epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Бульбалоз»

I
II
III


I

 

Калі дзядзька Мацей кране навіслыя вусы, каб падняць іх трохі вышай, то гэта значыць, што ён будзе гаварыць. Так яно было і цяпер.

Вы не думайце, што мы людзі вельмі ціхія, – расхіліў ён вусы і бліснуў грозна вачамі: не, не думайце! Праўда, слава аб нас, як аб разбойніках, нідзе не ходзіць, і самі з сабою мы жывём у згодзе. Але папрабуйце ўдражніць нас, лепш не чапайце. Няхай хто кране каго-небудзь з нашых, ну, дзе-небудзь на кірмашы, – усе як адзін, гарою стануць за свайго чалавека! Часамі і намнуць нам шыі, ну але ж гэта не тое, што аднаму чалавеку: калі разлажыць гэта на грамаду, то не так ужо многа і прыйдзецца на брата. Памятаю я, былі мы на плытах. Завялася наша сотня з другою сотняю. Нас было чалавек дваццаць пяць, а з чужой сотні чалавек сорак. Набілі б нам гузоў, гаварыць няма чаго. Аж бачым у самы той момант: калі вось-вось кулакі па нашых карках загуляюць, бяжыць наш Пятрусь Верабей, зямля пад ім стогне. Была ў Петруся барада... як вам сказаць? Калі ў поўдзень стане ён проціў сонца, то ў цені ад яго барады можна лажыцца, як пад добрым кустом. Прыбег наш Пятрусь, гоп з плячэй пільчак вобземлю! Целяпнуў барадою, зубы счаміў, кулакі згарнуў.

– Выхадзі, хто хоча!

Крыкнуў гэта ён, і ўсе сорак чалавек так і аселі.

А наш Пятрусь, трэба вам сказаць, такая слабізна, ну як бы з кісяля зроблены, любы падростак пятнаццаці гадоў зваліць.

– Ну, што б ты Пятрусь, каб хто супраць выступіў? – запыталіся ў яго потым.

– Трасцу ён мяне дагнаў бы, – пагладзіў Пятрусь бараду. – Ну але гэта паміж іншым. А расказаць я вам хачу, якая была рэвалюцыя ў нашым сяле.

 

 

II

 

– Калі вы не ведаеце пана Бульбоцкага, то вы не ведаеце самых астатніх на свеце людзей. Крывавым мазалём сядзеў ён на нашым целе. У лес зойдзеш ягаду сарваць, грыб падняць, – зловіць, заграбіць, штраф плаці. Дубец высячаш, штраф плаці. Скаціна ступіць на яго поле, штраф плаці або ідзі касіць яму ці пасылай бабу жаць. Нашымі рукамі і сеяў, і жаў, і касіў, і малаціў. Павярнуцца нельга было, кроку не ступіш, каб у лапы Бульбоцкаму не папасціся. Кіпелі мы ад злосці, але цярпелі. Цярпелі, бо за пана быў і закон і начальства. А больш за ўсё панская лаза ў косці ўелася. У нас балота было і ў Бульбоцкага было балота. На нашым балоце лаза расла і на балоце Бульбоцкага лаза расла. Наша лаза была дробная, разгатая, панская – гладкая і стромкая. Мы плялі з лазы лапці, бо купіць лыка не мелі за што. Пан у ботах хадзіў, а лазу гадаваў, каб за лазу грошы з нас браць, або каб было з чаго штрафы здзіраць. Мы дралі яго лазу, а ён драў нашу скуру.

Так яно і вялося з году ў год. Пачалася вайна. Усіх мужчын на вайну пабралі. Адзін Пятрусь Верабей з барадою астаўся – з гадоў выйшаў. Ваявалі, ваявалі і даваяваліся. Пачалася рэвалюцыя. Цара скінулі, начальства скінулі, а Бульбоцкі і ў вус не дзьме.

– Скінулі цара, і чорт яго бяры! Я сам цар і лазы вам драць не пазволю! Калі няма каму парадку рабіць, дык я буду рабіць парадак. Я не пан, а проста гаспадар, і панскай крыві ў маіх жылах няма; аб гэтым гаворыць маё прозвішча. Яно зусім мужыцкае, толькі хвост панскі прыроблен. З яго ўжо цяпер мне карысці няма, і я адсякаю яго сваімі ўласнымі рукамі. Ці трэба парадак і закон? Трэба! Дык вось, покі прэзідэнта не выбралі, драць вам лазы не пазволю! Цяпер гэта справа не мая, а прэзідэнцкая.

І што вы супраць гэтага скажаце?

 

 

 

III

 

Прыйшоў з фронту салдат, Савось Кірдзюк. Адзін толькі і застаўся з нашага сяла. Яно і не дзіва: наш народ адважны і часам любіць зрабіць па прыказцы: «Уткні мяне, Божа, куды мяне на трэба». Прыйшоў Савось, паглядзеў і зараз жа сход склікаў.

Ну, чаму ж не паслухаць салдата з фронту?

Павалілі на сход.

Выступае Савось – у камісары ён потым пайшоў.

– Таварышы!

Ужо па аднаму гэтаму слову мы сцямілі, што наш Савось не з гліны злеплены. А як следам за «таварышамі» сказаў «вы – сукіныя сыны», дык яго асоба зразу ў нашых вачах вырасла: свой чалавек, а гаворыць так, як самае, што ні на ёсць начальства. І нейк на сэрцы ў нас пасвятлела.

– Яшчэ раз вы – сукіныя сыны!

Ведаеце, і вочы мы ў зямлю паапускалі, бо пачулі, што нейкая ахвяра ачышчэння бярэцца ад нас, і хацелі, каб ён яшчэ і трэці раз сказаў на нас «сукіныя сыны». Але ён больш гэтага не сказаў.

– Як дапусціліся вы, каб да гэтага часу не змесці павуціны, дзе сядзіць павук – Бульбоцкі?! Ці ж гэта не сорам, ці ж гэта не ганьба вам дзяржаць на сваім целе, дзяржаць да гэтага часу на сваім целе заскарузлы струп?

І пайшоў і пайшоў! І адкуль ён толькі што браў! І рэвалюцыя, і канстытуцыя, і анексія, і кантрыбуцыя, і імперыялізм, і капіталізм... Ну, не ўспомніш усяго, запісаць бы трэба. А мы слухаем і чуем, як падымаецца ў нас злосць, нянавісць, бура. А ў рэшце не вытрымалі мы, загарэліся нашы вочы, заскрыгіталі зубамі, і ўсе ў адзін голас грымнулі:

– Лазу! Лазу сеч! Сеч лазу!

І рынулі грамадою на тую лазу.

І ведаеце што?.. Вось і кажыце, што мы людзі ціхія.

Злавілі пана Бульбоцкага, разлажылі і ўсыпалі лазы і далі яму мужыцкае прозвішча: «Бульбалоз».

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6