Падпечкам Баба кур дзяржала.
Прайшла зіма, вясна настала, –
Кудахчуць куры і сакочуць,
У дзверцы, бедныя, глядзяць.
А птушкі з выраю ляцяць;
На свет і куры нашы хочуць –
Чарвей і крошак пашукаць.
– Пусці ты, бабка, іх на волю! –
Суседкі кажуць Бабе той:
– Няхай пабегаюць па полі –
І цёпла ўжо, і мошак рой.
Падпечак Баба адчыніла
(А чапялу яна ўзяла).
Паверыў Певень – тыц ён рыла!
Па карку Баба так дала,
Што Пеўню вочы засланіла
І юха з Пеўня пацякла.
Пайшоў назад мой Певень збіты,
А куры хоць сабе й крычаць,
А ўсё за дзверцамі сядзяць,
Хоць тыя дзверцы і адкрыты.
Красавік, 1907