epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Батрак

(Палеская быль)

I
II
III
IV
V
VI
VII


Стогне, вые і галосіць,

Аж гудзе Палессе.

Вецер хмары гоніць, носіць,

Рве салому ў стрэсе.

 

Глуха гоман далятае

З лесу векавога,

Нібы песня заклятая,

Грозьба, засцярога.

 

Мітусіцца ў страсе вецце,

                Чараты і лозы.

Угнявіўся чагось вецер,

Бы камусьці грозіць.

 

Толькі ж ты не страшна, бура,

Тым, хто ў цёплай хаце,

Дзе ёсць запек і пячура

Ды яшчэ палаці;

 

Дзе лускоча і палае

        Корчык на камінку,

А бабулька гаваркая

                Ўспомніць пра старынку

І пачне расказ цікавы,

Як даўней жылося:

Ёй у свеце рознай справы

Сведкай быць прыйшлося.

 

Бабка Марʼя аўдавела,

Дзеткі паўміралі.

Гаспадарка так змарнела,

І з зямлі сагналі.

 

Не па праўдзе рассудзілі

                Справу маладзіцы.

Дзе ж падзецца? Прыхілілі

Марʼю чужаніцы.

 

Вось і служыць, век зжывае

У чужых слугою.

Мусіць, доля ўжо такая –

Век быць сіратою.

 

Але бабка ўсім давольна

        І не мысліць злога

Тым, хто выгнаў сваявольна

                З мужніна парога...

 

А вятруга не сціхае –

Плача і галосіць,

Плача горка і ўздыхае,

Бы ратунку просіць.

 

А пад тую песню жалю

Бабка, як званочак,

Сыпле слоўкі, бы каралі

Ніжа на шнурочак.

 

 

I

 

– Эх, мой голубе-саколю!

          Многа баек ёсць на свеце.

Ці іх спішаш? Ды ніколі!

Толькі праўду запішэце –

Аднае яе даволі.

А тэй праўданькі, нябога,

На свеце багата!

Аб ёй скажа і дарога

І кожная хата,

Скажа добрага і злога

Пра нашага брата...

          Вось як думаць часам станеш

Ды прыгледзішся бліжэй...

Не, саколю, як ні глянеш,

Лепш было-такі даўней!

Меней хітрасці і здзеку

Між людзей тады было,

Лепш вялося чалавеку,

І жыццё раўней цякло.

Дзеці старшых паважалі,

Ну, і слухалі бацькоў.

          Людзі цвёрда лад дзяржалі

Ды і меней зазнавалі

І дзяліцьбы і судоў.

У бацькоў мацней трывала

Сэрца, любасць да дзяцей,

І каралі іх, бывала,

Ды лагодзілі часцей.

Меркаваліся – так трэба:

На дабро не пойдзе зло.

Тады нават само неба

          Ласкавейшае было.

 

Памаўчала бабулька хвіліну,

Як бы ловячы нейкую ніць

Ці мяркуючы, як пра быліну

Ёй трапней і зручней гаманіць.

 

– Багатыр на ўсю акругу,

Панам жыў стары Адам:

Меў зямлі, кусішча лугу,

Колькі грошай – знаць не нам.

Банк даўней не быў у модзе,

          Знаць яго ніхто не знаў:

Пад падрубаю ў калодзе

Ці ў гляках на агародзе,

Хто меў, золата хаваў.

Ну, такіх цяпер нямнога

Знойдзеш ты багатыроў.

Пчол адных было ў старога

Соцень тры ды больш вуллёў.

Меў таксама і скаціны,

Рознай жыўнасці стары,

          Бульбы, хлеба, садавіны...

Што цяпер гаспадары!

Нават блізка не стаялі,

Ой, далёка ім да тых!

А чаму? Закон трымалі

Дзедаў-прадзедаў сваіх...

Ды і то сказаць, саколю:

Цесна ў свеце стала жыць,

Нібы сціснулі ўсім волю

Рук няма дзе прылажыць.

 

Усяго ён меў даволі,

Жыць бы толькі, спажываць,

Ды ў адным не меў ён долі:

Не мог дзетак ўзгадаваць!

Мерлі дзеткі, Бог іх знае.

Толькі стануць падрастаць,

Смерць бязлітасна-ліхая

Тут як тут. Такая, знаць,

Ўжо ім доля выпадала,

Пакой вечны іх душам.

          Маці дух па іх раняла,

Хмурны заўжды быў Адам.

З усіх дзетак засталася

Толькі дзеўчынка адна.

І скажу ж я: удалася,

Урадзілася яна!

Вочы ясны, ну, як неба,

Колькі ў іх было жыцця!

Бачыць бы самому трэба,

Што было то за дзіця!

          Чорнай дужкай леглі броўкі,

Шчочкі свежы, як раса,

Погляд – раніца ў Пятроўку.

Ну, любота, ну, краса!

Нібы красачка у полі

Між зялёных каласкоў.

Не сказаў бы ты ніколі,

Што то дочка мужыкоў.

Падрастала – расцвітала,

Як вішанька ў садзе.

        Не хочучы дзеўка стала

Хлопцаў вабіць, надзіць.

Прыязджалі пад званкамі

Пачцівыя госці,

З гарэліцай, з ручнікамі

Сваты-ягамосці.

Не хацела ж яе маці

Слухаць тэй гамонкі:

«Едзьце, свацікі, шукаці

Ў другім месцы жонкі.

        Наша дочка – маладзенька,

Хай пабудзе дома.

А за гонар, даражэнькім,

Дзякуем, вядома.

 

Ну, дзе ім да Банадысі!

Бог дасць, будзем жыць без іх:

Людзі ў свеце не звяліся –

Лепшы знойдзецца жаніх!»

 

Так старою гаварыла

Гордасць матчына не раз:

«І-і, дачушка мая міла!

Прыйдзе твой, галубка, час!»

 

Банадыся ж бы й не дбала,

Ёсць жаніх ёй ці няма,

Толькі іншы раз, бывала,

Нойдзе нейкая дума,

І на твар бы клопат ляжа,

Цень па вочках прабяжыць,

Але й мацеры не скажа,

Што на сэрцы тым ляжыць.

«Што ты? – маці запытае. –

Чаго стала так хмурна?»

Засмяецца, заспявае,

Развяселіцца яна.

 

 

 

II

 

Жыццё йшло сваім парадкам.

Як Адам не меў сыноў

Ды рабочых рук няхватка,

То трымаў ён парабкоў.

Спрытны, ёмкі быў хлапчына

Малады батрак Якім,

          Першы ў вёсцы малайчына...

Рэдка спрэчаўся хто з ім

Ці то ў сіле, ці ў рабоце,

Што ні ўзяў – спаліў агнём!

Шчодра ўсё даў Бог сіроце, –

Маладзец быў малайцом.

Чарнавокі, твар прыгожы,

Стройны, звязісты, як сук.

Каб убраць яго, нябожа,

Эх, што быў бы за дзяцюк!

          Ды была адна загана:

Сынам быў ён жабрака

Ды меў долю батрака.

Што ж? Такі быў лёс паганы.

 

Жыў пры матцы перш хлапчынка,

І была халупка ў іх,

Дзе курылася лучынка,

Дзе туліліся ўтраіх.

Маці сім-тым зарабляла:

Пражу прала ці йшла жаць.

          Хлопчык гэтак жа, бывала,

Йшоў у двор на сенажаць

Ці наймаўся за падпаска, –

Дзе там грошы – хоць за хлеб,

Ды і то была як ласка,

Покі хлопчык не акрэп.

Бацька меў свае дарогі:

Йшоў, абходзячы двары,

На сядзібы, хутары –

Быў калека і убогі

          І вымальваў імем Бога

Хлеб і іншыя дары.

Як бы там ні выпадала,

Ўсё ж у іх быў свой куток,

Свой прытулак. І, бывала,

Ў цёплы летні вечарок

Сядзе важна каля хаты

Развяселены жабрак:

«Бач, Крыстына, мы багаты –

Хатку маем як-ніяк.

  Ёсць у хатцы печ, дзве лавы.

Праўда, пень замест стала,

Але ўсё адна хвала,

Калі стол без хлеба, стравы.

А на нашай жа калодзе

Сальца водзіцца падчас,

Як пашэнціць мне ў абходзе.

О, жывуць і горш за нас!

Хоць бы гэтак было далей.

Так, старая, ці не так?

        Радасць мая ў хлебе, сале.

Я шчаслівы ў кожнай хвалі,

Хоць калека я, жабрак.

Чым жа кепска? – запытаем...

І вось думаецца мне,

Што мы радасць, шчасце маем

Ў абразе́, што на сцяне».

Так стары Казімер стане,

Зняўшы торбы, разважаць:

«Дзякуй Табе, Вечны Пане,

          Што і ў маім жабрачым стане

Ніва ёсць і сенажаць!

Ну, ці так кажу, старая?

Мы не горш людзей жывём...»

З дзень Казімер спачывае,

Потым зноў ідзе з кіём.

 

Ды нядоўга красавала

І такое шчасце іх –

Ліха прыйдзе ў адзін міг:

Летам Крыся заняпала

          І з пасцелі больш не ўстала.

Што ж рабіць ім удваіх?

Разышліся іх дарогі,

Не пайшоў малы Якім

У вандроўку са старым

Абіваць людзям парогі.

Апусцела хатка тая,

Ткуць красёнцы павукі,

Бо няма, бо не хватае

Гаспадынінай рукі.

          Сам Казімер апусціўся

І асунуўся, азыз,

І халат яго зрабіўся

Комам лат, ануч і рыз.

Ніжэй хатка ў дол ўрастала,

Патачыў яе чарвяк,

І на прызбу, як бывала,

Не выходзіў больш жабрак.

Двор не прыбран, не падмецен,

У халупцы смецце, бруд...

          Ох, саколю, непрымецен,

Ды вялік жаночы труд!

 

Што ж было рабіць малому?

Рукі дзе яму зацяць?

Не йсці ж з бацькам жабраваць,

Здароваму, маладому!

І ён кінуў бацьку, хату,

Па людзях пайшоў блукаць,

Долі-спосабу шукаць

За абы-якую плату.

          Многа дзе ён быў, сланяўся,

І ўжо сталым дзецюком

Да Адама ён наняўся

Батраком.

 

Здольны быў работнік новы:

Пойдзе ў луг касіць мурог –

Ні адзін касец вясковы

З ім управіцца не мог.

Палюбіў яго, як сына,

Ім хваліўся гаспадар:

          «Ну і хлопец! Вось хлапчына!

Вось работнік! Вось штукар!»

 

Добра ўсё йшло і паволі,

Дома кошкаўся стары,

А Якім часамі ў полі

З ранку быў аж да зары.

Ходзіць хлопец за сахою,

Дружна ў пары йдуць валы.

Толькі й чуеш за гарою:

«Гэй, Пярэсты! Но, Малы!»

          А як поўдзень падступае,

Зніме з іх Якім ярмо.

«Патаміліся? – спытае. –

Есці хочаце? Дармо!

Адпачынем, папасёмся.

Сонца зрушыцца з гары,

Зноў у сошку запражомся,

Мае волікі-сябры!»

 

Так гаворыць са скацінкай

І пускае на траву,

          А сам гэтаю часінкай

Сядзе ў цень на мураву.

І сядзіць ён, штось гадае,

Бы на думках штось было,

І сам сюд-туд паглядае

На той хутар за сяло,

На курганік і на гору,

Дзе дарожка пралягла:

Банадыся ў гэту пору

Яму полудзень нясла.

          Ўсё ў Якіме аж заскача,

Задрыжыць і запяе,

Як здалёку толькі ўбачыць

Постаць мілую яе.

Ў белай хустачцы з брыжамі

Хутка блізіцца яна.

Вузел хлеба за плячамі,

А ў спарышыках – з пшана

Каша, квас ці інша страва

Ды гладышык малака.

          Вось падходзіць і ласкава

Так зірне на батрака:

«Ну, Якімка, падкрапіся –

Папалуднаваць пара».

«Дзякуй, рыбка Банадыся!

Я ж такі і падараў!

Сяду, што ж, якраз часіна...

Сядзь і ты бліжэй сюды!»

Есць Якімка, а дзяўчына

З яго цешыцца яды.

          «Можа б ты папрабавала?

Разам есца нейк зручней».

І дзяўчына лыжку брала.

Разам праўда што смачней.

 

Не яда ім, а пацеха.

Так і горнуцца яны.

Тут і жарты, тут і смехі –

Свята ім той дзень будны.

І не раз вось так у полі

Ці ў куточках зацішных

          У спатканнях патайных

Часу бавілі даволі.

І ніхто не знаў, не ведаў,

Чым так моцна прыкаваў

Дом Якіма, і ў суседзяў

Ён ніколі не бываў,

Не хадзіў на пагулянкі,

Каб другім не замінаць,

І, апроч свае каханкі,

Не хацеў нікога знаць.

          Вечарамі ў сад цяністы

Выйдзе з дудкаю Якім.

Плача дудка галасіста

Плачам жаласным такім.

Банадыся ж у аконцы

Сядзе, слухае дуду.

Смутна стане ёй бясконца,

Як бы граў ён на бяду.

Месяц з неба пазірае,

Ўздзеўшы срэбраны вянок,

          А ёй сэрца замірае,

Млее, просіцца яно...

 

 

III

 

Беглі дні, ішлі нядзелі...

Банадыся ж і Якім

Шчасце кралі, як зладзеі,

У каханні патайным.

Ды чым далей, то тым болей

Непакоіць думка іх:

Як жа з бацькаўскаю воляй?

Як са згодаю старых?

          Ну, вядома, гэтай згоды

Не дабіцца ім ніяк:

Хто Якім? Галыш, без роду,

Сын убогага, батрак!

А яна – багачка, краля

І адна дачка ў бацькоў.

Проста людзі б засмяялі!

Хіба ж лёс яе такоў?

Марна думаць аб той згодзе:

Не, бацькоў ім не ўламаць,

          Дык аб гэтай перашкодзе

Лепш маўчаць, не ўспамінаць.

Хай ідзе сваёй чаргою –

Далей будзе ім відней.

Іх каханне ж той парою

Разрасталася ладней.

Так яно па волі Божай

І кацілася само.

І што ж думалі, нябожа?

Спала з іх плячэй ярмо.

 

Час быў так каля Міколы.

Помню добра, як цяпер,

Веснавы дзянёк вясёлы;

Нават помню, што ў чацвер

У гасподу да Адама

Зайшлі два гаспадары,

Багацеі гэтаксама,

Як і той Адам стары.

 

«Як жа крэпенькі, здаровы?»

«Дзякуй вам! Што ў вас чуваць?»

        Ну, звычайныя размовы,

І на словы ніжуць словы,

Каб той звычай захаваць

Ды каб спрытна стараною

Грунт сабе падрыхтаваць –

Трэба ж перш парахаваць,

А ўжо потым з навіною

Без памылкі выступаць.

І пры гэтым на дзяўчыну

Вокам кінулі не раз:

 

«Малайчына, малайчына!

Дочка ладненькая ў вас!»

 

Далей-болей,

Мой саколю,

Ды слова па слову

Закідаюць сець на волю,

На дзявочу тую долю

Раскрываюць змову.

 

Бо дзяўчына –

Як пташына:

          Вылятае ў вырай,

І прыходзіць ёй часіна

Аб сваёй другой айчыне

Пагадаці шчыра.

 

«А гадаці,

Бацька, маці,

Тут не трэба многа:

Малады наш, Гуль Кандраці –

Першы богач у Загацці,

Не знайсці такога».

 

Госці гладка

Ад пачатку

Павялі гамонку.

«Дык што ж скажа бацька, матка,

Каб аддаць сваё дзіцятка

У той дом за жонку?»

 

Глянулі адзін другому

Тут бацькі у вочы –

Выпусціці пташку з дому,

Як відаць, ахвочы.

 

          Пакланілася старая,

З лавы ўстаў стары Адам:

«Што ж? Няхай Бог памагае,

Прыязджайце, госці, к нам».

Як зачула ж Банадыся

Аб той згодзе, аб сватах,

Ёй і рукі затрасліся,

Сэрца стукае – тах-тах!

Штось хацела ім сказаці

Са ўсёй смеласці, з пляча,

          Ды стрымалася дзяўча.

Душна стала ёй у хаце.

Выйшла моўчкі вон за дзверы.

Што ж рабіць? Ну што рабіць?

Як ёй гэтыя намеры

Папярэдзіць і разбіць?

Свайго ўспомніла мілога:

«Мілы, любы мой Якім!..

Збегчы трэба – больш нічога,

І паставіць на сваім».

 

Азірнулася дзяўчына

Ды бягом у сад, за сад.

Вось лясок і раўчавіна.

За ляском яе хлапчына

Рэжа скібы рад у рад.

 

Банадыся

 

Ой, Якімка! Гора, ліха!..

Пагаворым, любы, крыху.

 

Якім

 

Што такое? У чым справа?

 

Банадыся

 

Справа кепска, нецікава!

З-пад Загацця ягамосці

          Непрашана прыйшлі ў госці

Мяне сватаць за Кандрата.

Даюць згоду мама, тата,

Толькі я адна нязгодна.

Што ж рабіці, мілы, родны?

Засталося часу мала,

Ды не ўсё ж яшчэ прапала:

За табою стала слова,

Я ж на ўсё, на ўсё гатова!

 

Спахмурнеў батрак,

          Аж змяніўся ў твары.

Вочы зораць, бы з-пад хмары,

З тропу збіты небарак.

 

Банадыся

 

Што ж маўчыш, Якімка любы?

Ты ж не хочаш маёй згубы?

 

Якім

 

Як відаць, разлучымся, нябога!..

А для мяне... адна дарога...

 

Банадыся

 

Што я чую? Ох, ты губіш

Мяне бедную, Якім!

Ці мяне ты ўжо не любіш?

          Ці ўгнявіла цябе чым?

Ці ты лепшых слоў не знаеш,

Апроч гэтых жорсткіх слоў?

Ці другую сабе маеш,

А мяне забыць гатоў?

 

Якім

 

Забыць цябе, дзяўчынку дарагую?!

Ды дзе ж знайсці такую!

Не, любая! Не, не!

Ніколі!

Няхай не будзе шчасця мне,

          Няхай не будзе долі,

Калі б цябе змяніў я на другую!

Слухай, сэрца Банадыся!

Каб цябе я не любіў,

Каб з табой мы не сышліся,

Мо б я больш шчаслівы быў.

Толькі ж я табе ці пара:

Я – слуга твой і батрак.

Бацька мой – стары жабрак...

Горка мне твая ахвяра!

          Ты – красуня, ты багата,

А я голы як сакол,

Ў мяне будка, а не хата,

Ды і тая ўвайшла ў дол,

Апусцілася ў зямлю...

Дзе ж цябе я прытулю?

 

Банадыся

 

Толькі той і перашкоды?

Ой, Якімка мой дурны!

Мы такі ж і не блазны.

Прыйдзем так, давай, да згоды.

        Мы тайком у цэркву пойдзем –

Поп за грошы дасць нам шлюб,

Будзем жыць і спосаб знойдзем.

Крэпак ты, Якім, як дуб.

 

Ці ж палохацца работы?

Ці няздольны працаваць?

Што нам гэтыя турботы!

Зможам кут асталяваць!

 

Прасвятлеўся твар Якімаў,

Пугу вобземлю шпурнуў.

          Смела ўскінуў ён вачыма

І кудрамі страсянуў.

 

Якім

 

Я, саколка, не баюся

Ніякае працы!

Куст – мае палацы!..

У ярмо сам запрагуся,

Пацягну не горш вала, –

Ты б шчаслівая была!..

Не! Не згінем мы з табою,

З маёй рыбкай залатою!

 

 

Ў вочы ёй Якім зірнуў

І да сэрца прыгарнуў.

 

 

IV

 

І вось потайкам, цішком

Ўсё яны абмеркавалі,

Гладка ўсе канцы схавалі,

Справа стала за папом.

 

Тым жа часам Гуль Кандраці

Са сватамі пʼе ў іх хаце,

Вусы круцячы рудыя, –

Што-та, моў, за я! Куды я!

          Банадыся ж прытоена

Сядзіць на тых запоінах,

Далёкая ад Кандрата

І ад дома і ад свата.

Дзень вяселля назначылі,

Ды вяселля не бачылі...

 

У бліжэйшы час па гэтым

Святою нядзеляй

Пайшла дзеўка макам-кветам,

Як кажуць, з кудзеляй.

 

Не адна пайшла ўцякачка,

А з сваім Якімам.

Што багацце? Лепш батрачкай!

Хай яно йдзе дымам!

 

Ці ж ёй сэрца заняволіць,

Жывучы з багатым?

Лепей з любым у нядолі,

Без прытулку-хаты.

 

У нядзельку на світанні

Па дарожках патайных,

          Каб ніхто не бачыў іх,

Ідуць лёсу на спатканне.

Кончыў поп ужо маленне.

Да папа яны ідуць,

Пад яго благаславенне

Сэрца боязна нясуць.

«А дзе вашы бацькі, дзеткі? –

Поп іх строга запытаў. –

Дзе сваты? Дзе дружкі? Сведкі?

Хто на запаведзь даваў?

          Ці не збеглі вы ад волі

Блізкіх кроўных і бацькоў?

Не звянчаю вас ніколі...»

 

Холад веяў ад тых слоў.

 

Банадыся

 

Змілуйся, бацюшка,

І нас ты звянчай!

Што праўда, то праўда –

Парушан звычай.

Мой бацька багаты,

А ён – наш батрак.

          За беднага ж пэўна...

Ні гэтак, ні так.

 

Якім

 

Назначце, бацюшка, цану

І выбачце нам гэтую віну,

Але нас павянчайце.

 

Поп

 

Не, на гэта выбачайце!

І не ведаю я вас.

Разбірацца ж мне не час:

Можа вы у першай стрэчы,

Можа вы – брат і сястра.

  Што ж вянчаць так недарэчы?

Не, не месца, не пара!

Не, няма благаславення!

 

Якім

 

Калі так, то што рабіць?

Мы ўсё роўна па сумленні

Як муж з жонкай будзем жыць!

Банадыся

 

Пакляліся мы

Жыць у пары век.

Што паробіш тут?

Утаўчэцца нейк.

 

Так сказалі і выходзяць,

Пастаялі на дварэ.

Смутак, клопат іх бярэ –

Чаго ж дарма час тут зводзіць?

 

Выйшаў поп, счакаўшы, ў сені,

Жаль да іх пачуў стары,

Бачыць, сталі на калені

Прад царквой на цвінтары.

Там у шчырасці сардэчнай

Пакляліся ў згодзе вечнай

          Разам несці клопат, гора

І ісці рука ў руку

Без папрокаў, без дакораў,

Што б ні стала на вяку.

Поп крануўся згодай тою

І іх шчырасцю такою,

На цвінтар да іх ідзе,

Сам у цэркву іх вядзе.

 

Поп

 

Бачу згоду вашу, дзеткі!

Дай Бог згодна век вам жыць.

  Што ж, ідзеце ў цэркву, кветкі, –

Павянчаю, так і быць.

На сябе віну бяру я,

Хай вам Бог грахі даруе.

 

З імі ў цэркве памаліўся,

Службу справіў, адчытаў.

Як бы камень з іх зваліўся,

Як бы іншы свет ім стаў.

 

 

 

 

V

 

Непрыветна выглядала

Хатка дзеда-жабрака.

          Павуццё куты заткала,

Дзьмула з кожнага кутка.

На аконцы вецер пылу

Цэлы пласт нанёс, нагнаў.

Там царыў спакой магілы,

Дух бядоты панаваў.

Печ асела, грунт загніўся,

Ў печы гліняны гаршчок

Сіратою прыхіліўся,

Стаў нячэпаны ў куток.

          Парахнелі марна лавы,

Дух пракіслы патыхаў,

А сталом быў пень трухлявы,

Што Казімер так кахаў.

Ўсё пра беднасць тут казала,

Пра нядолю бедака, –

Непрытульна пазірала

Хатка дзеда-жабрака.

І вось раптам надвячоркам

Хатка тая ажыла.

          Там пачулася гаворка,

І быў рух каля стала,

Праўдзівей, каля калоды,

Што служыла ўжо сталом

Незапамятныя годы.

А дзед ходзіць сакалом,

Бо ж і рад-такі старэчы,

Што жыве ён недарма.

Ён патупаў каля печы:

Пляшкі часам ці няма.

          Да гарэлкі ж дзед быў падак,

Майстар быў кручок загнуць,

Як жа ў гэтакі выпадак

Пару чарак не кульнуць?

У Казімера старога

Быў і скорам пра запас –

Скруткаў некалькі каўбас.

«Што гнявіць мне пана Бога?»

Гаварыў стары не раз.

Малады пайшоў па воду,

          Потым дроў схадзіў прынёс,

А дзед торбы ператрос,

Цягне ўсё на стол-калоду.

Маладая прыбірала,

Мыла, чысціла, мяла,

Павуціну, пыл зганяла –

Гаспадынін рэй вяла.

 

Як усё было прыбрана –

Запалілі там святло,

І халупка нечакана

          Заіскрылася, як шкло.

 

Дзед Казімер

 

О! Такі ж недарма

Кажуць тыя людзі:

Убяры ты і пень,

То харошы будзе!

Не, дапраўды: зірні –

Што за хата стала!

Хат такіх на сяле

Ты налічыш мала.

А за гэта за ўсё

              Гаспадыні хвала!

Ну, то сядзем за стол

Ды вяселле справім.

Малады з маладой!

Сядзьце тут на лаве...

Дадуць чосу бацькі

І мне разам з вамі.

Ну, ды покі той суд,

Пабалюем самі.

І закуска тут ёсць:

              Хлеб, блінцы, каўбаскі...

І вы будзеце жыць

Сяк-так з Божай ласкі...

 

Прыступаюць да вячэры.

Чуюць – ходзяць пад акном!

Потым раптам хтось у дзверы

Барабаніць кулаком!

 

 

VI

 

«Дзе ж то, бацька, наша дочка?

І Якім бы ў воду кануў...

Дзень праходзіць, скора ночка...

          Выйшаў бы ты сам ды глянуў.

Проста дзіва, і ніколі

Не бывала такіх штук.

Што ўжо гэта за сваволя!

Што ён думае, блазнюк?»

Непакоіцца матуля:

«Не, не так яно, не так!

І Якім на тыя гулі

Не аматар, не мастак.

Ёсць тут, ёсць тут штось напэўна –

  Зніклі зранку і няма

І прапалі неспадзеўна...

Ой, тут нешта нездарма!»

 

Усяк маці разважае –

А мо гэта, а мо то...

 

Маці

 

Ой, дурніца ж я старая!

Бацька! Ведаеш ты што?

Я – сляпая, ты – дурны:

Пэўна ж любяцца яны?

Пасудзі, падумай сам...

  Ото ж сорам будзе нам!

 

Адам

 

Ну, ты скажаш! Лепш маўчы,

Вады ў ступе не таўчы!

Мо пайшлі дзе на гулянне –

Ці ж яны манахі?

Кінь ты гэтыя гаданні

І пустыя страхі!

 

Маці

 

Ой, глядзі, глядзі, стары!

Удзяруць нам штуку.

Ліха выпаўзе з нары,

          Будзе, будзе гуку!

 

Адам

 

А, не бойся,

Заспакойся –

Не будзе нічога.

Хай гуляюць –

Права маюць,

Не судзі іх строга,

Хлопец сталы

        Ды прыўдалы

І не з гліны ж можа!

        Разам стануць –

Люба глянуць,

Так яны прыгожы!

 

Маці

 

Пляцеш немаведама што.

Ты яму дзесяць, ён табе сто.

Хоць падбаў бы аб дзіцяці,

Ўсё яму нічога.

 

Аж угневалася маці

        Ад тых слоў старога.

А сама гадае матка

        Над праявай тою:

У чым загваздка, загадка?

Што з яе дачкою?

І тут раптам нечакана

Ў галаве старое

Закружыліся пагана

Думак іншых роі.

Цяпер толькі ясна стала, –

        Дзе ж быў змысл жаночы!

Як дачушка паглядала

                На чорныя вочы.

Цяпер толькі прасвятлела

Матчына галоўка,

Як лавіў ён анямела

Дзявочае слоўка.

Цяпер толькі зразумела,–

О, дурная маці! –

Чаго ў садзе дудка млела,

        Не давала спаці.

А тут зараз пагалоска

        Па людзях шапоча,

Што батрак іх з ласкі Боскай

Быць іх зяцем хоча,

Што дачка іх у Загацце

Не пойдзе за Гуля,–

Гуль пры ўсім сваім багацці

Застанецца з дуляй.

 

Маці далей не ўтрывала,

Выйшла з хаты ды трушком

К жабраку пашыбавала

  Загуменнямі, лужком.

Падыходзіць пад аконца,

Зірк – не верыць і вачам:

Банадыся, яе сонца,

Божа мілы! Там! Ох, там!

Маці рукі заламала,

Зноў назад бяжыць яна,

З гора намітку сарвала.

 

Маці

 

Божа! Ў чым мая віна?

Ой, сорам нам, сорам!

          Ды што скажуць людзі?

Жыць у такім брудзе!

Цешся ж маім горам,

Рвеце ж мае грудзі!

 

Прычытвае, плача матка,

Валасы рве, бы ў агні.

 

Маці

 

Будзь жа ты, маё дзіцятка!..

 

 

Адам

 

Стой, старая! Не кляні!

Кінь ты выць на міласць Бога!

І пайшла ўжо і пайшла!

          І не смей і мысліць злога,

Утрымай язык ад зла!

Бо ж яна нам не чужая,

Бо ж яна у нас адна.

Гм! Праклёнам пагражае!

Моўчкі гора пі да дна!

І чаго так ужо варʼяцець?

Ідзі лепей у клець,

Прыбярыся, як трэба, сама,

Не зводзь часу дарма

          Ды каробкі сціха

Накладай давярха

Розным скарбам-дабром:

На вяселле папром!

 

 

VII

 

Два разы адно і тое

Не любіў казаць стары:

Што сказаў – слаўко святое,

Хоць тапіся, хоць гары.

Выйшла борзда ў клець старая

І кублы вярнуць давай,

          Жыва кораб набірае

Сырам, маслам цераз край.

 

Адам

 

Ну, старая, пойдзем з Богам –

Што ўжо гневацца тут нам.

Не паможа больш нічога.

Як зрабілася ўжо, маці,

Дык няхай і будзе так.

Што ж, батрак ён, ну, батрак.

Я ж не мыслю зла дзіцяці.

 

 

 

Маці

 

Дык што ж, бацька, ўсё гатова,

          Пойдзем, раз ты хочаш так.

Надзеў бацька халат новы,

Маці – чысты андарак,

Цемачком ідуць старыя

У халупку да дзяцей.

Не чакалі маладыя

Дарагіх такіх гасцей.

 

Адам

 

Добры вечар, зяць малоды!

Добры вечар, гаспадар!

 

І стаўляе на калоду

          І гарэлку й Божы дар.

 

Дзед стары быў як аглушан,

Як бы гром яго прышыб,

І язык стаў непаслушан,

Не варочаўся, прыліп.

 

Банадыся бацьку ў ногі:

«Не карай нас, татка, строга!

Глянь ласкавымі вачыма.

Гэта я звяла Якіма.

З ім тайком і звянчаліся,

        На тваю дабрату спадзяваліся».

 

Адам

 

Ну што кара тут паможа?

Толькі ж, дзеткі, так нягожа...

Злосці я на вас не маю

І караць не буду вас.

Што ж? Дабра вам пажадаю!

 

Са сцяны ён зняў абраз,

Той стары абраз, каторы

Дзед Казімер паважаў

І прад ім так шчыра ў горы

          Ўсе надзеі пакладаў.

Маладых благаславілі:

«Ну, дай Божа шчасця вам!»

Іх на покуць пасадзілі.

Выпіў, змяк зусім Адам.

Па плячы пастукаў зяця:

«Чуў, Якіме? Батраком

Працаваў ты ў маёй хаце,

Цяпер будзеш прымаком!»

Больш гарэлка разбірае,

          Стаў банкет іх ажываць,

  І Адам ужо гукае:

«На які чорт лепшы зяць?»

Зашумелі, разышліся,

Падабрэў стары ўканец:

«Малайчына, Банадыся!

Маці, праўда, маладзец?»

 

Дык вось як, саколю, бывала даўней.

Ці блага, ці добра – вам збоку відней.

 

1909, [1927, 1929]


1909,[1927,1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4