epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ціша і бура

  Нанізала раніца росы

На танюткія стрэлы травы,

Адбіваюцца ў водах нябёсы,

У вясёлках ляжаць паплавы.

 

Расчасаўшы пышныя кудры,

Лес па пояс убрыў у туман.

Старажытны, стоена-мудры,

Выступае з сінечы курган.

 

І спакой, і лагода навокал,

Нібы моліцца сонцу зямля,

Не ўзлятае над доламі сокал,

Не варушыцца ў завалі тля.

 

Прамінулі ж яны, дні былыя,

Нібы ранішніх хмар чарада.

Не гадаў, не думаў тады я,

Што ў цішы спела гора-бяда.

 

Ох, не змераеш болю і гора

І не злічыш разгубленых слёз!

А мільёны ваяк-вярнігораў

Леглі густа, як травы ў пракос.

 

Праклянуць злога ката людзі,

Аплююць яго каінаў труп,

Напіс мы аб фашысту-паскудзе

На ганебны вывесім слуп.

  А таго, хто зямлі мір верне

І асушыць твар людзям ад слёз,

Мы, як вечнае праўды зерне,

Узнясём да высокіх нябёс.

 

30/VII 1942


30.07.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945