Якуб Колас

Беларусам

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!

Ўстань ты, наша старана!

Ўжо глядзіць к нам на палаткі

Жыцця новага вясна.

 

Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?

Ці ж нам сілы бог не даў?

Ці ж над родным нашым краем

Промень волі не блішчаў?

 

Выйдзем разам да работы,

Дружна станем, як сцяна,

I прачнецца ад дрымоты

З намі наша старана!




Беларуская Палічка: http://knihi.com