epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Бяднота

Ах, бяднота ты бяднота!

Цяжка жыць з табою.

Хоць вазьмі кінься ў балота,

Заліся вадою.

 

Пан усякі, хто багаты.

Пана ўсякі знае,

А як бедны ты, не маеш хаты,

Цябе й за чалавека ніхто не шчытае.

 

Ці пакажацца пан у людзі,

Яго ўсе ўстрачаюць.

Гне наш брат прад ім на грудзі

Галаву. Яго паважаюць.

 

З панам страшна і судзіцца.

Усякі гэта знае.

Страшна з панам валачыцца,

Бо пан грошы мае.

 

Дзе ж ты, праўда, запрапала?

Куды заляцела?

Ці ты ў ваду камнем ішла,

Ці ў агні згарэла?

 

У грошах праўда прападае.

У грошах запрапала.

І хто грошай многа мае,

У таго праўды мала.

 

Ах, бяднота ты бяднота!

Цяжка жыць з табою!

Хоць вазьмі кінься ў балота,

Заліся гразёю.

 

К.Міцкевіч

[1898–1902]


[1898-1902]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910