epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Храбры певень

Па надворку певень ходзіць,

За сабою куры водзіць

І крычыць: «Сюды! сюды!»

Як кіўне ён галавою,

Сыплюць куры чарадою,

Як адна бягуць туды.

А калі хто кур пужае,

Певень грозна загукае:

– Хто такі там? Хто такі?

Вось на ток ён зачасаўся.

– Кыш! — адтуль хтось адазваўся.

– А які там чорт? Які?

Певень жытам кур частуе,

Гаспадара бы й не чуе,

Кліча кур: «Сюды! сюды!»

Гаспадар мятлу хапае.

Гвалт наш певень падымае:

– Хто куды! ой, хто куды!

 

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938