epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Агатка

I
II
III


I

 

 

Дзіўная дзяўчынка маленькая Агатка. Ёй шэсць гадоў, а выглядае на гадкоў чатыры. І гаварыць яна добра не ўмее. Гаворыць па-свойму, а разабраць яе цяжка. І гаворка больш выказваецца ў нейкіх гуках, чым у словах. Глядзіць на яе дзед Павал і галавою часамі заматае. Напэўна думае – няшчаснае дзіця яго ўнучка: не стае ёй чагосьці ў галаве. Малая будзе з яе дапамога ў гаспадарцы. І жаласць абудзіцца да яе ў дзедавым сэрцы. Расце дзіця без роднай маткі. Няма таго догляду, тае ласкі, увагі, што ідзе ад матчынага сэрца. І Агатка напэўна адчувае гэта сваім дзіцячым сэрцам, бо нейкі смутак прабяжыць іншы раз па яе замурзаным тварыку.

Раненька падымаецца Агатка, часамі раней за сваю мачыху. Сядзе на лаву каля акна. Слаўна там, на дварэ. Неба такое яснае, светлае. Па саламяных стрэхах разліваюцца ўсмешкі сонца, а верабейчыкі, як дзеці, дурэюць, чырыкаюць, а часамі і ўчубкі возьмуцца. Пацеха з імі! Агатцы хочацца туды, страх як хочацца! Там яе жыццё, яе радасць, там прастор і воля. Баязліва паглядае Агатка на мачыху, украдкам кіне позірк за акно. Рана яшчэ. Расы ўсюды многа. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Агатка прыліпае да акна. Эх, як там цікава! Не хочацца ў хаце сядзець. Бо што ж тут, у хаце? Душна, цесна, мух многа. І надакучыла дзедаву песню слухаць, бо дзед Павал увесь дзень стаіць каля калыскі і ўсё мармыча:

 

 

Угу-угу! угу-угу!

 

 

Крычаць на Агатку дома, бо яна валакітка вялікая. Як пойдзе з хаты зранку, так і прападзе на цэлы дзень. Не падабаецца гэта мачысе: трэба было б і да работы прывыкаць. Дый людзі могуць падумаць, што Агаткі затым ніколі дома няма, што ў яе нядобрая мачыха. І мужу часамі пажаліцца. А бацька сярдзіты. Рука яго цяжкая, і слова яго жорсткае. Вось толькі дзед пагаворыць з ёю. Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал:

– Не хадзі ты, Агатка, далёка: бацька сварыцца будзе. Забылася, як ён крычаў на цябе? Ты каля хаты гуляй, на прыгумень ідзі.

Агатка на дзеда зірне, засмяецца. Нічога дзед не ведае. А дзед ёй кажа:

– Няможна адной па полі хадзіць. Воўк з кустоў выскачыць. Ты не бачыла воўка – страшна, страшна, ого!

Агатка смехам заліваецца. Яна не баіцца воўка, што ёй воўк зробіць?! А то проста перастае дзеда слухаць і аб чымсьці другім думае. А аб чым, дык і згадаць цяжка. На дзеда Агатка глядзіць, а з дзеда на хлеб вочы пераводзіць і кажа:

– Дай.

Дзед да стала кульгае, унучцы кавалак хлеба адрэжа.

Агатка бярэ хлеб, чуць не выхватвае з рук, і стралою на двор вылятае. А дзед Павал галавою патрасе і яшчэ больш сурʼёзным стане.

 

 

II

 

Не ўтрымаць Агаткі дома. І дзе толькі не апынецца яна за дзень! На мінутку на двары прыпыніцца, каб разглядзецца трохі, у які бок ёй кінуцца. Зачынены весніцы на вуліцу. Адчыняць ёй цяжка. Яна спрытна пералазіць весніцы. Вось і вуліца.

У адзін і ў другі канец вуліцы глядзіць Агатка. Не, няма дзе разгарнуцца тут. Цесна. Па вуліцы дзеці бегаюць. Лужыны стаяць на ёй: учора дождж уліўны прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца, шумяць звонкія галасы дзяцей. Не, Агатка з імі не кампануе. Ёй адной весялей.

Упоперак вуліцы перабягае, цераз суседскі двор на поле бяжыць Агатка. У полі так прасторна! Бяжыць яна туды, дзе шнурамі нівы пралеглі. Спыняецца Агатка: такая прыгожая красачка расце на ўзмежку. Агатка радасным смехам смяецца і нейкія словы гаворыць. З красачкаю размаўляе. Зрывае, нюхае і далей бяжыць.

У полі так добра! Прастору многа. Жаўранкі спяваюць. Белыя хмаркі праходзяць, а скрозь іх такая слаўная просінь відна. Зусім не відаць Агаткі: вусаты ячмень з аднаго боку, з другога – мятлісты авёс. Гнуцца каласы над полем. А красачак колькі тут! Агатка забывае ўсё. Ну так тут добра, што аж прысядзе дзяўчынка, на прыполіку красачкі перабірае, гаворыць з імі, смяецца. Потым яшчэ далей падаецца Агатка. Вось і мяжа скончылася. На дарогу выйшла. Людзі кудысь едуць, Агатка праводзіць вачыма кожную фурманку. А вунь там, як мурашачка, выпаўзе з-пад лесу яшчэ адна і яшчэ. Куды яны едуць?

А побач з дарогаю чыгунка бяжыць. А там, далёка-далёка, дымок белаваты паказаўся. Глядзіць туды Агатка – гэта ж поезд ідзе! Крыкнула Агатка. Кулём на другі бок чыгункі кідаецца, бяжыць туды, дзе спыняецца поезд, выбірае сабе мясцінку, каб усё відаць ёй было.

А тут незнаёмыя людзі сталі збірацца, не тутэйшыя. Гэта дачнікі. Але яны не займаюць увагі Агаткі. Яна глядзіць на поезд. Клубок белага дыму ўбок заламаў, дзесь знік за кустамі. Агатка глядзіць, ці зʼявіцца ён зноў, ці не. Няўжо так і не зʼявіцца? Агатка не зводзіць вачэй з тых кустоў, і радасны крык вырываецца ў яе: выскачыў поезд разам з цэлым хвастом кучаравага дыму.

Прыпыняецца поезд, бег свой змяншае, падыходзіць смелы, магутны, тупоча сотняю жалезных ног. А з акон вагонаў цэлыя букеты людскіх галоў пазіраюць. Спыніўся. Як пчолы з вулля, высыпаюць з вагонаў людзі. Шум, гоман, смех дзяцей. Агатка пазірае, адкуль жа гэта так многа дзяцей? Ды ўсё з нейкімі чырвонымі стужкамі на шыях. У рады пастроіліся. Музыкі ім граюць на трубах.

Не ведае Агатка, на што глядзець ёй: ці на гэтыя трубы бліскучыя, ці на дзяцей, ці на іх чырвоныя павязкі? Гукнуў поезд, нехта ў свісток засвістаў. Здрыгануліся вагоны, памчаўся поезд далей.

Разыходзяцца людзі то кучкамі, то па адным, і толькі стройная калонка дзяцей з чырвонымі павязкамі кудысь у лес пайшла. Агатка ідзе за імі, глядзіць, хто яны такія? Чаго прыехалі сюды? Ах, якія прыгожыя стужкі ў іх! Агатка яшчэ трохі праходзіць за імі, потым спыняецца, стаіць, залажыўшы ручкі за спіну. Напэўна, весела дзецям, а яна адна. Каб у яе была такая чырвоная стужка, то можа і яна б пайшла з імі. Але як толькі адвяла ад іх Агатка вочы, то думкі аб чырвонай стужцы спыняюцца. Аб чымсьці другім думае Агатка і павольна ўжо ў той цёмны яловы лес ідзе. Чаго яна ідзе туды? Ды проста ёй хочацца кудысь яшчэ падацца, і ідзе яна проста так сабе, абы на адным месцы не быць. Чуе Агатка – грукоча дзесьці нешта, тарахціць, аж паветра ломіцца. Кідае погляд дзяўчынка, разглядаецца. Гэта той страшны жук гудзе, самаход. Вось ён, як віхор, імчыцца. Пыл курыць. Агатка адбягаецца ўбок, на горку ўскочыла, за хвойку схавалася. Праляцеў самаход. Агатка кулачком патрэсла на яго. А ён спалохаўся: борзда-борзда ад Агаткі ўцякае.

Агатка навокал азіраецца – хоць бы пабачыў хто, як гэты бліскучы жук ад яе ўцякае.

 

 

III

 

Далёка ад дому адышла Агатка. Вакол яе поле ды гэты цёмны яловы лес. І пуста, нялюдна тут. Глуха. Але Агатка не баіцца. Каго ёй баяцца? Ёй нават добра тут, бо зусім нікога няма. Але Агатка раптам спыняецца: ці не бацька яе вунь там, каля лесу, ходзіць?

І конь пры лесе ў арэшніку стаіць... Не, гэта хтось невядомы, чужы. Адлягло трошкі ад сэрца Агаткі. Пасмялела. Аж бачыць – недалёка ад яе другі чалавек. І твар яго неспакойны. Трывога на ім. Усё гэта неяк адразу кінулася ў вочы Агатцы. І нядобрым вокам Агатку акінуў гэты пануры чалавек. Што рабіць ёй? Страх нейкі адчувае цяпер Агатка. І чаго яны тут? Чаго яны прыйшлі замінаць ёй? Хто іх прасіў, хто клікаў? А страшны чалавек другому, што каля лесу быў, рукою махнуў. Сышліся. Гавораць. На Агатку паглядаюць. І чуе яна размову.

– Ліха ж яе ведае, – кажа адзін.

– І адкуль яе чэрці нанеслі! – злосна гаворыць другі.

Яны хавалі тут кантрабанду. Колькі часу патрацілі, колькі страху набраліся! З-пад самай граніцы везлі. Зарабіць можна чорт ведае колькі. Цяпер небяспечна: малое-то малое, а шкоды нарабіць можа.

Дзіка заварушыліся вочы ў таго, што ад фурманкі падышоў. Азірнуўся навокал.

– Прыдушыць! – шыпіць чалавек.

– Глядзі, каб ліха не нажыць... Ах ты, паршыўка праклятая! Каб такая паскуда ды столькі клопату нарабіла... Хіба перахаваць?

– Куды перахоўваць? Па слядах пагранічнікі ціснуць... Ідзі да каня!

Абмерла Агатка: незнаёмы чалавек да яе зверам ідзе. Дзіка закрычала Агатка, бегчы кінулася. Дзесятак шырокіх крокаў – і дужая рука за сукенку на спіне схапіла. Момант – бурканула Агатка ў паветры і аб зямлю моцна стукнулася.

Нічога больш не памятае Агатка. Толькі пад вечар расчыніла яна вочкі. Тое ж самае поле, той самы лес, але страшных людзей тут не было. А тут хлопцы з дома адпачынку гулялі і на той час, калі над Агаткаю была занесена рука смерці, праходзілі тут, нічога не ведаючы. Праходзілі і спалохалі контрабандыста.

І ўсё яно неяк дзіка і недарэчна сплялося, і ніхто не ведаў трагедыі дзіцячай душы.

У пасцелі некалькі дзён паляжала Агатка. Падсядаў да яе дзед Павал, гладзіў шурпатаю добраю рукою па яе галоўцы і словы добрыя казаў ёй:

– Закіданае ты дзіця. Маці ў цябе няма. І галоўка твая дурная... Ды што ты зробіш? Ачуньвай, гадуйся. Жыві!

[1925]


[1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6