epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Беларускаму люду

Змоўкні ты, сціхні, песня пакуты,

Заварушыся, наш край!

Люд беларускі! Рві свае путы!

Новую песню спявай!

 

Дружна, згодна станьма сцяною,

Доля не прыйдзе сама,

Воля не зойдзе к нам стараною,

Збоку дарог ёй няма.

 

Люд! Праканайся: толькі мы самі ––

Долі сваёй кавалі!

Годзі жа, досыць панукаць намі,

Гнаць з нашай роднай зямлі!

 

Нам паганятых болей не трэба ––

Будзем мы жыць без паноў.

Самі вы дбайце лепей пра неба! ––

Скажам мы так да ксяндзоў.

 

Хіба забудзем мы тыя межы,

Што правадзілі без нас?

Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!

Помсты агонь не пагас.

 

Нас падзялялі — хто? Чужаніцы,

Цёмных дарог махляры.

К чорту іх межы! К дʼяблу граніцы!

Нашы тут гоні, бары!

 

Будзем мы самі гаспадарамі,

Будзем свой скарб ратаваць!

Годзі тэй крыўды! У ногу з братамі

Пойдзем наш край вызваляць.

 

Ох, і агорклі гэтыя кпіны...!

Злучым мы ў хор галасы:

Эх, вы разлогі роднай краіны,

Нашы палеткі, лясы!

 

 

Родны вы сэрцу нашаму, гмахі

Лесу, лугоў і палёў!

Досыць ўсчувалі нас паны-ляхі,

Ведаем ціск маскалёў...

 

Змоўкні жа, сціхні, песня пакуты!

Заварушыся, наш край!

Люд! Вызваляйся, рві свае путы,

Новыя песні спявай!

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938