ўвайшлі ў хату.

Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд, смалістага, здаровага. Адным словам, хата была гаспадарская, разлічаная на доўгі век. Трэцюю часць яе займала кухня, агароджаная ад чыстай палавіны тоўстымі дошкамі. У кухні і была тая печ, у якой завалілася чарано. На шчасце, гэтую печ рабіў не Лапко, а нейкі другі муляр. Побач з кухоннаю печчу стаяла ляжанка, дзе ўжо трэці дзень гатавала страву гаспадыня, хоць для такой ролі ляжанка і не была дастасавана.

Цімох павёў гасцей у чыстую палавіну, дзе іх сустрэла гаспадыня і дачка Анэта, дзяўчына гадоў васямнаццаці. Анэта была адна дачка ў бацькоў. Сыноў жа было чатыры. Самаму меншаму з іх было дзесяць гадоў.

— Ты, Анэтка, будзеш калгасніца! — сказаў мнагазначна, хоць з адценнем жартлівасці, Лапко. Анэта трохі замяшалася і пачырванела: яна дагадалася, што дзядзька Лапко пранік у яе сардэчную тайну. Справа ў тым, што Анэта моцна кранула камсамольскае сэрца з калгаса «Хваля рэвалюцыі», сэрца камсамольца з чубам, бухгалтара Гаруя. Сваё каханне Гаруй утойваў ад калгаснікаў і ад сваіх таварышаў, бо яно магло звярнуць на дарогу правага апартунізму. Анэтка, як і ўсякі забаронены плод, яшчэ больш распальвала Гаруева сэрца. А была яна дзяўчына, як кажуць, грэху вартая.

— Не прымуць мяне ў калгас у ваш, да я і сама не пайшла б туды адна.

Лапко толькі хітра падмігнуў ёй і стаў адзявацца ў мулярскую спецадзежу, каб не зводзіць дарма часу. Гліна і цэгла была ўжо загадзя прыгатавана, і Лапко зараз жа зачыркаў сваім малатком і мулярскаю лапаткаю.

 

XIX

Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык. Бяда толькі ў тым, што ён зрабіў гэту прыкрую памылку, выселіўшыся з Клінкоў разам з заможнікамі на гэты Высокі Дол. І чаго панесла яго нялёгкая з гэтай кампаніяй, яго, меўшага пачэснае званне батрака ў мінулым, а потым маламоцнага серадняка? Але ж слова з песні не выкінеш. На Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні, меўшыя ўжо адзнакі кулацкага карэння. Яшчэ два гады таму назад у яго быў парабак. Было ў яго тады чатыры каровы і пара коней ды авец штук восем і шасцёра свіней. І як на грэх, гаспадарка яму ручыла. Але гэта каянне прыйшло пазней, калі ў паветры запахла рэвалюцыяй сельскай гаспадаркі, калі была выкрыта да канца сацыяльная існасць кулацтва і азначаны яго лёсы. Вось гэты страх ліквідацыі кулацтва і прымусіў Цімоха перамяніць тактыку. Патрошку ён стаў згортвацца, як бульбяное лісце перад заходам сонца, і ў той жа час, ацаніўшы палітычную сітуацыю, ён зрабіўся энтузіястам і з энтузіязмам выпаўняў усякія развёрсткі, налогі і абкладанні. Яму трэба было звярнуць на сябе ўвагу, як на чалавека, цалкам адданага савецкай уладзе, і давесці, што кулацкасць яго — проста непаразуменне адно, што ён быў і ёсць батрак па сваёй прыродзе. Калі арганізоўваўся калгас «Хваля рэвалюцыі», а ў кулакоў пачалі забіраць машыны, Цімох сам павёз туды жняярку, праклінаючы калгас і жадаючы яму тысячу разоў праваліцца скрозь зямлю.

— Таварышы, браткі! Вось мой падарунак. Разжывайцеся з мае лёгкае рукі. Маё сэрца цалкам ляжыць у вашым калгасе. Але між намі, таварышы, — прорва: я — пасялковец, — маю такое няшчасце, — вы, браткі, маеце права не паверыць маёй шчырасці. Але той, хто чытае ў людскім сэрцы, сказаў бы вам праўду пра мяне.

Прамова яго была гарачая, сам прамоўца расчуліўся, і сляза вось-вось гатова была скаціцца з яго вострых і хітрых вачэй. Гэта прамова кранула некаторых калгаснікаў. Старшыня ж калгаса толькі пасміхнуўся, але пахваліў Цімохаву грамадскую свядомасць і падзякаваў за падарунак. Ды Цімох закінуў зерне сумнення і ў мыслі старшыні, як бы ў пакаранне за тую ўсмешку недаверʼя з боку Максіма Шахлевіча, што не схавалася ад вострых Цімохавых вачэй. Пад вялікім сакрэтам і шэпатам вялікай таямніцы сказаў ён Максіму ставіць на ноч варту ў калгасе: пасялкоўцы замышляюць супроць яго ліхія замахі. Праўда гэта была ці не, асталося невядомым, але варта была пастаўлена, і аб гэтым стала вядома па пасёлку.

Так была наладжана сувязь з калгасам, і гэтай сувязі ён стараўся не губляць, наадварот, ён яшчэ болей замацоўваў яе, заваёўваючы даверʼе к сабе з боку асобных калгаснікаў. Вялікім козырам была цяпер у Цімохавых руках яго Анэтка. Асцярожны і прадбачлівы бацька не спускаў яе з свайго вока. Яму гарліва памагала ў гэтым і маці. Уся бацькаўская энергія іх была накіравана на тое, каб ніякага пераходу дзявочых граніц не было да таго часу, покі яны не запішуцца законным парадкам, не выпускаць з рук камсамольца-калгасніка. Анэтка павінна памятаць, што на яе ўскладаецца важная місія — быць аховаю сямʼі і гэтага хутарка. А гэты хутарок быў так дораг Цімоху, асабліва цяпер, калі становішча яго, як кулака, няпэўнае, невыразнае, цёмнае і страшнае. На чорны выпадак Цімох стараўся працерабіць сабе дарогу ў калгас.

Лапко залез у печ і ўзяўся за работу. Цесна было і непаваротна. Прыслужліва памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну, цэглу.

— Цесна там вам, дзядзька, і непаваротна! — шчыра спачувала яна муляру, устрасаючы стрыжанымі цёмнымі валасамі, адкідваючы іх са лба. Алег, яе меншы брат, стаяў і назіраў.

— Нічога, Анэтка, нічога, — як шэршань у дупле, бубніў у печы Лапко, — мы яе сейміга да ладу давядзём.

— Ты, брат, не вельмі ўжо старайся там: залажы трохі з большага, абы да вясны дастаяла, — сказаў Цімох, ведаючы, што Лапко ўсё роўна зробіць акуратна.

— Дзве пяцігодкі прастаіць,— азваўся з печы Лапко, закладаючы цэглу.

Покі Лапко завіхаўся ў печы, Пракоп і гаспадар сядзелі ў святліцы і гутарылі. Гаспадыня тым часам клала ў ляжанку сухія, тонкія паленцы, а бразгат скаварады сведчыў аб тым, што будзе пачастунак.

— Дык вы, значыцца, калгас глядзелі?

Уступная перад гэтым гутарка была прысвечана Пракопавай асобе: адкуль ён і хто?

— Да вось цікава паглядзець, як будуецца калгас і як тут жывуць людзі.

— О, калгас пастаўлены за разлюлі маліну! — энтузіязіста выгукнуў Цімох. — Цяпер і сляпыя бачаць, што калгас ёсць вышэйшая форма гаспадаркі. Іначай і быць не можа.

Пракоп трохі панурыўся.

— Нічога не скажаш супраць: гаспадарка іх — дзівіцца трэба. А ўсё ж такі скажу вам… ну, тут як бы нешта людзі згубілі.

Вострымі вачыма мацнуў Цімох Пракопа. Відаць, на балючае месца наступіў яму госць. Але ён не паддаўся першаму парыву. Зарагатаў і сказаў сурʼёзна:

— Яны нічога не згубілі, мілы чалавек! А калі што і згубілі, дык гэта сваю галечу. Бедныя былі ў нас людзі, па зарабатках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. І сам я быў такі і вельмі шкадую, што не астаўся такім: і я быў бы ў гэтым калгасе.

А ў затоеных мыслях сваіх Цімох гаварыў: «І праўда, што яны нічога не згубілі. З аднаго батрацкага стану перайшлі ў другі, у лепшы. Але як былі батракі, дык батракамі і засталіся. А мяне ў калгас па добрай волі і на вяроўцы не зацягнулі б».

Пракопу ж уголас казаў далей:

— Губляе ў калгасе заможнік, кулак…

— Ну, а вам цяпер не можна ў калгас? — пацікавіўся Пракоп.

Цімох невыразна махнуў рукою.

— Яно б можа, калі б то ў часе зрабіў захады, і папаў бы. А цяпер…трудна. Заможнік, бычыце, кулак. А які кулак? Што парабка некалі трымаў? Дык і сам жа я парабкам быў. Адно другім пакрываецца. Уся мая бяда ў тым, што выселіўся на гэты пасёлак… Ды каб жа чалавек ведаў, дзе ён паваліцца, дык там саломкі падаслаў бы… Мяркуеш, як лепей, ды не заўсёды яно на дабро выходзіць.

— Вось вы тут блізка жывеце, і вам лепей відаць: ці здаволены яны жыццём у калгасе? — рубам паставіў пытанне Пракоп.

— А чаго ім, скажыце, больш трэба? Жывуць у цёплых, чыстых кватэрах. Працуюць у два, у тры разы меней за тых, хто вядзе сваю гаспадарку. Ядуць на поўны пуп, чыста ходзяць, клопатаў не маюць, кожны ведае адно якое-небудзь дзела. Дзеці іх у доглядзе — маюць свой дзіцячы сад. Вечары ладзяць, прадстаўленні, музыку ды яшчэ і ў лазні могуць мыцца. Ну, чым жа не жыццё?

— Але ўсё ж яны там… ну, як вам сказаць? Сабою і сваім часам не могуць распараджацца, як хочуць.

Пракоп успомніў, з якою перасцярогаю ішоў з ім сюды Лапко, ды аб гэтым не сказаў нічога.

У затоеных сваіх мыслях Цімох гаварыў:

«У тым-та і бяда, што ў калгасе такім гаспадаром, як на сваім хутары, ты не будзеш і сваім адумам нічога зрабіць не здолееш. І працаю, здабыткам яе, па-свойму не пакруціш».

Пракопу ж ён праконана тлумачыў:

— Ну, гэта байкі адны! Дзе можна знайсці такога вольнага чалавека, як вы думаеце? На сваёй гаспадарцы ты вольны? Да ты сам сабе тысячу раз тут нявольнік. Нявольнік свае зямлі, свае працы, свае скаціны, сваіх абавязкаў перад дзяцьмі, перад людзьмі. Дрыжыш за кожную дробязь, за кожную няўдачу… Калі добра паглядзець, дык няхай яно калом пойдзе. А ў калгасе адбарабаніў сваё, і ты вольны казак.

А ў заключэнне сваіх слоў Цімох у мыслях дадаў: «Чорт жа цябе ведае, што ты за чалавек і як лепш з табою гаварыць!».

— Як відаць, ўсё, што робіцца на свеце, ідзе к лепшаму, — глыбакадумна заўважыў Пракоп, дзівячыся, чаму такога чалавека, як Цімох Бабура, не прымаюць у калгас.

Лапко паправіў печ, акуратна замазаў яе зверху і, калі ўжо ўся работа была скончана, жартам напалохаў Анэтку, намерыўшыся замазанымі глінаю рукамі ўзяць яе за шчокі.

— Ой, дзядзька! — са смехам і піскам адскачыла яна ад Лапка, а потым палівала яму ваду на рукі. А гаспадыня накрывала стол.

 

 

XX

Перш чым сесці за стол, Цімох выйшаў на двор і пазачыняў аканіцы. З двара завярнуў у варывеньку, дзе хаваўся розны гаспадарскі скарб. Тут жа стаяў і шафік, а ў шафіку пра запас вадзілася гарэлка. Таксама ў варывеньцы віселі цяпер і абразы, бо дзяржаць іх у хаце было нязручна. У мінуты рэлігійнага настрою Цімох заходзіў сюды памаліцца Богу, памятаючы словы яго сына: «Ты, калі молішся Богу, вайдзі ў клець тваю і зачыні за сабою дзверы: няхай малітва твая будзе патайною». Дужа трапна казаў колісь Сын Божы! У цемнаце падняў Цімох вочы ўгору, дзе віселі абразы, уздыхнуў, памаліўся каротка, але горача: «Захавай, Божа, мне хутар». А потым намацаў кручок на шафіку, адчыніў, пашоргаў рукою па бутэльках і выцягнуў важкую пляшку літраў на паўтары, сунуў за пазуху і накіраваўся ў хату.

Пах скварак і кілбасы так спакусліва разліваўся па хаце, што кожны, хто быў тут, мусіў актыўнейшым чынам адгукнуцца на гэта сваім носам. А Пракопаў нос вывеў такія трэлі, якіх не выводзіў яшчэ ні разу.

Круглая, агромная, у меру глыбокая патэльня, напалавіну занятая цёмна-ружовым распушчаным салам, дзе плавалі скваркі, як крыгі ў разводдзе, і нерухома ляжала скручаная ў дзве столкі кілбаса, якою можна было б падперазаць самага тоўстага чалавека, заняла цэнтральнае месца на стале. Анэтка прынесла міску квашанай капусты, Цімох паставіў бутлю. Госці гарэлі ад нецярпення, але сядзелі паважна, нічым не выказваючы свайго прагавітага жадання кінуцца ў наступленне на гэтым фронце.

Першым выпіў Цімох, гаспадыня, яшчэ малажавая, чарнабровая, у меру тоўстая і меру высокая жанчына, уступіла яму сваё права. Першая чарка была выпіта за Лапка, за яго работу, здольнасці, за брыгадзірства і за добрае сэрца.

— Карацей, карацей, — саромеўся трохі Лапко, — кілбаса стыне!

Сваю чарку ён перадаў гаспадыні. Гаспадыня з далікатнасці зноў адмаўлялася, але Лапко катэгарычна заявіў, што ён выпʼе толькі пасля гаспадыні, матывуючы гэта тым, што ён хоча ведаць яе мыслі. А калі потым ён выпіў і сам, то ад здавальнення моцна крэкнуў: гарэлка, наліўка на вішні, была дужа добрая, і жартліва сказаў Цімоху:

— Ты павінен жыць тут, покі я не памру ў калгасе!

— То дай Божа Лапку жыць у калгасе сто гадоў! — умеў сказаць дарэчы і Пракоп.

— Дай Божа! — пацвердзілі Цімох, гаспадыня і Анэта.

На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Адна толькі гаспадыня разрывалася на часці, частуючы гасцей.

Госці церабілі кілбасу з капустаю. А кілбаса была сакоўная, крохкая, і калі адкусіш кусок, то яе кавалачкі выпіраліся самі з свае няволі, расквечваліся, як бутон ружы. Пракоп са смакам пытляваў кілбасу, зацярушваючы бараду капустаю, а малы Алег заўважыў, як калыхалася па сцяне цень ад яго барады, і моўчкі сам сабе пасміхаўся, пазіраючы то на Пракопаву бараду, то на яе рухлівую цень на сцяне.

— Ну, кілбаса ж у цябе, Алена: проста сама ў роце растае! — у захапленні хваліў Лапко кілбасу, а тым самым і гаспадыню.

— Гэта мы з Анэткаю рабілі, — перадала здаволеная маці частку пахвалы дачцэ.

— З Анэткаю? — Лапко паглядзеў на дзяўчыну, паківаў галавою.

— Не, нічога не будзе: забяру, мусібыць, я цябе ў калгас, Анэтка!

Анэтка, выпіўшы чарку наліўкі, сядзела з паружавелымі шчокамі, жывая, вясёлая, шчабятлівая. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй.

— Няма мне дарогі ў ваш калгас! — нібыта з засмучэннем адказала Анэтка.

— Нойдзем! — рашуча заявіў Лапко. — Я сам запішуся ў камсамольцы, а цябе вазьму… Эх!.. Ну, і чаму я не камсамолец?.. А кілбасы смачныя!

— От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох.

— Няма! — тужліва згадзіўся Лапко, а потым дадаў: — Ну, калі б хто ўжо захацеў, то нарабіў бы сабе трохі кілбас. Не кажу такіх смачных, а наогул.

— Ды там жа ў вас і распараджэнне ёсць — злупліваць скуры з свіней, — гнуў сваё Цімох.

— Ёсць!

Лапко высока падняў галаву.

— А ты ведаеш, — сказаў ён, — што пяцьсот свіных скур даюць калгасу адзін трактар?

— Трактар? за пяцьсот свіных скур? — здзівіўся Цімох.

— Так, адзін трактар! — з відам пераможцы пацвердзіў Лапко.

Не ўцярпеў тут і Пракоп.

— А! вось табе і свіная скура! Дык колькі ж мы сваёю вёскаю за свой век трактароў паелі! Божа, твая воля, што робіцца на свеце!

Пракоп апусціў галаву і задумаўся. Ён нават не чуў, што сказаў Цімох на яго заўвагу. А Цімох сказаў:

— А калі прыняць пад увагу, што мы елі і мяса і сала разам з скураю, то мы праелі не толькі трактары, а цэлыя трактарныя заводы разам з трактарамі.

— Ты гаворыш праўду, хоць гаворыш, як класавы вораг. І не гавары ты гэтак, каб я не ўзлаваўся. Шчасце тваё, што я выпіўшы!.. Эх… Дзе мая злосць, каб яе агонь спаліў?!

Лапко пакруціў галавою.

— Ануча я, а не чалавек!

— О, каб гэтакі былі ўсе людзі, як дзядзька! — са спачуваннем сказала яму Анэтка.

— Не, Анэтка: не хвалі ты мяне, няма ў мяне класавай нянавісці да Цімоха. Ад гэтага я і пакутую на свеце.

Гарэлка зашаламіла галовы. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Наўперад яму стала так добра, добра, як, здаецца, ніколі яшчэ ў жыцці. І людзі і ўсё на свеце паказалася яму такім добрым і мілым. Цэлыя кавалкі жыцця, зʼявы, малюнкі праходзілі перад яго вачамі. Ён моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Стараўся слухаць, што гавораць каля яго, сам устаўляў сваё слова, але мыслі яго былі дзесь далёка. А потым зрабілася яму журботна. Проста хацелася плакаць і расказаць людзям пра сваё жыццё, пра сваё гора і самадурства, і калі Лапко казаў, што пакутуе на свеце, Пракопа прарвала. Ён чмыхнуў носам так, што спалохаў Алега і непаслухмяным языком пачаў.

— Лапко, таварыш Лапко! Адзін ты спадабаўся мне ў калгасе, як… ну, не ведаю хто… Пакутуеш? А я не пакутую? — голас Пракопаў абарваўся.

— Вы ж думаеце я — дэлегат? Які я ў чорт дэлегат? Дармаед я, брадзяга!.. Сам сябе выгнаў з свае хаты, з свае гаспадаркі. На сваю старую, на свайго Мікітку насварыўся, кіем на іх махаў, бо яны ў калгас цягнулі мяне, а я не хацеў, збаяўся калгаса. І вось я ім сказаў: ідзіце ў калгас без мяне, а сам я ў свет пацягнуся, работы і праўды шукаць… Цягаюся, не мілы сам сабе.

Дзе ж мне дзецца?

Пракоп закрыў далонямі вочы і заплакаў, унёсшы замяшанне ў вясёлую бяседу.

— Ды аб чым жа тут нудзіцца і гараваць? — запытаў Лапко. — Вот галава! Вярніся дамоў ды ў калгас валяй!

— Вярнуся, браток! — весялей загаманіў Пракоп. — Успомню, што ў калгасе ёсць такія людзі, як ты, і мне будзе весела, і ахвота знойдзецца ў калгасе працаваць.

Пракоп абняў Лапка, і сталі яны цалавацца.

А гаспадыня сказала:

— Ну, вось і добра! Павесялеў чалавек і добра.

— Будзем старацца брыгадзірам цябе зрабіць у калгасе, — паддаваў Пракопу ахвоты Лапко.

Як добрыя прыяцелі варочаліся яны з хутара.

 

 

XXI

Раўналежна і адначасова адбываліся падзеі і ў Затонні, адкуль і зачалася ўся гэтая гісторыя.

Нельга сказаць, каб Пракопаў учынак паспрыяў калгаснаму руху ў Затонні. Калі назаўтра даведаліся затонцы аб тым, што Пракоп сышоў з дому немаведама куды, абы толькі не быць у калгасе, то найболей хісткія людзі, што пазапісваліся ў калгас, захісталіся яшчэ мацней. Большая палавіна іх заходзіла ў аўдавеўшую цяпер Пракопаву хату, каб даведацца з першых крыніц аб падробнасцях і матывах яго прочак. Яны спачувалі Пракопу, дзівіліся той упартасці, якую выявіў ён у сваім нежаданні ісці ў калгас, і для большасці з іх Пракопава постаць вырысоўвалася як постаць героя і калгаснага мучальніка. Дзе ж гэта відана, каб пражыўшы ўсё жыццё на зямлі чалавек, не шалагон, а чалавек сталы, працавік, руплівы гаспадар, раптам кінуў свой дом, сваю сямʼю, увесь набытак і павалокся ў свет? Такога здарэння ніхто не памятае! І людзі моцна задумаліся над гэтым.

Многа было гутарак аб Пракопе. Разважаючы аб ім і дзелячыся гэтаю незвычайнаю навіною, часамі і пасміхаліся людзі, але гэта не быў вясёлы, жартлівы смех — гэта быў смех жалю, няпэўнасці і сумнення. Трэслі галовамі, паціскалі плячыма, і непрыемнае ўнутранае пачуццё халадком павявала на сэрца. Ва ўсякім разе знак гэта нядобры: не ўспелі яшчэ і прыступіць да афармлення калгаса, а ўжо чалавек выбыў з грамады, заявіўшы гэтым свой пратэст. І невядома, куды ён пайшоў і што ён замысліў. Некаторыя найбольш уражлівыя затонцы ўпотайку прыглядаліся, ці не ляжыць дзе Пракопаў труп. Словам, настрой быў панылы. Нават той «энтузіязм», з якога група затонцаў на чале з Марынічам і Нічыпаруком, першым падпісаўшым сваёю лёгкаю рукою пратакол аб пераходзе ў калектыўную гаспадарку, ужо гатова была рынуцца на заможнікаў кулакоў, нават гэты энтузіязм апаў, развеяўся, як дымок, выпушчаны ў паветра з Марынічавай піпкі.

Чыкілевіч раней за ўсіх адчуў подыхі небяспекі. Але Чыкілевіч быў чалавек прадбачлівы. Хоць у яго і былі некаторыя надзеі, што калектывізацыя не адбудзецца або пойдзе нейк іншым шляхам, ён тым не меней на ўсякі выпадак прымаў свае меры. Яшчэ з восені выкапаў ён патайны паграбок у сваёй клуні і ў гэтым паграбку хаваў кубел сала, дзве кадушачкі крупы і іншы свой скарб. Быў у яго добры япрук, і ён закалоў яго нядаўна. Каб людзі не ведалі аб гэтым, Чыкілевіч не смаліў яго звычайным спосабам, саломаю: агонь і дым прыцягнулі б людскую ўвагу. Каб унікнуць гэтага, Чыкілевіч асмаліў япрука ў пограбе жароўняю, для чаго напаліў добрых бярозавых вуглёў. Вынікі гэтай аперацыі пераканалі Чыкілевіча ў тым, што новы спосаб ніколечкі не горшы за стары, а пры сучасных умовах проста дасканалы. Разам з гэтым ён зніжаў і якасць свае жывёлы: выменьваў яе на горшую, беручы добрыя прыдаткі, рабіў з ёю розныя камбінацыі, але рабіў ціха, гладка, незаметна. Гаспадарскія ж машыны прыводзіў у такі стан, каб у калгасе яны баставалі, але калі б яны засталіся ў яго, то працавалі б належным парадкам пасля некаторых рамонтаў, з якімі б лёгка справіўся іх сапраўдны гаспадар, гэта значыць ён, Чыкілевіч. Ціхае шкодніцтва кіравала яго мыслямі і паступкамі.

Хоць сам Чыкілевіч на сходзе і не быў, але там былі яго вушы: кожны разумны чалавек павінен мець некалькі пар вушэй. Ён таксама доўга не спаў у гэту ноч, разважаў над тым, у якой меры закране яго калектывізацыя, што возьмуць у яго ў першую чаргу, што потым і што нарэшце станецца з ім самім. Не было ніякага сумнення: яго раскулачаць, раскулачаць зараз жа. Тэарэтычнае разважанне асноўвалася на вядомых Чыкілевічу выпадках. Бяссільны перашкодзіць такому «гвалту», ён увесь тросся ад злосці і думаў, як папомсціцца за гэту няпраўду і несправядівасць на свеце. У гарачай галаве яго мітусіліся самыя страшныя планы, чым меней ажыццёўныя, тым больш фантастычныя. Ён думаў аб розных бяздонных правалах зямлі, дзе калгасы асталююцца, аб заразе, якою б можна было спустошыць усю скаціну ў калгасе, аб пошасці для тых трутняў, што пагоняцца на яго добро, аб забойствах, падпалах і іншых жахлівых рэчах.

Раніцою даведаўся ён, што яго ўжо збіраюцца раскулачваць. Яго вушы ў Затонні мелі і свае языкі. У хваляванні, у трывозе чакаў ён неўнікнёнага налёту на сваю гаспадарку. Прайшло некалькі вострых мінут напружанага чакання. Але яму становіцца вядома і аб тым, што Пракоп сышоў з дому і чаму сышоў. Яму расказалі, якое замяшанне выклікаў Пракопаў учынак паміж наваяўленых калгаснікаў.

«Дай табе Божа здароўя, Пракопе!»

Лягчэй уздыхнуў Чыкілевіч і чуць не заплакаў ад радасці, гаруючы па Пракопе: калі Пракоп і не зусім выратаваў яго, то час раскулачвання ўсё ж быў адтэрмінован. Сядзець аднаму на хутары стала неўцярпеж. У яго зʼявілася думка выкарыстаць гэты выпадак. Апранае бравэрку, насоўвае лісіную шапку, напускае на сябе від засмучонага чалавека, ідзе на вуліцу, дзе густа снуюць патрывожаныя затонцы.

У невялікай групцы сялян стаіць і Марыніч як ні ў чым не бывала і глыбакадумна пыхкае піпкаю. Вострым і калючым поглядам акінуў яго Чыкілевіч. Марыніч не заўважвае гэтага погляду і сам даволі прыязна глядзіць на Чыкілевіча. «Сволач ты, сволач!» — каротка атэстуе ў мыслях Чыкілевіч Марыніча, а ўголас гаворыць лагодна:

— Дзень добры, мужчыны!

Некалькі хвілін Чыкілевіч стаіць моўчкі, слухае, што людзі гавораць. А гаворка ўсё каля Пракопа верціцца. Нарэшце, улучыўшы зручны момант, выступае Чыкілевіч.

— Дзівак, скажу я вам!

Чыкілевіч тут чалавек свежы, яго слухаюць уважна.

— Проста сказаць — несвядомы чалавек, калгаса збаяўся! Гаварыў з ім учора. Упёрся — не хачу ў калгас! Я і так і гэтак, а ён — хоць ты яму грудзі пары, з месца не зрушыш. «Ось, — кажа, — новую паншчыну робяць, у няволю заганяюць людзей». І пайшоў, і пайшоў. «Які ж ты, кажа, гаспадар у калгасе? Дзе ты прыложыш тут свой розум, свой адум? А на сваёй гаспадарцы, кажа, які ты ні быў гаспадар, але гаспадар, сам сабе галава, сам сабе загадчык і камандзір. Хачу раблю, хачу адпачываю. А ў калгасе я што? Парабак — не парабак, батрак — не батрак, а волі свае не маю». Ну што ты скажаш такому цёмнаму чалавеку?

Чыкілевіч уваходзіць у Пракопаву ролю і пад Пракопавым сцягам бʼе па калгасе.

 

 

XXII

Мікіта падняўся з пасцелі раней, як звычайна. Першы раз у жыцці апанаваў хлопца гаспадарскі клопат. А клопату нарабіў яму бацька нямала. Тое ж адчуванне невыразнасці і няпэўнасці Пракопавага лёсу цяжкім гнётам ляжала на Мікітавым сэрцы. Нахмураны і задумлёны выйшаў Мікіта з хаты.

З чаго ж тут пачаць?

Першым дзелам пайшоў у клуню — трэба накарміць жывёлу. Гаспадарскім вокам зірнуў на сена, на салому, на прыпасы корму, пастаяў разважліва, залажыўшы адну руку за пазуху кажушка.

«Корму павінна хваціць, калі яго расходваць эканомна», — сам сабе падумаў Мікіта і тут жа стаў прыкідаць у розуме, як чалавек сталы, на чым можна зрабіць эканомію, як больш рацыянальна ўжываць корм. Бацька больш налягаў на трасянку. Шмат корму трацілася дарма, ішло проста пад ногі, у гной. Мікіта тут жа рашыў абмежаваць дачу трасянкі, перайсці больш на сечку, на паранку. Калі Мікіта запыніў свае мыслі на паранцы, ён прыйшоў да вываду, што паранка — гэта і ёсць той своеасаблівы від сіласу, аб якім так многа цяпер гавораць. Загатаваць сапраўднага сіласу бацька і не думаў, хоць пастараўшыся і мог бы зрабіць невялікі запас. Ну, але што ты зробіш, калі чалавек акасцянеў у сваім развіцці і ў поглядах на жыццё, на гаспадарку?

Гэтыя меркаванні засланілі сабою на некаторы час мыслі аб калектывізацыі і адсунулі на задні план і самога бацьку.

У Мікіце пачала абуджацца патроху ўласніцкая натура, гадаваная на працягу такога доўгага часу. У яго борзда складаўся план гаспадарскіх работ на бліжэйшы час, але гэты дзень яшчэ прыдзецца ахвяраваць заведзенаму бацькам парадку, прасцей сказаць — натрэсці трасянкі.

Наскуб сена, асакі з лугу, дадаў шапкі са дзве мурогу, каб хоць на першы раз не крыўдавала скаціна на новага гаспадара, палажыў трохі грэцкай, трохі аўсянай і трохі ячнай саломы, усё гэта старанна ператрос вілкамі і тады ўжо панёс карове і цялушцы, пільна сочучы, каб не церушыўся корм.

Корм быў загатаваны добра, карова і цялушка адразу кінуліся есці, што вельмі ўсцешыла Мікіту, і ён адчуў вялікую прыязнь да жывёлы, пагладзіў карову і цялушку. Можа б ён даўжэй палашчыў іх, але рахманы конь лагодна загагокаў яму, напамінаючы аб тым, што ён таксама чаго-небудзь ды варты ў гаспадарцы. Мікіта вярнуўся ў клуню — трэба ж даць і каню. Конь такая жывёла, што без яды аставацца не любіць. Каню Мікіта прынёс аднаго мурогу, прычым заўважыў уголас:

— Пачакай, брат: я можа чаго і лепшага прыстараюся табе.

Словам, гаспадарскі інстынкт абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост.

Падаваўшы скаціне і зачыніўшы хлеў, ён зноў пайшоў у клуню. На таку каля пярыла стаяла саматужная сячкарня — бервяно-казлы на чатырох ножках з дзвюма парамі ўбітых наўскасяк спіц, накшталт зайцавых вушэй, каб трымалася салома. На гэтай саматужнай прыладзе сечку рэзалі сярпом, для чаго да яго ручкі прывязвалася вяроўка ў дзве столкі. Паміж гэтых столак прадзявалася нага, як той асноўны рычаг, што прыводзіў серп у рух. Рэзаць такім спосабам сечку было і цяжка, і марудна. Тым не меней малады гаспадар так захапіўся работаю, што калі прыйшла маці клікаць Мікіту снедаць, у яго была ўжо нарэзана даволі ёмкая куча сечкі.

— Запрацаваўся, сынок, — з ласкаю ў голасе заўважыла Тацяна і заплакала.

У той час, калі Мікіта рэзаў сечку, Чыкілевіч стаяў з мужчынамі на вуліцы і дзяліўся з імі сваімі ўспамінамі аб Пракопе, прыпісваючы яму такія погляды на калгас, якія таму і ў галаву не прыходзілі. Праўда, у аснове ўсёй гэтай лухты хітрага Чыкілевіча была доля праўды, але Чыкілевіч дыпламатычна абышоў моўчкі, што ўсе такія мыслі ён сам увёў Пракопу ў вушы, як уводзіў ён цяпер іх сваім слухачам.

Тацяна ўжо дачулася аб гэтай гутарцы. Людзі, інфармаваўшыя Тацяну, не абышліся без таго, каб не дадаць сяго-таго і ад сябе. У выніку Пракопава постаць выступіла ў незвычайна вялікіх памерах ворага калгаса.

Пануры і хмурны, ссунуўшы бровы, сядзеў Мікіта за сталом і слухаў, што расказвала маці, аб усіх гэтых прыкрых рэчах. Крыўда брала хлопца за бацьку, злосць на Чыкілевіча, як галоўнага звадыяша і баламута. Усё б гэта было яшчэ паўліха, калі б яно не адбівалася на грамадскай справе.

Але горш за ўсё, што сярод падпісаўшых учора пратакол аб ўступленні ў калгас пачалося зноў хістанне, зноў пайшлі гутаркі аб выпісванні з калгаса. Мікіта адчуваў тут, што і на ім ёсць нейкая доля віны. Трэба нешта зрабіць і яму. Ён толькі што хацеў падзяліцца з маткаю сваімі думкамі, адгукнуцца на ўсе гэтыя падзеі, але не паспеў: у хату зусім нечакана заходзіць сам Чыкілевіч!

Калі б у хату забег воўк, то маці і сын напэўна здзівіліся б меней.

Чыкілевіч зайшоў асцярожна, ступаючы мякка і з такою выразаю на твары, як бы ў хаце быў нябожчык.

— Выбачайце! — лісліва загаварыў няпрошаны госць. — Проста не мог стрымацца, каб не зайсці да вас.

Мікіта яшчэ больш панура апусціў вочы.

Тацяна занямела на месцы, і толькі ўжо трошкі апамятаўшыся, сказала:

— Сядайце!

— Пастаю: я ненадоўга…

Момант тупога маўчання.

— Ну, і што надумаўся зрабіць чалавек! — голас Чыкілевіча быў повен жалю. — Мне так і паказалася ўчора, што ў чалавека нешта ёсць на мыслях. Як роднага, угаварваў яго ісці ў калгас. Не! упёрся, не хачу... І куды ён пайшоў?

Тут Мікіта не мог стрымацца. Закалаціўся ад злосці, вочы іскрамі бліснулі. Але ўзяў сябе ў рукі.

— Пайшоў па свеце пахадзіць, каб развеяць кулацкія ўплывы, — сказаў ён, як дарослы чалавек.

Чыкілевіч кіўнуў галавою, але ўжо загаварыў да Тацяны:

— І што вы думаеце рабіць?

Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў:

— Вось зараз іду ў праўленне калгаса і падам заяву, каб нас прынялі ў калгас.

Гэта думка прыйшла Мікіце ў галаву раптоўна, цяпер.

Чыкілевіч шырока расчыніў вочы.

— І гэта будзе згодна з бацькаваю воляю? — і з усмешкаю паглядзеў на Мікіту.

— Вон з хаты!

Мікіта ўвесь пачырванеў, усхапіўся з месца, згарнуў кулакі.

— Пабойся ты, смаркач, Бога, пад абразамі сядзіш! — узлаваўся абражаны Чыкілевіч.

Тады Мікіта схапіў са сцяны «Бога», Мікалая Мірлікійскага, і шпурнуў ім у ненавіснага Чыкілевіча. Абраз з шумам гвазнуўся аб зямлю каля ног Чыкілевіча і навёў на яго настаяшчую паніку.

— Шалёны! — крыкнуў ён і кінуўся вон з хаты.

 

 

XXIII

Варочаючыся з хутара, Лапко і Пракоп падтрымлівалі адзін аднаго. Хоць дарога была і невялікая, але часу адабрала яна даволі многа. Па-першае, дужа спяшацца ім не было куды, і яны ішлі павольна, па-другое, ногі іх трохі звязвала Бабурава гарэлка, па-трэцяе, у іх вялася самая жывая гутарка, хоць кожны з іх захапляўся пераважна сваімі мыслямі і пачуццямі, па-чацвёртае, дарога была вузкая, а наабапал дарогі ляжала шмат снегу, прыяцелі ж нашы ніяк не хацелі разлучыцца, ішлі плячо ў плячо, хоць амаль не на кожным кроку то той, то другі правальваўся ў снег.

— Слаўныя людзі! — сказаў Пракоп і затрубіў носам.

— Людзі! Што такое людзі? — запытаў Лапко і сам адказаў: — Гліна! З гліны добры майстар зробіць усё, што хочаш... усё!

Тут яны стукнуліся плечукамі, і іх ногі, у аднаго левая, у другога правая, праваліліся ў снег. Покі яны іх даставалі, Лапковы мыслі зблуталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі.

— Я — калгаснік і... муляр і яшчэ — брыгадзір?.. Ды які я брыгадзір? — раптам перабіў самога сабе Лапко. —

Які я брыгадзір, як, добра ты казаў, які ты дэлегат?

— Ну, брыгадзір з цябе першы сорт! А я дэлегат — ліпавы...

— Ну, няхай так, — згадзіўся Лапко, — але куды я хадзіў? Чаго хадзіў? Ось дзе яна самакрытыка!

— А я? Чаго я цягаюся па свеце? — жаласліва азваўся

Пракоп. — Дома ёсць гаспадарка: конь, карова, цялушкатрацячка, ды якая ўдалая цялушачка! Ну, як родная дачка! Прыйдзеш у хлеў, яна табе і шыйку выцягне, здаецца, так і гаворыць: «Пачухай мяне!». І кінуў усё, павалокся немаведама куды і чаго. Хто ж будзе даглядаць іх?

Пракоп рэзка мяняе тон, з журботнага пераходзіць на вясёлы.

— Мікіта мой… о, шэльма! Калгаснік, якіх і свет не радзіў… Граматны хлопец!.. Ну, раз вы хочаце ў калгас — ідзіце сабе! Мая Тацяна праўду казала: не замінай жыць, хто хоча жыць па-новаму — разумная баба!.. І я на іх трос кіем! Ну, жывіце сабе, як хочаце, а я пагляджу: Пракопа ты таксама не возьмеш за тры капейкі. Ось якая мая самакрытыка! — скончыў ён перанятым ад Лапка дасканалым словам, сэнсу якога не разумеў.

Лапко цярпліва маўчаў, покі не выгаварыўся Пракоп.

— Самакрытыка — штука вострая, — заўважыў ён, адгукваючыся больш на ўласныя мыслі: запытаюць: а чаго ты хадзіў туды? Да каго ты хадзіў? Хто ты і хто ён?.. Ты — чалавек, ён — чалавек, ты хочаш жыць і ён хоча жыць. Але ты калгаснік, ты муляр ды яшчэ брыгадзір! Гэтага не трэба забываць. А ён хоць і чалавек, але воўк, бо ў свой хутар глядзіць. Можа не поўны воўк, але процантаў пяцьдзясят ваўчэчыны ў ім ёсць. І ты да яго ходзіш? Хаджу! — журботна прызнаўся Лапко.

— А чаму ты ходзіш! Ну? — Прыяцелі былі, дружылі, — на свае ж уласныя пытанні адказваў Лапко, знаходзячы сабе апраўданне.

— Брэшаш, Лапко! — рашуча накінуўся ён на сябе самога. — Ты слізняк, натура твая… сказаў бы, Пракоп, ды шаную цябе!

Яны зноў моцна стукнуліся плечукамі і на гэты раз абодва паваліліся ў снег. Пракоп на адзін бок дарогі, Лапко — на другі. Рухавейшы Лапко першым устаў на ногі і вылез са снегу, а Пракоп яшчэ церабіўся.

— Ну, як ты там, таварыш дэлегат? — запытаў дабрадушна і жартліва Лапко.

— Ось падымаюся і я. Але, ведаеш, лёг бы ды і ляжаў бы ўжо так…

— Бачыш ты, як спадабаў калгас: на калгаснай зямлі хочаш ляжаць!

— Добры калгас! Зрабіць бы нам такі!.. Эх, Мікіта ты мой, і Андрэйка, і Тацяна мая, і цялушачка-трацячка! — лірычна выгукваў Пракоп, упёршыся локцем у снег, як бы забыўшыся, што трэба ўставаць.

— Ну, уставай, браце! Пойдзем памалу, — цягнуў яго за руку Лапко.

— Пойдзем! — цвёрда сказаў Пракоп і падняўся на ногі. — Трэба ісці, трэба! Дарога вялікая, нагамі маімі нямераная… Дзе мой дом? Дзе мой прыпынак?

— Кінь ты! — махнуў рукою Лапко. — Мой, мой! От у тым-та і бяда, што ўсё мой ды мой! А мой дзе дом? Усюды, дзе ёсць людзі… Не-е-е! стой! стой! Злавіў, брат, я цябе, Лапко! — раптам схамянуўся муляр і тут жа стаў выкрываць сваю памылку. — Хутары — твой дом? Кулакі твае людзі?.. Думай, што гаворыш, Лапко! — пастрашыў ён сябе самога.

— Дом твой — калгас, саўгас, фабрыка, завод, калі ты стаіш на правільнай лініі, — строга зазначыў Лапко і дадаў:

— Іначай сказаць — наш дом там, дзе будуецца сацыялізм.

— А вось ты скажы: Бабура кулак ці не? — пацікавіўся Пракоп.

Лапко пачухаў патыліцу.

— Як табе сказаць? Няма ў мяне на яго цвёрдага погляду. Адно гаворыць ва мне, што ён — кулак, а другое кажа — як бы і не кулак.

— Выходзіць, што ён кулак з двух з палавінаю пальцаў, — пусціўся ў жарты Пракоп — а няхай ты скісні!

— Не жартуй і не смейся, Пракоп, — азваўся Лапко. — Адно я табе скажу: не хацеў бы я, каб нашы ведалі, што я да яго хадзіў, печ папраўляў. Калгасны брыгадзір — і кулаку печ правіць! Дык ты, брат, пра гэту печ маўчы! Калі часамі што якое, дык ты кажы — і я буду так гаварыць, — што ты прасіў мяне правесці на пасёлак. Чаго? Ну, ці мала там якая магла быць патрэба? Ты — дэлегат…

— А ты ўжо, калі ласка, пра маё дэлегацтва таксама маўчы, бо які ж я дэлегат? Яно калі па справядлівасці рассудзіць, то чаму ж я не дэлегат? Сам ад сябе дэлегат! Ат і ўсё!

— Верна! — згадзіўся Лапко. — Дэлегат, ну, і дэлегат! Так і запішам. Але пра печ — маўчок! Натура мая, ведаеш… сказаў бы, ды шаную цябе.

— Ну, што ты ўсё натуру сваю ганіш? Скажу і я табе тое, што і Анэтка казала: каб такія людзі былі, як ты, то лёгка было б жыць на свеце.

— Не, не! — запратэставаў Лапко: не кажы мне гэтага! Трэба быць цвёрдым. А я — кісель. Хто ні папросіць — не магу адмовіць! Ну, але калі-небудзь і я ўзлуюся! Тады, брат, сцеражыся! — пагразіў Лапко.

Падыходзілі да калгаса. Яны трохі працверазелі. Час быў даволі позні. Толькі ў вокнах Максіма Шахлевіча свяціўся агонь.

— От дзе чалавек! Галава! Цвёрды, справядлівы і ўсё па законе… Адміністратар! — хваліў Лапко свайго старшыню.

Выйшлі ў двор. Лапко правёў Пракопа на яго станцыю.

Запыніліся на ганку.

— Дык пра печ маўчок! — ціха сказаў Лапко.

— І пра маё дэлегацтва ні-ні!

На гэтым яны і разышліся.

 

 

XXIV

У гэты дзень Максім Шахлевіч быў дужа заняты. Апроч звычайнай штодзённай работы ў калгасе, а работы заўсёды было даволі, асабліва для такога руплівага старшыні, як Максім, яму прыйшлося ўдзяліць шмат часу камісіі па абследаванні быту ў калгасе. Хоць камісія прыйшла да найлепшых вывадаў аб становішчы калгаснікаў, і калгас «Хваля рэвалюцыі» быў прызнаны як узор для другіх калгасаў, тым не меней старшыня быў моцна заклапочаны.

Я мушу зрабіць тут адну заўвагу.

Нядаўна я даведаўся з газеты, што ёсць яшчэ адзін калгас з тым жа імем, якое носіць і калгас, аб якім тут ідзе гутарка. Каб не было ніякага непаразумення, лічу патрэбным заявіць, што мой калгас «Хваля рэвалюцыі» — не той, што я вычытаў у газеце. Калі і той, газетны калгас, пастаўлен так жа добра, як і гэты, то я буду дужа ўсцешаны. А калі ён трохі пакульгвае, то я выклікаю яго на сацспаборніцтва з маім калгасам. «Маім», само сабою, разумець трэба ўмоўна.

Выпадак, навёўшы на Максіма такую заклапочанасць, на першы погляд можа паказацца малазначным: старшыні стала вядома, што Лапко потайкам даваў сяды-тады сяму-таму калгасны корм тым калгаснікам, што мелі свае каровы. У калгасе ж быў заведзены такі парадак, што калгаснік, меўшы сваю карову, павінен сам прыстарацца і корму для яе. Вялікай бяды ў тым, што калгаснік прыкорміць калгасным кормам сваю карову, яшчэ не было б, калі б усё гэта рабілася з дазволу, адкрыта і законна. Пры такіх жа абставінах паступак Лапко ёсць злачыннасць, заслугоўвае ганьбення і не павінен быць пакрытым. Але аб пакрыцці тут гаварыць не прыходзіцца: па-першае, замазванне розных недахопаў супярэчыла прынцыпам самакрытыкі, бо самакрытыка — тая здаровая глеба, на якой гадуецца і выхоўваецца новы чалавек і, па-другое, гэты выпадак стаў вядомы ў калгасе. Аб ім, між іншым, і ў насценгазеце «Калгасная праўда», якую нядаўна выпусцілі і ўжо вывесілі для чытання, быў змешчан артыкульчык пад загалоўкам «Дабрачыннасць ці крадзёж?». Калгасная грамадскасць чутка сачыла за ўсякімі праявамі непарадкаў у калгасным жыцці.

Старшыні было прыкра, што ў калгасе маюць месца такія выпадкі, і самае важнае тое, што вінаватым аказаўся Лапко, відная ў калгасе фігура. Што тут Лапком кіравала не злачынства, а пакладзістасць і мяккасць яго натуры, для старшыні было ясна, але факт трэба браць такім, як ён ёсць.

У праўленні калгаса была ўжо гутарка аб Лапковым учынку. Ставілася пытанне, як адгукацца на праступак Лапка. Член праўлення, намеснік старшыні, т. Ваган, стаяў за тое, каб не выносіць учынак Лапка на шырокую калгасніцкую грамадскасць, а зрабіць яму ад імя праўлення і партыйнай ячэйкі вымову, строгую вымову з папярэджаннем. За гэтую меру кары стаялі яшчэ тры члены праўлення: Марына Палеха, Мікола Гнак і камсамолец Гаруй. Але старшыня самым катэгарычным чынам выступіў супраць. — Вы, таварышы, недаацэньваеце факта, — абурана заявіў ён. — Такая мера спагнання ёсць не што іншае, як замазванне праступку, зводзячы яго на мёртвае канцылярскае ўсчуццё. Не трэба забываць, што ў нас ёсць сотні калгаснікаў, а сярод іх ёсць такія, што сваімі карэннямі стаяць у мінулым, не пазбыўшыся старых замашак. І справа тут ходзіць не аб адным Лапку, але і аб асобах, дачынёных да гэтай справы. Я цвёрда стаю і буду стаяць на тым, каб яе вырашаць не ў праўленні, а на агульным сходзе калгаснікаў.

У якасці аргумента быў прыведзен і Пракоп, чалавек пастаронні, які зʼяўляецца сведкаю прыкрай падзеі ў іх калгасе. Дык не інтарэсамі Лапка тут трэба кіравацца, а інтарэсамі калгаснага калектыву і не толькі іхняга, а і наогул.

Проціў довадаў старшыні трудна было што-небудзь сказаць, не рызыкуючы збіцца з правільнай лініі. З ім згадзіліся ўсе і пастанавілі склікаць сход калгаснікаў. Сход быў назначан на заўтрашні вечар.

Правёўшы Пракопа, Лапко памаленьку сунуўся калгасным дваром, беручы кірунак на свой знамяніты будынак. Яму проста было прыемна прайсціся каля яго лішні раз. Абагнуў яго з левага боку. Гучней заскрыпеў пад нагамі снег, і павольней рабіўся Лапкоў крок, калі праходзіў ён каля акон кухні, дзе мела кватэру Таклюся.

І гэты выяўна падкрэслены скрып снегу пад нагамі Лапка, і замаруджаны крок яго, і кашаль, што вырваўся з грудзей, калі Лапко параўноўваўся з вокнамі кухні, — усё гэта сведчыла аб тым, што не адно толькі жаданне лішні раз палюбавацца творам сваіх рук і галавы прывяло сюды майстра — былі і іншыя прычыны прайсціся тут і нават запыніцца на кароткі час. Лапку здалося, што ў проразі цёмнага акна як бы нешта мільгнулася і чыйся няясны абрыс прыпаў да шыбы, на дзве траціны заложанай марозам. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Лапко азірнуўся па баках і падаўся бліжэй да дзвярэй. Трошкі пастаяў тут. Дзверы зараз жа адчыніліся, Лапко ўвайшоў у кухню.

— Не спіш яшчэ?

— Не, не спала… Нічога не чуў?

Пытанне было пастаўлена ў такім тоне, што прымусіла Лапка здрыгануцца.

— Не, не чуў. А што?

Таклюся момант маўчала.

— Прыкрая справа, Пятрусь!

Два комплексы прадстаўленняў у кароткі міг пранесліся ў яго галаве: ці не здарылася чаго з скацінаю? Ці не стала ўжо вядома, што ён быў на хутары?

— Ну? — у Лапковым голасе была трывога, і ён чакаў, што ўсплыве тут наверх: хлеў ці хутар?

— У насценгазеце пра цябе напісалі, што ты — шкоднік: разбазарваеш калгасны корм.

У Лапка адлягло ад сэрца.

— Як разбазарваю?

— А даеш таму, каму не маеш права даваць.

— Ну, гэта глупства, — стаў трохі храбрыцца Лапко.

— А хіба ты нікому не даваў?

Па голасе заметна было, што Таклюся хацела пачуць ад Лапка адно толькі — не!

Лапко ж мусіў прызнацца, што корм ён даваў. Ну, але ж які гэта праступак, што ён дасць калі-нікалі мяшок сечкі ды прысыпле з прыгаршчы аўса?

— Ты, Пятрусь, як малое дзіця, — сказала ў засмучэнні Таклюся і нават уздыхнула.

— Каб я карысць меў якую-небудзь з гэтага, ну то іншая справа, — стаяў на сваім Лапко.

— Ну, але ж даваў жа ты потайкам?

— Да няўжо ж тут бюракратызм разводзіць з-за жмені сечкі? — яшчэ храбрэй заўважыў ён.

— А хто ведае, што ты даваў і колькі даваў? Ты мяркуеш так, а людзі глядзяць іначай. Шахлевіч страшна абурыўся (Лапка пачаў забіраць страх), хацелі абмежавацца вымоваю, а ён паставіў гэта на агульны сход калгаснікаў. Заўтра вечарам сход будзе.

Лапко раздумліва чухаў патыліцу.

— Натура мая паганая! Хоць бы не даведаліся яшчэ, што на хутары быў, печ Цімоху правіў… Не, годзе: больш мяне не ўпросіш, хоць разарвіся! — цвёрда заключыў Лапко.

 

 

XXV

І на гэты раз абудзіўся Пракоп рана. Ён прыпамінаў падзеі ўчарашняга вечара, пачастунак у Бабуры, разважанні яго аб калгасе. «Хітры, бестыя, і нешта мае на ўме, — падумаў сам сабе Пракоп. — Цвярозы гаворыць за калгас, але калі б ён зʼеў тое, што думае пра калгас, то да вечара не дажыў бы! Выпіўшы, пачаў трохі прагаворвацца. Адна толькі праўда яго, што ў калгасе траціць кулак». Нарэшце ўспомніў Пракоп і аб тым, што ён за лішняю чаркаю прызнаўся ў сваім фальшывым дэлегацтве. Не варта было гаварыць гэтага: карысці нікому не будзе, а сабе пашкодзіць можна. Пракопу стала сорамна. І яму прыкра была гэта выдуманая роля дэлегата сярод сумленных і чэсных работнікаў. Але ён заспакоіў сябе на тым, што век тут векаваць не будзе, і час падумаць яму, што рабіць далей. Ясна адно: трэба ісці, але куды?

Гэта «куды» ўстала цяпер перад Пракопам са ўсёй вострасцю і ў поўнай велічы. Як бы загадзя вырашаючы адказ на балючае запытанне, перад ім ясна-ясна ўстала яго вёска, сямʼя, гаспадарка, пакінутая ім на раскрыжаванні старых і новых дарог сялянскага жыцця. Што ж робіцца цяпер там? Калектывізацыя не палохала яго ўжо так, як раней. Ён думаў аб тым, як бы гэта было добра, калі б і там завесці такі ж калгас, як і тут.

Не спыніўшыся ні на якой цвёрдай мыслі, Пракоп адзеўся і пасунуўся на двор. Надворʼе было ціхае. Хоць неба было яснае, але мароз адпаў. Адчувалася прадвесне. Пракопа мацней пацягнула дадому. Ён стаў тварам у той бок, дзе, як здавалася яму, была яго вёска, і стаяў, аглядаючы прасторы. Перад ім паказалася постаць чалавека. Пракоп зірнуў і пазнаў Лапка. Рушыў яму насустрач.

— Здароў, Лапко! — ветла паздароўкаўся ён.

— Здароў!.. Куды так углядаўся?

— А думаю ў дарогу рушыць.

— Што ж так спяшаешся? Пажыві яшчэ ў нас.

Пракоп зірнуў на Лапка. І выгляд яго і голас, як паказалася Пракопу, былі не такія, як звычайна. У яго закралася падазрэнне, ці не даведаліся тут, што яны былі на хутары, чаго так баяўся Лапко.

— Ну, што чуваць? — запытаў Пракоп.

— Заўсёды на свеце што-небудзь чуваць, — крыху здалёку зайшоў Лапко і потым ужо бліжэй падступіў да справы.

— Нічога не чуў?

— Не!

Пракоп у сваю чаргу з трывогай зірнуў на Лапка і са страхам чакаў навіны. Лапко, не ўтойваючы нічога, увёў Пракопа ў курс справы. Для Пракопа цяпер зусім стала ясна, што ён не памыліўся, разважаючы аб постаці чалавека з мяшком. Але калі ўчора ён хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Перад ім разгортвалася новая старонка ў кнізе калгаснага жыцця, ставячы яго перад магчымасцямі шырэй і глыбей убачыць гэта жыццё. Яму толькі дужа было шкода, што гэтую старонку разгортвае сабою Лапко, якому ён спачуваў ад усяго сэрца. Хацелася дапамагчы яму выблутацца з гэтай прыкрай справы, параіць, як сябе трымаць на сходзе, што казаць. Але Пракопавы дарады засноўваліся на хітрасцях зайца, што заблутвае свае сляды — старая тактыка старой юстыцыі. Для Лапка яна не падыходзіла.

Сход пачаўся роўна а восьмай гадзіне ўвечары. Прасторны клуб рэдка калі бачыў такі поўны збор калгаснікаў. Уся калгасная грамадскасць была прадстаўлена багата: старыя, маладыя, людзі сярэдніх лет, жанчыны, падлеткі мужчынскага і жаночага роду запаўнялі і лаўкі і праходы.

Лапко, непрыдатны герой сённяшняга дня, заняў месца бліжэй да сцэны. Сядзець у сярэдзіне ці ззаду і бачыць увесь час, як на цябе паглядаюць, было проста нязручна і непрыемна. Яшчэ больш укрытае месца заняла Таклюся. Было заметна, што справу яна прыняла блізка да сэрца і хвалявалася не менш за яго, бо Лапко быў спакойны, нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачамі. Пракоп сеў ззаду, непадалёку ад Лапка. Ён хацеў быць поруч з ім, але некаторыя меркаванні не дазвалялі зрабіць гэтага.

Над узвышкам, дзе змяшчалася сцэна, а цяпер стаяў стол для прэзідыума, гарэла вялікая лямпа, і там было даволі светла, увесь жа клуб затапляўся ў слаба асветленай цемнаце.

Лапко сядзеў нерухліва, павярнуўшы галаву ў бок сцэны, дзе вось-вось павінен зʼявіцца старшыня і адкрыць сход. Лапковы вочы запыніліся на партрэце Леніна. Гэты партрэт выступаў цяпер у новым для Лапка асвятленні. Ён звярнуў увагу на гэты мудры, удумлівы, крыху прыжмураны погляд трохі насмешлівых, але строгіх вачэй, пазіраўшых паўзверх галоў многамільённых мас, правадыром якіх ён зʼяўляецца, і азіраўшых тое, чаго не ведаюць і можа яшчэ няясна прадстаўляюць яны.

Але на сцэне паказаўся старшыня. Шум галасоў, поўніўшых клуб, адразу стаў радзець і зараз жа сціх, толькі некалькі хвілін глуха тухкалі ногі, покі не паселі ўсе ці не занялі найболей выгодных для сябе пазіцый.

Для парадку і ўжо па сходаўскай традыцыі старшыня пазваніў. Зала замерла.

— Агульны сход калгаснікаў абвяшчаю адкрытым, — урачыста і гучна зазвінелі словы старшыні. — Членаў праўлення прашу заняць месца ў прэзідыуме.

Непарушная цішыня стаяла ў залі клуба. Праўленне было ў поўным зборы.

— Таварышы! сённяшні сход — сход, так сказаць, непрадбачаны, выпадковы. Праўленне калгаса пастанавіла склікаць вас з поваду вядомага вам артыкула ў нашай «Калгаснай праўдзе»… Ці трэба зачытаць яго? — запытаў старшыня.

— Ведаем, чыталі! — загуў сход.

— А калі хто не ведае, дык даведаецца з далейшага, — пачуўся адзінокі голас.

— Я коратка аформлю, таварышы, сэнс гэтага артыкула, — казаў старшыня далей. — У нашым калгасе, як пішацца ў артыкуле, выяўляецца нездаровая зʼява, на якую мы не павінны і не маем права заплюшчваць вочы. Дык вось мы і павінны абсудзіць гэтае пытанне і зрабіць усё ад нас залежнае, каб такія і ўсякія іншыя нездаровыя зʼявы не мелі больш месца ў калгасе.

— А хто пісаў гэты артыкул? — запытаў хтось з калгаснікаў.

— Калі выявіцца тут, што напісанае ў артыкуле — няпраўда, тады я скажу, хто пісаў, — быў адказ старшыні.

— Другіх пытанняў не будзе?

— Не!

— Дык хто, таварышы, хоча ўзяць слова па сутнасці артыкула?

Пастаноўка пытання была не зусім ясная. Ні Лапко, ні яго хаўруснікі тут не ўпаміналіся. Проста як бы трохі было няёмка назваць імя ўсім вядомага Лапка. У гэтым быў грэшан і сам старшыня. Але так было толькі спачатку.

 

 

XXVI

Пасля кароткай і непрыемнай у такіх разах замінкі і паўторнага запытання старшыні, хто хоча выказацца, падняўся Сымон Таркевіч.

Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, меў звычай бубніць і прыгаварваць: «Ці гэта парадак?». А калі ён збіраўся гаварыць больш-менш доўга, то шоргаў правым пальцам па два разы па адным і па другім боку свайго носа, уцягваючы ў сябе паветра. Так зрабіў ён і цяпер, «намянціў нос», як казалі пра яго людзі.

— Як тут выказвацца? — сярдзіта запытаў Таркевіч. — Трэба наўперад ведаць, што гэта за сход: ці гэта чыстка, ці суд? А то не ведаю, як прыступіць… Ці гэта парадак?

— Мне здаецца, што пытанне стаіць даволі ясна, — адказаў старшыня. — Сход павінен сказаць сваё слова і вынесці пастанаўленне аб учынку т.[аварыша] Лапка і тых таварышоў-калгаснікаў, што былі з ім у згаворы — Мулейкі і Ступіка. Ці мелі яны права рабіць вось так, як значыцца тут, — старшыня паказаў насценгазету, што ляжала тут жа на стале, — ці не?

Тады слова ўзяў калгаснік Мікіта Ганчар.

— Таварышы! Мы добра ведаем т.[аварыша] Лапка. Гэта — наш лепшы калгаснік, чалавек без усялякіх хітрыкаў, сумленна працуе на калгас. Ён жа, можна сказаць, сваімі рукамі пабудаваў склеп і кухню… Дзе вы знойдзеце такога чалавека? Дык што аб ім казаць? Які праступак ён зрабіў? Што выдаў некалькі мяшкоў сечкі? І каму? Сваім жа калгаснікам. Але я запытаюся: калгасная, абагуленая скаціна, якую даглядае Лапко, пацярпела ад гэтага ці не? У якой меры гэтыя некалькі мяшкоў няшчаснай сечкі адбіліся на запасах калгаснага корму? Вось, т.[аварышы], што трэба ўлічваць, калі мы гаворым сёння аб Лапку. Што ж на чалавека накідвацца адразу…

— Тав.[арыш] Ганчар! Ніхто не накідваецца на т.[аварыша] Лапка, — заўважыў старшыня.

— Да мы і не ведаем, колькі выдана гэтай сечкі: можа мяшок, можа два. Няхай сабе дзесяць, ну, дык што ж! Прадаваў ён яе? Грошы браў за гэта?.. Скажы, Лапко, дзе ты там сядзіш? Многа ты наскладаў за гэтую сечку грошай?

Старшыня зноў зрабіў увагу прамоўцу.

— І ніякага тут згавору не было, — адвакатаваў далей Ганчар. — Папрасіў чалавек сечкі карове, ну ён і даў. Мы павінны тут сказаць, каб такіх выдач больш не было, і іх не будзе. Вот і ўсё!

З вялікім задавальненнем, з асалодаю, можна сказаць, слухаў Пракоп гэту прамову. Калі прамоўца кончыў, ён быў ужо шырока разгарнуў рукі, каб адпаведна гэтай шырыні пляснуць далонямі. Але ў залі не было падтрымання, і яго рукі, не пляснуўшы, зноў зашыліся ў рукавы кажуха. Зірнуўшы на прэзідыум, Пракоп запыніўся на старшыні: ясна было відаць, што прамова Ганчара нядобрае зрабіла на яго ўражанне.

— Хто яшчэ, т.[аварышы], хоча выказацца?..

— Няхай скажа сам Лапко, — пачуўся голас ззаду.

— Тады, т.[аварышы], дазвольце мне, — узяў слова сам старшыня.

— Гэта праўда, т.[аварышы], Лапко мае вялікія заслугі перад калгасам, як і шмат хто з іншых таварышоў-калгаснікаў, і ніхто гэтых заслуг ад яго не адбірае. Але, т.[аварышы], не ў гэтым справа. Пытанне трэба ставіць так: ёсць парушэнне парадку ў калгасе ці не? Ёсць! — падкрэсліў старшыня. — Факт правераны. Але гэтага мала: калгас, т.[аварышы], не багадзельня і не скарбонка, адкуль дабратою таго ці іншага таварыша, у даным выпадку т.[аварыша] Лапка, будуць браць калгаснае, аграмаджанае дабро для задавальнення ўласніцкіх патрэб. А гэта, т.[аварышы], чым пахне? Спрыяе гэта калгаснаму росту? Падымае яно аўтарытэт калгаса? Служыць гэта на карысць самой ідэі калектывізацыі, ажыццяўленне якой паставіла партыя і савецкая ўлада? Тав.[арыш] Ганчар пытаў, ці многа наскладаў т.[аварыш] Лапко грошай за сечку. Я лічу ганебным такое пытанне ў вуснах калгасніка! Я ўпэўнены, як і большасць з вас, калі не ўсе вы, што не карысць кіравала тут т.[аварышам] Лапком, — сход шумна далучыўся да думкі старшыні, — але давайце разбяром і дабрату т.[аварыша] Лапка.

Лапко заварушыўся за выступам сцяны: у гэты час ён, як можа ніколі, праклінаў сваю дабрату.

А старшыня без жалю аналізаваў яе.

— Т.[аварышы] Мулейка і Ступік маюць па карове. Добра: калгасны парадак дазваляе гэта. У іх, аказалася, бракуе корму. Яны ідуць да т.[аварыша] Лапка, просяць, Лапко цішком дае ім, у Лапка добрае сэрца. Таварыш Лапко! Звярнуся і я да цябе: ці думаў ты, даючы ім корм, над тым, чаму ў іх корму раптам не стала? Ці запытаўся ты ў іх аб гэтым? Можа б яны табе сказалі, што свой корм яны тайком прадавалі? Як жа ты мяркуеш: чаму служыла твая дабрата, таварыш Лапко? Вось, т.[аварышы], у чым сэнс і значэнне гэтага факта, і мы павінны кваліфікаваць яго як зʼяву нездаровую і не толькі гэтак расцэньваць, а і ў ніякім разе не дапускаць яго, бо гэта ёсць пачатак развалу калгаса, гэта — ігра ў руку кулаку! Гвалтам нікога мы не трымаем у калгасе.

Апошнія словы былі адрасаваны Мулейку і Ступіку. Лапко, Таклюся і Пракоп, Мулейка і Ступік і шмат хто з калгаснікаў слухалі гэту прамову з апушчанымі галовамі, а на гэта ў кожнага былі асабістыя прычыны.

Сваім выступленнем старшыня даў моцную зарадку сходу. Чулася непераможная праўда і сіла яго логікі. Яго прамова мела бясспрэчны ўплыў на выступленне іншых прамоўцаў, хоць усе яны імкнуліся знайсці нешта сярэдняе паміж дзвюма першымі прамовамі.

Але самую горкую пілюлю паднёс Лапку, а разам з ім і Пракопу, той жа сярдзіты Таркевіч.

Ён з асабліваю энергіяй паторгаў свой нос, так што ўсе звярнулі на гэта ўвагу і з некаторым страхам за Лапка чакалі прамовы.

— Зусім правільна, т.[аварышы], — спакойна пачаў Таркевіч, а гэта азначала, што ў яго прыпасены нейкі моцны аргумент-даўбешка, — падышоў да пытання наш старшыня. Мы цяпер бачым, куды можа павесці чалавека дабрата — старшыня давёў гэта ясна. Ці ж гэта парадак? І старшыня, т.[аварышы], не памыліўся… Па дабраце сваёй наш брыгадзір, прыкладны калгаснік з вялікімі заслугамі перад калгасам, таксама хадзіў і на хутар да кулака Бабуры, што нам некалі жняярку падараваў, ведаючы, што яе ўсё роўна забяруць ад яго. І хадзіў наш т.[аварыш] Лапко не далей, як ўчора. І што ж вы думаеце ён там рабіў? Правіў печ кулаку! Чарано, бачыце, правалілася. Хто ж яму, бачыце, паможа? — з едкім смехам запытаў Таркевіч і сам адказаў: — Ну, вядома: наш добры т.[аварыш] Лапко! Ці ж гэта парадак? Такую дабрату вытручваць трэба. Я пайшоў бы печ кулаку правіць? Да няхай яго шэсць разоў халера задушыць! — сярдзіта кончыў Таркевіч.

Да пералічаных ужо апушчаных галоў далучылася цяпер і чубатая галава камсамольца Гаруя.

Страшныя мінуты перажываў у часе гэтай прамовы і наш «дэлегат». З аднаго боку, страшна было за сваё дэлегацтва, з другога — трэба было заступіцца за Лапка. Яму раптам як бы нешта стрэліла ў галаву.

— Дазвольце мне слова!

У гэты момант Пракоп не помніў нічога, у вачах завіўся туман, але ён узяў сябе ў рукі.

— Таварышы! Як я тут ёсць чалавек пастаронні, то… можа мне і не трэба ўмешвацца… Агледзеў я ваш калгас. Скажу — дай Божа ўсім добрым людзям такі калгас…

Мыслі яго блуталіся, але ён учапіўся за слова «добрым», успомніў, што за дабрату крыюць Лапка.

— Гэта мая віна, т.[аварышы], што Лапко хадзіў на хутар. Прызнаюся вам, т.[аварышы], што я хацеў пачуць, як людзі збоку гавораць пра ваш калгас. Мне хацелася ведаць усё: і ваш моцны бок, і слабы. І я павінен сказаць вам, што калі ў калгасе парадак, лад, такі, як у вас, што калі калгас моцна стаіць на нагах, як у вас ён стаіць, то ніякі кулак не зганьбіць яго. Дык гэта я, таварышы, папрасіў, падбіў Лапка схадзіць са мною, бо я ж тут дарог не ведаю. Я пайду дамоў, буду расказваць пра ваш калгас, буду гаварыць усім, каб ішлі ў калгас. І нашы калгаснікі прыйдуць вучыцца ў вас. І каб засталася добрая памяць аб вашым калгасе, я прашу вас, таварышы, не ставіць у віну таварышу Лапку, што ён хадзіў на хутар. Няхай гэта віна ляжа на мяне.

Ніколі ў жыцці не гаварыў Пракоп такой доўгай прамовы. Ногі яго дрыжалі, у грудзях было горача, і пот выступіў у яго на лбе. Затое ж яму папляскалі — ці то як чужому чалавеку, ці за добрыя словы аб калгасе, ці то за гарачую абарону Лапка, і Пракоп адчуў, як высока ўзняўся яго ўласны дух.

Апошняе слова сказаў сам Лапко, і яму прыйшлося выйсці з свайго кутка на трыбуну. Лапко быў зусім спакойны, і прамова яго была нядоўгая.

— Усё гэта, таварышы, праўда, у чым тут абвінавачвалі мяне, і я шчыра дзякую таварышам за праўдзівыя словы. Натура мая, — тут Лапкоў голас загучэў злосцю, — паршывая натура! Але я зламаю яе!.. Праўда і тое, што гаварыў наш госць, т.[аварыш] Пракоп, але не ўсю сказаў ён праўду: я і без яго збіраўся на хутар. Толькі тут нашы дарогі супалі, і я нават меркаваў прыкрыцца т.[аварышам] Пракопам, бо я ведаў, што калгаснік не павінен вадзіць кампаніі з пасялкоўцамі. Дык я, таварышы, прызнаюся ў сваёй віне, і мне будзе лягчэй на сэрцы, калі вы так ці іначай пакараеце мяне за гэта!

Пастанавілі — зрабіць Лапку вымову, а Мулейку і Ступіку здаць сваіх кароў у калгас, калі самі яны хочуць астацца ў калгасе.

Вечарам, калі скончыўся сход, а Лапко і Таклюся асталіся ўдваіх, дык вось што сказала яму Таклюся, пагаварыўшы наперад аб сходзе:

— А чаму б, Пятрусь, нам не запісацца?

Пытанне гэта дужа кранула Лапка.

— Ты мяне шкадуеш, Таклюся? Твае словы — дарагія для мяне словы — запішамся.

 

 

XXVII

Мяккая, утульная і лагодная сінеча-смуга тонкаю покрыўкаю засцілала лясы, што цёмнымі рысамі значылася па краях далёкага круга снежнага прастору. А над гэтым прасторам разгортвалася бяздонне яснага прадвясенняга неба. Адчувалася воля і радасць, поўная і шырокая, як і гэтыя прасторы неба і зямлі, атуленыя цішынёю і сонцам.

Пракоп ішоў памалу, разважліва аглядаў сюды-туды дарогу перад сабою, а часамі прыпыняўся на кароткі час, пазіраў назад, адкуль ён нядаўна рушыў у дарогу. Калгас «Хваля рэвалюцыі» ўжо чуць-чуць значыўся на белым полі цёмнымі кропкамі сваіх будынкаў. Постаці калгаснікаў, іх справа, якую робяць яны, інтарэсы, якімі яны жывуць, — усё гэта злівалася ў адзін суцэльны комплекс уражанняў, пакінуўшых глыбокі адбітак у Пракопавай душы, і навявала на яго лёгкую журботу з прычыны развітання з гэтым калгасам.

Прайшоўшы яшчэ з вярсту, Пракоп ізноў спыніўся. Дарога падышла да самага лесу, пралёгшы прыгожым завіткам па правым яго баку.

Каля самае дарогі стаяў густы зялёны хвойнік, а трошкі далей старыя стромкія хвоі, узносячы над ім курчавыя верхавіны, так весела песціліся на сонцы, і такі быў тут прывабны зацішак, што Пракоп не мог не паддацца жаданню прысесці на гладка спілованым пні і трошкі пагрэцца на першым цяпле яшчэ ўсё ж такі зімняга сонца. На ўгрэве каля шурпатых камлёў разложыстых хвоек і пад хвойкамі раставаў снег, і месцамі сям-там выбіваліся з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы.

Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Было так лёгка, як бы з яго плеч зваліўся нейкі цяжар, і ён памаладзеў на цэлых дзесяць гадоў. Ці то гэты першы дзень цяпла, прадвеснік вясны і абуджэння жыцця, ціш і шырыня вольных прастораў спрыялі такой лёгкасці і спакою сэрца, ці яшчэ іншыя прычыны, Пракоп не ведаў. Яму проста было лёгка і добра, і ён некалькі разоў казаў сабе: «Годзі цягацца, лавіць ветра ў полі, шукаць немаведама чаго». Усе падзеі апошняга часу, увесь клопат і згрызоты яго, дабравольнае вырачэнне свайго дому, бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў ён, і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала перад ім, як прыкры сон, як нейкая цяжкая хвароба, ад якой ён стаў ачуньваць. І калі ў Пракопа і былі яшчэ хістанні, то ўчарашні вечар, сход, дзе разбіралася справа Лапка, быў паваротным пунктам ў Пракопавым жыцці, прымусіўшы паглядзець на яго другімі вачамі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Над гэтым сходам Пракоп многа думаў. Спачатку ўсё гэта паказалася яму дзіўным, але калі ён узважаў усе аргументы за і проціў і ўспомніў пры гэтым, якую ролю адыграў у яго бадзянні Чыкілевіч, то ён мусіў прызнаць праўду і глыбокі сэнс такіх сходаў у формаванні новага чалавека ў новых формах яго быту.

З іншымі мыслямі, з іншым настроем варочаўся Пракоп у Затонне. Ён там раскажа, як жывуць людзі ў добрых калгасах. Ён растлумачыць і прычыну свайго знікнення, нават прызнаецца, што ён выдаваў сябе за дэлегата: свайго дэлегацтва Пракоп не судзіў строга, бо яно вывела яго на правільную дарогу.

А што ж рабілася далей у Затонні?

Пасля таго, як Чыкілевіч выскачыў, як апараны, з Пракопавай хаты, а каля парога ляжаў разбіты абраз, святы Мікалай Мірлікійскі, паміж Тацянаю і Мікітам была такая гутарка.

— Што ты нарабіў, сынок?

Мікіта быў сурʼёзны, і злосць яго яшчэ не астыла, але ўсё ж такі ён меў выгляд чалавека, адзяржаўшага вялікую перамогу.

— А што ж ён мне пагражае Богам ды яшчэ смаркачом называе!.. Бацьку звёў, а цяпер прыходзіць спачуваць і адгаварваць ад калгаса!.. Сволач кулацкая!

— Ну, як жа ты абразом кідаешся? Што людзі скажуць? — страх і трывога чулася ў Тацяніным голасе, і яна нагнулася над абразом. Шкло пабілася на друзачкі. Абраз ляжаў тварам да зямлі.

— Чорт яго бяры! Калі ён падымаецца сам, то я тады скажу, што ён святы, — заўважыў Мікіта.

— Не даруе ён табе гэтага — помсціцца будзе.

— Хто будзе помсціцца?

— Чыкілевіч!

— А я думаў — святы Мікалай… Няхай помсціцца. Паглядзім яшчэ, што з гэтага выйдзе, — задзёрыста адказаў Мікіта.

Ну, зусім ён быў мужчына!

Маці падабрала друзы шкла.

Куды ж цяпер падзець святога Мікалая? Вешаць яго ізноў на сцяну без шкла і пасля таго, як ён быў здорава ашальмован, было нейк проста нязручна. Нават святым, што яшчэ віселі на сцяне, наўрад ці было б цікава аставацца з ім у адной кампаніі.

Тацяне было трохі прыкра ад Мікітавага ўчынку. У глыбіні яе душы туліўся страх, што гэты ўчынак можа наклікаць якое-небудзь няшчасце, яшчэ горшае за тое, што ўжо налучыла іх. І яна дала сабе абяцанне, што калі вернецца Пракоп, то яна непрыменна зашкліць святога Мікалая і павесіць яго на старое месца. Яна ціхенька вынесла абраз у камору і, перш чым схаваць яго, у мыслях папрасіла прабачэння ў святога Мікалая і пацалавала яго ў худашчавы твар.

Мікіту ж мала цікавіў цяпер святы Мікалай. Мыслі яго былі заняты зусім іншым. А калі маці вярнулася з каморы, то ён сказаў:

— Трэба нам падаць заяву аб уступленні ў калгас.

Тацяна пасля ўсіх гэтых падзей зусім безудзельна прыняла гэтыя словы.

— Як сабе хочаш, — даволі спакойна адазвалася яна і ўздыхнула.

Мікіта маўчаў, а маці дадала:

— Можа б трохі счакаць. Паглядзім, як і што будуць рабіць людзі.

Тады Мікіта самым катэгарычным чынам запярэчыў мацеры:

— Чакаць тут якраз і не можна. Покі мы будзем чакаць, гэты кулачэчына будзе весці сваю работу, выкарыстае бацьку на ўсе сто процантаў. А потым нас будуць вінаваціць, што мы — прычына развалу калгаса. Калі бацька зрабіў памылку, то мы павінны яе выправіць. Ды бацька ж і не пярэчыў нам уступаць у калгас.

Калі Мікіта ішоў у праўленне калгаса, учора толькі абранае і яшчэ не прыступаўшае да работы і таксама збянтэжанае, ён сустрэў на вуліцы Чыкілевіча, хоць і паказаў від, што не заўважыў яго. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам… «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы.

Мікіта доўга блутаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення, Лукаша Гулака. Гулак — чалавек сярэдніх лет, маламоцны серадняк. У яго хаце таўклося ўжо чалавек з дзесяць затонцаў і Марыніч у тым ліку. Гулак быў узрушаны і меў выгляд сярдзітага чалавека. Відаць, угневілі яго. Усе са здзіўленнем паглядзелі на Мікіту. А Мікіта адразу прыступіў да справы:

— Запішыце мяне і маю матку ў калгас!

Гулак грозна зірнуў на мужчын, а потым на Мікіту, і тады яго твар праясніўся. Ён зноў павярнуў сваю галаву ў бок мужчын і сказаў:

— Ну? Яшчэ чарніла не высахла, а вы ўжо прыйшлі выпісвацца. Вот вам прыклад, дуракі вы!

— А чаго ж бацька збег?

А Мікіта сказаў:

— Бацька, выходзячы з дому, сказаў нам, каб мы запісваліся. А калі вы паслухалі Чыкілевіча, то гэта ваша справа. Але чакайце — найдзем мы ўправу на Чыкілевіча!

— Малайчына, яй-богу малайчына!

І Гулак па-прыяцельску пахлопаў Мікіту па плячы.

 

XXVIII

Падаўшы заяву аб уступленні ў калгас — заява была падана ад яго і ад Тацянінага імя, — Мікіта пачуў, што ён выпаўніў вялікі грамадскі абавязак, і яму стала адразу лягчэй. Па-першае, ён гэтым падтрымаў старшыню калгаса: старшыня быў збіты з нагі і знаходзіўся, можна сказаць, на грані адчаяння з прычыны паводзін калгаснікаў, прыйшоўшых выпісвацца з калгаса. Члены ж праўлення пахаваліся, пакінуўшы ваяваць аднаго старшыню. Па-другое, сваёю заяваю Мікіта ў значнай ступені паспрыяў заспакаенню таго разброду, што пачаўся паміж затонцамі ў сувязі са знікненнем Пракопа і хітрымі Чыкілевічавымі падходамі, накіраванымі на разбурэнне калгаса.

За кароткі час Мікіта, як бачым, дабіўся значных перамог. Адны толькі яго перамогі над Чыкілевічам чаго варты! Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія размеры. І толькі адна акалічнасць засмучала Мікіту і зацямняла радасць яго перамог: што стала з бацькам? Куды ён пайшоў і на што наважыўся? Гэтыя пытанні заставаліся цёмнымі і неразгаданымі і значна зніжалі яго настрой. Яны, Тацяна і Мікіта, не раз абмяркоўвалі гэту праяву з Пракопам і нарэшце па сталым разважанні прыйшлі да думкі, што Пракоп ва ўсякім разе не зробіць аднаго — на самагубства не пойдзе: аб гэтым сведчылі ўсе яго паводзіны. Яго зборы ў дарогу і тыя рэчы, што захапіў ён з сабою, і тыя словы, што сказаў ён, пакідаючы дом.

Такая думка іх трохі заспакоіла.

— Напішы ты, сынок, Андрэю, — успомніла пра сына-чырвонаармейца Тацяна, — трэба даць знаць яму, — як ён паглядзіць на гэта? Усё ж такі ён старэйшы. А можа яго і з войска пусцілі б, хоць на кароткі час, —раздумліва казала далей маці. — Што ж мы тут будзем рабіць самі?

Ноткі журботы чуліся ў яе голасе.

Так, маці гаворыць праўду — Андрэю напісаць трэба! Мікіта проста выпусціў гэта з памяці. А вось наконт таго, што яны будуць самі рабіць, дык Мікіта меў свой погляд: работы ён не баяўся і ведаў, што трэба рабіць — у яго было тут сваё меркаванне. Дайце толькі яму разгарнуцца!

Пісьмо Андрэю Мікіта пастараўся напісаць як наймудрэй, каб не скасавацца перад братам, не ўраніць свае гордасці ў яго вачах. Але ён трохі перастараўся, што і адбілася на яго пісьме. Трохі вінавата была і сямігодка, мала адводзіўшая месца і ўвагі, каб навучыць сваіх вучняў пісаць.

Мікіта пісаў:

«Дарагі наш брат Андрэй, а таксама і сын!

Піша табе Мікіта і маці твая Тацяна.

У першых строках пісьма мы жывы і здаровы, чаго і табе жадаем. У нас нічога новага няма, за выключэннем, што вот пачалася калектывізацыя. Але не ўсё яшчэ ў нас добра. Каторыя беднякі і сераднякі, як ёсць несвядомыя, мала разбіраюцца ў энтузіязме сацыялістычнай рэканструкцыі, а больш слухаюць таго, як спяваюць кулацкія падпявалы і іх прыхвасні і трубадуры. І яшчэ паведамляем, дарагі наш брат Андрэй чырвонаармеец, стой цвёрда на варце савецкіх граніц супроць інтэрвенцыі ўсіх колераў, а з сваімі кулакамі мы тут расправімся самі. Затым наш дарагі айцец Пракоп, падвучаны вядомым табе Рыгорам Чыкілевічам, не захацеў калектывізавацца ў сацыялізме сельскай гаспадаркі. Сваёю несвядомасцю пайшоў з дому невядома ў якім напрамку, пакінуўшы жану Тацяну, тваю родную маці і сына, мяне, Мікіту, і ён цяпер тут глаўны хадзяін дома. І яшчэ паведамляю цябе, дарагі наш брат чырвонаармеец Андрэй, што ёсць у мяне ў актыўнай форме класавая нянавісць да кулака Чыкілевіча. Ён тут самы першы падбухторшчык і звадыяш нашага дарагога айца Пракопа Іванавіча, як стаўшы кулацкім рупарам і не пайшоўшы ў калектыўную гаспадарку. І гэтая зараза заходзіў да нас, паставіўшы сябе контррэвалюцыйную мэту не дапусціць мяне ў калектывізацыю. А калі я крыкнуў «вон з хаты!», дык ён хацеў заціснуць самакрытыку, страшыў Богам і абразамі. Тады я схапіў святога Мікалая і шпурнуў у яго абразом. Чыкілевіч перапалохаўся панікаю апартуністычнага страху і, як апараны, кінуўся наўцёкі, зламаўшы шалёнае супраціўленне капіталістычнага элемента вёскі.

І вось табе навіна: я пайшоў і падаў заяву, каб прынялі нас, т. е. мяне і нашу маць Тацяну ў калгас. Старшыня калгаса Лукаш Гулак астаўся вельмі задаволены і хваліў мяне перад другімі, што прыйшлі выпісвацца з калгаса, дзякуючы скрыўленню лініі, якую трэба выраўняць бальшавіцкім тэмпам. Але няма ў нас добрага арганізатара, каб пакіраваць работаю і замацаваць дасягненне на фронце рэканструкцыі. Сваімі ж рэсурсамі трудна што зрабіць, калі ўсе глядзяць, хто куды, беручы стаўку на самацёк. А тут трэба павесці наступленне на шырокім разгорнутым фронце, а ў першую чаргу — склікаць сход беднаты і намеціць праграму. Дарагі наш брат чырвонаармеец Андрэй! Напішы мне, што рабіць далей, як ты ёсць свядомы і актыўны чырвонаармеец, і дай дырэктывы… Яшчэ раз паведамляем цябе, што мы жывы і здаровы. Маці нізка кланяецца табе і шле сваё таварыскае прывітанне».

 

Мікіта прачытаў пісьмо матцы. Тацяна слухала, і слёзы цяклі па яе ўпалых шчоках. І трудна сказаць, чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складна, ці ўсімі падзеямі, што ў злучэнні сваім і служылі тэмаю для гэтага пісьма. Многа розных пачуццяў і думак ускалыхнулася ў Тацяніным сэрцы і галаве, але яны проста выліваліся ў яе слёзах.

— Добра, — расчулена сказала маці, але ў тоне, якім было выказана гэтае адабрэнне, чулася няпоўная шчырасць.

— Ці добра ты, сынок, зрабіў, што кідаўся абразом? — нясмела выказала яна сваё затоенае сумненне.

Мікіта трохі ўгневаўся, але крыўдзіць матку ён не хацеў.

— Можа б і лепш было, каб я шпурнуў у яго паленам, — сурова азваўся Мікіта.

Тацяна ўздыхнула.

Яна хацела яшчэ запытаць, што гэта за слова «трубадур», але ёй здавалася, што яно і так даволі выразнае і гаворыць само за сябе, складаючыся з двух слоў: труба і дурыць. Так разумеў яго і сам Мікіта — слова гучнае, і яно якраз было тут на месцы. І яшчэ хацелася Тацяне зрабіць адну заўвагу: мала было ў пісьме паклонаў, а таварыскае прывітанне замяніць матчыным благаславеннем. Але яна не сказала нічога.

 

 

XXIX

Чыкілевіч быў больш чым пакрыўджан і абражан. Калі да таго моманту, як Мікіта кінуў у яго Мікалаем Мірлікійскім, ён, перажыўшы страх, адчуваў сябе ў добрым гумары і ўпотайку гатоў быў спяваць хаўтурную песню затонскай калектывізацыі, то цяпер ад гэтага гумару не заставалася і почуту, бо справа павярнулася так, што хаўтурную песню скарэй за ўсё прыходзілася спяваць па хутарской гаспадарцы і па самім Чыкілевічу. Пракоп зрабіў вялікую кулацкую справу, адпіхаючыся ад калгаса, знікшы з Затоння, але не меней здзівіў народ і Мікіта, цягнучыся да калгаса і падаўшы сваю заяву. Стан, у якім апыніліся цяпер затонцы, можна параўнаць хіба з тою зʼяваю, што была б у выніку сустрэчы двух процілеглых вятроў аднакавай сілы — ураўнаважаны зацішак.

Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Розныя сілы па-свойму выяўляюць сваю дзейнасць, ці затарможваючы ці падпіхаючы няспынную плынь жыцця.

— Ну, гэта ж вы падумайце: ці было калі на свеце тое, што робіцца цяпер? — казаў Чыкілевіч на вуліцы дзядам і старым жанчынам. — Прыйшоў да чалавека ў хату пагаварыць, паспагадаць, а ён, Мікіта Пракопаў, шчанюк, гоніць мяне з хаты!

— Мікіта? Пракопаў Мікіта?! — узбурыўся дзед Піліп з замшавелаю бародкаю.

— Цяперашнія падлеткі — чорт ведае што, — выказала спачуванне Чыкілевічу і бабка Цынклета, — няма ў іх ні Бога, нікога. Што та я!.. Тфу!

— Бога! — падхапіў з горкаю ўсмешкаю Чыкілевіч. Тут ён якраз падышоў да самага кульмінацыйнага пункта ў сваім паведамленні, каб выкарыстаць яго належным парадкам і ўтаптаць у гразь свайго заклятага ворага, а разам з гэтым і тую справу, з-за якой і загарэўся свет. Але Чыкілевіч вядзе сваю лінію тонка: хіба яму ходзіць справа аб яго ўласных інтарэсах, аб яго асабістай абразе? Не — яму балюча зносіць гэтую нечуваную знявагу святых угоднікаў божых!

— Калі я напомніў гэтаму вырадку, няшчаснаму блазну, — казаў ён далей тонам узрушанага чалавека, — пабойся ты, хлопча, Бога; — пад абразамі сядзіш ты! — то што ж ён зрабіў? Сарваў са сцяны абраз Мікалая святога і кінуў у мяне абразом!

— Абразом!? Святым Мікалаем?! — яшчэ больш абурыўся дзед Піліп, а бабкі гаротна паківалі галовамі.

— Ну, дзе ж будзе тое дабро на свеце, мае вы мілыя? — пытала бабка Цынклета. — Галаву адкруціць яму — і то мала!

— Захацеў ты ў калгас, ну, ідзі сабе, ніхто цябе не дзержыць, бацька даў табе поўную волю, з дому сышоў, каб не замінаць табе, можа дзе рукі налажыў на сябе, але нашто ж ты шпурляешся абразамі? — у парыве гарлівасці аб Богу разліваўся Чыкілевіч. — Перад імі тысячы гадоў маліліся людзі, у іх шукалі сабе спакою і ўцехі. Ды хоць бы ты пашанаваў свайго бацьку — ён жа таксама маліўся святым божым угоднікам перад тым, як ісці ў свет, зрокшыся свайго набытку.

Жаласліва гаварыў Чыкілевіч. Бабка Дарота і бабка Палуся высмаркалі насы і абцерлі вочы.

— І будзе табе дабро ў калгасе, калі ты, недаверак, зняважыўшы сталага чалавека і падняўшы руку на святога Мікалая, пайшоў запісвацца ў калгас, ад якога збег твой бацька? — граміў Мікіту дзед Піліп. — Дык дзе ж яно будзе тое дабро, калі такія саплякі пачынаюць ездзіць па карку і верхаводзіць? Смаркачы яшчэ з носу цякуць, а збіраюцца свет перайначыць… Божа ты мой, Божа! От дачакаліся! — горасна выгукваў дзед Піліп.

Не адставалі ад яго і бабкі, кожная на свой лад выказвала абурэнне з поваду блюзнерства Пракопавага Мікіты.

— А маці яму патурае, выгадавала вучонага! — накінулася на Тацяну бабка Цынклета. Цынклету за яе баявы характар называлі ў Затонні чаркесам.

— Зняла б хвартух ды высвенцала б харашэнька паскамі, паказала б яму і абраз, і калгас!

— Да дай ты, галубка, свет! — заступілася за Тацяну бабка Палуся. — Што яна з ім зробіць, калі ім дана такая воля? А вучаць іх чаму?

— Гэта праўда, — згадзіўся дзед Піліп, — прыходзілі ж да нас летась дзеці, што добрая кабета з дзясятак у прыпол іх набрала б, вучыць нас, як трэба жыць на свеце. Вот і навучылі!

Ад Мікіты перайшлі да агульных пытанняў маралі і палітыкі, а потым і да самага балючага надзённага пытання, да калгаса. Схадзіўся патроху народ, спыняўся, слухаў прамовы дзеда Піліпа і бабак. Потым самі памалу ўцягваліся ў гутарку, падаючы наўперад рэплікі, і больш распальвалі супрацькалгасны настрой дзеда Піліпа і бабак.

Дзеда Піліпа абыходзіла балюча пытанне адносна лёсу старых у калгасе. Куды ты іх там прыткнеш? Тут яшчэ, покі носяць цябе ногі, ты сяк-так тупаеш, шворышся каля дома, знойдзеш сабе такую-сякую работу, хоць лапаць спляцеш ды прыбярэш каля току, а там што ты будзеш рабіць?

— Палежваць будзеш сабе, — заўважыў Марыніч, пыхкаючы піпкаю. Сказаў ён проста так сабе, абы сказаць што-небудзь.

— Будзеш ляжаць, покі з голаду ног не выпрастаеш, бо хто там цябе карміць будзе? — горка азваўся дзед Піліп.

Амяллян Нічыпарук, першым падпісаўшы пратакол, знаходзіў зусім лішнім і несвоечасовым пытанне аб тым, што будуць рабіць у калгасе старыя. Яму проста хацелася падражніць дзеда Піліпа і бабак, а таму ён сказаў:

— Пойдуць у дзела і старыя ў калгасе, і з іх якая-небудзь карысць будзе: каторыя сыцейшыя — на мыла пойдуць, а сухарлявыя, такія як ты, перапаляцца на попел, і засеюць на табе лубін або кукурузу для сілосу.

Злосна зірнуў дзед Піліп на Амялляна, агнём загарэліся старыя вочы. Але чорт яго бяры — лепш не паказваць, што Амяллянавы словы, выклікаўшыя смех, дайшлі да дзедавага сэрца, і ён са спакоем настаяшчага філосафа азваўся:

— З мяне ўжо і так сыплецца попел, а калі ён табе патрэбен, то хадзі за мной і падбірай, падставіўшы прыгаршчы.

Калі гутарка перайшла на калгас у тоне, які быў дан Чыкілевічам, то сам ён ціхенька адышоў у зад, схаваўся за спіны, паслухаў, як рэгент, ці добра спявае хор, і калі праканаўся, што «хор» не губляе тону, то памаленьку падаўся на сваю сядзібу. Нашто яму быць пры такіх гутарках? Потым чапляцца толькі будуць, скажуць, што гэта ён падбухторвае народ. Яго справа — старана.

 

XXX

Некалькі дзён шумелі і кіпяціліся затонцы.

Амяллян Нічыпарук, першым падпісаўшы пратакол, стараўся не пападацца людзям на вочы, а гэта сведчыла аб тым, што ў Затонні пачалася рэакцыя супроць калгаса. Тыя затонцы, што не запісаліся на сходзе ў калгас, цяпер вышай пападымалі голавы і даволі зняважліва пазіралі на адступнікаў, на тых, што павыпісваліся з калгаса, і яны, адступнікі, трымаліся нейтральна. А рэшта, хоць іх было цяпер і меней, не здаваліся, але калгаснага жару і ў іх не было, і яны хадзілі, як патручаныя прусакі, не ведаючы, да якога берага прыстаць.

Затое ж козырам хадзіў дзед Піліп, трасучы сваёю замшавелаю бародкаю. І не мінаў ён здарэння падкалоць Амялляна Нічыпарука, першым падпісаўшага пратакол. Дзед Піліп ніяк не мог забыць таго, што казаў Амяллян пра старых. Сустрэўшы Кандрата, дзед кожны раз з самаю сурʼёзнаю мінаю запытае:

— Дык гэта ты, Амяллян, першым падпісаў пратакол?

І раптам уся сурʼёзнасць сходзіць з дзедавага твару, і ён заліваецца смехам. Смяецца так, што вочкі яго плачуць, а бародка трапечацца, як на верацяне кудзеля, з якой праха вытрасае кастрыцу.

— Лёгкая, брат, твая рука, Амяллян, першы падпісаўшы пратакол!

Так і называў дзед Піліп Амялляна: лёгкая рука, першы падпісаўшы пратакол.

Амяллян часамі змоўчыць, часамі напомніць дзеду, што ўсё ж такі на ім пасеюць лубін, а часамі заўважыць:

— Ты яшчэ пачакай смяяцца: не пераскочыўшы, не кажы гоп!

Праўду казаў Мікіта, калі пісаў Андрэю, што няма тут чалавека, каб пакіраваць работаю і ўзяць арганізацыю калгаса ў цвёрдыя рукі. Праўленне калгаса вяло сябе горш, чым пасіўна, цішком агітуючы супраць калгаса. Старшыня праўлення, Лукаш Гулак, паторкаўся трохі, пакіпяціўся і таксама астыў і выпусціў лейцы з рук.

— Ці мне больш трэба, як усім? Не хочаце, ну, і чорт вас бяры! — усердаваўся ўрэшце ён і плюнуў.

З тых нямногіх асоб, што засталіся вернымі калгасу, Мікіта найболей балюча прымаў да сэрца яго развал і гэтыя няўдачы. Уся Мікітава бяда ў тым, што ён яшчэ не дарослы чалавек, і яго тут мала слухаюць — не мае ён аўтарытэту сярод гэтых закасцянелых людзей. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх кансерватараў. І гэта ўжо другі выпадак, калі Мікалай Мірлікійскі становіцца яму ўпоперак дарогі. Адным словам, калі на справу паглядзець сурʼёзна і цвяроза, то Чыкілевіч у саюзе з Мікалаем Мірлікійскім выяўна бралі верх над Мікітам. З зларадным смехам сачыў яго вораг Рыгор Чыкілевіч за яго марнымі патугамі паправіць калгасную справу. А стараўся Мікіта нямала, ён заходзіў да кожнага члена праўлення, каб узяліся за справу. Але на яго глядзелі зняважліва:

— От няхай вернецца твой бацька і сам стараецца, а ты што за гаспадар? — казалі яму члены праўлення.

Ён угаворваў старшыню праявіць актыўнасць, напамінаў яму, што не дарма ж яго абралі за старшыню: старшынства яго да чаго-небудзь ды абавязвае ж. Як гэта ён патурае кулацкай агітацыі? Чаму б не склікаць сход калгаснікаў ды не пагаварыць аб справе?

Старшыня чуў праўду ў Мікітавых словах і злаваўся.

— Ну, што я зраблю, калі тыя, хто мяне абіраў, ўцякаюць, як чэрці ад крыжу? Пакінулі мяне аднаго… Дык чорт іх бяры!

Прабаваў Мікіта падысці і да калгаснікаў, што яшчэ не павыпісваліся з калгаса, каб праз іх націскаць на старшыню і на праўленне. Адзін толькі Амяллян Нічыпарук, першым падпісаўшы пратакол, горача падтрымліваў Мікіту. Яму хацелася, па-першае, апраўдаць сваю славу чалавека з лёгкаю рукою, а па-другое, мелася на ўвазе насаліць дзеду Піліпу за яго насмешкі. Але за імі не было тут ніякай рэальнай сілы, і поспеху яны не мелі. К гэтаму ж часу супроць Мікіты паўстала яшчэ адна варожая сіла: група найболей рэакцыйных жанок на чале з бабкаю Цынклетаю. Бабка Цынклета, настроеная Чыкілевічам, помсцілася за Мікалая Мірлікійскага, ды і калгаса яна ніяк не хацела.

— Супакойся ты, хлопец! — сказала раз Мікіце Цынклета на вуліцы, чуючы за сабою падтрыманне жанок, — захадзіўся ты нешта з гэтым калгасам. Соваеш нос, куды табе не трэба. Суслу яшчэ сасаў бы.

Мікіта быў хлопец гарачы. Злость узяла яго.

— Заткніся, рэдзька параная!

Ён бліснуў вачыма і пайшоў сваёю дарогаю.

— А каб табе заткнула ды не адпусціла! — кляла яго ўслед Цынклета.

Мікіта павесялеў, бо чуў, што дапёк старой Цынклеце. Абярнуўся і сказаў, каб яшчэ больш дапячы ёй:

— Не гневайся, бабка. А калгас будзе. Абагулім твае каровы, авечкі, свінню з парасяткамі.

Цынклета аж затрэслася ад злосці. Але Мікіта ўжо не чуў, што гаварыла яна і чым пагражалі яму жанкі, упамянуўшы пры гэтым неадменную прыладу індывідуальнай гаспадаркі — серп. Мікіта ішоў далей, пацяшаўся над злосцю жанок і думаў сваю думку.

Гэтая думка была ў Мікіты і раней, але ён з розных прычын не мог спыніцца на ёй належным парадкам, каб прадумаць яе да канца і спыніцца на пэўных вывадах. Яна проста мільгнула ў яго галаве мімалётнай бліскаўкаю і на некаторы час знікла. А цяпер яна зʼявілася зноў: усе падзеі апошніх дзён злажыліся так, што яна натуральным парадкам зноў зʼявілася ў Мікітавай галаве.

Перад Мікітавымі вачамі пранеслася цэлая чарада малюнкаў і вобразаў, звязаных з тым знамянітым сходам, дзе выступаў т.[аварыш] Брыль. Ён, т.[аварыш] Брыль, і займаў цяпер цэнтральнае месца ў Мікітавых думках. Мікіта прыпамінаў захапіўшую яго прамову і паважную пастаць прамоўцы. І Мікіта так мала ведае аб ім — рабочы з завода, вот і ўсё, што мог сказаць ён аб ім. Цяпер, калі ён праканаўся, што сваімі «рэсурсамі», як пісаў ён Андрэю, трудна тут пасунуць наперад калгасную справу, можа памагчы т.[аварыш] Брыль. Але дзе яго знайсці?

Абмеркаваўшы з усіх бакоў гэтае пытанне, Мікіта прыйшоў да цвёрдага заключэння знайсці т.[аварыша] Брыля, расказаць яму ўсё. Не можа быць, каб такі чалавек не паслухаў яго і не дапамог той справе, якую фактычна зрабіў тут ён.

 

 

XXXI

Мікола Тур, старшыня Крутагорскага сельсавета, меўся паехаць у вёску Загацце. Аставалася яна адна яшчэ не калектывізаванай. З прычыны таго, што т.[аварыш] Брыль, адзін з дваццаціпяцітысячнікаў, гэтымі днямі павінен быў выехаць у другі раён, то старшыня гнаў калектывізацыю занадта шпаркім тэмпам, каб як найбольш выкарыстаць у гэтай справе цэнную дапамогу т.[аварыша] Брыля. Пісьменнік Базыль Базылец, абцяжараны рознымі матэрыяламі, уражаннямі і назіраннямі, падаўся назад у сваё котлішча, каб ператравіць гэту пісьменніцкую страву. Т.[аварыш] Брыль меў свой погляд на такі шпаркі тэмп калектывізацыі, і ён выказаў яго старшыні.

— Ці не занадта гонішся ты, т.[аварыш] Тур, за працэнтам калектывізацыі? Баюся я, каб яна ў цябе не рассыпалася. Трэба болей удзяліць увагі на афармленне і на замацаванне ўжо арганізаваных калектываў і мець там сваё вока.

— Нічога, нічога, браце Брыль! — заспакойваў яго старшыня, — дапамажы, браце, правесці нам работу ў асноўным, а ўжо дэталі адшліфуем мы самі.

— Глядзі! — круціў галавою Брыль. Але сказаць на гэта што-небудзь больш конкрэтна ён не мог, бо справа яшчэ не праверылася практыкаю.

Старшыня зрабіў ужо ўсе распараджэнні свайму намесніку, падпісаў найболей пільныя паперы. Збіраліся ехаць. У той момант, калі старшыня браў свой пузаты партфель, дзверы ў канцылярыю сельсавета адчыніліся, і на парозе паказаўся Мікіта, пачырванеўшы ад холаду і борздай хады.

Спыніўся, быстра акінуў вачамі старшыню і ёмкую фігуру Брыля. Напружаная заклапочанасць збегла з Мікітавага твару, а замест яе засвяцілася лагоднейшая ўсмешка. Ён дужа быў рад, што ўбачыў Брыля. Такая змена на хлапецкім твары кінулася ў вочы старшыні.

— Што скажаш?

Відаць было, што старшыня спяшаецца.

— Ёсць справа і вельмі важная, — сказаў Мікіта і імкліва падаўся наперад.

— Якая такая важная справа? — трохі занепакоіўся старшыня і тут жа патарапіў Мікіту:

— Хутчэй, бо мы едзем на калектывізацыю. — Калектывізацыя была баявым лозунгам у старшыні сельсавета і гэтым лозунгам ён думаў уняць трохі Мікіту.

— Па справе калектывізацыі прыйшоў і я да вас.

Старшыня зірнуў на Брыля, і гэты погляд як бы пытаў:

«Слухаць яго ці не?».

Але Мікіта так выразліва зірнуў на Брыля, што той адразу стаў на яго бок.

— Ну, раскажы, дружа: паслухаем!

— Развальваецца наш калгас, таварыш! — Мікіта адразу ўзяў з высокага тону: ён баяўся, што старшыня паедзе і не даслухае ўсяго. Дык трэба, што б там ні было, задзяржаць іх і вылажыць усе свае згрызоты, трывогі і няўдачы.

— Гэта дзе? — цень заклапочанасці лёг цяпер на твар старшыні. Ён палажыў на стол пузаты партфель. Брыль кіўнуў старшыні галавою і без слоў сказаў:

— Ну, што?

— У Затонні, дзядзечка!

Свайго чалавека Мікіта палічыў лепшым называць дзядзечкам.

— Як так развальваецца?

— Выпісваюцца ўсе, а праўленне не робіць нічога.

— А чаму выпісваюцца?

Мікіта апусціў вочы, на момант замяўся.

— Бацька мой напсаваў тут трохі!

Мікіта рашуча стаў на шлях самакрытыкі.

— Гэта хто такі?

— Дубяга Пракоп.

— Цікава!.. І што ж ён зрабіў? — запытаўся Брыль.

— У тую ноч, як вы рабілі ў нас калектывізацыю, ён сышоў з дому — не хацеў калгаса.

— Куды ён пайшоў?

— Хто яго ведае. Сабраўся і пайшоў. Цяпер, кажа, ідзіце сабе ў калгас: я вам замінаць не буду.

Мікіта хацеў трохі і выгарадзіць бацьку, але ён гаварыў праўду.

— Дык пры чым жа тут бацька твой? — недаўмяваў старшыня.

— Гэта вельмі ўсіх здзівіла, што ён кінуў усё, адцураўся хаты, абы толькі не быць у калгасе. Пайшлі усякія гутаркі, сталі перадумваць… Ну, адным словам, пачалася паніка, рэакцыя.

— Ты — свядомы хлопец, — пахваліў Мікіту Брыль, — камсамолец?

— Не, — журботна адказаў Мікіта, утупіўшы вочы.

— Табе трэба было ўзяць у рукі бацьку, перавыхаваць яго ідэалогію, — заўважыў Брыль.

— Пробаваў, але ён не слухаў мяне… Можа б гэтае здарэнне з бацькам і не мела б яшчэ такіх паганых вынікаў, бо я зараз жа, назаўтра, падаў заяву, каб мяне і матку прынялі ў калгас, але знайшліся ў нас людзі, што павялі шалёную агітацыю супраць калгаса і выкарысталі здарэнне з бацькам больш як на сто працэнтаў.

Мікіта падробна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарб, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі і яго падступства і двусэнсныя гутаркі пра калгас. Нарэшце апісаў і сваю стычку з ім, як ён выгнаў яго з хаты. Не ўтаіў нават, як ён шпурнуў у яго Мікалаем Мірлікійскім і навёў гэтым паніку на яго.

Калі Мікіта дайшоў у сваім апавяданні да Мікалая Мірлікійскага, то Брыль, акінуўшы Мікіту вясёлым поглядам, зарагатаў доўгім, шчырым, раскацістым смехам.

— Ну, старшыня, як рэагаваць на гэта?

Пытанне т.[аварыша] Брыля мела ў сабе як бы трохі характар экзамену для старшыні.

Старшыня, замест таго, каб адказаць на запытанне, сам запытаў Мікіту:

— А чаму ты не заявіў у сельсавет, што твой бацька сышоў з дому?

Ну, што сказаць яму на гэта?

Але Мікіту выручыў Брыль.

— Дык вось жа ён табе і заяўляе і заяўляе больш, чым ты пытаеш. Ды і шукаць жа ты яго і не пойдзеш. Справа не ў гэтым. Чалавек ці прыстроіцца дзе-небудзь на работу ці вернецца дамоў. Але вот калгас твой раскідаецца! Вось над чым трэба падумаць.

— Ехаць трэба туды! — сярдзіта сказаў старшыня.

— О! Гэта праўда.

Брыль вярнуўся да свайго погляду на арганізацыю калгаса і цяпер, з фактамі ў руках, давёў старшыні, што наўперад трэба падвесці цвёрды грунт пад калгас, даць яму цвёрдае кіраўніцтва, забяспечыць адпаведнымі арганізацыямі і толькі тады можна лічыць калгас арганізаваным.

— Адкладай, брат, паездку ў Загацце.

— Трэба не дапусціць развалу гэтага калгаса — у Затонне трэба ехаць.

— І вы, таварыш, прыязджайце, — звярнуўся Мікіта да Брыля.

— Паеду! — весела сказаў Брыль, — мне ж цяпер проста цікава паглядзець на кулака, якога ты біў Мікалаем Мірлікійскім.

І ён весела зарагатаў ізноў.

 

 

XXXII

Трыумфальна ехаў Мікіта па Затонскай вуліцы на пары коней. І сядзеў ён паміж старшынёю сельсавета і т.[аварышам] Брылём. І людзі бачылі яго ў такой паважнай кампаніі і віталіся. Хоць гэта вітанне і не адносілася да Мікіты, але ж вітанне — не чарка гарэлкі, што ёю ты можаш абдзяліць каго ў кампаніі: віталіся з старшынёю і Брылём, — віталіся з Мікітам.

Дзед Піліп, бабка Цынклета і ўся іхняя хеўра, і іх правадыр Чыкілевіч спачатку не ведалі, што значыць усё гэта: Мікіта нікому не гаварыў, што надумаўся ён рабіць, але ўсё ж такі яны дрогнулі, як варожая армія, зачуўшы на полі бою моцныя рэзервы свайго праціўніка. І дзед Піліп, сустрэўшы Амялляна Нічыпарука, на гэты раз не запытаўся пра яго лёгкую руку, якою той першы падпісаў пратакол. Затое ж сам Амяллян, пачуўшы за сабою падкрапленне, кіўнуў дзеду галавою і запытаў:

— Дык што ты, дзед, будзеш у калгасе рабіць?

— Для працавітага чалавека ўсюды работа знойдзецца. А вось ты, як быў лодырам, дык лодырам і застанешся, — сярдзіта падцяў яго дзед.

— Не злуйся, дзед, а лепш запішыся ў калгас.

— Як трэба будзе, дык запішуся. Ты першым, а я апошнім.

Калгаснікі, ганебна здрадзіўшыя калгасу, таксама раптам адчулі сябе цяпер няёмка, як дэзерціры, што ўцяклі з поля бітвы.

І людзі, у якіх была ў той ці іншай ступені віна перад калгасам, пачыналі ўпотайку вызнаваць перад ім свае грахі, думаючы, як гэтыя грахі абярнуць у святасць. І сам Чыкілевіч успамінаў цяпер, як многа казаў ён людзям за калгас. Прыезд старшыні сельсавета і гэтага рабочага з горада ды яшчэ разам з Пракопавым Мікітам не абяцаў Чыкілевічу нічога добрага.

«Ось яшчэ скула на маім карку! — думаў ён пра Мікіту, — набрахаў на мяне, гад!» Наколькі дапамог яму Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму гэты шчанюк. Ну, але ён, Чыкілевіч, паглядзіць, што будзе далей. Няхай толькі праз яго пачнуць рабіць яму, Чыкілевічу, прыкрасці, то… Чыкілевіч яшчэ і сам не ведаў, якую помсту прыдумае ён. Але што-небудзь ды прыдумае!

Сам ён цяпер не паказваўся людзям на вочы, тупаў каля дома і каршуном паглядаў у бок Затоння, чакаючы далейшых падзей. Для сувязі ж з Затоннем і для разведак паслаў ён свайго сына Юрку. Юрка быў адзін сын у бацькоў. Дзвюх сваіх дачок Чыкілевіч пааддаваў замуж. Адну ўзяў аграном і жыў з ёю цяпер дзесь на Каўказе.І жылі добра. Другая была замужам за фельчарам. Клопату з імі бацькам не было. А вот з Юркам справа стаяла горай. Адчуваючы няпэўнасць свайго гаспадарскага стану, Чыкілевіч думаў вывесці ў людзі і сына свайго Юрку. Юрка годам раней за Мікіту скончыў сямігодку. З паўгода вучыўся ў ветэрынарнай школе, але яго вычысцілі адтуль, як сына кулака-лішэнца. Такім парадкам нічога пэўнага не было ў Юркі.

Мерыўся хлопец паехаць на поўнач на лесараспрацоўкі, але бацькі не хацелі пускаць яго так далёка і на такую цяжкую работу. І Юрка быў покі што дома, падпільноўваючы зручнага здарэння. Гаспадаркаю цікавіўся ён мала.

— Каб ужо я бачыў, што ты прыстроены, то ў мяне і клопату не было б, — казаў яму бацька, — як-небудзь з маткаю датаўклі б веку.

Але за зямлю трымаўся ён моцна з чыста кулацкаю заўзятасцю, спадзеючыся ў затоеных глыбінях сваіх мыслей якіх-небудзь змен.

Навіны, сабраныя Юркам, насілі агульны характар. Так, ён даведаўся, што Мікіта хадзіў у сельсавет для таго, каб расказаць там, што кулакі раскідаюць калгас, і па яго заяве прыехаў сюды старшыня сельсавета і той самы рабочы, што ўжо выступаў тут на сходзе. Цяпер жа ізноў склікалі сход, прычым на сход скліканы толькі беднякі — калгаснікі і некалгаснікі. Што там гавораць на сходзе, Юрка не ведае. Адно толькі вядома яму, што на гэтым сходзе быў і Мікіта.

Гэтыя скупыя навіны і давалі Чыкілевічу страву для разважання і для розных дагадак. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта!

Лічыць іхнюю гаспадарку за бядняцкую нельга: Пракоп — сераднячок ды і не слабенькі. І чым жа гэты шчанюк заслужыў ласку? Ясна адно — Мікіта наплёў там чорт ведае чаго і, разумеецца, не пашкадаваў яго, Чыкілевіча. Ён стараўся адгадаць Мікітавы злыя намыслы і чым больш думаў аб іх, тым большую нянавісць адчуваў да хлапца.

«Ось настала жыццё: сам сабе больш не гаспадар! Сваё ж кроўнае дабро, здабытае ўласнаю працаю, становіцца табе ўпоперак дарогі. І які-небудзь вырадак, сапляк прымушае цябе дрыжаць і трывожыцца!»

— Тфу! — плюнуў абурліва Чыкілевіч, і мыслі яго прынялі іншы кірунак — як тут выкруціцца і зрабіць так, каб ім аж моташна стала.

Але чалавеку вельмі трудна адгадаць, як павернецца справа, па якім рэчышчы паплывуць падзеі і якую прызначаць яны табе ролю. Так было і з Чыкілевічам. Як ні меркаваў ён, што можа быць для яго ў выніку гэтага сходу, з якога боку падыдзе да яго ліха, ён ніяк не чакаў, што справа павернецца такім чынам.

На другі дзень з раніцы па Затонскай вуліцы гналі невялікае статка, штук дванаццаць, жывёлы рознага ўзросту і роду: некалькі кароў, худых з закарэлымі сцёгнамі, бычкоў і цялушачак. Жывёла, сагнаная ў такі незвычайны час з розных двароў, са збянтэжаным рыкам, штурхаючыся, паволі пасоўвалася наперад у той бок, дзе жыў Чыкілевіч.

За гэтым статкам ішло некалькі мужчын і падлеткаў, падганяючы жывёлу. Жывёла была затонская, і людзі, што ішлі за ёю, таксама былі затонскія. Сярод жывёлы Чыкілевіч пазнаў і Пракопаву цялушачку-трацячку. Сярод жа людзей найболей яскрава выдзялялася постаць Кандрата

Казея, таго самага Казея, якога не так даўно Чыкілевіч называў Пракопу як кандыдата ў добрыя адміністратары ў калгасе. Мінуўшы вуліцу, людзі, што гналі жывёлу, павярнулі яе проста на Чыкілевічаву сядзібу, а потым, па загадзе Казея, адчынілі вароты Чыкілевічавага двара і пагналі скаціну ў бок прасторнага хлява.

Усё гэта рабілі па загадзе Казея, як бы гаспадаром быў тут не Чыкілевіч, а Кандрат Казей. У Чыкілевіча не спыталі, не параіліся нават, як размясціць скаціну ў яго хляве. Адчынілі хлеў, паглядзелі, памеркавалі трохі і самі сталі парадкавацца тут, як сапраўдныя гаспадары. Чыкілевічу сказалі толькі, каб ён ачысціў адну палавіну хаты.

 

 

XXXIII

Чыкілевіч, яго жонка і сын сядзелі, як аглушаныя громам. Навала, што насунулася на іх, была так неспадзявана і так вяліка, што адабрала ад іх здольнасць выказаць сваё абурэнне з прычыны такога гвалту: прыйшлі чужыя людзі, прыгналі сюды сваю жывёлу, захапілі двор і палавіну хаты і сталі тут гаспадарыць, не папярэдзіўшы, не сказаўшы ім ні слова!

Месца не знаходзіў сабе Чыкілевіч. Снаваў з вугла ў вугал, апусціўшы галаву.

— Дажыліся, дажыліся! Вот табе і калгас, — некалькі разоў гаварыў ён як бы сам з сабою. — Ну, што ж? іх сіла, іх права! — стараўся ён заспакоіць сябе, жонку і сына.

Нічога не клеілася ніяк. Панура маўчаў Юрка, абапёршыся на край стала. Маўчала і Улляна, Чыкілевічава жонка, злажыўшы рукі, і толькі ўздыхала.

— Нічога не парадзіш, — не пераставаў адзывацца Чыкілевіч, а ў самога ўсё гарэла ўнутры ад крыўды і злосці.

— І няўжо няма на свеце праўды? Павінна ж быць нейкая справядлівасць! Як жа гэта так? — недаўмявала Улляна. — Убіліся самачынна, пішчом, гвалтам у твой двор, у тваю хату; камандуюць табою, распараджаюцца тваім дабром. За што? За які праступак? Ці мы тут кралі? грабілі? забівалі? Кроўнаю працаю прыдбалі кусок хлеба, і ён стаў ім упоперак горла.

Улляна змяніла тэмп і характар свае жальбы і адразу перайшла на праклёны.

— Іх сіла — іх права, — яшчэ раз заўважыў Чыкілевіч, а Юрка дадаў:

— У кожнага свая справядлівасць, свая праўда. Класавая справядлівасць.

Але маці нічога не зразумела з Юркавай заўвагі, і яна казала сваё:

— Як жа тут цярпець і маўчаць?

— А што ты зробіш? — пытаннем адказаў ёй Чыкілевіч. І зусім іншым тонам прасіпеў:

— Каб была ў мяне сіла — паказаў бы я вам кулака! Раскулачыў бы я вас так, што ўсіх вас пабралі б чэрці!

Ён раптам увесь змяніўся. Злоба, нянавісць выступалі з кожнага мускула яго твару. Але гэтая ўспышка злосці ў ім зараз жа і пагасла. Усе трое здрыгануліся, і вочы іх павярнуліся ў бок дзвярэй. Дзверы адчыніліся. Высокі парог пераступілі ногі старшыні сельсавета Міколы Тура, і ўся яго постаць увалілася ў хату. За ім увайшоў старшыня калгаса Лукаш Гулак, за Гулаком — Кандрат Казей, цяперашні падсуседнік Чыкілевіча.

Увайшлі, і ніхто з іх не павітаўся з гаспадарамі, не казаў дзень добры ў хату. Чыкілевіч усё гэта ўзяў пад увагу і растлумачыў яго, як нядобры знак.

— Ну, дык вот! — гэтак пачаў сваю прамову старшыня сельсавета. — З твайго, васпан Чыкілевіч, двара, вярней, з быўшага твайго, пачынаецца тут, у Затонні, калгас.

Чыкілевіч слухаў, але ўвага яго больш затрымлівалася на дробных рэчах. Так, ён ізноў звярнуў сваю ўвагу на тое, што старшыня назваў яго васпанам. «Васпан» быў дарэчы ў старыя часы, а цяпер ён гучэў ужо, як лаянка і яшчэ адна абраза асобы гаспадара. «Таварыша» пашкадаваў для яго!

— Покі што, — казаў далей старшыня, — ты астаешся жыць тут, але гаспадар на гэтым двары і ў гэтым доме не ты, а ён, — старшыня паказаў рукою на Кандрата Казея.

— Ніякаю быўшаю тваёю маёмасцю распараджацца сам не можаш: ні прадаваць, ні мяняць не маеш права — уся яна будзе апісана! А ўсё, што трэба табе і скаціне, якая покі што лічыцца за табою, будзе выдаваць т.[аварыш] Кандрат... Вось! Далейшае ж тваё тут прабыванне будзе залежаць ад самога. Гэта значыць: калі выявіцца тваё шкодніцтва, хоць замах на злачынства ў дачыненні да калгаса або да каго-небудзь з калгаснікаў, то ты будзеш не тут, а дзе-небудзь у іншым месцы. Зразумеў?.. Ну, дык вот!

Магільная цішыня была ў Чыкілевічавай хаце, калі старшыня сельсавета агалошваў гэту грозную рэзалюцыю.Улляна пераводзіла вочы з старшыні на Чыкілевіча. У меру таго, як гаварыў старшыня, мяняўся ў твары Чыкілевіч. Злосць і абурэнне яго нейк вытахліся ці то ўжо перайшлі за такую мяжу, дзе яны проста знікаюць, як дым ад пажару ў паветры. А калі старшыня скончыў сваю прамову, Чыкілевіч кіўнуў галавою ў знак згоды, а потым, памаўчаўшы момант, закалыхаўся сухім, дзервяным смехам.

Старшыня зірнуў на яго і адчуў нешта накшталт страху.

— Чаго смяешся? — па-начальніцку запытаў старшыня.

Чыкілевіч успомніў адно здарэнне на судзе, паставіў сябе на месца таго падсуднага, якога асудзіў суддзя, і яго словамі адказаў:

— Каротка, міласціва і справядліва! Дзякую табе, Мікола, за тваю мудрасць, дабрату і ласку. Дай табе Божа, каб і цябе так справядліва судзілі і ўсіх тых, хто судзіў і мяне. Няхай жыве калгас, няхай растуць і буяюць у ім мае слёзы і мая крыўда! Не шкодзіў я калгасу і шкодзіць не збіраюся.

— Ну, і то добра! — сказаў Мікола Тур.

Абодва старшыні і Кандрат Казей выйшлі з хаты.

Трое Чыкілевічаў момант заставаліся ў анямелым маўчанні.

Першым загаварыў сам Чыкілевіч.

— Ну, вось табе і калгас!.. Ну, нічога не паробіш, — тонам прымірэння загаварыў ён, — бывае і горш. Будзеш жа як-небудзь жыць.

Язык яго казаў аб прымірэнні з горкаю доляю, а мыслі напружана шукалі спосабу самай жорсткай помсты.

— Былі гаспадары, а сталі горш за батракоў. І за што, за якую кару? — з болем у голасе пытала Улляна.

— Батракі — самае пачэснае цяпер званне, — заўважыў Юрка, а бацька дадаў:

— О, каб мы былі батракамі ды лодырамі — былі б шчаслівыя людзі.

— А ўсё гэта Мікіта Пракопаў навёў, каб яго сляпога вадзілі! — Улляна ізноў разлілася патокамі праклёнаў.

Яны абмяркоўвалі сваё становішча. І калі, нарэшце, як гэта і бывае зазвычай, прыйшлі да пэўнага заспакаення, Чыкілевіч сказаў:

— Што ж? будзем кланяцца Казею.

 

XXXIV

Гучна і шумна стала ў Чыкілевічавай хаце, на той палавіне, дзе асталяваўся Кандрат Казей. Сюды прыходзілі калгаснікі — Марыніч, Амяллян Нічыпарук, першы падпісаўшы пратакол, старшыня калгаса, члены праўлення і іншыя калгаснікі. Тут адбываліся іх сходы-нарады, выносіліся розныя пастановы, складаліся планы работ. Карацей сказаць, Чыкілевічаў двор і дом сталі цяпер галоўнаю кватэраю, баявым штабам затонскага калгаснага руху.

Не раз стаяў Чыкілевіч, прылажыўшы да сцяны вуха, і слухаў, аб чым гаварылася там, за сцяною. Ён лавіў асобныя абрыўкі іхняй гутаркі і ў мыслях, а часамі і ўголас, але так, каб яго не пачулі, падаваў самыя злосныя, самыя абразлівыя рэплікі, у якіх выліваў сваю кулацкую злобу супроць «лайдакоў», як называў ён калгасніцкую беднату. І асабліва ненавісны стаўся Кандрат Казей.

— Прыйшлі на гатовае, селі няпрошаныя, а ты кланяйся ім, жабруй перад імі, выпрошваючы сваё ўласнае дабро. А вы што зрабілі? Запаскудзілі двор, забрудзілі хату. Латошаць толькі языкамі, а скаціна стаіць недагледжаная.

Хадзіў Чыкілевіч, як зацкованы воўк, на сваёй палавіне. Але, сустрэўшыся з Кандратам Казеем, ён ветліва ківаў яму галавою і першы вітаўся з ім, называючы яго таварышам Казеем. І ўся панурасць яго твару змянялася тады прыемнаю ўсмешкаю. Былі ў Чыкілевіча прычыны ладзіць з Кандратам: трэба было заслужыць яго даверʼе, каб праз гэта здабыць сабе права без лішніх сведак заходзіць у клуню — у клуні быў патайны пограб, а ў пограбе хаваўся кубел з салам і іншы скарб.

Але Казей паддаваўся туга, а яго круглыя жаўтаватыя вочкі пазіралі насмешліва і хітра. Гэта быў чалавек, як бы спецыяльна прызначаны для таго, каб заганяць у сухоты кулакоў. Перш за ўсё павесіў замкі на клуню і свіронак і ніколі не пускаў туды аднаго Чыкілевіча. Покі Чыкілевіч спраўляўся там, Казей стаяў і высвістваў розныя матывы рэвалюцыйных песень. А то і проста спяваў няпоўным голасам, ніколечкі не зважаючы на Чыкілевіча.

Уставай, пракляццем катаваны!

Уставай, хто з голаду век пух! —

спяваў часамі Казей у свірне, а Чыкілевіч у мыслях казаў:

«З голаду пух, бо гультай. Нябось, калі хто працаваў, то меў і хлеб і да хлеба… Стаіш, трасца тваёй галоўцы, над маім каркам. Сам панам стаў, а мяне ў нявольнікі абярнуў і жарэш маё дабро, і я яму цяпер не гаспадар». А часамі і ў Чыкілевічаву палавіну зазірне наш Казей.

— Сядай, суседзе! — ветла сустракае яго гаспадар, а ў самога рукі згортаваюцца ў кулакі. Але Казей не садзіцца, пакруціцца трохі і выйдзе, нічога асаблівага не сказаўшы. Для Чыкілевіча такія візіты былі зразумелы.

— Глядзіць сваімі злодзейскімі вачамі, каб яны яму павылазілі, ці ўсё на месцы, — тлумачыў ён жонцы.

Іншы раз вечарамі Казей уладзіць вечарынку. Папрыходзяць хлопцы, дзяўчаты. Грыміць за сцяною гармонік. Казей хоць і жанаты чалавек, а любіў такія вечарынкі, дзе ён сам выступаў у ролі музыкі — ён быў някепскі гарманіст.

Так праходзілі дні на Чыкілевічавай сядзібе.

Пануры быў Чыкілевіч і ўсё нешта думаў, але думак сваіх нікому не выказваў. Нядобрыя сны пачалі сніцца Улляне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Гэты сон устрывожыў Улляну. Яна расказала яго Чыкілевічу.

— А, мала там што звярзецца ў сне! — махнуў рукою Чыкілевіч. Бабка ж Палуся паківала галавою, калі Улляна расказала ёй гэты сон.

— Ой, нядобры, мая мілая, твой сон! — І растлумачыла: — Піць ваду з свайго чаравіка азначае смерць.

Улляна спалохалася. Як усе цёмныя людзі, яна верыла ў сны, жыла імі.

— Лепш ужо памерці, як гэтак жыць, як мы жывём.

Але ўміраць ёй зусім не хацелася.

Юрка наогул быў маўклівы хлопец і таксама не вельмі быў ахвочы дзяліцца сваімі мыслямі, нават з бацькамі.

Але цяпер, бачачы, як блізка прымаюць бацькі да сэрца суседства Казея і наогул гэты сціск, ён рашыў выказацца на сямейнай нарадзе.

— І чаго вам так хватацца за гэту гаспадарку? — пачаў

Юрка. — Усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Дык лепш не чакаць гэтага часу, а кінуць усё і куды-небудзь перабрацца.

Бацька і маці са здзіўленнем паглядзелі на сына.

— Нічога не зробіш. Толькі будзеце згрызацца, жывучы тут, а проціў вады паплаваеш нядоўга. Адміраюць хутары, саступаюць месца калгасам, — казаў далей Юрка.

Чыкілевіч засмяяўся.

— Самі яны адміраюць? — запытаў сына.

— А гэта ўсё роўна, ці памёр Гаўрыла, ці скула яго задавіла, — груба адказаў сын, — а факт той, што аднаасобніцкая гаспадарка дажывае свае апошнія дні.

— Кідаць сваю хату, сваю зямельку, сваю гаспадарку, ісці немаведама куды? Што ты гаворыш, сынок? Можа твая і праўда, можа і давядзецца на старасці надзяваць торбу ды ісці ў свет жабраваць, — горка заўважыў Чыкілевіч.

— Нашто жабраваць? Можна рабіць і работу.

— Якую? — рубам паставіў пытанне Чыкілевіч.

— У горадзе работы многа. Попыт на рабочыя рукі вялікі.

— Дзякую табе, сынку! Да хто ж мяне, пазбаўленага голасу, на работу возьме? Да і ці ў мае гады ламаць крута жыццё?

Юрка змоўк, але над яго мыслямі задумаўся бацька. Ён успомніў Пракопа. Таксама кінуў чалавек сваю гаспадарку і хату. І ніхто яго не гнаў. Аб тым жа, якую паслугу аказаў Пракопу ён, Чыкілевіч не думаў і сябе ў гэтым не вінаваціў.

А што ж, можа Юркава і праўда.

Чыкілевіч пачынае думаць у другім кірунку. Ён камбінуе новы план. Ён думае аб гэтым, як падгатаваць пад нагамі грунт, замацавацца на новай пазіцыі і ўжо тады расквітацца з Казеем і Мікітам за ўсе свае крыўды і насаліць калгасу так, каб ён доўга памятаў аб гэтым. Але ў яго мыслі зноў уплятаецца патайны паграбок у клуні, кубел з салам, з запасамі круп і іншы скарб. Як жа з імі быць? Шкода пакідаць дабро, а яно ж яму вельмі і вельмі спатрэбілася б. Гэты кубел апаноўвае яго мыслямі. Ён думае, камбінуе розныя праекты і, нарэшце, сам сабе ўсміхаецца.

— Ці былі калі такія выпадкі, каб чалавек думаў, як абакрасці самога сябе?

 

 

XXXV

Некаторы час Мікіты не відаць было на Чыкілевічавым двары, хоць, праўда, раней ён ніколі туды не хадзіў. Можа яму трохі нязручна было цяпер паказвацца тут пасля таго, як у яго выйшла такая баталія з Чыкілевічам, у якой прымаў удзел і Мікалай Мірлікійскі, а можа замінала і тая акалічнасць, што праз яго ўшчамілі Чыкілевіча, як кулака і ворага калгаса. Ды ў Мікіты, сказаць, і часу не было цяпер: ён заняўся грамадскаю работаю. Т.[аварыш] Брыль, другі раз прыехаўшы ў Затонне, арганізаваў тут камсамольскую ячэйку, а яе самым актыўным членам стаў Мікіта. Мікіта горача і гарліва аддаўся сваёй справе, старанна выконваў інструкцыі, што даў яму Брыль. Па справе ячэйкі здаралася яму хадзіць у сельсавет, трымаць сувязь з другімі ячэйкамі, а часамі прыходзілася наведвацца і ў раён. За гэты час была абсталявана хата-чытальня, быў выпушчан № насценнай газеты. Ды трэба ж было парупіцца, каб газета выйшла добрая, каб моцна і трапна біла яна стары быт, ды прыдумаць ёй і адпаведнае імя. А гэта таксама адняло шмат часу. На камсамольскім сходзе было пастаноўлена даць газеце такое ж імя, якое павінен мець і калгас. Некалькі вечароў перабіралі камсамольцы розныя імёны для газеты. Былі розныя праекты: «Чырвоны араты», «Новае Затонне», «Шлях рэвалюцыі», «Світанне», «Чырвоны кастрычнік», «Ясная раніца», «Сцяг перамогі» і іншыя. Усе гэтыя праекты прапускаліся праз строгую крытыку. Аказалася, што даць трапнае імя, каб яно было і арыгінальнае і ідэалагічна вытрыманае, не такая ўжо простая рэч, тым болей, што гэта імя павінна было падысці і да газеты і да калгаса. Нарэшце, пагадзіліся на назве «Ленінскі засеў».

У першым нумары «Ленінскага засеву», у перадавым артыкуле была вызначана праграма газеты і намечаны тыя задачы, што ставіць перад сабою «Ленінскі засеў». Гэтыя задачы былі такія: новая калектыўная форма гаспадаркі, бязлітаснае змаганне з класава-варожымі элементамі, з кулакамі як ворагамі калгаснага будаўніцтва, падрыхтоўка сацыялістычных кадраў, новы быт, разняволенне жанчын і інш. Таксама ставіла сабе газета і задачы самакрытыкі, «нягледзячы на асобы», як значылася ў праграме газеты. І тут жа быў змешчан артыкул, дзе трактавалася аб тым, якімі спосабамі змагаецца кулак з калгасам і савецкаю ўладаю. Артыкул напісаў Мікіта, маючы на ўвазе Чыкілевіча, хоць ён і не называў яго, прыдаўшы яму агульны характар класавага ворага. Але ўсе Чыкілевічавы спосабы змагання былі апісаны праўдзіва.

Першы № «Ленінскага засеву», вывешаны на сцяне хаты-чытальні, узварушыў Затонне. Каля газеты таўкліся групы грамадзян і слухалі, як затонскі грамацей чытаў уголас розныя раздзелы газеты. Нават бабка Цынклета стаяла тут і слухала, трасучыся ад злосці, у артыкуле аб спосабах змагання класавага ворага былі апісаны і тыя спосабы, што ўжывала і сама бабка Цынклета.

— От смярдзюхі! — казала яна потым, — да чаго дадумаліся!.. А каб вам чэрці скуру напісалі! Чаму ж гэта пра вас ніхто не піша?

О, каб бабка Цынклета ўмела пісаць! Дала б яна чапаласу ўсім! І калгас гэты апісала б яна. Што гэта за калгас?

Чалавек працаваў, стараўся, а цяпер нагналі скаціны і кормяць яго кормам, і самі, як вусені, ядуць яго дабро, пішчом убіўшыся ў яго хату.

Але бабка Цынклета, як і дзед Піліп, пісаць не ўмелі, і нехаця прыходзілася ім замяняць пяро сваімі языкамі.

Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. І асабліва злаваліся на Мікіту. Усе, што былі супроць калгаса, гатовы былі ўтапіць Мікіту ў ложцы вады, бо хто ж, як не ён, сеяў раздор між людзьмі? Да апошняга, сказаць, часу ўсё было ціха, жылі сабе людзі ў згодзе, калі не лічыць дробных сварак, без якіх нідзе не абыдзешся. Былі бяднейшыя і багацейшыя, як хто стараўся і як паводзілася каму. Бяднейшы часамі пабагацее, а багаты збяднее, калі надыдзе якое ліха. Не ведалі ніякіх кулакоў, ніякіх капіталістычных элементаў. А цяпер што стала? Пачаліся нейкія патаемныя сходы, сталі настройваць адных проціў другіх, узнімаюць калатню, падзялілі ўсіх на кулакоў, сераднякоў, беднякоў і батракоў, калгаснікаў і некалгаснікаў, павыдумлялі нейкіх рупараў і кулацкіх падпявалаў.

Так гаварылі тыя, што былі супроць калгаса і ў калгас не пайшлі. А тут яшчэ і гутаркі пачалі хадзіць, што калгасу адвядуць самую лепшую зямлю і ў адным кавалку. І ўсё гэта камсамольская ячэйка і Пракопаў Мікітка чмуцяць! Вярнуўся б Пракоп ды паглядзеў бы, што робіць яго сынок! Не па бацьку пайшоў, гад! Так уздыхалі Мікітавы ворагі. Яны радаваліся і цешыліся з Пракопавага ўчынку шэсць тыдняў таму назад, калі Пракоп пакінуў Затонне, і спачувалі яму. А цяпер яны шкадавалі, што няма яго тут і няма каму суняць не ў меру гарлівага сына-раскола. Ім здавалася, што каб быў тут Пракоп, то справа павярнулася б іначай.

Кіпела Затонне, выбітае з каляіны заскарузлай плыні сялянскага жыцця. Раскалолася старая вёска, а ў яе шчыліны напорыста ўрываліся падыхі новага, нідзе не бачанага яшчэ жыцця, змятаючы з свае дарогі ўсе перашкоды.

 

XXXVI

Мікіта і Тацяна, зачыніўшы акяніцы ў хаце, сядзелі за сталом. Каля Мікіты стаяла лямпа, а ў руках у яго было пісьмо ад Андрэя. Андрэй, разумеецца, горача падтрымліваў Мікіту і хваліў яго за тое, што запісаўся з маткаю ў калгас. Пісаў таксама і пра бацьку, з жалем кваліфікуючы яго ўчынак як контррэвалюцыйны і тлумачачы яго бацькаваю несвядомасцю. Але Андрэй заспакойваў брата і матку, што бацька дзе-небудзь знойдзе сабе работу і будзе жыць, калі не захоча варочацца дамоў, і што само жыццё прымусіць яго прызнаць сваю памылку.

Мікіта і Тацяна гаварылі аб Андрэі і наогул аб сваіх сямейных справах, аддаючыся розным успамінам.

Быў даволі позні час. Стомленае таўкатнёю дня і рознымі калгаснымі згрызотамі, Затонне апускалася ў спакой ночы. Цемра, глухмень і цішыня стаялі над вёскай. Тацяна ўстала, пазяхаючы, з лавы — заперці трэба дзверы на засаў ды лажыцца спаць. Але ў гэты момант бразнула клямка на дзвярах, і чыесь ногі затухкалі ў сенях.

— Хто ж гэта?

Тацяна палахліва зірнула на сына.

— Можа хто з камсамольцаў, — сказаў Мікіта і таксама затрывожыўся.

Яшчэ момант — дзверы расчыніліся, і ў хаце паказалася постаць пажылога селяніна ў доўгім кажусе і з кіем у руках. Насунутая глыбока на галаву шапка і ўскудлачаная барада закрывалі твар. Пераступіўшы парог, пажылы чалавек спыніўся моўчкі.

Маці і сын пазіралі недаўменна.

— Пракоп! — у хваляванні і ў вялікім здзіўленні крыкнула Тацяна.

— Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся, а потым загаварыў:

— Ну, вот і я!

І весела затрубіў носам.

— Бацька! Скуль ты ўзяўся?!

— Гм! Можна сказаць, з таго свету вярнуўся, — паважна адказаў Пракоп і крэпка паціснуў сыну руку.

Мікіта кінуўся памагаць бацьку раздзецца, а Тацяна раптам накінулася на Пракопа і пачала яго прабіраць і клясці, але без злосці, скарэй ад вялікай радасці.

— А бадай жа ты, чалавеча, спрогся, колькі ты нарабіў нам гора і клопату! От цягач, брадзяга! Ну, ці ёсць дзе на свеце такі валацуга?

— Ну, не расхадзіся так, — спакойна азваўся Пракоп, — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух.

— Куды ты пойдзеш? — зняважліва запытала Тацяна. — Нябось бы не вярнуўся, калі б думаў зноў павалачыся куды, — заўважыла яна і штурхнула яго па-прыяцельску ў плечы.

— Адно ж вы не пасварыцеся хоць! — умяшаўся Мікіта.

— Тут не сварыцца, а біць яго трэба! — прыгразіла маці.

Тады Пракоп прыняў паважную позу, зрабіў адпаведную міну і сказаў:

— Смешная ты, маці! Няўжо ж ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Не, брат: Пракопа ты за тры капейкі не возьмеш! Тут самакрытыка трэба ды яшчэ і якая!

Затонне спала глыбокім сном, а ў Пракопавай хаце гарэла лямпа, хоць з вуліцы і не відаць было — акяніцы былі зачынены. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Тацяна, запаліўшы лучыну, пайшла ў камору па сала. Яна не магла не зірнуць на Мікалая Мірлікійскага, і ў парыве радасці і наогул узнятага настрою з прычыны шчаслівага звароту Пракопа яна пацалавала абраз, і недарэчныя мыслі, зусім не рэлігійныя, узварушыліся ў яе галаве і яшчэ больш недарэчныя словы ўсплылі з архіва яе памяці:

 

 

«А мой жа ж ты Мікалаю,

Дзе ж я цябе пахаваю?»

Яна палажыла абраз, выбрала ёмкі кавалак сала і пайшла ў хату, каб згатаваць Пракопу, ну і Мікіце, вячэру, адпаведную гэтаму выдатнаму і рэдкаму ў жыцці выпадку.

 

Гэта думка прыйшла ў камсамольскую Мікітаву галаву ў той жа вечар, як вярнуўся бацька, пасля гутаркі з ім.

«Добра было б! — казаў сам сабе Мікіта, — але для гэтага трэба, каб бацька згадзіўся».

І Мікіта запытаўся:

— А што калі б мы склікалі сход, то ці выступіў бы ты, тата, ну з іфармацыяй аб сваім аглядзе калгаса «Хваля рэвалюцыі»?

Пракоп затрубіў носам і паглядзеў на сына.

Ён не разумеў самога слова «інфармацыя», а калі Мікіта растлумачыў, то Пракоп рашуча заявіў:

— Гэта я скажу! Сам думаў аб гэтым!

Потым яны ўдвух абмяркоўвалі план і характар даклада, што меўся зрабіць на сходзе Пракоп.

Вестка аб звароце Пракопа шпарка абляцела назаўтра затонскія хаты і зрабіла яшчэ большае ўражанне, чым вестка аб яго знікненні з сяла, і дзверы Пракопавай хаты ніколі так часта не рыпелі, як на гэты раз. Прыходзілі затонцы паглядзець на Пракопа, даведацца, дзе ён быў, што з ім сталася і як прыняў ён самы факт запісу яго гаспадаркі ў калгас.

Пракоп не дужа разыходзіўся ў гаворцы — такая тактыка была ў Пракопа і ў Мікіты, — ён толькі казаў, што хоць яго і не выбіралі, але ён сам узяў на сябе ролю дэлегата ад затонцаў і хадзіў аглядаць калгасы, а што бачыў там, то яму проста трудна расказваць кожнаму аб тым: для гэтага будзе спецыяльна склікан сход, і на сходзе ён скажа, што ён там бачыў і з чым вярнуўся дамоў. Мікіты ж у хаце не было, а гэта людзі бралі на ўвагу і думалі, што ў бацькі з сынам нелады.

Сход быў не меней людны, як у той раз, калі прыязджаў Брыль і пісьменнік Базыль Базылец. Нават Чыкілевіч прыйшоў паслухаць Пракопа.

Сход адчыніў старшыня калгаса Лукаш Гулак, пры гэтым ён сказаў кароткае ўступнае слова.

— Таварышы! калгасная справа — для нас новая справа, і не ўсе яшчэ разумеюць яе. Шмат хто баіцца калгаса, думае чорт ведае што. Дык нам цікава паслухаць, як жывуць тыя калгасы, што ўжо маюць пэўную практыку, як арганізаваныя раней. Вось наш таварыш Пракоп сам, сваім адумам, перш чым запісацца ў калгас, рашыў пайсці паглядзець, што робіцца ў калгасах, аб чым і мае далажыць сходу.

На Пракопа пазіралі цяпер сотні пар вачэй.

Пракоп затрубіў носам і пачаў:

— Дык вось, таварышы-грамадзяне! што я вам скажу? Вы ведаеце, што я быў прапаў. Не хацеў я калгаса. «Згары ты, — думаю, — гэты калгас! Новую выдумалі паншчыну. Які буду я там гаспадар?» Ну ведаеце, думаў я так, як можа шмат хто з нас думае яшчэ і цяпер, і пайшоў, абы ў калгасе не быць. Цягаўся я, цягаўся — дзе ж ты ў чорта зімою работу знойдзеш, калі апроч плуга, касы і тапара ніякага струманту ў руках не дзяржаў? Думаў я, думаў і нарэшце думаю: а давай зраблюся дэлегатам ды пагляджу бліжэй на калгас. І пайшоў. Няёмка мне было, баяўся, каб дакуманту не спыталі, бо які ж я дэлегат?

І расказаў падробна Пракоп пра калгас «Хваля рэвалюцыі», пра сталоўку, дзе так добра кармілі, пра лазню, у якой змылі з яго «аднаасобніцкую кулацкага гатунку» гразь, пра кватэры калгаснікаў, пра кантору, пра знамяніты Лапкоў будынак. А калі стаў ён расказваць пра маёмасць калгаса і яго здабыткі і ўпамянуў кныра «Пана Пілсудскага», то камсамольцы і калгаснікі зарагаталі і дружна запляскалі Пракопу.

Калі Пракоп скончыў, то некаторы момант сход маўчаў, глыбока здзіўлены, а потым сталі закідаць Пракопа пытаннямі, што сведчылі аб вялікай зацікаўленасці схода калгасам «Хваля рэвалюцыі». І толькі дзед Піліп выказаў сумненне, ці праўда гэта ўсё.

— Калі б я не бычыў усяго гэтага сваімі вачыма, — адказаў на сумненне дзеда Піліпа Пракоп, — я і сам не паверыў бы. Але вось я што скажу вам, таварышы, пашліце вы туды дэлегацыю з тых, хто не дае мне веры. І трэба нам, таварышы, паслаць туды людзей вучыцца будаваць сапраўдны калгас.

Калгас перамог.

 

З апушчанаю галавою ішоў Чыкілевіч на сваю сядзібу, адчуваючы, як звужаецца круг яго жыцця і гінуць яго надзеі. Што ж рабіць? Успомніў Юркавы словы. Выхад адзін — перабрацца ціхенька, покі не позна, у горад. І паціху збіраўся ён. У горадзе як бы трохі і клёвала. Знаёмы сальнік гатоў быў трохі дапамагчы яму. Заставалася толькі як-небудзь выратаваць кубел з салам, крупу і іншы кулацкі скарб, схованы ў патайным склепе ў клуні. Але покі ён абмяркоўваў план, як дастаць з склепа дабро, не драмала і зоркае вока Кандрата Казея. Калі сена над склепам было аскубана, Казей звярнуў увагу на своеасаблівасць гуку ў яго пад нагамі. Тупануў нагою раз — трупціць пустатою, глухі звон аддаецца. Стаў рабіць доследы, і вострая дагадка асвятліла яму галаву. Замкнуў клуню і незаметна шмыгнуў на сяло.

Калі, счакаўшы, на двары зноў паказаўся Казей і не адзін, а з старшынёю калгаса, з Марынічам і Амяллянам Нічыпаруком, то Чыкілевіч крыху затрывожыўся. Яшчэ больш узрасла яго трывога, калі Лукаш Гавака запытаў, ці ёсць у яго што-небудзь у клуні.

— Ёсць тое, што бачыце: сена, салома, — адказаў Чыкілевіч, а твар яго збялеў як палатно.

Старшыня не сказаў болей нічога.

Мужчыны пайшлі ў клуню. Амяллян Нічыпарук нёс лом, а ў Марыніча была лапата.

— Прапала сальца, прапала крупа, самавары і срэбра! — прастагнаў Чыкілевіч.

Як прышыбленая громам, маўчала Улляна.

— Заперці іх і спаліць разам з клуняю! — Юркавы вочы загарэліся дзікім агнём, і ён хацеў ужо бегчы, каб ажыццявіць сваю пагрозу.

— Смерць, смерць наша! — дзіка крычала Улляна, паваліўшыся на зямлю.

Незаметна засунуў Чыкілевіч тапарышча сякеры ў рукаў пільчака і выскачыў з хаты. За ім пабег і Юрка.

Мужчыны ж у клуні, раскрыўшы патайны склеп, былі так захоплены гэтаю знаходкаю, што і не заўважылі Чыкілевіча з сынам. Старшыня і Казей стаялі над склепам і цягнулі мяшок з крупою. Галасы Марыніча і Амялляна глуха гулі ў склепе. Выцягнуўшы мяшок, старшыня і Казей неслі яго на ток.

— Грабежнікі! — закрычаў Чыкілевіч.

Сякера выслізнула з яго рукава, і, высока падняўшы яе за канец тапарышча праваю рукою, ён рынуўся на мужчын.

Жахнуўся Юрка. Гарачая кроў яго астыла.

— Спыніся! — крыкнуў бацьку і хацеў схапіць яго за руку. Рука з паднятаю сякераю адхілілася ад Казеевай галавы і халодным вастрыём секанула ў Юркаў твар ніжэй вуха.

— Ой, — крыкнуў ён і акрываўлены зваліўся на мёрзлы ток.

Сякера выпала з рук Чыкілевіча.

— Сынок мой! што я нарабіў! — загаласіў бацька і паваліўся на Юрку.

Яго адцягнулі і звязалі. Потым яго забрала міліцыя, Юрку перанеслі ў хату. Рана яго была хоць страшная і глыбокая, але не смяртэльная.

Бабура зрабіў хітрэй.

Калі камсамолец Гаруй паехаў на бухгалтарскія курсы, то Анэтка зраклася бацькоў, сардэчна развіталася з імі і паехала да Гаруя і запісалася з ім. І збылося Лапкова прароцтва аб тым, што Анэтка будзе калгасніцай. Сам жа Бабура ціхенька ліквідаваў сваю маёмасць, здабыў сабе дакумант, што ён батрацкага роду і з гэтым дакумантам пайшоў шукаць сабе шчасця на новым месцы, а яго дзецям былі шырока расчынены дзверы на арэне жыцця.

 

16 V 1931 г.


1930-1931; 1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў у 20 т. Т. 12: Аповесці. - Мінск: Беларуская навука, 2010. - 515, [3] с.