epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Братам Заходняй Беларусі

Няхай паны ў сваёй дурноце

Мацней сціскаюць абцугі,

Каб вас душыць у злосным гнёце,

Каб на калючым панскім дроце

Павесіць скарб наш дарагі;

 

Няхай ксяндзы — жрацы-блюзнеры,

Падпёршы тылакам алтар,

Выводзяць панскія намеры

З святых канонаў свае веры,

Каб болей сталася ахвяр;

 

Няхай шалее гэта зграя,

Няхай чадзіць «святы» дурман,

Каб выбіць з беднага ратая

Прагненне к волі таго краю,

Дзе не прышчэпіцца больш пан;

 

Няхай караюць там сурова,

Каб дух народу загасіць;

Хай «ужонд польскі» слова ў слова

Бярэ прыклады з Мураўёва,

Каб рух спаганіць, ахлусіць;

 

Няхай «ад мора і да мора»

Жыве ў закручаных мазгах, —

Браты! Мінецца ліха-гора,

І панскі шал затхнецца скора,

Бо стукне молат па панах.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938