epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хваля

Набяжыць, наплыве часам хваля

І пяшчотна падыме ўгару,

І расчыніць ружовыя далі,

І дарогу пакажа к дабру.

 

І ты весел-рад без канца-краю,

І ў душы, чуеш, струны звіняць,

І здаецца, што свет прасцірае

Свае рукі табе, каб абняць.

 

Толькі ж зменліва светлая хваля,

І наніз цябе скіне яна.

Я ж скажу ёй, хоць можа і ў жалю:

Няхай вечна ёй свеціць вясна.

 

5/VII 1943


05.07.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945