epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Цяжкая доля

Страшна загневаўся рак і не хоча адпусціцца. Залез у сваю норку, выставіўшы доўгія вусы і шырокія клешчы. Сядзіць, не зварухнецца. Ці скрыўдзіў яго хто так моцна, ці жыць на свеце абрыдла — не ведаю. Толькі ні з кім і гаварыць не хоча рак.

Падплыла да яго плотачка ды кажа:

— Рачэ, рачэ! Чаго ты так угневаўся? Ці кепска так жыць табе на свеце, што не хочаш ты і пазіраць на Божы свет, вылезці на свежую воду? Усім не салодка жывецца. Вось хоць бы і мая доля. Што за доля? Пражыў дзянёк — і дзякуй Богу. Жыві і бойся: то шчупак гоніць цябе, то хітры чалавек не дае табе тхнуць. Куды ні сунься — усюды яго хітрыя прыманкі. Зачэпіш — і будзь здарова, рэчачка!

І пайшла расказываць рыбка аб сваёй цяжкай долі.

А рак усё сядзіць, хмурны, як восень, і, здавалася, не слухаў нават таго, што казала плотка.

— Чаму ж ты не скажаш, рачэ, хоць слова? Чаму не хочаш вылезці на свежую, чыстую воданьку?

— Скарэй памру, а не вылезу. Калі хто знойдзецца такі, каму горш жывецца на свеце, як мне, тады я вылезу.

І пачаў горка плакаць рак, скардзіцца на сваю долю. Проста заплакаць можна было, слухаючы ракаву скаргу.

Занудзілася ўся рэчка, аж вада закаламуцілася, так жаласна гаварыў рак. Усе грамадзяне вады прыйшлі ўцяшаць рака, і кожны хацеў расказаць раку пра сваю цяжкую долю. А рак толькі слухаў ды гаварыў: «Не! Мая горшая доля!»

І сядзеў у норцы.

Ніхто не можа ўцешыць рака.

Дачулася аб гэтым жытэйка. Шкода яму стала рака і прыйшло яно да рэчкі.

— Рачэ, рачэ! — начало жытэйка. — Паслухай, якая мая доля. Кінуць мяне ўвосень у сырую зямлю. Пуста ўкруг у полі, адно толькі я гібею там. Льюць на мяне дажджы і дзень і ночку, вецер наносіць сухое лісце. Топчуць мяне авечкі, быдла і коні. А прыйдзе халодная зіма, укуе зямлю марозамі, засыпле мяне снегамі. Мерзну я ўсю зіму. Пазябнуць дазвання мае зялёныя лісточкі. Настане вясна, зноў па мне топчуцца з нагамі, пячэ мяне сонца, дратуюць зайцы і птушкі. А прыйдзе пара, вырастуць і выспеюць мае зерняткі, прыходзяць ка мне з серпамі людзі і рэжуць без міласэрдзя, вяжуць у снапы, кладуць на воз, кідаюць у гумны. Бʼюць мяне, бʼюць цэпамі, сушаць на печы, труць каменнямі ў муку. Насыплюць мукі ў дзяжу, месяць мяне, месяць і садзяць у гарачую печ. Адзін толькі і ёсць у маім жыцці прасвет — гэта як вымуць мяне з печы і абальюць халоднаю вадою. Тады толькі лягчэй мне стане. Дык вось якая мая доля, рачэ.

Заварушыў рак вусамі і вылез з нары.

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7