Да 10-й гадавіны Савецкай Беларусі
Спраўляем свята мы тут сёння,
Свята з свят,
На новы лад.
А ты, край любы Наднямоння,
Родны брат,
Чаму не рад?
Чаму глядзіш, як пастаронні?
Між намі цёмнае прадонне...
Вядзе тут рэй свае дзяржавы
Грамадой
Працоўных рой,
А ты пад пятамі Варшавы
Маладой
З бядой-нудой
Ушчункі зносіш і расправы
І цягнеш той жа лёс іржавы...
Атрускі, друз сярэднявечча —
Пробашч, пан,
Шляхецкі стан
Узлеглі, душаць табе плечы...
Чад, туман —
Ксяндзоўскі зман, —
Якая прыкрасць і пустэча!..
Прыходзь жа, брат, на наша веча!
21/ХІІ 1928