epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хмары

Хмары, хмары, што па небе

Ходзіце гарамі!

Каб меў крылле, паляцеў бы

Я на волю з вамі.

 

Паляцеў бы ў край той родны,

Дзе так сэрцу міла,

Дзе я вырас, дзе мне радасць

Моладасць суліла.

 

Паляцеў бы ў луг, дзе Нёман

Бераг точыць, мые,

Дзе гамоняць з ветрам-бурай

Дубы векавыя.

 

Дзе над Нёманам старая

Пахінулась хата,

Дзе так многа пылу ўлетку,

Дзе пяскоў багата.

 

Паляцеў бы да курганаў,

Што стаяць маўкліва,

Да узгоркаў, дзе вясною

Зелянеюць нівы.

 

Ой, панёсся б з вамі, хмары,

Я ў той лес цяністы,

Дзе ўдыхалі б мае грудзі

Хвояў пах смалісты!

 

Хмары, хмары, што па небе

Ходзіце гарамі!

Чаму я не маю крылляў?

Чаму я не з вамі?

 

Мінск, 31/ІІІ 1910


31.03.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910