epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хмаркі

Светлыя хмаркі – дзеткі прастору –

Ціха па небе плывуць.

Ім незнаёмы слёзы і гора,

Смутак і жаль іх не рвуць.

 

Ціха і згодна ідуць, небажаткі,

Ўсюды ім сцежкі ляжаць,

Ясныя зоркі, быццам дзяўчаткі,

Скрозь іх валокны глядзяць.

 

Золатам сонца іх аблівае,

Месяц ім срэбра дарыць,

Грозную песню ім гром напявае,

Вецер на крыллях імчыць.

 

Светлыя хмаркі, рунь залатая,

Дум небясоў чарада!

Вам незнаёма нядоля людская,

Клопат, згрызоты, нуда.

 

Стэп неаглядны, шыр нелюдзіма,

Вольнае царства вятроў, –

Там вашы сцежкі, там і радзіма,

Дзеткі блакітных стэпоў!

 

Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі

Нашых палеткаў, шнуроў,

Ў сэрца людское закіньце з дажджамі

Думкі іх верных сыноў.

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910