epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Цемра

Бедны мы і цёмны,

Ходзім слепакамі,

Судзімся і бʼёмся

З роднымі братамі.

 

І адзін другога

Часта акрадаем,

І куды йдзе праца,

Самі мы не знаем.

 

Пуста, бедна ў хатах,

Чад, і гразь, і сырасць...

Хто нас ў кут адціснуў?

Чыя гэта міласць?

 

На каго мы робім?

Што за гэта маем?

На каго ўсе сокі,

Сілы вынішчаем?

 

Пад ярмом адвечным

Мы йшлі без дарогі,

Натрудзіўшы плечы,

Зверадзіўшы ногі.

 

Папіхалі намі,

Гналі, як жывёлу,

Змардаваных, босых,

Неакрытых, голых.

А ўсё дармаеды

Нас без жалю лаюць,

Мужыком, хамулам

Злосна папікаюць.

 

Эх вы, дармаеды,

    Моль вы, вош людская!

А хто ж вас, праклятых,

На плячах трымае?

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910