На шырокім раздарожжы
Між двух розных светаў
Лёг наш даўні край прыгожы,
Родны край Саветаў.
Эй, таварышы, братва!
Будзем край наш вартаваць.
Глянь, па ўсёй нашай старонцы —
Ад Дзвіны да Пцічы —
Як зычліва свеціць сонца
Ў сталінскім абліччы.
З імем Сталіна ўпярод
Ідзе смела наш народ.
Уплылі нядоля, гора,
Ліха беззваротна,
Нам дарожанькі ў прасторы
Леглі, як палотны.
Куды поглядам ні кінь,
Многа ясных далячынь.
Змрочны Захад з чорнай ночы
Скрыва косіць вокам,
Як да шчасця люд рабочы
Ідзе звонкім крокам.
Ты, фашыст, не паглядай
І на край наш не ківай.
Мы трымаем на старожы
Вуха, зрок відушчы,
І начніц ліхіх, варожых
Не ўратуюць пушчы.
У нас чуткі вартавы,
Зоркі, смелы, баявы.
А палезе сіла ўражжа,
Нязваная ў госці,
На парозе трупам ляжа,
Зложыць свае косці.
Ёсць у нас з чым ваяваць,
Знаем, чым пачаставаць.
Не цячы Дняпру і Сожу
Ў нямецкае мора,
Не таптаць назе варожай
Нашых ніў, прастораў.
Беларускі наш фарпост
Лютым ворагам — пагост.
4/IV 1939