Якуб Колас

Апошняя капейка

У мужычым капшуку ляжала адна толькі капейка.

Скуль яна там узялася, дапраўды трудна сказаць. Ці на ажыўленым таргу прадсвятачным які імосць аблічыўся, ці пісар валасны там абмыліўся, рахуючы на табліцы належнасць за падаткі, ці год там ураджайлівы быў, што прынёс яму зыску той грош – досыць, што на дне палатанай, забруджанай кішэні, разам з крэсівам і скалкаю, валялася счарнеўшая ад часу і паняверкі – капейка медзяная.

Ад часу да часу тарандзіць яна тут аб крэсіва, там аб скалку ды мысліць:

– Малая, мізэрная, выцертая я, як старая падэшва, а ўсё ж усе мяне дабіваюцца. Сусед-купец, начальнік земскі, шынкар казённы, а днёў таму колькі падобна сам міністр скарбу паквапіўся на мяне, але ж я не паддалася ды выкруцілася!...

Адракуся я ўсіх, але мужыка не пакіну і хіба ж разам з ім у гроб пайду.

Як доўга яшчэ капейка аб тым думала – не ведаю, аж заявіўся да мужыка хаўруснік «саюза народа рускага».

Мусіш даць складку, бо відзіш, атрымалі мы прыказ з Пецярбургу пасылаць нам дапешы да начальства, няхай нас ад Думы узвольніць. Не намысляйся толькі давай грошы!

Мужык падрапаўся ў галаве і сказаў:

– Чаго тая дапеша? Калі начальства хоча нас ад Думы аслабадзіць, дык няхай увальняець без складкі, гэта ж канец...

– Ну, ну не развадзі, давай грошы!

Мужык патрос грываю, сунуўся ў торбу, дастаў апошнюю капейку – ды аддаў.

– Ах ты хаме! То ж ты учуцця абывацельскага маеш ледзь на гэтую капейку!

Але ж што рабіць, няхай і так будзе... А капейка, пакідаючы мужыцкую торбу, думае:

Вярнуся я к мужыку, усё адно на службу вярнуся!.. Шмат часу ат тае пары уплыло, а капейка ўсё па свеце туляецца. Была на пошце, на тэлеграфе, у касе казённай і павалаклася, распусніца, аж урэшце вярнулася да краю, толькі ж дзіўне свой выгляд змяніла: паменшала, падаўжэла і нават імя змяніла, на – кулю.

У той час былі кулі медзяныя, бо да алавяных людзі занадта прызвычаіліся.

Капейка, здзівёная, разглядалася наўкола – вёска знаёмая, народу сабралося цьма, як раз, як у дзень святочны, або на набажэнства...

Таварышка з суседняга набою паціху да яе гаворыць: – Зараз убачыш, як то мы бунт зямельны ўсміраць умеем. Не прыпатрылася задзіўленая капейка адказаць, аж хутка застала упхнутая у якуюсьць цёмную нару, скуль яшчэ шыбчэй выляцела і свету не бачачы, засела у чымсць сукаватым і касцістым. А як апрытамнела, азірнулася наўкола, так ёй сэрца з радасці чуць не выскачыла.

Споўнілся яе даўнейшая думка: прычапілася моцна да касцістай галавы мужычай.

– «Цяпер ужо не расстанемся, стары мой прыяцелю», шапнула капейка утуляючыся глыбока ў змаршчэную ды пашарпаную шкуру.

 

[1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com