epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Бездараж

Хмурна. Глуха. Цьма пануе.

След у полі загубіўся.

Што ж спужаўся? Што стаіўся?

Ці што вуха тваё чуе?

 

Сцішна. Пуста. Адзінока...

Свет закрыла цьма густая.

Паваротка тут крутая,—

Не змыліся ж, маё вока!

 

Неба ў хмарах. Даль імгліста.

  А дарогі скрыжаваны.

Што ж там свеціць праз туманы?..

Стой, не йдзі: то — бляск нячысты!

 

Ціш і безлюдзь — ну, страхоцце!

Ані гуку, ані зыку!

Толькі свіст у лесе дзікі

Ды хмар сунецца лахмоцце.

 

Мрок стаіўся нерухома,

Пад нагамі лом, каменне.

Вось выпадак, вось здарэнне!

І куды йсці — невядома.

 

Не пужайся, пойдзем далей —

Ноч мінецца, змоўкнуць совы!

Дзень спаткаць будзьма гатовы!

Дык наперад, брат, павалім!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910