epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хмары

Як ліхія думкі-мыслі,

Над зямлёю хмары звіслі.

Ой вы, хмары, што вы сталі?

Што вы неба нам заслалі?

Скрылі сонца, чарадою

Таўчацеся над зямлёю?

Чаму ўлетку над палямі

Не ліліся вы слязамі?

Чаму збожжа не мачылі,

Калі ветры так сушылі

І гарэлі нашы нівы, –

Тады, хмары, дзе былі вы?

Мы на неба пазіралі,

Вокам, хмары, вас шукалі,

Сохла праца наша ў полі, –

Як мы, хмары, вы без волі!

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910