Быў такі час ліхі
У забытай, галоднай краіне,
У краіне сахі,
Саламянай страхі,
Дзе век-векам жылі на мякіне.
Бязыменны быў край,
І народ свайго імя не ведаў.
Ветру песні пеў гай,
Ды хадзіў смутны бай
Старасвецкі ад прадзедаў-дзедаў.
Лад тут ладзіў бізун,
Ды свістала па спіне нагайка.
На імшарах — багун,
На Палессі — каўтун.
Вось і слынь наша ўся, наша байка.
Бо хто ж ведаў, скажы,
Аб забытым народзе і краі?
Цемра зману, ілжы
Тут стаўляла крыжы,
Як слупы па дарозе да раю.
І былі песняры
І складальнікі розных гісторый;
На шурпатай кары
Клалі знак ведзьмары
На людскую нядолю і гора.
Часы йшлі ды плылі,
Абдзіралі народ ліхадзеі.
Так вякамі жылі
На «тутэйшай» зямлі
Без прасветліны і без надзеі.
*
Прайшлі гады
Нуды, бяды,
Нястачы,
Плачу
І жуды.
У бурны год
Паўстаў народ,
Пайшоў на звод
Пан-абармот.
Разгарнуўся
Голы, босы,
Край ачнуўся
Безгалосы.
У вясёлках,
У блісканні
Заірдзела
Ўвосень ранне.
У агністых,
Палкіх словах —
Прамяністасць
Далей новых.
У бунтарскай
Завірусе
Быў ратунак
Беларусі.
Край выйшаў з цёмных нетраў
У подых віхуры,—
Ачысціла паветра
Кастрычніцкая бура.
*
Змоўкнуў звон хаўтурны
На старых капліцах.
Забурлілі бурна
Новыя крыніцы.
Загулі заводы,
Трактары ў калгасах
Гімны пра паходы
Рабочага класа.
Зарунелі гоні
Сталінскім засевам,
І спявае сёння
Край наш іншым спевам.
А ў Маскве чырвонай
Падрахункі, чыткі:
Беларусь гамоніць
Пра свае здабыткі.
Ды гамоніць стала
З волі дыктатуры.
Пройдзена ж нямала
Па шляху культуры!
*
Былі пуціны розныя,
Блуканні без пуцін,
Пуціны ў часы грозныя
Схадзіліся, бы ў клін.
Шырокія і вузкія —
Крывы быў іх разлог:
Краіна ж беларуская —
Пярэсмыкі дарог.
З іх два найболей бітыя,
Вядомыя шляхі.
Другія — ўсе размытыя,
Палын і лапухі.
Адна старая, цёмная
Дарога абдзірал —
На захадзе, за Нёманам,
Лютуе капітал.
Другая — шыр бязмежная
На ўсход, у новы свет,
Бурлівая, мяцежная,
Як волатаўскі след.
Сагнана цьма халодная,
І шыр усім відна.
Жыві ж, пуціна ўсходняя:
Ты наша, ты адна!
1931