epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Байцам і камандзірам Чырвонай Арміі

Якія словы, песні, хвалы

Злажу я вам, багатыры?

І слоў маіх і песень мала,

Каб вам прыняць іх за дары.

 

Вышэй вы песень самых звонкіх

І самых шчырых слоў-пахвал.

Вы — сонца роднае старонкі,

Зямлі вясёлкавы крыштал.

 

Над светам, змучаным тыранам

І пакалечаным вайной,

Заззялі ранкам вы румяным

І вечна юнаю вясной.

 

І толькі вашы рукі, плечы

Такі цяжар падняць маглі:

Ён вышай сілы чалавечай

І вышай сіл другой зямлі.

 

Пад вашым грамавым ударам,

Як лёд пад сонцам веснавым,

Хіснуўся, падае пачвара,

Фашысцкі звер з клыком сваім.

 

Няхай жа ў вашым сэрцы львіным

Не стыне помсты жар святы.

Наперад к новым верхавінам!

Да новых подзвігаў, браты!

 

22/І 1943


22.01.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945