epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Беларуская мова

Завёз беларус сваю мову

У цёмную нетру, дуброву

І кажа: «Жыві тут адна,

Бо ты для мяне не гадна –

Куды мне падацца з табою?

Пісьменнікам будзь ты слугою

Ды зрэдка на шыльду залезь,

Сядзі, як на печы дзед, ногі звесь,

Калі не баішся стыда –

Марока з табою, бяда!»

 

Заплакала мова, стуліўшыся ў лесе,

Ды кліча Панаса, Максіма, Алеся,

Міхала, Пятруся, Кандрата, Івана.

Дык вось мне, якая, сыночкі, пашана.

Хіба ж то не здзекі? Хіба ж не блізнерства?

Ну, хоць бы адненькае мне міністэрства!

Павыпіхалі з усіх устаноў –

Не ведаць бы гэтакіх дочак, сыноў!

 

17/ІІІ 1948


17.03.1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4