Горка на свеце мне жыць адзінокім
І думаць, як ўсім ты чужы,
Быццам той камень, што ў полі шырокім
Спрадвеку ляжыць на мяжы.
К людзям памкнешся — у кожнага гора
І кожын заняты сваім;
Песня ўсё тая ж сягоння і ўчора,
Ды спевам нясецца чужым.
Ціха па лесе йдзе шум аднатонны,
І чуецца водар хваін;
Сіняга неба від там бяздонны
Глядзіць скрозь прасветы галін...
Добра, прывольна. Чаго ж не хватае?
Як зелен драўляны шалаш!
Сэрцайка ж чуе, як лес мне спявае:
«Не наш ты! не наш ты! не наш!»
Выйдзеш на поле. Багатыя нівы.
І вокам не скінеш раўнін!
Птушкі шчабечуць, а ты, маўчалівы,
Глядзіш чужаніцай адзін.
Сумна на сэрцы. Душою знікаеш.
Адзін ты, як голас ў глушы;
Ходзіш па свеце, ды цяжка ўздыхаеш
І роднай не згледзіш душы.
Мінск
[1911]