epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Чорт

I
II
III
IV


I

 

– Братка ты мой, Іван! Ты знаеш, як я цябе люблю!!! Ну, дай – пацалуемся! Во, гэтак!.. Назавеш ты Міхася сабакам, лайдаком, калі пачуеш ад каго, што я табе кепска мыслю.

– Братка ты мой, Міхаська! Забі мяне пярун, во тут, у гэтую ночку, на гэтай дарозе, калі я не люблю цябе! Дай і я цябе пацалую.

І сябры зноў сталі цалавацца.

Міхась і Іван – леснікі. Зайшлі яны да цёткі Хрумы і трынкнулі што называецца. А цяпер ішлі дадому.

– Не магу, братка, ісці, – прызнаўся Іван.

– Дык што ж мы будзем рабіць?

– Дай ляжам, паляжым.

– Ну, давай.

І яны ляглі.

– Што ж мы будзем так ляжаць? – кажа Міхась. – Давай клясці ляснічага.

Іван замармытаў нешта пад нос і... заснуў.

– Ужо спіш? Уставай, пойдзем.

– Не магу, братка.

– Садзіся мне на плечы, панясу катла.

Міхась стаў на кукішкі і падставіў спіну. Іван узяўся за плечы. Сталі падымацца. Міхась крактаў, пяўся, а потым паваліўся спіною на Івана, і ляжаць абодва. Яны зноў абняліся. Ім здавалася, што не было і няма на свеце гэтакіх сяброў, як яны.

Паляжалі трохі. Іван захроп як пшаніцу прадаўшы.

– Спіць, – сказаў Міхась і ўстаў.

Яму хацелася спяваць. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Тады ён быў штукар на ўсе рукі.

– І-гэ-э-э-эй ты, гарэ-э-э-э-лачка! – прабаваў Міхась выдумаць песню пра гарэлку. Далей нічога не мог прыдумаць і сціх.

У лесе было ціха. Толькі рэха пакацілася! І далёка-далёка панеслася «гарэ-э-лачка» і прапала недзе за гарою ў Белых Крыніцах. Аж страшна стала Міхасю.

 

 

II

 

Не без прычыны страшна зрабілася Міхасю: былі яны якраз недалёка ад Кірылавай магілы. От што чуў я ад людзей пра гэтае месца. У князя Радзівіла быў слуга Кірыла. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Адзін раз кажа яму князь:

– От што, каханы, я паеду да пана абедаць, а ты садзіся вярхом на каня і колькі лесу абʼедзеш на кані, пакуль я паабедаю, увесь той лес дарую табе, бо ты добры слуга.

Падзякаваў Кірыла князю, узяў самага лепшага каня, сеў і паехаў. Каб князь бачыў, колькі ён абʼедзе, узяў ён з сабою шаблю і рабіў ёю на хвоях лысінкі.

Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу абʼехаў, аж за галаву ўзяўся.

– От што, каханы, – кажа князь, – цяпер ты палезь на дуб ды паглядзі адтуль, як многа ў цябе лесу.

Кірыла палез на самы верх. Зняў князь з плеч стрэльбу.

– Ну, мой каханы, закукуй цяпер, як зязюлька.

Кірыла закукаваў.

– Бух! – стрэліў князь.

І скінуўся на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою. Пад тым дубам яго і пахавалі. Месца тое і стала звацца Кірылавай магілаю.

І цяпер яшчэ ў тым лесе відаць на хвоях лысіны. Заплылі яны смалою, і завуць іх Кірылавымі знакамі. Расказвалі людзі, што ў поўнач каля магілы нехта плакаў, праклінаў панскую несправядлівасць...

Страшна было тут уночы.

 

 

III

 

Многа расказаў чуў Міхась пра чарцей. Знаў ён, што пʼяных часта водзяць па лесе чэрці. Знаў, што ад іх можна адхрысціцца, і яму было і страшна і весела.

І вось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес:

– Чэрці, трасца вашай галаве, сюды ідзіце!

Рэха панеслася па дарозе, пайшло па круглым балоце да Белых Крыніц і сціхла каля Кірылавай магілы. Міхась стаяў і слухаў, як яно гуло. І зноў усё стала ціха.

Блішчасты месяц, як кружок залаты, стаяў ужо высака над лесам. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. У Белых Крыніцах нудна пераклікаліся совы. Далёка-далёка, як з-пад зямлі, даносіўся сабачы брэх. І чуе Міхась: нешта загрукатала па дарозе. Прыслухаўся... Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэнні і рыпелі.

Міхась пасмялеў. Гук і рып калёс зусім ужо блізка. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. У шапку ўваткнуў дзве палачкі заміж рожак і прытуліўся пад хвояй. Іван спаў як забіты.

Падʼехаў воз. На возе ляжалі мяхі з мукой, а на мяхах сядзеў селянін. Гэта быў Пятрусь Гвозд, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры восі. Пятрусь вяртаўся з млына; сядзеў ён на возе без шапкі і маліўся Богу, едучы цераз гэтае страшнае месца.

 

 

IV

 

– Стой! – крыкнуў Міхась, выскачыўшы з-пад хвоі, і схапіў каня за аброць.

Пятрусь так і абамлеў.

«Дык вось ён які чорт! – падумаў Пятрусь. – Што ж тут рабіць?»

«Чорт» стаяў і не даваў дарогі.

Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць.

– Уцякай з дарогі, бо канём раздушу!

– Як? Ты мяне з дарогі гоніш?

– Уцякай, кажу, а то яшчэ і нюхаўку пабʼю!

– Ты мне?! Ды ты ведаеш, хто я?

– Ну, хто ж ты?

– Ага! Хто я? Папрабуй выцяць...

Пятрусь падняў пугу, але не асмеліўся выцяць «чорта».

– Ну, годзе! Пайшоў з дарогі!

– Не, не пайду!

– Чаго ты прывязаўся, як смала? Згінь, прападзі, нячыстая сіла! Уцякай, хрысціць буду!

– Ну, перахрысці!

Зноў Петруся страх узяў. А што, як крыж не паможа? Тады што?

Пакуль яны крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. У сварцы Пятрусь зусім не бачыў, што конь яго завярнуўся.

А Міхась як падскочыць да Петруся ды як запішчыць! Ды так моцна, што аж Іван падняў галаву. А конь шчыпаў траву каля Івана. Як заварушыўся Іван – конь спудзіўся і паскакаў назад у млын.

– Га-га-га-га!.. – зарагатаў Міхась (ён чуў, што чорт рагоча, падмануўшы чалавека).

Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца! Але як ён дзівіўся, калі зноў прыехаў у млын.

А назаўтра Пятрусь Гвозд усім, як у звон, званіў, што бачыў чорта каля Кірылавай магілы.

 

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5