epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Царскія грошы

I
II
III


I

 

 

Сівыя валасы палезлі з барады і з галавы Яхіма Судніка. Не так ад старасці, як ад тых згрызот.

– Што на свеце пачало тварыцца, – разважаў ён. – Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Ой, кепска будзе, Яхім, кепска! – круціў Яхім галавою, як бы перасцерагаючы сябе ад нейкага няшчасця.

Яхім Суднік любіў пагаманіць сам з сабою. Ідзе адзін і гаворыць:

– Трэба табе, Яхім, падгладзіць жарабка ды на Пакровы прадаць... Збірай, Яхім, грошы: будуць грошы, і ўсё будзе.

Або:

– А памеркаваў бы ты, Яхім, ды ці не купіў бы клін Татуроў? Табе ён, ой, як бы згадзіўся!

Яхім Суднік, чалавек зацяты. Не горнецца ён да людзей, не кампануе з імі, бо Яхім – курашчуп, капейкі лішняй прапусціць баіцца. Можа з гэтае прычыны і гаворыць ён з сабою.

– Чаму ты, дзядзька, усё з сабою размаўляеш? – запытаў яго раз Стафан Драбок.

– А, ведаеш, люблю з разумным чалавекам пагутарыць, – адказаў Яхім.

Яхім Суднік, сказаць, і не зусім просты чалавек, ён – засцянковы шляхціц. Праўда, ходзіць ён і есць, і наогул жыве не лепш ад мужыка, а ў хату яго хоць і носа не паказвай – бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. І тым не меней шляхецкага фасону і гонару Яхім не траціць. А калі, бывала, у нядзельку, асабліва яшчэ да вайны, едзе ён з жонкаю да касцёла, то запражэ кабылу ў брычку. Вупраж масянжовымі бляшкамі аздоблена. У руках пуга са стусінавым доўгім пужальнам і з чырвоным кутасом. На галаве «варшаўская» шапка, якую звычайна носяць усе дробныя панкі. А на жончынай галаве капялюш красуецца. Хоць гэты капялюш і адстаў гадоў на сорак ад моды, але ўсё ж такі капялюш, а не чырвоная хустка мужычкі. Часамі любіць Яхім і форсу задаць і праехаць з шыкам. А каб худая, замучаная работаю кабыла шпарчэй бегла, то і не шкадаваў ёй паўбутэлькі гарэлкі ўліць.

Яхімавы згрызоты пачаліся з вайны, калі яго Юліся ў войска забралі. Пайшоў Юлісь ваяваць. Паваяваў з месяц, а потым у палон да немцаў папаў.

– І маладзец твой Юлісь, – казаў сам сабе Яхім, – кончыцца вайна, дадому вернецца.

І стаў чакаць канца вайны. А вайна ўсё не канчалася, а тут яшчэ гэтая «калатуша» пачалася, рэвалюцыя гэтая самая. Паслухаў, паслухаў Яхім, што людзі пра рэвалюцыю кажуць, і сказаў сабе:

– Не, Яхім: не будзе дабра! Цяпер начальства скідаюць, а там за паноў возьмуцца, а потым і да цябе, Яхімка, дабяруцца. Калі ўжо Тодар Галатур, гультай, гэты забастоўшчык, у начальства пайшоў, то не спадзявайся ты, Яхім, дабра.

І яшчэ больш панурым стаўся Яхім. Хадзіў, спусціўшы вочы ў землю, як бы чаго шукаючы, усё нешта думаў і часцей сам з сабою гаварыў.

– І скажы ты мне, Яхім, што гэта за пошасць такая пайшла, «імперыялізм», «капіталізм», «эсэры», «меншавікі», «бальшавікі», «дэмакраты»?

Чаго ім, ліха іх матары, трэба? Усім ім, гадам, плаціць грошы прыйдзецца.

А потым дачуўся Яхім, што генералы з Керанскім учубкі брацца пачалі.

– Скінулі цара, а цяпер усе самі царамі хочуць быць. Хто ж на вас працаваць будзе? Скончылі б ужо гэтую валынку ды Юліся дадому пускалі б.

А тут і народ па сёлах заварушыўся. Пачалі нейкія стрынгалікі наязджаць ды ўсё балабаняць: «Таварышы, воля, свабода, наша зямля, бяскроўная рэвалюцыя, вайна проціў немцаў да пераможнага канца, нашы саюзнікі...» Як бы гарохам з мяшка сыплюць. Напэўна, добрыя грошы бяруць, калі так гавораць, аж хрыпнуць з тае гаворкі.

– Эх, Яхім!

Усіх варʼяцтва апанавала. Нават мужыкі, гэтыя капуснікі, і тыя пачалі языкамі на сходах мянціць. Толькі тае работы, што рукі падымаюць ды гавораць.

 

 

II

 

Трывожны час настаў для адных, мінуты надзей і радасці перажывалі другія. Здавалася, у самім паветры звінела хмельная воля і самі галовы вышэй падымаліся, вальней дыхалі грудзі, ясней пазіралі вочы на залітыя сонцам далі.

Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. І яшчэ быў у засценку чалавек, якога, здавалася, нічога не кранала, не цікавіла і не захапляла. Чалавек гэты – Стафан Драбок. Траціць яму не было чаго, а збіраць скарбы – не ў яго натуры. Проста ён быў вясёлы чалавек, любіў спевы і музыку. У той час, калі ўсё вакол кіпела і бурліла, бы ў тым катле, і калі людзі гатовы былі распорваць жываты адзін другому, выспеўваў нейкі новы свой матыў, ходзячы каля паветкі. Стафан Драбок быў музыка. Мелодыю свае песні ён укладаў у два словы:

 

 

Дзында-дрында! дзында-дрында!

Дзында-дрында-дрында-да!

 

 

Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак, а Яхім Суднік жыў сваім жыццём. У яго быў адзін вялікі клопат, і ўсе яго думкі вярцеліся цяпер каля аднаго. Дачуўся Яхім, што грошы ў банках прападаць пачалі. Яхім жа ўсё сваё жыццё над капейкаю тросся і, як той крумкач косці, збіраў грошы. Душыўся нішчымнаю бульбаю і заціркаю, абы толькі выгадаць лішні рубель і прыхаваць яго. З гэтым рублём, напэўна, злучаліся нейкія планы. І вось цяпер гэтая няпэўнасць збіла Яхіма са звычайнай каляіны, а чуткі аб грошах яго моцна краналі. Праўда, Яхім трымаў свае грошы дома, бо на банк не пакладаўся.

– Вось бачыш, Яхімка, я табе і казаў – памятуеш? – не кладзі, Яхім, у банк грошы, не ганяйся ты за процантамі. Так яно па-мойму і выйшла... Разумны ты ў мяне, Яхім, чалавек! А вось Татур няхай сам сябе за зад кусае.

Вечарам таго ж самага дня зачыніўся Яхім у сваёй святліцы. Было позна. Засценак спаў. Яхім наўперад паглядзеў, ці добра зачынены аканіцы, прыслухаўся і, як злодзей, ціхенька выняў з патайнага месца свае грошы. Прысеў тут жа на заслончык. На прымурку курэла газоўка. Кругленькі агеньчык як бы боязна тросся, дрыжаў. У пустой цішыні чуткае вуха чуць-чуць разбірала яго нясмелы шапаток. Яхім развязаў скрутачак, загорнуты ў хустачку, анучачкі і паперку. Хустачка была замуслена, заплямлена. Яхім азірнуўся і трывожна прыслухаўся – тая ж цішыня, жудасная, зацятая. Па кутках святліцы нагусціўся змрок і, здавалася, сачыў за кожным рухам Яхіма. Асцярожненька перагортаў Яхім зложаныя папалам бумажкі. Іх было многа, жмуток ёмкі і важкі, як кантычка, па якой часамі маліўся Яхім Суднік. Яхім павагаў у руках жмуток, палажыў на заслончык і доўга ўглядаўся на грошы. Вочы яго блішчалі, свяціліся, гарэлі прагавітым агнём. Тут усё яго жыццё, сэнс жыцця, яго праца, недаяданне, яго трывога і надзея.

Яхім здрыгануўся – як бы дзесь нехта шворыцца, крадзецца. Борздзенька засунуў за пазуху грошы і стаў слухаць. Рукі яго трасліся, і сэрца застукала моцна. Дарэмная трывога – тая ж нямая цішыня. Супакоіўся, загарнуў жмуток і палажыў у патайнае месца, у пячурку ўнізе печы. Пячурку гэтую зрабіў спецыяльна сам Яхім, гэта і ёсць яго «банк». Зроблена пячурка хітра. Ніколі не заўважыць яе чужое вока.

Выйшаў на двор. У засценку было ціха. Толькі на Татуровым хутары разліваўся сіпаваты брэх сабакі. І нейк дзіўна адбіваўся ў вушах Яхіма гэты брэх, як бы ён выбіваўся з калодзежа і праз нейкую вузкую шчылінку ўрываўся ў пустую Яхімаву святліцу і разліваўся па ёй нейкім болем няяснай перасцярогі. А брэх быў упарты, жалобны, аднастайны, з нязменным моташным падвываннем:

– Гаў-у! гаў-у! гаў-у!

Яхіму пачулася, што Татуроў сабака падзяляе гора свайго гаспадара, а разам з тым і плача над сваёю сабачаю доляю.

У чэрствым Яхімавым сэрцы ўзварухнулася жаласць да Татура – ляснулі ў банку яго грошыкі!

Задумаўся на момант, свае грошы ўспомніў і ўздыхнуў. І тут жа сказаў сабе:

– Твой банк, Яхім, не вораг табе. Процантаў не дае, а ісціну верне.

 

 

III

 

Чым далей, тым болей заблутваўся гэты і без таго зблутаны перамот жыцця.

Падзеі, бы тыя неспакойныя навальнічныя хмары, раслі, стыкаліся, падганялі адна другую, каб зліцца ў нешта адно грознае, нечуванае і грымнуць выбухам.

Паразвальваліся скрэпы, паскідаліся абручы, і ўсякі закон страціў сваю сілу, ніякага страху не было ў народзе.

У Яхіма Судніка вывалаклі некалькі вуллёў, пачысцілі яго засекі.

– Казаў я табе, Яхім: не будзе дабра, ой не будзе дабра. Навала насоўвалася на Яхіма і з другога боку: пайшла гаворка што ў Яхіма зямлі многа, што ў Яхіма набытку многа і наогул «у Яхіма трыбух шырокі і лапы заграбастыя». З бядняцкіх хат гаворка гэтая ішла. Паглядаў Яхім на бядняцкія хаты нядобрым вокам.

– Колеш ты ім, Яхімка, вочы, бо Яхім не лайдакаваў.

– А вы дзе ж былі? Яхім пот ліў, а вы плячамі платы падпіралі ці бадзяліся немаведама дзе. Або гэты лайдак Франусь – сена зімуе на лузе, а сам толькі манішку начэпіць ды на фэсты цягаецца. А цяпер агледзеліся, што Яхім гаспадарку мае, і рот расчынілі... А як жа! Нагатаваў на вас Яхім! Калі ласка, Франусь, бяры, што табе трэба. А каб цябе боль узяў! Да вы паспрабуйце хоць ката выгадаваць ды хоць сабацы будку пабудуйце. А на Змітра і баба хітра.

Адным словам цяжкі час перажываў Яхім.

Але гэта ўсё яшчэ нічога. Покі Яхім пры грашах, ён нікога не баіцца, бо грошы – усё. Але галосна праляцела чутка, што царскія грошы нічога не варты: іх нідзе ўжо браць не будуць. Ці хто ў банк палажыў – прапалі, ці хто дома хаваў – усё адзін чорт, хоць выкінь іх сабаку пад хвост.

Яхіма як бы па галаве абухам стукнула. Вось дзе яна, сапраўдная бяда, сапраўднае ліха.

– Як жа гэта, каб грошы цану страцілі? Царскія грошы! Быць гэтага не можа! За грошы людзі вешаліся, рэзаліся, на катаргу ішлі... Не можа гэтага, Яхім, быць!

Мароз хадзіў па Яхімавай спіне, а перад вачамі нейкая бездань адчынялася.

Некалькі дзён хадзіў Яхім, як пад зямлёю. Учарнеў, бы тая махнуша, пахудзеў, асунуўся, вочы ў лоб запалі. Адзервянеў, аслупянеў. А ў вачах «кацярынкі» стаяць. Ідзе Яхім і спыніцца, у землю як непрытомны, глядзіць. Але надзеі яшчэ не траціў Яхім. Дый людзі некаторыя казалі, што царскія грошы яшчэ будуць хадзіць, бо цяперашняя, бальшавіцкая ўлада не доўга пакрасуецца. Між надзеямі і роспаччу вагаўся Яхім. І тым не меней прапалі царскія грошы. І вось як пераканаўся ў гэтым Яхім.

Надумаўся Яхім у мястэчка пайсці, каб у знаёмых гандляроў праўды даведацца. Як толькі ўвайшоў Яхім у мястэчка, яму кінулася ў вочы кучка малых хлопчыкаў. У хлопчыкаў у руках розныя бумажкі былі: па пяць рублёў, па дзесяць, а адзін бегаў з дваццаціпяткаю. Яхім яе вельмі добра ведае: па тоўстым твары і па шырокай царскай барадзе пазнаў.

Хлопчык размахваў гэтаю бумажкаю, хадзіў, адбіваючы крокі і прыгаварваючы:

– Ішоў поп каля коп, а капа каля папа.

Яхім аж затросся і спыніўся мімаволі. А жэўжык адзін падбег да яго і, паказваючы пяць рублёў, прамовіў:

– Прадай, дзядзька, мне шапку – пяць рублёў дам!

А Яхім Суднік толькі запытаў самога сябе:

– Ну, што ты цяпер, Яхім, скажаш?

Пад вечар дадому вярнуўся Яхім. Увесь свет як бы з вачэй яго знік. У вачах «кацярынкі» стаяць, а ў вушах Стафанава песня гучыць, як бы чорт увёў яе ў вушы:

 

 

Дзында-дрында! дзында-дрында!

Дзында-дрында! дрында-да!

 

 

На двары Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як бы нешта разважаў. Пастаяў, зрушыў, у гумно зайшоў, стаў на сярэдзіну току, абедзвюма рукамі за галаву схапіўся. А ў вушах гудзе:

... Дзында-дрында! дзында-дрында!..

– Тфу! тфу! – плюнуў два разы Яхім, ці каб ад паганай песні адвязацца, ці з другой прычыны. Да позняга вечара на двары соваўся.

– Што ты, Яхім, усё ходзіш? – са страхам і трывогаю запытала жонка.

Але Яхім як бы і не чуў яе.

– Прапалі, Яхім, грошы, ляснулі твае грошы, – мармытаў Яхім, – дзеці гуляюць імі.

А позна ўвечары зноў у святліцы зачыніўся, акяніцы прычыніў і вокны завесіў, грамнічную свечку запаліў і на абразы доўга-доўга пазіраў, пазіраў моўчкі і ўпарта. Залажыў за спіну рукі, па святліцы прайшоўся раз і другі.

– Тфу! тфу!

Падняў вочы на бэльку. На бэльцы кантычка ляжала... Дастаў кантычку, разгарнуў яе, прысеўшы на лаве каля стала, і зацягнуў святую песню:

 

 

Кто хцэ панне Марыі служыць,

А ёй асаблівым мілоснікем быць...

 

 

Ціхі, жаласлівы Яхімаў голас гнусава загучаў у святліцы і раптам асекся. У кутку каля печы, дзе быў Яхімаў «банк», як бы нешта мільганулася. Яхім зірнуў туды, зірнуў – і аслупянеў: абапёршыся локцем левай рукі на край печы, стаяў там цар Аляксандр ІІІ, высокі, здаравецкі, барадаты, якраз такі, як малявалі яго на 25-рублёвых бумажках. У правай руцэ трымаў жмут Яхімавых грошай, а сам пазіраў кудысь далёка-далёка, як і належыць пазіраць усякаму, хто сягае далёка, асабліва, калі ён яшчэ цар, каб хоць гэтым паказаць глыбіню свайго розуму, хоць можа розуму ў яго і не так ужо многа.

Яхім паглядзеў, паглядзеў на цара, паківаў галавою і сказаў:

– Бачыш, Яхім, забраў сабе грошы і не лыс: глядзіць, як бы гэта і не яго работа... Добры інтэрас!

Усё гэта так забавіла Яхіма, што губы яго пачалі расплывацца ва ўсмешку, а цар перавёў вочы на Яхіма.

– Гэта – царскія грошы, – сказаў цар, трасучы жмуткам, і намерыўся палажыць іх у кішэню.

– Не руш! Не чапай! – дзіка закрычаў Яхім. Вочы яго бліснулі нядобрым агнём. Схапіў кантычку і – бразь ёю ў цара!.. Не папаў! Кантычка ёмка пляснулася ў сцяну, выскачыла з вокладак і пакацілася на падлогу. Яхім сарваўся з лавы, згарнуў кулакі і рынуўся на цара.

– Вурррр! – забурчаў Яхім як сабака і пачаў матлашыць кулакамі пустое паветра.

– Давай грошы! Аддай мае грошы! – нема крычаў Яхім. На крык выскачыла жонка. Пачала стукацца ў дзверы святліцы – на крук зашчэплены.

Збегся народ, выламалі дзверы. Насілу-насілу звязалі Яхіма. А ён усё крычаў:

– Нашто забраў грошы? Грошы аддай! Аддай грошы! Грошы!!! Ой, прапалі грошы!.. Цар! цар!.. Трасца табе і... Гро-о-о-шы!

[1925, 1952]


[1925,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6