Ідуць гады сталёвым штыхам,
Гады змагання, перамог;
Стаіўся вораг і прылёг,
На край Саветаў чмыша ліхам...
Паціху, злоснікі, паціху:
Ці пераступіце парог?
Трашчаць усюды вашы гмахі,
Праела моль стары каптан.
Вам не падняць гнілых сутан,
І не ўратуюць вас ні плахі,
Ні вашы цёмныя замахі,
Ні служак здрадніцкі падман.
Ўстае, расце, мацнее хваля,
Шырэй, дужэй яе разгон,
Імя тэй хвалі — легіён.
Зальюцца ў грозным перавале
Свой час аджыўшыя скрыжалі,
Бо новы пішацца закон...
Ідуць гады напорным крокам,
Гады змагання, перамог,
Ідуць мільёнамі дарог...
Сябры! Сачыце пільным зрокам
Жаданы край яшчэ далёка,
А вораг сілы ўсе напрог.
31/Х 1928