epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Арыніна перамога

I
II
III


I

 

 

Арынцы было пяць год, калі бацьку яе забралі на вайну з немцамі.

Яна добра памятае той дзень. Такая сумятня была ў вёсцы. Плакалі мацяркі і жонкі, выпраўляючы сваіх сыноў і мужоў. Плакала і Арынчына маці, ідучы поруч з Апанасам. Апанас, Арынчын бацька, нёс на руках яе і меншага брата Алеся. А на руках у маткі была маленькая Зоська. Арынцы трохі няёмка было – такой «вялікай» – на бацькавай руцэ. Але яна не пратэставала, бо так, відаць, трэба было. Туліў бацька да шырокіх грудзей Арынку і Алеся і цалаваў іх, а ў самога былі слёзы на вачах. Прадчуваў, мусіць, што не вернецца з вайны.

У дванаццаць гадоў засталася Арынка сіратою. Калі яшчэ жыва была маці, то хоць і цяжка было ім, але сяк-так перабіваліся і ўдваіх лягчэй гаравалася. Адно толькі можа было для яе бядацкае шчасце, што Алесь і Зоська паўміралі раней, і засталася Арынка адна-адненькая. Усю ж яе маёмасць: хібарку-хату, хлявец і чатыры дзесяціны зямлі сваякі паразбіралі. А дзядзька Сымон, старэйшы брат Апанасаў, забраўшы зямлю, узяў да сябе і Арынку. Нясоладка жылося ёй у дзядзькі. Свая сямʼя вялікая, і тут яна аказалася лішняю. А потым дзядзька Сымон аддаў Арынку служыць на хутар, да заможніка – кулака Трахіма Гармізы.

Час быў такі бурны, неспакойны, трывожны – рэвалюцыя, вайна, але Арынчына жыццё не змянялася – цяжка было ёй, і не было каму заступіцца за яе. Не лепш, як у дзядзькі, было ёй і ў Гармізы. Адна толькі ўцеха, што Гарміза – чалавек чужы, не так хоць крыўдна. Умеў Гарміза чужымі рукамі нажывацца, да работы прынявольваць ды яшчэ і папікаць Арынку сваім хлебам і сваёю кулацкаю ласкаю. Цярпела Арынка, не бачачы свету за работаю, і маўкліва цярпела несправядлівасць. Горка было і крыўдна: Гармізавы дочкі ў школах вучыліся, шукалі яшчэ лягчэйшага хлеба, хоць жылося ім і так някепска – позна ўставалі, елі смачна, хадзілі чыста адзетыя, па добрай волі рабілі работу. Арынка ж да ўсходу сонца падымалася з пасцелі, са свайго бярложку за печчу ў кухні, апошняю клалася спаць. Хадзіла летам босая, зімой у лапцях, у старых неданосках, з патрэсканаю скураю на руках, з заскарузлымі ад работы пальцамі. У няспыннай рабоце, не ведаючы адпачынку, у слепаце і цемнаце праходзіла яе дзявоцтва. Яна ведала, што сіратам цяжка жыць на свеце, але глухі пратэст падымаўся ў сэрцы супроць такой несправядлівасці. З зайздрасцю і са злосцю пазірала яна спотайку на Гармізавых дачок: яны вучацца, чытаюць кніжкі, камандуюць ёю. А чым яна горш за ўсіх? У лужыну часамі, замест люстэрачка, паглядзіцца Арынка і катэгарычна прызнаецца сама сабе: «Адзеньце мяне так, як адзетыя вы, ды навучыце мяне грамаце – я вас за пояс заткну». Ды што ты зробіш? Каму паскардзішся?

 

 

II

 

Бурнае разводдзе людскога жыцця ўваходзіла ў новыя берагі. І немцы, і белапалякі, і бандыцтва засталіся ззаду. Усталявалася савецкая ўлада. Добрыя чуткі сталі даходзіць да Арыніных вушэй. Савецкая ўлада заступаецца за беднату, за абяздоленую голь, за батрацтва. І жыццё, як заўважыла Арына, і людзі навокал яе пацвярджалі гэтыя чуткі. На Гармізаў хутар прабіваліся подыхі новага жыцця. Гарміза і дочкі яго відавочна пахмурнелі. Абрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю надзялілі двух беднякоў.

– Гэта парадак на свеце? – злосна бубніў Гарміза. – Што я нажыў потам і крывавым мазалём, забіраюць ад мяне... – І скрыва паглядаў на Арынку, але ў вочы стаў лагоднейшы.

А праз колькі дзён нават і гутарку пачаў з ёю.

– Служыш ты ўжо, Арынка, у нас пяты год і служыш сумленна. Трэба табе і пенсію падбавіць. Вось табе гасцінца дзесяць рублёў, а з гэтага часу буду плаціць табе на два рублі болей, а ўсяго буду плаціць у месяц чатыры рублі. Можа і цяжка часам было, то ты ўжо не крыўдуй, Арынка.

Здзівілася Арынка і слоў не знайшла, як адказаць яму.

Але хітры кулак падкупіў маладое дзявочае сэрца: яна ж цяпер адразу багатаю стала. І пачала яна разважаць, чаму Гарміза так раптам падабрэў. Можа і сапраўды ён не такі ўжо ліхі чалавек, якім лічыла яна яго дагэтуль? Так і не дадумалася Арынка, чым растлумачыць Гармізаву змену. Напэўна тут нешта ёсць, думала дзяўчына, і на думку ёй прыходзіла савецкая ўлада. І справа скора высветлілася. Праз колькі дзён прыйшла на Гармізаў хутар маладая жанчына спецыяльна для таго, каб пагаварыць з Арынаю. Арына дужа здзівілася, а Гарміза моцна спалохаўся. Яшчэ больш цікава было Арынцы: чаго спалохаўся яе гаспадар, чалавек з шырокаю спіною, з тоўстым, як у вала, каркам, гэтай маладой і зусім на выгляд нястрашнай жанчыны. Але Гарміза спалохаўся нездарма: маладая жанчына, Ульяна Кубеліч, была не хто іншая, як прадстаўнік рабачкома ад сельсавета.

Павёў Гарміза Ульяну ў святліцу.

– У вас ёсць работніца, – адразу і па-дзелавому прыступіла Ульяна Кубеліч да справы, узяўшы карандаш і паперы з партфеля.

– Ёсць, – ціха адказаў Гарміза.

– А колькі яна працуе ў вас?

– Пяты год.

– А колькі ёй гадоў? – дапытвалася Кубеліч.

– Ды ўжо, мусіць, гадоў васемнаццаць ці каля гэтага, – нясмела адказаў Гарміза і, ажывіўшыся, казаў далей: – Я ўзяў яе зусім падлеткам. Сірата ж яна. Проста з жаласці ўзяў. У мяне яна расла і гадавалася.

– Ну, але яна ў вас была і за работніцу?

– Вядома ж, рабіла работу, як робяць мае дзеці.

– Дык вы, што ж, на правах дачкі трымалі яе? – пацікавілася Ульяна.

– Ды бадай што так.

Ульяна паглядзела на Гармізу. Тонкая ўсмешка прабегла па яе губах.

– Як зваць яе?

– Арына.

– Паклічце яе сюды, а самі выйдзіце, – тонам загаду сказала Ульяна.

«Ось ты, чорт цябе вазьмі: прыйшла сабе ў хату і распараджаецца тут».

Але не паслухацца грознай жанчыны з партфелем Гарміза не пасмеў.

– Мяне вы клікалі? – запытала Арына, увайшоўшы ў святліцу і са здзіўленнем пазіраючы на Ульяну.

– Так, мілая.

– А хто ж вы такая?

– А я з рабачкома, упаўнаважаная ад сельсавета. Абследую становішча батракоў, работніц і работнікаў у прыватных гаспадарках. Сядайце.

– Нічога, пастаю.

– Ці мала настаялася? – лагодна запытала Ульяна.

– Ну, што ж? Такое наша шчасце.

– Ты мыляешся, Арына. Сядай, пагутарым...

Падрабязна распытвала Ульяна пра Арыніну службу, жыццё, заработак, пра выхадныя дні. Праўдзіва адказвала ёй Арына, не ўтаіўшы нават і тых дзесяці рублёў Гармізавай нагароды і тых двух рублёў надбаўкі, што абяцаў ёй Гарміза. Ульяна ўсё запісвала.

– Вось як гэта добра – умець запісаць, – сказала Арынка, пазіраючы, як піша Ульяна, і журботна паківала галавою.

– А ты непісьменная?

– А дзе ж мне быць пісьменнай?

– А Гарміза ж казаў, што ты амаль на правах яго дачкі жыла?

Арына паглядзела на Ульяну, і гэты погляд казаў: «Гаварыць можна што хочаш».

Яны зразумелі адна адну і ўсміхнуліся.

 

 

III

 

Ульянін прыход на Гармізаў хутар быў паваротным пунктам у Арыніным жыцці. Па-першае, Арына пераканалася, што савецкая ўлада сапраўды абараняе інтарэсы беднаты і не дазваляе, каб яе крыўдзіла і эксплуатавала рознае людское павуччо. А вынікам усяго гэтага была справядлівая ацэнка Арынчынай працы ў Гармізы і яе аплата: Гарміза павінен быў справіць Арыне абутак, поўны камплект адзежы, выплаціць ёй трыста рублёў ды даць яшчэ пры разліку па дзесяць рублёў за тры месяцы.

Абутая, адзетая, з грашыма ў кішэні, горда ішла Арынка з Гармізавага хутара, маладая, прыгожая, вясёлая, з высока паднятаю галавою. Не, савецкая ўлада не дасць ёй загінуць!

Апынулася Арынка ў горадзе. У іншы круг людзей, у новае кола інтарэсаў трапіла яна. Прынялі Арынку на фабрыку. Пачала яна хадзіць на сходы, даклады і спрэчкі слухаць, і стала святлець у яе вачах, і гэты свет зусім па-іншаму раскрываўся перад ёй. І старанная ж была яна работніца. Калі ранейшая праца яе была паднявольная, то цяпер працавала яна свядома, рупліва, старанна, бо ведала, для чаго, навошта працуе.

Але самае важнае тут было вось што: пачала Арынка ліквідаваць сваю непісьменнасць. Наўперад ёй было страшнавата, калі іх, непісьменных людзей рознага полу і ўзросту, сабралі ў цэлую групу, калі прыйшоў настаўнік, малады студэнт, ды разлажыў лозунгі, плакаты і розныя кнігі. І дзіўна было тое, што настаўнік адразу пачаў з чытання цэлых сказаў. Пазірала Арынка на невядомыя ёй значкі, што азначалі цэлыя словы, і чытала разам з другімі, нічога не разумеючы. Запаміналі сказы, пазнавалі словы ў гэтых сказах, прыглядаліся да іх. Страшна было, цяжка і незразумела. Але ў далейшым гэтыя словы і гэтыя літары-значкі станавіліся больш знаёмымі. Памаленьку, патрошку раскрывалася таямніца чытання, граматы...

 

 

Прайшло тры месяцы часу.

Ехала Арынка ў падшэфны калгас. Дзве станцыі трэба было ехаць поездам. Апрача Арынкі, былі тут яшчэ тры рабочыя і адна работніца з іх брыгады. А ў вагоне ехалі розныя людзі. Курылі здорава. Арынка ж чытала ўсё, што пападалася ёй на вочы. І бачыць яна надпіс угары, над дзвярыма вагона: «Для некурашчых». Марудна, павольна прачытала яна надпіс, прачытала яшчэ раз, зірнула на курцоў. Праўду сказаць, курцы ўжо і не так заміналі ёй і табачны дым не быў ёй праціўны. Але Арынка не магла стрымацца, каб не выкарыстаць сваёй пісьменнасці і права пратэставаць супроць курцоў у вагоне для некурашчых. Яна важна падышла да курцоў.

– Таварышы! – сказала яна. – Паглядзіце, што там напісана? – і паказала пальцам на надпіс. Курцы, хоць і ведалі, што ёсць тут гэты надпіс, але паднялі галовы, паглядзелі на яго і моўчкі спынілі курэнне.

І ў гэтым таксама была Арынчына радасць і перамога.

[1931]


[1931]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6