Як хвалі шырокага мора,
Плывуць нашай славы гады,
І сонца ў іх ззяе, і зоры,
І далечаў новых прасторы,
І сілы разгон малады.
Хто спыніць раскутыя сілы?
Хто праўды патушыць агні?
Скірован наш лёт быстракрылы
Ад цемры, ад ночы магілы
У ясныя далі і дні.
Савецкі наш край! Ты праз громы
Прайшоў, не панік галавой.
Як волат, яшчэ невядомы,
Над светам, не знаючы ўтомы,
Паўстаў ты гранітнай скалой.
Стаіш, непадкупны і смелы,
На варце законаў людскіх,
Каб праўда, як сонца, гарэла –
За шчасце, за правае дзела
Народаў бяспраўных, малых.
Твой голас ніхто не заглушыць:
Ні зграі прадажных пісак,
Ні лордаў двурушныя душы...
Не! Сонца асліныя вушы
Сабой не заслоняць ніяк!
Мы Леніна праўдаю дужы,
Мы Сталіна воляй цвярды,
Народам і міру мы служым,
Пранёсшы праз буры і сцюжы
Наш сцяг баявы, малады,
Красуйся ж ты вечныя годы,
Наш край, малады багатыр!
Чэсць, слава савецкім народам,
Іх творчым узлётам, паходам!
Хвала табе, наш правадыр!
[да 6 лістапада 1947]
[1947]