* * *
Бывае музыка і ў стуку,
Хоць можа гэта і дзіўно, —
Благаслаўляю тую руку,
Што мне пастукала ў акно.
Жывуць яшчэ той усмех, бровы
І вочы-зоркі з-пад брывей,
І той агеньчык, ветлы, новы,
Што заструменіўся з вачэй.
Не варта, можа быць, аб гэтым
Ні ўспамінаць, ні гаварыць:
Ці мала песень непрапетых,
Ці мала іх, агнёў, гарыць!
Сустрэла хваля хвалю ў моры,
Ды зноў плывуць за рубяжы;
І сумна станецца ў прасторы.
Чаму ёй сумна? Адкажы.
Я паплыву, як тая хваля,
Агні і песні прытаю,
Я прывітаю песняй здаля
Яе, красу-вясну маю.
1943