epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Балаховец

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI


I

 

 

Па траве між гасцінцам і алешнікам, што зялёным вянком раскінуўся паабапал рачулкі, прабрылі чалавечыя ногі. Няроўная, як бы няўпэўненая дарожка – след вельмі добра відаць у выбеленай росамі травяной руні.

Хто б гэта мог прайсці тут? Напэўна які-небудзь уцякач або кантрабандыст ці проста бандыт, бо за рачулкаю пачынаецца Польшча, праўдзівей, нават і не Польшча, а Заходняя Беларусь, заграбастаная панскаю лапаю.

Стары гасцінец, злучаючы дзве родныя, але зусім непадобныя ў палітычнай будове краіны, захоўваў урачыстую цішыню. Журботныя постаці бабулек-бяроз, пакорна пахіліўшыся над долам пад цяжарам старасці, паапускалі сваё гнуткае, як лён, вецце і не варушыліся, як бы акамянеўшы ў нейкім сваім адвечным нязбыўным жалю. Было ўжо светла. Лёгкія ранішнія хмаркі, афарбованыя ў агністыя шаўкі яшчэ невідочным сонцам, надавалі асаблівую лагоднасць і гэтай раніцы і ўсяму краявіду.

Пры гасцінцы, на зацішным акрайку маладога хвойніку, стаяў роўненькі сіняваты слупок дыму, завіваючыся ўгары ў кучаравыя клубочкі. Чалавек яшчэ маладога веку сядзеў каля агню, падкурчыўшы ногі і прыжмурыўшы маленькія рыжаваценькія вочкі. Відаць, ён абсушваўся, грэўся і нешта думаў. Загарэлы, абветраны твар, уся постаць невядомага чалавека і адзежа яго насілі на сабе сляды доўгага бадзяння ў дарогах. Адзеты ж быў ён так, што трудна было здагадацца, да якой сацыяльнай катэгорыі аднесці яго. З шапкі ён змахваў крыху на даўнейшага чыноўніка акцызнага ведамства. Па гімнасцёрцы яго можна было прыняць за салдата царскай арміі. Паўзверх гімнасцёркі на шырокіх плячах сядзела ўнакідку бравэрка мешчаніна сярэдняй рукі, а падпяразана была гімнасцёрка выцертаю афіцэрскаю папругаю. Па галіфэ ён быў савецкі чалавек. Сядзеў ён босы, а збоку стаялі апоркі, мокрыя ад расы.

Некаторы час сядзеў ён нерухома, а з губ яго не сыходзіла ўсмешка, хоць ён не смяяўся, і прычыны для смеху не было: губы яго былі зложаны так, што нагадвалі ўсмешку. Навокал вогнішча ляжалі абгарэлыя канцы палак і галля. Агонь дагараў, і толькі ад вугольчыкаў з-пад мяккага белага попелу яшчэ патыхала цяплом. Але гэты дзіўны незнаёмы, здавалася, не заўважаў нічога і заставаўся ўсё ў той жа постаці чалавека ў глыбокім задуменні. Дзесь далёка на гасцінцы затухкалі колы, а над маладым жытам радасным парывам шырокай волі пранёсся першы ранішні ветрык. Незнаёмы раптам падняў галаву, буркнуў нешта пад нос і азірнуўся.

– Ну, пара! – сказаў сам сабе.

Адхіліўшы бравэрку, дастаў з-пад пояса наган і пільна паўзіраўся, як бы разважаючы, што з ім рабіць. Пакруціў наган у руках і так і гэтак, зірнуў у чорную рульку і колькі хвілін не спускаў з яе вачэй. Маленькія вочкі яго жмурыліся, а на губах заставалася ўсё тая ж усмешка. Трудна сказаць, што ён думаў і што адчуваў у гэты час. Нарэшце павярнуў пружыну і падаставаў патроны. Яшчэ раз агледзеў наган, а потым, выняўшы з торбачкі сала, стаў мазаць, заядла і не шкадуючы, рульку, барабан і ўсе металічныя часці. Вымазаўшы зверху і з сярэдзіны, загарнуў яго спачатку ў газету, а потым паверх газеты закруціў анучкаю і перавязаў аборачкаю. Калі ўся гэтая працэдура з наганам была прароблена, не спяшаючыся, стаў абувацца. І абуўся ён на загранічны лад: падцягнуў шкарпэткі да самых каленяў і прымацаваў да галіфэ.

Хоць гэтыя шкарпэткі і галіфэ і не надта стасаваліся са збітымі атопкамі, але незнаёмы, як відаць, зусім быў задаволены адзеннем і фарсістым выглядам сваіх ног. Павольна падняўшыся і азірнуўшыся навокал, пасунуўся ў хвойнік, а адтуль падаўся ў лес. З паўгадзіны шворыўся па лесе, прыглядаючыся на дрэвы і на вывараты, штось мяркуючы і разважаючы. Спыніўся перад каржакаватаю старою бярэзінаю. Яго ўвагу запынілі яе шырокія развіліны. Падазрона прыслухаўшыся і азірнуўшыся, папляваў ён на далоні і абняў бярэзіну. Узмахнуўшы некалькі разоў сваімі доўгімі рукамі, ён борзда апынуўся на дрэве. У развілках была даволі прасторная ямка. Ачысціўшы яе ад гнілога лісця і струхлелай кары, незнаёмы памеркаваў трохі. Ямка яму спадабалася: яна прыхована ад дажджоў і старонняга вока. Палажыў наган у ямку – добра! Як бы хто спецыяльна загатаваў яму тут схованку.

– Ляжы тут! – ціха сказаў незнаёмы і прыкрыў наган зверху бяростаю.

– Можа згодзіцца калі, – дадаў ён, злезшы на дол. Агледзеўшыся яшчэ раз, ён павольна пасунуўся на гасцінец, а адтуль накіраваўся ў бок Мінска, як чалавек, які на нешта цвёрда наважыўся.

 

 

II

 

– Вам што трэба, таварыш? – запытаў незнаёмага малады вайсковец у форме пагранічніка і сурова акінуў яго вачамі.

Незнаёмы з тою ж невыразнаю ўсмешкаю паглядзеў вайскоўцу ў вочы і спакойна адказаў:

– Я ад бацькі Балаховіча!

Пагранічнік мімаволі палажыў руку на рэвальвер. Незнаёмы ўсё так жа спакойна пазіраў на вайскоўца. У яго маленькіх рыжаваценькіх вочках свяціўся вясёлы агеньчык, як бы ён быў вельмі задаволены, што зрабіў такое ўражанне.

– Бандыт?! – вырвалася ў вайскоўца.

– Так, я з банды Балаховіча. Перайшоў граніцу і вось, як бачыце, сам аддаюся вам у рукі.

Вайсковец узяў сябе ў рукі.

– Што ж гэта здрадзіў ты свайму бацьку? – насмешліва запытаў ён бандыта.

– Не век жа і верным яму быць, – адказаў бандыт. Памаўчаўшы і памяўшыся, дадаў:

– Я маю сказаць вам тое-сёе. Для гэтага я і прыйшоў сюды.

Вайсковец, усё яшчэ здзіўлены, пазіраў на бандыта вострым поглядам, як бы ўзважваючы яго самога і яго словы.

Здавалася, бандытава заява не зрабіла на вайскоўца належнага эфекту.

Пасля ён пазваніў. Увайшлі два чырвонаармейцы.

– Што маеш пры сабе? – запытаў вайсковец.

– Нічога такога няма, – і бандыт сам пачаў выварочваць з кішэні.

– А зброя твая дзе?

– Быў наган, ды я выкінуў яго, пераходзячы граніцу.

Вайсковец падазрона зірнуў на бандыта.

– А сам ты хто такі?

– Балаховец.

– А як тваё прозвішча і адкуль ты ўзяўся?

– Прозвішча маё Бадзейка, а завуся Іванам. Прыйшоў з-за граніцы, з Польшчы.

– А адкуль ты родам?

– Тутэйшы, з-пад Старых Яроў.

– А дзе жыў і чым займаўся?

– Жыў на зямлі, на гаспадарцы. Якая ўжо там гаспадарка, але гаспадарка. Займацца ж чым-небудзь, дык сказаць, і часу не было.

– Чаму не было часу?

– Ну, малы быў, хадзіў пастушком, потым трохі сякераю з бацькам стукаў – бацька мой цяслярствам займаецца. А потым забралі на вайну. Пачалася рэвалюцыя, прыйшоў дамоў і тут жа я і закруціўся.

– Як закруціўся? – Бандыт пачухаў патыліцу.

– Закруціўся, як трэска ў перавале, і не да таго берага прыстаў.

Відаць, яму не хацелася, няёмка ці сорамна было прызнавацца начыстую, і ён хітраваў, выкручваўся, як уюн, сыпаў жарцікамі, а рыжаватыя вочкі глядзелі востра і насмешліва.

– Дык ты бандыт?

– А каго называюць бандытам? – нявінна пацікавіўся Бадзейка.

Вайсковец паглядзеў на яго з калючаю ўсмешкаю.

– Таго, хто рабуе, забівае, туляецца па лясах, хаваецца ад закону.

Бадзейка слухаў уважна.

– Ну, тады я – бандыт.

– І ты не ведаў да гэтага часу, хто такі ты? – іранічна запытаў вайсковец.

– Ведаць-то я ведаў, але не зусім быў упэўнены.

– Як жа гэта так?

– Да так, не разбіраўся.

– Ах, які ты бедны і няшчасны! – насмешліва паспагадаў вайсковец. – А як жа ты бандытам стаў?

– Ды проста, гледзячы на другіх... Сказаць, разбасячыўся, і кроў мая нейкая шалёная. А тут яшчэ самагон, ды гэта самая вайна – нагледзеўся ўсяго... Проста да крыві і рызыкі пацягнула.

Вайсковец і чырвонаармейцы, якія ўвесь час маўчалі, прыглядаліся да бандыта – нармальны гэта чалавек ці хворы? Шчыры ці проста ашуканец і закаранелы шэльма? Бадзейка ж спакойна, як бы справа ішла аб самых звычайных рэчах, апавядаў аб сваіх учынках: аб грабяжах і разбоях, называючы асоб і месцы, дзе гэтыя ўчынкі адбываліся, і сваіх хаўруснікаў. Вайсковец слухаў, і ўвага яго ўсё расла, бо расказ Бадзейкі супадаў з некаторымі вядомымі яму фактамі, што былі вядомы вайскоўцу.

– І многа ты выпусціў крыві?

Маленькія бандытавы вочкі забегалі неспакойна, як спалоханыя павучкі.

– Грабіць-то я грабіў здорава – таіцца не буду, біць таксама біў, але насмерць забіваць... проста нейк не даводзілася. Ну, але гэта не значыць, што я не мог бы забіць! Што значыць забіць чалавека? Плюнуць!

Панурыўшыся і момант памаўчаўшы, як бы набіраючыся духу, бандыт апавядаў далей:

– Было адно здарэнне, што прыйшлося стукнуць. Вы, можа, і не паверыце мне: з жаласці загубіў адну душу, адну-адненькую! У мінулым годзе, у пачатку лета... Я і яшчэ тры галаварэзы: Халяўка Мікіта, Рудан Максім і Галяшка Нічыпар – іх палавілі і пастралялі – зрабілі налёт на Чырвоны Брадок. Жыў там Гэсаль. Трымаў крамку. Ну, раз крамнік, гандляр, то і грошы павінны быць, золата, думалі мы. Прыйшлі ўночы і давай арудаваць. Як ні пыталіся, як ні біліся – няма грошай! Забілі Гэсаля і жонку яго, – я не забіваў, у бэбахах капаўся. Аж бачу – падымаецца з бэбахаў хлапчучок, гадоў пяць, а можа трохі і болей. Глядзіць, знямелы ад страху, і калоціцца ўвесь. Сам такі худзенькі, шчупленькі, толькі вочы гараць, як чорныя слівіны... «Эх, думаю, горкі сірата! Дзе ты цяпер дзенешся?» На камодзе ляжаў медны таўкачык. Дзюбануў яго таўкачыкам раз – і голасу не падаў!

Расказаўшы аб забойстве хлопчыка, Бадзейка змоўк, а вочкі яго борздзенька па тварах слухачоў слізгануліся. Вайсковец сурова маўчаў. Маўчалі і чырвонаармейцы, толькі бровы іх сярдзіта ссунуліся ды ў вачах агеньчыкі паблісквалі злосна.

– Скажы, – голас вайскоўца разануў халоднаю сталлю, – што прывяло цябе сюды?

Бадзейка апусціў вочы.

– Як вам сказаць? А відаць проста тое, што мой тэрмін сышоў.

– Як гэта разумець? Растлумач, скажы ясней.

– І тлумачыць тут няма чаго. Пара ўжо мне зямлю гнаіць, а я жыву яшчэ... Хочацца да якога-небудзь берага прыстаць, – памаўчаўшы, журботна дадаў Бадзейка, – так ці іначай. І нарэшце, як я і казаў, хачу расказаць аб злачынстве, на якое паслалі мяне і яшчэ аднаго са мною.

Бадзейку павялі ў другі пакойчык; за ёмкім пісьменным сталом сядзеў сурʼёзны мужчына, малады, з падбрытымі вусікамі, і таксама ў форме вайсковага. Палажыўшы на стол рукі і нахіліўшы шырокія плечы, даў паперы ў тоўстым сшытку, маўклівы і нахмураны. Цёмна-сінімі халоднымі вачамі акінуў увайшоўшых, даўжэй затрымаўшыся на бандыце.

– Да вас, таварыш Ракіта, – сказаў вайсковец і падышоў да стала.

З мінуту гаварылі ціха, шэптам. Потым вайсковец сеў поруч з Ракітам, прысунуў бліжэй чарнільніцу, узяў ручку і паперы. Чырвонаармейцы выйшлі за дзверы.

– Ну, падыдзі сюды бліжай, – досыць мякка паклікаў Ракіта.

Шырокі і няскладны Бадзейка, як мядзведзь, уперавалку рушыў да стала, гучна стукаючы сваімі атопкамі. Ракіта падняў на яго праніклівыя вочы. Бандыт спакойна вытрымаў гэты погляд і, у сваю чаргу, глядзеў у халодныя вочы, – як у забаўцы: «Глаз у глаз, хто дурак будзе з нас?»

Пачаўся допыт, наўперад чыста фармальна, а потым па сутнасці справы.

Высветлілася, што Бадзейка Іван Трахімаў, селянін з вёскі Малы Ставок, мае дваццаць сем гадоў. Рамяство – цясляр, жыў на гаспадарцы, зямлі – чатыры дзесяціны, пад следствам не быў. Калі адна ўлада змяніла другую, ён здуру і з распусты, але па сваёй волі прыстаў да шайкі грабежнікаў – гэтая шайка была тут жа названа і пералічана. Былі аграблены такія і такія, там і там. Побач з грабежствам былі выпадкі забойства і гвалтоўніцтва. Сам Бадзейка ў гэтых забойствах нявінен, апроч забойства хлопчыка ў Чырвоным Брадку з матываў жаласці да сіраты. Палітычнай падставы ў дзеяннях Бадзейкі не было. Награбленае прапівалася і прагульвалася. Туляліся па лясах і па глухіх хутарах. Калі савецкая ўлада рашуча павяла змаганне з бандытамі, былі забіты два міліцыянеры і адзін камуніст. Гэтае забойства было вынікам самаабароны. Шайку пералавілі і абышліся з ёю па закону. Ён жа, Бадзейка, выкруціўся, хаваўся цэлы месяц адзін. У гэты час ён пазнаёміўся і ўвайшоў у сувязь з агентамі Балаховіча. Яму памаглі перабрацца за граніцу ў Польшчу. У Польшчы быў тыдняў шэсць. Там ён прыкінуўся заклятым ворагам камуністаў. Яго выпрабоўвалі рознымі спосабамі, прыстаўлялі да яго сваіх агентаў, сачылі за ім, але падлавіць не маглі, бо ён ведаў іх хітрыкі. У яго даўно зʼявілася думка вярнуцца назад. А калі пабачыў панскія маёнткі, дзе паны распараджаюцца нашым братам як хочуць, яму стала так агідна, што ён цвёрда пастанавіў вярнуцца і аддацца ў рукі савецкай улады, якую лічыць лепшай на свеце. Літасці ён не спадзяецца, бо ён – цяжкі злачынца, і спакойна чакае кары. Ён хацеў ужо ўцячы два тыдні таму назад, але даведаўся, што яго пашлюць сюды самі з сакрэтным даручэннем. І вось якое далі яму даручэнне: ён павінен збіраць звесткі аб Чырвонай Арміі, аб яе камандным складзе, аб узбраенні, аб месцах раскватаравання, а разам з гэтым фармаваць банды для забойства савецкіх работнікаў. На гэтую ж «работу» з ім пасланы і рускі белагвардзеец Мікіта Махроў, якому ён, Бадзейка, павінен дапамагаць і выконваць яго інструкцыі. На граніцы яны разышліся. Махроў падаўся на Слуцк. Месца і час першага спаткання – Мінск, дваццаць сёмага чэрвеня, роўна праз месяц з сённяшняга дня.

Бадзейка даў адрас гэтага спаткання і апісаў прыметы свайго хаўрусніка.

 

 

III

 

Калі Бадзейку пасля допыту павялі ў падвал, дык першае, што ён адчуў тады, было пачуццё нейкай лёгкасці і заспакаення, як бы з яго плеч зваліўся прыкры цяжар. Ды гэта быў адзін толькі момант, момант пераходу новага рубяжа, адкуль пачыналася шмат чаго невядомага і няпэўнага. Але спыніцца належным парадкам на гэтых адчуваннях ён адразу не мог: новая абстаноўка, куды ён трапіў, рассейвала яго думкі.

Апынуўшыся за замкнёнымі дзвярамі, Іван Бадзейка храбра ступіў некалькі крокаў, смела акінуў вачамі падвал, бо трэба было зʼявіцца так, каб не знізіць свае годнасці і не паказаць збянтэжанасці перад новымі кампанейцамі, а было іх там пяць чалавек. У гэтым выпадку яму дапамагла ўсмешка, што ніколі не пакідала яго. Дайшоўшы да сярэдзіны каморкі і яшчэ раз падняўшы вочы, ён спыніўся і сказаў:

– Ну, вось.

Зʼяўленне новае асобы, «з волі», заўсёды выклікае зацікаўленасць сярод жыхароў арыштанцкіх апартаментаў. І на Івана Бадзейку таксама ўтаропілася пяць пар вачэй. У гэтых вачах свяціліся пытанні: хто? як і за што?

Няёмка было ў першыя хвіліны, покі не асвойтаўся крыху з гэтым таварыствам. Хоць кампанія была і не дужа вялікая, але досыць паважная: кантрабандысты, спекулянты і нешта сярэдняе паміж шпегамі і бандытамі. І асабліва кідаўся ў вочы з усяе гэтае кампаніі стары шляхціц з пранізлівымі зеленкаватымі вачамі, кручкаватым носам і з цэлым поплавам жорсткага сіўца-шчэці на шчоках. Трымаўся ён з усімі незалежна і ў баку ад таварыства, гаварыў больш самому сабе, называючы сябе «панам Вінцэнтам». Часта ўпіраў на нейкага «прадсадаталя», аднаўляў гутарку з невядомымі асобамі, што «паспрыялі» яму ў яго цяжкім лёсе і дапамаглі папасці «ў гэтае пекла». Гутарка яго падмацоўвалася аднымі і тымі ж словамі ў такім вымаўленні, што набліжаліся да песні: «Эх, Беларусія! Вошай набяруся я!»

Каля Бадзейкі патрошку збілася ўся кампанія. Бадзейка і тут адрэкамендаваўся балахоўцам і бандытам і вельмі здзівіў усіх, калі сказаў, што прыйшоў сюды сам. Далейшыя ж адказы яго былі такія агульныя, што кампанія выяўна засталася нездаволенаю і астывала ў сваім жаданні дабіцца больш поўных і падробных вестак аб асобе свайго новага кампанейца. Адзін толькі шляхціц, прыціхшы на гэты час, прыглядаўся і прыслухоўваўся здалёк, зрабіўшы нарэшце сваё даволі дзіўнае заключэнне:

– Бог шэльму меціць.

– Глядзі, крумкач стары, каб я не памеціў тваю морду, – адказаў Бадзейка і грозна зірнуў у бок шляхціца.

– Абатры малако на губах, а тады ўжо рабі меткі... Камісар які знайшоўся, – агрызнуўся шляхціц, але тону ўсё ж такі збавіў.

Вечарам, калі падыходзіла першая ноч зняволення, Бадзейка ляжаў на голых дошках, абапёршы галаву на руку. Розныя думкі мітусіліся ў галаве, усялякія праявы і вобразы выплывалі ў памяці. А на сэрцы было пагана. У душу заглядала чорная і помстлівая ноч, на кожным кроку расстаўляючы сваіх вартаўнікоў. З некаторага часу ён пачаў баяцца ночы, бо яна з нетраў свайго зацятага змроку выводзіла страшныя прывіды, ад якіх не мог ён нідзе схавацца або адагнаць іх. Набліжэнне ночы відочна змяняла настрой і яго кампанейцаў. Маўклівыя і панурыя, снавалі яны ўзад і ўперад. Відаць, іх апаноўвалі свае думкі, свае трывогі і пачуцці. Стары шляхціц, адвярнуўшыся ў кут, набожна гаварыў пацеры і заядла біў сябе кулаком у грудзі. «Старое барахло, а смерці баіцца», – падумаў Бадзейка. Яму хацелася пагаманіць з гэтым шляхціцам проста, па-чалавечы, каб не адчуваць так моцна адзіноты. І чаму ён сказаў аб ім, Бадзейку: «Бог шэльму меціць?» Што хацеў ён гэтым сказаць? І хто ён такі сам, гэты шляхціц? Як ён сюды папаў? Гэтыя пытанні так і засталіся без адказу, і Бадзейка ляжаў у той жа паставе на голых дошках.

А вечар глыбеў, непрыметна пераходзячы ў ноч. Праз вузкія шчыліны з усіх бакоў націскаліся прыглушаныя гукі і шолахі, нясмелыя і няясныя, але поўныя нейкага патаемнага значэння.

«І чым жа ўсё гэта скончыцца?» – думаў Бадзейка, перабіраючы сваё жыццё і сваё бяспуцце. І ён адчуў вострую сумоту аб новым спакойным жыцці. У гэтых думках ён і заснуў глыбокім і трывожным сном.

 

 

IV

 

Праходзілі дні, міналіся ночы, цягучыя і нудныя. Прайшоў тыдзень, доўгі, як год. Пра Бадзейку, здавалася, зусім забыліся, а сам ён ні словам не заікнуўся аб сабе, аб сваім далейшым лёсе. Але на дзесяты дзень яго павялі наверх. Зноў быў допыт. Высвятлялі некаторыя драбніцы ў яго першых паказаннях і з асабліваю ўвагаю запыняліся на яго паведамленні аб Махрове. Дапытаўшы, яго зноў завялі ў тую ж клятушку. Зноў пацягнуліся дні і ночы, аднастайныя і трывожныя. Іван Бадзейка жыў дваццаць сёмым чэрвеня: гэты дзень павінен, па думцы Бадзейкі, прынесці яму тую ці іншую змену. Але чым бліжэй надыходзіў гэты дзень, тым большы непакой агортваў Івана, бо набліжаўся нейкі новы рубеж у яго жыцці. Яго забірала сумненне: а што калі Махроў не прыйдзе ў прызначаны час? Мог ён так ці іначай і пранюхаць што-небудзь. Мог проста «засыпацца», згінуць, нарэшце адмовіцца ад свае «работы», і тады яму, Бадзейку, не дадуць веры, палічаць яго яшчэ і ашуканцам. Вось чаму сэрца яго застукала вельмі моцна, калі раніцаю дваццаць сёмага чэрвеня яго зноў павялі наверх. Спатканне з Махровым павінна было адбыцца ўночы.

Са страхам і хваляваннем ступіў Бадзейка ў кабінет. Ракіта сядзеў за тым жа сталом, не адводзячы вачэй ад паперы і, здавалася, не заўважаў Бадзейку. Хвіліны са дзве не падымаў ён галавы. Бадзейка стаяў, сачыў за кожным рухам яго твару.

– Помніш месца, дзе ты павінен спаткацца з Махровым? – раптам запытаў Ракіта.

– Помню, – цвёрда адказаў Бадзейка.

– Ну, скажы!

Бадзейка зірнуў у твар Ракіты, як бы пытаючы, ці няма тут якога падступства, і назваў умоўленае месца.

– А ты ведаеш яго?

– Не быў там, не ведаю.

Ракіта памаўчаў, а потым тонам загаду, зусім неспадзявана для Бадзейкі, сказаў:

– Ты пойдзеш туды, знойдзеш гэты дом, а вечарам будзь там.

Здзіўлены і збіты з тропу Бадзейка недаўменна пазіраў на Ракіту.

– Адзін пайду?

– Адзін... Але памятай, што мы будзем бачыць кожны твой крок, кожны твой рух і чуць кожнае тваё слова.

– А калі ён не прыйдзе? – з трывогаю запытаў Бадзейка.

– Рабі тое, што кажуць табе, – холадна і строга заўважыў Ракіта.

Бадзейку далі інструкцыі і цёмнымі калідорчыкамі вывелі на двор і пусцілі.

 

 

V

 

Ашаломлены нечаканасцю, Бадзейка ў першыя хвіліны страціў здольнасць разважаць. Цэлая патока святла, шуму і руху, ад якіх ён адвык, рынулі на яго з усіх бакоў, закружылі, як стружку ў бурным ручаі і панеслі невядома куды. Першае, што адчуў цяпер Бадзейка, была радасць прастору і шырыні, як бы ён растаў, распусціўся ў гэтым прасторы і страціў адчуванне самога сябе. Прайшоўшы вуліцаю крокаў сто, ён трохі апамятаўся, потайкам азірнуўся па баках. Яму здалося дзіўным, што на яго ніхто не зварочвае ўвагі, ніхто яго не староніцца, нічога падазронага не кідаецца яму ў вочы. Ён ішоў, прагавіта ўдыхаў гэты пах волі і прастору. А што калі б ён пайшоў і пайшоў, далей ад горада, у поле, у лес, дзе гэты прастор болей шырокі і вольны?

Яркі малюнак вясковага прастору сам сабою ўзнік у вачах з усімі драбніцамі і глыбока ўскалыхнуў яго. І так моцна-моцна пацягнула туды, дзе хадзілі яго ногі, калі ён быў яшчэ малым хлапчуком! Але ён тут жа пачуў, што волі няма, што ён крэпка прывязан за павадок і адвязацца не стае ў яго сілы. Чыясь невідочная, але моцная рука вяла яго на тое месца, дзе ён умовіўся спаткацца з Махровым. І вось жа давядзецца там быць, хоць ён яшчэ ўчора думаў іначай.

З гадзіну сноўдаўся ён па вуліцах, шумных і глухіх, упіваючыся асалодаю волі, а час такі дарагі, і яго вельмі мала, каб жыць, і многа, каб знайсці дом пад нумарам сорак дзевяць. Цікавіла пытанне, чаму яго пусцілі аднаго. Выпрабоўваюць яго, ці гэта проста трэба ім для нейкіх сваіх мэт. І няўжо яны так упэўнены, што ён іменна пойдзе туды ў прыназначаны час. «А што, калі б і сапраўды ўзяць ды задаць драпака?» – зноў круціцца павабная думка, але ў адказ ёй гучаць словы Ракіты, словы перасцярогі, і ён гоніць прэч гэтую думку, як спакусную і нават шкодную.

Так думаючы і так разважаючы, пераходзіў ён з вуліцы ў вуліцу. Углядаўся ў надпісы на іх скрыжаваннях, несучы на губах усё тую ж дзіўную ўсмешку... «Вось яна!» – сказаў ён сам сабе, замарудзіў крок і акінуў вачамі тую вуліцу, што павінна была адыграць нейкую ролю ў яго жыцці.

Разоў тры прайшоўся каля дома нумар сорак дзевяць. Як злодзей, прыглядаўся на вароты і двор. Звычайны двор і хата на акрайку горада набывалі цяпер новае значэнне ў Іванавых вачах, вылучаліся з раду другіх двароў і хат. Іван пазіраў і кружыўся каля іх, як начны матыль каля агню. І немаведама чаму, успомнілася хата ў Чырвоным Брадку і малюнак забойства Гэсалевай сямʼі. Чорныя вочы перапалоханага насмерць хлопчыка зірнулі на яго з нейкай бяздоннай пустэчы. Яму стала непрыемна. Павярнуў назад, у глыб горада, каб у яго многаязыкім гомане правесці рэшту дня.

Звечарэла. Шэрае покрыва летняй ночы паволі ахінала мурзатыя і халодныя сцены камяніц, і горад яшчэ гусцей закішэў людскімі постацямі, расплываючыся стракатымі людскімі патокамі.

Ужо два разы прашнураваў Бадзейка каля дома нумар сорак дзевяць. Потым крута павярнуў і накіраваўся ў двор – што будзе, то будзе. З процілеглага канцы вуліцы выплыла фігура чалавека. Іван зірнуў і злёгку здрыгануўся: постаць чалавека здалася знаёмай. Зірнуў яшчэ – ён, Махроў, прыземісты і сутулаваты! Заўважыў яго. Старыя прыяцелі, не пазіраючы адзін на другога, прасунуліся ў двор. У цёмных і цесных сенцах Махроў прыпыніўся.

– Здароў! – ціха сказаў ён.

– Здароў! – адказаў Бадзейка.

Маладая і даволі прыгожая кабета з густымі чорнымі брывамі сустрэла іх у пакойчыку. У першы момант вочы яе бліснулі неспакойна. Відаць, баялася. Але гэты неспакой зараз жа прайшоў, толькі на Бадзейку зірнула падазрона.

– Свой! – заспакоіў яе Махроў. Перакінуліся звычайнымі малазначнымі словамі аб сім, аб тым. Бадзейка маўчаў. Ён загадзя падрыхтаваўся да гэтага спаткання, але адчуваў сябе няёмка, фальшыва.

– Ну, што новага? – пачаў Махроў, зірнуўшы кабеце ў вочы. Голас яго быў хрыпаваты, а шэрыя вочы пазіралі жорстка і калюча.

– Ёсць лісты, – адказала жанчына, і зноў трывога адбілася на яе твары.

– Давай іх! – груба загадаў Махроў. Жанчына выйшла ў другі пакойчык.

– А ў цябе што чуваць?

Бадзейка падняў свае маленькія хітрыя вочкі.

– Справа ідзе. Дзевяць малайцоў пастаўлены на ногі. Спалілі два саўгасы. Рыхтуем напад...

Махроў слухаў і раптам спыніў Бадзейку.

– Чаго ты такі... не пазнаць цябе?

– Як гэта не пазнаць?

– Змяніўся ты...

Яны абодва павярнулі галовы ў бок другога пакойчыка. Жанчына несла ў руцэ пакецік.

– Наўперад іх разглядзець... Гурбанок даставіў? – пацікавіўся Махроў, беручы паперы.

Адказу ён не пачуў: дзверы ў пакойчык пад напорам чыйгось магутнага пляча затрашчалі рэзка і каротка, расчыніліся насцеж.

– Ні з месца! Рукі ўгору!

Чатыры чалавекі, пераапранутыя ў цывільнае, уварваліся ў пакойчык, а на парозе з наганам стаў Ракіта.

Бадзейка выхапіў з рук Махрова пакецік і з гэтым пакецікам падняў рукі ўгору.

 

VI

 

Бадзейка зноў у дарозе.

Цяпер ён – вольны чалавек. Радасна і ветла разгортваецца перад ім пахучая зямля, гасцінна рассцілае свае незлічоныя дарогі – выбірай любую, ідзі па якой хочаш, куды хочаш. Ён запыняецца, глядзіць назад – горад чуць відзён, няясна вырысоўваецца праз сіняватую смугу высокімі будынкамі, фабрычнымі камінамі з прыгожымі хвастамі дыму. Пераводзіць вочы на дарогу, што перад ім. Ляжыць яна, пакручастая, з вычварнымі загібамі-вывітушкамі, то спадаючы ў лагчынкі, то зноў узбягаючы на горкі, а потым зліваецца з гладдзю зямлі, дзе разгортваюцца павабныя далечы. Бадзейка паддаецца іх непераможным чарам і ідзе.

Дзіўна самому, што ён – вольны чалавек і можа ісці смела, не аглядаючыся, не чакаючы небяспекі з-за кожнага куста. Перабірае ў памяці сваё жыццё, бязладнае і цёмнае. Але ж ён сам асудзіў сябе за сваё злачынства, не вынес цяжару яго. Судзілі яго і людзі, прызналі цяжкую віну. Засудзілі, але, узважыўшы ўсё і прыняўшы пад увагу тысячы акалічнасцей, з якіх спляталася яго жыццё, даравалі волю. Многа памагло і тое, што ён выкрыў Махрова і тым-самым дапамог вылавіць цэлую складаную шпіёнскую арганізацыю. Ды ён тут жа ловіць сябе на думцы, што не ўсё расказаў там. Была яшчэ справа на млыне, ды аб ёй ніхто не ведае і ведаць не будзе. Чаму аб ёй не сказаў? Ды проста ўспамінаць жудасна. Гэта ён павёў туды шайку. Хацелі толькі аграбіць, а прыйшлося пяць душ загубіць. Бадзейка чуе, што гэтага цяжару не здыме ніхто. Вольны ён, ды чым купіў волю? Успамінаецца Махроў. Утапіў чалавека, і не аднаго яго. Прыпамінаецца і тая жанчына – прыгожая і бровы такія чорныя. Ён нават не ведае, хто яна такая. Не ведае і лёсу яе. І так падазрона зірнула яна на яго, Івана! Відаць, разгадала... Ну, ды чорт з імі! Бадзейка стараецца не думаць аб гэтым, і чым далей застаецца ззаду горад, тым цьмяней робяцца і ўспаміны аб ім і аб тым, што было там.

У дарозе ёсць нейкая граніца, адкуль у падарожнага пачынаюцца другія думкі, думкі, звязаныя з пунктам набліжэння падарожнага. Бадзейка вышэй падняў галаву: няхай не думаюць там, дома, пабачыўшы яго пасля доўгай адлучкі, што ён бяспутны свістун. Не, брат: мала яшчэ елі кашы, каб стаць з ім поплеч! Іван пазіраў цяпер на сваё жыццё з другога боку і падвышаў цану сабе, параўноўваючы сябе з тымі сялянскімі хлопцамі, з якімі сустрэнецца там, дома. Але галаве яго, відаць, няёмка было на такой вышыні, і яна, наперакор Іванавай волі, незаметна хілілася ўніз.

Падыходзячы да таго месца, дзе сядзеў калісь каля агню, перайшоўшы граніцу, Бадзейка замарудзіў хаду. Як быць з рэвальверам? І цікава пабачыць, што з ім? Можа забраў хто, а можа зусім папсаваўся. Як і тады, ён азірнуўся па баках, адчуваючы некаторае хваляванне. Прыпыніўся, памеркаваў. Як-ніяк – наган! Дзе яго возьмеш? Аб ім думаў і раней, часта думаў. Але ён хацеў тады прыйсці па наган другім разам... Не ўстояў супроць спакусы, павярнуў у лясок. Знайшоў вілаватую бярозку. Палез. Мацнуў рукой – ёсць. Борздзенька схапіў пачарнелы скрутак, злез. Ануча трохі падгніла, ператлела аборачка ў некалькіх месцах. Але наган захаваўся добра. На скорую руку выцер яго, схаваў у кішэню пятнаццаць патронаў, шчаўкануў разоў два – пружына спраўная, сабачка стукае акуратна.

Надвячоркам падыходзіў Іван да свае вёскі. Заставалася яшчэ вярсты тры. Іван звярнуў з дарогі, прылёг на траве за кустом. Яму хацелася як мага цішэй і незаметней зʼявіцца ў сваёй вёсцы, бо ж людзі будуць пазіраць на яго, як на нейкае дзіва. Тое, што думаў ён аб сабе трохі раней, цяпер уявілася ў іншым святле, і яму было непрыемна. З гадзіну праляжаў тут Іван. Ад зямлі пацягнула холадам і вільгаццю. Сонца схавалася за лесам, а па небе з захаду на ўсход разлегліся бліскучыя дарожкі. Іван падняўся, глухімі сцежкамі і межамі пасунуўся дамоў, мяркуючы папасці ў свой двор з боку клуні. Ранейшы настрой яго змяніўся. Вёска і дом, павабныя ў думках, калі быў далёка ад іх, пазіралі цяпер на яго панура і няветла. Некалькі сустрэчных вяскоўцаў узіраліся ў яго з цікавасцю. Некаторыя пазнавалі яго, хоць і не паказвалі гэтага. Івану здавалася, што людзі пазіралі на яго са страхам або насмешліва і стараніліся. Вестка аб звароце Трахімавага Івана перадавалася з хаты ў хату раней, чым Іван зайшоў у свой двор.

Постаць у белым, як прывід, матнулася перад Іванам на цёмным дворыку і памчалася ў хату. Каля дзвярэй яна запынілася і, не выпускаючы клямкі, пазірала на Івана.

– Хто там? – пачуў Іван.

– Гэта я, брат Піліп! – пазнаў Іван меншага брата.

Піліп бразнуў дзвярыма і шмаргануў у хату.

– Іван прыйшоў! – закрычаў ён такім голасам, як бы ішоў не Іван, а нейкі страшны звер, і перапалохаў усіх.

Іван пераступіў парог і запыніўся. Яго зʼяўленне і гэты дзікі Піліпаў крык былі такія неспадзяваныя, што ў хаце на некаторы момант запанавала знямелая цішыня і аслупяненне.

На акенцы насупроць печы цьмяна курэла газоўка. Малодшая Іванава сястра Марыля, мыючы пасуду, знячэўку выпусціла з рук міску і разбіла. Бацька нерухома стаяў каля ашэстка. Піліп з маткаю прыхінуліся да печы, і ўсе, шырока раскрыўшы вочы, пазіралі на Івана.

– Што вы глядзіце на мяне, як авечкі на воўка? – першы парушыў цішыню Іван.

– Дык ты жывы? – здзівіўся бацька.

Івану пачулася ў яго голасе расчараванне, што ён, Іван, жывы.

– Скуль жа ты ўзяўся і з чым прыйшоў, сукін ты сын? – запытаў бацька.

– Сынок! – залямантавала маці і кінулася да Івана. – А я ўжо вочачкі свае праплакала: сказалі ж бо, што цябе і на свеце няма жывенькага!

– А што мне зробіцца? – горда адказаў Іван.

– Але ты чаго нарабіў, гіцаль ты?! – рынуўся да яго з кулакамі стары Трахім.

– Біць хочаш ці што? – запытаў бацьку Іван і дабрадушна даў на гэта сваю згоду: – Ну, што ж? бі! Хоць і няма цяпер такога права.

– Валацуга ты! – бушаваў бацька. – З-за цябе тут трэслі мяне, каб цябе трасца трэсла!

– Ну, годзе ты ўжо! – накінулася на Трахіма маці і стала паміж сынам і мужам.

– Не бойся, бацька, не будуць больш трэсці: судзілі мяне і апраўдалі.

Бацькава злосць прайшла, напружанасць згладзілася. Іван сядзеў за сталом і сёрбаў малако, а Піліп расказваў, як ён заўважыў на двары Івана.

 

 

VII

 

Няёмка было Івану дома. І сярод родных і сваякоў, і так па людзях, паміж вяскоўцаў, заўважаў Іван, ці толькі здавалася так, што ён стаіць па іншы бок ад людзей, вось як бы нейкі парог вырас між ім і людзьмі. Яму здавалася, што людзі староняцца яго, і ён не можа знайсці агульнага грунту з імі. І кожны дзень у самых нязначных драбніцах заўважаў Іван, што ён тут лішні. Прабаваў схаўрусавацца з хлопцамі, прыстаць да іх кампаніі. Не выходзіла нічога, бракавала чагось. І ніхто не мае тут патрэбы ў ім, усе ролі размяркованы, а для яго не знаходзіцца. Ён толькі паступаецца сваім гонарам, спаганяючы таварыскасць. А на вёсцы яму і мянушку далі – Балаховец. Гэтае слова стала гучаць для яго зусім іначай. Прыкра стала Івану. Хацелася да чаго-небудзь прыстаць, так ці іначай зліцца з грамадою, каб не адчуваць свае адзіноты і закінутасці сярод людзей.

Чаму гэта так сталася? Іван прыйшоў да такога заключэння: адарваўся ён ад вясковага жыцця за восем гадоў бадзяння па свеце, вайна, тулянне па лясах, балахоўшчына і ўсё іншае. Але такое тлумачэнне не здаволіла і самога Івана. Ці няма тут іншае прычыны? Ён стаў прыпамінаць, праўдзівей сказаць, само лезла ў памяць яго мінулае і ўсе яго ўчынкі. Ці няма і на ім каінавага знака, па якім людзі пазнавалі забойцу і абыходзілі яго? Але ці мала ёсць такіх на свеце, што забівалі? І цікава б Івану ведаць, што адчуваюць яны?.. Не, тут, відаць, справа не ў гэтым. Проста яму тут няма да чаго прыткнуцца, ад гэтага і думкі ўсялякія апаноўваюць.

Трэба куды-небудзь падацца адгэтуль, пашукаць работы на старане. Але не спяшаўся Іван: была адна прычына.

Чаму Іван звярнуў увагу на Аўдольку Шаронь? Чаму з шумлівай дзявочай грамады толькі яна адна кідалася яму ў вочы і засланяла сабою ўсіх іншых? Чаму яго сэрца білася ў парыўлівай радасці кожны раз, калі хоць здалёку мільгне яе постаць? Але Іван такімі пытаннямі не займаўся і адказу на іх не шукаў. Наўперад ён толькі звярнуў увагу на яе густыя чорныя бровы, а як пабачыў і вочы пад гэтымі чорнымі дугамі, то яму ўспомнілася тая невядомая жанчына ў горадзе, што так падазрона акінула яго сваімі цёмнымі вачамі. Дзе б ні быў Іван, што б ён ні рабіў, з галавы яго не выходзіла Аўдолька Шаронь, а поруч з ёю і вобраз невядомай жанчыны.

Іван пачаў старанней мыцца, прыводзіць у парадак адзежу і надаваць хараство і свайму твару, і ўсмешцы, і старчакаватай страсе на галаве, запушчанай і занядбанай. Паглядаючы ў люстэрка, ён знаходзіў, што не горшы за другіх, хоць гэтае заключэнне і было чыста субʼектыўнае.

Спачатку Іван падыходзіў здалёку. Некалькі разоў, сустракаючыся з Аўдоляй, дарыў ёй самыя прыязныя погляды, і тады яго маленькія хітраваценькія вочкі набывалі асаблівы бляск, а ўсмешка рабілася больш выразнаю. Аўдоля таксама падымала на яго свае цёмныя вочы, але ў іх не было ні ласкі, ні прыхільнасці. Яны пазіралі халаднавата і нават са страхам. Іван, застаючыся сам з сабою, прыпамінаў гэты погляд, аналізаваў яго, як прафесар, і рабіў тыя ці іншыя высноўкі і стараўся пры гэтым не пакрыўдзіць сваю хлапцоўскасць. Але гэтыя заключэнні трэба было падмацаваць на практыцы: вынікала патрэба пагаварыць з дзяўчынаю. Разоў некалькі Іван зачапляў яе. Але гэта было на людзях. На жарты Аўдоля таксама адказвала жартам, часамі задзёрыста, каб верх пакінуць за сабою.

Падпільнаваў раз Іван Аўдолю адну, надалёка ад гумнішчаў. Несла зелле ў посцілцы, закінуўшы за плечы ёмкі вузел. Убачыла Івана, замарудзіла крок, азірнулася. Можа, ёй страшна стала, зірнула, ці ёсць людзі. А можа яна баялася, што тут могуць быць сведкі. Павярнуць у другі бок, каб не сустрэцца з Іванам, не было куды. Вольнаю рукою абцягнула караткаватую спадніцу і валасы пад хусткаю паправіла – з Іванам ёй не размінуцца. Іван стаяў, шырока ўсміхаючыся, і матаў сабе на вус – прыхарошваецца перад ім, а потым пайшоў насустрач. Аўдоля, апусціўшы вочы, саступае з дарогі, каб размінуцца з Іванам.

– Чаму ж ты не хочаш вачэй падняць? – запытаў Іван, ушчаміўшы вузел рукою.

– А што ж мае вочы куплёныя ці што? – пявучым галаском адказала Аўдоля. – Пусці!

– Наўперад глянь на мяне, тады пушчу.

– І не падумаю нават глядзець, – сказала дзяўчына, але зірнула на Івана. Жарам абдало Івана ад погляду чорных вачэй, але ён прыкінуўся, што не бачыў іх.

– Чаму ж ты не хочаш глядзець на мяне?

– Пусці – часу няма!

– Ці ты ні на кога не глядзіш, ці толькі на мяне?

– Хто мне даспадобы, на таго і гляджу.

– Дык ты ж і на мяне глядзела, значыцца, і я табе спадабаўся?

– Не глядзела я на цябе!

– А вось жа і цяпер глядзіш!

– Гэта толькі табе здаецца так!

– І нашто табе такія прыгожыя вочы?

– Ну, годзе! Пусці! – засаромелася Аўдоля і адварочвае твар ад Івана.

Іван не выпускае з рук вузла і стараецца ёй у вочы зазірнуць, бо ведае дзявочую натуру: часамі да дзяўчыны падсядзе хлопец на прызбе, яна гоніць яго, адпіхае, а сама бліжэй туліцца.

– Дай я паднясу табе зелле, – гаворыць Іван і вырывае вузел. Тузаюцца на мяжы. У Івана сілы многа – адабраў вузел, зелле з посцілкі па мяжы раскідалася. Іван хапае Аўдолю, пробуе абняць яе, ды яна не даецца. Штурханула яго знянацку, вырвалася і бяжыць на свой двор, пакінуўшы зелле і посцілку. Не чакаў гэтага Іван. Стаіць, не гоніцца за ёю. І брыдка яму: збегла дзяўчына. Значыць, не любы ён ёй. Разаслаў ён посцілку, пазбіраў зелле, зноў у вузел завязаў, ды туга, туга, бо рукі яго, як абцугі, а сілы падзець няма куды. Занёс вузел пад гумно і шпурнуў яго цераз плот на Аўдолін прыгумень, а сам у поле пайшоў.

 

 

VIII

 

І трудна было разабраць гэтую Аўдольку, як ні ўзважваў Іван яе кожнае слова, кожны рух чорных брывей і вачэй. Часамі і пацешыць яго так, што Івану ўвесь дзень на сэрцы было весела, але кожны раз, як уюн, выслізгаецца з рук. Проста падражніваецца з ім і водзіць дурня за нос. Бо Іван яе любіць, як ніхто на свеце, і яна гэта ведае, а сама халодная да яго, як рыба. Вось і тады, калі ўцякла ад яго. Запытаў Іван, чаму яна так зрабіла. Засмяялася.

– Я ж думала, што ты даганяць мяне будзеш.

І была гутарка з ёю паважная, калі Іван рубам паставіў пытанне аб загсе. Аўдолька нахмурылася, стала сурʼёзнаю.

– Баюся я цябе... – сказала і апусціла вочы.

– Ды ты ж з мяне вяроўкі віць будзеш, – заўважыў Іван.

Аўдолька раптам перамянілася, засмяялася яму ў вочы:

– Дык як жа мне замуж ісці за пяньку?

Пакрыўдзіўся Іван, моцна пакрыўдзіўся. Нічога ёй не сказаў. Падняўся і пайшоў моўчкі. Пакляўся самому сабе кінуць усю гэтую музыку. Тры дні хадзіў невясёлы, з Аўдоляю не сустракаўся. Чорныя мыслі мучылі Івана, хоць ён і затойваў іх у сабе. Але не вытрываў. Зноў пайшоў да Аўдолькі. Згода змянялася сваркаю, гневаннем, разлукаю, новым спатканнем. І так увесь час. А пад восень Іван сказаў ёй – урачысты быў момант:

– Пайду я адгэтуль, – і чакаў, як прыме Аўдоля яго словы.

– І табе будзе лепш і мне, калі пойдзеш, – памаўчаўшы, падумаўшы, сказала Аўдоля.

Івану стала крыўдна і горка – не любіць яго, навошта зманьваць самога сябе? Злосць пашыбла яго. Устрымаўся. Запытаў ціха:

– І ты нічога лепшага не скажаш мне?

– Ну, што мне сказаць? – уздыхнула дзяўчына. – Няшчасны ты чалавек!

Іван усміхнуўся, горка і злосна, і кінуў абразліва:

– Пляваць я хачу на вас усіх! А спогадзь твая патрэбна мне, як дзірка ў мосце. – Вочы яго бліснулі дзікаю злосцю, губы задрыжалі. – Рэзаў я вас, але мала!

Потым, калі з сякераю і з торбаю ішоў у горад, каяўся, што сказаў такое глупства.

Дарога яго заспакоіла. Думаў, што і сапраўды няшчасны ён чалавек. Пра Аўдольку ўсю дарогу думаў, і тая жанчына ўспаміналася і яшчэ многа такога, аб чым успамінаць не хацелася, што само лезла ў галаву.

У горадзе работа знайшлася. Натрапіўся майстар, што ўзяўся пабудаваць некаму хату. Майстар набіраў рабочых, напаткаў Івана і ўзяў на работу за тры з палавінаю рублі ў дзень. Восем гадзін работы ды яшчэ ў прафсаюз абяцаў правесці. Апроч Івана, было яшчэ пяць цесляроў, усе гарадскія. Іван стаў на работу з Нічыпарам Глыкам. За першы дзень пазнаёміўся з усімі. Людзі ўсе былі дружныя. А Іван узяўся заложна. І работнік з яго быў някепскі. Нічыпар Глык прыглядаецца да Івана, дзівіцца яго маўклівасці, сурʼёзнасці і зацятасці ў рабоце.

– Аб чым ты ўсё думаеш, Іван? – пытае яго Нічыпар Глык.

Іван падазрона падымае маленькія піўныя вочкі з-пад рыжаватых брывей, углядаецца ў Нічыпараў твар.

– Што гэта прыйшло дзядзьку запытаць так? – пытае і ён.

Нічыпар загрубелым пальцам праводзіць па жорсткай шчэці пасівелых вусоў і кажа:

– Бо чалавек заўсёды што-небудзь сам сабе думае.

– На тое ж і галава яму, каб думаць, – заўважае Іван і плюе на руку, каб спрытней хадзіла сякера.

– Ды спыніся ты хоць трохі! – стрымлівае Глык. Пазірае на шарачковыя Іванавы нагавіцы, на яго лапцяватыя босыя ногі і закочваецца смехам.

– Чаго, дзядзька, іржэш, як стаенны жарабец?

– Бо ты нейкі дзіўны і смешны.

– Чаму я дзіўны і смешны? – настарожваецца Іван.

– А хто цябе ведае. Маўчыш, усё нешта думаеш, і смех у цябе з губ не сходзіць.

– Гэта толькі так здаецца, што я смяюся, міна мая такая!

– Міна?

Глык, у сваю чаргу, углядаецца ў Іванаў твар.

– Губы мне такія пакінуў у спадчыну бацька, – тлумачыць Іван.

– Цяслою ці што прасякаў табе іх?

– Можа і цяслою, – лагодна адзываецца Іван, а ў маленькіх вочках успыхваюць вясёлыя іскрачкі. – Тэхніка дваццаць восем гадоў таму назад была куды слабейшая.

– Га-га-га! – рагоча Глык. – Тэхніка, кажаш? Гэта ты добра сказаў... Закурым!

– Давайце закурым.

Моўчкі садзяцца на бервяно і кураць.

– Не здзельна ж работу ўзялі: выстукаем памаленьку па тры з палавінаю рублі, – заўважае Глык.

Іван дасмоктвае сваю папяросу, з форсам плюе на рыштаванне і бярэцца за сякеру.

– Англічане і французы дык тыя, падлы, заядлыя ў рабоце, – кажа ён.

– А дзе ты іх бачыў?

– У Нямеччыне.

– Дык ты быў у Нямеччыне?

– Год цэлы быў там, у палоне... Пагоняць немцы на работу, бывала. І наш брат быў там, і гэтыя самыя англічане і французы. І калі ўжо англічанін стаў на работу, дык робіць, гад, увесь час і ў бок не зірне. А наш брат стукнуў два разы ды і аглядаецца або цыгарку круціць.

– Ну, і што ж?

– Нічога. Французаў і англічан немец лепей карміў і даваў гадзіну адпачыць па абедзе, а нам адпачываць не давалі і кармілі буракамі.

– Бо ўсе яны – буржуі, – заўважае Глык і пытае: – Ну, і хто ж больш выйграваў?

– Паважалі іх болей, вот і ўсё.

– Дак ты, значыцца, пабачыў свету?

– Чаму не? Дзе толькі не быў, чаго не рабіў! У войску Балаховіча быў!

Глык пазірае на Івана: брэша ён ці праўду гаворыць.

– Што ж ты рабіў там?

– Усё, што палагаецца бандыту.

– Дык жа цябе б расстралялі за гэта?

– Дык і я гэтак думаў, а вось жа бачыце сякераю стукаю.

– Заліваеш ты, брат, трохі.

– А вы ж думалі, што калі ў шарачковых портках, дык чалавек ужо – пячура?

Глык налягае на бервяно, сячэ і штось думае. Іван таксама змаўкае, а потым гаворыць:

– А ці бачылі вы чалавека, што лішні час на свеце жыве?

Глык углядаецца ў Івана.

– Плявузгаеш ты немаведама што.

А Іван не то пасміхаецца, не то думае, ці можа чалавек жыць на свеце лішні час.

 

 

IX

 

У пяць гадзін вечара, як толькі рознагалосы хор гудкоў, нібы патрывожаныя чмялі, адзін за другім, а то і разам, прагудзе рабочым адпускную, Іван заставаўся адзін. Збітая з дошак і на скорую руку хібарка-барачак з вузкаю дзіркаю замест акна і з дзесяткамі шчылін, дзе шворыўся вецер і свяцілася неба, была Іванаваю кватэраю. У хібарцы было многа стружак, бо ў ёй і каля яе майстравалі сталяры. У гэтых стружках і была Іванава пасцель. Тут праводзіў ён ужо даўгаватыя ночы, бо надыходзіла восень. Часамі выходзіў у горад купіць сёе-тое, бо Іван жыў тут на сваім хлебе. А то часам проста зойдзе з дзядзькам Нічыпарам Глыкам у піўнушку пасядзець гадзінку-другую. Там народу ўсялякага многа, і час весялей пройдзе. А калі пры гэтым ды ўвальеш у сябе літры са тры піва, дык на некаторы час яшчэ весялей стане. Але гэтая весялосць зараз жа і пакідае яго. Іван панура звешвае галаву. Яму ўспамінаецца барачак, куды ён скора пойдзе, і ноч наперадзе. Ён ведае, што там чакаюць яго пакуты. Праціўны гэты барачак, і ў той жа час цягне яго, мае нейкую ўладу над Іванам.

– Ну, трэба ісці, – гаворыць ён, падае шырокую лапу дзядзьку Нічыпару і сунецца ў свой бярлог.

Ляжыць ён у сваім барачку на смалістых стружках. Ляжыць, думае і доўга не можа заснуць. Ён выпрабоўвае сябе, хоча штось перамагчы ў сабе, а для гэтага трэба знайсці нейкі цвёрды грунт. Думае Іван аб тым, што свет вялікі і прасторны, а яму цесна, месца няма – адзін толькі барачак гэты, стружкі ды палоскі бліскучага неба, што свеціцца праз шчылінкі. І ўперадзе няма ніякае прасветліны, цікавага нічога няма, што б вабіла яго і хоць бы абяцала яму якую-небудзь маленькую радасць. Вось ён думае ў прафсаюз прайсці. Ну, пройдзе, а далей што... «Эх, Аўдолька, Аўдолька!» – у думках гаворыць Іван. Каб жа ўбачыла яна ў ім чалавека і мужа! Думае аб Аўдольцы. Вось каб яна была тут каля яго! Дык ён бы зусім другім чалавекам быў. Стаіць Аўдолька ў вачах, блізкая і далёкая. А дзе цяпер тая жанчына з такімі ж чорнымі вачамі? Ці жывая яна?.. Нізка яго думак абрываецца. Стараецца прыпомніць, аб чым жа гэта ён думаў? Мыслі разлятаюцца, як бы чагосьці спалохаўшыся. Іван дрыжыць, на яго штось навальваецца, душыць, гняце. І горш за ўсё, што яно не мае ні вобраза, ні формы. Іван прахопліваецца, да болю жмурыць вочы, таўчэ ў паветры кулакамі. Тое, што не мела ні вобраза, ні формы, цяпер вырысоўваецца ясна. І няма для яго ні дарог, ні часу, ні дзвярэй: усюды пройдзе і пралезе гэтая слабенькая, кволенькая дзіцячая постаць. Яго апякаюць гэтыя поўныя смяртэльнага страху дзіцячыя вочы і кучаравая цёмная галоўка. Іван расплюшчвае вочы, узіраецца ў пустую цемру. Ён ведае, што гэта толькі здань, прадукт яго ўласнага хворага ўяўлення разбітай самім уласнай псіхікі, і нязменна пры гэтым круціцца ў галаве думка: забіць чалавека – гэта значыць забіць самога сябе. З гэтаю думкаю Іван доўга змагаўся, стараўся давесці ўсю нясталасць яе. Часамі гэта і ўдавалася яму, але заглушыць яе голасу не ўдавалася ніколі. Развага казала адно, а пачуццё стаяла на сваім. І чым далей, тым больш пераконваецца Іван, што ён хоць і жыве яшчэ, але час яго ўжо сышоў.

Іван праводзіць шурпатаю рукою па твары і абцірае халодны пот на лбе.

– Тфу! – злосна плюе і лаецца, не даючы сабе адказу, на што, на каго накірована яго лаянка. У зацятай цемрадзі топіцца самотная пакута яго і глыбокая чалавечая трагедыя.

Накідае на плечы бравэрку, выходзіць на двор. Пачуццё адзіноты, закінутасці ахоплівае Івана. Падымае вочы на неба, пазірае на зоры. Знайшоў бліскучую плямку, сузорʼе Стажары. Не раз яшчэ ў лесе пазіраў ён на гэтыя зоры, каб прачытаць па іх час ночы і кіравацца імі ў сваім бадзянні. Стажары падняліся высока, параўняліся з стромкаю антэнаю на белай камяніцы, але да свету астаецца яшчэ многа часу.

Іван услухоўваецца ў прыглушаны шум горада, углядаецца ў цемру двароў. Сям-там свецяцца агеньчыкі вулічных ліхтароў, спакойныя, занямелыя. Вострымі бліскучымі пучкамі, як іголкі ад вожыка, ад іх разыходзяцца праменні і зараз жа знікаюць у шэрай цемрадзі. Дзесь на пустой вуліцы звонка чокаюць падковы па бруку, кароткім смехам рассыпаюцца па дварах і завулках. Чыесь ногі борздзенька тухкаюць па дошках тратуара і боязна заціхаюць на паваротцы. Івану здаецца, што гэта прайшла жанчына. Прыслухоўваецца – крокі замерлі і болей іх не чуваць. Несканчоную аднатонную песню вядзе электрычная станцыя, нібы дрот звоніць на тэлеграфных слупах у лесе перад нягодаю, а маўклівая, прытоеная і поўная падступства ноч прагавіта ловіць і глытае гэтыя гукі і шолахі. І толькі паравоз дзесь на вакзале гучна і зухавата разрывае зацятую цішыню і напамінае Івану аб прасторах дарог. Але ўсё гэта праходзіць міма яго. Ён чуе сваю адарванасць ад свету, ад людзей, ад жыцця і поўную сваю адзіноту, як бы нехта паабрываў усе яго ніці, што злучалі яго з гэтым светам, людзьмі і жыццём, і выкінуў яго аднаго за іх межы. І пуста ў яго сэрцы і ў яго мыслях.

 

 

 

X

 

Скончыліся работы ў горадзе. Развітаўся Іван з сваім барачкам і стружкамі, дзе праваляўся ён тыдняў шэсць. З тыдзень яшчэ пабыў у горадзе – была сякая-такая работа. А калі сезон работ зусім замёр, пайшоў Іван на станцыю, купіў білет і паехаў дамоў. Размеркаваў Іван свой заработак: сорак рублёў для бацькі, у хатні скарб, рублёў пятнаццаць пакінуў на свой абыходак – мала якая там патрэба можа здарыцца. І сам крыху адзеўся і абуўся, бо ж і з Адолькаю справа ў яго не скончаная. Іван думаў аб ёй увесь час і не траціў надзеі заваяваць яе сэрца. У парыве замілавання купіў ёй бутэлечку духоў, за семдзесят восем капеек у цэрабкопе купіў іх.

Сорак рублёў улагодзілі бацькава сэрца, хоць ён нічым не выказаў свайго задавалення. І думаў стары Трахім, што яго Іван пасталеў, што з яго будзе чалавек і не папікаў сына нядбайнасцю і яго мінулым, але ўсё ж спадцішка прыглядаўся да яго і адносіўся даволі крытычна. Гэтыя сорак рублёў надавалі трохі гонару і самому Івану, бо на сяле аб іх скора стала вядома ўсім. Напэўна ж дачуецца і Аўдолька аб іх. Думаў Іван, як латвей спаткацца з ёю. Вось ужо тры дні, як жыве ён дома, тым жа часам ён яшчэ і не бачыўся з ёю. І гэта нават добра: добра, што ён адразу не пабег да яе. Можа быць, і памылка вялікая была ў тым, што так напорыста бегаў за ёю і раняў дух па ёй, а дзяўчына стала забіраць многа ў сваю галаву. Ці не лепей змяніць сваю тактыку, паказаць Аўдольцы, што яна для яго асаблівай цаны і не мае, даць ёй адчуць, што ён толькі падражніваўся з ёю? Можа, нават не пашкодзіла б перанесці сваю ўвагу на другую дзяўчыну?

Такія думкі праходзілі ў Іванавай галаве, і розныя падыходы абмяркоўваў ён. На справе ж выйшла зусім іначай. Не датрымаў Іван сваіх падступных замыслаў: усе яны разляцеліся прахам, як толькі пабачыў Аўдольку. Іван адразу адчуў тады, што ён тут бязвольны, што Аўдолька можа зрабіць з ім усё, што захоча.

На паплаўцы за сялом каля старога дуба пасцілала Аўдолька лён. Гібкая, спрытная постаць яе варушылася рухава, і роўнымі радочкамі клаўся лён на пажоўклы дол. Іван з сякераю ішоў у лес: загадаў яму бацька пару жэрдак прынесці і падрапараваць плот. Звярнуў з дарогі Іван, мяжою пайшоў, кіруючыся на стары дуб. Збянтэжылася Аўдолька, пабачыўшы Івана, і яшчэ шпарчэй завінулася каля лёну.

– Здарова, Аўдолька! – і голас Івана асекся.

Падняла Аўдоля чорныя вочы. Ні следу радасці не прачытаў Іван на яе твары, а вочы пазіралі пужліва і халодна. Іван хоча пачаць гутарку, сказаць што-небудзь вясёлае, жартлівае, ды слоў такіх няма ў яго цяпер.

– Ці не на пасаг сабе палотны збіраешся ткаць? – пытае.

Усміхнулася Аўдолька.

– Усё можа быць,– адказала.

Іван чуе, што нятрапна пачаў, змяняе гутарку.

– А я вот у горадзе ўсё пра цябе думаў.

– Маніш! У горадзе многа ўсякіх дзяўчат.

– Ды вось я і купіў для цябе сёе-тое.

Зусім не так мысліў раней Іван падараваць Аўдольцы духі. Ён стукае рукою па левым баку грудзіны, дзе была ў кішэні пакупка. Аўдолька яшчэ больш узрушылася: цікава ж даведацца, што купіў ёй Іван у горадзе. Іван важна вымае з кішэні пляшачку, загорнутую ў паперку, разгортвае, рукі яго трохі трасуцца ад хвалявання, ад блізасці да Аўдолькі. Разгортвае і падае, а сам пазірае на дзяўчыну.

– Што гэта, рыцына? – пытае Аўдолька, і абразлівы смех блукае на яе губах.

Як бы вядро халоднай вады выліла на Івана. З нагі збіўся Іван. Хацелася жартам адказаць, ды язык не ў той бок павярнуўся.

– А я ж думаў, ты ласкавей сустрэнеш мяне... Нягодная і злая ты, Аўдолька. Замест сэрца кусок цэгліны ў цябе.

– Што ж зрабіць, калі такою радзілася?.. І дарма ты на мяне траціўся – не вазьму я гэтага.

– Чаму?

– Так... не вазьму.

І зусім недарэчы пытае Іван:

– А куды я дзену іх?

Аўдолька паціскае плячамі.

– Падаруй каму-небудзь другому.

Крыўда і злосць забірае Івана.

– Ты можа сярдуеш, гневаешся на мяне за тыя словы, што сказаў табе, адыходзячы ў горад?

Аўдолька апускае вочы.

– Не, я не гневаюся на цябе.

– А чаму ж ты такая неласкавая да мяне?

– Ну што ж я зраблю, калі ласкавасці няма? – І зірнула на Івана так, як бы ў адчай прыйшла, што няма да яго ласкавасці.

– А вось жа напэўна ёсць у цябе ласкавасць да каго-небудзь другога, – гаворыць Іван, і зайздрасць падымаецца ў яго сэрцы да гэтага другога.

Аўдолька апускае вочы і маўчыць.

Іван падыходзіць усутыч, кладзе на яе плячо руку. Аўдолька стаіць нерухліва, не скідае рукі. Хіба, можа, дазволіць яму абняць яе? Іван туліць яе да сябе і, як клешч, упіваецца губамі ў яе шчаку. Аўдолька вырываецца, рукі яе робяцца, як жалеза, адпіхае Івана. Іван лічыць, што і так дабіўся вялікай асалоды, выпускае Аўдольку.

– На гэтым, Іван, і канец, – узрушана гаворыць дзяўчына.

– Чаму?.. А я думаю, што гэта – толькі пачатак.

– Не, Іван: дарма так думаеш – я скора запісваюся.

– З кім? – апаўшым голасам пытае Іван.

Аўдолька сярдзіта ўскідае чорныя бровы.

– Хіба ты поп, што я буду спавядацца табе? Або мне дазволу прасіць у каго?

Іван чуе, што свет вакол калыхнуўся ў яго вачах. Але ён бярэ сябе ў рукі і гаворыць:

– Гэтага не будзе: ты будзеш або мая, або нічыя!

Маленькія вочкі яго робяцца злоснымі і рашучымі.

 

 

XI

 

Чорныя думкі шаволяцца ў Іванавай галаве. І ясна яму, што зусім дарэмна чапляецца ён за гэтыя надзеі выбрацца на нейкі бераг. Шабаш, брат! Годзе!

Новы план носіць ён у сваіх думках. Час яго надыходзіць. Пільнуе яго нешта цёмнае і страшнае і неадступна ходзіць за ім, як бы спаганяючы з яго нейкі доўг. Трэба расплачвацца, канец рабіць.

Ужо некалькі разоў наведваўся Іван цішком да свайго нагана. Глядзеў на яго, чысціў, паціскаў за дужку пружыны, аглядаў патроны. Потым зноў хаваў яго, як бы баючыся сваіх думак. Але ў яго не ўсё яшчэ было падрыхтавана.

Вечарам, ужо на змярканні, выходзіць Іван на вуліцу. Падслепавата пазіраюць нізенькія вокны, а хаты зліваюцца з густою цемраддзю. Сунецца Іван па мяккай вуліцы і вось ужо мінае Аўдольчыну хату. Насустрач яму са змроку выплываюць не то дзве, не то тры постаці. Узіраюцца на Івана.

– Ты, балаховец, асцярожней хадзі каля гэтае хаты! – чуе Іван хрыплы ад выпіўкі голас Андрэя Жычкі.

Тры хлопцы загарадзілі Івану дарогу. А, Андрэй Жычка!.. За Аўдольку злуецца. Івана таксама забірае злосць. Але ж ён зусім не да Аўдолькі ідзе, не: у яго сваё меркаванне. Іван запыняецца. Кулакі яго згортваюцца.

– Ідзі наўперад вырыгай самагон, тады прыходзь задзірацца.

– Бі бандыта! – рушыў наперад Андрэй.

Іван адступіў крок назад.

– Не чапаю, дык не лезь! А то жавалы пабʼю!

– Балаховец! Бі яго, Андрэй! – крыкнуў Андрэеў таварыш, Мікола Былевіч.

Рынуўся Андрэй, махнуў кулаком. Стукнуў яго Іван пад цяглі нагою і штурхануў у грудзіну. Андрэй, як сноп, шлёпнуўся ў гразь. Разʼярыўся Іван, на Андрэевых прыяцеляў наляцеў, зваліў іх у адну кучу, а сам вырваўся і пусціўся наўцёкі. Адбегся, выламаў з плота кол і крыкнуў:

– Гніды вы! З кім займаецеся?

Пагналіся за ім хлопцы таксама з каламі, але Іван махнуў на агароды і схаваўся, не то, каб іх баяўся, а проста не хацеў займацца. Усё ж такі ён іх памяў і ў гразі выкачаў. Нават падбітае Іванава вока не клала ценю на яго перамогу.

Вярнуўся дамоў Іван позна, прывалокшы тры шасціаршыновыя дошкі. Пытаўся ў яго назаўтра бацька, дзе ўзяў ён гэтыя дошкі і на што яны? Дошкі дастаў Іван у Марʼянчыка, а рабіць будзе з іх шафік – каморнік просіць.

Туляючыся і тоячыся прыступіў Іван да работы. Папілаваў дошкі, зняўшы наперад мерку з сябе, пагабляваў іх, урэзаў, дзе трэба, а потым стаў збіваць іх цвікамі. І тая ж занямелая ўсмешка аставалася на яго губах, калі аглядаў ужо зусім гатовую труну. Ён доўга пазіраў на яе і штось думаў. А потым выбраў найбольш зацішное месца ў клуні, занёс туды труну і накрыў саломаю. Прысеў на яе ды зноў задумаўся. Цяпер ён думаў аб Аўдольцы. Не хацела быць з ім жывою, няхай ляжа мёртваю. Так, гэта ён пастанавіў цвёрда і не адступіцца ад свае пастановы. І дні праз два поруч з яго ўласнаю труною стаяла другая труна, крыху меншая і гладчэй зробленая. Усё гэта было зроблена патаемна, і ніхто з дамашніх, ніхто на свеце не ведае яго замыслаў. Іван некалькі разоў заходзіў тайком у клуню паглядзець на гэтыя труны. Адгорне салому, пазірае на іх, нешта мяркуе і думае. Некалькі разоў браўся за кантовы сталярскі карандаш, каб напісаць на труне сваю апошнюю волю. Але ці заўважаць яго надпіс на дошках труны? Івана бярэ сумненне, і ён адкідае гэтую думку. З Піліпавага сшытка вырывае асцярожна лісток паперы і выводзіць каракулі: «Пахавайце нас разам» і падпісваецца: «Бадзейка Іван Трахімавіч». Паперку гэтую кладзе ў сваю труну. Вечарам, калі на дварах усё аціхла і стала зусім цёмна, Іван бярэ свайго старога прыяцеля – адзін толькі і астаўся ён, наган, закладае патроны. Разоў некалькі прайшоўся па двары, паслухаў. Цёмная, маўклівая ноч. Увесь свет захлынуўся цемраддзю, і для Івана не будзе ўжо світання новага дня. Але гэтыя думкі адбіваюцца ў ім цьмяна. Ім завалодала адна мысль – зрабіць апошнюю справу на свеце і папомсціцца за ўсё.

Іван асцярожна адчыняе клуню, выносіць на двор труны, ставіць іх у рад і борзда выходзіць на агароды, а адтуль, як злодзей, крадзецца да Аўдолінай хаты. Ён ведае ўсе Аўдольчыны ходы. Яму толькі трэба спаткацца з ёю. Ён загадзя выпрасіў у яе адну ласку для сябе: калі ён будзе адыходзіць з сяла, каб ужо ніколі не вярнуцца, ён прыйдзе развітацца з ёю. І вось гэты час надышоў.

Стаіўся Іван каля варот і стаіць, пільнуе Аўдольку. Аконная рама з шыбамі цьмяна адлюстроўваецца на чорным і вільготным дворыку. Прыгожы рысунак яе, напісаны святлом на зямлі, часамі заціраецца ценем. Чыясь постаць нячутна праслізне па хаце насупраць акна і парушыць правільнасць рысунка аконнае рамы. Іван пазірае на гэты рысунак і на акно. Ён уздрыгвае: Аўдолька ў белай хустачцы ў кветкі выплыла з цёмнага кутка хаты, глядзіцца ў люстэрачка, папраўляе валасы каля вуха. Іван успамінае Андрэя Жычку: для яго чапурыцца яна! Чорная зайздрасць ахінае яму сэрца. Іванавы рукі злёгку трасуцца, а час цягнецца да болю марудна. Ці не зайсці лепей у хату? Гадае Іван. Але рыпнулі, а потым грукнулі дзверы ў хаце, а затым і ў сенцах. Аўдолька! Іван адразу пазнае яе на парозе, хоць і цёмна. Ён дрыжыць, але падае голас кароткім, мнагазначным кашлем.

– Не палохайся: гэта я! – гаворыць ён ціха.

Аўдолька ўздрыгвае ад нечаканасці і падаецца назад у сені.

– Я прыйшоў развітацца з табою. Больш мы ніколі не ўбачымся.

Іванаў голас перарываецца, ён спяшаецца выказаць гэтыя словы, каб затрымаць яе тут. Падыходзіць бліжэй.

Аўдолька не ведае, што сказаць яму. Ёй цяпер нават і шкада яго, але яна баіцца выказаць спачуванне, каб не перадумаў Іван свайго намеру, бо з ім ёй страшна і непрыемна. Яна маўчыць. Хочацца, каб скарэй развітаўся ён. Тады спакайней будзе.

– Пацалуйся са мною! – гаворыць Іван.

Дзіўна нейк прагучалі гэтыя словы ў Іванавых вушах.

– Не трэба гэтага! На вуліцы потым паказацца нельга будзе! – узрушана, прыцішаным голасам пратэстуе Аўдолька і адпіхае Івана. У тоне яе голасу Іван чуе шчырае нежаданне пацалавацца з ім.

Дзесь на вуліцы чуюцца хлапцоўскія галасы і смех, а ў глыбі сяла заядлым і злосным брэхам надрываецца сабака.

– А з другімі дык ты ліжашся!..

І аблаяў яе Іван абразлівым і брыдкім словам і, следам за гэтым, выхапіў наган і ўпор стрэліў два разы. Непрычыненыя дзверы ў сенцы шырока расчыніліся і трупам асунулася Аўдолька на цвёрдую зямлю ў сенцах.

– Гатова!

Апошняе, што чуў Іван, быў шум у хаце. Ён прыставіў наган да свае галавы, зажмурыў вочы і моцна ціскануў пальцам дужку пружыны. Пачуўся трэці стрэл. Упаў Іван галавою на двор. А калі збегліся людзі і запалілі агонь, дык убачылі два трупы, раздзеленыя парогам, з адкінутымі ў розныя бакі галовамі. Аўдолька была забіта напавал, а Івана завезлі ў непрытомнасці ў бальніцу. Назаўтра ён там памёр і там жа яго і пахавалі. І цікава яшчэ адна драбніца: стары Трахім не даў труны, каб пахаваць Аўдольку.

[1929, 1952]


[1929,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6